Беларуская Рада культуры
797 subscribers
459 photos
27 videos
336 links
Афіцыйны канал, дзе будзем расказваць пра сваю дзейнасць і чым мы можам быць карыснымі культурніцкім актывістам. Наш сайт https://byculture.org/
Download Telegram
🎼 Шукаеце беларускі саундтрэк для свайго лета? Мы вам падкажам!

Эксперты @radakultury рэкамендуюць паслухаць:

▶️ VVaxplay і Filamaty, а таксама: "Антыдэпрэсанты" гурта "Мутнаевока". Гэта міні-альбом са смелымі тэкстамі і аранжыроўкамі ад музыкаў, што працуюць на разрыў. Гэтым разам рэліз са змяшанымі стылямі — гурт імкнецца бурыць межы і рамкі.

▶️ Naviband — "Сокал". Вельмі моцны візуал і кранальная песня. Цэнтральная тэма — страта дому, актуальная нават для тых, хто нікуды не з’язджаў.

▶️ Nürnberg — Adkaz. Новы лонгплэй у звыклым для каманды стылі. Варта пазнаёміцца з тым, што ў сакавіку слухала Лацінская Амерыка. Каб зоркі за мяжой рабіліся зоркамі дома.

▶️ Rap&Vogue — Jamón. Гішпанамоўная песня пра хамон ад амбасадараў эпатажу. На сваіх выступах Rap&Vogue ладзяць сапраўдныя шоў, а ў тэкстах жанглююць мовамі. Мала хто на беларускай сцэне мае такую смеласць у самавыяўленні.

Больш трэкаў, альбомаў і годных беларускіх гуртоў — у нашым традыцыйным квартальным аглядзе

#рада_раіць
📺 Шукаеце кіно для прагляду падчас выхадных? Мы вам падкажам!

Эксперты @radakultury рэкамендуюць паглядзець:

▶️ Серыял “Працэсы” на “Белсат”. Спроба перажыць калектыўную траўму з дапамогаю смеху.

▶️Давай его дождёмся”. Камедыя абсурду на тэму: “як заставацца вернай сяброўкай і каханаю жонкай, калі і вашага мужа заклікалі на Святую Спецаперацыю”.

▶️ Беларускае кіно на кінафестывалі Artdocfest. Падборка дакументалак пра Беларусь і падзеі ў нашай краіне.

▶️ “Живёт Беларусь” тэлеканалу “Настоящее время” і праект Beldocs – медыі, якія шчодра дзеляцца сваімі стужкамі з гледачамі.

▶️ Онлайн-кінатэатр беларускага кіно Vodblisk. Тут штомесяц прэзентуюць ігравыя і дакументальныя, фестывальныя і аўтарскія стужкі.

“Марыля. У пошуках дзіўнікаў”. Сучасная казка з фальклорнымі матывамі, якая адразу ж захапіла аўдыторыю. Удалы прыклад прыватных інвестыцыяў у беларускую анімацыю.

Больш стужак, каналаў і годных беларускіх праектаў — у нашым традыцыйным квартальным аглядзе

#рада_раіць
🎧 Любіце кнігі і падкасты пра літаратуру? У нас ёсць для вас адмысловая падборка беларускіх праектаў.

Эксперты @radakultury рэкамендуюць паслухаць

▶️ Белліт. Падкаст вядомай аўтаркі-крытыка, які сумяшчае агляд актуальных падзей белліту, бліц-крытычны аналіз, рэкамендацыі да чытання і набыця кніг.

▶️ YouTube-канал паэта і літаратуразнаўцы Андрэя Хадановіча выдае на-гара бліскучыя аўтарскія лекцыі пра найлепшыя класічныя і сучасныя творы беларускай і сусветнай літаратуры. Праект, падтрыманы #ArtPowerBelarus. Увага! Рэсурс прызнаны “экстрэмісцкім” у Беларусі.

▶️ Літрадыё развівае лінейку падкастаў-гутарак з беларускімі аўтаркамі і аўтарамі па абодва бакі мяжы. На партале выходзяць падкасты “Супердудко” і “Каля літаратуры”.

▶️ “Гутаркі ля швейнай машыны” – відэападкаст ізраільскага дыпламата Цві Міркіна і мінскага празаіка і перакладніка Паўла Касцюкевіча пра габрэйскую слоўную культуру ў Ізраілі і Беларусі.

Больш пра кнігі і літатурныя справы – у нашым традыцыйным квартальным аглядзе.

#рада_раіць
📚 Літаратурная аглядальніца склала для @radakultury падборку з 5️⃣ кніг беларускіх аўтарак для чытання ў часе вакацый. Атрымаўся трошкі лайтовы, трошкі хардкорны, а трошкі — настальгічны спіс літаратуры на лета для дарослых.

▫️Зараслава Камінская. Русалкі клічуць — аповесць-загадка, захапляльная кніжка, якую можна праглынуць літаральна за вечар. Падзеі адбываюцца ў двух часавых вымярэннях, тут ёсць п’янкая вясковая містыка, а адной з гераіняў з’яўляецца мастачка Алена Кіш.

Купіць на google.books

▫️Таццяна Барысік. Жанчына і леапард: апавяданні — зусім не сентыментальныя расповеды пра жыццё ў беларускай вёсцы на мяжы 1990-2000-х. Тут жывуць гультаі, злодзеі і ашуканцы, тут мужчыны п’юць, а жанчыны цяжка працуюць, тут дзеці недагледжаныя і старыя — самотныя. Беларуская вёска, якую цяжка прыняць і амаль немагчыма палюбіць.

Чытаць на “Беларускай палічцы”

▫️Данута Бічэль. Хадзі на мой голас — кніга ўспамінаў знакамітай гарадзенкі, паэткі, сучасніцы Васіля Быкава і Аляксея Карпюка. Калі такія Асобы як спадарыня Данута, пішуць аўтабіяграфіі, гэтыя творы становяцца дакументамі эпохі, сведчаннямі часу і няпростага жыцця чалавека ў ім. Чытво, што выклікае роздумы пра лёсы пакаленняў.

Чытаць на kamunikat

▫️Алена Брава. Каменданцкі час для ластавак — гісторыя эміграцыі, напісаная ў часы, калі слова “рэлакацыя” яшчэ не існавала. Паехаць за каханым аж на Кубу, каб пабачыць там не шчасце і сямейную ідылію, а галечу ды галоту краю, які будуе сацыялізм. Адзінота, моўны і культурны бар’еры, сямейныя непаразуменні і шмат невымоўнай роспачы.

Эл. версія кнігі ёсць у піратаў (зрабіце гэта самі)

▫️Людміла Дучыц, Ірына Клімковіч. Сакральная геаграфія Беларусі — зборнік легенд, паданняў і містычных гісторый. У цэнтры ўвагі — вірлівыя рэкі і бяздонныя азёры, густыя лясы і таямнічыя балоты, разложыстыя дрэвы і маўклівыя камяні, раскіданыя па краіне. Кніга выклікае моцную настальгію і валодае здольнасцю тэлепартаваць (у думках) на малую радзіму.

Спампаваць з “Беларускай палічкі”

#рада_раіць
🎧 Экспертка @radakultury сабрала для нас бесклапотны беларускі плэйліст, каб прабавіць з ім рэшту лета.

Слухайце, дзяліцеся з сябрамі і дадавайце свае любімыя песні ў каментары

▶️ Dee Tree — Спякота

Лера Дэле з гуртом Dee Tree пад уплывам нейкага гарачага лета напісалі энергічны R'n'B-трэк. Прайшло пяць гадоў, але халадней не становіцца. “Спякота, сыдзі на Фядота” — тое, што нам цяпер так неабходна.

▶️ Вектор — 8:00 in Minsk

У гэтай песні Мікіта «Вектар» спалучыў хіп-хоп-флоў з адсылкамі да класікаў. Сюжэт наступны: чалавек пакідае свой дом і не ведае, калі вернецца. Але ў песні няма адчаю — гэта ўсё пра няспынны рух у сённяшнім дні.

▶️ Leibonik — Slimak

Пазітыўны бок Башлыкевіча — нашае сховішча бадзёрасці і добрага настрою. Гэта гісторыя слімака са звышскладанай дылемай — аб’ехаць усю зямлю і пабачыць цуды свету ці застацца дома? Усе мы крыху слімакі.

▶️ Palina — Июль

Незалежна ад таго, колькі засталося ад ліпеня, раім гэты плыўны лайв з летняй веранды. Лёгкая гітарная музыка і меланхалічны голас Паліны — найлепшае спалучэнне для павольных цёплых вечароў.

Lightmyfire Orchestra Service — Morphine

Джазавая кампазіцыя ад беларускага мультыінструменталіста — наш апошні прыпынак на сёння. Злёгку змрочная, яна добра пасуе для начных шпацыраў вуліцамі вашага гораду.

#рада_раіць
🎭 Тэатральны аглядальнік склаў для @radakultury падборку з 5️⃣ беларускіх спектакляў, якія варта і можна паглядзець у інтэрнэце проста цяпер.

▶️ “Тутэйшыя”, Купалаўскі тэатр – культавы спектакль рэжысёра Мікалая Пінігіна (па п’есе Янкі Купалы), пастаўлены ў 1990 годзе. Савецкі Саюз яшчэ існаваў, а ў цэнтры Мінска расказвалі гісторыю беларусаў, вымушаных прыстасоўвацца пад чарговых акупантаў (у тым ліку камуністаў). У галоўнай ролі - Віктар Манаеў, у фінале на сцэне з’яўляўся бел-чырвона-белы сцяг, а заля дружна крычала “Жыве Беларусь!”

▶️ “Сфагнум”, “Вольныя купалаўцы” – пасля падзей 2020 года звольненыя акцёры Купалаўскага стварылі трупу “Вольныя купалаўцы”. У іх назапасіўся прыстойны архіў спектакляў, які па пэўных прычынах абнуліўся. Даступнымі засталіся толькі тры пастаноўкі – “Камедыя Юдзіфі”, “Дзяды” і “Сфагнум”. Апошняя разлічаная на самую шырокую аўдыторыю. Гэта бандыцкая камедыя, створаная ў 2023 годзе паводле аднайменнага рамана Віктара Марціновіча. На падставе гісторыі пра трох бандзюганаў-маладзёнаў, што вымушаныя «залегчы на дно» у адной з беларускіх вёсак, рэжысёр Аляксандр Гарцуеў ставіць спектакль у рэчышчы псіхалагагічнага тэатру (з адценнямі лёгкай містыкі).

▶️ Carmina Burana, Тэатр оперы і балета Беларусі – сёлета з пасады мастацкага кіраўніка Опернага сышоў харэограф Валянцін Елізар’еў. Гэта добрая нагода звярнуцца да вакальна-харэаграфічнага прадстаўлення 1983 года. З лацінскай назва перакладаецца як “Песні Баерна” – ад баварскага манастыра, дзе ў пачатку ХІХ стагоддзя быў знойдзены зборнік сярэднявечных тэкстаў. Кампазітар Карл Орф абраў 24 вершы і ў 1937-м напісаў на іх аснове музычны твор. Харэограф Валянцін Елізар'еў адным з першых прапанаваў тэатральнае ўвасабленне кантаты, захаваўшы трох салістаў і хор. Таксама ў сеціве можна паглядзець пастаноўку Елізар’ева “Стварэнне свету”.

▶️ “Адвечная песня”, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі – у 2002 годзе рэжысёра Сяргея Кавальчыка папрасілі зладзіць літаратурны вечар да 120-годдзя з Дня нараджэння Янкі Купалы. Замест гэтага ў рэпертуары тэатра з’явілася фольк-рок-опера кампазітара Цімура Каліноўскага, створаная на аснове аднайменнай паэмы класіка. У галоўнай ролі - цяперашні вольны купалавец Ігар Сігоў. Мужык, якога ён увасабляў, праходзіў у той рок-оперы ўсё жыццё ад нараджэння i дa caмaй cмepцi. Спектакль стаў прарывам для РТБД.

“Пачупкі”, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі – папярэднія спектаклі можна паглядзець бясплатна. А вось за “Пачупкі” давядзецца плаціць. Прычына ў тым, што гэта свежая пастаноўка 2022 года, якая дагэтуль збірае аншлагі. “Пачупкі” – спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці. Спектакль, у якім галоўным выяўленчым сродкам выступае гук.

#рада_раіць
☀️ Хочаце даведацца больш пра традыцыі беларусаў, але не ведаеце, з чаго пачаць? Эксперт па традыцыйнай культуры склаў для @radakultury падборку з 5 кніг, дыскаў, каналаў у YouTube, якія можна паглядзець, паслухаць і пачытаць у сеціве проста цяпер.

▶️ Альбом “Узыйдзі, яснэе сонцэ (Песенная спадчына вёскі Мачуль і яе ваколіц)” гурта Kaliažanki са Столінскага раёна (Цэнтральнае Палессе). Складанка выйшла сёлета ў ліпені. Матэрыял для праекта запісаны ў 2019 і 2023 гг. Жанчыны родам з Мачуля, Рамля і Альшанаў выконваюць лірычныя і жніўныя песні, якім навучыліся ад сваіх матуль і бабуль. Цяпер акурат час збору ўраджаю, таму праслухоўванне песень, прымеркаваных да жніва, набывае дадатковы сэнс і далучае сучаснага гарадскога чалавека да рытмаў прыроды і беларускага традыцыйнага календара. У альбом таксама ўвайшлі танцавальныя найгрышы да полькі і Падэспана ў выкананні кіраўніцы гурта Ірыны Ляшкевіч.

📚 Кніга “Жніўныя песні” серыі “Беларуская Народная Творчасць” — зборнік тэкстаў з Архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі, а таксама з іншых архіваў і з этнаграфічных крыніц, апублікаваных у ХІХ – ХХ стст. Кніга 1974 года выдання дасюль застаецца найбольш поўным зборам песень гэтага жанру. Тэксты суправаджаюцца грунтоўнымі прадмовамі фалькларыста Арсеня Ліса і этнамузыколага Віктара Ялатава, якія знаёмяць чытача з паэтычнымі і музычнымі рысамі беларускіх жніўных песень, асаблівасцямі каляндарнага часу жніва.

📚 Кніга “Жніўныя песні” Арсеня Ліса (1993 года выдання) — для ахвочых паглыбіць веды пра гэты жанр. Аўтар разглядае паходжанне жніўных абрадаў і песень, сістэму іх вобразаў і паэтыку, гісторыю вывучэння і публікацый.

📹 Youtube-канал "Танцы ад Зінаіды Губаравай-Крупскай”. Як паведамляюць стваральнікі, “гэты праект прысвечаны традыцыйным беларускім танцам, узоры якіх былі сабраныя вядомай фалькларысткай і этнахарэографам Зінаідай Васільеўнай Губаравай-Крупскай (Вілейка). Танцы і найгрышы да іх запісваліся ад носьбітаў – жыхароў Вілейскага раёна (Мінская вобласць, Беларусь) у другой палове ХХ – пачатку ХХІ стст”. На канале сабрана ажно 105 танцаў! Сярод самых папулярных – Барыня-рассыпуха з чапялой і з прыпеўкамі, вальс "Аляксандр ІІІ", Полька "Міша".

📹 Відэазапісы публічных лекцый этнографа Аляксея Друпава “Жаночы строй” і “Мужчынскі строй”. Як вынікае ўжо з назваў, відэа акцэнтуюцца на асаблівасцях жаночага і мужчынскага беларускага традыцыйнага адзення. Працы Аляксея Друпава грунтуюцца на шырокім коле крыніц: музейных калекцыях, старых фотаздымках, экспедыцыйных матэрыялах, навуковых публікацыях. Ахвочым больш даведацца пра лакальныя комплексы адзення рэкамендуем ролікі і фота праекта “Традыцыйны строй”. Стваральнікі заяўляюць яго як “энцыклапедыю народнага адзення Беларусі канца ХІХ – сярэдзіны ХХ стагоддзя”.

#рада_раіць
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
📹 Цікавіць нацыянальная тэма ў беларускім кіно, але не ведаеце з чаго пачаць? Нястрашна! Кінаэксперт склаў для @radakultury падборку з 5️⃣ (+2️⃣) адметных фільмаў, якія можна паглядзець у сеціве проста цяпер.

▶️ «Акупацыя. Містэрыі» Пачаць знаёмства з беларускім кіно раім ці з самага канца. Або самага пачатку, тут як паглядзець. Культавыя «Акупацыя. Містэрыі» рэжысёра Андрэя Кудзіненкі здымаліся доўга ды пакутліва, амаль тры гады. Але, калі нарэшце выйшлі на экран, то нарабілі шуму: паказ на Ратэрдамскім кінафэсце, фактычная забарона, а потым паспяховая прэм'ера на радзіме... «Не было ніколі беларускага кіно. І не будзе» - фраза з пралогу стужкі, што стала мемам. Постмадэрнісцкае падарожжа па акупаванай Беларусі 1943 году абарочваецца тут сапраўдным трыюмфам ды нараджэннем новага беларускага, сапраўды нацыянальнага погляду на кінематограф.

▶️ «Кастусь Каліноўскі» Кастусь Каліноўскі і ў савецкай Беларусі быў Кастусём Каліноўскім — бясспрэчным героем, сімвалам барацьбы за незалежнасць краіны і нацыі. Нямая ды чорна-белая стужка 1928 году (з сучаснай агучкай Сяргея Пукста) успрымалася гледачамі сто год таму як відовішчны прыгодніцкі экшэн. Прыгоды ў стылі авантурных раманаў спалучаюцца з непаўторнай атмасферай кіно 1920-х, а яшчэ з унікальнымі кадрамі старога, неразбуранага бальшавікамі ды вайной Менска ў ролі Вільні ХІХ ст.

▶️ «Да заўтра» Фільм, што мусіў стаць савецкай агіткай супраць «панскай Польшчы», глядзіцца сёння як найсучаснейшая сатыра. Змаганне вучняў віленскай беларускай гімназіі за сваю нацыянальную годнасць ды волю прадстаўленае тут у выглядзе вострасюжэтнай драмы. Адзін з пачынальнікаў беларускага кіно Юрый Тарыч стварыў узорную стужку часоў нямога кіно. «Да заўтра» — яскравая дынамічная гісторыя з выкарыстаннем максімуму прыёмаў «мантажу атракцыёнаў». Безумоўна, найлепшы фільм рэжысёра і выбітны сведка часоў нямога кінематографа.

▶️ «Край тужлівых песень» Кадры здымак беларусаў стагадовай даўніны (лакацыі з гэтых кадраў цяпер у складзе расійскай Браншчыне) добра вядомы спецыялістам-этнографам. На іх захаваліся ўнікальныя этнаграфічныя элементы: строі, абрады, гульні. Напрыканцы 1990-х лідар нацыянальнага кіно Віктар Аслюк склаў з архіўных здымкаў асобны фільм, што стаў філасофскім разважаннем пра лёс беларускай нацыі. Фільм адмыслова агучаны кампазітарам Алегам Янчанкам і вакалам Тацяны Мархель. Адзін з самых пранікнёных ды ўдумлівых позіркаў у глыбіню беларускай душы.
Дадаткова раім паглядзець рэдкі фільм «Слёзы блуднага сына» Віктара Аслюка на тую ж тэму.

«Лісты да жывых» Адзін з самых яскравых аўтараў беларускага кіно Валянцін Вінаградаў паказваў найноўшую гісторыю беларусаў не з пункту погляду афіцыйнай ідэалогіі. Ды ў дадатак яшчэ і ў абсалютна авангардным ды мадэрнісцкім для сваіх часоў стылі. Таму і быў у выніку вымушаны з'ехаць з краіны з забаронай здымаць на беларускай кінастудыі. «Лісты да жывых» расказваюць пра змаганне з акупантамі, спецслужбамі ды карнікамі розных адценняў. Рэдкі выпадак, калі патрыятызм ды гераізм паказаныя ў кіно без пафасу ды ўпрыгожванняў.
Абавязкова паглядзіце і наступны фільм Валянціна Вінаградава «Усходні калідор». Візуальна насычаны, сюррэалістычны трылер пра Мінскае падполле сёння ўспрымаецца надзвычай востра ды эмацыйна.

#рада_раіць