Светлана Тихановская
21.9K subscribers
3.19K photos
835 videos
1 file
2.36K links
Download Telegram
Святлана Ціханоўская – пра стратэгічны дыялог у Вашынгтоне: «Новы ўзровень супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і ЗША»

6-7 снежня беларуская лідарка далучыцца да стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША», які пройдзе ў Вашынгтоне. З беларускага боку да яго далучацца прадстаўнікі і прадстаўніцы Офіса Святланы Ціханоўскай, Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, праваабарончай арганізацыі «Вясна», цэнтра BEROC, Беларускага прэс-клуба, арганізацыі «ЕўраБеларусь», Рабочага Руху, Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы (ABA), Кіберпартызанаў, Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA), а таксама незалежных медыя.

Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю The Washington Post адзначыла: «Стратэгічны дыялог выводзіць супрацоўніцтва ЗША і дэмакратычных сілаў на новы ўзровень. Гэта можа змяніць правілы гульні ў нашай трыццацігадовай барацьбе за свабоду. Спадзяюся, што гэта дасць нам шанец вярнуць Беларусь да дэмакратыі і вызваліць яе з кіпцюроў Расіі. Аднойчы і назаўсёды».

Падчас стратэгічнага дыялогу будуць абмяркоўвацца пытанні правоў чалавека і шляхі вызвалення палітзняволеных, развіццё прыватнага сектара Беларусі, а таксама пагрозы суверэнітэту нашай краіны з боку Расіі. Асобным пунктам перамоваў значыцца абмеркаванне візавай і міграцыйнай праблематыкі для беларусаў.
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Святлана Ціханоўская – валанцёрам: «Вы і ёсць беларуская салідарнасць»

З нагоды міжнароднага дня валанцёра беларуская лідарка падзякавала ўсім беларусам, хто проста так, ад чыстага сэрца, падтрымлівае людзей навокал. Не толькі блізкіх і сяброў, але і незнаёмых.

Святлана Ціханоўская: «Я з радасцю бачу, што беларуская салідарнасць не скончылася ў 2020 годзе. Яе і дагэтуль адчуваеш у кожным куточку свету, дзе знаходзяцца беларусы.

Сёння я хачу падзякаваць усім валанцёрам, якія дапамагаюць палітзняволеным і іх сем’ям – дасылаюць лісты, збіраюць перадачы, падтрымліваюць грашыма. Актывістам дыяспары, чыя ініцыятыўнасць аб’ядноўвае беларусаў па ўсім свеце, і не дае ім губляць сувязі з домам. Беларускім ваярам-добраахвотнікам, якія кожны дзень рызыкуюць усім дзеля абароны Украіны і вызвалення Беларусі. І, канешне, я не магу не ўзгадаць валанцёраў унутры Беларусі. Людзей, якія, нягледзячы на ціск і пагрозы, распаўсюджваюць праўдзівую інфармацыю і збіраюць доказы злачынстваў рэжыму. Дзякуй вялікі, я ганаруся кожным і кожнай з вас!

Паважаныя валанцёры і валанцёркі, вы – яскравы прыклад той самай салідарнасці, пра якую ўсе гавораць. Вы і ёсць беларуская салідарнасць. Толькі разам мы зможам пабудаваць новую Беларусь – тую, дзе ініцыятыва і ўзаемадапамога вітаюцца і заахвочваюцца, а кожны і кожная адчуваюць адказнасць за краіну і робяць яе лепей».
Святлана Ціханоўская прапанавала стварыць беларускі цэнтр у Ельскім універсітэце

Беларуская лідарка наведала адзін з самых прэстыжных універсітэтаў Амерыкі, які ўваходзіць у знакамітую Лігу плюшчу. Яна выступіла перад студэнтамі ды экспертамі разам з гісторыкам Цімаці Снайдэрам – спецыялістам па гісторыі Усходняй Еўропы.

Падчас выступу Ціханоўская распавяла пра чаканні ад стратэгічнага дыялогу «ЗША – Беларусь», што распачнецца ўжо заўтра, а таксама падзялілася бачаннем наконт стратэгіі ЗША па Беларусі і развіцця беларуска-ўкраінскіх адносінаў.

Ва ўніверсітэце Святлана Ціханоўская сустрэлася з беларусамі, якія прыехалі на гэтую сустрэчу з усёй Амерыкі. Таксама ў Еле зараз працуюць некалькі беларусаў – рэжысёр Андрэй Курэйчык і прафесар эканомікі Андрэй Цывінскі.

Напрыканцы дня беларуская лідарка сустрэлася з прадстаўнікамі Елю і прапанавала стварыць беларускі цэнтр ва ўніверсітэце, а таксама ўвесці стыпендыі для нашых студэнтаў і даследчыкаў. Адна з міжнародных стыпендыяльных праграм Еля, Maurice Greenberg, ужо даступная для беларусаў.
Святлана Ціханоўская ў Кангрэсе ЗША: слуханні па Беларусі і адказы на пытанні ў жывым эфіры

Сёння, 5 снежня, у Падкамітэце па Еўропе Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША адбудуцца слуханні па Беларусі. На іх з прамовай выступіць беларуская лідарка, а таксама адкажа на пытанні амерыканскіх кангрэсменаў.

Галоўныя тэмы слуханняў:
✔️ палітыка ЗША па Беларусі;
✔️ будучыня дэмакратыі ў нашай краіне;
✔️ абмежаванні ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі;
✔️ дапамога беларускай грамадзянскай супольнасці.

Мерапрыемства пачнецца а 18:00 па мінскім часе. Далучайцеся да анлайн-трансляцыі!
Святлана Ціханоўская заклікала Кангрэс ЗША падтрымаць праект новага беларускага пашпарту і далучыць нашую краіну да плана эканамічнага аднаўлення

Прама зараз у Падкамітэце па Еўропе Камітэта па замежных справах Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША праходзяць слуханні па Беларусі, на якіх з прамовай выступіла беларуская лідарка.

Падчас выступу Ціханоўская агучыла шэраг практычных прапановаў Кангрэсу ЗША для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі:

1️⃣ Прызначыць спецпасланніка ЗША для працы з дэмакратычнай Беларуссю.

2️⃣ Падтрымліваць беларусаў і дапамагаць сем’ям рэпрэсаваных. А таксама ўхваліць рашэнне аб прадастаўленні статусу часовай абароны для беларусаў у ЗША.

3️⃣ Дадаць Беларусь у план эканамічнага аднаўлення – і пашырыць праект, які пакуль што тычыцца толькі Украіны і Малдовы.

4️⃣ Падтрымаць праект новага беларускага нацыянальнага пашпарту, які рыхтуецца да запуску ў 2024 годзе.

5️⃣ Прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да адказнасці праз міжнарожныя суды.

6️⃣ Прызнаць пагадненні, падпісаныя дыктатарам Лукашэнка з Расіяй, несапраўднымі. І ўвесці новыя санкцыі супраць Расіі за незаконныя спробы ўзяць Беларусь пад кантроль.
Беларускія і еўрапейскія партыі сабраліся разам на Форуме ў Еўрапарламенце

Сёння ў Бруселі пачаўся Міжпартыйны Форум «8+100», у якім удзельнічаюць спікеры Еўрапарламента, прадстаўнікі беларускіх і еўрапейскіх палітычных партыяў. Падчас Форума плануецца абмеркаваць агульную стратэгію па Беларусі, шляхі прасоўвання еўрапейскага выбару для нашай краіны, а таксама магчымасці супрацоўніцтва паміж беларускімі і еўрапейскімі палітычнымі партыямі.

Беларуская лідарка звярнулася да ўдзельнікаў з заклікам абмеркаваць еўрапейскую перспектыву для Беларусі:

«Мы ўсе разумеем, што Беларусь можа быць па-сапраўднаму вольнай і незалежнай толькі ў рамках Еўрапейскага саюза. Я ведаю, што на гэта спатрэбіцца час. Але мы можам рыхтавацца да гэтага ўжо зараз.

Паколькі ЕС абмяркоўвае ўступленне Малдовы і Украіны, цяпер самы час абмеркаваць еўрапейскую перспектыву і для Беларусі. І я спадзяюся, што гэта стане часткай вашай сённяшняй размовы».

Таксама Святлана Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў дапамагчы прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і за выкраданне ўкраінскіх дзяцей.

«У адрозненні ад урадаў, парламентарыі могуць называць рэчы сваімі імёнамі. Лукашэнка – злачынец, а не прэзідэнт. Беларусы – не рэжым. І Беларусь – гэта не Расія», – адзначыла Ціханоўская.
Святлана Ціханоўская: «Сапраўдны дабрабыт – гэта не прадавацца па кавалках суседняй краіне, а весці палітыку ў нацыянальных інтарэсах народу»

Нядаўна міністр эканамічнага развіцця Расіі заявіў: рыхтуецца новы інтэграцыйны пакет з Беларуссю на 2024–2026 гады. Аналітыкі лічаць, што ўжо ў 2024-м дыктатары падпішуць гэтыя дамовы. Змест дакументаў не вядомы.

Святлана Ціханоўская: «Рэжым гадамі ўпэўніваў нас, што важна жыць у ладзе з усімі суседзямі. Але што адбываецца на практыцы? Лукашэнка разбурае адносіны з Еўропай – падтрымлівае агрэсара ў вайне, наўмысна стварае міграцыйны крызіс і запалохвае заходніх суседзяў ядзернай зброяй. А залежнасць нашай краіны ад Расіі толькі расце. Кожны пакет інтэграцыі, дэталі якіх хаваюцца ад людзей, адбірае ў Беларусі частку суверэнітэту, бо гэта лукашэнкаўская плата за магчымасць утрымліваць уладу. Але насамрэч за гэты прывілей для рэжыму плаціць народ.

Беларусы расплачваюцца за збліжэнне з Расіяй зніжэннем камфорту і бяспекі, эканамічнай нестабільнасцю і ізаляванасцю ад цывілізаванага свету. «Расія – гэта вайна і галеча», – менавіта такія словы беларусы пісалі на плакатах падчас пратэстаў супраць інтэграцыі яшчэ ў 2019-м. Бо мы хочам жыць у незалежнай краіне, краіне сацыяльнага і эканамічнага дабрабыту. А сапраўдны дабрабыт – гэта не прадавацца па кавалках суседняй краіне, а весці палітыку ў нацыянальных інтарэсах народу, адкрываць новыя магчымасці, прыводзіць у эканоміку міжнародныя інвестыцыі і мець партнёраў па ўсім свеце.

Менавіта таму дэмакратычныя сілы ўжо зараз рыхтуюць практычныя крокі па рэфармаванні Беларусі. Мы бачым сябе часткай Еўропы. Сёння мы пачынаем Стратэгічны дыялог «Беларусь – ЗША» ў Вашынгтоне – і я ўпэўнена, што кансультацыі і падтрымка нашых заходніх партнёраў дапамогуць хутчэй дасягнуць гэтай мэты.

Дарагія беларусы, кожны з нас здольны перашкодзіць паглынанню Расіяй нашай радзімы. Дастаткова штодзень рабіць выбар на карысць беларускай мовы, нашых незалежных медыя, айчыннага бізнесу ды ініцыятываў. Памятайце: толькі ад нас залежыць будучыня краіны».
Пачаўся Стратэгічны дыялог «Беларусь – ЗША» – чаго чакаць беларусам?

У Вашынгтоне распачаліся двухдзённыя перамовы паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і амерыканскімі палітыкамі ў рамках Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША». Бакі дэталёва абмяркуюць пытанні абароны суверэнітэту Беларусі, спосабы вызвалення і падтрымкі палітвязняў, а таксама механізмы прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі ды яго памагатых.

Святлана Ціханоўская распавяла пра чаканні ад Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША»:

«Мы чакаем, што ў выніку з’явіцца ясная стратэгія і дарожная карта, а таксама канкрэтныя праекты, якія дапамогуць вярнуць Беларусь да дэмакратыі, вызваліць палітвязняў, захаваць незалежнасць Беларусі.

Мы чакаем ад ЗША яснай камунікацыі, што Беларусь не аддадуць як суцяшальны прыз для Пуціна, што Беларусь зможа разлічваць на падтрымку для аднаўлення эканомікі, і што ЗША патрымаюць еўрапейскую перспектыву для Беларусі».

Перад пачаткам сустрэчы беларуская лідарка правяла размову з намесніцай дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Вікторыяй Нуланд. Намесніца выказала спадзяванне, што перамовы ў Вашынгтоне дапамогуць у выпрацоўцы крокаў па больш шчыльнаму супрацоўніцтву паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ЗША.
Святлана Ціханоўская прысвяціла прэмію імя Джорджа Буша і Маргарэт Тэтчэр беларускім палітвязням

У Вашынгтоне беларуская лідарка атрымала прэмію імя Джорджа Буша і Маргарэт Тэтчэр «За свабоду», якую ўручаюць за асаблівы ўклад у прасоўванне каштоўнасцяў дэмакратыі і правоў чалавека. Таксама гэтую прэмію прысудзілі лідарам дзвюх беларускіх палітычных партый – Рыгору Кастусёву (БНФ) і Мікалаю Казлову (АГП), якія зараз знаходзяцца ў зняволенні. Гэтыя партыі з'яўляюцца чальцамі Міжнароднага дэмакратычнага саюза, які і заснаваў гэтую прэмію.

Святлана Ціханоўская прысвяціла гэтую прэмію беларускім палітвязням, у тым ліку Алесю Бяляцкаму, Марыі Калеснікавай, Мікалаю Казлову, Рыгору Кастусёву, Мікалаю Статкевічу, Арцёму Лябедзьку.

«Я прысвячаю гэтую ўзнагароду беларусам – палітычным зняволеным, якія не могуць быць сёння з намі ў гэтай зале. Яны адбываюць свае вялізарныя тэрміны ў лукашэнкаўскіх турмах. Іх трымаюць у ізаляцыі, катуюць, збіваюць. Гэтай узнагародай мы аддаём даніну іх змаганню. Гэта паведамленне ўсім беларускім палітвязням: вы не адны, мы памятаем і падтрымліваем вас», – адзначыла лідарка ў сваёй прамове.

Таксама Ціханоўская ўзгадала гісторыю праваабаронцаў Ігара Случака і Аліны Нагорнай, якія апошнія 3 гады жылі і працавалі ў падполлі з двума маленькімі дзецьмі.
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Пра што размаўлялі з кіраўніком Wikipedia і прадстаўніцай YouTube? Пра міжнародную працу Офіса распавядае Дзяніс Кучынскі

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі распавядае пра працу каманды па знешняй палітыцы Офіса.

Сёння гаворка пойдзе пра інсайды з самых рэзанансных сустрэчаў беларускай лідаркі на Web Summit – адной з самых уплывовых тэхналагічных канферэнцый Еўропы.
Другі дзень Стратэгічнага дыялогу – чаго чакаць беларусам?

У Вашынгтоне працягваецца адна з найбольш важных палітычных падзеяў года – Стратэгічны дыялог «Беларусь – ЗША».

Асноўныя тэмы сённяшніх дыскусій:

✔️дапамога прыватнаму сектару і беларускім бізнесам;
✔️падтрымка незалежных медыя, барацьба з дэзынфармацыяй.

Пра склад удзельнікаў, планы другога дня і магчымыя вынікі перамоваў распавядае галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка:

«Мэта першай секцыі – выпрацаваць план супрацоўніцтва: што амерыканскі прыватны сектар можа зрабіць для беларускіх кампаній. Якім чынам падтрымаць рэпрэсаваных бізнесоўцаў, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі, а таксама якім чынам паказаць беларусам пазітыўную альтэрнатыву ў будучыні.

У секцыі прысвечанай медыя мы будзем гаварыць пра барацьбу з дэзынфармацыяй. Вельмі важна, каб незалежныя беларускія журналісты, рэпрэсаваныя ўладамі, мелі падтрымку ад ЗША. Амерыканскія тэхналагічныя кампаніі могуць дапамагчы медыя ў вырашэнні практычных пытанняў. Магчыма, у выніку дыялогу з'явяцца дамоўленасці пра правядзенне супольных івентаў, трэнінгаў, стажыровак для нашых журналістаў і блогераў».