Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.84K subscribers
22.7K photos
477 videos
88 files
20K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
На палітзняволеную журналістку Белсата Дар’ю Чульцову працягваюць ціснуць у калоніі

Дар’я ў зняволенні ўжо 1,5 года. Да яе вызвалення засталося 4 месяцы, але родныя ўпэўнены – для яе гэты час будзе самым складаным, бо апошнямі тыднямі ціск на Дарью павялічыўся: зараз ёй увогуле не перадаюць лісты.

Нагадаем, 15 лістапада 2020 года Чульцову затрымалі разам з журналісткай Кацярынай Андрэевай пасля стрыму з «Плошчы Перамен» і асудзілі па арт. 342 КК да двух гадоў калоніі за «арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

💌Падтрымаць Дар'ю:
- ПК №4, 246035, Гомель, Антошкіна,3. Чульцовай Дар’і Дзмітрыеўне
🆘 Дапамога сям'і палітзняволенага

📍Іван Пацяйчук — фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Брэсце за падзеі 9 і 10 жніўня 2020 (ч. 2 арт. 293 КК). Пацярпелымі па справе былі прызнаныя 19 сілавікоў. 12 ліпеня Івана асудзілі да 3 гадоў выхаваўчай калоніі. Яго ўзялі пад варту ў зале суда. Тэрмін Іван адбывае ў бабруйскай выхаваўчай калоніі. Яго маці адна выхоўвае яшчэ двух непаўнагадовых сыноў. За час зняволення ў хлопца памёр дзядуля, а ў бабулі здарыўся інфаркт.

❗️Маці палітвязня звярнулася па дапамогу:

«Перадачы сыну магу сабраць толькі з дапамогай людзей, бо гэта вельмі дорага.

Я шчыра, схіляючыся ніцма землі, ад сябе асабіста і ад імя маіх дзяцей, дзякую за спагадлівасць усім тым, хто можа мне дапамагчы, з чыёй дапамогай я змагу прыехаць да Вані на сустрэчу не з пустымі рукамі. 30 траўня спатканне падпісалі на мяне і сярэдняга сына, а я яшчэ зусім не гатова. Удзячная ўсім, хто дапаможа маім дзецям і маральна, і матэрыяльна».


💵 Падтрымайце фінансава сям'ю Івана
Напярэдадні 9 траўня ў Беларусі масава затрымлівалі за татуіроўкі з нацысцкай сімволікай

Вядома пра як мінімум 12 затрыманых за такія татуіроўкі.

З кожным з іх ГУБАЗіК запісаў «пакаяльныя» відэа, на якіх напаўголых мужчын прымусілі паказваць татуіроўкі. Усе затрыманыя — розных узростаў, з розных гарадоў. Іх прозвішчы на відэа не прагучалі.

Хроніка палітычнага пераследу 👉 bit.ly/3yrIXid

🔹Аператыўна паведаміць пра затрыманне, вобшук, выклік «на гутарку» можна ў нашым тэлеграм-боце 👉 @viasna_bot

🔹Паведаміць пра затрыманне і атрымаць бясплатнае юрыдычнае кансультаванне 👉 @ViasnaSOS, @SosViasna
1,5 гады «хатняй хіміі» — за каментар у сацсетках

4 траўня ў судзе Жодзіна і Жодзінскага раёна Дзмітрыя Коктыша прызналі вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады). Суддзя Іван Грынкевіч вынес мужчыне вырак: 1,5 гады «хатняй хіміі». Менавіта такое пакаранне для абвінавачанага запрасіў дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік пракурора горада Жодзіна Дзмітрый Мікалаевіч Ярашэвіч.

Паводле версіі абвінавачання, 17 ліпеня 2020 года Дзмітрый размясціў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» каментар, які зняважыў двух міліцыянтаў Пружанскага РАУС – участковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі маёра міліцыі Каляду і участковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі старшага лейтэнанта Таразевіча. Ён здзейсніў гэта, размясціўшы публічны каментар абразлівага характара пад чужым пастом, у якім гаварылася, што яны збілі грамадзян. Пацярпелыя ў суд не з’явіліся, падалі заявы аб разглядзе справы без іх удзелу. Суд палічыў гэта магчымым.

Коктыш быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 16 сакавіка 2022 году. Два дні правёў у СІЗА, потым знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Пацярпелыя па крымінальнай справе заявілі ў хадзе разгляду крымінальнай справы патрабаванні аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў на кожнага — Коктыш гэта кампенсаваў.
«Кожны дзень за кратамі палітвязняў — гэта барацьба з дэпрэсіяй і песімізмам», — былы вязень «Валадаркі»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 28 красавіка па «народным» артыкуле 342 КК да двух гадоў «хіміі» асудзілі 48-гадовага заслаўчаніна Віталя Казлоўскага. Суддзя Анастасія Ачалава вынесла яму такі прысуд за ўдзел у нядзельным «Маршы міра і незалежнасці» 30 жніўня 2020 года.

Віталь распавёў пра сумнавядомы карцар для «палітычных» на Акрэсціна, пра настроі палітвязняў на «Валадарцы», як вязні ўспрынялі навіну пра пачатак вайны і пра тое, што яго падтрымлівала за кратамі.

📍«Спалі як цюлені: падкладвалі пластыкавую бутлю пад галаву, а шлёпкі – пад ныркі, каб не застудзіць»;
📍«У няволі мяне вельмі моцна падтрымлівала ўсведамленне, дзеля каго і чаго мы рабілі пратэсты ў 20-м годзе, і канешне людзі»;
📍«Сёння палітвязні рэальна ацэньваюць абстаноўку ў краіне і амаль не спадзяюцца на хуткае вызваленне і рэабілітацыю, хоць і пакідаюць у думках надзею на ўсім вядомае і доўгачаканае цуда».

👀Чытаць па спасылцы
ГУБАЗіК затрымаў мінчука за сторыс у Instagram, у якім ён раскрытыкаваў святочны салют 9 траўня і на яго фоне крычаў «Слава Украіне» і «Пуцін *****»

Як паведамляе ведамства, сілавікі затрымалі хлопца, які «абразіў у сетцы Інстаграм Вялікае свята Перамогі». З ім запісалі пакаяннае відэа. Пост аб яго затрыманні суправадзілі хэштэгам #оскорбилсвятое, піша @vybory_smotri
Генадзя Фядыніча перавялі ў СІЗА на Валадарскага

У Генадзя праблемы са здароўем — з-за стрэсу ўзровень цукру ў крыві амаль не збіваецца інсулінам.

Нагадаем, лідэр Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) быў затрыманы 19 красавіка падчас масавага «хапуна» ў прадстаўнікоў незалежных прафсаюзах.

Да гэтага часу невядомы артыкул, які яму інкрымінаваны.
📸Фотафакт: палітзняволеная Алена Дзядзюля пасля вызвалення з гомельскай папраўчай калоніі.
Палітзняволеная Алена Гнаўк ужо дзесяць дзён трымае галадоўку за кратамі.

Пенсіянерка патрабуе каб лісты, якія яна напісала, дахадзілі адрасатам.

У жанчыны ўзнікаюць праблемы са здароўем.

Нагадаем, што на 65-гадовую жанчыну завялі ўжо тры крымінальныя справы. Па 2 з іх яе асудзілі на 3 гады хатняй «хіміі». Але Алена працягнула актыўную дзейнасць. Улады завялі на Гнаўк крымінальную справу за «дыскрэдытацыю Беларусі» і «паклёп на Лукашэнку».

Крыніца: @belsat
Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
​​Сёння пачынаецца суд над экс-кіраўніком «Аховы птушак бацькаўшчыны» Віктарам Фенчуком Палітзняволенага Віктара Фенчука абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Згодна з матэрыяламі справы, «Фянчук…
❗️Экс-кіраўніку «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктару Фенчуку запрасілі 2,5 гады пазбаўлення волі

Стала вядома, што ўчора ў судзе Маскоўскага раёна Мінска бок дзяржабвінавачання запрасіў для Фенчука пакаранне — два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Па словах пракурора, «такія паводзіны чалавека, які прадстаўляе Беларусь на міжнароднай арэне, проста недапушчальныя». Да матэрыялаў справы былі далучаныя фотаздымкі з маршаў. Таксама вядома, што ў Віктара канфіскаваны кубачак з надпісам «для чаю з малінавым варэннем».

Дзяржабвінаваўца просіць спагнаць з Фенчука 196 тысяч рублёў на карысць «Мінсктранса».
❗️Перад развітаннем са Станіславам Шушкевічам затрымлівалі Ніну Багінскую

Стала вядома, што ў суботу — 7 траўня — каля 9 раніцы перад домам была затрыманая Ніна Багінская. У той дзень у архікафедральным саборы праходзіла развітанне з першым кіраўніком незалежнай Беларусі Станіславам Шушкевічам.

Жанчыну пратрымалі ў міліцыі да 16 гадзін, а пасля адпусцілі без пратаколу.
​​21 траўня — Дзень палітвязня ў Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!

Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвяшчае 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры невысветленных абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак

Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.

⁉️Што можна зрабіць?

▪️Арганізуй ці далучыся да акцыі салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і ў памяць пра Вітольда Ашурка (паведамі пра акцыю нам у тэлеграме @Spring96info, каб мы пазней унеслі яе ў агульную афішу);
▪️Прычапі да аддзення «жоўтую бірку экстрэміста» ў знак салідарнасці з палітвязнямі (прамавугольнік жоўтага колеру памерам 4 на 10 см);
▪️Распавядзі ў сацсетках гісторыю аднаго ці некалькіх палітвязняў з хэштэгам #МойСябраПалітвязень;
▪️Напішы адкрыты ліст-пост палітзняволенаму з хэштэгам #свабодупалітвязням;
▪️Запалі ўвечары 21 траўня ў сябе дома ці ў іншым месцы свечку памяці палітзняволенаму Вітольду Ашурку;
▪️Дашлі палітвязню ліст салідарнасці (гэта можна зрабіць анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці, а абраць палітвязня можна з дапамогай рандамайзера)
▪️Падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай;
▪️Прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне з патрабаваннем вызваліць палітзняволеных (можаш прапанаваць сваю ідэю нам у тэлеграме @Spring96info).

Свабоду палітвязням!
Прызначаная дата суда над палітвязнем Уладзімірам Гундарам

Разгляд справы пачнецца 18 траўня, аднак, будзе весціся дыстанцыйна, то бок абвінавачанага ў залю не павязуць. Ці будзе працэс адкрытым і ці дапусцяць у так званы суд людзей, пакуль невядома.

Раней Гундара вінавацілі ў тэрарызме, але пазней гэтае абвінавачанне знялі. Цяпер краязнаўцу з Баранавічаў вінавацяць паводле ч. 1 арт. 285 (стварэнне злачыннай арганізацыі) і ч. 2 арт. 357 (замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам) КК РБ.

Нагадаем, што першы вырак у 3 гады калоніі яму прысудзілі за нібыта «гвалт у дачыненні да службовай асобы» 20 траўня 2021 года.

Хроніка палітычнага пераследу 👉 bit.ly/3N37Y7x
📍Палітвязень Ягор Сугойдзь, якога 9 жніўня каля Стэлы збіў аўтазак, выйшаў на волю

Ягор Сугойдзь — мужчына, якога 9 жніўня ў раёне Стэлы меркавана збіў аўтазак. Пасля інцыдэнту ён быў збіты АМАПам і трапіў ў больніцу. Медыкі канстатавалі пералом шасці рэбраў з правага боку з пашкоджаннем лёгкага, закрытую чэрапна-мазгавую траўму, расколіну барабаннай перапонкі.

19 сакавіка 2021 года Сугойдзю прысудзілі 2 гады калоніі за тое, што 9 жніўня ён «удзельнічаў у незаконных масавых мерапрыемствах, прымаў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак: выйшаў на праезную частку, заскочыў на машыну, выкрыкваў лозунгі». Тэрмін Сугойдзь адбываў у папраўчай калоніі №15. 30 красавіка Ягор выйшаў на волю.
«Укантакце» заблакаваў старонку Еўрарадыё для карыстальнікаў з Расіі.

Нагодай стала рашэнне Генпракуратуры РФ аб блакіроўцы @euroradio. Для карыстальнікаў з іншых краін суполка дагэтуль дасяжная.

Таксама «Укантакце» абмежаваў на тэрыторыі Расіі доступ да суполкі «ВотТак».
📸 Фотаархіў старшыні "Вясны"

Праваабаронца Алесь Бяляцкі і блогер з Брэста Сяргей Пятрухін падчас мірнай акцыі "Кармленне галубоў", 9 красавіка 2019 года.

Цяпер абодва — палітзняволеныя, Сяргей Пятрухін асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі. 10 траўня Сяргею Пятрухіну споўніўся 51 год!

💌 Падтрымаць паштоўкамі і лістамі салідарнасці:
— СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2
Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу

— ПК №3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба
Пятрухіну Сяргею Сяргеевічу
😳«Выказалі здагадку, што ён проста перагрыз сабе вену». Наталля Дуліна распавяла падрабязнасці затрымання

Былая дацэнтка кафедры італьянскай мовы ў МДЛУ Наталля Дуліна падзялілася ў фэйсбуку аповедам пра сваё затрыманне. Яе затрымалі дома 25 красавіка каля 11:30. У кватэру да яе ўвайшлі два супрацоўнікі ў цывільным і пацікаваліся, ці будзе ў каго даглядзець катоў Наталлі. Ёй дазволілі сабраць рэчы, але адразу выняў яе тэлефон. У Ленінскім РУУСе ў жанчыны пыталі пра «План Перамога» і нават пра тое, ці пісала яна нешта ў «Чорную кнігу Беларусі». Яна спрабавала растлумачыць участковаму, што быць падпісанай на «экстрэмісцкія» каналы — не правапарушэнне. На што ён адказаў: «Вы памыляецеся, я пазней вам гэта дакажу».

У выніку, праткол ва ўпраўленні на Дуліну склалі за «захоўванне інфармаццыйнай прадукцыі канала на YouTube з назвай "Радыё Свабода"». Пратакол міліцыянт складаў пратакол па скрыншотах, на аднім з якіх была старонка канала з надпісам: «Вы падпісаны на канал "Радыё Свабода"»

На наступны дзень у судзе Ленінскага раёна Мінска суд прызначыў Наталлі 15 сутак арышту. Да раніцы 26 красавіка яе ўтрымлівалі ў камеры РУУСа:

«Я сядзела, ляжала, засынала, прачыналася. Нарэшце, мяне выклікалі і вывелі з камеры… Я ніяк не магла зразумець, колькі прайшло часу. Спыталася ў міліцыянта. «Дваццаць хвілін шостага». Вечары ці раніцы? Пасаромелася ўдакладніць. Потым даведалася: гэта была раніца 26-га. Як жа гэта я страціла арыентацыю ў часе? Можа, з-за таго, што ў мяне забралі акуляры, і пачувалася разгубленай і бездапаможнай?»

На Акрэсціна яе везлі ў бусе з мажчынамі, якіх затрымалівалі не па «палітычных артыкулах». Наталля распавяла, як адзін з затрыманых спрабаваў парэзаць сабе вены:

«У дарозе адзін з затрыманых папрасіўся ў туалет. Мы стаялі ў брамы на Акрэсціна. Супрацоўнік сказаў яму пацярпець. «Не магу я, я хворы: прастатыт, больш не магу трываць». Мы дружна сталі прасіць, каб яму далі дзе-небудзь «адліць». Супрацоўнік пабег за бутэлькай з-пад вады, каб той аблегчыўся.
Увогуле, усё адбылося. Ён сеў у бус, і мы сталі чакаць, калі адчыняць браму. Чамусьці на Акрэсціна заўсёды прымушаюць чакаць. І тут гэты мужык з прастатытам заяўляе: «я ўскрыўся».

Прысутныя ў бусе выказалі здагадку, што ён проста перагрыз сабе вену, бо ў яго нічога з сабой не было. Супрацоўнік пабег за аптэчкай. Дзіўна, ніякай лаянкі, мата, пагроз. Увогуле гэтыя супрацоўнікі РУУСа паводзілі сябе, на здзіўленне, спакойна, вывелі пакурыць, нават пачаставалі іх цыгарэтамі. Фантастыка нейкая».
Удзельніцу акцыі пратэсту паўгода трымалі ў СІЗА і асудзілі на два з паловай гады «хіміі»

Суд Маскоўскага раёна Мінска абвясціў вырак па крымінальнай справе Анастасіі Пацехінай. 23-х гадовую дзяўчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Па матэрыялах абвінавачання, Пацехіна на адной з паслявыбарчых акцый пратэсту, «разам з іншымі неўстаноўленымі асобамі, груба парушала грамадскі парадак, выходзіла на праездную частку вуліц, чым замінала працы грамадскага транспарту, на законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі не рэагавала».

Прысуд вынес суддзя Сяргей Кацэр.

Чытаць па спасылцы
Спорт, рэжым і бабуліны «шкарпэтоны». Як жыве Андрэй Чапюк на Валадарцы?

Андрэй Чапюк — палітзняволены валанцёр «Вясны». Яго затрымалі 2 кастрычніка 2020 года — з тых часоў хлопец знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага, а нядаўна над ім распачаўся суд. На пачатку лютага 2021 г. у СІЗА-1 трапіў і праваабаронца Алег Граблеўскі. Ён правёў там амаль паўгода, і большую частку — у адной камеры з Чапюком.

Як жыве Андрэй на Валадарцы? Успамінамі пра гэта Алег Граблеўскі падзяліўся з «Вясной».

«У яго ўжо быў досвед, таму ён мной апекаваўся: вучыў розным рэчам карысным. Падыходзіў да мяне і ўсё пытаўся: можа, што трэба? можа, чаго не хапае?»

👀Чытаць па спасылцы

💌17 траўня Андрэй ужо ў другі раз сустрэне свой Дзень народзінаў у СІЗА. Падтрымаце яго лістамі і паштоўкамі салідарнасці:
- СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Андрэй Сяргеевіч Чапюк
💻Напісаць анлайн 👉 bit.ly/3jwJMLn
Незалежны прафсаюз «Гродна Азот» па заяве пракуратуры прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»

Адпаведнае рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд.

Як сцвярджае пракуратура, «дзейнасць названай пярвічнай арганізацыі супярэчыла патрабаванням заканадаўства і была спалучана з распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«Зараз спяю!»: у Слоніме суддзя папрасіў абвінавачанага выканаць гімн Беларусі, а той не разгубіўся і спеў

На лаве падсудных быў Яўген Іваноўскі. Мужчыну абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 370 «Здзек з дзяржаўных сімвалаў». Судовае пасяджэнне ўзначаліў Сяргей Манько.

Яўгена абвінавачвалі ў тым, што 18 чэрвеня мінулага года каля крамы «Каласок» у Слоніме ён схапіў і вырваў з мацавання сцяг Беларусі, пры гэтым частка дрэўка, на якім трымаўся сцяг, зламалася. У матэрыялах справы было паказана, што абломкі гэтага дрэўка мужчына «выкінуў у нявысветленым месцы», а сам сцяг паклаў сабе ў кішэнь.

Крадзеж сцяга абвінавачаны растлумачыў тым, што заўсёды хацеў мець яго ў сябе дома, каб вывешваць на фасадзе ў Дзень Незалежнасці, вось толькі грошай на яго не было.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3M67ehQ