Павел Севярынец
1.01K subscribers
102 photos
3 videos
18 links
Асабісты канал
Download Telegram
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
21👍14🥰3👎2
Віцебскі касцёл святой Барбары я намаляваў 18 жніўня 2021 года ў Магілёўскай турме.

Злева ўнізе, на пабеленым плоце, адмыслова зрабіў слой чырвонай цэглы. Атрымаўся бел-чырвона-белы сцяг - звыклым вокам угадваецца. І адправіў дахаты.

Малюнак праскочыў цэнзуру. Але рабіць з яго паштоўкі ці ставіць у календары Волечка тады не рызыкнула: на бел-чырвона-белае палявалі нават сярод слодычаў ды шкарпэтак.

Цяпер гэты малюнак - у кнізе "Беларусь - гэта святое". Разам з яшчэ 70-цю іншымі, а таксама выслоўямі і турэмнымі вершамі.

Першая прэзентацыя - на вялікай сустрэчы ў суботу 23 траўня ў Варшаве. 16.00, Беларускі Дом (Крынічная, 6).

То запрашаю!
74👍5🤗2
"9 мая" – галоўнае савецкае свята, і ў мяне да яго дваістыя пачуцці.

З аднаго боку, для мільёнаў людзей, якія прайшлі Другую сусветную вайну, 9 мая – дзень перамогі над гітлераўскім нацызмам. Гітлеру і ягоным злачынствам на нашай зямлі апраўдання няма.

З іншага боку, правадыр Савецкага Саюза Сталін, як мы цяпер ведаем з гісторыі, распальваў і падштурхоўваў тую страшную вайну, збіраўся сам захапіць Еўропу, дапамагаў Гітлеру, да апошняга быў ягоным саюзнікам у вайне супраць вольнага свету і на два пакаленні ўсталяваў для паловы Еўропы рэжым камуністычнага тэрору замест нацысцкага. Пакт Молатава-Рыбентропа - неабвержны доказ родавага падабенства нацызму і камунізму, хаўрусу драпежнікаў.

А тыя, хто пасля вайны арганізоўваў святкаванні 9 мая - рыхтавалі Трэцюю сусветную.

Сённяшняе “пабедабесіе” і страшная расейская вайна ва Ўкраіне – прамы вынік таго камуністычнага сатанізму.

Увесь вольны свет адзначае перамогу над гітлерызмам 8 мая, бо менавіта ў гэты дзень адбылася капітуляцыя рэшткаў нацысцкіх войскаў.

А ў Беларусі 9 мая было б дарэчна абвясціць днём смутку, днём памяці ахвяраў вайны – без аніякіх “георгіеўскіх стужак”, усхвалення Сталіна, Масквы ці Чырвонай арміі.

Для Беларусі і нацызм, і камунізм былі страшнай чумой, якая ў тыя гады імкнулася сцерці нас, беларусаў, з аблічча зямлі.

Дзякуй Богу, ані ў нацыстаў, ані ў камуністаў гэтага не атрымалася.

Не атрымаецца і ні ў кога іншага.

Сімвал той вайны ў Беларусі - спаленая Росіца.
47💯19🕊2
Як вярбуюць беларусаў на вайну ва Ўсходняй Магілёўшчыне.

Касцюковічы, Клімавічы, Хоцімск. Самы ўсход Беларусі, аточаны Расеяй.

Заежджыя расейцы расклейваюць па слупах ды пад'ездах налепкі-"заманухі" наконт "СВО". Камунальнікі ды міліцыянты зрываюць. Беларусы масава супраць вайны.

Але за паездку на вайну Масква плоціць шалёныя грошы. Бывае, прапашчыя мужыкі афармляюць заробак на сям'ю і едуць на вайну "у адзін канец".

У адных Касцюковічах за апошнія пару гадоў 15 магілаў з вайны ва Ўкраіне.

Дзе-нідзе ставяць на такой магіле расейскі трыкалор.

Людзі ў Расею ня хочуць. Кажуць, "калі б тое трыццаць гадоў таму, дак, можа, і пайшлі б, а цяпер ужо не".

Патрыятызм пераважна "чырвона-зялёны". Беларускую мову на вуліцах па-ранейшаму чуваць - прыяжджае з вёсак.

Параўноўваю з раннім Максімам Гарэцкім, які з той жа Мсціслаўшчыны.

Усё тая ж расейская вайна. Усё той жа мужыцкі беспрасвет. Але ужо - хай сабе і кульгавая, беларуская свядомасць.

Павольна, павольна, але нават і самы ўсходні край Беларусі адплывае, адпіхваецца, адштурхоўваецца ад імперыі.
🙏3112👍4💯4🤬1
Чаго я дамогся ўскрыццём на Акрэсціна ў 2020 годзе?

У першыя дні здавалася: абсалютна нічога.

Усё той жа карцэр без вады, усё той жа змрочны турэмны распарадак, толькі насмешлівае і выпрабавальнае чаканне з боку адміністрацыі: ну, ладна, парэзаўся, а далей што?

А далей было вось што.

Юрыдычна мяне трымалі на Акрэсціна на "сутках". Пасля акцыяў за незалежнасць канца 2019 года на мне "вісела" яшчэ некалькі пратаколаў, і, даючы па 15 сутак па кожным, рэжым проста ўтрымліваў мяне ў турме да "выбараў" 2020 года.

Але гэтыя "суткі" яшчэ трэба было даць. А вакол - пандэмія каранавіруса. Таму "судзілі" праз скайп. І вось праз некалькі дзён пасля таго ўскрыцця, 18 чэрвеня зранку, мяне вядуць у следчы кабінет, дзе стаіць кампутар - на той самы судовы скайп.

Завялі, пасадзілі перад кампом, падлучыліся, і вось мы ў судзе Фрунзенскага раёна Менска. Бачу, поўная заля людзей. Волечка, сябры, адвакатка Таццяна. І бачу сябе на экране ў залі. Ага, мы ў эфіры. Суддзя пачынае задаваць свае дзяжурныя пытанні, а я пачынаю распавядаць, у якіх умовах трымаюць мяне і Волю Мікалайчык.

Міліцыянты пачынаюць гэкаць, кашляць, вырачаць вочы на мяне, але ж - суд, працэдура! А суддзя, відаць, у прастрацыі перад поўнай заляй, маўчыць сабе.

- Таму мне давялося на знак пратэсту рэзаць сабе руку, - бадзёра заканчваю я і суну проста ў экран кампутара парэзаны локаць.

У залі шум. Бачу, Волечка закрывае твар далонямі. Супрацоўнікі са страшнымі вачыма моўчкі паказваюць: ну ўсё, табе хана. Суддзя ачомваецца, блытана даводзіць "адміністрацыйны працэс" да патрэбных 15-ці сутак. Ляскае крышка кампа, і мяне вядуць назад у карцэр.

Літаральна праз паўгадзіны пачалося. Чую, брохаюць па калідоры боты - бягуць, шум і тлум. Цэлая група захопу ўрываецца ў карцэр, распранаюць, абмацваюць, у рацыях каманды - "Ведіте в кабінет начальніка, быстро!"

Забегалі, як прусакі, думаю. Во якія вы порсткія, калі падгарае!

Вядуць да начальства, а там суцэльны вэрхал. Натоўп людзей у пагонах. Палкоўнікі, малінавыя лампасы, Глаўнае упраўленне унутраных дзел па Мінску, тэлекамеры...

І начальнік Акрэсціна, якога проста калоціць.

- Рукі покажіте!

Паказваю.

- Вы знаете, что с вамі сейчас будет?!

- І што? - кажу на куражы. - Вы мне нарэшце акажаце медыцынскую дапамогу?

- Окажем, окажем тебе медіцінскую дапамогу! - выціскае скрозь зубы.

У выпадку ўскрыцця вязня паводле адмысловага пратаколу накіроўваюць на псіхіятрычную экспертызу, і я гэта добра ведаў. Так, думаю, ясна, павязуць у "Навінкі", усё ж лепш, чым у гэтай бетоннай скрыні без вады.

Але гувэдэшнае начальства, якое клубілася ў калідоры і кабінетах, вырашыла інакш.

Ужо пасля я даведаўся, што з залі суда хтосьці адправіў медыям паведамленне, быццам я рэзаў вены, хаця я дакладна сказаў - "рэзаў руку". Пра вены імгненна падхапілі, напісалі пра спробу самагубства. А ў гэты ж самы дзень затрымалі і Бабарыку, таму інфармацыя лінула, як бензін у вагонь. Людзі выйшлі на вуліцы.

А ў мяне знялі на камеру непашкоджаныя запясці і далі міліцэйскае тлумачэнне, што ніякіх венаў Севярынец ня рэзаў.

Канечне, у той жа дзень шрубы, якімі я паласаваў руку, начыста зрэзалі і зашліфавалі.

У камеру пачалі штодня даваць пластыкавую бутэльку з вадой. Краны так і не ўключалі да самага жніўня (думаю, наконт перакрыцця кранаў было ўсё-такі "высочайшее повеленіе", таму проста ўключыць пабаяліся).

Пачалі выводзіць на гадзіну ў дворык, прычым начальства здымала мой вывад на тэлефон - маўляў, глядзіце, на прагулку яго водзім (відаць, здымалі для еўрапейскіх дыпламатаў).

І, нарэшце, праз колькі дзён нават дазволілі перадаць мне перадачу (у карцэр, Карл!).

Пацвердзілася простае правіла: ускрыццё працуе толькі тады, калі пра яго ведаюць на волі. Калі ж інфармацыя ня выйшла за сцены турмы - яна будзе пахаваная там навечна.

І часам - разам з вязнем.
36🙏20💔9👍3
Учора выйшла два інтэрвію - вялікі гадзінны стрым з Міколам Дзядком і размова пра РПЦ на рускамоўным партале "Vilnys".

Інтэрвію "Vilnys" даваў па-беларуску. Іх глядзяць у Беларусі, так што хутчэй размова для беларусаў Беларусі, чым для рускамоўных Вільні (зрэшты, сярод іх таксама шмат беларусаў). Відэа - тут.

Ну, а Мікола, канечне, вагонь. У эфіры - прафесійны відэажурналіст. Магчыма, наш будучы Лары Кінг. Хто ня ведае, бацькі Лары Кінга таксама з Беларусі. Відэа - вось.
40👎12🔥9🤬1💔1
Валерыя Чарнаморцава - адна з найлепшых беларускіх экскурсаводаў, якіх я ведаю. Ідзеш з ёй па горадзе - і адкрываеш для сябе скарбы.

Пазнаёміўся з ёй пасля вызвалення з Малога Сітна ў 2007-ым. Лера якраз далучылася тады да Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі.

У сярэдзіне 2000-ых Лера праводзіла кампанію "Пакаянне" - разам з легендарным пастарам Эрнстам Сабілам, які прайшоў ГУЛАГ, ездзіла па Беларусі і распавядала пра злачынствы камунізму і месцы расстрэлаў 1930-ых.

Ведала ўсіх палітвязняў сталінскай пары, дапамагала, а часам і даглядала тых, хто прайшоў тады лагеры.

У 2020-ым Лера ездзіла па Менску на ровары з прымацаваным бел-чырвона-белым сцягам. Зразумела, адсядзела на Валадарцы. З'ехала ў Вільню. Вывучыла літоўскую. Атрымала сертыфікацыю гіда.

І цяпер водзіць экскурсіі па Вільні.

Абсалютна цэльны, шчыры і глыбока веруючы чалавек.

Хочаце ведаць Вільню як свае пяць пальцаў - абавязкова прыходзьце на экскурсіі Леры Чарнаморцавай. Бліжэйшая - у суботу 16 траўня пачынаецца а 16.00 ля Вострай Брамы.
60👍6🥰6
16-17 траўня ў Менску на 10-тысячнай “Чыжоўка-арэне” пройдзе “Фестываль надзеі” – вялікі форум евангельскіх хрысціянаў.

“Фестываль надзеі” ў Беларусі – падзея ня проста значная. Для беларускіх хрысціянаў яна грандыёзная. За апошнія два дзясяткі гадоў падобныя кангрэсы евангельскіх цэркваў на постсавецкай прасторы можна палічыць на пальцах. 2026 год, рэжым, вайна – а ў Менску шматтысячны евангельскі фэст, дзе будуць казаць пра веру, надзею і мір. Для ўсёй Беларусі – гэта магутны хрысціянскі прарыў.

На сённяшні час пратэстанцкія цэрквы – гэта каля дзьвюхсот тысячаў чалавек, больш як 2% насельніцтва Беларусі і каля 3% вернікаў, трэцяя па велічыні хрысціянская канфесія пасля праваслаўных і каталікоў. Зарэгістраваных грамадаў да 2025 года пратэстанты мелі больш тысячы – а гэта ўжо каля траціны ўсіх хрысціянскіх грамадаў у Беларусі.

Евангельскія вернікі – законапаслухмяныя грамадзяне, руплівыя працаўнікі, часта прадпрымальнікі альбо фермеры, сярод іх мноства шматдзетных сем’яў і дабрачынцаў. “Соль зямлі” – гэта пра іх. На Палессі пратэстанты – гэта сіла: там часта трапляюцца цэлыя баптысцкія і пяцідзясятніцкія вёскі, такія як знакамітыя Альшаны.

У 2020 годзе тысячы евангельскіх вернікаў удзельнічалі ў пратэстах. Сотні прайшлі суткі, турмы, дэпартацыю з Беларусі. Больш як трыццаць пастараў былі рэпрэсаваныя. Некалькі дзясяткаў пратэстанцкіх грамадаў не перарэгістравалі. Пытанне, ці ёсць цяпер афіцыйна тая тысяча евангельскіх супольнасцяў. Канечне, найперш пацярпелі “нязручныя цэрквы” – пратэстанты, якія пратэставалі. А для тых, каго рэгіструюць, непазбежная ўмова: не дапускаць аніякай “крамолы” ў набажэнствах.

Ці працягваюць жыць забароненыя грамады? Ня буду называць прыклады і канкрэтныя цэрквы, каб не зашкодзіць людзям. Хтосьці сышоў у анлайн, хтосьці ў дамашнія групы, хтосьці перайшоў у зарэгістраваныя цэрквы, ва ўсіх па-рознаму. Але пратэстанты гістарычна маюць глыбокі досвед выжывання ў таталітарным рэжыме – падчас савецкіх ганенняў на веру. Ніякі Лукашэнка не прымусіць сапраўдных вернікаў Ісуса Хрыста стаць на калені перад дыктатарам.

Падчас здушэння маніфестацыяў і пасля пачатку вайны ва Ўкраіне па пратэстантах білі асабліва моцна – маўляў, “амерыканская царква”. Але пасля перамогі Трампа ў ЗША становішча пачало мяняцца. Наладжванне стасункаў з адміністрацыяй Трампа для Лукашэнкі і Пуціна стварыла асаблівае становішча – пратэстанты раптам сталі запатрабаванымі ў сілу пакручастай геапалітыкі. На гэтым павароце для евангельскіх цэркваў нечакана адчынілася вакно магчымасцяў.

Улады дазволілі фэст, таму што цяпер такі час, цяпер рэжыму трэба сябраваць з Амерыкай. Але сам факт такога малітоўнага збору зрушвае беларускую гісторыю. Усе, хто верыць у Бога, разумеюць сілу малітвы. Калі тысячы людзей разам просяць Бога пра надзею – часам вера перамяшчае горы. І дай Бог, каб ня толькі лагатып Фестывалю надзеі быў па-беларуску – а каб і малітвы, і спевы таксама гучалі на “Чыжоўка-арэне” па-беларуску.

Бог прыходзіць у Беларусь – і з беларусамі Ён размаўляе па-беларуску.

Беларускія пратэстанты, як і пратэстанты наогул – людзі арганізаваныя і адказныя. “Чыжоўка-арэна” 16-17 траўня, не сумняюся, будзе перапоўненая. Магчыма, улады правядуць туды і супрацоўнікаў сілавых структураў, і чыноўнікаў з райвыканкамаў – што ж, хай паслухаюць пра Госпада Укрыжаванага, хай думаюць, як ім каяцца.

Рэжым, канечне, паспрабуе выкарыстаць гэты фэст у сваіх мэтах – маўляў, глядзіце, відны прапаведнік са Штатаў, са знакамітай хрысціянскай дынастыі, свабодна прапаведуе, людзі спакойна моляцца, мы, беларусы, за мір ва ўсім свеце і так далей. Але на месцы Франкліна Грэма я б абавязкова знайшоў словы, каб падтрымаць тых вернікаў, якія і сёння пакутуюць у турмах рэжыму – і, канечне, каб данесці адпаведнае пасланне для тыранаў.

Бо Ісус Хрыстос – гэта ня толькі мір і ласка. Ісус Хрыстос - гэта яшчэ і свабода, і праўда, якія разрываюць Божае сэрца і якіх так не стае сённяшняй Беларусі.
35🙏13👎3🥱3🕊1
Праз шэсць гадоў абняліся з матуляй - у Вільні. Дзякуй Богу!

Фота Барыса Гарэцкага.
103❤‍🔥12🔥6🙏5👍2
Сустрэліся са Скарынам у Вільні!

Праводжу экскурсію матулі і пляменніцам, распавядаю пра друкарню Скарыны на Ратушнай плошчы ля знакамітай шыльды, абарочваюся ісці далей - бац, помнік Скарыну стаіць.

Увесь залаты, з кнігай, на грудзях ланцуг з сонцам маладзіковым...

Ліхаманкава пракручваю ўсе файлы ў галаве - ё-маё, ды калі ж гэта прапусціў усталяванне помніка ў Вільні?!. Мо пакуль у турме сядзеў?..

Падыходжу бліжэй разгледзець, а Скарына нахіляецца, вабіць пальцам і на чысцюткай беларускай мове шэпча:

- Давай разам фотку зробім.
65😁9👍5
Разам са Змітром Дашкевічам атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды БНР - цяпер мы кавалеры Ордэна Пагоні.

Загад Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы пра ўзнагароджанне быў падпісаны яшчэ 25 сакавіка 2024 года - калі мы яшчэ былі ў турме.

Кавалераў Ордэну Пагоні, як нам сказалі, цяпер шэсць - Зянон Пазьняк, Алесь Бяляцкі, мы ўдваёх і яшчэ два чалавекі, прозвішчы якіх не раскрываюцца з меркаванняў бяспекі (магчыма, яны ў Беларусі). А ёсць яшчэ і дама Ордэну Пагоні - сама Івонка Сурвіла.

Уручалі крыжы Ордэну і пасведчанні ў Беларускім доме ў Вільні сакратар Рады БНР Паліна Прысмакова і намеснік кіраўніка БАЖ Барыс Гарэцкі.

З лёгкай рукі Змітра запачаткавалі новую традыцыю - казаць на ўзнагароджанні слова сямейна - са сваёй палавінкай )

Высокі гонар - і знак беларускай дзяржаўнасці!
👍2514🔥9🙏2👎1