Павел Севярынец
1.07K subscribers
54 photos
1 video
7 links
Асабісты канал
Download Telegram
ЧАМУ НАМ ТАК ЦЯЖКА ПАРАЗУМЕЦЦА?

Мы, беларусы - людзі лясныя. Мы спрадвек жылі сярод гушчараў, затканых імглою. А ў лесе любы шолах - падазроны, любы госць - непажаданы, любы пень здаецца пачварай.

У адрозненні ад рускіх, украінцаў і палякаў мы інтраверты, заглыбленыя ў сябе - між іншым, як і найбліжэйшыя да нас паводле характару літоўцы.

У рускіх бяскрайняя прастора, у украінцаў стэп, у палякаў, вядома, поле... А ў нас - глыбіня. Яны народы гарызантальныя, шырокія душы, якія лёгка яднаюцца і дружна рухаюцца. А мы, беларусы - вертыкальныя.

Мы засяроджаныя на сабе. Мы жывем у сабе.

Адсюль - агульная млявасць і абыякавасць да жыцця нашых рухаў і партыяў, адсюль праблемы супольнага інтарэсу і наогул дзяржаўнасці.

Як кіраваць народам, у якім дзесяць мільёнаў геніяў?!

Мы маем асабліва цаніць, шанаваць, берагчы тое супольнае, што ў нас ёсць. Мову. Культуру. Гісторыю. Грамадскія структуры, якія працуюць. Чалавечыя стасункі. У нас, беларусаў, супольнае на вагу золата.

ТАМУ: БЕЛАРУСЫ, ЛЮБІЦЕ АДЗІН АДНАГО!
70🥰13👏10👍9🦄3
18 снежня 2025 года.

Мы з Уладзям Лабковічам, ачмурэўшыя пасля турмы, едзем у Вільню аўтобусам, якім вяртаюць на радзіму вызваленых з палону украінцаў.

А вязе нас Святлана Шаціліна, кіраўніца Місіі беларускіх дэмакратычных сілаў ва Ўкраіне.

Ад Чарнігава да Вільні, паўтары тысячы кіламетраў праз дзьве мяжы, без сна і адпачынку Святлана пільнавала, каб больш як сто беларускіх дэпартаваных палітвязняў былі забяспечаныя ежай, пітвом, каб былі выкананыя ўсе фармальнасці.

Калі хто-небудзь з вязняў, забыўшыся, казаў родным праз тэлефон, што "вось цяпер мы праязджаем праз тую самую Бучу", Святлана цярпліва тлумачыла, што раскрыццё лакацыі па мабільнай сувязі можа скончыцца "прылётам".

А цяпер Святлана дбае пра тое, каб беларускія арганізацыі і супольнасці ва Ўкраіне былі скаардынаваныя, каб "украінскі разварот" да вольных беларусаў даў найбольшы вынік і для Беларусі, і для Украіны.

Задача цяжкая і няўдзячная, але абсалютна неабходная і крытычна важная.

Божай ласкі, сілаў і ўпартасці Вам, дарагая Святлана!
95👍25🥰7🌭2🤔1
Алена Жаркевіч, кіраўніца валанцёрскай супольнасці "Сустрэча", першай з беларусаў сустрэла дэпартаваных палітвязняў ва Ўкраіне.

Менавіта яна са сваімі паплечнікамі рупілася пра цёплыя рэчы, ежу, мабільную сувязь і інфармаванне ў першыя дні ў Чарнігаве.

Даглядалі нас, як родных.
А цяпер, у моцныя маразы, калі расейскія ўдары пакінулі Украіну без святла і цяпла, "Сустрэча" арганізавала ў Кіеве беларускі "Пункт нязломнасці" для ўкраінцаў.

Сама назва "Сустрэча" сёння трапляе ў сэрца і ўкраінцам, і беларусам. Мы сустракаемся, каб быць разам. Мы сустракаемся, каб нас не адолелі. Мы сустракаемся, бо Бог кажа: дзе двое ці трое сышліся ў імя Маё, там і Я сярод вас.

І самім беларусам ва Ўкраіне, як паветра, цяпер патрэбная СУСТРЭЧА.

Божага дабраславення, сілаў і нязломнасці, Алена!
101🙏18👍14🥰82
Мікола Дзядок быў першы з палітвязняў, каго я ўбачыў у турме ўвосені 2020 года.

Гэта было на Валадарцы, якую цяпер разносяць па цаглінах, у спецкалідоры, дзе трымалі пажыццёва асуджаных і асабліва небяспечных.

А ўлетку 2024 года сустрэў яго на пакаранні ў Гарадзенскай крытай турме: тады ўсіх "палітычных" пачалі малаціць бесперапыннымі "суткамі" перад кампаніяй "выбараў".

Мікола трымаўся ў турме УЗОРНА. Кажу вам, гэта быў проста Галівуд. Месяцамі ў ШІЗА і "адзіночках". Годна, проста і ясна, па-беларуску, размаўляў і з адміністрацыяй, і з сябрамі, і з "блатнымі". Гучна падтрымліваў суседзяў. Распавядаў навіны. Сведчыў пра Бога.

Такую праверачку, паверце, пройдзе далёка ня кожны.

Колькі разоў адміністрацыя спрабавала яго зламаць, "апусціць", справакаваць, маральна знішчыць. Але Дзядка было, як кажуць у турме, "ня ўзяць".

З кім бы без ваганняў пайшоў, як кажуць, "у разведку" - дык гэта з Міколам Дзядком.

Трымайся, браце!

Бог бачыць сэрца Міколы;
Міколу ня ўзяць ніколі! ;-)
118👍22🙏18👎17👾3
Сябры-беларусы, хто ў Літве!

Робім распродаж календароў з турэмнымі малюнкамі "У сэрцы Беларусь".

У сераду 4 лютага а 19.00 у Вільні ў прасторы KROPKA (Savičiaus g. 6) адбудзецца творчая сустрэча і апошні распродаж аўтарскіх календароў на 2026 год. Малюнкі да календароў рабіліся па турмах у перыяд з 2020 па 2024 год.

Запрашаю на сустрэчу: будзе магчымасць пагутарыць, папіць гарбаты і абмеркаваць пытанні.

Календары можна будзе стала набыць у Kropka і пасля сустрэчы.
78👍17🔥6🥰5
МАША, ТЫ НАША!

Марыя Калеснікава заззяла як зорка ў Маладым Фронце.
Па-беларуску, пад бел-чырвона-белым сцягам, з флейтай. Прыгожа!

Маша была адна з першых дыджэяў Адраджэння - пераможцаў маладафронтаўскіх лідэрскіх курсаў у самым пачатку 2000-ых.
Цудоўнай, яскравай, волевай моладзі тады ў беларускім руху было мноства.

Але чым далей у эпоху Лукашэнкі, тым больш бел-чырвона-белая рамантыка пачынала ўспрымацца не як моц і прыгажосць народа, а як дзівацтва і скрайнасць.

У 2020 годзе дайшло да таго, што новыя лідэры пратэстнай палітыкі адпачатку стараліся адмежавацца ад беларускасці і нацыянальнага сцягу - маўляў, гэта "старая апазіцыя".

Але ў жніўні 2020 года сотні тысячаў беларусаў выйшлі на пратэст менавіта з бел-чырвона-белымі сцягамі Хрыста. І зноў на поўны голас загучала беларуская мова.

Ніякая не "старая", але вечная.

Гэтая з'ява - вялікая навука для ўсіх беларусаў, якія кажуць ад імя Беларусі.

Няможна адкідаць душу і сутнасць сваёй Радзімы - і заставацца яе сэрцам.

У жніўні 2020 года Маша Калеснікава вярнулася пад бел-чырвона-белыя сцягі. І тое, што яна зрабіла тады, яе адвага і любоў - застанецца ў беларускай гісторыі. Моц і святло яе вобразу, як і цуд Святланы Ціханоўскай, як мужнасць Статкевіча, як змаганне мільёнаў беларусаў - Божы дар і наш супольны здабытак.

Пасля выхаду з турмы, ва ўкраінскім Чарнігаве, пасля вядомай прэс-канферэнцыі і абурэння беларусаў мы з Уладзям Лабковічам, класным маладафронтаўцам 1990-ых, гадзінамі размаўлялі з Машай і Марынай Золатавай. І Маша, і Марына выдатна размаўляюць па-беларуску. А як файна Маша з Максімам Знакам спявалі для ўсіх палітвязняў "Тры чарапахі" і "Простыя словы"!..

І нам, беларусам, і самой Машы трэба асэнсаваць, якую каштоўнасць дае нам Бог - час, у якім мы жывем, і цуды, якія Ён творыць праз нас.

Варта разумець: праз нашы пакуты ў турмах, войнах, выгнаннях спрабуе выявіцца Сам Хрыстос.

Ці дазволім мы Яму - ці не?

Варта зацеміць раз і назаўжды: найвялікшая каштоўнасць Беларусі - гэта людзі.

Нават Лукашэнка, які канвеерам вывозіць на экспарт за мяжу і прадае найлепшых беларусаў Захаду, гэта разумее.

Дык вось, мы, беларусы, ня можам дазволіць сабе раскошу выкідваць, як непатрэбнае рыззё, з беларускага жыцця ані "старую апазіцыю", ані змагароў, якія ахвяравалі сабою, ані дабраахвотнікаў, што ваявалі за Украіну, ані Машу Калеснікаву.
Трэба цаніць і берагчы кожнага беларуса!

Давайце вучыцца гэтаму ў габрэяў, з якімі мы жылі стагоддзямі поплеч.

Тое, што Святлана Ціханоўская запрасіла Марыю стаць разам у навагоднім эфіры - гэта добра, па-беларуску.

Тое, што Зянон Пазняк знайшоў словы, каб суцішыць цкаванне Машы - гэта добра, па-беларуску.

І калі сама Маша пяройдзе на беларускую мову ды будзе з'яўляцца пад бел-чырвона-белым сцягам, кажучы пра Беларусь - гэта таксама будзе вельмі добра, па-беларуску.

Да 2020 года можна было лічыць, што адкрытая беларускасць - гэта дзівацтва і слабасць.

Але цяпер адкрытая беларускасць - гэта моц і прыгажосць, якія адгукаюцца ў сэрцах мільёнаў.

Беларусь ЖЫВЕ - і жыве яна ў сэрцах беларусаў.
81👎27🤯20🤣7😁3
Камандай вызваленых палітвязняў сустрэліся ў Беларускім доме ў Вільні з прадстаўнікамі Еўрапейскай камісіі і дыпламатамі краінаў Еўропы.

Размаўлялі пра Беларусь, турмы і дапамогу беларусам, якія апынуліся за мяжой.

Дзякуй вялікі Праваабарончаму цэнтру "Вясна"!

Дзякуй Літве і ўсёй Еўропе!
79👍16🥰6👎5🙏3
Лукашэнка баіцца святла.

Цемра наогул у жаху нават ад адзінай свечкі - бо, калі ёсць святло, тады цемра рассейваецца.

Што і казаць, цемра сама па сабе - адсутнасць святла, і нічога болей.

Нармальнаму чалавеку ніколі ня прыдзе ў галаву, калі няма вайны і ёсць АЭС, ўзяць і адключыць асвятленне на вуліцах увечары ўзімку.

Але дзіця цемры...

О, дзіця цемры ў гневе зробіць разнос падначаленым, аддасць загад і палюбуецца тым, як уся краіна пагружаецца ў змрок.
І абавязкова спалохаецца, калі людзі абурацца: аказваецца, большасць у краіне, якой ты кіруеш - дзеці святла.

А Беларусь - краіна святла.

Светлае, прамяністае імя.

Светлы, белы-белы з чырванню сцяг.

Ясныя вочы. Белы снег. Белы лён.

Зямля пад белымі крыламі!

Дзіця цемры прымружваецца ад беларускага святла, нібы ад болю.

Бо на тле беларускага святла чарната і бруд асабліва заўважныя.

Бо праз Беларусь у свеце свеціць Бог.

Таму - ня бойцеся цемры.

Цемра - гэта проста пустата.

"І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго" (Яна 1:5).
🔥4725👍8🕊81
У ШІЗА заўжды казаў сабе: слухай, тым хлопцам, якія зараз на фронце ва Ўкраіне, яшчэ цяжэй.

І тады, і цяпер - мабыць, цяжэй за ўсіх.

Бо якая сучасная вайна? Увесь час чакаеш, пакуль прыляціць. А калі прылятае, размазвае чалавека па сценах.

Жыць кожны дзень як апошні - гэта на мяжы чалавечай псіхікі.
Але яны стаяць - супраць цемры, за нашу і вашу свабоду.

Украінцы і беларусы.
Хлопцы, мужыкі і нават дзяўчаты.

"Няма любові большай, чым калі хто аддасць душу сваю за сяброў сваіх" ( Яна 15:13).
82🙏37👍7👏3🕊3
Напачатку 2000-ых на адным з дыпламатычных прыёмаў у Менску я, тады яшчэ старшыня Маладога Фронту, падышоў да Паўла Латушкі. Ведаў, што ён - хіба адзіны з заўважных дзяржаўных службоўцаў, хто прынцыпова размаўляе па-беларуску. Падзякаваў яму за беларускасць і пацікавіўся, ці спадзяецца ён змяніць сістэму Лукашэнкі знутры.

Латушка адказаў, што мы ўсе марым пра адну і тую ж незалежную, дэмакратычную і беларускую Беларусь, і ён спрабуе ісці такім шляхам.

Як і нацыянал-камуністы 1920-ых, Латушка зрабіў дзеля Беларусі ўсё, што мог, знутры сістэмы - годна, па-беларуску прадстаўляў Беларусь у краінах свету і міжнародных арганізацыях, прабіў грандыёзную праграму "Замкі Беларусі", ратаваў беларускую культуру ад саўка і Масквы.

За колькі гадоў Латушка сабраў каманду адмыслоўцаў, здольную замяніць касцяк дзяржаўнага апарату Беларусі, калі адчыніцца "вакно магчымасцяў".

І думаю, пакуль няма лепшай альтэрнатывы на пасаду першага прэм'ер-міністра вольнай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі.
👍81👎2618🥱7👏2
З Дзянісам Урбановічам мы пазнаёміліся ўлетку 2018 года на Курапатах.

Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Дзяніс з камандай маладафронтаўцаў перабраўся на фронт. Удзельнічаў у баях, колькі разоў быў цяжка паранены, на валасок ад смерці. У яго на руках паміралі маладыя беларусы. Шмат каго са сваіх сябраў Дзяніс пахаваў на украінскай зямлі.

Бог захаваў Дзяніса Урбановіча.

І Дзяніс быў адным з першых, хто патэлефанаваў мне па вызваленні ў Чарнігаў.

Дзяліўся сваім болем. Казаў, што кіраўнікі дэмакратычных сілаў ня спраўдзілі надзеяў. Што ня так усё проста ў Палку Каліноўскага.

Ня мне судзіць Дзяніса Урбановіча. Ён ахвяраваў сабой дзеля Беларусі. Ён неаднойчы бачыў смерць і выжыў. Многія рэчы, якія ён кажа - жорсткая праўда.

Але Бог усё жыццё вучыць мяне: шукай у людзях добрае. Углядвайся ў святло ў душах беларусаў. Не засяроджвайся на цемры - бо цемра таксама глядзіць на цябе і хоча паглынуць цябе.

Ідзі на святло. І ўбачыш Бога.

Дай Бог Дзянісу здароўя ды моцы - каб ісці на святло.
77🙏26👍144🔥3
Сябры, запрашаю на сустрэчу ў Вільні!
Пятніца 13-е, усё як мы любім)))
59👍43😁1
Барыс Гарэцкі прыйшоў у Малады Фронт у самым пачатку 2000-ых.

У 2003-2007 Барыс Гаэцкі рабіў найкруцейшыя акцыі ў кампаніі "Горад наш!", калі маладафронтаўцы вывешвалі на галоўных вяршынях беларускіх гарадоў бел-чырвона-белыя сцягі.

Вялізныя палотнішчы на праспекце Скарыны, вертыкальныя банэры, спушчаныя з дахаў менскіх высотак (адзін з іх, памятаю, у падтрымку палітвязняў, даўжынёй 36 метраў), сцягі на дратах па-над вуліцамі і антэнах маланкаадводаў...

Потым Барыс працаваў на Радыё Рацыя, а ў 2018-ым яго абралі намеснікам кіраўніка Беларускай Асацыяцыі Журналістаў.

Сям'я Гарэцкіх прыняла ў Вільні вызваленага Змітра Дашкевіча, збірае і возіць у Кіеў гуманітарную дапамогу для Украіны, падтрымлівае і дапамагае ва ўсім нам. Опцыя "званок сябру" ў складанай сітуацыі - гэта пра Барыса.

Шэраг знакамітых Гарэцкіх - пісьменніка Максіма Гарэцкага, геолага Гаўрылы Гарэцкага, акадэміка Радзіма Гарэцкага - сёння працягвае Барыс Гарэцкі.

Здароўя, веры і Божага дабраславення, дружа!
64👍23🙏8👎61
Беларусы ніколі не здаюцца.

Нядаўні блэкаўт у Менску высвяціў адну рэч.

У маўклівай шматгадовай барацьбе з беларусамі Лукашэнка пацярпеў чарговую паразу.

І грукнуў жа кулаком па стале! Я сказаў! Выключыць свет! Быстра! Усем ціха, заткнуцца і не шавяліцца!

А вось хрэн табе, адказалі беларусы.

І трэба адкручваць назад, апраўдвацца, юліць. Зноў і зноў - як з недармаедамі, стоп-бензінам, выбухамі ў метро, 2020-ым годам...

Вось глядзіце - Лукашэнка ж такая унікальная палітычная істота, чуе нутром, выходзіць сухім з вады.

А з беларускім народам - затык.

Лукашэнка адмаўляецца асэнсаваць, што беларусы - народ з глыбокай гісторыяй, сваёй мовай і годнасцю.

Для яго гэта народзец.

Беларусы могуць доўга цярпець, трываць, рабіць выгляд... Але потым рраз - і даюць зразумець, хто ў хаце гаспадар.

Канечне, Лукашэнку гэта выбешвае.

Беларуская мова, беларуская культура, вышыванка, адкрыты позірк, ціктокі, ціхая фронда - тарфяны пажар, які тлее пад нагамі рэжыму.

Бо беларусы ніколі, ніколі, ніколі не здаюцца.
60💯29👍9🔥9🙏4
Дзякуй самаахвярнай Наталлі Калегавай і цудоўнай камандзе віленскага "Замку" за цёплую сустрэчу ўчора ўвечары!

Людзі, у кожнага з якіх за плячыма галівудская гісторыя пра змаганне, турму, уцёкі, выжыванне і каханне.

Тры дзясяткі пытанняў пра Беларусь, цяжкасці жыцця ў выгнанні, надзею на перамогу і Бога.

Мы - разам. І Беларусь жыве - нягледзячы ні на што!
66👍20👏7👎5🙏5
Канцэрт Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна, ды яшчэ ў Вільні, ды яшчэ на Дзень святога Валянціна - для любога беларуса рэч эпічная.

Музыкі ахвяравалі частку квіткоў для вызваленых палітвязняў і іх сем'яў, мы з Волечкай і Францішкам пайшлі - і ані хвіліны не пашкадавалі.

Заля віленскага Павільёнаса была поўная. Большасць людзей - беларусы, якія ўжо жывуць тут колькі гадоў, з хвалі 2020-га. Было асабліва цікава паглядзець на гэтае пакаленне эміграцыі - у тым віры, які ў свой час уздымаў нашу маладафронтаўскую хвалю.

Вольскі - канечне, Майстар. Прыхварэўшы, але выйшаў і адпрацаваў як мае быць сваім крутым рокавым голасам, з жартамі і заваднымі рэплікамі.

А беларусы ў залі былі досыць стрыманыя. Адчуваўся цяжар апошніх гадоў, прыгнечанасць і, вядома, наша родная здольнасць "не паказваць выгляду". Але напрыканцы, з "Песняй пра каханне" грамада ўжо танчыла, а "Тры чарапахі" грымела дружным хорам.

Беларусы падымуцца. Разварушацца. Разгайдаюцца. Трэба толькі папрацаваць - упарта і натхнёна, як Вольскі.
82👍14🙏5💯4🥱1
У лістападзе 2013 года падчас украінскага Майдану нас разам з Уладзімірам Някляевым запрасілі ў Вільню на канферэнцыю Усходняга партнёрства.

Героямі там, канечне, былі лідэры Майдану Арсень Яцанюк, Віталь Клічко і Алег Цягнібок. Сярод сотняў палітыкаў і запрошаных яны адразу вылучаліся - было такое ўражанне, што на галаву вышэй за ўсіх.

- Ты паглядзі, якія асаністыя ўсе ўтрох, як спіну трымаюць - сказаў мне Уладзімір Пракопавіч. - Адразу бачна, што за імі - народ.

Дык вось, сам Уладзімір Някляеў і ў беларускай літаратуры, і ў беларускай палітыцы заўжды трымаўся з гэткай жа шляхетнасцю.

Бо за ім - беларускі народ.

Паэты ўмеюць глядзець на палітычную сумятню і звады звысоку, і ў іх гэтага не адняць.

Бо дар (калі гэта Паэт) - ад Бога.
65👍12👌6👎2
Э-эх, згадаем маладосць, сябры! ))
Запрашаю на беларускую віктарыну да дня роднай мовы - 20 лютага, 19.00, віленская "Карчма".
Гісторыя, геаграфія, мова, культура, спорт, феномены, асобы...
Хочаце выйграць добры прыз - прыходзьце з сябрамі.
Уваход вольны.
61👍19🥰3🔥2
Пачуў, што Францішак запытвае ў Гугла пра свае ўлюбёныя самалёцікі па-расейску.

Як так?!

Аказалася, у Гугла адсутнічае галасавы ўвод па-беларуску.

Але ёсць у нас, беларусаў, петыцыя да Гугла Ўсюдыіснага - зрабіць, каб мы маглі размаўляць са сваім родным тэлефонам на сваёй роднай мове.

Петыцыя па спасылцы.

Сябры, падтрымайце!
81👍23👏5🔥3🥰2
Пакуль беларус з беларусам ня будзе размаўляць па-беларуску - ніякай вольнай Беларусі ня будзе.

Запрашаю на Дзень роднай мовы ў Вільні, сябры!
70👍21🔥8🤗3😁1