Светлана Тихановская
22.4K subscribers
3.06K photos
792 videos
1 file
2.31K links
Download Telegram
Сябры, з-за тэхнічных праблемаў анлайн-трансляцыя Канферэнцыі Новая Беларусь 2023 перанесена на канал «Белсат». Выбачаемся за нязручнасці.

Пачынаецца выступ Святланы Ціханоўскай. Глядзець эфір можна па спасылцы: https://www.youtube.com/live/RN129Kznv3E?feature=share

Калі вы зараз у Беларусі, у мэтах бяспекі не рэпосціце, не лайкайце і не каментуйце эфір са сваіх персанальных акаўнтаў.
«Узмацніць адно аднаго і вярнуць сабе нашую краіну». Ціханоўская адкрыла Канферэнцыю Новая Беларусь 2023

«Мы звыклі, што на кожнае публічна сказанае слова прыпадае два словы падтрымкі, але і дзесяць слоў крытыкі. Мы звыклі, што ў нас няма магічнай сілы, каб заўтра спыніць вайну і выратаваць усіх палонных. Болей за тое, мы пачынаем звыкаць, што месяцамі не маем вестак ад нашых палітзняволеных. Я ніколі не думала, што ў маім жыцці будзе момант, калі я пагляджу на відэа з Сяргеем – і не буду з першага моманту ўпэўненая, ці гэта ён. З намі адбылося так шмат бесчалавечных, балючых, пакутлівых падзей, што мы прызвычаіліся чакаць горшага. Але сёння я заклікаю вас адшукаць тое, што пазбавіць нас гэтай дрэннай звычкі. 

Само тое, што сёння мы знаходзімся тут, ладзім адкрытыя дыскусіі, праводзім публічныя слуханні Кабінета – гэта вялікае дасягненне для грамадства, якое амаль 30 гадоў не бачыла жыцця ў вольнай краіне. Бо празрыстасць, разнастайнасць поглядаў і свабода слова – гэта фундамент, на якім будуецца дэмакратычная ўлада. Што за будынак з’явіцца на гэтым фундаменце, залежыць толькі ад нас з вамі».
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Новы пашпарт для беларусаў: які ён?

На сённяшняй Канферэнцыі «Новая Беларусь 2023» прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па замежных справах Валер Кавалеўскі выступіў з прэзентацыяй новага пашпарта для беларусаў. Як выглядае вокладка пашпарта, унутранае афармленне і выявы, элементы абароны ад падробкі – глядзіце ў відэа.

Зараз Кабінет збірае зваротную сувязь ад беларусаў: ці шмат людзей цікавіць тэма новага пашпарта, якія ёсць ідэі і крытыка. 

Пакінуць сваё меркаванне пра праект можна ў апытанцы.

Майце на ўвазе, што апытанку запускае чат-бот «Голас». Калі вы ў Беларусі – не захоўвайце і не пераходзьце ў бот, паклапаціцеся пра сваю бяспеку.
«Нашая задача – вырваць Беларусь з расійскай арбіты»

На Канферэнцыі Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай, прысвечанай геапалітычнаму выбару Беларусі. Яна падзялілася планамі і канкрэтнымі крокамі паступавай еўрапейскай інтэграцыі нашай краiны:

«Мы прынялі дэкларацыю аб сяброўстве ў Еўрапейскім звязе, і цяпер гэта становіцца нашым палітычным прыярытэтам.

Мы ўжо сёння будуем прысутнасць у еўрапейскіх структурах. У Радзе Еўропы працуе Кантактная група, дзе нашу краіну прадстаўляе не рэжым, а дэмакратычная супольнасць. У Еўрапейскім звязе утворана Кансультатыўная група. Падобна мы хочам зрабіць у Еўрапейскім камітэце па сацыяльных і эканамічных пытаннях. Больш чым у 20 нацыянальных парламентах створаныя групы сяброў дэмакратычнай Беларусі.

Прысутнасць у еўрапейскіх структурах дасць нам не толькі голас, але і канкрэтныя інструменты, каб памяняць сітуацыю ўнутры краіны».

Увесь тэкст прамовы па спасылцы.
«Мяне можа спыніць толькі адно: калі я не буду адчуваць падтрымку беларусаў»

Святлана Ціханоўская выступіла з фінальным словам і падвяла вынікі Канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»:

«Канферэнцыя дала нам магчымасць ацаніць зробленае, а таксама зазірнуць у будучыню: якой будзе наша перамога і якім шляхам яна будзе дасягнутая.

Я чакаю рэкамендацыі Каардынацыйнай рады па выніках слуханняў. Мы прыкладзём намаганні, каб палепшыць працу Кабінета. У бліжэйшы час мы прызначым кіраўніка апарату Кабінета і прадставім агульную стратэгію. Узімку мы правядзем выбары ў Каардынацыйную Раду, каб яна стала сапраўды прадстаўнічым органам беларусаў. Таксама мы разам заслухаем справаздачу Каардынацыйнай Рады».

Акрамя таго, беларуская лідарка прыняла шэраг кадравых рашэнняў:

«Я прыняла рашэнне вызваліць Аляксандра Азарава ад пасады прадстаўніка ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце. Разам з тым я б хацела, каб ён працягнуў працу па плане «Перамога» і каардынаваў супрацу з беларускім падполлем.

Мы будзем пашыраць супрацоўніцтва з Украінай. У сувязі з гэтым я прызначаю кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзя Манько. Цягам апошняга года ён адказваў за нашу працу з Палком Каліноўскага і ўстанавіў добрыя кантакты ва Украіне.

Таксама я прызначаю Маргарыту Ворыхаву сваёй дарадцай па моладзевай палітыцы і студэнцтву. Маргарыта кіруе арганізацыяй РАДА і прадстаўляла Беларусь у Кантактнай групе Рады Еўропы і ў Кансультатыўнай групе з Еўрасаюзам».

Напрыканцы свайго выступу Святлана Ціханоўская падзякавала ўсім беларусам:

«Дзякуй вялікі, што далучыліся да нашай Канферэнцыі. Я адчуваю вашую падтрымку кожны дзень. І я буду з вамі да самай перамогі. І спадзяюся, што вы падтрымаеце мяне на гэтым шляху».
Давайце разам адзначым Дзень Салідарнасці з нашай краінай 9 жніўня!

Толькі нядаўна прайшоў вялікі марафон салідарнасці, які зноў даў усім нам веру ў тое, што мы здольныя аб’яднацца. Дапамог зноў убачыць як нас шмат. І натхніў на новыя здзяйсненні. Мы пачалі яшчэ больш ганарыцца адно адным і верыць у тое, што разам мы здольныя рабіць шмат.

Давайце працягнем гэтую хвалю салідарнасці!

📍Беларусы замежжа – паглядзіце нашую мапу з акцыямі салідарнасці і далучайцеся да іх у сваіх гарадах. Бярыце з сабой плакаты, наш сапраўдны сцяг і фота палітзняволеных. Прыходзьце разам з сябрамі, калегамі ці сям’ёй – давайце зробім так, каб нас было бачна.

📍Беларусы ў краіне – напішыце ідэю для плаката, з якім беларусы замежжа выйдуць на акцыі салідарнасці. І, канечне, падтрымлівайце ўсё беларускае: кнігі, музыку, падкасты, беларускія пераклады фільмаў, ютуб-ролікі.

Не толькі 9 жніўня, але і ў іншыя дні, пішыце лісты нашым героям. Ім заўсёды патрэбная нашая падтрымка. Зрабіць гэта можна праз ініцыятывы Вясна, Politzek.me, Dissidentby, Майстэрня паштовак. Для вашай бяспекі не пазначайце зваротны адрас і ўключыце VPN.

Больш інфармацыі пра Дзень Салідарнасці шукайце на сайце: https://standwithbelarus.org/
Працягнуць ісці наперад з любоўю да тых, хто ідзе побач і з верай у тых, хто будзе пасля нас

Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў і беларусак:

«Мінула тры гады. За гэты час нас спрабавалі пазбавіць мары. Пазбавіць блізкіх. Волі. Радзімы. Пазбавіць незалежнасці. Мы прапусцілі праз сябе шмат болю, але не страцілі спагадлівасць. Мы зазналі нянавісць, але захавалі міласэрнасць. Мы прайшлі праз выпрабаванні, але загартаваныя вынеслі з іх новы досвед. І працягваем рухацца.

Я разумею: гэта цяжка. І з кожным новым выклікам усё складаней захоўваць цвёрдасць крокаў. Але гэта толькі наш выбар: абясцэніць зробленае за тры гады, расчаравацца ў сабе і ў сваёй нацыі. Ці захаваць у памяці ўсе важныя моманты, зберагчы ў сэрцы тых, каго мы страцілі на гэтым шляху. І працягнуць ісці наперад з любоўю да тых, хто ідзе побач і з верай у тых, хто будзе пасля нас».
«Гэта грае на руку толькі прапагандзе». Святлана Ціханоўская абмеркавала з прэзідэнтам Літвы магчымыя абмежаванні для беларусаў

Святлана Ціханоўская падзякавала Літве за прыняццё дзясяткаў тысячаў беларусаў і сотні арганізацый, якія былі вымушаныя выехаць з краіны праз рэпрэсіі. І заклікала прэзідэнта Науседу не ўраўноўваць абмежаванні супраць беларусаў і расіянаў. Яна падкрэсліла, што разумее рызыкі, звязаныя з магчымай дзейнасцю агентаў рэжыму, але гэта не павінна ўдарыць па беларусах, што не падтрымліваюць Лукашэнку і Расію, а такіх абсалютная большасць.

«Гэта грае на руку толькі расійскай і лукашэнкаўскай прапагандзе, дэмаралізуе беларусаў, і абмяжоўвае працу грамадзянскай супольнасці», – адзначыла беларуская лідарка.

Замест гэтага Ціханоўская прапанавала пашыраць спіс індывідуальных санкцыяў супраць памагатых рэжыму.

Абмеркавалі таксама і магчымае закрыццё межаў і неабходнасць захавання гуманітарных калідораў на выпадак эскалацыі.
Святлана Ціханоўская: «Вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў Дзень Салідарнасці і выйшаў на акцыі – беларусам Літвы, Польшчы, Грузіі, Амерыкі, Чэхіі і іншых краінаў свету. І, канечне, я хачу асабліва падзякаваць беларусам у Беларусі, якія далучыліся да акцыяў салідарнасці, хоць гэта вельмі небяспечна.

Дзякуй кожнаму і кожнай з вас за тое, што памятаеце пра нашых палітвязняў, падтрымліваеце адно аднаго, але галоўнае – не губляеце любові да роднай Беларусі.

Ведаеце, і ўчора на мітынгу, і ў жывым эфіры, і кожны дзень я адчуваю вашую падтрымку. Без яе нават не магу ўявіць сабе, як бы працягвала працу. Але ведаю: я не адна. І як бы цяжка часам не было, памятайце, мы разам крок за крокам ідзем да зменаў.

Дзякуй за тое, што вы побач. Жыве Беларусь!»
Еўрапейскі выбар, салідарнасць з Украінай, дэмакратычная стратэгія і непрызнанне рэжымных выбараў 2024 года

На канферэнцыі Новай Беларусі дэмакратычныя сілы прынялі чатыры дакументы:

«Дэкларацыя аб сяброўстве Беларусі ў Еўрапейскім саюзе» дэкларуе геапалітычны выбар краіны і заахвочвае дэмсілы да супрацоўніцтва з Еўрасаюзам у разнастайных галінах.

«Рэзалюцыя дэмакратычных сілаў Беларусі пра салідарнасць з народам Украіны» – маніфест падтрымкі ўкраінскаму народу ў змаганні з пуцінскай Расіяй і асуджэння рэжыму Лукашэнкі як саўдзельніка агрэсіі.

«Палітычная дэкларацыя дэмакратычных сілаў Беларусі» акрэслівае ключавыя пункты стратэгічнай працы, якая павінна прывесці да дэмакратычных зменаў у Рэспубліцы.

«Заява аб выбарах 2024 года» заклікае грамадзянаў Беларусі не ўдзельнічаць у кампаніі, зладжанай рэжымам, а міжнародную супольнасць – не прызнаваць яе вынікі.

Адзначым, што ўсе матэрыялы прайшлі распрацоўку на круглым стале дэмсілаў напярэдадні канферэнцыі «Новая Беларусь 2023».
Далучайцеся да RADA Market заўтра ў Вільні!

Ужо заўтра, у міжнародны дзень моладзі, моладзевая арганізацыя «РАДА» будзе чакаць вас на свой маркет у Вільні. Яны рыхтуюць шмат цікавага для вас!

У вас будзе магчымасць бліжэй пазнаёміцца з рознымі беларускімі ініцыятывамі: Вольныя паштоўкі, Экадом, Валанцёрская служба «Вясны», Новыя рэгіёны, ЦНІ і іншыя. Таксама можна будзе далучыцца да аўкцыёну ў падтрымку палітвязняў.

Будуць арганізаваныя майстар-класы, кірмаш сацыяльных ініцыятываў і рамеснікаў, а для дзяцей – пляцоўкі і спецыяльная праграма. І, безумоўна, на маркеце можна будзе набыць розныя цікавінкі ад майстроў з Украіны і Беларусі. 

Падтрымлівайце адно аднаго ў такіх мерапрыемствах. Нам вельмі важна – быць побач.