Павел Севярынец
1.02K subscribers
120 photos
3 videos
22 links
Асабісты канал
Download Telegram
16-17 траўня ў Менску на 10-тысячнай “Чыжоўка-арэне” пройдзе “Фестываль надзеі” – вялікі форум евангельскіх хрысціянаў.

“Фестываль надзеі” ў Беларусі – падзея ня проста значная. Для беларускіх хрысціянаў яна грандыёзная. За апошнія два дзясяткі гадоў падобныя кангрэсы евангельскіх цэркваў на постсавецкай прасторы можна палічыць на пальцах. 2026 год, рэжым, вайна – а ў Менску шматтысячны евангельскі фэст, дзе будуць казаць пра веру, надзею і мір. Для ўсёй Беларусі – гэта магутны хрысціянскі прарыў.

На сённяшні час пратэстанцкія цэрквы – гэта каля дзьвюхсот тысячаў чалавек, больш як 2% насельніцтва Беларусі і каля 3% вернікаў, трэцяя па велічыні хрысціянская канфесія пасля праваслаўных і каталікоў. Зарэгістраваных грамадаў да 2025 года пратэстанты мелі больш тысячы – а гэта ўжо каля траціны ўсіх хрысціянскіх грамадаў у Беларусі.

Евангельскія вернікі – законапаслухмяныя грамадзяне, руплівыя працаўнікі, часта прадпрымальнікі альбо фермеры, сярод іх мноства шматдзетных сем’яў і дабрачынцаў. “Соль зямлі” – гэта пра іх. На Палессі пратэстанты – гэта сіла: там часта трапляюцца цэлыя баптысцкія і пяцідзясятніцкія вёскі, такія як знакамітыя Альшаны.

У 2020 годзе тысячы евангельскіх вернікаў удзельнічалі ў пратэстах. Сотні прайшлі суткі, турмы, дэпартацыю з Беларусі. Больш як трыццаць пастараў былі рэпрэсаваныя. Некалькі дзясяткаў пратэстанцкіх грамадаў не перарэгістравалі. Пытанне, ці ёсць цяпер афіцыйна тая тысяча евангельскіх супольнасцяў. Канечне, найперш пацярпелі “нязручныя цэрквы” – пратэстанты, якія пратэставалі. А для тых, каго рэгіструюць, непазбежная ўмова: не дапускаць аніякай “крамолы” ў набажэнствах.

Ці працягваюць жыць забароненыя грамады? Ня буду называць прыклады і канкрэтныя цэрквы, каб не зашкодзіць людзям. Хтосьці сышоў у анлайн, хтосьці ў дамашнія групы, хтосьці перайшоў у зарэгістраваныя цэрквы, ва ўсіх па-рознаму. Але пратэстанты гістарычна маюць глыбокі досвед выжывання ў таталітарным рэжыме – падчас савецкіх ганенняў на веру. Ніякі Лукашэнка не прымусіць сапраўдных вернікаў Ісуса Хрыста стаць на калені перад дыктатарам.

Падчас здушэння маніфестацыяў і пасля пачатку вайны ва Ўкраіне па пратэстантах білі асабліва моцна – маўляў, “амерыканская царква”. Але пасля перамогі Трампа ў ЗША становішча пачало мяняцца. Наладжванне стасункаў з адміністрацыяй Трампа для Лукашэнкі і Пуціна стварыла асаблівае становішча – пратэстанты раптам сталі запатрабаванымі ў сілу пакручастай геапалітыкі. На гэтым павароце для евангельскіх цэркваў нечакана адчынілася вакно магчымасцяў.

Улады дазволілі фэст, таму што цяпер такі час, цяпер рэжыму трэба сябраваць з Амерыкай. Але сам факт такога малітоўнага збору зрушвае беларускую гісторыю. Усе, хто верыць у Бога, разумеюць сілу малітвы. Калі тысячы людзей разам просяць Бога пра надзею – часам вера перамяшчае горы. І дай Бог, каб ня толькі лагатып Фестывалю надзеі быў па-беларуску – а каб і малітвы, і спевы таксама гучалі на “Чыжоўка-арэне” па-беларуску.

Бог прыходзіць у Беларусь – і з беларусамі Ён размаўляе па-беларуску.

Беларускія пратэстанты, як і пратэстанты наогул – людзі арганізаваныя і адказныя. “Чыжоўка-арэна” 16-17 траўня, не сумняюся, будзе перапоўненая. Магчыма, улады правядуць туды і супрацоўнікаў сілавых структураў, і чыноўнікаў з райвыканкамаў – што ж, хай паслухаюць пра Госпада Укрыжаванага, хай думаюць, як ім каяцца.

Рэжым, канечне, паспрабуе выкарыстаць гэты фэст у сваіх мэтах – маўляў, глядзіце, відны прапаведнік са Штатаў, са знакамітай хрысціянскай дынастыі, свабодна прапаведуе, людзі спакойна моляцца, мы, беларусы, за мір ва ўсім свеце і так далей. Але на месцы Франкліна Грэма я б абавязкова знайшоў словы, каб падтрымаць тых вернікаў, якія і сёння пакутуюць у турмах рэжыму – і, канечне, каб данесці адпаведнае пасланне для тыранаў.

Бо Ісус Хрыстос – гэта ня толькі мір і ласка. Ісус Хрыстос - гэта яшчэ і свабода, і праўда, якія разрываюць Божае сэрца і якіх так не стае сённяшняй Беларусі.
37🙏14👎4🥱3🕊1
Праз шэсць гадоў абняліся з матуляй - у Вільні. Дзякуй Богу!

Фота Барыса Гарэцкага.
107❤‍🔥13🔥7🙏5👍2
Сустрэліся са Скарынам у Вільні!

Праводжу экскурсію матулі і пляменніцам, распавядаю пра друкарню Скарыны на Ратушнай плошчы ля знакамітай шыльды, абарочваюся ісці далей - бац, помнік Скарыну стаіць.

Увесь залаты, з кнігай, на грудзях ланцуг з сонцам маладзіковым...

Ліхаманкава пракручваю ўсе файлы ў галаве - ё-маё, ды калі ж гэта прапусціў усталяванне помніка ў Вільні?!. Мо пакуль у турме сядзеў?..

Падыходжу бліжэй разгледзець, а Скарына нахіляецца, вабіць пальцам і на чысцюткай беларускай мове шэпча:

- Давай разам фотку зробім.
75😁13👍6🦄1
Разам са Змітром Дашкевічам атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды БНР - цяпер мы кавалеры Ордэна Пагоні.

Загад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы пра ўзнагароджанне быў падпісаны яшчэ 25 сакавіка 2024 года - калі мы яшчэ былі ў турме.

Кавалераў Ордэну Пагоні, як нам сказалі, цяпер шэсць - Зянон Пазьняк, Алесь Бяляцкі, мы ўдваёх і яшчэ два чалавекі, прозвішчы якіх не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі (магчыма, яны ў Беларусі). А ёсць яшчэ і дама Ордэну Пагоні - сама Івонка Сурвіла.

Уручалі крыжы Ордэну і пасведчанні ў Беларускім доме ў Вільні сакратар Рады БНР Паліна Прысмакова і намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі.

З лёгкай рукі Змітра запачаткавалі новую традыцыю - казаць на ўзнагароджанні слова сямейна - са сваёй палавінкай )

Высокі гонар - і знак беларускай дзяржаўнасці!
👍4226🔥11🙏3👎2
Стукачы на Акрэсціна. Лета 2020.

Улетку 2020 года мяне раз на тыдзень рэгулярна пераводзілі на дзянёк з карцэра ў звычайную камеру - найперш каб не памёр ад абязводжвання, а яшчэ каб спраўдзіць, ці дайшоў кліент да кандыцыі. Правяралі такое праз асабісты кантакт з пазаштатным супрацоўнікам адміністрацыі - стукачом.

У кожнай турме ці калоніі стукачоў поўна. Часам трапляеш у камеру, дзе ўсе, апроч цябе, "шпіляць" на адміністрацыю - і тры-чатыры пары вачэй раўніва высочваюць кожны твой рух ды змены мімікі. Пасля опер "выдзерне" з хаты, паслухае справаздачу і, калі пашанцуе, дасць пару цыгарэтаў.

Каб уцерціся ў давер і высветліць, што ў мяне наўме, стукачы клялі Лукашэнку, горача падтрымлівалі апазіцыю, але ўвага да спецыфічных пытанняў, цікавых оперу (крымінал, зашквар, стан здароўя, псіхічнае самаадчуванне, грошы, асабістыя стасункі з лідэрамі) выдавала шцірліцаў з галавой.

Звычайны менскі п'янтос з раёну, афрыканец на дэпартацыю, адстаўны вайсковец, бомж, пераседжаны блатны - усе браталіся, спачувалі і спрабавалі высветліць, што там у мазгах у гэнага Севярынца.

Улетку 2020 года топам у стукачоў было стаўленне да Пуціна. Расея цісне на Луку, Пуцін пляце сеці - ці ня спеліся раптам беларускія хрысціянскія дэмакраты з Масквой на глебе праваслаўя? А з вагнерамі знаёмы? А як думаеш, Паш, ёсць тут такія, хто з Пуціным вась-вась?

- Ёсць, канечне, - смяюся. - Лукашэнка.

Ну і, Паш, як там у карцэры без вады? Сэрца калоціцца? Сцены ціснуць? Млееш паціху? Галава кружыцца? Мульцікі (галюцынацыі) бачыш? Можа, ну яго к чорту - і схадзіць з начальнікам пагаварыць?

Больш за ўсё мяне ўразіў дзед-баксёр, які прасядзеў у турме, паводле ягоных словаў, 42 гады, і цяпер выпраўляўся ў чарговую камандзіроўку. Ён усё жыццё прамышляў рабаваннем, прыглядваў у крамах тых, хто разлічваўся вялікімі купюрамі, на выхадзе біў і забіраў гаманец, прапіваў, трапляўся, адседжваў і ехаў зноў. Правая рука ў яго ўжо вісела як плець, нават на расцяжку ня мог стаць як след, але левая - дзед хваліўся кароннай левай - ешчо работает, магу зарадзіць.

Дзед гадзінамі сядзеў на нары без матраса, гледзячы роўна перад сабой, і потым раптам выдаваў "ня ў броў, а ў глаз" - нібы страляў з кароннай левай:

- Дак а дзеньгі хто даёт?

———
📍У суботу чакаю тых, хто жыве ў Варшаве, на сустрэчу і прэзентацыю маёй кнігі: 23 траўня, 16:00, Kryniczna, 6.
❤‍🔥29👍104😢4🙏3
Як і абяцаў, сябры, запускаю YouTube-канал. Вырашыў засяродзіцца на тым, што НАТХНЯЕ БЕЛАРУСАЎ.

Пятнаццаць тысячаў пратэстантаў спяваюць і моляцца па-беларуску; крутыя каліноўцы прайшлі ў Каардынацыйную раду; Украіна дасягнула пералому на фронце – тройца добрых навінаў.

Чаму пасля “Фестывалю надзеі” Франклін Грэм у мінусе, а Беларусь у плюсе? Як каліноўцы з “Волі” збіраюцца ствараць Беларускае Вызвольнае Войска? Няўжо Украіна перамагае на полі боя?

Чаму нам, беларусам, сёння варта дзякаваць Богу, а не стагнаць?

Калі падабаецца – падпісвайцеся на канал, стаўце падабайкі, пакідайце каментары (вядома, калі вы не ў Беларусі).

Глядзіце наш першы выпуск па спасылцы.
🔥44👍1915🦄5👎2
Першы раз у Варшаве пасля 5-гадовага зняволення...

Пачынаю дзень з Беларускай рэдакцыі Польскага радыё, якая ўсе гэтыя гады падрабязна апавядае пра падзеі ў Беларусі і вакол Беларусі. Будуць насычаныя сустрэчамі некалькі дзён.

📍А заўтра запрашаю тых, хто жыве ў Варшаве, на сустрэчу і прэзентацыю маёй кнігі: 23 траўня, 16:00, Kryniczna, 6.
48👍14🔥7🤬3🤗1
У Варшаве прайшла прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое". Была поўная заля Беларускага Дому.

Дзякуй усім, хто прыйшоў!

Пра што мая першая кніга пасля турмы?

У "Беларусь - гэта святое" сабраў 71 малюнак беларускіх храмаў, якія маляваў у турмах і калоніі сыну Францішку, а таксама 71 выслоўе і 22 вершы. Большасць з гэтых вершаў дагэтуль нідзе не публікавалася.

Вялізная падзяка Алесю Зарэмбюку і Васілю Плешкунову за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы!

Барыс Гарэцкі з сынам Вітаўтам усе гэтыя дні вазіў нас па Варшаве, суправаджаў на сустрэчах і інтэрвію, браў на сябе клопаты. Дзякуй, дружа!

Прыехала мая цудоўная пляменніца, дачка Ганны Любоў Субат - аўтарка вокладкі кнігі. Дзякуй, мілая Любаша!

Моцна выступілі ксёндз Вячаслаў Барок і Зянон Пазьняк.

Волечка і Францішак кранальна чыталі мае вершы.

Напрыканцы асобна сустрэліся з сябрамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і паразмаўлялі пра аднаўленне шырокай БХД і аб'яднаўчы з'езд увосені.

Фота Барыса Гарэцкага.
59🕊10👍5🤨3
Тры дні ў Варшаве натхнілі.

Галоўнае - сустрэўся, абняўся і паціснуў рукі сотням людзей, якіх ня бачыў шэсць і болей гадоў.

Выступіў разам з Зянонам Пазняком, Вячаславам Барком, Вячаславам Сіўчыкам на мітынгу памяці Юркі Моніча.

Правёў пры поўных залях дзьве прэзентацыі кнігі "Беларусь - гэта святое": у Беларускім Доме і ў парафіі ксяндза Вячаслава Барка. За суткі набылі больш за 100 кнігаў.

Даў інтэрвію "Белсату", "Еўрарадыё", “Rzeczpospolita”, "Польскаму радыё для Беларусі", "Радыё Рацыі" і амерыканскай каталіцкай тэлевізіі EWTN.

Пабачыўся з найбольшым украінскім адмыслоўцам па Беларусі Яўгенам Магдам.

Сустрэўся з паплечнікамі з Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - абмеркаваў яднанне, пашырэнне БХД і супольны восеньскі з'езд.

Увесь гэты час былі побач мая цудоўная жоначка і сын.

Вялізны дзякуй мілым сябрам, якія прынялі нас з Волечкай і Францішкам у Варшаве - а таксама крутому Барысу Гарэцкаму, які вазіў нас на машыне і дапамог з арганізацыяй сустрэчаў!

Жыве Беларусь - з Богам!
57👍11🙏7🦄3
Званочкі для Лукашэнкі

Нястомная Святлана Ціханоўская - у Кіеве і сустракаецца з кіраўніцтвам Украіны.

Сам факт афіцыйнага візіта Святланы, светлага сімвала беларускіх пратэстаў 2020-га, у сталіцу краіны, якая вядзе вайну з Расейскай імперыяй - пранізлівы геапалітычны званочак.

На фронце, на зямлі і ў паветры, усё больш ясна абазначаецца кульмінацыя. Расея выдыхаецца, з астатніх сілаў спрабуе паказаць сваю перавагу, бразгае ядзернай зброяй на беларускіх вучэннях, бомбіць жылыя кварталы Кіева, але яўна дайшла да "мёртвай кропкі". А Украіна пачынае пераважаць і ў вайсковай, і ў тэхналагічнай, і ў псіхалагічнай сферы, і раз за разам прабівае расейскія "чырвоныя лініі".

Цяпер астатняму свету пара вызначацца.

Усё. Цяпер ніякіх нюансаў і паўтонаў. Ёсць саюзнікі і ёсць ворагі.

Тыя, хто з Украінай - і тыя, хто супраць.

І Украіна кідае на шалі вагаў беларускі званочак. Дзінь-дзінь, Аляксандр Рыгоравіч. Дзінь-дзінь.

Квіток да вольнага Менску, перапіска УНР і БНР у падарунак, выразныя словы падтрымкі для беларусаў - ясныя званочкі.

Украіна больш не балансуе, не маўчыць - і адмаўляецца "не будзіць ліха, пакуль яно ціха".
Украіна б'е ў звон.

І прыезд у Чарнобыль тут - вяршыня сімвалізму. Выбух Чарнобыля ў 1986-ым стаў пахавальным звонам для савецкай імперыі зла.

Ціханоўская ў Чарнобылі. Дзінь-дзінь!

Па кім звоніць звон?

Лукашэнка раптам прачынаецца і заяўляе, што гатовы сам ляцець у Кіеў на перамовы з Зяленскім.

Позна.

І вось звоніць Лукашэнку прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Тэлефануе не прапанаваць чарговы абмен, не пагандлявацца, а папярэдзіць: станеш, як і ў 2022-ім, суагрэсарам - больш ніякіх гульняў і гандляў ня будзе.

Сцэна замерла. Заля прыціхла. Драма пачынаецца.

Жалезная заслона вось-вось здрыганецца і пачне распаўзацца па швах.

Цягнік да вольнага Менску кранаецца з месца.

Трэці званок.

Дзінь-дзінь, Аляксандр Рыгоравіч.

Дзінь-дзінь.
🙏3525🤗6😁4👎3
Знялі мяшкі з галоваў, разрэзалі пластыкавыя сцяжкі на руках - і высветлілася, што мы ва Ўкраіне.

І першы, каго я ўбачыў на выхадзе з аўтобуса, быў Уладзь Лабковіч. Змораны, спакутваны, схуднелы.

- Патрапала цябе жытуха, Уладзь, - кажу.

- Ну, і цябе таксама, - бадзёра адказвае Уладзь са сваёй фірмовай іранічнай усмешкай. - Ты ж заўсёды ўмеў натхняць.

Заўсёды дасціпны і патрабавальны, але спагадлівы, Уладзь Лабковіч прыцягнуў маю ўвагу яшчэ ў 1997-ым, на хвалі стварэння Маладога Фронту.

Як прадстаўнік Свіслацкай рады МФ (Ленінскі раён Менску), на паседжаннях нашай Управы Уладзь крытычна ацэньваў рашэнні і аспрэчваў прапановы - і тым самым выпрабоўваў тактыку ды стратэгію, спрабуючы максімальна палепшыць іх.

Але калі рашэнне, нават насуперак ягоным заўвагам, прымалася большасцю - настойваў на ягоным безумоўным выкананні.

У далейшым у палітыцы я часта шкадаваў, што побач няма такога сумленнага і цвёрдага дарадцы.

Як юрыст, Уладзь Лабковіч быў незаменны ў справах арыштаў ды крымінальных справаў. А на адным са з'ездаў БНФ, дзе ўдзельнічала самастойная дэлегацыя Маладога Фронту, прапанаваў юрыдычна бездакорную працэдуру галасавання, дзякуючы якой у Сойм прайшлі ажно 14 маладафронтаўцаў.

У 1998-ым Уладзь далучыўся валанцёрам да "Вясны" Алеся Бяляцкага, і з пачатку 2000-ых стаў усё больш часу аддаваць не палітыцы, а праваабароне.

Але і там Уладзь застаўся адным з тых, для каго беларускасць і інтарэсы беларусаў - абсалютныя. Прынцыпова і па-беларуску у размовах з любымі замежнікамі звяртаў увагу на каштоўнасць нашай незалежнасці і культуры.

Дарэчы, і на вядомай розгаласнай прэс-канферэнцыі вызваленых палітвязняў у Чарнігаве, на якую я не пайшоў, Уладзь выступаў па-беларуску.

Арыштаванаму ў 2021-ым разам з жонкай Нінай Уладзю давялося каўтнуць лукашэнкаўскага гулагу поўнай мерай. Катавалі ў ШІЗА, абяцалі згнаіць, здзекваліся, дадавалі адна за адной крымінальныя справы. Уладзь прайшоў той жа Шклоў, што і я, толькі трохі пазней.

Але і там Уладзь стаяў цвёрда, падтрымліваў іншых ды карыстаўся аўтарытэтам у дасведчаных крымінальнікаў.

Уладзь - класны сябар, круты тата і стоадсоткавы баец за Беларусь пры любых раскладах. Ён адзін з тых спецназаўцаў, якіх сам рэжым турмамі і лагерамі выкаваў на сваю пагібель.

Так і бачу Уладзя на паседжаннях будучага ураду, дзе ён, як калісьці на Варвашэні, 8, з дасціпнай усьмешкай падыме руку, каб запярэчыць агульнаму настраёваму ухваленню і прапанаваць найлепшае рашэнне.
51👍13🙏6💔6🦄3
Сустрэча Ціханоўскай з Зяленскім яснай, бліскучай рысай аддзяліла беларусаў ад Лукашэнкі.

Цяпер у вачах усяго свету Лукашэнка - суагрэсар, а беларусы - саюзнікі Украіны.

Пасля 2022 года стаўленне да беларусаў за мяжой рэзка змянілася: як вы дазволілі Пуціну напасці праз Беларусь на Украіну?! Вы, беларусы - мірныя людзі?!

Але цяпер, у 2026-ым, Украіна ў асобе Зяленскага гучна кажа ўсім: вораг - Лукашэнка, а беларусы - сябры.

Тлумачу, чаму сустрэча ў Кіеве - апошні званок для рэжыму, і чаму гэта суперважна для нас усіх.

Што мы робім? Натхняем беларусаў!

Ціханоўская ў Кіеве, а Макрон тэлефануе ў Менск; увесь свет патрабуе вызвалення беларускіх палітвязняў; эканоміка Беларусі расце, а Расеі падае – тройца добрых навінаў на нашым YouTube-канале.

Раз на тыдзень мы сустракаемся, каб разабрацца, што адбываецца ў Беларусі і свеце, вакол нас і ў нас саміх. Дык падпісвайцеся!

Раскручваем канал разам, сябры - бо Беларусі так патрэбныя добрыя навіны!

Спасылка на відэа - тут.
39👍13🔥7😁4🌭4
Дзякуй Богу за апошнія дні вясны ў Беластоку!

Вялікі дзякуй сям'і Верамеенкаў, якая прытуліла нас на гэтыя выходныя.

Дзякуй нястомнаму Барысу Гарэцкаму, нашаму кіроўцу, гіду, медыяэксперту і адмыслоўцу па незразумелых пытаннях ))

Дзякуй камандзе хабу "Новая зямля", дзе прайшла вялікая сустрэча і прэзентацыя кнігі "Беларусь - гэта святое": сёння нам усім трэба падтрымаць галоўную беластоцкую пляцоўку беларускага руху!

Дзякуй усім, хто прыйшоў на сустрэчу, найперш выступоўцам Яўгену Вапу, Кацярыне Ваданосавай, Уладзіміру Хільмановічу - а таксама ўсім тым, хто задаваў пытанні, зручныя і нязручныя.

Дзякуй "Радыё Рацыі" - першай і адзінай беларускамоўнай фм-станцыі, якая дае слова ў эфіры ўсім і надае асаблівую ўвагу беларускаму хрысціянскаму руху.

Дзякуй Яну Абадоўскаму - ён са сваёй камандай арганізоўвае Дзень Волі і вулічныя акцыі ня толькі ў Беластоку, а дапамагае беларусам па ўсім свеце.

Дзякуй Паўлу Станкевічу, які ладзіць найбольшы беларускі фэст у замежжы - "Тутака" - і натхняе нас адчуваць сябе нацыяй.

Дзякуй сябрам Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі - мы пагадзіліся рыхтаваць аб'яднаўчы з'езд увосені і ладзіць сталае праваслаўнае набажэнства па-беларуску ў Беластоку.

Дзякуй усім сябрам, з якімі мы змаглі абняцца ў гэтыя веснавыя дні!

Цяпер Беласток - у нашым сэрцы!

Фота Барыса Гарэцкага.
34🔥7🙏4👍2