Niasvizh_museum
223 subscribers
2.01K photos
157 videos
83 files
256 links
National History and Culture Museum-Reserve «Niasvizh»
tel. + 375 (1770) 2-06-02
e-mail: excursions@niasvizh.by
musei-neswizh@kultura.by
222603, Leninskaya str. 19, Niasvizh, Belarus
Download Telegram
#пазнавальныаўторак

У эпоху Новага часу разнастайныя шлемы сярэднявечча паступова саступілі месца шлему марыён. Ён з’явіўся ў Іспаніі і Францыі на пачатку XVI ст., а неўзабаве шырока распаўсюдзіўся ў Еўропе і ў т.зв. Новым свеце – заакіянскіх еўрапейскіх калоніях. Менавіта такія шлемы насілі канкістадоры, што высадзіліся ў Амерыцы.

Назва “марыён” паходзіць ад іспанскага слова “morra” – макушка. Шлем лёгка пазнаць па высокім грэбні і шырокім брылі, крута загнутым спераду і ззаду.

Асабліва ўпадабалі такі шлем пехацінцы. Пакідаючы адкрытым аблічча, ён не абмяжоўваў агляд, што было важным для прыцэльвання з мушкета і падчас дзеянняў дзідай. Брылі абаранялі ад ўдараў з каня, а грэбень узмацняў шлем настолькі, што яго нельга было рассекчы. Якасна зроблены марыён не прабівала нават куля.

Афіцэрскія марыёны пакрываліся золатам, аздабляліся арнаментам або гравіроўкай, а таксама багатым плюмажам. Але, натуральна, яны складалі меншасць у агульнай масе шлемаў.

Выкарыстоўваюцца марыёны і ў наш час. Прынамсі, ў адной арміі свету, яны з’яўляюцца абавязковай часткай параднай формы. Гаворка ідзе пра швейцарскую гвардыю, якая ахоўвае Рымскага папу. Узброеныя алебардамі і мячамі, сучасныя гвардзейцы апранутыя гэтак жа, як іх далёкія папярэднікі ў XVI ст. Праўда, цяпер марыёны для іх робяць не з метала, а з пластыка, з дапамогай 3D-прынтара.

Убачыць рэканструкцыю марыёна можна на выставе “Gloria arme…”, якая дзейнічае ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля.

#годгістарычнайпамяці #несвижскийзамок #музейзаповедник #нясвіжскізамак #нясвіжскіпалац #нясвіж #nesvizhcastle #nesvizh #гісторыятваёйкраіны #belarus #беларусь #beautiful #travel #замакНясвіж #запрашаем #выстава #приглашаем
#пазнавальныаўторак

🔥 Лісоўчыкі! На пачатку XVII ст. ў Еўропе не было чалавека, які б не чуў гэтага слова. Адны вымаўлялі яго з захапленнем, другія – з жахам. І ўсе пры гэтым лічылі за лепшае перахрысціцца…

Віленскі шляхціч Аляксандр Лісоўскі вызначаўся асабістай мужнасцю і невыносным характарам. Маючы на радзіме праблемы з законам, ён падаўся ў ахопленую смутай Маскоўскую дзяржаву. Там хутка сфарміраваў конны атрад у якім апынуліся літвінскія і польскія шляхцічы, данскія і запарожскія казакі, расійскія сяляне і нямецкія наёмнікі. Для ўсіх іх роднай стыхіяй была вайна.

Назву “лісоўчыкі” атрымалі ад прозвішча камандзіра. Колькасць атрада хісталася ад 500 да 2000 чалавек, часам дасягала і больш. На рахунку гэтых авантурыстаў безліч гвалтаў над мірным насельніцтвам. Але ў баявых умовах у атрадзе панавала жорская дысцыпліна, а любое непадпарадкаванне каралася смерцю. Нават ворагі прызнавалі высокія баявыя якасці лісоўчыкаў, якія раптоўна нападалі і гэтак жа раптоўна сыходзілі. У іх не было абозаў і артылерыі. Толькі добрыя коні і асабістая зброя. Жылі тым, што здабывалі ў баях і рабунках. Ваявалі, то самастойна то ў саюзе з войскам Вялікага Княства. За мужнасць у баях Лісоўскаму даравалі ўсе правіны і надалі чын палкоўніка.

Пасля смерці камандзіра, атрад паступіў на службу да германскага імператара. Цяпер коні лісоўчыкаў тапталі абшары Чэхіі, Аўстрыі, Прусіі, Малдавіі, Францыі. Толькі ў 1636 г. аддзел, які паспеў стаць сапраўднай легендай, быў расфарміраваны.

Графічную выяву лісоўчыка работы Зміцера Шапавалава, як і іншыя творы гэтага мастака, можна ўбачыць на выставе “Gloria arme…” ў Нясвіжскім палацы.
#пазнавальныаўторак
Міхал Казімір Радзівіл, які з 1744 г. трымаў булаву вялікага гетмана, не толькі камандаваў усімі ўзброенымі сіламі дзяржавы, але і меў прыватнае войска. У яго шэрагах налічвался каля 2000 пешых і конных жаўнераў. Сярод іх — гусары, казакі, грэнадзёры, янычары. Радзівілаўскімі фартэцыямі былі Нясвіж і Алыка.

Войска Міхала Казіміра раз-пораз удзельнічала ў баявых дзеяннях. Так, у 1733–1735 гг. у вайне за трон Рэчы Паспалітай, Радзівіл падтрымаў саксонскага курфюрста Аўгуста. Яго прыдворныя харугвы, разам з расійскімі аддзеламі і войскам тагачаснага гетмана Міхала Вішнявецкага, біліся пад Пружанамі. Пазней Радзівіл распачаў спрэчку з сандамірскім ваяводай Янам Тарлам за спадчыну Яна Сабескага, якая вылілася ў сапраўдную вайну. Калі жаўнеры Міхала Казіміра пасля аблогі захопілі крэпасць Злочаў на Украіне, сандамірскі ваявода адмовіўся ад сваіх патрабаванняў, а ўласнасцю Радзівіла сталі 11 гарадоў, мястэчак і 140 вёсак у Галічыне.

Захавалася гравюра невядомага мастака з выявай манёўраў радзівілаўскага войска, якая захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы. На ёй выяўлены пешыя і кавалерыйскія аддзелы пад рознымі сцягамі. Нападставе гэтай гравюры, выкарыстоўваючы іншыя іканаграфічныя крыніцы і дадзеныя геральдыкі, Андрэй Шулаеў выканаў шэраг рэканструкцый харугваў прыватнага войска Міхала Казіміра Радзівіла. Убачыць гэтыя сцягі можна на выставе “Gloria arme…” у Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля.

#радзивиллы #музейзаповедник #нясвіжскізамак #нясвіжскіпалац #нясвіж #nesvizhcastle #nesvizh #гісторыятваёйкраіны #belarus #беларусь #beautiful #travel #замакНясвіж #запрашаем #выстава #приглашаем
#пазнавальныаўторак

Важным элементам экіпіроўкі сярэдневечнага ваяра быў шчыт. Сёння паговорым пра адну з яго разнавіднасцяў – павезу, якая атрымала распаўсюджанне ў канцы XIV–XV стст. А яе “зорным часам” стала эпоха Гусіцкіх войн у Чэхіі.

Лічыцца, што назва паходзіць ад італьянскага горада Павія, дзе такія шчыты нібыта былі выкарыстаны ўпершыню. Некаторыя ж мяркуюць, што павезы з’явіліся на літоўска-рускім памежжы.

Адметнасцю гэтага выцягнутага прастакутнага шчыта быў вертыкальны выступ, які праходзіў пра усю цэнтральную частку, што значна ўзмацняла трываласць. Павезы выкарыстоўваліся як пешымі так і коннымі ваярамі. Побач з ручнымі шчытамі існавалі буйнапамерныя павезы. Пастаўленыя на шыпы або спецыяльныя падпоркі, яны стваралі зручнае прыкрыццё для арбалетчыкаў, якім патрабаваўся час каб перазарадзіць зброю. Розныя варыянты павез часта аздабляліся геральдычныміі эмблемамі, рыцарскімі дэвізамі або рэлігійнымі малюнкамі.

Пра шырокую распаўсюджанасць павез на Беларусі сведчаць іх выявы на пячатках вялікіх князёў літоўскіх, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапіса, створанага ў XV ст., гравюрах XVI ст. У якасці шчытоў паспалітага рушэння яны згадваюцца ў Статутах 1529 і 1566 гг. Але ў рэальнасці з пашырэннем агняпальнай зброі павезы сталі выходзіць з ужытку. У дакументах XVI ст., якія фіксуюць рэальны стан узбраення, яны сустракаюцца ўсё радзей, а потым і ўвогуле знікаюць.

Убачыць рэканструкцыю павезы можна на выставе “Gloria arme…”, якая дзейничае ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля.
#пазнавальныаўторак
✳️
Часам можна пачуць меркаванне, што ўзбраенне і экіпіроўка нашых продкаў-ліцьвінаў у XIІІ–XV стст. было значна горшым, чым у іх праціўнікаў – рыцараў-крыжакоў. Маўляў, нават па знешнім выглядзе славянскі ваяр істотна прайграваў нямецкаму рыцару. І для такіх сцвярджэнняў, на першы погляд, ёсць падставы.
✳️
“Хроніка Літоўская і Жамойцкая” так апісывае войска ВКЛ ХІІІ ст.: “…без панцыраў (бо іх яшчэ не ведалі), а толькі ў зубровых, ласіных і мядзвежых скурах, а зброя – лук просты з ляшчыны сагнуты, прашча і рагаціна – абсмалены кій…, шабля добра калі ў гетмана была…”. Аднак за стагоддзі супрацьстаяння ліцвіны многае перанялі і многаму навучыліся ў ворага. Не забываючы і свае традыцыі.
✳️
Напярэдадні Вялікай вайны 1409–1411 гг. з Тэўтонскім ордэнам у нашым войску шырока было распаўсюджана заходнееўрапейскае ўзбраенне. Ваяры ў пласціністых даспехах і закрытых шлемах, або закаваныя ў жалеза з ног да галавы, не ўспрымаліся як нешта незвычайнае. Падчас Грунвальдскай бітвы палякі нават пераблыталі аддзелы крыжакоў з конніцай князя Вітаўта, настолькі яны былі падобнымі. Блытаніну ўзмацніла і тое, што тэўтонцы выкарыстоўвалі тыпова славянскую зброю – лёгкія коп’і-суліцы. Традыцыю іх выкарыстання яны запазычылі… у ліцьвінаў. На шчасце, гэты эпізод не паўплываў на агульны вынік бітвы, якая скончылася поўным разгромам крыжакоў.
#пазнавальныаўторак
🔸
У свядомасці сучаснага чалавека трывала ўсталяваліся міфы пра сярэднявечных рыцараў, асабліва пра іх узбраенне. Часцей за ўсё яны датычаць “гатычнага даспеха”, распаўсюджанага ў XV ст., які цалкам закрываў ваяра. Ён, нібыта, быў настолькі цяжкім, што рабіў рыцара няўклюдным і нават не дазваляў самастойна садзіцца на каня.
🔸
Між тым, вага цэльнакаванага даспеха складала 25–35 кг. Для параўнання: поўная экіпіроўка чырвонаармейца 1943 г. даходзіла да 26 кг. Але, ў адрознені ад рыцара, якога насіў конь, пехацінец мусіў насіць сваю амуніцыю сам.
🔸
Другі распаўсюджаны міф – неверагодна высокі кошт узбраення. У школьных падручніках пісалі, што цана камплекта даспехаў была эквівалентна кошту цэлага статка кароў (45–60 галоў), і дазволіць яго сабе маглі толькі адзінкі.
🔸
Прааналізаваўшы фінансавыя дакументы ВКЛ канца XIV – пачатку XV стст., айчынны гісторык Юрый Бохан прыйшоў да іншых высноў. У пераліку на сучасныя кошты за даспех, у залежнасці ад камплектацыі і якасці, належала заплаціць ад 16 да 35 тысяч долараў ЗША. Калі пераводзіць “на каровы”: 20–50 галоў (падлік умоўны і для сучаснага чалавека карова значыць менш, чым для селяніна ў сярэднія вякі). Ня танна, але гарантавана якасна.
🔸
Трэба памятаць, што даспехі набывалі не дзеля гульні. Ад іх, у літаральным сэнсе, залежала жыццё і смерць гаспадара. А значыць, яны мусілі быць практычнымі, зручнымі і даступнымі па цане.

👉 Разнастайныя рэканструкцыі рыцарскіх даспехаў можна ўбачыць на выставе “Gloria arme…”, якая дзейнічае ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля.
#пазнавальныаўторак

Будуючы напрыканцы XVI ст. Нясвіжскі замак, князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка падбаў пра многае. Пра знешні выгляд і магутныя ўмацаванні, пра гаспадарчыя і жылыя пабудовы на дзяцінцы, пра сховішча для скарбніцы і памяшканне для бібліятэкі. Немалую ўвагу ён надаў і фарміраванню арсенала. Артылерыйскі парк новазбудаванай фартэцыі налічваў каля 30 гармат. 22 з іх былі адліты па замове Сіроткі спецыяльна для Нясвіжскага замка.

Тут, прыкладна ў 1597 г., пачала дзейнічаць людвісарня – майстэрня па вырабу гармат, для працы ў якой быў запрошаны нямецкі майстар Герман Мольцфельт. Адлітыя пад яго кіраўніцтвам ствалы вызначаюцца выдатнымі мастацкімі якасцямі. Яны аздоблены рэльефным дэкорам (асобным для кожнай гарматы), выявай герба Радзівіла Сіроткі, лацінскімі надпісамі.

Кожная гармата мела ўласную назву: “Гідра”, “Цэрбер”, “Сава”, “Святы Мацей”, “Кракадзіл” і інш. Некаторыя творы нясвіжскай людвісарні вызначаліся значнымі памерамі. Так, “Святы Мікалай” і “Святы Крыштаф” важылі кожная каля трох тон, а даўжыня ствала “Мелузіны” складала 360 см.

Людвісарня з перапынкамі дзейнічала да канца XVIII ст. Яшчэ ў 1784 г. тут адлівалі гармату для апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага, які тыдзень гасцяваў у Нясвіжы.

Сёння ў экспазіцыі замкавага арсенала выстаўлены копіі дзвюх гармат пачатку XVII ст. А на выставе “Gloria arme…” можна ўбачыць афорт работы Зміцера Шапавалава “Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка прымае замову на гарматы ў арсенале Нясвіжскага замка, 1600 г.”. Гэты невялікі аркуш паперы дазваляе на імгненне зазірнуць у славутае мінулае Нясвіжа.
#пазнавальныаўторак

У раннім новым часе сімвалам годнасці заходнееўрапейскага двараніна была шпага. Для шляхты Рэчы Паспалітай гэту ролю выконвала шабля. Яна стала адной з галоўных прыкмет прывілеяванага саслоўя. Некаторыя аўтары нават іранічна пісалі, што бедныя шляхціцы, якія самастойна апрацоўвалі зямлю, вывозілі на поле гной «высакародна» ўтыркнуўшы ў яго прадзедаўскі клінок, падкрэсліваючы гэтым сваё адрозненне ад сялян.

А калі без іроніі, то гісторыя шаблі на нашых землях заслугоўвае ўвагі. Яшчэ ў старажытнарускія часы закрыўлены адналязовы клінок быў запазычаны ў качэўнікаў-стэпавікоў. Ён важыў менш, чым меч, але не саступаў яму па моцы ўдараў. А выгнутае лязо дазваляла секчы «з адцяжкаю», наносячы ворагу глыбокія раны.

Аднак да XVI ст. шабля на беларускіх землях не атрымала пашырэння і часта ўспрымалася як экзотыка. Яе папулярызацыі спрыялі аддзелы татарскіх перасяленцаў і венгерскіх гусараў, якія паступалі на службу да вялікіх князёў. Нават назва зброі прыйшла да нас з венгерскай мовы, ад дзеяслова «szabni» – рэзаць. Да канца стагоддзя шаблі сталі неад’емнай часткай баявога рыштунку лёгкай конніцы. Попіс войска 1567 г. сведчыць, што ў харугвах Пінскага, Менскага, Рэчыцкага, Мазырскага паветаў большасць кавалерыстаў былі ўзброены менавіта шаблямі. З часам узнікалі ўсё новыя віды гэтай зброі, якія адрозніваліся формай клінка і дзяржання. У дакументах згадваюцца шаблі «татарскія» і «казацкія», «чаркаскія» і «армянскія», «карабэлы» і «касцюшкаўкі».

Рэканструкцыі шабляў экспануюцца на выставе «Gloria arme…», якая дзейнічае ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля.
#пазнавальныаўторак
Пазіцыя каталіцкай царквы ў сярэднявеччы вызначала многае. Рымскія папы адным словам вырашалі лёсы цэлых краін і народаў. І ўсё ж былі традыцыі, змагацца з якімі не магла нават усемагутная царква. Адной з іх з’яўляўся рыцарскі турнір. На працягу стагоддзяў папы, біскупы, кардзіналы, манахі ўсяляк крытыкавалі гэты занятак. Але ўзброеныя спаборніцтвы ад гэтага не гублялі папулярнасці.
У канцы XIV ст. традыцыя ўдзелу ў рыцарскіх двубоях прыйшла ў Вялікае Княства Літоўскае. Вялікі князь Ягайла, заняўшы польскі трон, ахвотна запрашаў сваіх землякоў у Кракаў, дзе з нагоды розных урачыстасцяў ладзіліся капійныя і фехтавальныя баі. Там у ліцьвінаў была выдатная магчымасць прадэманстраваць вайсковыя здольнасці. У далейшым рыцараў Вялікага Княства можна было бачыць на турнірах у Гданьску, Вене, Мальбарку, Празе. А ў часы Жыгімонта ІІ Аўгуста (1520–1572) турніры неаднаразова ладзіліся ў Вільні. У лютым 1547 г. тут адбылася відовішчная забава, якая складалася з трох частак: турніра, гусарскага спаборніцтва і штурма адмыслова збудаванага замка.
Выхадцы з беларускіх зямель дэманстравалі сваё майстэрства не толькі на захадзе, але і на ўсходзе. Дыпламат XVI ст. Сігізмунд Герберштэйн распавядае, як «нейкі ліцьвін 26 гадоў ад нараджэння» уступіў у бой з маскоўскім асілкам, пераможцам у дваццаці бітвах, і забіў яго. Маскоўскі цар, які быў сведкам гэтай падзеі, у роспачы «плюнуў на зямлю і загадаў, каб у далейшым ніхто з іншаземцаў не ўступаў у паядынак з яго падданымі».
Выявы рыцараў Вялікага Княства аўтарства Зміцера Шапавалава можна бачыць на выставе «Gloria arme…». Для арганізаваных груп наведвальнікаў праводзіцца гульня-экскурсія «Рыцарскі турнір», якая дазваляе не толькі даведацца пра гісторыю зброі і даспехаў, але і праявіць лепшыя якасці ваяра: знаходлівасць, хуткасць, імкненне да перамогі.
#выстава #нясвіжскізамак #нясвіж #nesvizh #nesvizhcastle #exhibition #несвиж #несвижскийзамок
#пазнавальныаўторак

Мала якое вынаходніцтва можна параўнаць з пачаткам апрацоўкі жалеза. Яго асваенне дало назву цэлай гістарычнай эпохе – жалезнаму веку. І, канешне ж, жалеза стала сыравінай для якаснай зброі. Вось чаму гісторыя металаапрацоўкі непарыўна звязана з развіццём ваеннай справы.

Распаўсюджванне кавальства на землях Беларусі было абумоўлена наяўнасцю балотных руд, з якіх атрымлівалі неабходную сыравіну. Невыпадкова ў нас шмат паселішчаў з назвамі Руда, Рудня, Рудніца і вытворнымі ад іх. У такіх месцах амаль на паверхні залягалі радовішчы руды. Для выплаўкі з яе жалеза выкарыстоўваліся глінабітныя печкі-домніцы, якія загружалі слаямі драўніннага вуглю, балотнай руды і вапны. З дапамогай соплаў у ніжняй частцы, уздзімалі паветра. Тэмпература гарэння даходзіла да 1200 °С. Пасля 8–12 гадзін плаўкі жалеза, якое выдзялялася з руды у выглядзе спечаных дробных зярнят, асядала на дне. Атрымліваўся бясформенны камяк – жалезная крыца. Каб яна стала прыдатнай для апрацоўкі яе належала некалькі разоў разагрэць і перакаваць.

Гэты працэс займаў шмат часу. Падлічана, што са 100 кілаграмаў руды атрымлівалася каля 100 грамаў жалеза. А на звычайны меч яго патрабавалася каля 1,5 кілаграмаў. Не дзіўна, што старыжытныя металургі, якія былі адначасова і ліцейшчыкамі і кавалямі, карысталіся асаблівай пашанай. А іх прафесія была ахутана арэолам таямніцы і, нават, вядзьмарства.

👍Убачыць кавальскія прылады працы і адмысловы інфармацыйны стэнд, на якім паказаны тэхналагічныя этапы вырабу мяча, можна на выставе “Gloria arme…”. Экспазіцыя працуе ў Вялікай выставачнай зале Палацавага ансамбля да 10 студзеня 2023 г.

#музейзаповедник #нясвіжскізамак #нясвіжскіпалац #нясвіж #nesvizhcastle #nesvizh #гісторыятваёйкраіны #belarus #беларусь #beautiful #travel #замакНясвіж #запрашаем #выстава #приглашаемзапокупками