ОБРАЗ.РОГ@ЧЁВА
3.42K subscribers
64.3K photos
3.85K videos
9 files
1.86K links
Telegram-канал отдела образования Рогачёвского райисполкома
Download Telegram
Вечна спяшаемся, вечна няма нам калi:
Пешшу даўно ўжо не ходзiм па грэшнай зямлi.
Як на пажар усё роўна, нас колы нясуць
Мiма бяроз на прыгорку – цнатлiвых красунь,
Мiма крынiчкi, што цiха з-пад каменя б’е,
Мiма салоўкi, што ў кусце альховым пяе…
Так i iмчымся, ляцiм мiма шчасця свайго.
Што нас прымусiць задумацца: а для чаго?

Ніл Гілевіч

#ДоўскаяСШ
#Паэтычная_старонка
Вось і лета сышло

Вось і лета сышло.
Адспявалі калоссі,
Цяжка мне заўважаць,
Як з’яўляецца восень.
Непрыкметна зусім
Прыплыве павуцінкай.
Гляне жоўтым лістком
з-пад зялёнай хусцінкі.
Усплыве туманом
Над рачулкаю соннай,
Устрывожыць дымком
З пахам бульбы пячонай.
Зачаруе агнём
Маладзенькай рабіны,
На адлёце крылом
Памахае бусліным.
А пасля,
А пасля
Ліст апошні сарвецца…
Ды не знаю чаму
Ты мне, восень, па сэрцу!

Пятрусь Броўка

#Доўская_СШ
#Паэтычная_Старонка
Дрымотна ціснуцца кусты
Пад цёплы бок дубровы ціхай.
I ў цішыні за тры вярсты
Чуваць, як п’е ваду ласіха.

О край мой родны! Я прашу:
Ратуючы ад пустазелля,
Я сам расцераблю душу,
А ты мне дай свайго насення,

Каб мог я так сумленна жыць,
Каб і мяне ў ліхую невідзь,
Ніхто не мог закабаліць,
Ніхто не мог ачужаземіць.

Шалеюць скразнякі эпох.
Я чую, як Айчына кліча
На раздарожжы ўсіх дарог
Не разгубіць свайго аблічча.

Якая ноч! Які спакой
На вечаровым аксаміце!
І толькі недзе за ракой
Крычыць зямляк: "Пера-вя-зі-це-е!.."
#паэтычная_старонка
#Кісцянеўскі_дзіцячы_сад
Глыбела неба, зоркі халаднелі.
Ступала восень зорнай паласой.
Апошні мёд насілі пчолы ў келлі
На санцагрэве з буйных верасоў.
 
За жураўліным клінам павуцінка
Плыла трывожна з восеньскай вярсты.
...Яшчэ сініцам весела адцінькаць
У голлейку пажоўклыя лісты.
 
А там дажджы рабінай апякуцца,
I выпадзе халодная раса...
He, не мае красёнцы гэта ткуцца,
He мой — халоднай восені пасаг.
 
I не мае то вусны загарчылі
Салодкім мёдам позніх верасоў...
I сняцца сны ўспамінамі чужымі.
Ступала восень зорнай паласой.
                             А. Канапелька

#ДоўскаяСШ
#Паэтычная_старонка
 
РАБІНА НАДЗЕЛА КАРАЛІ

Рабіна надзела каралі
І ўстала ля самай дарогі.
Пыхлівыя клёны кідалі
Ей золата лісцяў пад ногі.
А золата ёй не патрэбна,
Яна ні лістка не падыме...
Мароз яе інеем срэбным
Адзене — і дар яна прыме.
А сёння стаіць вось у сонцы
І вочы красою чаруе.
Такую не ўзяць за чырвонцы,—
Душу аддасі за такую.

1966
Канстанцыя Буйло

#Доўская_СШ
#Паэтычная_старонка
Я не забуду ніколі
Сшыткі, пеналы, буквар,
Першыя радасці ў школе,
Першай настаўніцы твар.

Я не забуду ніколі
Рукі яе, што вялі
Нас, як па роднаму полю,
Па неабсяжнай зямлі.

Я не забуду ніколі
Ясных і добрых вачэй.
Можа, ад іх наваколле
Стала шырэй і ярчэй.

Першай настаўніцы словы,
Дзе мне не здарыцца быць,
Так, як і матчыну мову,
Нельга ніколі забыць.

Сяргей Грахоўскі

#ДоўскаяСШ
#Паэтычная_старонка
 ВОСЕНЬ
Надакучыла восені
Паннай быць залатою,
Пажадала застацца
Дзеўчыной маладою.
Той калінкаю кволай,
Сумнай і закаханай,
Прыгажуняй рабінай,
У каралі прыбранай.
Палявою бярозкай,
Віхраста прычэсанай,
І той песняй журботнай,
У вырай панесенай.
Адкупілася восень
Дарагімі дарамі.
Развіталася з просінню
Праліўнымі дажджамі,
Туманамі грыбнымі,
Вятрамі галоснымі,
Кучаравымі хмарамі
Ды скрыпучымі кроснамі.
Да наступнага году!
Да багатага ўроду!
Да ўбораў мядзяных!
Да вяселляў жаданых!
Л. Полазава
 
#Доўская_СШ
#Паэтычная_старонка
***
Восень ціха прыварожвае
Залатою шчымлівай парой.
Лісцяў-кветак мігценне прыгожае
Ашчаджае вястун-лістабой.
Ён сваё яшчэ возьме напоўніцу,
Скіне з дрэваў убранне на дол.
А пакуль сэрца радасцю поўніцца -
Фарбаў-водбліскаў цэлы прыпол.
У.Мароз

#Доўская_СШ
#Паэтычная_старонка
У векавечнай бацькаўшчыне клёны
Нячутна пачынаюць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць.
Зямля глядзіць азёрамі-вачыма
На ясны свет, што стыне у красе.
Як чыста, бы святло абшары вымыла,
Як ціха — быццам зніклі людзі ўсе.
Адвечная мая! Ў сцюдзёных росах,
Як летась, як мільёны год таму...
Ляцяць на ветры косы рыжай восені,
I кліча лісцяў жоўты сум зіму.
На вуснах стыне горкі смак рабіны,
Цалую іх, халодныя як лёд.
О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай
Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,
Ці зразумееце, што мы кахалі,
Што зніклі так, як знікнеце і вы,
Што векавечны толькі край, і далеч,
І жоўты ліст на зелені травы,
Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны
Тысячагоддзі будуць аблятаць
На рыжую траву, на мох зялёны,
На весніцы, на ціхі стаў, на гаць,
Што нездарма яны з асінак рудых,
Калі ідзеш увосень па зямлі,
Раняе золата пад ногі людзям,
Каб мы яе любілі й бераглі.

Уладзімір Караткевіч

#ДоўскаяСШ
#Паэтычная_старонка
АСЕННІ МАЛЮНАК
Як охра, пажаўцела восень,
Зямля рыхтуецца к зіме.
Мільгне на небе раптам просінь,
А вецер золкі дзьме ды дзьме.
Туман малочны лістапада
Пакрыў палі, пакрыў лугі,
Чарнеюць ля дарог прысады
Ад халадоў і ад тугі.
М.Сабалеўскі

#Доўская_СШ
#Паэтычная_старонка