Спадчына
2.88K subscribers
10.2K photos
87 videos
22 files
1.61K links
Канал пра гістарычную архітэктурную спадчыну Беларусі і не толькі.

Наш чат: https://t.me/spadczynachat
Бот зваротнай сувязі: https://t.me/spadczyna_szepat_bot
Чат пра могілкі: https://t.me/mohilki
Download Telegram
#архітэктурабсср #публікуеццаўпершыню
Цікавая знаходка ў архіве БДАНТД: аказваецца дом па вул.Кірава, 19 ў Мінску, вядомы таксама як Дом энергетыкаў, пабудаваны ў 1929-30 гадах (фота 1) у першыя пасляваенныя гады думалі рэканструявааць з наданнем яго фасадам рысаў ужо больш пышнай пасляваеннай псеўдакласічнай архітэктуры - такі праект быў распрацаваны ў 1946 годзе ў Белдзяжпраекце (фота 2). Але нейкім дзіўным чынам праект не пайшоў у работу і будынак захаваў свой арыгінальны выгляд, характэрны для архітэктуры пачатку 1930-х (фота 3).
Спісывай, але не рыхт у рыхт...
На сайце музея Акадэміі мастацтваў Пецярбурга знайшоўся праект Залі народных сходаў 1906 года ад архітэктара Перацятковіча Мар'яна Мар'янавіча (1872-1916), які нешта вельмі нагадвае)
З гэтай нагоды паўстае пытанне, ці не быў гэты праект крыніцай натхнення для савецкіх архітэктараў, якія ў 1930-я прыняліся праектаваць "цыліндрычныя" тэатры? І Лангбард тут не адзіны, хто прыгадваецца, бо на конкурс опернага тэатра ў Мінску 1933 года не толькі ён прапанаваў будынак у форме цыліндраў пастаўленых адзін на адзін, былі яшчэ "цылідрычныя" праекты Ноя Троцкага і братоў Бархіных. Але ж ягоны праект найбольш падобны да праекта Перацятковіча 1906 года.
Перацятковіч у 1906 скончыў Акадэмію мастацтваў у Пецярбурзе (праект залі ягоная дыпломная праца), а пазней і сам там выкладаў, прычым, як раз у тыя гады, калі там вучыўся Лангбард (1907-1914). Ці не падгледзеў студэнт у выкладчыка тоё-сёе, ці не узяў на ўзбраенне творчы метад старэйшага калегі? Мне здаецца, гэтая тэма вартая даследвання.
Спецыялісты кажуць, што абодва архітэктары маглі абапірацца на класічную рымскую спадчыну і таму ў іх так падобна і атрымалася. Прыводзяць прыклады маўзалееў Адрыяна і Аўгуста з такіміж цыліндрычнымі формамі. Але ж, як па мне, паміж праектамі Перацятковіча і Лангбарда нашмат больш агульных рысаў, чым паміж імі і рымскімі маўзалеямі (колькасць і прапорцыі цыліндраў, сіметрычныя прыбудовы па баках, парадная лесвіца і, нарэшце, "вушы" на версе, такіх "вушэй" у рымлян не было). Гэта я да таго, што калі б архітэктары незалежна адзін ад аднаго натхняліся гэтым рымскім узорам (ці нейкімі іншымі) ў іх наўрад ці атрымаліся настолькі падобныя праекты. Тут нешта не чыста.
Спадчына
Photo
Абсалютна згодны з тым, што генетычна праект Перацятковіча ўзыходзіць да рымскіх пабудоў. Тут варта звянуць увагу на біяграфію творца. Ён больш вядомы як архітэктар мадэрну, але ў той жа час адзін з галоўных неакласіцыстаў 1900-1910-х гг. Яго імя часта ідзе другім пасля імя беларуса Івана Жалтоўскага, які на італьянскіх, у прыватнасці паладыянскіх, узорах стварыў пасля "сталінскі ампір". Не менш апантаны італьяншчынай быў, відаць, Перацятковіч.

Дарэчы сам гэты праект ёсць дыпломным. Ён быў прадстаўлены ў 1906 годзе, за яго Перацятковіч атрымаў права на паездку ў 1907 годзе ў Італію за дзяржаўны кошт (пенсію). У 1907 годзе ў ягоную альма-матар паступае Іосіф Лангбард. Не ведаю, як там усё было, але не выключаю, што выдатныя праекты выпуснікоў выстаўляліся і былі агульнадаступнымі. Ну і праект Перацятковіча быў надрукаваны ў 1907 у "Ежегоднику Общества архитекторов-художников" - студэнту-архітэктару было цяжка абмінуць такую рэч.

Пасля Перацятковіч вярнуўся і чытаў курс лекцый у вучылішчы, дзе вучыўся Лангбард.

Што тычыцца канкрэтных крыніц, то рымскія маўзалеі Адрыяна і Аўгуста напрошваюцца самі сабой. Пры тым абодва захаваліся часткова (маўзалей Адрыяна сёння замак Святога Анёла, а маўзалей Аўгуста проста музеефікаваная руіна на іншым беразе Тыбра), але яўна мелі тэлескапічную пабудову, дзе кожны ярус быў меншым за іншыя. Верхняя частка іх не збераглася, ёсць некалькі варыянтаў сучасных рэканструкцый. Адной з найбольш распаўсюджаных гістарычных рэканструкцый маўзалея Аўгуста быў чатырохярусны "торт". Сучасныя рэканструкцыі больш кансерватыўныя, але яны сучасныя, а мы кажам пра пачатак 20 ст.

Відавочна, што другая крыніца, якая хутчэй падмацоўвала першую, чым была самастойнай - знакамітыя цыліндрычныя збудаванні амфітэатра Флавія (Калізей) і цырка Марцэла. Пры тым другі ў плане паўкруглы, бо ў яго была сцэна - роўна тое, што і трэба для Залы народных сходаў і опернага тэатра. Можна заўважыць, што ў цырка Марцэла ёсць бакавыя залы-кулуары з паўкруглымі апсідамі... і Перацятковіч паўтарае гэтыя паўкружжы на сваім плане.

Паўкруглыя тэатры не рэдкасць, іх проста валам. У 1870-я будуюць оперу Зэмпера ў Дрэздэне, у 1880-я оперу ў Адесе. Яны вельмі падобныя ў сваім эклектычным багацці, але праект Перацятковіча адрозніваецца ад іх - ён па-рымску аскетычны, тут дапушчальныя вялікія плошчы сцен, пазбаўленыя дэкору, чаго не магло быць у папярэднім эклектычным стылі. Прыгадайце голыя брутальныя сцены тэрмаў, маўзалеяў, Пантэона - яны можа і мелі дэкор калісьці, але і сёння, і век таму ўспрымаюцца менавіта вось так.

Дакладнага пераймання няма, гэта хутчэй сінтэз і кампіляцыя рымскіх помнікаў з улікам сучасных аўтару рэалій. Патрэбныя лесвіцы для сцэнічнай скрыні - будуць "вушкі" па баках.

А вось праект Лангбарда сапраўды "неадрозны да змяшэння". Плагіят? Праект Перацятковіча ніколі не быў рэалізаваны, а сам ён памёр маладым ад інфаркту. Прапаную лічыць гэта амажам Лангбарда да Перацятковіча. Дарэчы беларускі дойлід не вытрымаў і знішчыў рымскую аскетычнасць частымі вертыкальнымі чляненнямі, выкінуў і класічны ордар - атрымаўся цалкам праект у духу мадэрнізму і арт-дэко.

Так што... ўсе дарогі сапраўды вядуць у Рым. Як тут не думаць штодня пра Рымскую імперыю?
Сёння адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. Хачу звярнуць увагу на яшчэ повязь беларускай архітэктуры з сусветнай.

Знакамітая альтанка ў парку пры палацы Горватаў у Нароўлі, якую часта прымаюць за маяк, гэта паўтарэнне помніка старажытнарымскай архітуры - маўзалея Гая і Луцыя Цэзараў.

Маўзалей пабудаваны ў пачатку I ст. н. э. ў Глануме (сёння поўдзень Францыі) як пахавальня ці кенатаф (сімвалічная магіла) для пляменнікаў імператара Аўгуста, якія памерлі маладымі.

Маўзалей вельмі падобны да маўзалея Істацыдяў у тым жа горадзе, але мае больш выцягнутыя прапорцыі і больш цяжкія аб'ёмы.

Кубічны ніжні ярус, пакрыты рэльефамі, трактаваны як саркафаг. Над ім, падобна да ўрачыстай трыумфальнай аркі ў гонар юных герояў, падымаецца высокі скразны аб'ём (тэтрапілон). Кожны яго фасад у цэнтры прарэзаны аркай, па кутах фланкіраванай карынфскімі калонамі, якія падтрымліваюць антаблемент з узорыстай стужкай фрыза.

Вянчае круглы маноптар (круглы храм), у якім да XVIII ст. стаялі статуі абодвух Юліяў, магчыма, быў задуманы як памінальны храм.

Падоўжаныя прапорцыі, вузкія інтэркалумніі (прасветы між калонамі), цяжкія формы канеліраваных калон з празмерна пышнымі капітэлямі даюць адчуць рымскі дух збудавання.

Рамантычная альтанка ў Нароўлі, наадварот атрымалася рамантычна вытанчанай і узнёснай, можа трошні нераўнаважнай па аб'ёмах, а выкарыстанне цэглы замест натуральнага каменю запатрабавала больш устойлівай асновы з контрфорсамі.

#Нароўля #паралелі
У 2024 годзе плануюць дадаць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў шэраг новых аб'ектаў.

У Гомельскай вобласці:
* руіны царквы ў вёсцы Свержань Рагачоўскага раёна.
* Месца былога замка Сапегаў у вёсцы Антонаў Нараўлянскага раёна. (Першы раз чую пра такі!)
У Гродзенскай вобласці:
* Будынак Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Нарэшце ўзяліся за савецкі мадэрнізм.
* Гістарычная частка Слоніма
У Магілёўскай вобласці:
* Новаствораны гістарычны цэнтр Бабруйска, у якім сёння 58 аб'ектаў, дапоўняць яшчэ 15 будынкамі.

У Віцебскай вобласці:
* Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Параф'янаве Докшыцкага раёна, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ў стылі неабарока. Гэта брат-блізнюк касцёла ў Лынтупах, які атрымаў нарэшце ахоўны статус летась.
* Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі 1824 года ў неараманскім стылі ў Браславе.

У Мінску:
* Дом па праспекце Незалежнасці, 27А. Адзіны будынак, які застаўся ад Юр'еўскай вуліцы

Такім чынам у аўтсайдарах пакуль застаюцца Брэсцкая і Мінская вобласці. А яшчэ зноў ніводнага драўлянага будынка ці помніка манументальнага мастацтва. Але добра, што ў першай палове года ёсць нейкі план, запас аб'ектаў на год. Можа да канца года яшчэ якія помнікі падцягнуцца. Нагадаю, што падрыхтаваць прапанову на наданне ахоўнага статусу можа кожны, хоць гэта і складана.

#ахова #Антонаў #Браслаў #Параф'янава #Свержань #Бабруйск #Слонім #Мінск #Гродна