Павел Севярынец
1.04K subscribers
76 photos
3 videos
17 links
Асабісты канал
Download Telegram
Запрашаем усіх далучацца да Цырымоніі ўзняцця бела-чырвона-белага сцяга каля Сейма з нагоды 108-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР.

У цырымоніі возьмуць удзел і выступяць з прамовамі нацыянальная лідарка Беларусі, Святлана Ціханоўская, старшыня Сейма Літвы, Юозас Олекас і віцэ-маршалак Сената Польшчы, Міхал Камінскі.

🗓 Дата: 30 сакавіка 2026
🕘 Час: 09:00–09:15
📍 Месца: Сейм Літоўскай Рэспублікі (флагшток з боку ракі)

Больш інфармацыі па спасылцы: https://tsikhanouskaya.org/be/event/cyrymoniya-uznyaccya-bela-chyrvona-belaga-scyaga-z-nagody-108-j-gadaviny-abvyashchennya-nezalezhnasci-belaruskaj-narodnaj-respubliki.

Да сустрэчы!
691
У Змітра Дашкевіча ёсць вялікі дар ад Бога. Калі ён гаворыць - хочацца слухаць.

Бо тое, пра што гаворыць Дашкевіч - ён пражыў і перажыў.

Калі ён кажа пра беларускую мову - за гэтым стаяць дзесяцігоддзі прынцыповай беларускамоўнасці, у тым ліку ў турме. Калі пра сям'ю - у яго цудоўная беларуская сям'я, чацьвёра дзяцей, якія таксама размаўляюць па-беларуску. Калі пра палітыку - ён ахвяраваўся ў адным Маладым Фронце так, што хопіць на дзесяць жыццяў.

Ягоныя акцыі пачатку 2000-ых - залаты фонд нацыянальнага супраціву.

І калі Дашкевіч кажа пра Бога - абавязкова паслухайце. Бо Дашкевіч, якога ведае ўся Беларусь, пачаўся якраз тады, калі ён паверыў у Ісуса Хрыста.

І на малітве за Беларусь, калі ён моліцца, і калі чытаюць Біблію (па-беларуску, у перакладзе Антонія Бокуна) такую глыбіню слова пачуеш ня ў кожнага пастара.

Вернік. Цясляр. Муж. Бацька. Пісьменнік. Прапаведнік.

Дашкевіч, які часта гаворыць ня тое, што нам падабаецца, а тое, чаго мы ўпарта ня хочам пачуць.

Вось такіх людзей і трэба слухаць.
77👍18🙏8👎2😁1
Вынікі сёлетняга Дня Волі - абяцанне таго самага вялікага Дня, калі Беларусь нарэшце будзе вызваленая.

Апошнія дні бясконца здзіўляўся і захапляўся беларусамі, якія выходзілі на вуліцы ў Літве і Польшчы, Украіне і ЗША, Канадзе і Нямеччыне, Іспаніі і Чэхіі, Бельгіі і Аўстраліі, Арменіі і Інданэзіі, Мексіцы ды Грузіі, Швейцарыі і Італіі, Славаччыне і Францыі, Швецыі і Вялікай Брытаніі - дзясятках краінаў, сотнях гарадоў.

Нягледзячы ні на якую стому, ні на якія пагрозы, ні на якія сваркі альбо расчараванні - Беларусь у вольным свеце жыве і будзе жыць.

Чалавек, які хоча ўсталяваць сусветны рэкорд, гадамі трэніруецца і адпрацоўвае патрэбныя рухі. І беларускі народ упарта "качаецца", збірае сілы, рыхтуе сваё цела для вырашальнага рыўка. 25 сакавіка. Чарнобыльскі шлях. 9 жніўня.

Перажытыя пакуты асэнсоўваюцца нацыяй як будаўнічы матэрыял. Яшчэ раз - не як сіла разбурэння, а як заклад будучай магутнасці.

Дзякуй вам, любыя беларусы, за тое, што вы разумееце: Бог абарочвае зло на дабро. Бог праводзіць нас праз выпрабаванні, каб загартаваць. Турмы, выгнанні і страты насамрэч намнажаюць досвед, здольнасці і магчымасці.

Дзякуй вам за свята Волі - вы адзначаеце яго як наш выклік рэжыму, вайне, страху!

Дзень Волі 2026 года - яшчэ адзін наш падход да трэнажору гісторыі ў праграме патрэбнай падрыхтоўкі. Ужо цяпер бачу сярод беларусаў свету сотні і тысячы ўпартых, мэтанакіраваных, прафесійных майстроў, якія ў рэшце рэшт возьмуць Беларусь у свае рукі.

Верым! Можам! Пераможам!
65🙏10🔥5💯1
Падтрымайма беларускамоўных праваслаўных братоў і сёстраў, сябры!

🌿 Вялікі пост яшчэ ідзе, а ў нас ужо добрыя велікодныя навіны! Сустракайце — велікодныя літургічныя спевы па-беларуску!

Мы запісалі альбом (36 трэкаў) велікодных спеваў па-беларуску і падрыхтавалі ноты, цяпер працуем над новымі нотнымі зборнікамі.

Калі вы хочаце, каб беларуская мова гучала ў праваслаўным набажэнстве — падтрымайце гэты праект.

Мы — беларуская праваслаўная супольнасць капліцы св. Рыгора Перадзэ ў Варшаве (Польская аўтакефальная праваслаўная царква). Ад сакавіка 2023 г. мы служым Боскую літургію па-беларуску ў Варшаве і развіваем царкоўныя спевы на беларускай мове.

Вынікі нашай працы
Мы працавалі некалькі гадоў над гэтым, і вось што атрымалася:
📖 зрабілі беларускі пераклад велікодных тэкстаў праваслаўнай царкоўнай традыцыі;
🎧 запісалі 36 трэкаў для велікоднага альбома;
🎼 падрыхтавалі ноты да велікоднага набажэнства.
Паслухаць прыклады запісаў і спампаваць поўны камплект нот можна тут і праз QR-код на фота.

Як атрымаць аўдыёматэрыялы
► Альбом “Праваслаўны Вялікдзень” (у 2 частках) выйдзе на стрымінгавых платформах ад аўтараў “Беларускі хор капліцы св. Рыгора”. Ён з’явіцца ў першых днях красавіка 2026 г. Мы б хацелі, каб і нашыя сябры з Заходняй царквы таксама далучыліся да візантыйскага досведу святкавання Вялікадня, таму, спадзяемся, к 5 красавіка альбом пройдзе мадэрацыю.
► У Варшаве на прыходзе св. Рыгора Перадзэ (Warszawa, ul. Lelechowska 5) можна атрымаць паштоўку-вокладку велікоднага альбома з QR-кодам доступу да ўсіх нот і запісаў за ахвяраванне.
Мінімальнае ахвяраванне — 35 злотых (прыкладна 9 еўра). Вы ахвяруеце на месцы — мы аддаем на месцы.
Час працы капліцы глядзіце ў раскладзе набажэнстваў (Kaplica św. Grzegorza Peradze у Фэйсбуку)
🎁 Thank-you gift
Пры ахвяраванні ад 200 злотых (прыкладна 50 еўра) мы вышлем гэтую паштоўку ў любую краіну, куды толькі магчымая паштовая дастаўка з Варшавы…
Пры ахвяраванні ад 600 злотых (прыкладна 140 еўра) мы зробім для Вас флэшку, запішам туды велікодны альбом з нотамі і вышлем поштай.
Максімальны тэрмін высылкі — 20 дзён ад пацвярджэння данатаў на пошту.
Калі вы зрабілі данат і хочаце атрымаць паштоўку па пошце, напішыце нам на prawaslaunajawarszawa@gmail.com. Далучыце да ліста: пацвярджэнне даната, ваш адрас, імя атрымальніка.

Як ахвяраваць
► праз Zrzutka (Wydanie nut do prawosławnych nabożeństw po białorusku) тут і ў QR-кодзе на фота;
► праз Buymeacoffee (Belarusian Orthodox Music Project) тут і ў QR-кодзе на фота;
► гатоўкай, калі ў нас адбываецца набажэнства: 15 сакавіка; 12 красавіка на Вялікдзень з польскамоўнай супольнасцю; 26 красавіка; 17 мая.

На што пойдуць сродкі
Ахвяраванні ідуць на развіццё беларускамоўнага праваслаўнага набажэнства:
► адаптацыю літургічных твораў пад беларускую мову (аплата працы музыкаў і кампазітараў);
► стварэнне электронных нот (аплата апраграмавання);
► музычную і моўную карэктуру;
► дызайн і вёрстку нотных зборнікаў;
► друк і распаўсюд.

Нашы планы
Да канца 2027 г. (а спадзяемся — і раней) мы плануем выдаць:
► нотны зборнік літургій св. Яна Златаўста і св. Васіля Вялікага;
► велікодны нотны зборнік.
У будучыні ўсе ноты, створаныя ў межах гэтага праекта, будуць выкладзеныя анлайн у адкрытым доступе.

Мы таксама плануем
🎧 новыя аўдыязапісы;
🎼 ноты да Раства Хрыстовага і іншых вялікіх святаў.

Кантакты
Facebook
YouTube: PrawaslaunajaWarszawa
Spotify / Apple Music etc.: Беларускі хор капліцы св. Рыгора Перадзэ

🕊 Падтрымаеце развіццё праваслаўных літургічных спеваў па-беларуску!
33🔥6🙏43🎄1
Вясна. Утраёх едзем па Вільні.

Волечка ціха напявае велікодны спеў - у суботу і нядзелю касцёльны хор. Францішак няспынна перапытвае пра краіны і сталіцы свету. Хораша.

Мы - у фотастудыю. Нам падаравалі гадзіну сямейнай фотасесіі.

Гаспадыня - цудоўная беларусачка - паказвае студыю, дае пульт ад камеры, паказвае, дзе паглядзець фоты і дзе уключыць сваю музыку. Ёсць нават моцны вентылятар, які можа развяваць валасы, нібы ты на вятры. І пакідае нас адных: гадзіну можаш сам фотацца, як хочаш, пад сваю музыку, пераапранацца, гарэзаваць.

Як для мяне - гэта нашмат лепш за звычайныя здымкі, калі табе кажуць, як стаць, куды глядзець і які выраз твару рабіць.

Да таго ж - беларускі бізнэс. Чалавек прыехаў з Беларусі, робіць тое, што яму падабаецца, аказвае паслугі іншым - і гэтым забяспечвае сабе жыццё.

З пультам, канечне, Францішак))

Інстаграм студыі па спасылцы.
87👍15🥰7🔥5
🔥28👍8🙏4😁1
Пакуты, ціск, боль - разбураюць беларусаў альбо будуюць?

Нармальны чалавек скажа: ты што, паехаў дахам? Канечне, разбураюць. Нікому ня хочацца пакутваць і паспытваць боль. Гады ў турме ці пераследзе, дзесяцігоддзі пад рэжымам альбо ў выгнанні - страчаныя для жыцця.

На першы погляд так. Але гісторыя і асабістыя чалавечыя лёсы сведчаць пра іншае.

Кепскія часы нараджаюць добрых людзей, добрыя часы - кепскіх людзей, кажа класік.

Беларус, які прайшоў турмы, найлепш зразумее іншага беларуса, які апынуўся ў бядзе. Дапаможа яго сваякам. Знойдзе час і словы для падтрымкі.

Калі мне баліць - значыць, я жывы і я ведаю, у чым праблема. Значыць, у мяне ёсць надзея.

Шчыра, да 2020 года я са сваімі маладафронтаўскімі альбо хадэцкімі клопатамі пра ўсю Беларусь пастаянна натыкаўся на сцяну неразумення ды абыякавасці з боку большасці беларусаў. Ну так, рэжым. Ну, гіне мова, культура. Ну, Расея паўсюль. Ну і што? Табе, Паша, больш за ўсіх трэба? І асабліва мяне ўражвала, калі суразмоўнік паводзіў вачыма вакол і сцішана пытаў: сядзець у турме? упірацца? тут? А дзеля чаго? Дзеля каго?..

Цяпер пытанняў няма. Лукашэнка і Расея ўжо каторы год выхоўваюць сярод беларусаў яснае разуменне: свабода, дэмакратыя і незалежнасць - аснова жыцця. Беларускасць - грунт, на якім ты стаіш. Кожны беларус - цэлы скарб. Радзіма - гэта тое, без чаго ты воўкам выеш на чужыне.

Большасць беларусаў ужо адчулі каштоўнасць Беларусі асабіста, на сваёй уласнай скуры. Але выпрабаванні працягваюцца. Значыць, прасякліся мы з вамі, браты і сёстры, яшчэ ня ўсе і яшчэ не да канца.

Той самы вагонь, які плавіць воск, робіць каменем гліну.

У нашу эпоху Бог масава выпрацоўвае ў беларусаў характар. Тыя, хто наракае на жыццё, вінаваціць ва ўсім Святлану альбо Зянона, ные і апускае рукі - проста не гатовыя да змагання за Беларусь. Значыць, яшчэ ня ўсю праграму загартоўкі прайшлі. Значыць, трэба яшчэ выкоўваць у сабе беларуса.

Сёння ў каталікоў і евангельскіх хрысціянаў - Страсная Пятніца. Дзень, калі Ісуса Хрыста бічавалі, прымусілі цягнуць на сабе крыж і прыбілі цвікамі да дрэва, каб пакутліва паміраў.

І Бог, падабаецца нам гэта ці не, так уладкаваў свет, што без пакутаў і болю не бывае збавення. Без крыжу няма уваскрасення.

Менавіта Галгофа, прачутыя і асэнсаваныя пакуты, пакладзеныя ў падмурак жыцця, і ёсць ключом да мільярдаў сэрцаў.

Менавіта пакуты, боль, ціск і рэпрэсіі - беларускі крыжовы шлях да перамогі.

Мы маем цягнуць гэты крыж - і дзеля сябе, і дзеля ўсіх беларусаў. Тысячу гадоў беларусы, нацыя не рэлігійная, але глыбока хрысціянская, разумелі гэта - і ішлі ўгару.

Так што гартуем сэрцы, мілыя беларусы. Трывайма.

Бог ужо зрабіў для нас галоўнае. Засталося толькі прайсці следам за Ім.
51🙏19👍6🔥3💔2
З Яўгенам Афнагелем мы пазнаёміліся амаль трыццаць гадоў таму ў Маладым Фронце.

Яўген узначаліў Койданаўскую раду (суполку Маскоўскага раёна Менску) - знакаміты КРАМФ.

У канцы 1990-ых - пачатку 2000-ых гэта была адна з самых шматлікіх і баявых структураў Маладога Фронту. У іх была свая штаб-кватэра, база для лясных вышкалаў, уласны сцяг, чорны з бел-чырвона-белай стужкай - і дружная каманда, якая першай ішла на прарыў міліцэйскіх кардонаў на шэсцях.

Маладафронтаўскія сходы яны любілі праводзіць дзе-небудзь зацемна ля вогнішча - і за гэта ў нас на Управе МФ іх называлі "партызанамі".

Памятаю, у 1999-ым яны раскідвалі ў менскай Малінаўцы дзясяткі тысячаў улётак, каб запрашаць расселеных там чарнобыльцаў на нашу сустрэчу ў офіс Генадзя Грушавога (для маладзейшых патлумачу: ну так рабілі, калі яшчэ не было інтэрнэту)) А ў 2000-ым КРАМФ адной з першых пачала праводзіць шквальныя "Шоў беларушчыны", калі асветніцкімі віктарынамі ахопліваліся ўсе паралелі ў раённых школах.

Арганізоўваў гэта ўсё Яўген - маўклівы, засяроджаны, па-спартоваму падцягнуты блакітнавокі "вараг". Бывала, за ўсю акцыю ад яго не пачуеш ані слова - але ягоная дружына ніколі не падвядзе.

У 2001-ым Яўген разам з КРАМФам перайшоў у "Зубр". Прычым адзіны з усіх маладафронтаўцаў (а іх тады сышло "зубрыць" вельмі шмат) прыйшоў і папярэдзіў:

- Паш, прапанавалі. Разумееш, там магчымасцяў рабіць для Беларусі значна больш. Людзі хочуць. Але калі ты скажаш "не", мы ня пойдзем.

Тады я пагадзіўся (у Маладога Фронту ў той час і праўда "зуброўскіх" магчымасцяў не было і блізка, усе змагаліся, як кажуць, за ідэю) - але цяпер думаю, ці не зрабіў я памылкі. Не, у Яўгене я не памыліўся - ён і ў "Зубры", і потым у "Еўрапейскай Беларусі" паказаў сябе як адданы беларус і моцны, стрыманы ды эфектыўны лідэр. Засумняваўся ў сабе - падумаў, што не змагу ўтрымаць хлопцаў ды дзяўчат адным дзеяннем, ахвярнасцю і натхненнем.

А з Яўгенам Бог зноў цесна звёў нас разам у 2020-ым: следчыя вырашылі аб'яднаць нас, колішніх маладафронтаўцаў, у адной крымінальнай справе аб "масавых беспарадках", і аформілі "падзельнікамі". І падчас "прысуду" ў траўні 2021-га ў Магілёўскім абласным судзе мы разам, як і калісьці ў МФ, скандавалі ў клетцы "Жыве Беларусь!"

І як бы ні склаліся нашы лёсы далей, ведаю: з Яўгенам Афнагелем гатовы і ў выведку, і скрозь ваду, вагонь ці медныя трубы.

Яўген - чалавек жалезнай волі і гонару. Беларусь ён не падвядзе.
51🙏4👍2🔥1💯1
Хрыстос уваскрос – і Беларусь уваскрэсне!

Збаўца чалавецтва ўваскрос у тую самую ноч, калі нават Ягоным вучням здавалася: усё скончана.

Часам цемра настолькі прыгнятае, а бездань настолькі прыцягвае, што вера, надзея і любоў здаюцца нічога ня вартымі.

Часам адчуванне бездапаможнасці настолькі вострае, што ясна разумееш: ніякіх чалавечых сілаў тут ня хопіць.

І вось тады - менавіта тады! - прыходзіць Бог.

Бел-чырвона-белы сцяг насамрэч нарадзіўся 2000 гадоў таму. Белая палатніна з крывёю ўкрыжаванага Ісуса засталася людзям пасля Уваскрасення як знак перамогі над злом і смерцю.

З тых пор ва ўсім хрысціянскім свеце белы сцяг з чырвонай паласой ці крыжам стаў сімвалам Уваскрасення – і ўвайшоў у дзясяткі сімвалаў.

Беларусь адраджалася і ўваскрасала менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам Ісуса Хрыста.

І пад Грунвальдам. І ў бітве пад Воршай. І з паўстаннямі Касцюшкі ды Каліноўскага. І ў 1918-ым, 1991-ым, 1996-ым, 2020-ым…

Тысячу гадоў нашай гісторыі нас вёў Ён – Ісус Хрыстос, Які размаўляе па-беларуску.
71🙏16👍5
"ЗМАГАРЫ" АЛЬБО "МАЙСТРЫ"?

Падзел беларускага руху на ўмоўных "змагароў" і "майстроў" - адзін з самых згубных для Беларусі.

"Змагары", схільныя да вулічнай альбо збройнай барацьбы, маюць гучны голас, гавораць рэзкія прамовы, ганарацца тым, што ідуць за ідэю і да канца, і часта ставяцца грэбліва да тых, хто выбірае іншыя шляхі.

"Майстры" больш займаюцца дыпламатыяй, бізнэсам, адміністраваннем, творчасцю, робяць сваю справу без шуму і пылу, любяць падкрэсліць свой прафесіяналізм, вытрымку і абачлівасць, і ня менш часта (хаця і менш гучна) дакараюць "змагароў" за безвыніковасць і безадказнасць.

- Вы толькі крычыце, правакуеце і шкодзіце, - кажуць "майстры" "змагарам".

- А вы наогул здраднікі і грантасмокі! - хорам адказваюць "змагары".

Сённяшні падзел на "гераічных лузераў" і "рэспектабельных здраднікаў" напоўніцу выкарыстоўваюць усе ворагі Беларусі.

За апошнія пару дзён тройчы сутыкнуўся з такімі ацэнкамі нават сярод беларускамоўных вернікаў - у дачыненні да вядомых асобаў і кіраўніцтва хрысціянскіх грамадаў.

Дарагія мае беларусы і беларускі!

Варта зразумець адну простую рэч: ёсць час змагароў, і ёсць час майстроў. Ёсць час і абставіны, якія патрабуюць адказнай і руплівай працы дзеля Беларусі - з поўнай аддачаю, часам без асаблівага піяру і публічнай падзякі. А ёсць час і абставіны, якія проста крычаць: усе - да змагання!

У пачатку 2000-ых альбо ў пару так званай "нармалізацыі" быў час майстроў - і нават ад змагароў патрабаваліся адпаведныя ўласцівасці ды вынікі.

А вось у 2020-ым большасць была змагарамі - і цяпер згадвае той час з настальгіяй.

Масавы турэмны досвед, вайна ва Украіне з тысячамі дабраахвотнікаў і вымушаная эміграцыя пашырылі і паглыбілі гэты падзел на самую актыўную і творчую частку нацыі, на ўсе яе пласты. Сваркі на уяўнай і шмат у чым штучнай мяжы "змагары"-"майстры" паглынаюць сілы і час, так патрэбныя беларусам для гарту як адзінай нацыі.

І змагары, і майстры аднолькава крытычна патрэбныя сённяшняму беларускаму руху. Без вулічных і правадыроў і байцоў мы будзем няздольныя скарыстацца вакном магчымасцяў і прайграем рэжыму альбо Расеі. Без прафесійных дыпламатаў, штабістаў, дасведчаных менэджараў мы завалім парыў нацыі да перамогі. Навучыцца ўзаемнай павазе, супрацы, падтрымцы у адпаведнасці з дэвізам "беларус беларусу беларус" - найпершая патрэба сённяшняга часу і для майстроў, і для змагароў.

Ніякаму чорту ня ўдасца зламіць народ, які адчувае сябе адзіным, цэласным, зладжаным і здаровым арганізмам.

Бог дасць нам перамогу - калі мы самі будзем гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за Беларусь.
👍33🤝18👏5🙏3🌭2
Праваслаўны Вялікдзень у Вільні - у царкве Святой Тройцы па-беларуску!

Браты і сёстры!

Ноч уваскрасення Хрыста паводле праваслаўнага календара, з 11 на 12 красавіка, беларусы Вільні ўпершыню змогуць сустрэць у знакамітай Свята-Траецкай царкве ля Вострай Брамы.

Гэта тая самая царква, якую Канстанцін Астрожскі паабяцаў Богу пабудаваць, калі пераможа Маскву пад Воршай у 1514 годзе.

Цяпер царква належыць украінскай грэка-каталіцкай грамадзе, але праваслаўныя беларусы Канстанцінопальскага патрыярхату змогуць яднаць падзеленае хрысціянства сабой - у Тройцы Адзінай.

Найпрыгажэйшае начное набажэнства з хросным ходам, свечкамі і магутным беларускім хорам, з рэхам Залатога веку - проста цуд.

Удзельнічаць у ім - значыць стаць у малітоўным праломе за Беларусь.

Для кагосьці - раз на год, а для кагосьці - раз у жыцці.

Пачатак а 00.00. Адрас - Aušros Vartų g. 7B
50🙏10👍9
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Мы з Францішкам усё-такі хочам размаўляць з Гуглам на мове любові))

Колькі беларускіх дзетак, якія паўсюль размаўляюць па-беларуску, будзе дастаткова для таго, каб Беларусь жыла?

Няўжо і нам, дарослым, не надакучыла запытвацца ў Гугла усё-што-заўгодна па-расейску?

Петыцыя за галасавы ўвод Гугла па-беларуску набрала пакуль трохі больш за 1000 подпісаў.

Але для таго, каб гігант заварушыўся, патрэбна прынамсі тысячы дзьве-тры. І наогул, чым больш, тым лепш.

І тут пытанне такое: колькі беларускамоўных беларусаў сядзяць у сацсетках?

Прапаную узняць хвалю і праштурхнуць наш родны галасавы ўвод у Гугл!

Спасылка тут.
70👍10🙏5❤‍🔥2🥰1
Менавіта Кастусь Шыталь пазнаёміў мяне з маёй будучай жоначкай Воляй.

У верасні 2008 года, калі мы з сябрамі здымалі кватэру на менскай вуліцы Купрыянава, Кастусь Шыталь, тады першакурснік гістфаку БДУ, запрасіў дзьвюх сваіх сябровак, студэнтак беларускага філфаку, на хатні прагляд фільма "Плошча" Юрыя Хашчавацкага.

Мы часам чытаем у навінах пра юных геніяў, якія набіраюць максімальныя балы на ўступных іспытах. Дык вось, Кастусь здаў гісторыю Беларусі на 100 балаў са 100.

Менавіта дзякуючы Кастусю, ягонай унікальнай учэпістасці і геніяльнаму беларускаму кругагляду, у Беларускую Хрысціянскую Дэмакратыю 2000-ых хлынула плынь каталіцкіх актывістаў з колішняга Дзісенскага павету, Полаччыны, Меншчыны, Вілейшчыны.

Менавіта ён з яшчэ адной сваёй сяброўкай выдаваў і распаўсюджваў у пілігрымках газеты і ўлёткі з формулай "Беларуская форма - хрысціянскі змест".

А цяпер Кастусь Шыталь - адзін з найлепшых беларускіх краязнаўцаў.

Дзякуючы такім людзям, як Кастусь, Ісус сярод нас - і размаўляе па-беларуску.
51👍14🙏3🕊3
Прызнанне чатаў сваякоў зняволеных экстрэмісцкімі - прамы адказ рэжыму на блакаванне прапаганды ў YouTube.

Ах, вы перашкаджаеце нам хлусіць усяму свету? Тады мы будзем біць "вашых" у Беларусі па самым балючым.

Мала таго, тут пасыл усім беларусам пасля масавага вызвалення "палітычных". Што, паднялі галаву? Удыхнулі надзеі? А ну пад нары!

Пры ўсёй сваёй самацэнзуры чаты сваякоў зняволеных - вельмі небяспечная для рэжыму сетка. У 2020 годзе менавіта звесткі пра здзекі з затрыманых на Акрэсціна сталі дэтанатарам магутнай хвалі пратэстаў па ўсёй Беларусі.

Сведчу з усяго свайго турэмнага і лагернага досведу: рэакцыі сваякоў, "шуму" па-за межамі калоніяў і ізалятараў адміністрацыя баіцца як чорт ладана. Працёкі інфармацыі на волю, да родных падчас спатканняў, тэлефонных званкоў, сустрэчаў з адвакатамі ці вызвалення вязняў - кашмар для таварышаў начальнікаў.

Нават згадкі ў сеціве пра канкрэтную турму ці "зону", ужо ня кажучы пра раптоўны прыезд сваякоў на прыём - надзвычайнае здарэнне і сігнал пра "падрыў асноваў" для паранаідальнай сістэмы.

А самаарганізацыя сваякоў, аб'яднаных абурэннем - асінавы кол і "срэбная куля", ад якой трасе ўсю "вертыкаль" ад опера да Лукашэнкі.

Удар па такіх чатах - рэзкае закручванне гаек, чарговы зрух ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага.

Дзясяткі тысячаў людзей, у тым ліку не палітычных, імгненна пераводзяцца ў стан адкрытых ворагаў. "Жонка ворага народа", "сын ворага народа", "маці ворага народа" - усё гэта беларусы ўжо перажывалі стагоддзе таму.

Запыт на інфармацыю з месцаў зняволення і на падпольную самаарганізацыю пры такіх мерах будзе толькі расці. І праваабаронцам, людзям з досведам, у тым ліку вызваленым палітвязням, а таксама асацыяцыям палітвязняў за мяжой трэба рыхтавацца на гэты масавы запыт адказваць.
💯22🤯3🕊32😢1