Павел Севярынец
1.02K subscribers
95 photos
3 videos
17 links
Асабісты канал
Download Telegram
Сустрэча "Беларускі рух у Вільні": Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя пашыраецца.

Паразмаўлялі пра тое, які досвед Скарыны, Каліноўскага, Багушэвіча, Луцкевічаў, Станкевіча, Цёткі ды іншых віленскіх волатаў варта і трэба пераймаць беларусам сёння.

Другая беларуская школа ў Вільні, беларускамоўны дзіцячы садок, "нулявы" клас у гімназіі Францішка Скарыны, экалагічная акцыя 25 красавіка разам з літоўцамі, "Чарнобыльскі шлях", малітва за Беларусь, экскурсіі па Вільні, працоўны хаб для беларусаў, збор подпісаў за беларускамоўны галасавы ўвод у Гугле - абмеркавалі тое, што можна і трэба рабіць цяпер.

А напрыканцы правялі віктарыну пра знакавыя мясціны Вільні: галоўны прыз, Біблію па-беларуску, выйграў Андрэй Квашэвіч.

Дзякуй усім, хто рыхтаваў сустрэчу, дапамагаў і ўдзельнічаў, сябры!

Фота Радыё Рацыя
59
Пакаранне за вітанне. Шклоўская калонія.

Адна з галоўных задачаў адміністрацыі турмаў і калоніяў - пераканаць вязня (і асабліва палітычнага вязня) ў тым, што ягонае жыццё залежыць толькі ад "таварыша начальніка".

Нават калі ты ідэальна выконваеш Правілы ўнутранага распарадку, не "адсвечваеш", пішаш стэрыльныя лісты на волю і ня сварышся з "заўхозамі" ды "шасцёркамі" - надыходзіць час, насупраць твайго прозвішча ў пэўнай эксэлеўскай табліцы з'яўляецца злавесная "птушачка", і ты паехаў з усімі прыпынкамі.

А калі ты, "жаўтабірачнік", яшчэ і размаўляеш па-беларуску, ціснеш рукі такім, як ты, абмяркоўваеш навіны, пачутыя па радыё, і лічыш, што не Украіна напала на Расею, а зусім наадварот - рыхтуйся.

У Шклове ўлюбёны тып адстрэлу - "пакаранне за вітанне".

Паводле Правілаў унутранага распарадку, ты мусіш прывітацца з любым супрацоўнікам калоніі, які трапіўся на тваім шляху. Але адначасова, калі атрад ідзе шыхтом у сталоўку, на промку альбо ў лазню - у шыхце забаронена размаўляць наогул.

І вось ты ідзеш па шклоўскім "Брадвеі" у шыхце ў сталоўку, глядзіш роўна ўперад (бо паварот галавы ў бок суседа могуць зафіксаваць спецыяльна абучаныя супрацоўнікі калоніі, якія сядзяць за пультам камераў назірання ў штабе альбо на КП, зрабіць скрыншот і прад'явіць табе як доказ размоваў), а на ходніку стаіць дзяжурны таварыш маёр.

Ты ў шыхце. Размаўляць забаронена. Увесь атрад праходзіць міма моўчкі.

- Отряд, стой.

Маёр паказвае пальцам:

- Северінец, подойдіте.

Выходжу з шыхта, да яго, раблю даклад.

- Почему не поздоровалісь?

- Так у шыхце ідзем, грамадзянін начальнік. Правілы ўнутранага распарадку забараняюць размаўляць у шыхце.

- Вы обязаны поздороваться с сотрудніком.

- Так увесь атрад маўчыць...

- С отрядом мы разберёмся. Вы за себя отвечайте. Пішіте об'ясненіе.

"Об'ясненіе" - гэта значыць пакаранне, пазбаўленне спаткання, перадачы альбо "суткі" ў ШІЗА.

На пакаранні ў штабе забралі чарговую перадачу (яна два разы на год). Вось табе пакаранне за невітанне.

Літаральна праз пару дзён змена таго ж маёра. Ідзем у сталоўку шыхтам. Стаіць, глядзіць на мяне. Усміхаецца - зараз будзе майстар-клас.

- Добры дзень, грамадзянін начальнік, - бадзёра вітаю я.

- Отряд, стой. Северінец, выйті із строя.

Выходжу.

- Опять нарушаем!

- Так я ж павітаўся, грамадзянін начальнік.

- Вы в курсе, что разговоры в строю запрещены?

Атрад хіхікае. Маёр задаволены.

- Вот вы же не ісправляетесь, Северінец. Нарушаете і нарушаете. Пішіте об'ясненіе.

На камісіі ў начальніка забіраюць спатканне з роднымі. Гэта пакаранне за вітанне.

У маёй калекцыі толькі ў Шклове пакаранняў за вітанне і невітанне набралася больш дзясятка.

Такія рэчы робяцца дэманстратыўна. Каб кожны беларус, і найперш "палітычны", засвоіў на ўзроўні рэфлекса: закон - для дурачкоў. Ёсць начальнік, і кропка.

Як там казаў класік? Мэта рэпрэсіяў - рэпрэсіі. Мэта улады? Улада.

І гэта - дзіч, супраціўная самой натуры беларуса, законапаслухмянай і разважлівай. У калоніях і турмах рэжым мэтанакіравана разбурае тое, што стагоддзямі выхоўвалі ў беларусах Статуты і магдэбургскае права.

Уяўляю сабе вольную Беларусь. Прэзентацыю кнігаў у Шклове. Бел-чырвона-белы сцяг па-над ратушай. Выходжу на вуліцу - і раптам пазнаю сярод мінакоў на ходніку таго самага маёра, толькі ўжо ў цывільным.

Проста хачу пабачыць выраз ягонага твару, калі скажу яму:

- Прывітанне, грамадзянін начальнік.
30😢17🙏8🔥5
Вадзіма Кабанчука я ведаю трыццаць гадоў.

Увесну 1996 года, падчас знакамітай Менскай вясны з яе шэсцямі і сутычкамі з амапам, сярод фронтаўскай моладзі стаў набіраць сілу рух моцных спартовых хлопцаў, якія ўзяліся абараняць пратэстоўцаў.

І самым заўважным сярод іх быў Вадзім Кабанчук.

Увесну 1997-га, падчас майго першага сур'ёзнага затрымання менская міліцыя шукала чалавека, які даў выспятка супрацоўніку Колокольчікову, што здымаў пратэстоўцаў. На начным допыце у кабінет следчага зайшлі два амапаўцы, каторыя ратавалі аператара і пачалі прыглядацца да мяне:

- Не... Тот вроде повыше был.

Тым чалавекам быў Вадзім. Яго затрымалі ўжо ўвосені, падчас маршу ў менскай Серабранцы - і, памятаю, на судзе ураджэнец Валгаграда Колокольчіков чырванеў, як ясна дзявіца, калі суддзя ўдакладняў, куды ж падсудзімы нанёс яму ўдар.

- Ну... понімаете, в область спіны...

- У Валгаградскую область! - выгуквалі з поўнай залі.

Напрыканцы 1990-ых Вадзім узначаліў баявое крыло Маладога Фронту - і ў 1998-ым яно аформілася ў арганізацыю "Край".

"Краёўцы", згуртаваныя ў дзясяткі і сотні, праводзілі вышкалы і трэніроўкі ў лясах, адзначалі памятныя даты беларускай гісторыі, вывучалі гісторыю беларускага супраціву, выдавалі падпольныя газеты і кнігі пра герояў - і аднымі з першых сярод новага пакалення моладзі пачалі казаць пра хрысціянскія асновы беларускага руху.

У красавіку 1999-га "Край" Вадзіма Кабанчука зладзіў легендарнае шэсце ў Гародні. Калі лукашэнкаўскія чыноўнікі вырашылі правесці там супольную сесію "парламентаў" Расіі і Беларусі, сорак "краёўцаў" у камуфляжы з паходнямі і бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі маршам ад вакзала да аблвыканкаму. Амапу не ўдалося разагнаць хлопцаў - і іх калону таранілі машынамі. Былі скалечаныя, збітыя, былі крымінальныя справы - але ніякай "супольнай сесіі" у выніку не было.

У 2001-ым менавіта "Край" апублікаваў звесткі пра "эскадрон смерці" і месца забойства Ганчара ды Захаранкі.

У сярэдзіне 2000-ых Вадзім далучыўся да Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. На нашых сустрэчах мяне заўжды ўражвала цвярозасць і яснасць ягоных думак, вера ў Бога і вернасць Беларусі. Такія якасці - ваяра, сумленнага верніка, палітыка - наогул рэдка сумяшчаюцца ў адным чалавеку.

У 2010-ым, калі БХД спрабавала аб'яднаць беларускую апазіцыю перад "прэзідэнцкай кампаніяй", мы разглядалі Вадзіма як будучага лідэра сілавога блоку ў новай Беларусі.

Менавіта Вадзім Кабанчук яшчэ ў 2014-ым паехаў ва Ўкраіну ваяваць "за нашу і вашу свабоду" - і згуртаваў у Тактычнай групе "Беларусь" ядро байцоў, якія сталі асновай Палка Каліноўскага. Задоўга да 2020-га і 2022-га года ён прадбачыў і беларускі ўздым, і вялікую вайну ва Ўкраіне, ад якой будзе залежаць лёс Беларусі.

Вадзіму давяраю як сабе. Гэта чалавек, які прысвяціў жыццё Беларусі і які ніколі ня здрадзіць.

І вось адзін характэрны прыклад. Выйшаў з турмы, пачаў размаўляць з беларускімі дабраахвотнікамі; там, канечне, разлёт меркаванняў, часта асабістыя крыўды і сваркі. Пытаюся ў Вадзіма пра аднаго з тых, хто яго ганіць.

- Добры хлопец, адданы і мужны, - стрымана адказвае Вадзім. - Проста памыляецца.

Дык вось, я хацеў бы бачыць у беларускай палітыцы і на чале новай Беларусі такіх людзей, як Вадзім Кабанчук.

Здароўя, сілы, вытрымкі і Божай ласкі табе, дружа Вадзім!
🔥4420🙏12👎10👍4
Атрымаў ад Літвы "пашпарт замежніка". Ačiū, Lietuva!

Рыхтуюся да паездак у Беласток, Варшаву, ва Ўкраіну.

А цяпер лячу на форум хрысціянскіх дэмакратаў у Чэхію - на запрашэнне KDU-ČSL. Потым у Празе канферэнцыя, прысвечаная 40-годдзю Чарнобыля, сустрэча з беларусамі Чэхіі і нашымі чэшскімі сябрамі, Парламент, Радыё Свабода, інтэрвію хрысціянскім медыям.

Хто хоча сустрэцца - калі ласка, пішыце ў прыват.

Наступныя некалькі дзён у стужцы будзе наша ўлюбёная з часоў Скарыны Чэхія.

Абяцаюць пахмурнае надвор'е і халадэчу, таму фота выбраў адпаведнае.
71👍15🔥5👏1
Выступіў на з'ездзе Чэшскіх хрысціянскіх дэмакратаў - па-беларуску.

Перакладала цудоўная чэшка Святлана Вранава, якая ведае беларускую лепш за большасць беларусаў.

Беларусь тут любяць: калі прадстаўлялі гасцей і прагучала "Беларусь" - заля ўстала і пляскала стоячы.

На з'ездзе ўручылі ўзнагароду прэзідэнта KDU-CSL.

Гэтаксама па беларуску даў інтэрвію хрысціянскай Тэлевізіі Ное - таксама перакладала Святлана.
77👍16🥱2👏1
З Янам Гроліхам, новым кіраўніком Чэшскіх хрысціянскіх дэмакратаў, узыходзячай зоркай чэшскай палітыкі.

Ян Гроліх у свае 41 - губернатар Паўднёвай Маравіі, выбраны з вынікам больш як 50 адсоткаў. На ўчорашніх выбарах у партыі атрымаў больш як 85 адсоткаў галасоў.

Практыкуючы каталік. Майстар камунікацыі. Надзея для тых чэхаў, якія расчараваліся ў палітыцы. Многія ў Чэхіі бачаць у ім адзіную альтэрнатыву папулісту Бабішу.

Размаўлялі з Янам пра Беларусь і Чэхію, і з ягонай камандай - як Чэхія можа дапамагчы беларусам сёння.
46👍16👌2
Сведчылі пра Беларусь у пражскай евангельскай царкве разам са Святланай Вранавай.

Падпісаў кнігі "Люблю Беларусь", выдадзеныя па-чэшску ў перакладзе Святланы.

На набажэнстве прысутнічаў і дэпутат чэшскага парламенту Хаята Акамура з жонкай - практыкуючы каталік.

І калі чэшскія пратэстанты пачалі маліцца за вызваленне Беларусі, за палітвязняў і іх сем'і - на вачах былі слёзы.
45👍8🙏4🥰2
На гэтым фота, сябры - сапраўдны цуд Божы са Скарынам у Празе!

Стаю на праскай Старамескай плошчы ля "пліткі Скарыны" - металічнага знаку з сонцам маладзіковым.

Менавіта тут, у друкарні Паўла Севярына, наш Францішак пачаў выдаваць беларускую Біблію.

А ў руках у мяне - арыгінал(!) Скарынавага друку, знойдзенага цудоўным гісторыкам Аляксандрам Паршанковым у макулатуры часоў Рэнесансу.

Пачатак Кнігі Суддзяў.

Уявіце сабе: праз пяцьсот гадоў Скарына вяртаецца на гэтае месца, дзе друкаваў Павел Севярын, у руках Паўла Севярынца ))

Вечар 27.04.2026.

А здымак - самога Аляксандра Паршанкова.
🔥6728🙏8👍2💅1
Чэрвень 2020 года, Акрэсціна. Менскі ІЧУ.

Мяне прывезлі ў нядзелю ўвечары пасля мітынгу на Камароўцы. Спачатку ўсё было як мы любім: дагляд, камера, канвой, адміністрацыйны суд за несанкцыянаванае мерапрыемства, 15 сутак, зноў Акрэсціна.

Але назад чамусьці прывезлі не ў размеркавальнік, дзе трымаюць "сутачнікаў", а ў ІЧУ, для крымінальнікаў.

І завялі адразу ў карцэр - паўпадвальны каменны мяшок 2 на 3 метры з адкідной нарай. На ўваходзе забралі куртку і ўсё, што меў у трывожнай торбе, да зубной шчоткі ўлучна.

- Всё отдадім, - сказаў супрацоўнік, які заводзіў. - Потом.

Ведаю я ваша "потом", думаю. Пачынаецца ня надта.

Летам у такім карцары так сабе. Удзень душна, уначы халодна, голая дошка. Большасці людзей праз пэўны час пачынае падрываць дах, бо пастаянна церпіш і няма чаго рабіць, тупа ходзіш два крокі туды, два крокі назад, больш няма як. Ну але малюся Богу, абдумваю будучыя кнігі, збіраюся датрываць да "выбараў" - нармальна.

Першая ноч - поўная вагню. Нейкая жанчына ў камеры насупраць крычыць, здаецца, па-цыганску, б'е кулакамі і нагамі ў дзверы, патрабуе курыць і выпусціць. Да ранку. Так і не заснуў. У суседнюю камеру, таксама карцэр, чую, заводзяць Волю Мікалайчык - яна таксама выступала на мітынгу.

А раніцай перакрылі ваду. І мне, і Волі.

- Чаму вады няма?

- Рамонт.

Ніякага рамонту, канечне, не было. Проста каля кожнай камеры ў ІЧУ адмысловы кранік, перакрылі і ўсё. Цяпер не папіць, не памыць рук, ня змыць "ачко". Суха, як у пустыні.

Так, думаю. Патрапіў. Да "выбараў" два месяцы, без вады магу не дацягнуць. Уранку і ў абед даюць па паўкубкі "гарбаты" да пайкі, і гэта ўсё. Есці пры такім раскладзе ня хочацца. Нна, хранаваценька.

- Дайце вады!

Маўчанне.

Дзень. Два. Тры. Чатыры. Цяжка, асабліва ўначы. Смага. Пачынае тачыцца галава. Тое самае, чую, і ў Волі.

Ідэя адключыць ваду тут вось у чым. Акрамя фізічнага ўздзеяння - яшчэ і маральнае. Раз даюць пайку - мусіш есці. Раз ясі - ходзіш у прыбіральню (дзіру ў падлозе). А змываць у тваёй хатцы 2 на 3 метры няма як. Значыць - ну вы зразумелі. Палітычны? Ну вось, ад цябе тхне як мае быць.

Такое рабілі яшчэ ў 1990-ыя з маладафронтаўцамі, скажам, у Маскоўскім РАУСе - проста днямі не выводзілі з боксаў у прыбіральню. Рабі пад сябе. Але там было на двое-трое сутак. Тут зараджаюць на пару месяцаў.

Халера іх бяры, думаю. Пара ўскрывацца, бо інакш здохнеш бяз бою.

Ёсць чым? Знойдзем.

Але пра гэта - наступным разам.
😢41😱98🔥4🥰2
На сайце МУС сёння апублікавалі звесткі пра чарговых "экстрэмістаў".

Сярод іх пад нумарам 6577 - Яўген Скочка, легенда Маладога Фронту напрыканцы 1990-ых.

З сярэдзіны 2000-ых Скочка адышоў ад палітыкі.

Затрымалі Яўгена яшчэ ў мінулым годзе. Асудзілі паводле чатырох артыкулаў - "Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці", "Паклёп на прэзідэнта", "Абраза прэзідэнта", "Дыскрэдытацыя Беларусі". Далі тры гады калоніі.

Пасля апошняга кавіда ў Яўгена вельмі кепска са здароўем.
🤬38😢11🙏9💔43
Рэжым Лукашэнкі мэтанакіравана разбурае беларускамоўнае хрысціянства. Чаму?

Бо Ісус Хрыстос, Які размаўляе па-беларуску - гэта смерць для дыктатуры і імперыі.

Падчас так званай перарэгістрацыі рэлігійных аб'яднанняў за апошні год забароненая дзейнасць дзясяткаў каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх грамадаў - прычым найперш такіх, дзе ў набажэнствах ужываецца беларуская мова, а вернікі ўкарэненыя ў грамадскую актыўнасць.

Колькасць каталіцкіх парафіяў зменшылася з больш як 500 да 440 - а менавіта Касцёл моліцца і праслаўляе Бога па-беларуску.

Ксяндза Анатоля Парахневіча, які перанёс у СІЗА інфаркт, працягваюць утрымліваць у вязніцы.

Ключавыя, самыя шматлюдныя парафіі беларускамоўнай грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі - у Берасці, Баранавічах і Івацэвічах - зачыненыя рашэннямі карных ворганаў.

Укрыжавання Ісуса Хрыста ў Беларусі патрабуе пуцінскі Крэмль.

Бо беларускамоўнае хрысціянства - гэта абсалютна ясная маральная і культурная альтэрнатыва рэжыму, зразумелая ўсяму народу.
💯36🙏184🕊3👎2
Валера Мацкевіча ведаю з 1999 года - тады ён, яшчэ падлетак, аднавіў Малады Фронт у Бабруйску.

Дзесяць-пятнаццаць хлопцаў з бабруйскага МФ тады пад'яжджалі на кожную буйную менскую масавую акцыю і вывешвалі бел-чырвона-белыя сцягі на вышынных будынках у самім Бабруйску.

Але Валер быў ня проста вулічным байцом, якіх у Маладым Фронце заўжды было багата.

Сустракаўся з Ангелай Меркель, Жазэ Мануэлем Барозу, Дональдам Тускам. "Прабіваў" рэзалюцыі па Беларусі. Працаваў у кампаніі Юшчанкі ў 2004-ым.

У 2004 годзе, калі Малады Фронт пасля майго сыходу стаяў на парозе расколу і у кіраўніцтве МФ былі запатрабаваныя лідэры, нацэленыя на яднанне, абодва крыла пагадзіліся на Валера Мацкевіча як кампрамісную фігуру ў якасці намесніка сустаршыняў.

У выніку Малады Фронт удалося захаваць адзіным.

У 2007 годзе Валер Мацкевіч далучыўся да БХД.

А цяпер Валер Мацкевіч - адзін з тых, хто цэментуе беларускую палітыку за мяжой, працуе на яднанне і эфектыўнасць беларускага руху. А такіх сёння асабліва не хапае.
40👏8👍6👎6🤬2
У суботу 23 траўня а 16.00 - вялікая сустрэча і прэзентацыя маёй новай кнігі "Беларусь - гэта святое" ў Варшаве.

Варшава - эпіцэнтр беларускага руху за мяжой Беларусі.

Асабліва чакаю на гэтай сустрэчы маіх сябраў з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і тых, хто жадае далучыцца.

Пра што першая кніга пасля турмы?

У "Беларусь - гэта святое" сабраны 71 малюнак беларускіх храмаў, якія я маляваў у турмах і калоніі Францішку, пакуль не забаранілі адсылаць, а таксама 71 выслоўе і 22 вершы.

Вершы даводзілася вучыць на памяць, бо ў апошнія гады лісты з вершамі з турмы таксама не выпускалі. Большасць з гэтых вершаў нідзе не публікавалася.

Буду рады бачыць на сустрэчы ўсіх, з кім сябрую пакуль толькі ў сацыяльных сетках - каб, як кажуць, развіртуаліцца.

І - прашу перапосту.
56🙏3
Як і навошта я рэзаў сабе руку на Акрэсціна ў 2020-ым.

Спачатку - трохі турэмнай тэорыі.

Калі трапляеш ў турму, рана ці позна паўстаеш перад фактам: з табой могуць зрабіць усё, што заўгодна, а ты ня можаш зрабіць з гэтым анічога.

Твае словы, звароты, просьбы, патрабаванні у лепшым выпадку ігнаруюцца, а ў большасці выпадкаў - пагаршаюць тваё становішча.

І тады людзі пагражаюць забіць сябе. "Ускрываюцца" - рэжуць сабе рукі, вены, горла, жывот. У Гародні мне даводзілася сядзець у камеры ШІЗА, вышэй чалавечага росту запырсканай па ўсіх сценах крывёй (з ускрытых венаў і артэрыяў сіфоніць, як фантан).

На "ўскрыццё" грамадзянін начальнік абавязаны рэагаваць. Бо гэта надзвычайнае здарэнне. Вязень можа памерці альбо трапіць у шпіталь. Трэба зашываць. Трэба тлумачыць вышэйшаму начальству, што здарылася. Прыедзе Следчы камітэт. Будуць лямантаваць сваякі. І хаця сістэма ў большасці выпадкаў "адмазвае" сваіх супрацоўнікаў ды, канечне, звальвае віну на самога вязня - нікому ня трэба лішні "галаўняк".

"Ускрыццё" - гэта апошняя, адчайная спроба вязня дамагчыся хоць нейкай змены прынятага па табе рашэння.

Усё гэта я ведаў. У тэорыі. Але да практыкі за папярэднія гады не даходзіла. У 2020 годзе на Акрэсціна дайшло.

Сяджу, значыць, у карцэры. Бетонная скрыня. Ніякіх рэчаў. Вады няма. Спаць немагчыма. "Ачко" тхне. У суседняй камеры гэтак жа мучаюць Волю Мікалайчык. На просьбы, патрабаванні і крыкі моўчкі грукаюць у дзверы, аж здрыгаецца ўся твая цесная канура: цыц, бо зараз увалім. Дзень, два, тры, чатыры.

Ускрываемся. Добра, але як ускрывацца хрысціяніну? Самагубства - смяротны грэх. Нельга забіваць сябе. Значыць, трэба пашкодзіць сваё цела без пагрозы жыццю.

Доктар Лукаш Война-Ясенецкі, знакаміты праваслаўны святы родам з Беларусі часоў Сталіна, рэзаў сабе горла сталовым нажом (падчас бясконцых начных допытаў НКВД запатрабаваў сабе ежы, маўляў, пасля людскага абеду гатовы ўсё падпісаць) - і допыты спынілі.

Падчас мінулых адседак я бачыў, як рэжуць сабе рукі спрактыкаваныя зэкі - рэзка паласуюць перадплечча альбо запясце, каб паболей крыві, ці то лязом ад станка ("мойкай"), ці то адбітым кавалкам пліткі, ці то заточаным краем металічнай міскі альбо лыжкі падчас абеду.

У мяне ў дзвярных кратах карцэра (бо дзверы ў ізалятарах двайныя - акрамя акаванай дзвярной пліты яшчэ абавязкова дзверы-краты) на самым замку былі шрубы, зрэзаныя баўгаркай - рваныя металічныя краі. Адразу прыгледзеў на скрайні выпадак. Пасуе.

Памаліўся Богу. Левую руку да шрубаў, ад локця і ніжэй - пайшоў. Раз, два, тры. Метал рэжа цела, нібы масла. Кроў цячэ. Крыві шмат, гэта добра. Барабаню ў дзверы:

- Уключыце ваду! Вярніце рэчы! Выводзьце з карцара суседку! Ускрыўся - вы будзеце адказваць!

Прыбягае змена (мабыць, глядзелі камеру) - кантралёр, дзяжурны, доктар. Глянулі вочка, хутчэй адмыкаюць першыя дзверы. Доктар з ёдам і бінтамі праз краты:

- Давай сюда руку, быстра!

- Выводзьце!

Рука ўся ў крыві ад локця да далоні. Мяне пачынае трохі хістаць. Дзяжурны, напалоханы, пачынае клясціся:

- Мы не можем вывесті! Сейчас найдём начальніка, его же нет в учрежденіі, доложім, всё будет хорошо, дайте остановіть кровь!..

- Выводзьце мяне і суседку!

- Обещаю! Бегу докладывать!.. Слово офіцера!..

Карацей, добра, думаю. Тэст ёсць. Дакладзе начальству. Калі дамагуся - добра. Калі нічога ня зменіцца - значыць, чакаюць, пакуль сам сябе заб'ю. Тады стоп. Даю руку.

Доктар апрацоўвае руку, разглядвае і расчаравана басіць:

- Э-э-э, тут не смертельно.

Ну, думаю, вам было б супер адразу і "смертельно". Але цяпер ваш ход, грамадзяне начальнікі.

Пра тое, чаго я дамогся сваім ускрыццём - наступным разам.
💔29🙏97😢1