Светлана Тихановская
21.9K subscribers
3.2K photos
839 videos
1 file
2.36K links
Download Telegram
850 тысячаў еўра на рэабілітацыю палітвязняў, міжнародны фонд падтрымкі рэпрэсаваных, пашпарты замежніка. Вынікі візіту Ціханоўскай у Нарвегію

Падчас працоўнай паездкі ў Нарвегію беларуская лідарка выступіла перад Пастаянным камітэтам па замежных справах і абароне, а таксама на канферэнцыі «Words Matter». Акрамя таго, лідарка правяла брыфінг у Нарвежскім інстытуце па замежных справах і сустрэлася з ключавымі палітыкамі краіны.

Галоўнае з сустрэчаў Святланы Ціханоўскай у Нарвегіі:

📍Нарвегія запускае міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку рэпрэсаваных. Прэм’ер-міністр Ёнас Гар Сцёрэ паведаміў, што Нарвегія выдзяляе 10 мільёнаў нарвежскіх кронаў (850 тысяч еўра) на рэабілітацыю былых палітвязняў і іх сем'яў.

📍 З міністрам замежных справаў Эспэнам Бартам Эйде лідарка гаварыла пра дапамогу грамадзянскай супольнасці. Нарвегія працягне падтрымліваць стыпендыямі маладых беларусаў, якія навучаюцца ў ЕГУ. Таксама палітыкі абмеркавалі спрашчэнне легалізацыі – Нарвегія зможа выдаваць пашпарты замежнікаў беларусам, якія не могуць аднавіць дакументы.

📍Ціханоўская і міністарка культуры Любна Яфэры абмеркавалі пашырэнне падтрымкі культурных ініцыятываў. Нарвегія ўжо рэалізуе шэраг такіх праектаў, у тым ліку – падтрымлівае кінафестываль «Паўночнае ззянне».

📍 З мэрам Осла Аннэ Ліндбу беларуская лідарка абмеркавала арганізацыю выставы пра Алеся Бяляцкага і беларускіх палітвязняў, а таксама супрацоўніцтва з беларускімі ініцыятывамі і Аб'яднаннем беларусаў у Нарвегіі «Разам».

📍На сустрэчы з групай Сяброў дэмакратычнай Беларусі дамовіліся ўзнімаць пытанне Беларусі ў парламенцкіх асамблеях Рады Еўропы і АБСЕ, а таксама правесці кампанію ў падтрымку Алеся Бяляцкага.

Больш пра сустрэчы ў Нарвегіі чытайце па спасылцы.
Святлана Ціханоўская: «Для таго, каб гаварыць пра палітвязняў, не патрэбныя нагоды»

Многія беларускія палітвязні не атрымліваюць вестак з волі. Яны знаходзяцца без сувязі са сваімі сем’ямі і адвакатамі, не атрымліваюць патрэбнай медычнай дапамогі. Рэжым інкамунікада пазбаўляе магчымасці камунікаваць са знешнім светам і спрабуе прымусіць палітвязняў думаць, што яны засталіся без падтрымкі.

Святлана Ціханоўская: «Не патрэбныя нагоды для таго, каб нагадаць пра важнасць падтрымкі нашых палітвязняў. Ужо 443 дні мы не маем вестак ад Марыі Калеснікавай. 449 дзён – ад Максіма Знака. 448 – ад Мікалая Статкевіча. Ад Віктара Бабарыкі – 452 дні. 438 дзён – ад Ігара Лосіка. 421 дзень я нічога не ведаю пра лёс майго мужа Сяргея.

У кожным візіце я паўтараю: у беларускіх турмах паміраюць людзі. Палітвязняў трымаюць без сувязі са знешнім светам, у жудасных умовах. Я заклікаю міжнародныя арганізацыі і дыпламатаў дабівацца доступу ў турмы і патрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў. У сітуацыі, калі іх катуюць і не аказваюць аніякай дапамогі, гэта не толькі палітычнае, але і гуманітарнае пытанне!

Мае дарагія, калі ласка, гучна гаварыце пра нашых палітвязняў. Падтрымлівайце іх ды іх сем’і лістамі, пасылкамі і данатамі, калі гэта бяспечна для вас. Не існуе маленькай дапамогі. Усе нашыя дзеянні складаюцца ў вялікую справу».
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
«Праз прызму прапаганды маладыя людзі ўспрымаюцца як аб'екты, якія падлягаюць кантролю і маніпуляцыі»: Маргарыта Ворыхава – пра фільм АНТ

На прарэжымным тэлеканале выйшаў чарговы прапагандысцкі фільм. У ім студэнтаў БНТУ абвінавачваюць у «тэрарызме і супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі». Дарадца Святланы Ціханоўскай па моладзевай палітыцы і студэнцтве Маргарыта Ворыхава адзначыла – мы бачым чарговы прыклад таго, як рэжым выкарыстоўвае медыя для распальвання варожасці і маніпуляцыі грамадскай думкай:

«У фільме моладзь падаюць як групу, якая «лёгка паддаецца ўплыву» і патрабуе пастаяннага кантролю. Паказвае іх нясталымі і падатлівымі, ствараючы вобраз не здольных прымаць адказныя рашэнні людзей. Такі падыход не проста прымяншае годнасць і самастойнасць моладзі: ён абмяжоўвае іх права на свабоду думкі і самавыяўлення. Праз прызму прапаганды маладыя людзі ўспрымаюцца не як паўнавартасныя ўдзельнікі грамадскага дыялогу, а як аб'екты, якія падлягаюць кантролю і маніпуляцыі.

Да таго ж, карыстаючыся ярлыком «лёгка паддаюцца ўплыву» можна апраўдваць рэпрэсіі, цэнзуру, сачэнне. Так і ствараецца атмасфера страху, знаходзячыся ў якой з'яўляецца пачуццё, што за кожным тваім крокам сочаць. Што любое дзеянне або выказванне можа быць інтэрпрэтаванае як «дэструктыўнае» або супярэчлівае дзяржаўнай ідэалогіі».

Падрабязней у відэа.
«Рэжым старанна знішчае «чацвёртую ўладу» – бо першыя тры ён ужо падпарадкаваў сабе»: Святлана Ціханоўская – да дня свабоды прэсы

Святлана Ціханоўская: «Нядаўна я прачытала аб тым, што жыхары Мазыра і Петрыкава скардзяцца на неадрамантаваныя дарогі. А ў Жлобіне – на ямы каля дзіцячых садкоў. І хоць мы не заўсёды заўважаем навіны з рэгіёнаў, асвятленне праблемаў важнае для тых, хто сутыкаецца з абыякавасцю мясцовых уладаў. Калі структуры адмахваюцца ад зваротаў людзей, то СМІ і журналісты – адзіны спосаб прыцягнуць увагу да праблемы. Менавіта таму рэжым старанна знішчае «чацвёртую ўладу» – бо першыя тры ён ужо падпарадкаваў сабе.

Сёння – Сусветны дзень свабоды прэсы. І гэтай свабоды ў Беларусі няма. У краіне больш за тры дзясяткі журналістаў-палітвязняў: Ларыса Шчыракова, Ігар Лосік, Марына Золатава, Кацярына Андрэева і іншыя незалежныя журналісты незаконна знаходзяцца ў турме за тое, што сумленна і непрадузята выконвалі сваю працу.

Дарагія журналісты! Дзякуй, што нягледзячы на складанасці, з якімі беларускія СМІ сутыкаліся гэтыя гады, вы працягваеце гаварыць праўду. Калі на экранах у Беларусі амаль увесь эфірны час займае павестка рэжыму, вы даяце людзям магчымасць бачыць падзеі без хлусні і маніпуляцыяў. Дзякуючы вам беларусы і беларускі не засталіся сам-насам з прапагандай. Пакуль рэжым усталёўвае цэнзуру, яны працягваюць чытаць незалежныя медыя.

У барацьбе за свабоду слова і дэмакратычныя каштоўнасці, журналістыка – адзін з найважнейшых інстытутаў. І мы павінныя яго зберагчы. Чытайце і падтрымлівайце нашыя СМІ, калі гэта бяспечна. Дзяліцеся цікавымі матэрыяламі і медыяпраектамі, прынамсі калі вы за мяжой. Бо рэжым не мае права ўказваць, як думаць беларусам!»
Раберта Метсола і Святлана Ціханоўская падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі

Падчас працоўнага візіту на Мальту Святлана Ціханоўская і прэзідэнтка Еўрапейскага Парламента Раберта Метсола падпісалі дамову аб супрацоўніцтве паміж Еўрапарламентам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Еўрапейскі Парламент упершыню падпісаў дакумент такога кшталту не з афіцыйным урадам.

Дамова дэкларуе дамоўленасць пра наступныя супольныя мэты і напрамкі супрацоўніцтва:

📍Развіццё ўмоваў для ажыццяўлення дэмакратычнага транзіту ў Беларусі, у тым ліку праз аказанне дапамогі дэмакратычным сілам і актывістам грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, незалежным СМІ і прафсаюзам Беларусі ў межах праграмы EU4Belarus і праз нарошчванне адукацыйных ініцыятываў і магчымасцяў;

📍Садзейнічанне змякчэнню міграцыйных праблемаў для беларусаў за мяжой;

📍Прыцягненне да адказнасці ў рамках міжнародных механізмаў прадстаўнікоў рэжыму і асобаў, адказных за парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама за саўдзел у вайсковых злачынствах супраць Украіны;

📍Забеспячэнне вызвалення палітвязняў у Беларусі;

📍Маніторынг унутранай сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці парушэнняў правоў журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў, НДА, рэпрэсаваных. Таксама гэта датычыцца спробаў рэжыму легітымізаваць сябе праз фіктыўныя выбары і ўдзел у агрэсіі супраць Украіны;

📍Маніторынг выканання правоў і свабодаў беларусаў за мяжой.
Падтрымка дэмакратычных сілаў на міжнароднай арэне і стварэнне групы «За дэмакратычную Беларусь»: што Ціханоўская абмеркавала з кіраўніцтвам Мальты?

Падчас працоўнага візіту на Мальту беларуская лідарка падпісала дамову аб супрацоўніцтве з прэзідэнткай Еўрапейскага Парламента Рабертай Метсолай, а таксама сустрэлася з шэрагам ключавых палітыкаў дзяржавы.

Аб чым ішла гаворка на сустрэчах?

⚪️ З прэзідэнткай Мальты Мірыям Спітэры Дэбона лідарка абмеркавала супрацоўніцтва як на палітычным узроўні, так і на ўзроўні грамадзянскай супольнасці і Парламента. Акрамя таго, Ціханоўская заклікала прэзідэнтку падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд у падтрымку беларускіх палітвязняў, пра стварэнне якога было абвешчана ў Нарвегіі.

🔴 Сёлета Мальта старшынюе ў АБСЕ, і Святлана Ціханоўская прапанавала міністру замежных справаў Яну Боргу прызначыць спецыяльнага прадстаўніка АБСЕ па Беларусі, а таксама ўзняць беларускае пытанне на міністэрскай канферэнцыі. Борг падкрэсліў: Мальта гатова падтрымліваць ініцыятывы дэмакратычных сілаў на міжнароднай арэне.

⚪️ Са спікерам мальтыйскага Парламента Анджэла Фаруджа лідарка абмеркавала стварэнне парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» і падтрымку беларускіх ініцыятываў у парламенцкіх асамблеях міжнародных арганізацыяў. Таксама Ціханоўская заклікала спікера правесці слуханні ў Парламенце і прыняць рэзалюцыю па Беларусі. Спікер адзначыў: у Парламенце няма ніводнага дэпутата, які б падтрымліваў рэжым Лукашэнкі.

Падрабязней пра сустрэчы чытайце па спасылцы.
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
«Наша моц – у святле і веры, якую мы нясём праз цемру, нягледзячы ні на што». Святлана Ціханоўская віншуе беларусаў з Вялікаднем

Святлана Ціханоўская: «Вялікдзень – гэта свята, якое мы звычайна праводзім у коле сям’і. Чакаем сваякоў у госці, гуляем у біткі, едзем у свае вёскі да бабуль і дзядуляў – есці самыя смачныя ва ўсім свеце паскі.

Але многія беларусы не могуць быць побач з роднымі ў гэты дзень. Нявінныя людзі сядзяць у турмах, церпяць пераслед і катаванні. Сотні тысячаў беларусаў вымушаныя жыць у розных краінах – без магчымасці вярнуцца дадому, каб абняць родных на Вялікдзень.

Мы з вамі праходзім праз час выпрабаванняў. Давайце не забываць, што Ісус Хрыстос таксама цярпеў за праўду. Наш моц – у святле і веры, якую мы нясём праз цемру нягледзячы ні на што. У падтрымцы, якую даем тым, каму цяжка. Наша моц – дабрыня і спагадлівасць, і ніхто і ніколі не зможа іх у нас адняць.

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!»