Вясна / Правы чалавека ў Беларусі
9.85K subscribers
22.2K photos
473 videos
85 files
19.7K links
Тэлеграм-канал Праваабарончага цэнтру «Вясна». Актуальныя навіны ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

Пра затрыманні пісаць на @viasna_bot, для кансультацый - @ViasnaSOS.
Сувязь з інфармацыйнай службай: @Viasnainfo
Юрыдычная служба: @zvarot96
Download Telegram
‼️Білі дубінкамі, галавой аб аўтазак, ламалі рэбры: як збівалі затрыманых на антываенных акцыях у Мінску

Увечары 27 лютага каля Генштабу ў Мінску сабралася шмат людзей на антываеннай акцыі пратэсту супраць нападу Расеі на Украіну. Людзі скандавалі антываенныя лозунгі. У некаторы момант пратэстоўцы пачалі крычаць "Пуцін ху*ло". Менавіта гэта, на думку былога арыштанта, і стала прычынай жорсткіх затрыманняў. Сілавікі збівалі людзей дубінкамі, а потым зацягвалі іх у аўтазакі.

Мінчук распавёў "Вясне", як і за што сілавікі працягваюць збіваць і катаваць беларусаў, а таксама пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна.

«Яшчэ дзвух хлопцаў затрымалі за тое, што яны пачалі здымаць на тэлефон парушэнні на выбарчым участку. Назіральнікі адразу выклікалі міліцыянтаў. Аднаго з хлопцаў моцна збілі: яму зламалі адно рабро. З РУУСа яго адразу павезлі ў БХМД. 

Хвораму на эпілепсію мінчуку рассеклі брыво за тое, што ён граў на скрыпцы ў пераходзе «Перемен» Цоя і гімн Украіны».

Чытаць цалкам 👉https://bit.ly/3q2Zl3C
Два суды ў Мазыры, якія адбыліся ў адзін дзень, зрабілі закрытымі

Гаворка ідзе пра суды над Віталём Мелехам і над Аляксандрам Канашом.

Абодвум у віну ставяць два крымінальныя артыкулы: ч. 1 арт. 342 «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і арт. 364 «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў».

Нягледзячы на тое, што суды розныя, пацярпелымі ў абодвух выпадках прызнаныя адны і тыя ж супрацоўнікі МУС. Пры гэтым галоўным пацярпелым па абодвух справах праходзіць начальнік ДАІ Мазырскага РАУС Валянцін Піллер.

У спісе пацярпелых значацца і такія прозвішчы супрацоўнікаў МУС, як Ропат, Кядроў, Патоцкі, Галанчук, Падабед, Валынец, Фешчанка. Дарэчы, гэтыя ж супрацоўнікі МУС праходзілі пацярпелымі па справе мазырскіх футбольных заўзятараў Данііла Скіпальскага, Аляксандра Сузько, Паўла Дворака, Аляксандра Цімашэнкі і Кірыла Канапацкага.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉
bit.ly/36eOZXp
Віцебскага актывіста Уладзіміра Булаўскага не выпусцілі на волю пасля «сутак». Дома ў яго правялі ператрус

Віцебскага актывіста і культурмэнэджара Уладзіміра Булаўскага затрымалі ў асноўны дзень галасавання на рэферэндуме 27 лютага і арыштавалі на 15 сутак.

Сёння Уладзімір мусіў выйсці на волю, але дадому яго прывезлі пяць сілавікоў, правялі ператрус і зноў забралі актывіста з сабой. Невядома, у межах якой справы праводзіўся ператрус. Цяпер месцазнаходжанне і працэсуальны статус Булаўскага невядомыя.

Нагадаем, у канцы лістапада Уладзіміра ўжо адпраўлялі на «суткі» за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП. Тады яго арыштавалі на 7 сутак.

‼️UPD. Паведамляецца, што Уладзіміра ўсё ж такі адпусцілі позна ўвечары — ён сведка па крымінальнай справе
📍Прысуд палітзняволенай Вользе Класкоўскай пакінулі ў сіле. Яна чакае этап у гомельскую калонію

Брэсцкі абласны суд разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай Вольгі Класкоўскай на рашэнне суда Маскоўскага раёна Брэста. Прысуд пакінулі без зменаў.

Акрамя гэтага, маці Вольгі трапіла з ёй на спатканне, якое доўжылася адну гадзіну:

«Размова вялася за шклом па тэлефоне. Вольга трымаецца бадзёра, адпаведна выглядае і просіць за яе не хвалявацца, берагчы сваё здароўе. Таксама вельмі дзякуе за падтрымку ўсіх неабыякавых да лёсу палітвязняў людзей. Адзначыла, што цеплыя словы падтрымкі адтрымала таксама ад Наталлі Хершэ, лёс якіх звёў у гомельскай калоніі №4. Вольга адзначыла, што вельмі цешыцца, што гэтая мужная, стойкая і цудоўная жанчына зараз на волі».

Цяпер Вольга чакае этап у жаночую калонію №4.

Нагадаем, год таму Вольгу асудзілі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, а а ў студзені 2022 — за каментар у адрас брэсцкага міліцыянта. За «абразу прадстаўніка ўлады» Вользе прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі». Шляхам складання тэрмінаў Класкоўскай прызначылі 2 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму.

💌Падтрымайце Вольгу: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Вользе Аляксандраўне Класкоўскай
Сёння адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з паліцэйскай жорсткасцю

Упершыню гэты дзень адзначаўся ў 1997 годзе па ініцыятыве «Калектыва процідзеяння паліцэйскай жорсткасці» ў Манрэалі і групы «Чорны сцяг» у Швейцарыі.

Праваабарончым цэнтрам «Вясна» задакументавана больш за 2000 сведчанняў ахвяр катаванняў сілавікоў пасля выбараў. Праведзены праваабаронцамі аналіз дазваляе сцвярджаць пра тое, што катаванні насілі масавы, сістэмны характар і з'яўляліся арганізаванай, палітычна матываванай карнай акцыяй уладаў па запалохванні беларускага грамадства.

❗️У гэты ж час, уладамі не было заведзена ніводнай крымінальнай справы па фактах катаванняў з боку сілавікоў.

🔹Калі вам адмовілі ў завядзенні крымінальнай справы па факце катаванняў — дашліце копію пастановы праваабаронцам. Кожная адмова можа зрабіцца доказам здзяйснення злачынства. Дапамажыце нам сабраць гэтыя доказы!
❗️«Завялі нас у душ і залілі газам, білі». Як адбывалі «суткі» затрыманыя на антываенных акцыях

📍«Крычалі на нас рознае. У тым ліку і „Дзе вы былі восем гадоў, калі нашых людзей забівалі на Данбасе?“»;

📍«У камеры на чатырох нас было 16 чалавек. Камера была 12 квадратных мэтраў. Значыць, на чалавека не было і мэтра. Натуральна, ані перадач, ані падушак, бялізны, матрацаў. Не было нават туалетнай паперы. Ваду пілі з-пад крана»;

📍«Яны святкавалі [Дзень міліцыі — заўв.] так: сярод ночы выцягвалі людзей з камер — тых, якія ці абураліся раней, ці скардзіліся, ці проста ім не падабаліся, адводзілі ў душ і білі там»;

📍«Канвойныя былі ў балаклавах. Калі ім нехта не падабаўся, выводзілі ноччу і білі. Ім не падабаліся тыя, хто абураўся, не падабаліся тыя, хто меў пафарбаваныя валасы ці быў спартоўцам, ці выхаваным чалавекам»;

📍«Неяк нас павялі ў душ — 60 чалавек на 4 кабінкі, з кавалачкам мыла. Мы там таўкліся, аж канвойны адчыніў душ і заліў нас газам».

🔹Распавесці сваю гісторыю «Вясне» — @spring96info
Мінчука асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за паслявыбарныя падзеі

4 сакавіка да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Мінску асудзілі Максіма Савіча.

3 лістапада мінулага году яго затрымалі дома перад выхадам на працу і змясцілі пад варту.

Справу супраць Максіма па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) разглядала суддзя суда Савецкага раёна Мінска Марына Фёдарава.
Палітвязню Паўлу Адамавічу прысудзілі тры гады «хатняй хіміі»

Праваабаронцам стала вядома пра вынікі судовага пасяджэння па справе Паўла Адамавіча, якое прайшло 11 сакавіка ў судзе Заводскага раёна Мінска.

Падрабязнасцей з залы суда няма, але вядома, што Паўла затрымалі 6 снежня мінулага года ў межах адміністрацыйнай справы. Пасля адбыцця 15 сутак на волю ён так і не выйшаў, а 21 снежня 37-гадавога мужчыну перазатрымалі ўжо па ч. 1 арт. 342 КК РБ «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Пасля гэтага Паўла Адамовіча перавялі ў СІЗА-1.

11 сакавіка суддзя Дзмітрый Астапенка прызнаў Адамовіча вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч. 1 арт. 342 і прысудзіў яму 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанаву адкрытага тыпу.
❗️Палітзняволеным рэдактарам «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко прысудзілі па два з паловай гады калоніі

Нагадаем, палітвязням інкрымінавалі «нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб па папярэдняй змове, у буйным памеры» (ч. 2 арт. 216 КК) — маўляў, яны аплочвалі камунальныя паслугі для рэдакцыі адпаведна тарыфам не для юрыдычных асобаў, а для фізічных.

Прысуд вынесла суддзя Анжэла Касцюкевіч.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉
bit.ly/3tZMBff
❗️Дзвюх вучаніц гомельскага каледжа прымусілі запісаць «пакаяльныя відэа» з-за TikTok-ролікаў з ваеннай тэхнікай

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльныя відэа» з дзвюма, верагодна, непаўнагадовымі вучаніцамі гомельскага каледжа кулінарыі. На іх дзяўчыны просяць прабачэння за тое, што выклалі ў TikTok відэа з перасоўваннем ваеннай тэхнікі і абяцаюць больш так не рабіць.

🔹Аператыўна паведаміць пра затрыманне, вобшук, выклік «на гутарку» можна ў нашым тэлеграм-боце 👉 @viasna_bot

🔹Паведаміць пра затрыманне і атрымаць бясплатнае юрыдычнае кансультаванне 👉
@ViasnaSOS, @SosViasna
Палітвязню прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту

15 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Мінска да трох гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі 28-гадовага палітзняволенага Сяргея Шаўчэнку.

Сяргея затрымалі 10 лістапада, а сёння пасля чатырох месяцаў зняволення ў СІЗА-1 вызвалілі ў залі суда.

Суддзя Людміла Целіца асудзіла палітвязня па ч. 1 арт. 342 КК.
За ўдзел у акцыях пратэсту жыхарку Мінска пакаралі «хатняй хіміі»

У судзе Савецкага раёна Мінска вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенай Ірыны Радзьковай. Жанчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).

Ірыну затрымалі 11 лістапада 2021 года і да суда змясцілі ў СІЗА №1 Мінска

Справу разглядаў суддзя Сяргей Шаціла.
Берасцейцу прысудзілі два гады калоніі за тое, што ў жніўні 2020-га ён жадаў «вельмі дрэннага здароўя» Лукашэнку і заклікаў разбірацца з міліцыянтамі

Брэсцкі абласны суд разглядзеў справу Яўгена Трушко, якога абвінавачвалі адразу па двух артыкулах за каментары ў тэлеграм-канале: ч. 1 арт. 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні».

Гаворка ідзе пра наступныя каментары:

📍«Пусть Пинск вам будет примером. Е…ашьте толпой, ОМОН - не люди, ОМОН - зверьё, которое может е…ашить 1 человека впятером: детей, женщин. Берите арматуру, биты и толпой е…ашьте стадо, безмозглое, су…а, стадо».

📍«Ребят… у меня дикое желание их вырезать. Мне нужна форма ОМОНа и дубинка. Я буду среди них в толпе. Из-за спины можно наворотить дел. Давайте с животными поступать как животные».

📍«Уе…ан, слег бы, как и твои собратья, в реанимацию».

Суддзя Валянціна Куніцкая прысудзіла Трушко 2 гады калоніі агульнага рэжыму.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3q3fOVp
20-гадовую студэнтку гістфака асудзілі да трох гадоў «хіміі»

Палітзняволенай студэнтцы гістфака БДУ Анастасіі Вайтовіч прысудзілі тры гады абмежавання волі з накіраваннем ў ПУАТ — «хіміі». Суддзя Анастасія Ачалава прызнала дзяўчыну вінаватай паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса. Справу разгледзелі ў судзе Ленінскага раёна Мінска.

Вядома, што 20-гадовую дзяўчыну вінавацілі ва ўдзеле ў «счэпцы» на адной з акцый пратэсту 2020 года. У СІЗА да суда яна правяла амаль чатыры месяцы.
Сем гадоў калоніі за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм каналам

У Мінскім гарадскім судзе 15 сакавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе аб распальванні іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы, незаконных дзеяннях і распаўсюджванні звестак аб прыватным жыцці у дачыненні да жыхара сталіцы, палітычнага зняволенага Вячаслава Кандыбы.

Па версіі следства Кандыба ажыццяўляў перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў апазіцыйнаму телеграм-каналу.

Суддзя Алена Ананіч прысудзіла абвінавачанаму 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з пазбаўленнем спецыяльнага звання «падпалкоўнік юстыцыі» запасу.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3u1xYbk
❤️Палітзняволеная беларуска Яна Пінчук, якая знаходзіцца ў СІЗА Пецярбурга, выйшла замуж

Пра гэта адвакат дзяўчыны паведаміла BBC. Рэгістрацыя шлюбу ў СІЗА заняла некалькі хвілін.

«Пакуль супрацоўнік ЗАГСа рыхтаваў дакументы, у нас быў час паразмаўляць, пасля чаго ў нас спыталі ці згодныя мы стаць мужам і жонкай, і вядома ў нас не было ніякіх сумневаў. Яне паставілі пячатку ў пашпарт. Мой пашпарт быў на КПП, мне пячатку паставілі пазней. Мы абмяняліся пярсцёнкамі, пацалаваліся, я забраў пярсцёнак Яны і мяне павялі», – распавёў муж дзяўчыны Мікіта Сафронаў.

Яна — 24-гадовая грамадзянка Беларусі. 1 лістапада 2021 года яе затрымалі ў Санкт-Пецярбургу на запыт беларускіх уладаў. Дзяўчыну абвінавачваюць у «распальванні варожасці да супрацоўнікаў міліцыі» і «кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем».

💌Павіншаваць Яну:
- 195009, Санкт-Петербург, ул. Арсенальная, д. 11, ФКУ СИЗО—5 УФСИН по г. Санкт-Петербургу и Ленинградской области, Пинчук Яне Витальевне, 1997 г. р.
#WeStandBYyou: Новыя «хросныя» для беларускіх палітвязняў

Да кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou, арганізаванай швейцарска-нямецкай праваабарончай арганізацыяй Libereco, далучыліся новыя дэпутаты парламентаў краінаў ЕС.

Cімвалічныя «хросныя» з’явіліся ў Максіма Шатохіна, Дзмітрыя Наважылава, Алега Груздзіловіча, Уладзіміра Мацкевіча, Аляксандра Аграйцовіча, Юліі Сырых, Сафіі Малашэвіч, Марыі Успенскай, Андрэя Кузнечыка і Людмілы Волкавай.

Хто стаў «хроснымі» палітычных зняволеных (з Беларусі — праз VPN) 👉
bit.ly/3IkXKwE
Яшчэ адзін жорсткі прысуд: айцішніка Падрэза асудзілі за зліў дадзеных пра сілавікоў

Судовая калегія па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда 15 сакавіка вынесла прысуд пра справе палітвязня і IT-спецыяліста Дзмітрыя Падрэза. Мужчына быў затрыманы за перадачу дадзеных прадстаўнікоў сілавых ведамстваў тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».

Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы), арт.364 (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і арт. 365 (Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Суддзя Сяргей Хрыпач прысудзіў абвінавачанаму 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама мужчына павінен выплаціць на карысць траіх пацярпелых, прозвішчы якіх пакуль невядомыя, 11 000 рублёў.

Падрабязнасці (з Беларусі — праз VPN) 👉 bit.ly/3Jg1LDI
❗️У Беларусі +9 новых палітвязняў

Гэта Аляксандр Антанюк, Васіль Цяленчанка, Дзіяна Верашчагіна, Анастасія Кухта, Маргарыта Блашко, Антон Кошчанка, Вольга Томіна, Вадзім Сямёнаў, Уладзімір Гарбавец.

Хто гэтыя людзі і чаму праваабарончыя арганізацыі лічаць іх справы палітычна матываванымі 👉 bit.ly/3w9wLkU

Спіс усіх палітвязняў Беларусі 👉 bit.ly/306kkW9
Затрыманы віцебскі дысідэнт Барыс Хамайда

Апошні раз 15 сакавіка Барыс выходзіў на сувязь каля 14-й гадзіны. Ён патэлефанаваў журналістам, каб паведаміць, што знаходзіцца ў райаддзеле міліцыі Чыгуначнага раёну Віцебску.

Крыніца: @vicspring
Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем

На ім размяшчалася інфармацыя пра перасоўванне расійскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі