Это Минск, детка
10.9K subscribers
5.68K photos
1.22K videos
1 file
1.61K links
Аўтарскі кантэнт ад каманды THISMINSK MEDIA пра падзеі ў Менску, Беларусі і свеце

Сайт: thisminsk.org
Пошта: thisminsk@protonmail.com

Прапановы, рэклама, PR: @thisminskbot
Download Telegram
15 студзеня 1994 года ў Беларусь прыляцеў прэзідэнт ЗША. Клінтан правёў перамовы са старшынёй Вярхоўнай Рады Стасем Шушкевічам і прэм'ерам Вячаславам Кебічам, усклаў вянок да манумента Перамогі, паўдзельнічаў у адкрыцці лаўкі ў Курапатах, з якой рэжым ваюе дагэтуль. І выступіў з лекцыяй у Акадэміі навук.

Візіт працягваўся шэсць гадзін, але меў вялікі інфармацыйны эфект: падарожжа Клінтана асвятлялі сусветныя СМІ, дзякуючы чаму шмат хто даведаўся пра незалежную Беларусь.

#гісторыя
Кафедральны сабор Спаслання Святога Духу.
Справа знесены будынак Малога гасціннага двара.

1967 год.

#фотафакт #гісторыя
4 лютага 1746 года нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка - нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША. выбітны палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, лідар нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года супраць расійска-прускай акупацыі, ганаровы грамадзянін Францыі.

#гісторыя
Віншуем з днём закаханых усіх сумленных беларусаў!

#гісторыя
Эмілія Плятэр, беларуская Жанна д’Арк, якая ператварылася для нашчадкаў у сімвал сапраўднай патрыёткі, нарадзілася 13 лістапада 1806 у Вільні, у шляхецкім родзе.

Вырасла ў маёнтку Ліксна Беларуска-Віцебскай губерні, цікавілася і збірала беларускі фальклор, апрацоўвала беларускія народныя песні, выконвала на фартэпіяна народныя мелодыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй. Эмілія ўсёй душой імкнулася да беларускага ладу, ведала нястачы народу, спачувала яму. Да таго гэтыя цікавасці суправаджаліся заняткамі конным спортам і стральбой.

Яе гераінямі-прыкладамі былі - княжна Ванда і Гражына з Адама Міцкевіча, адна з лідараў грэчаскага паўстання супраць Асманскай Імперыі - Бубуліна, гераіня Францыі Жана д'Арк. Таму не дзіва, што падчас паўстання 1831г у Беларусі і Літве Эмілія ўзначаліла паўстанцкі атрад, удзельнічала ў баях ды атрымала званне капітана ў паўстанцкіх войскаў. Яе гісторыя атрымала шырокае распаўсюджанне і натхніла шэраг літаратурных і мастацкіх твораў.

Пасля ўспышкі паўстання на землях былога Вялікага Княства Літоўскага супраць расейскага панавання, Эмілія стала актыўнай прыхільніцай антыцарскіх настрояў і далучыліся да паўстання.

Яна адказала, што не мае намеру здымаць форму, пакуль яе Бацькаўшчына не будзе цалкам вызвалена.
Удзельнічала ў баях, пасля таго як сітуацыя для паўстанцаў стала крытычнай, і генерал Хлапоўскі вырашыў перасекчы мяжу з Прусіяй і застацца там, Эмілія Плятэр адмовілася выконваць яго загады і вырашыла працягнуць барацьбу. Але 23 кастрычніка 1831 года, на парозе свайго 25-годдзя, Эмілія Плятэр сыходзіць з жыцця.

Пасля задушэння паўстання яе маёмасць была канфіскавана расейскімі ўладамі.

Даведаўшыся пра ейную гісторыю, Адам Міцкевіч піша верш, які праславіць шляхцянку з Вільні на ўсю Еўропу. І будзе ён называцца «Смерць палкоўніка».

Плятэр стала адным з сімвалаў паўстання. Яе постаць увасабляе падвойны пратэст: як супраць іншаземнага прыгнёту, так і супраць традыцыйнай жаночай ролі. З'яўляецца нацыянальнай гераіняй Беларусі, Польшчы і Літвы.

Памятаем, Ганарымся!

#гісторыя
21 лютага – Міжнародны Дзень роднай мовы. Дзень асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

#гісторыя
«Не мы, дык нашыя косці здабудуць вольнасць!»

Гэтыя словы беларускага паўстанца 1863 і сёння не згубілі сваёй значнасці для нас, бо змаганне за вольнасць Беларусі, як і 160 год таму, трывае…

ГМД працягвае ўзнаўленне памяці пра сапраўдных герояў Краіны. Адно з іх – імя Вінцэнта Козел-Паклеўскага паўстанцкага камандзіра з Меншчыны.

Вінцэнт нарадзіўся ў 1838 годзе ў маёнтку Вялікі Сэрвач на Вілейшчыне. У 1852 годзе паступіў у школу гвардэйскіх падпрапаршчыкаў у Пецярбург. Падчас вучобы далучыўся да афіцэрскай рэвалюцыйнай арганізацыі, якой кіравалі землякі Яраслаў Дамброўскі і Зігмунд Серакоўскі.

Меў званне штабс-капітана, але кідае кар’еру і ў сакавіку 1861 года павяртаецца на радзіму, дзе стварае рэвалюцыйную арганізацыю ў Вілейскім павеце.

На пачатку 1863 года ён згуртаваў і ўзначаліў паўстанцкі атрад. Вядома, што жыхары Вілейшчыны і Маладзечаншчыны яго падтрымалі. Нават калі па ўсёй Беларусі паўстанне было задушана, то на Заходняй Меншчыне працягвалася барацьба. Аднак сілы былі няроўныя.

Вінцэнт Козел-Паклеўскі быў адным з апошніх нескароных, хто працягваў змаганне. 4 траўня 1863 года яго атрад трапіў у засаду рускіх. Падчас бою панёс вялікія страты, загінуў амаль увесь атрад, у тым ліку 15-гадовы паўстанец Ігнацій Сулістроўскі. Карнікі працягвалі пераслед і 28 траўня зноў адбыўся бой, у якім гераічна загінуў сам камандзір Козел-Паклеўскі, разам з ім палёг і яго родны брат.

Вінцэнт быў пахаваны ў брацкай магіле каля вёскі Уладыкі, разам з іншымі загінуўшымі ў тым баі паўстанцамі. Яго бацька Ян-Напалеон Козел-Паклеўскі употай перапахаваў цела Вінцэнта і малодшага брата Міхала ў родным Сэрвачы, пад касцёлам, каб не знайшлі расейскія ўлады. Касцёл той у пачатку 1950-х разабралі.

Цяпер на месцы колішняга касцёла знаходзіцца невялічкі пагорак, а на ім металічны крыж. Гэта і ёсць месца пахавання камандзіра вялейскіх паўстанцаў. Ён загінуў, але да гэтага часу вядомы яго словы: «Не мы, дык нашыя косці здабудуць вольнасць!»

Памятаем, шануем, ганарымся!

#гісторыя
3 сакавіка 1067 г. на рацэ Нямізе адбылася бітва паміж войскамі паўднёва-рускіх князёў і полацкага князя Усяслава Брачыслававіча (Чарадзея).

#гісторыя
10 сакавіка 1972 г. адбылася трагедыя на Менскім радыёзаводзе «Гарызонт»

Пра выбух на адным з асноўных радыёзаводаў СССР маўчалі і тэлебачанне і радыё, толькі ў газетах выйшлі кароткія нататкі аб аварыі.

Толькі пасля распаду СССР былі апублікаваны справаздача камісіі і ўспаміны працаўнікоў радыёзаводу.

У новым цэху дрэваапрацоўкі ў дзень трагедыі працавала каля 700 чалавек. У 19 гадзін пачаўся абедні перапынак і большасць пайшлі ў сталоўку, якая знаходзілася ў суседнім будынку. У 19 гадзін 30 хвілін у цэху прагрымеў выбух.

Ратаўнічыя працы працягваліся тры дні. Не хапала ні спецтэхнікі ні абучаных ратаваць жыццё людзей. Ад ран і пераастуджэння загінулі, па розных дадзеных, ад 106 да 140 чалавек.

Расследаванне выявіла цэлы ланцужок фактараў якія прывялі да катастрофы:

1. Будынак цэху карпусоў праектавала ленінградскае бюро, але за прыклад быў узяты тыповы праект цэху для тэкстыльнай вытворчасці, які не падыходзіў пад дзейнаць заводу.

2. Завод перад выбухам перайшоў на выкарыстанне новага поліэфірнага лаку з Аўстрыі. Даследаванне паказала, што 5 грамаў пылу ад шліфавання гэтага лаку на кубаметр паветра хопіць для ўзнікнення выбуху. Праектанты закладвалі падчас рэалізацыі праекта цэха выбухоўную канцэнтрацыю 65 грамаў на кубаметр паветра.

3. Цэх будавалі аўральнымі тэмпамі і запусцілі ў эксплуатацыю з цэлым спісам заўваг прыёмачнай камісіі. Але адкласці запуск цэха дырэктар не мог, бо гэта пагражала зрывам планаў выпуску прадукцыі.

У той трагічны дзень выпадковая іскра выклікала ўзгаранне пылу ў цэху. Агонь па трубах вентыляцыі імгненна пайшоў у склеп, дзе пыл на фільтрах бліснуў магутным выбухам. Выбуховай хваляй разламала бетонныя пліты перакрыцця абодвух паверхаў і людзі разам са станкамі і адломкамі пліт зваліліся ў падвал.

Па выніках праверкі камісіі з Масквы шмат якія службовыя асобы былі пакараны, а ўсе выдаткі па кампенсацыях дзяржава ўзяла на сябе – ад выплат сваякам загінулых да вылучэння кватэр.

Але гэта так і не вярнула жыцці людзям.

#гісторыя
Ні для каго не сакрэт, што шмат менскіх вуліц мелі раней іншыя назвы, але якія дакладна?

Працяг у картках👉

#культурны_код #гісторыя
19 сакавіка 2006 года у Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, па якіх распачаліся масавыя акцыі пратэсту — «узнікла» першая «Плошча».

Самымі трагічнымі сталі падзеі 25 сакавіка, калі была жорстка разагнаная калона дэманстрантаў, якую Казулін павёў з плошчы Парыжскай Камуны на Акрэсціна, каб падтрымаць затрыманых у ноч з 23-га на 24 сакавіка.

Некалькі тысяч на плошчы Багушэвіча акружыў і брутальна разагнаў спецназ.

#палітыка #гісторыя
22 сакавіка 1943 адбылася страшная трагедыя — у вёсцы Хатынь, што паміж Лагойскам і Плешчаніцамі спалілі жыўцом 149 чалавек, 75 з іх дзеці.

Сабралі для вас 5 фактаў пра той цёмны дзень у гісторыі, пра якія вы маглі не ведаць:

Факт 1
Масавае спаленне — помста за алімпійскага чэмпіёна

За суткі да трагедыі партызаны абстралялі  калону 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Сярод забітых быў  гаўптман Ганс Вёльке — чэмпіён берлінскай Алімпіяды 1936 года, якога асабіста ведаў Гітлер. Пошук вінаватых прывёў да вёскі Хатынь. Партызанаў там не знайшлі, таму пакаралі вясковых жыхароў.

Факт 2
Былі тыя, хто выжыў.

Сярод дзяцей: 13-гадовы Валодзя і 9 — летняя Соня Яскевічы, 13-гадовы Саша Жалабковіч, 7-гадовы Віктар Жалабковіч і 12-гадовы Антон Бараноўскі — усе яны перажылі вайну.
Дзве дзяўчынкі  Юлія Клімовіч і Марыя Фёдаравіч уратаваліся з агню, але былі забіты ў суседняй вёсцы.

Сярод сталых: адзіны дарослы Язэп Камінскі, 56-гадовы вясковы каваль. Помнік Нескаронаму Чалавеку — цэнтр хатынскага мемарыяла — гэта выява Камінскага з сынам на руках.

Факт 3
Кат Хатыні 30 гадоў быў у пашане

Аперацыяй у Хатыні фактычна камандаваў Рыгор Васюра — начальнік штаба 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Пасля вайны лічыўся ветэранам. 

Аднак у 1985 гаду ўсплылі доказы яго “дзейнасці” падчас вайны, Васюру арыштавалі і прысудзілі да найвышэйшай меры кары.

Факт 4
Хатынь у мастацтве

Спаленне Хатыні легла ў аснову аповесці Алеся Адамовіча «Карнікі» (1979). Твор Адамовіча натхніў рэжысёра Элема Клімава, ён зняў фільм «Ідзі і глядзі».

Факт 5
Хатынь і Катынь

Некаторыя даследнікі лічаць, што выбар менавіта Хатыні ў якасці сімвалічнага месца для мемарыяла, які аб’ядноўвае ўсе спаленыя вёскі, быў абумоўлены сугалоссем назвы з Катынню — таго места, дзе ў 1940 былі расстраляны польскія ваеннапалонныя.

#гісторыя
Дзень Волі — важнае свята для кожнага беларуса!

Усё пачалося з 25 сакавіка 1918 года, калі была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. На працягу 106 год гэты дзень лічыцца сімвалам нашай нацыянальнай ідэнтычнасці!

Памятайце, незалежнасць заўсёды ідзе побач з роднай культурай, мовай і традыцыямі. 

Жыве вольная Беларусь! Жыве вечна!

#культурны_код #гісторыя
Твой дар — ёсць мой дах,
Крыл буслоў размах.
Маладосць ў руках, ў вачах тваiх азёрных —
Хопiць для дваiх.

#гісторыя
2 красавіка 1996 г. адбылося шэсце і мітынг пратэсту ў “дзень яднання” з Расеяй.

#гісторыя
Будаўніцтва і мітынгі — чым дыхаў Менск у 90-е.

#гісторыя
7 траўня 1999 года па дарозе дадому ў раёне вуліцы Магілёўскай у Менску знік экс-міністр унутраных спраў Беларусі Юрый Захаранка. Яму на той момант было 47 год.

Захаранка быў міністрам з 1994 да 1995 года, пакуль не расчараваўся ў палітыцы Лукашэнкі і не сышоў у апазіцыю.

У адным з інтэрв'ю Захаранка распавёў пра размову з Віктарам Шэйманам – кіраўніком Савета бяспекі, падчас якой яму ясна далі зразумець, што трэба выконваць любыя загады прэзідэнта.
«Людзей я расстрэльваць не буду, Канстытуцыю парушаць не буду», – адказаў Юрый.

А ўжо ў кастрычніку 1995-га Захаранка быў звольнены і паніжаны ў званні з генерал-маёра да палкоўніка. Прычынай адхілення паслужылі «фінансавыя парушэнні».

З гэтага моманту Захаранка перайшоў у шэрагі апазіцыі і падтрымаў кандыдатуру былога прэмʼер-міністра Міхаіла Чыгіра на выбарах 1999 года. А ўжо 7 траўня бясследна знік.

Паводле словаў палітычнага эмігранта і былога начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева, Юрый Захаранка быў выкрадзены, а пасля гэтага расстраляны паводле загадаў людзей, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі.

#гісторыя
На пачатку 2000-х «Дынама» лічыўся папулярным менскім рынкам. Павільёнаў там было нямерана, як і пакупнікоў. У 2012 годзе на рэканструкцыю стадыёна — знайшоўся фундатар, гатовы ўкласці ў праект грошы. Зачыненне было непазбежна…

#гісторыя
30 траўня 1999 года адбылася страшная трагедыя ў падземным пераходзе метро «Няміга» у Менску, у якой загінулі 53 чалавекі. Большасці з іх было ад 14 да 20 гадоў.

У той ракавы дзень каля Палаца спорту праходзіў піўны фестываль. Бліжэй к вечару падчас канцэрта гурта «Манга-Манга» пачалася навальніца, якая суправаджалася буйным градам. Некалькі сотняў маладых людзей пабеглі да бліжэйшага падземнага пераходу схавацца ад залевы.

У распачатай цісканіне, якая, паводле слоў відавочцаў, доўжылася не больш за 10 хвілін, загінулі 53 чалавекі (у асноўным ад удушша), сярод якіх былі 42 дзяўчыны і два супрацоўнікі міліцыі. Яшчэ каля 300 чалавек атрымалі розныя траўмы.

Доўгі час у падземным пераходзе станцыі «Няміга» існавала «сцяна плачу»: родныя і сябры загінулых вешалі ў пераходах фотаздымкі, іконы, тэксты малітваў, запальвалі свечкі ў памяць аб ахвярах.

30 траўня 2002 года на месцы трагедыі быў усталяваны мемарыял у выглядзе 53 руж, раскіданых па прыступках, а таксама маленькая капліца з металічнай плітой усярэдзіне, на якой высечаны імёны загінулых.

#гісторыя
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Інтымная гісторыя горада: куды ў дарэвалюцыйным Менску хадзілі шукаць любоўных уцех?

#эмдreels #гісторыя