Спадчына
2.89K subscribers
10.2K photos
87 videos
22 files
1.61K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
На продаж выстаўлена сядзіба Лапацінскіх у Лявонпалі Мёрскага раёна, пабудаваная ў 1769 годзе італьянскім архітэктарам Абрахамам Гену. З 1919 тут размяшчаўся касцёл, а пры саветах прафілакторый. Цяпер занядбаны комплекс на 1,3 га, да якога вядзе жудасная дарога, вырашылі прадаць за традыцыйна касмічныя 95 тысяч долараў.

Нядаўна быў там і заўважыў на сценах пад белай фарбай паліхромныя роспісы ў выглядзе чырвоных філёнгаў на жоўтым фоне, пра што апавясціў мясцовы выканкам. Цяпер гэтым пытаннем займаюцца спецыялісты з Мінкультуры, магчыма, размалёўкі будуць уключаны ў пашпарт як аб'ект аховы.

#Лявонпаль #сядзібы #аўкцыёны #ахова
https://m.realt.by/vitebsk-region/news/article/32032/
Надмагілле Антонія Скарбек-Вайчынскага, мужа заснавальніцы Масалянскай ардынацыі Юзэфы з Біспінгаў (огого род, раю пачытаць вам біяграфіі Аляксандра і Яна Каміля Біспінгаў — трылер!) каля касцёла ў Воўпе ў 2010 і 2021 гадах. Бясследна знікла гатычная агароджа, выканая ў тэхніцы мастацкага ліцця.

Добраўпарадкаванне ці вандалізм?

#дэградацыя #Воўпа #могілкі #дэталі
Лунна. Гэта не адзін і той жа дом, але фотаздымкі добра паказваюць у ва што ператвараюцца ўсе беларускія мястэчкі, калі іх адметнасці не ахоўваюцца на дзяржаўным узроўні (а амаль нідзе местачковая забудова ахоўнага статусу не мае).

#дэградацыя #гістарычнаязабудова #Лунна
Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы да, у час і пасля рэстаўрацыі. Ніхто і не чакаў, што паезуіцкі касцёл падкіне такі сюрпрыз, як паліхромныя роспісы на ўсіх фасадах. 😍 А ўявіце колькі ўсяго такога знішчана нядбайнымі гаспадарамі, якія без зандажоў збіваюць тынк, каб паказаць флёр старызны ў сваёй кавярні, або проста ўсё яшчэ схавана ад нас пад пластамі пабелкі і «караеда».

#Нясвіж #рэстаўрацыя #касцёлы #роспісы
Якая прыўкрасная гісторыя з мінулага... У 1976 годзе 11-гадовы Грыша Рудак, савецкі піянер і выдатнік Мацькаўскай школы, паглядзеў па беларускім тэлебачанні праграму пра тое, што трэба шанаваць помнікі архітэктуры. Паглядзеў і так уразіўся, што напісаў на тэлебачанне ліст пра касцёл у суседніх з яго роднай вёскай Альковічах.

Хлопчык справядліва палічыў будынак канца 19-пачатку 20 стагоддзя помнікам архітэктуры і адрасаваў стваральнікам тэлеперадачы ліст пра кепскі стан касцёла, у якім у 1969 годзе здарыўся пажар ад маланкі.

Мясцовым уладам давялося апраўдвацца... за пазіцыю хлопчыка:
«Мальчик, ошибочно полагая, что здание костёла в д. Ольковичи также относится к числу архитектурно-художественных памятников, проявил заботу о сохранении этого здания».
Хопчыку ж растлумачылі, што не кожны стары будынак мае гісторыка-культурную каштоўнасць і што будынак касцёла ў Альковічах і не помнік зусім, а звычайны кінуты аб’ект.

Чытаю гэта і складваецца адчуванне, што тыя людзі, якія пісалі гэты адказ у вышэйстаячыя органы і тлумачылі хлопчыку яго неправату, не толькі жывыя, але дагэтуль сядзяць у кабінетах выканкамаў, бо мне часам «тлумачаць» прыкладна ў тым жа рэчышчы.

#касцёлы #альковічы #ахова

https://rh.by/2021/11/09/alkovichy-kascjol/
Некалькі год таму ў Магілёве хацелі назваць безназоўную плошчу перад новазбудаваным гандлёвым цэнтрам імем Машэрава. Прапанова была адзінагалосна ўхвалена на сходзе сваіх грамадскіх арганізацый. Але яна натыкнулася на жорсткае непрыняцце магілёўцаў, у выніку ўлады адступілі. Прапанова была даволі цынічная ў тым плане, што гэтая плошча была шчыльна забудавана аж да канца 1970-х гадоў, часы кіравання Машэрава, калі яна была проста знішчана. Свята месца пустым не бывае, таму цяпер тут паставілі сціплы помнік народнаму адзінству і назвалі ў яго гонар прыпынак. Перайменаванне плошчы па факце не адбылося, бо патрабуе па заканадаўстве грамадскага абмеркавання, якое, наколькі мне вядома, не праводзілася. Карацей неяк без асаблівага энтузіязму і запалу паставіліся да новай ідэалогіі ў Магілёве.

Гістарычныя фота з архіва Лісоўскага