Спадчына
2.89K subscribers
10.2K photos
87 videos
22 files
1.61K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
Што пад аховай. Для параўнання прывяду фрагмент гісторыка-архітэктурнага апорнага плана, дзе вызначана ўся каштоўная забудова горада. Легенда:
* сіні - дарэвалюцыйныя мураваныя (з сінім пунктам - якія вылучаюцца гісторыка-архітэктурнымі вартасцямі, з зялёным - шараговая гістарычная забудова)
* аранжавым - міжваенкі
* жаўтаватым - савецкі класіцызм
* палоскамі - каштоўная драўляная забудова.

На другой схеме блакітным - будынкі, якія цяпер з'яўляюцца помнікамі ў складзе гістарычнага цэнтра, а ружовым — помнікі, якія мелі статус да гэтага.

Навочна бачна, што цэлыя кварталы нават у межах гістцэнтра глядзяць на нас з асуджэннем «мы для тебя шутка какая-то?», бо ў іх пад ахову нічога не ўзялі. Добра пакрытая цэнтральная Сацыялачка, а на іншыя вуліцы (асаблівыя шыротнага кірунку) быццам проста паляніліся зайсці паглядзець. Вядома, гэта складна, каб зафіксаваць усе будынкі з першай схемы мне спатрэбілася ў 2021 годзе за дзень прайсці 30 км і зрабіць больш за 1000 фотаздымкаў. Але ж і ім трэба было!

#бабруйск
Магчыма нехта можа падумаць, што іншыя будынкі з апорнай схемы проста маюць недастатковыя мастацкія вартасці, каб ім надаць статус, але спяшаюся вас расчараваць: ніякай логікі тут няма.

Вось некалькі прыкладаў таго, што не трапіла пад ахову.
* Асабняк па Камсамольскай, 52 (фота 1), адзін з найлепшых і добра захаваных прыкладаў архітэктуры мадэрну не толькі ў горадзе, але, не пабаюся сказаць, і ў Беларусі.
* Асабняк па К.Маркса, 67 (2, 3) таксама мадэрнавы, але ўжо рацыяналістычнага кірунку. Вы толькі паглядзіце на гэтыя дзверы! 😍
* Асабняк па Пушкіна, 145 (4, 5) у стылі неакласіцызму пачатку XX ст., які мімікруе па савецкі клуб, але яго з галавой выдае форма атыкавых сценак, тэраса на чыгунных калонах і любоўна зробленая агароджа балкона з уплывам стылю мадэрн.
* Руіны гасцініцы Бярэзіна па Чангарскай, 46, месца прыцягнення ўсіх аматараў закінутых будынкаў. Ну так, навошта гістарычнай руіне ў цэнтры ахоўны статус, што можа пайсці не так?
* Але сэрцайка мне разбіў той факт, што ў пераліку адрасоў я не знайшоў Дзяржынскага, 21 — адрас таго самага знакамітага дома «Порт-Артур» з дваром-калодзежам (7, 8). Я вельмі спадзяюся, што ўсё не так адназначна і там нейкія фокусы з нумарацыяй, бо ў Беларусі сітуацыю з ёй можна апісаць хіба што выразам «трэш, угар ды садамія». Але калі не, то навошта вы там увогуле задумалі Бабруйску гістарычны цэнтр маляваць без Порт-Артура??? 😡
* Пра драўляныя дамы нават не трэба нічога тлумачыць, у нашай краіне да дрэва няма павагі. Але ў гістцэнтр горада таксама масава не патрапілі аднапавярховыя прыватныя дамы, якія па архітэктуры нічым не саступаюць сваім старэйшым (вышэйшым) субратам.

Такая вось ахова 🤷🏼‍♂️ Ніколі раней і вось ізноў.
#Бабруйск #непомнік
Рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 3 лістапада 2022 (так, у доступе толькі цяпер з'явілася) помніку танкістам-вызваліцелям, які размешчаны на скрыжванні вуліц Чырвонаармейскай і Карла Маркса, прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 3-й катэгорыі.

Заўсёды думаў, што ён ужо меў ахоўны статус.

#помнікі #Мінск #ахова
Аднаўленне сабора ў Пацуолі, які размешчаны ў старажытнарымскім храме Аўгуста псеўдаперыптарнага тыпу, адноўленым Сулам у 78 годзе да н.э. на месцы больш старога храма. Цэнтральны неф храма быў знішчаны пажарам 1964 года, у 1970 годзе ўвесь квартал быў эвакуяваныя з-за брадысейма (апускання ці падняцця зямлі праз вулканічную актыўнасць), у 1980 годзе адбылося землетрасенне. Толькі ў 2003 годзе быў абвешчаны конкурс на праект аднаўлення, які выйграў архітэктар Марка Дэзі Бардэскі. Прытвор не сталі аднаўляць. Контур раскрытага такім чынам рымскага храма быў замкнёны шкляным фасадам з візуальнай імітацыяй страчаных калон. Атрымалася, як па мне, даволі годна як з пункту гледжання рэстаўратарскага «не ўвядзі ў зман» так і з эстэтычнага боку (у адрозненні ад постмадэрнісцкага трэшу з глухім сінім шклом, які дагэтуль любіць прысабачыць у Беларусі да помніка з якога-небудзь боку).

P.S. хвілінка неўзаемнай рэкламы: ёсць вельмі цікавы падкаст-серыял «ROMA. Падение Республики», з якога вы можаце даведацца пра эпоху Сулы і яго незвычайнае жыццё.
#Італія #замежжа #аднаўленне #выяўленне #рэканструкцыя