Павел Севярынец
1.09K subscribers
26 photos
1 video
4 links
Асабісты канал
Download Telegram
Эх, Госпадзе, духу мне бы,
Каб бесам рубаць хвасты!..
Богу хвасты ня трэба -
Богу патрэбны ты.

Ды я ахвярую хлебам,
Спалю за сабою масты!..
Ахвяры Богу ня трэба -
Богу патрэбны ты.

Рэкі, нібы дарогі,
Прайду па вадзе, як святы!
Ня трэба Богу так многа:
Богу патрэбны ты.
123💯16🙏12🥰9🗿2
Беларуская дзяржаўнасць пачыналася ў Полацкім княстве з вечавай хрысціянскай дэмакратыі: людзі верылі ў Бога і вырашалі супольныя справы галасаваннем на плошчы.

‎Беларусь дасягнула росквіту ў часы шляхецкай хрысціянскай дэмакратыі: праваслаўныя брацтвы, каталіцкія ордэны і евангельскія супольнасці выконвалі ролю палітычных партыяў, а заканадаўства абапіралася на Біблію.

‎У ХХ стагоддзі надышла пара народнай хрысціянскай дэмакратыі: БХД 1920-30-ых, БНФ і БХДЗ у 1990-ыя сумяшчалі волю народа з воляй Бога.

‎Ужо ў 2000-ых гадах БХД адрадзілася і перажыла нямала выпрабаванняў.

‎Мы верым ў тое, што хрысціянская дэмакратыя стане тым каштоўнасным і светапоглядным падмуркам, каторы аб’яднае беларускае грамадства і адчыніць для Беларусі шлях да паўнавартаснага, раўнапраўнага і годнага ўдзелу ў сям’і еўрапейскіх народаў.

Сёння Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі патрэбна яднанне і абнаўленне.
57👍15🙏13🤝4👎1
А ў нашай сям'і - Дзень Волі пасярод зімы☺️

У маёй цудоўнай жоначкі - дзень народзінаў!

Родная мая, удзячны Госпаду і табе за кожную хвілінку, кожны ўдых і выдых, кожную ўсмешку і слязінку...

Беларусі чамусьці вельмі пасуе чорнае.
Ты ў ім прыўкрасная да немагчымасці, мая нарачоная!
142🎉28👍11🥰7💔1
Малітва за свабоду і мір народаў у Віленскай катэдры, разам з прэзідэнтамі Наўседам, Наўроцкім і Зяленскім у гадавіну паўстання Каліноўскага.
104🙏33🔥12👍6🕊5
Калі прэзідэнты выходзілі з Катэдры, Уладзімір Зяленскі заўважыў беларускі і ўкраінскі сцяжкі і паказаў Францішку вялікі палец, узняты ўгару.

Здымак LRT.
119👍29🥰12👏5🙏1
СТАТКЕВІЧ ВЫЙДЗЕ!

Першы раз я ўбачыў Міколу Статкевіча 32 гады таму, на сустрэчы Зянона Пазьняка ў Віцебску.

Ішла перадвыбарчая кампанія 1994 года. Зянон выступаў у Драматычным тэатры, а перад уваходам сталі ардынцы «Славянскага сабора» са зняважлівымі плакатамі. Людзі мусілі ўваходзіць у будынак праз іхныя выкрыкі і пагрозы.
І тут пад адрывістыя каманды па-беларуску падышла калона апранутых у камуфляж хлопцаў з бел-чырвона-белымі шэўронамі на плячох – Беларускае Згуртаванне Вайскоўцаў.

Мінакі і наведнікі згрудзіліся, чакаючы бойкі. А шыхт БЗВ маршавым крокам як ішоў, так і рушыў паралельна ардынцам – і раптам, па камандзе, у адно імгненне дзясяткі рук з трэскам павырывалі ды параздзіралі тыя плакаты. «Сабораўцы», агаломшаныя, нават ня пікнулі – іх саміх ніхто не крануў і пальцам. А БЗВоўцы брава, не збаўляючы страявога кроку, зайшлі ў будынак.

Пасля, у 2000-х, на акцыях супраць фальшавання выбараў ды рэферэндумаў, маршах «недармаедаў» ды абароны незалежнасці, на «сутках» ці ў судах па крыміналках мы стаялі з Міколам плячо да пляча. Часам мы маглі разыходзіцца ў пытаннях тактыкі – але заўжды нязменнай заставалася мужнасць Міколы, ягоная шляхетнасць і беларускі гонар, уласцівы героям Караткевіча.

«Статкевіч выйдзе!» – заўжды былі ўпэўненыя тыя, хто планаваў любую вулічную пратэстную акцыю ў абарону Беларусі.

У верасні мінулага года мяне завялі ў кабінет намесніка начальніка гарадзенскай турмы. Той відавочна быў «на ўзводзе».

- Статкевіча знаеце? Освободілі... Он же із вашей «каткі», да?

Я адмовіўся размаўляць пра Статкевіча і падумаў: мабыць, Мікола выйшаў і даў такое інтэрв'ю, ад якога ў гэтых галовы захісталіся.

А ўжо потам даведаўся: Мікола зруйнаваў сцэнар Лукашэнкі сваёй асабістай адвагай – і застаўся ў Беларусі.
У турме, але на Радзіме.

Калі вызвалялі нашу групу, прынялі ўсе меры, каб ніводзін з нас ня змог паўтарыць учынак Статкевіча.
Мікалай Статкевіч – герой беларускай гісторыі.
Каго-каго, а яго зламаць ня ўдасца.

Не сумняюся: СТАТКЕВІЧ ВЫЙДЗЕ!
106🙏33👍14🔥8🕊1
Чаму прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пайшоў у прарыў на беларускім кірунку?

Ягоная ўчорашняя прамова, дзе воссю была Беларусь, сустрэча са Святланай Ціханоўскай і серыя інфармацыйных удараў непасрэдна па Лукашэнку рыхтуюць альбо папярэджваюць сур'ёзную падзею.

Тут няма ані выпадковасцяў, ані эмоцыяў.

Зяленскі - выключна таленавіты, моцны і нават жорсткі лідэр, які здолеў чатыры гады стрымліваць расейскую агрэсію.

Таму ягоны крок - ніякі ня тролінг, а яўна тэктанічны зрух у геапалітыцы.

Што магло прымусіць Зяленскага адкінуць заўсёдную асцярожнасць у адносінах з Лукашэнкам і, рызыкуючы бяспекай краіны ў стане вайны, кінуць яму зневажальны выклік?

Верагодна, сур'ёзная інфармацыя пра магчымасць расейскага ўдару на Кіеў праз Беларусь.

Хацеў бы памыліцца, але іншых прычынаў для моцнай Віленскай прамовы ў гадавіну паўстання Каліноўскага я ня бачу.

Калаж Радыё Свабода.
🙏53💔10🤔7👍5💯5
У беларусаў адчыняецца ўкраінскае вакно магчымасцяў.
Пасля магутнай Віленскай прамовы Уладзіміра Зяленскага на гадавіну паўстання Каліноўскага, сустрэчы са Святланай Ціханоўскай і яе запрашэння ў Кіеў украінская палітыка разварочваецца ад асцярожнасці і мінімальных стасункаў з вольнымі беларусамі да шырока адчыненых брамаў. Час для нашай салідарнасці з народам Украіны, вырашэння пытанняў дабраахвотнікаў-каліноўцаў (гадамі прабуксоўвалі, каб не злаваць рэжым) і актыўнасці тых беларусаў, якія жывуць ва Ўкраіне.
Самае кепскае, што магло выклікаць такі разварот - пагроза крамлёўскага ўдару на Кіеў праз Беларусь. Тады Зяленскі працуе на апярэджанне і дае сігнал Лукашэнку.
Самае добрае - калі Ўкраіна пачуваецца дастаткова ўпэўнена, каб гуртаваць шэрагі суседзяў дзеля супольнай абароны ад імперыі.
У любым разе:
Жыве вольная незалежная Украіна!
Жыве Беларусь - з Богам!
73🙏28🤨9👏6🔥3
– Слухай, пара перастаць глядзець на свет праз ружовыя акуляры, – кажа мне сябра. – То ў цябе беларусы мудрыя, а яны насамрэч вунь якія, то ты пра нейкую любоў, пакаянне, дараванне... Свет змяніўся, усё вакол жорстка, кожны сам за сябе. Вайна, дыктатура, эміграцыя, страх і нянавісць, выжыванне, чалавек чалавеку воўк. Цемра! А ты пра Ісуса, пра аб'яднанне, пра якоесьці святло...

Подых халоднага пекла, ад якога ў турме нылі косці, часам прабірае і тут, на волі. Зняверанасць – яшчэ адно выпрабаванне, праз якое нам усім наканавана прайсці.

У нейкі момант мы спыняемся і заміраем у роспачы, бо ясна разумеем: чалавечыя сілы скончыліся. Поўная бездапаможнасць.

І менавіта ў гэтае імгненне – чуеце, менавіта тады! – прыходзіць Бог.

Сіла Божая выяўляецца ў немачы чалавечай.

Святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго. Такая прырода Бога.
Такая прырода святла. Такая прырода Беларусі.

Мы верым у тое, што дабро пераможа. Мы, беларусы. Калі б ня верылі – даўно б вымерлі.

Мы ўмеем запальваць свечкі і зоркі ў бездані – а ня проста голасна праклінаць цемру.

Верыць у беларускі народ – гэта азначае бачыць святло ў кожным з іх. Вобраз і падабенства ў кожным з іх. І няхай у сэрцы ледзь тлее агеньчык – Творца сусвету моцны раздзьмуць яго ў вогнішча, якое будзе відаць усім.

Кожны з нас цягам кожнага дня падае і на нейкі час ператвараецца ў правал змроку. Кожны. Штодня. Чаму ж мы бярэмся судзіць іншых?..

Там, дзе ўвесь свет бачыць шэрую зону войнаў і памыйную яму імперыі – мы бачым ціхую, ясную, зорную Беларусь.

І яна, нягледзячы ні на што, будзе жыць.

Жыве Беларусь – з Богам!
❤‍🔥7029👍11🙏6🥰2
ЧАМУ НАМ ТАК ЦЯЖКА ПАРАЗУМЕЦЦА?

Мы, беларусы - людзі лясныя. Мы спрадвек жылі сярод гушчараў, затканых імглою. А ў лесе любы шолах - падазроны, любы госць - непажаданы, любы пень здаецца пачварай.

У адрозненні ад рускіх, украінцаў і палякаў мы інтраверты, заглыбленыя ў сябе - між іншым, як і найбліжэйшыя да нас паводле характару літоўцы.

У рускіх бяскрайняя прастора, у украінцаў стэп, у палякаў, вядома, поле... А ў нас - глыбіня. Яны народы гарызантальныя, шырокія душы, якія лёгка яднаюцца і дружна рухаюцца. А мы, беларусы - вертыкальныя.

Мы засяроджаныя на сабе. Мы жывем у сабе.

Адсюль - агульная млявасць і абыякавасць да жыцця нашых рухаў і партыяў, адсюль праблемы супольнага інтарэсу і наогул дзяржаўнасці.

Як кіраваць народам, у якім дзесяць мільёнаў геніяў?!

Мы маем асабліва цаніць, шанаваць, берагчы тое супольнае, што ў нас ёсць. Мову. Культуру. Гісторыю. Грамадскія структуры, якія працуюць. Чалавечыя стасункі. У нас, беларусаў, супольнае на вагу золата.

ТАМУ: БЕЛАРУСЫ, ЛЮБІЦЕ АДЗІН АДНАГО!
64🥰12👏10👍9🦄3
18 снежня 2025 года.

Мы з Уладзям Лабковічам, ачмурэўшыя пасля турмы, едзем у Вільню аўтобусам, якім вяртаюць на радзіму вызваленых з палону украінцаў.

А вязе нас Святлана Шаціліна, кіраўніца Місіі беларускіх дэмакратычных сілаў ва Ўкраіне.

Ад Чарнігава да Вільні, паўтары тысячы кіламетраў праз дзьве мяжы, без сна і адпачынку Святлана пільнавала, каб больш як сто беларускіх дэпартаваных палітвязняў былі забяспечаныя ежай, пітвом, каб былі выкананыя ўсе фармальнасці.

Калі хто-небудзь з вязняў, забыўшыся, казаў родным праз тэлефон, што "вось цяпер мы праязджаем праз тую самую Бучу", Святлана цярпліва тлумачыла, што раскрыццё лакацыі па мабільнай сувязі можа скончыцца "прылётам".

А цяпер Святлана дбае пра тое, каб беларускія арганізацыі і супольнасці ва Ўкраіне былі скаардынаваныя, каб "украінскі разварот" да вольных беларусаў даў найбольшы вынік і для Беларусі, і для Украіны.

Задача цяжкая і няўдзячная, але абсалютна неабходная і крытычна важная.

Божай ласкі, сілаў і ўпартасці Вам, дарагая Святлана!
90👍25🥰7🌭2🤔1
Алена Жаркевіч, кіраўніца валанцёрскай супольнасці "Сустрэча", першай з беларусаў сустрэла дэпартаваных палітвязняў ва Ўкраіне.

Менавіта яна са сваімі паплечнікамі рупілася пра цёплыя рэчы, ежу, мабільную сувязь і інфармаванне ў першыя дні ў Чарнігаве.

Даглядалі нас, як родных.
А цяпер, у моцныя маразы, калі расейскія ўдары пакінулі Украіну без святла і цяпла, "Сустрэча" арганізавала ў Кіеве беларускі "Пункт нязломнасці" для ўкраінцаў.

Сама назва "Сустрэча" сёння трапляе ў сэрца і ўкраінцам, і беларусам. Мы сустракаемся, каб быць разам. Мы сустракаемся, каб нас не адолелі. Мы сустракаемся, бо Бог кажа: дзе двое ці трое сышліся ў імя Маё, там і Я сярод вас.

І самім беларусам ва Ўкраіне, як паветра, цяпер патрэбная СУСТРЭЧА.

Божага дабраславення, сілаў і нязломнасці, Алена!
93🙏16👍14🥰52
Мікола Дзядок быў першы з палітвязняў, каго я ўбачыў у турме ўвосені 2020 года.

Гэта было на Валадарцы, якую цяпер разносяць па цаглінах, у спецкалідоры, дзе трымалі пажыццёва асуджаных і асабліва небяспечных.

А ўлетку 2024 года сустрэў яго на пакаранні ў Гарадзенскай крытай турме: тады ўсіх "палітычных" пачалі малаціць бесперапыннымі "суткамі" перад кампаніяй "выбараў".

Мікола трымаўся ў турме УЗОРНА. Кажу вам, гэта быў проста Галівуд. Месяцамі ў ШІЗА і "адзіночках". Годна, проста і ясна, па-беларуску, размаўляў і з адміністрацыяй, і з сябрамі, і з "блатнымі". Гучна падтрымліваў суседзяў. Распавядаў навіны. Сведчыў пра Бога.

Такую праверачку, паверце, пройдзе далёка ня кожны.

Колькі разоў адміністрацыя спрабавала яго зламаць, "апусціць", справакаваць, маральна знішчыць. Але Дзядка было, як кажуць у турме, "ня ўзяць".

З кім бы без ваганняў пайшоў, як кажуць, "у разведку" - дык гэта з Міколам Дзядком.

Трымайся, браце!

Бог бачыць сэрца Міколы;
Міколу ня ўзяць ніколі! ;-)
102👍19👎17🙏17👾2
Сябры-беларусы, хто ў Літве!

Робім распродаж календароў з турэмнымі малюнкамі "У сэрцы Беларусь".

У сераду 4 лютага а 19.00 у Вільні ў прасторы KROPKA (Savičiaus g. 6) адбудзецца творчая сустрэча і апошні распродаж аўтарскіх календароў на 2026 год. Малюнкі да календароў рабіліся па турмах у перыяд з 2020 па 2024 год.

Запрашаю на сустрэчу: будзе магчымасць пагутарыць, папіць гарбаты і абмеркаваць пытанні.

Календары можна будзе стала набыць у Kropka і пасля сустрэчы.
70👍15🔥6🥰3
МАША, ТЫ НАША!

Марыя Калеснікава заззяла як зорка ў Маладым Фронце.
Па-беларуску, пад бел-чырвона-белым сцягам, з флейтай. Прыгожа!

Маша была адна з першых дыджэяў Адраджэння - пераможцаў маладафронтаўскіх лідэрскіх курсаў у самым пачатку 2000-ых.
Цудоўнай, яскравай, волевай моладзі тады ў беларускім руху было мноства.

Але чым далей у эпоху Лукашэнкі, тым больш бел-чырвона-белая рамантыка пачынала ўспрымацца не як моц і прыгажосць народа, а як дзівацтва і скрайнасць.

У 2020 годзе дайшло да таго, што новыя лідэры пратэстнай палітыкі адпачатку стараліся адмежавацца ад беларускасці і нацыянальнага сцягу - маўляў, гэта "старая апазіцыя".

Але ў жніўні 2020 года сотні тысячаў беларусаў выйшлі на пратэст менавіта з бел-чырвона-белымі сцягамі Хрыста. І зноў на поўны голас загучала беларуская мова.

Ніякая не "старая", але вечная.

Гэтая з'ява - вялікая навука для ўсіх беларусаў, якія кажуць ад імя Беларусі.

Няможна адкідаць душу і сутнасць сваёй Радзімы - і заставацца яе сэрцам.

У жніўні 2020 года Маша Калеснікава вярнулася пад бел-чырвона-белыя сцягі. І тое, што яна зрабіла тады, яе адвага і любоў - застанецца ў беларускай гісторыі. Моц і святло яе вобразу, як і цуд Святланы Ціханоўскай, як мужнасць Статкевіча, як змаганне мільёнаў беларусаў - Божы дар і наш супольны здабытак.

Пасля выхаду з турмы, ва ўкраінскім Чарнігаве, пасля вядомай прэс-канферэнцыі і абурэння беларусаў мы з Уладзям Лабковічам, класным маладафронтаўцам 1990-ых, гадзінамі размаўлялі з Машай і Марынай Золатавай. І Маша, і Марына выдатна размаўляюць па-беларуску. А як файна Маша з Максімам Знакам спявалі для ўсіх палітвязняў "Тры чарапахі" і "Простыя словы"!..

І нам, беларусам, і самой Машы трэба асэнсаваць, якую каштоўнасць дае нам Бог - час, у якім мы жывем, і цуды, якія Ён творыць праз нас.

Варта разумець: праз нашы пакуты ў турмах, войнах, выгнаннях спрабуе выявіцца Сам Хрыстос.

Ці дазволім мы Яму - ці не?

Варта зацеміць раз і назаўжды: найвялікшая каштоўнасць Беларусі - гэта людзі.

Нават Лукашэнка, які канвеерам вывозіць на экспарт за мяжу і прадае найлепшых беларусаў Захаду, гэта разумее.

Дык вось, мы, беларусы, ня можам дазволіць сабе раскошу выкідваць, як непатрэбнае рыззё, з беларускага жыцця ані "старую апазіцыю", ані змагароў, якія ахвяравалі сабою, ані дабраахвотнікаў, што ваявалі за Украіну, ані Машу Калеснікаву.
Трэба цаніць і берагчы кожнага беларуса!

Давайце вучыцца гэтаму ў габрэяў, з якімі мы жылі стагоддзямі поплеч.

Тое, што Святлана Ціханоўская запрасіла Марыю стаць разам у навагоднім эфіры - гэта добра, па-беларуску.

Тое, што Зянон Пазняк знайшоў словы, каб суцішыць цкаванне Машы - гэта добра, па-беларуску.

І калі сама Маша пяройдзе на беларускую мову ды будзе з'яўляцца пад бел-чырвона-белым сцягам, кажучы пра Беларусь - гэта таксама будзе вельмі добра, па-беларуску.

Да 2020 года можна было лічыць, што адкрытая беларускасць - гэта дзівацтва і слабасць.

Але цяпер адкрытая беларускасць - гэта моц і прыгажосць, якія адгукаюцца ў сэрцах мільёнаў.

Беларусь ЖЫВЕ - і жыве яна ў сэрцах беларусаў.
39🤯14👎12🤣7😁2