ОБРАЗ.РОГ@ЧЁВА
3.63K subscribers
65.6K photos
3.94K videos
9 files
1.92K links
Telegram-канал отдела образования Рогачёвского райисполкома
Download Telegram
📻Пачынаем новую рубрыку📻
🇧🇾"Беларускiя байкi"🇧🇾
Альгерд Абуховіч
1840-1905


ВАЎКАЛАКА
Чараўніца уракла:
Быў я колісь ваўкалакам,
Бегаў чортам ўздоўж сяла;
I к гавядам поўзаў ракам,
I людскую знаў гаворку,
I з сабакамі з надворку
Гаварыць я спосаб меў.
За гумном раз ціха сеў,
Ажно Лыска прыляцеў,—
Як на панскай службе стаў,
Па прыязні ён мне кажа:
«Кінь ты, куме, жытло ўражжа:
Цяпер марна прападаеш,
А ты ж гэткі спосаб знаеш:
Майму пану стань служыць,
Табе добра будзе быць».
«А ты дурню, думаў я:
Мне вярнуцца да сяла?
3 сваім панам і сялом
Задушыся ты калом,
Хоць галодзен — я свабодзен,
Гдзе мне цягне — там бягу,—
На свабодзе прападу,
А ў няволю — не пайду!
Буду вольным ваўкалакам,
Ты ж — на прывязі сабакам!»
1860-1861
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Францішак Багушэвіч
1840-1900

 
ВОЎК І АВЕЧКА

Злаіў Воўк Ягнятка
І панёс жывое!
Плачуць сын і матка,
Як бабры, абое.
Воўк над маткай злітаваўся,
Як які аконам,
У аўчынку перабраўся
Ды ідзець з паклонам.
«Прыйшоў, — кажа, — я здалёчку
Разказаць пані Авечцы
Добру вестку аб сыночку, —
Як яму цяпер жывецца: —
Не пазнала б ты ні колі,
Такі стаў дасужы
І жывець сабе на волі,
Без бяды, без нужы.
Зубы вырасьлі з клыламі,
І адпалі рожкі.
Ножкі цяпер з кірцюрамі,
А хвост даўжэйшы трошкі.
І ўжо Воўка не баіцца,
Ў хлеў ніхто не гоне;
Мае чым абараніцца
І другіх бароне!
Прыдзі, імасць, да нас ў госці,
Справім сабе вечарынку:
Будзе мяса, будуць косці,
Будзем есць без адпачынку! " —
"Дзякуй, дзякуй, ягамосці,
За весці такія!
Няхай прыдзе сын у госці,
Пагляджу, ці вые?
Бо, кажуць, між вамі
Трэба выць ваўкамі.
Я ж па-воўчы не умею
Ні выць, ні есці, ні лгаць.
Ды скінь скуру, дабрадзею,
Бо зубкі відаць ".
————
Авечка, хоць дурная,
А воўка ж пазнае!
1891
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч)
1882-1956

БАБА I КУРЫ

Падпечкам Баба кур дзяржала.
Прайшла зіма, вясна настала,—
Кудахчуць куры і сакочуць,
У дзверцы, бедныя, глядзяць.
А птушкі з выраю ляцяць;
На свет і куры нашы хочуць —
Чарвей і крошак пашукаць.
— Пусці ты, бабка, іх на волю! —
Суседкі кажуць Бабе той.—
Няхай пабегаюць па полі —
I цёпла ўжо, і мошак рой.
Падпечак Баба адчыніла
(А чапялу яна ўзяла).
Паверыў Певень — тыц ён рыла!
Па карку Баба так дала,
Што Пеўню вочы засланіла
I юха з Пеўня пацякла.
Пайшоў назад мой Певень збіты,
А куры хоць сабе й крычаць,
А ўсё за дзверцамі сядзяць,
Хоць тыя дзверцы і адкрыты.
1907
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Янка Купала
(Іван Дамінікавіч Луцэвіч)
1882-1942


АСЁЛ I НАВУКА

Аслова невуцтва не раз
Служыла дурням за паказ; —
Дык вось нарэшце узялі
Асла ў навуку аддалі
I сталі ўчыць яго чытаць,—
Вучылі нават і пісаць.
Асёл так шчыра ўчыцца ўмеў,
Што кніжкі ўсе, як сена, з'еў
I столькі гзтым скарыстаў,
Што горш убоістым ён стаў!..

Людзям ёсць тут такі прымер
(Ёсць людзі на быдля манер):
Хоць колькі ні вучы асла,
Аслом ён будзе да канца!..
1908
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Янка Купала
ПЧОЛЫ I ТРУТНІ

Стаў даводзіць селяніну
Нехта нейкі ў чорным:
Як павінен быці ўслужным,
Згодлівым, пакорным.
— Бо і пчолы,— кажа ў чорным,—
Мёд гадуюць кветкі,
Ў згодзе з пчолкамі і трутні
П'юць той мёд, як дзеткі.
А сялянін тут пад тое
Буркнуў запытанне:
— Ну, а хто пчала, хто труцень —
Я ці ты, васпане?
1913
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Максім Багдановіч
1891-1917



ВАРОНА І ЧЫЖ

Прыгода гэтая не так даўно была.
К Чыжу (а сілы ён, як ведама, не мае)
Варона падступае:
— Скажы, ці я падобна да Арла?
Тут бачыць Чыж — з Варонаю не жарты,
А ўласны хахалок чаго-небудзь ды варты.
— Зусім Арол, — адказвае Чыж
Вароне клятай з клёна.
— Ну то ж бо то! Глядзі ж! —
З ласкаваю гразьбою пракаркала Варона
І паляцела стуль далей.
Ўсё тое бачачы, здзівіўся Верабей:
— Браток! Ці ж ты вачэй не маеш?..
Чыж, засаромеўшыся, так пачаў казаць:
— Я гэтым не зрабіў благога.
Дай бог Арла Варонай не называць;
Варону жа Арлом — нічога.
1915
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч)
Нар. 1896


ДЫПЛАМАВАНЫ БАРАН

Ў адным сяле (не важна — дзе)
Хадзіў Баран у чарадзе.
Разумных бараноў наогул жа нямнога,
А гэты дык дурней дурнога —
Не пазнае сваіх варот:
Відаць, што галава слабая,
А лоб дык вось наадварот —
Такога не страчаў ніколі лба я:
Калі няма разумніка другога,
Пабіцца каб удвух,
Дык ён разгоніцца ды ў сцену — бух!
У іншага дык выскачыў бы й дух,
А ён — нічога,
І вось за дурасьць гэту
Яго вучоным раз празвалі нейк на сьмех,
А каб двара не перабег,
На шыю прывязалі мету:
— Вось, — кажуць, — і дыплом табе.
Што гэта за "дыплом ", Баран — ні "мя ", ні "бэ ",
Аднак жа перад Кошкаю пачаў ён ганарыцца:
— А што ж ты думала, сястрыца!
Хіба мне пахваліцца няма чым?
Дыплом я заслужыў, здаецца ж, галавою,
І не раўнуйся ты са мною.
— Аб гэтым лепей памаўчы, —
Сказала яму Кошка. —
Каб ты разумнейшы трошка
Ды розумам раскінуць мог авечым,
То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,
Бо заслужыў ты свой дыплом
Не галавой, а лбом.
——————
Другі баран — ні "бэ ", ні "мя ",
А любіць гучнае імя.
1926
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко)
 
ЖУК І СЬЛІМАК
Прыгожым летнім ранкам
На лузе за сялом
Сустрэўся Жук аднойчы
З рагатым Сьлімаком.
— Здарова! — Жук вітае.—
Куды, браток, ідзеш
І з ракавіну хатку
Нашто з сабой нясеш?
Абцёр Сьлімак пот з твару,
Гаворыць так Жуку:
— Нямала перажыць мне
Прыйшлося на вяку.
То сьпёка, та марозы,
Вятрыска або дождж,
То часам у дарозе
Захопіць раптам ноч,—
Шукай тады начлегу
Пад нейкім там кустом...—
Гавораць яны гэтак
Ды чуюць: грымнуў гром!
Ударыў дождж краплісты,
І Жук пабег шукаць
Дзе ў засені цяністай
Шырокага лістка,
Але на цэлым лузе
Няма страхі нідзе.
І мокры, ледзь жывы ён
Да Сьлімака брыдзе.
— Пусьці, браток, пагрэцца.
Змок дужа на лугу,
Насіць за гэта хатку
Табе дапамагу.
У ракавіне шчыльнай
Вандроўнікі сядзяць.
І нават дождж краплісты
Не можа іх дастаць.
Але мінулі хмары,
І сонца ўстала зноў,
Жук хату Сьлімакову
Пакінуў і пайшоў.
Забыўся пра нягоды,
І не на ўме Жуку,
Што абяцаў паднесьці
Ён хатку Сьлімаку.
1950
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Ніна Тарас
 
БУСЕЛ І ВАРОНА
Вясной, на верхавіне клёна, пры гумне,
На баране,
Вазіўся Бусел і з галля і траў
Гняздо звіваў.
Адкуль вазьміся тут Варона,
Уселася і каркнула: — Крра-а! Крра-а!
На белым свеце не відаць дабра!
І дзе тыя законы?
Чым заслужыў ты, Бусел, дапамогі?
Вунь Гаспадар
Табе падрыхтаваў зайздросную сустрэчу,
Нібы між птушак ты якісьці цар,
Сам барану, ускінуўшы на плечы,
На вершаліну клёна завалок,
Каб ты, вярнуўшыся з-за мора,
З гняздом не ведаў гора!
А нас, Варон,
Ён заўсягды ад хаты
Гоніць вон,
Нібы мы не з такіх, як ты, крылатых...
Тут Бусел дзюбу дагары задраў,
Стаў на адной назе, праклекатаў:
— За тое нас шануе
Чалавек,
Што мы увесь бусьліны век
Жытло яго пільнуем,
Знішчаем розных гадаў...
А ад цябе карысьці ніякой няма,
Сцягнуць што-небудзь толькі рада...
І вэрхал узнімаеш ты дарма!
——————
Працуюць людзі дбала і натхнённа,
У кожнага здабытак ёсць і плён,
Ды сустракаюцца гарластыя Вароны —
Карысці не даюць, а узнімаюць звон!
1962
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi
🇧🇾Беларускiя байкi🇧🇾
Міхась Гарнак
 
СВАРКА

Два Ваські, два Каты,
Стары і малады, На складзе збожжа вартавалі.
I так удвух Мышэй ганялі,
Што хутка знік апошні злодзей,
Бо працавалі ў дружбе, згодзе.
Ды неяк мяўкнуў малады:
- Больш за цябе лаўлю Мышэй...
Стары ў адказ: - Ну-ну, цішэй!
Паўгода, як прыйшоў сюды,
А задзіраеш нос... Малакасос!
I з гэтае пары, Як толькі ўдвух збяруцца,
То сварацца, то б'юцца, У ход пусціўшы зубы, кіпцюры.
Ідуць штодзённа звадкі, А Мышы зноў ядуць зярняткі.
1961
#Болотнянская_СШ
#Беларускiя_байкi