НАВУМЧЫК
1.32K subscribers
120 photos
12 videos
162 links
Сяргей Навумчык
Download Telegram
За два месяцы Трампу ўдалося зьнішчыць тое, што напрацоўвалася Амэрыкай больш як восем дзесяцігодзьдзяў, з часоў Другой сусьветнай вайны, калі Рузвэльт уступіў у супрацьстаяньне з Гітлерам. Я маю на ўвазе міжнародны давер. Давер да ЗША як лідэра свабоднага сьвету ўжо страчаны, і нават калі ўявіць, што гэтая троіца (Трамп, Вэнс і «примкнувший к ним» Маск) нейкім цудадзейным чынам зьнікне, і ў Белы дом прыйдуць адэкватныя людзі — каб давер аднавіць, спатрэбяцца дзесяцігогдзьдзі.

Калі ізаляцыянізм Трампа і вывядзе ЗША на якасна больш высокі эканамічны ўзровень (хаця сумняюся) — Амэрыка ператворыцца ў дваццаць Аўстралій: жыць у Аўстраліі камфортна, але яна не адыгрывае практычна ніякай ролі ў міжнароднай палітыцы.

Зьвядзеньня станоўчага ўплыву ЗША ў сьвеце да нуля — гэта тое, што робіць Трамп пад аплядысмэнты Пуціна. Я ня веру ў вэрсіі вярбоўкі Трампа Лубянкай — але ніякі агент не зрабіў бы для Крамля лепей, чым цяпер робіць Трамп.

Часам чую, што Трамп — адзіны, хто здольны выратаваць Амэрыку. Разумеў такія спадзяваньні на фоне сапраўды правальнай палітыкі ягонага папярэдніка — і ўнутранай, і зьнешняй. Не стамляюся паўтараць, што цяперашняя сытуацыя з Украінай — вынік нерашучасьці Байдэна ў 2022 годзе, калі Пуціна можна было рэальна спыніць, і больш за тое — запусьціць незваротны працэс распаду Расейскай імпэрыі. Але памылкі папярэдніка не апраўдваюць цяперашняга ідыятызму. Усё больш падстаў меркаваць, што адзінае, што здольны зрабіць Трамп з Амэрыкай — гэта нізьвергнуць яе ў поўны хаос, дай Бог, каб не ў грамадзянскую вайну.

Так, у Амэрыцы пакуль існуе падзел уладаў, існуе судовая сыстэма, здольная скасаваць адыёзныя рашэньні Трампа — але як доўга яна здолее пратрымацца? З гісторыі мы ведаем, як нават дасканалыя дэмакратычныя сыстэмы абрыналіся за тыдні пад націскам грубай сілы.
Ніколі не лічыў, што нейкую краіну трэба паважаць толькі за тое, што яна вялікая, роўна як і палітыка – за тое, што яго абраў народ. Гэта – не аргумэнты. У кантэксьце міжнароднага права ўсе краіны роўныя, аднолькава маюць права быць незалежнымі і адчуваць павагу да сваёй сувэрэннасьці. Павагу, бо стварэньне ўласнай сувэрэннай дзяржавы – гэта вынік асэнсаванага выбару народа і звычайна – вялікіх намаганьняў і вялікіх ахвяраў.

Адносна ж выбару, зробленага ў выніку памутненьня розуму, якое прыхоўваюць поклічамі «За яго прагаласавала большасьць!», «Трэба паважаць выбар народа!» – магу прывесьці мінімум два прыклады на абшарах Эўропы, калі народы абралі тыранаў: у 1930-х і ў 1990-х, што прывяло ў першым выпадку да глабальнай катастрофы, у другім – да нацыянальнай. Народ таксама можа памыляцца, і не ратуе ад памылкі ні славутая гісторыя народа, ні яго культурныя яго здабыткі, нават на ўзроўні сусьветных шэдэўраў.

Абраць тырана (альбо вар’ята, альбо «два ў адным») – за што тут паважаць? Нават калі гэты выбар зроблены ў самай магутнай з эканамічнага і ваеннага гледзішча краіне, што, як мы ведаем, таксама бывае.

А вось што безумоўна трэба – улічваць магчымасьць такога выбару і быць гатовым да яго наступстваў, калі ён ужо адбыўся. Але пры гэтым ня варта падмалёўваць дыктатару крылы анёла – не ўзьляціць.
Салідарны з былымі маімі калегамі па Радыё Свабода, якому я ўдзячны за 25 гадоў працы. Якому ўдзячны і за магчымасьць выдаць сэрыю кніг пра апошнюю хвалю нацыянальнага Адраджэньня (апошнюю на сёньняшні дзень, бо абавязкова будзе і наступная, ужо канчатковая).

Што да рашэньня Трампа, дык у прававым сэнсе ён мае роўна такое ж права зачыняць Радыё Свабода, як я – ліквідаваць футбольную каманду Бразіліі. Радыё Свабода створанае Кангрэсам ЗША шляхам прыняцьця адпаведнага закону (нават пакету законаў, фактычна па кожнай службе прымалася заканадаўчая папраўка, па беларускай службе таксама), і толькі Кангрэс, а не прэзыдэнт ці нехта яшчэ, мае права прымаць адпаведныя рашэньні.

Іншая справа, што, як кажа адзін дзеяч, які пачаў сваё ўладараньне з ціску на прэсу, «иногда не до законов».
Штогод 17 сакавіка ідзе плач па рэфэрэндуму аб захаваньні СССР і “ігнараваньні волі народа”. Нагадаю толькі тры факты. 1. Шэсьць рэспублік з 15 (Армэнія, Грузія, Латвія, Літва, Малдова, Эстонія) адмовіліся праводзіць рэфэрэндум. 2. У БССР ён быў праведзены незаконна – Закон абавязваў прызначыць яго Вярхоўным Саветам, а Дземянцей смухлюваў і прызначыў рашэньнем членаў Прэзыдыюму ВС, ды і тое шляхам апытаньня. 3. У парушэньне Закону, у БССР праціўнікі рэфэрэндуму ня мелі доступу да дзяржаўных СМІ цягам усёй кампаніі (уключна з дэпутатамі Апазыцыі БНФ, якім такі доступ гарантаваўся яшчэ і Законам аб статусе дэпутата ВС).
Колькасьць амэрыканцаў, якія выступаюць за большую, чым зараз, падтрымку Ўкраіны, за тры месяцы вырасла на 16% і дасягнула 46% (апытаньне Гэлапа). І гэта — самы вялікі паказчык за ўсе тры гады паўнамаштабнай вайны.

Калі тэндэнцыя захаваецца, Белы дом будзе вымушаны істотна скарэктаваць сваю пазіцыю. У такім выпадку зацягваньне Пуціным перамоваў аб капітуляцыі Кіева (назавём рэчы сваімі імёнамі), каб выгандляваць сабе больш, можа апынуцца “стрэлам ва ўласную нагу” і пойдзе Ўкраіне на карысьць.
Тым, хто шукае апраўданьне словам пасланьніка Трампа па Ўкраіне Ўіткафа пра «рускамоўныя рэгіёны» і «рэфэрэндумы» – раю спраектаваць гэта на вясну 1995 у Беларусі, калі быў праведзены антыканстытуцыйны рэфэрэндум з парушэньнямі заканадаўства і татальнымі фальсыфікацыямі.

Тады лукашысцкая прапаганда ўжывала падобную аргумэнтацыю: «народ на рэфэрэндуме сваё слова сказаў», «народ выказаўся за роўны статус рускай мовы», «народ – за інтэграцыю з Расеяй».

Уявіце сабе ў 1995-м такія аргумэнты ад Дзярждэпартамэнту ЗША – які, замест каб асудзіць зьбіцьцё дэпутатаў БНФ у Авальнай залі (што ён зрабіў адразу), заявіў бы, што «пераважная большасьць людзей выказала жаданьне быць пад кантролем Расеі» (цытыю сказанае Ўіткафам).
Станоўчае рашэньне Акруговага суду ў Вашынгтоне па першай частцы позвы Радыё Свабода да агенцтва, якое на загад Трампа спыніла ўхваленае Кангрэсам фінансаваньне, заканамернае – Трамп ня меў на гэта канстытуцыйных паўнамоцтваў. У ЗША стагодзьдзямі дзейнічаюць канстытуцыйныя нормы: бюджэт – выключная прэрагатыва Кангрэсу, падзел уладаў (заканадаўчая, выканаўчая, судовая) – непарушны прынцып, суд – найвышэйшы арбітар у адносінах паміж галінамі ўлады. Але гэтая справа паказальная: наколькі будзе, і ці ўвогуле будзе Трамп выконваць судовыя рашэньні. Ва ўсякім разе, да Трампа прэзыдэнты гэта рабілі.

У выпадку, калі суд будуць ігнараваць, актуальнасьць набудзе здольнасьць Кангрэсу выканаць свой канстытуцыйны абавязак – зьвярнуцца да працэдуры імпічмэнту. Я ня стаў бы сьпяшацца са станоўчым адказам, з улікам таго, што Рэспубліканская партыя цалкам лягла пад Трапмпа, а Дэмакратычная – дэградавала (зрэшты, абедзьве партыі дэградавалі, кожная па-свойму).

Мне прыгадваецца беларускі, нават уласны досьвед. Летам 1994-га, ужо ў першыя дні пасьля інаўгурацыі (я не агаварыўся – ня месяцы, нават ня тыдні, а дні) адміністрацыя Лукашэнкі пачала ігнараваць заканадаўчую ўладу (Вярхоўны Савет). Неўзабаве гэта набыло татальны характар, і 1994 год скончыўся «белымі плямамі» у газэтах замест дакладу Антончыка аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнта (тады яшчэ легітымнага). Затым было зьбіцьцё дэпутатаў Апазыцыі БНФ у залі парлямэнта (тэракт супраць дзяржаўных дзеячоў, пакараньне – аж да расстрэлу).

І так супала, што ў той жа дзень, 12 красавіка 1995, мне давялося ад імя больш як 70 дэпутатаў ВС прадстаўляць у Канстытуцыйным Судзе пазоў аб парушэньні Лукашэнкам Канстытуцыі ў справе манапалізацыі СМІ.

Справу мы выйгралі. Але адмяняць прызнаны неканстытуцыйным указ Лукашэнка адмовіўся. А ўсяго за 1995 год КС прызнаў не адпаведнымі Канстытуцыі 11 (адзінаццаць!) указаў Лукашэнкі.

У прынцыпе, гэтага было больш чым дастаткова, каб ужо ВС-12 распачаў працэдуру імпічмэнту. Але патрабаваньні Апазыцыі БНФ аб імпічмэнце ігнараваліся – большасьць дэпутатаў ужо была ці скупленая пасадамі, ці запалоханая прэзыдэнцкай адміністрацыяй. Новаабраны ж ВС-13 на чале з Шарэцкім першыя паўгады патраціў на пошук кампрамісу з Лукашэнкам, тады як колькасьць нявыкананых ім рашэньняў Кастытуцыйнага Суду дасягнула двух дзясяткаў.

Лукашэнка пераканаўся, што можа рабіць у Беларусі і з беларусамі ўсё што заўгодна, і неўзабаве Лукашэнка распусьціў КС і ўжо канчаткова ўсталяваў дыктатуру.
Успрымаю пагрозу закрыцьця Свабоды як удар па нацыянальным Адраджэньні. Так, канешне, амэрыканскі падаткаплацельшчык не абавязаны падтрымліваць беларусаў. Але...

Цягам дзесяцігодзьдзяў для беларусаў Свабода была больш чым СМІ – яна была палітычнай, грамадзкай, культурнай з’явай. Шмат у якіх сэнсах унікальнай, у тым ліку – у стаўленьні ЗША да Беларусі. Магчыма, беларуская Свабода ці не адзінае, у чым стабільна выяўлялася падтрымка ЗША ідэі менавіта беларускай Беларусі – хай у значнай ступені і інэрцыйнае, ад імпульсу, які быў дадзены Радай БНР яшчэ ў 1950-х гадах, якая і была ініцыятарам стварэньня беларускай службы (удалося правесьці гэта праз Кангрэс).

У асноўным жа, пачынаючы з Буша-старйшага, Вашынгтон ці ў большай, ці ў меншай ступені, але падтрымліваў знаходжаньне Беларусі ў арбіце расейскага ўплыву. Як палітык (хаця 25 гадоў працы на радыё палітычны мой стаж быў «замарожаны») – я гэта вельмі добра бачыў – і пры Клінтане, і пры Бушы-малодшым, і пры Абаме, і пры Трампе, і пры Байдэне. І пры ўсіх прэтэнзіях да беларускай Свабоды (часам – справядлівых, часта - не) бясспрэчна адно: Свабода даносіла ня толькі ідэі дэмакратыі, але і – беларускасьці. І рабіла тое, што іншыя з тых ці іншых прычынаў не рабілі.

Магчыма, упершыню скажу (ня памятаю, каб гэта недзе гучала), што цягам гадоў Свабода была крыніцай матэрыяльнай падтрымкі для Васіля Ўладзімеравіча Быкава ў вельмі цяжкія для яго часы (на хвалях Свабоды прагучала «Доўгая дарога да дому» і шмат якія ягоныя творы апошніх гадоў). І многія беларускія літаратары і творцы могуць падзякаваць Свабодзе за падтрымку ва ўмовах зьнішчэньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, якая з 1994 году ёсьць асноўнай стратэгіяй уладнай палітыкі.

Я вельмі ўдзячны Свабодзе за гады працы, у тым ліку і за публікацыю маіх кніг пра часы нацыянальнага Адраджэньня 90-х – ніводнае незалежнае выдавецтва ў Беларусі гэтага б не зрабіла, пра дзяржаўныя ўжо не кажу.

Салідарны са сваімі калегамі. Яны – высокакваліфікаваныя прафэсіяналы, бяз працы не застануцца. Але сумна, што беларуская Свабода сыходзіць у Гісторыю.

Трымайцеся, дарагія калегі!
Ня бачу ніякай розьніцы ў імкненьні Трампа анэксаваць (будзем называць рэчы сваімі імёнамі) Канаду і Грэнляндыю і імкненьні Пуціна анэксаваць Беларусь. У абодвух клінічных выпадках аргумэнт адзін - «інтарэсы нацыянальнай бясьпекі».
Калі і былі ў Трампа нейкія станоўчыя крокі у першыя дні па вяртаньні ў Белы дом (я іх ня бачыў, але дапускаю, што былі) — яны сьцёртыя той гіганцкай шкодай, якая нанесеная падрывам даверу да ЗША. Гэты давер да Амэрыкі як да лідэра свабоднага сьвету фармаваўся дзесяцігодзьдзямі — а зьнішчаны за некалькі тыдняў.

Але Трамп і ягоныы “ядзерны эоектарат” — на шчасьце, ня ўся Амэрыка, роўна як Лукашэнка і “ябацькі” — ня ўся Беларусь. У 1995-96 беларуская дэмакратычная супольнасьць ня здолела супрацьстаяць нахабнаму націску грубай сілы, а апалітычнасьць большай часткі насельніцтва прывяла да ўсталяваньня, а затым і ўмацаваньня дыктатуры. Памылку 1994 не ўдалося выправіць да сёньня.

У Амэрыцы традыцыі канстытуцыяналізму налічваюць больш як два стагодзьдзі, народ тут сапраўды мае права выбару, актыўна ім карыстаецца, можа выправіць памылку свайго выбару праз чатыры гады, і гэта дае надзею.

Пытаньне цяпер стаіць так: ці ўдасца амэрыканскаму грамадзтву цывілізаваным чынам дамагчыся выкананьня трампаўскай адміністрацыяй судовых вэрдыктаў, якія спыняюць антыканстытуцыйныя рашэньні Трампа.

Калі ўдасца — праз некалькі гадоў Трамп сыдзе ў гісторыю як дурны сон. Калі не — ня хочацца думаць пра варыянты падзеяў у краіне, грамадзяне якой маюць на руках мільёны ствалоў.
Абсалютна бясспрэчна, што лёс Беларусі як сувэрэннай дзяржавы залежыць ад таго, ці будзе існаваць Расея як імпэрыя, ці яна будзе нарэшце зьнішчаная. І вырашаецца лёс імпэрыі на вайне ўкраінскага народа з Пуціным.

Прыхільнікі Трампа часам кажуць: «Вы ня слухайце, што ён гаворыць, а глядзіце, што ён робіць».

Мякка кажучы, дзіўная прапанова: словы палітыка – гэта і ёсьць справы, тым больш словы прэзыдэнта самай магутнай краіны.

Але давайце прыгадаем дзеяньні Трампа.

Трамп спыніў мінімум на тыдзень пастаўкі ўзбраеньня ва Ўкраіну ў вельмі крытычны для фронту момант (гэта факт) – што адназначна аслабіла пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны і, адпаведна, узмацніла пазыцыі расейскай арміі. А значыць, і Пуціна.

Трамп на некалькі дзён спыніў перадачу Кіеву дадзеных выведкі (гэта факт) – што адназначна аслабаніла пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны і, адпаведна, узмацніла пазыцыі расейскай арміі. А значыць, і Пуціна.

Трамп спыніў апэрацыі кіберслужбаў Пэнтагону супраць РФ (гэта факт) – што адназначна аслабіла пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны і, адпаведна, узмацніла пазыцыі расейскай арміі. А значыць, і Пуціна.

Трамп зьнішчае (фактычна, ужо зьнішчыў) кансалідаванае ўспрыманьне Захадам Пуціна ў якасьці агрэсара, зрабіў дзясяткі палітычных заяваў на карысьць Пуціна, бясконца нагадвае пра свае «добрыя адносіны» з Пуціным ды заяўляе, што «Пуцін хоча міру». Цяперашняя амэрыканская адміністрацыя перастала называць Расею агрэсарам. Гэта ня ёсьць ніякая дыпляматыя, як часам спрабуюць падаць некаторыя прыхільнікі Трампа. Дыпляматыяй займаюцца дыпляматы. А прэзыдэнты займаюцца палітыкай. Заявы ж палітыка – гэта, паўтараю, і ёсьць дзеяньні.

Сёньня дзеяньні Трампа – на карысьць Пуціна.

І мяне ніхто ніколі не пераканае, што дзеяньні на карысьць Пуціна могуць быць дзеяньнямі не на шкоду незалежнасьці Беларусі.
У выніку абвешчанай Трампам гандлёвай вайны найбольшае падзеньне на эўрапейскіх рынках адчулі акцыі кампаніяў абароннай вытворчасьці (нямецкі збройны канцэрн Rheinmetall - 27%). Надзаычай моцны ўдар па пэрспэктывах эўрапейскай бясьпекі. У Крамлі, не іначай, бурные, продолжительные аплодисменты, переходящие в овацию.
Мяркую, пасьля фразы Трампа на адрас лідэраў краінаў сьвету – «Дупу мне цалуюць!» – адэкватныя амэрыканцы адчуваюць прыблізна тыя пачуцьці ганьбы, што і беларусы пасьля ўсхваленьня Лукашэнкі Гітлерам. Відавочна, што такой нікчэмнай асобы на чале ЗША не было за ўсе амаль 250 гадоў інстытуцыі прэзыдэнцтва. Ад памылкі не застрахаваны ніводзін народ, хай бы нават і з традыцыямі канстытуцыялізму, дэмакратыі, увогуле з доўгай і слаўнай гісторыяй. Пытаньне ў тым, ці хапае ў народа ўсьведамленьня гэтай памылкі і палітычнай волі яе выправіць.
Прачытаў у кнізе вядомага маскоўскага дысыдэнта набор папрокаў знакавым, як цяпер прынята казаць, асобам. Алене Бонэр — за тое, што прасіла памілаваньне, Сахараву і іншым дэмакратам — за ўдзел у выбарах народных дэпутатаў СССР, што ў той ці іншай ступені было падтрымкай спачатку Гарбачова, потым Ельцына, і ўрэшце дыскрэдытавала дысыдэнцтва і ідэю дэмакратыі.
Сам аўтар памілаваньня не прасіў, на выбары не ішоў — захаваў ідэю дысыдэнцтва ў яе крыштальнай чысьціні. Слава яму за гэта, канешне. Не бяруся ацэньваць, у якой ступені ён мае рацыю адносна крытыкі іншых расейскіх дысыдэнтаў і дэмакратаў. Магчыма, і мае.

У чым перакананы — што ў Беларусі ці ва Ўкраіне (а роўна ў Літве, Латвіі, Эстоніі, Грузіі, etc.) сама пастаноўка пытаньня ў такім аспэкце з пазыцыі сёньняшняга дня, з гледзішча Гісторыі, выглядала б недарэчнай — бо ўдзел у вышэйшым заканадаўчым органе ўлады быў адзіным шанцам дамагчыся сувэрэннасьці, вырваць свае народы з пашчы імпэрыі. Перад маскоўскімі дысыдэнтамі і дэмакратамі такой мэты, на іх шчасьце, не было.
ДА ГАДАВІНЫ ГАЛАДОЎКІ ДЭПУТАТАЎ АПАЗЫЦЫІ БНФ СУПРАЦЬ АНТЫКАНСТЫТУЦЫЙНАГА РЭФЭРЭНДУМУ

Галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ была абвешчаная Зянонам Пазьняком на паседжаньні сэсіі раніцай 11 красавіка 1995 году ў знак пратэсту супраць намеру Лукашэнкі правесьці антыканстытуцыйны рэфэрэндум. На яго выносіліся пытаньні аб ліквідацыі статуса беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, замене нацыянальных сымбаляў («Пагоні» і Бел-Чырвона-Белага Сьцяга) на мадэрнізаваныя савецкія, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.

Пра гэта звычайна рэдка ўзгадваюць, але сярод нашых патрабаваньняў былі таксама выкананьне канстытуцыйнай нормы аб гарантыях свабоды слова і забароне манапалізацыі СМІ, спыненьне ціску на прэсу (у прыватнасьці, аднаўленьне на пасадзе галоўнага рэдактара «Народнай газэты» Іосіфа Сярэдзіча, якога Лукашэнка звольніў незаконным указам), а таксама спыненьня перасьледу дэпутата Сяргея Антончыка, які выступіў з дакладам аб карупцыі ў бліжэйшым атачэньні Лукашэнкі.

Часам даводзіцца чуць, што галадоўка была вынікам адчаю. Нічога падобнага. Ніякай праявай разгубленасьці ці адчаю яна не была, а вось апошнім сродкам — так. Рашэньне мы прынялі ў выніку аналізу сытуацыі.

Цяпер у беластоцкім выдавецтве Kamunikat.org рыхтуецца да перавыданьня мая кніга «Дзевяноста пяты», я яе істотна дапоўніў, і перачытаў стэнаграмы сэсіі Вярхоўнага Савету ў сакавіку-красавіку 95-га. Мы (я маю на ўвазе ня толькі дэпутатаў БНФ, але і Ніла Гілевіча, і Генадзя Карпенку, усіх, хто выступаў супраць прапановы Лукашэнкі) некалькі дзён прыводзілі аргумэнты супраць рэфэрэндуму. Умоўна, іх можна падзяліць на дзьве групы. Першая — чыста юрыдычная — закранала антыканстытуцыйнасьць прапанаваных Лукашэнкам пытаньняў, другая тычылася катастрафічных наступстваў для нацыі. Але ніякія нашыя аргумэнты, ніякія заклікі ня дзейнічалі.

Нам нічога не заставалася, як пайсьці на самую крайнуюю меру — абвясьціць палітычную галадоўку.

Я ўжо не ўзгадаю хто канкрэтна, але хтосьці з дэпутатаў з ліку вэтэранаў (яны былі бэтоннымі камуністамі, але свае зоркі герояў у ваеннай сваёй маладосьці заваявалі крывёю) потым казаў, што калі мы селі каля прэзыдыюму тварам да залі, у нашых вачах ён убачыў гатоўнасьць ісьці на сьмерць. Гэта праўда. Для сябе я сьмяротнага выніку не выключаў. І ведаю дакладна, што і іншыя — таксама.

Эфэкт быў практычна імгненны.

Адбылося тое, чаго Лукашэнка, які ўжо падпарадкаваў сабе большасьць дэпутатаў, не чакаў: прапанаваныя ім пытаньні пачалі правальвацца, не набіралі неабходнай колькасьці галасоў.

Гэтая параза прывяла Лукашэнку ў шаленства, ён сарваўся ў гістэрыку, крычаў, потым выбег з Авальнай залі (праўда, што ў гістэрыку ён тады кідаўся часта, пазьней гэта прайшло, напэўна, падабралі правільныя мэдыкамэнты).

Уначы ў Дом ураду былі ўведзеныя войскі, кантралявалі «апэрацыю» тры асобы — сам Лукашэнка, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ленанід Сініцын (ён, між іншым, быў аўтарам «новага» гербу, хваліцца гэтым і цяпер) і кіраўнік справамі прэзыдэнта Іван Ціцянкаў (потым ён прастаўляў аўтографы на даху адміністрацыі на кавалках парванага Бел-Чырвона-Белага Сьцяа).

Паводле пазьнейшага прызнаньня тагачаснага першага намесьніка старшыні КДБ генэрал-лейтэнанта Валерыя Кеза, у тую ноч у Авальную залю і фае перад ёй былі ўведзеныя больш як 600 людзей у форме, многія зь іх мелі агнястрэльную зброю. Дарэчы, генэрал Кез — адзіны, хто потым публічна, праз прэсу, папрасіў у нас прабачэньня.

Былі ўведзеныя падразьдзяленьні МУС (міністар — Юры Захаранка), КДБ (старшыня — Уладзімер Ягораў) і Мінабароны (міністар — Анатоль Кастэнка).

У 2 гадзіны 51 хвіліну начы 12 красавіка ўзброеныя людзі ўварваліся ў Авальную залю. Зьбівалі нас спачатку людзі ў чорных трыко і чорных масках — афіцэры групы КДБ «Альфа» (камандзір — Юры Бародзіч), потым, калі ўжо цягнулі да міліцэйскіх «варанкоў» — спэцназаўцы. Зянону Пазьняку спрабавалі выціснуць вочы, а Алеся Шута міліцыянты зьбілі дубінкамі яшчэ і калі выкінулі з «варанку» ля скверу Янкі Купалы. (1/2)
(2/2) Фактычна, Лукашэнка сам дэлегітымізаваў свой т.зв. рэфэрэндум: ужо адно зьбіцьцё дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў працэсе працэдуры прызначэньня рэфэрэндуму Вярхоўным Саветам робіць вынікі гэтага рэфэрэндуму «юрыдычна нікчэмнымі», канстатаваў тагачасны член Канстытуцыйнага Суду, доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў.

Такім чынам, у гістарычнай рэтраспэктыве галадоўка дэпутатаў стала самым эфэктыўным крокаў апазыцыі з пункту гледжаньня дэлегітымізацыі антыканстытуцыйных дзеяньняў Лукашэнкі.

Хачу яшчэ раз падкрэсьліць: дэ-юрэ «Пагоня» і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг застаюцца дзяржаўнымі сымбалямі, роўна як беларуская мова мае статус адзінай дзяржаўнай, а Лукашэнка ня меў ніякага «дадзенага народам права» ні падпісваць інтэграцыйнгыя пагадненьні з Расеяй, ні распускаць Вярхоўны Савет, што ён зрабіў у 1996 годзе.

Абраным на свабодных дэмакратычных выбарах прэзыдэнту ці парлямэнту нават не спатрэбіцца адмяняць вынікі таго рэфэрэндуму — а толькі канстатаваць ягоную нелегітымнасьць. Бяз гэтага ні пра якое далейшае аднаўленьне канстытуцыйнай законнасьці ня можа быць і гаворкі.

Ужо раніцай 12 красавіка 1995 генпракурор Шаладонаў заявіў пра ўзбуджэньне крымінальнай справы (факт зьбіцьця дэпутатаў быў зафіксаваны лекарамі «лечкамісіі»). Па ўсіх прыкметах злачынства, справу мусілі ўзбудзіць па артыкуле 63 тагачаснага Крымінальнага Кодэксу («Тэрарыстычны акт») — «Пасягальніцтва на жыцьцё дзяржаўнага альбо грамадзкага дзеяча, зьдзейсьненае ў сувязі зь ягонай дзяржаўнай альбо грамадзкай дзейнасьцю, з мэтай дэстабілізацыі грамадзкага парадку альбо ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў дзяржаўнымі органамі альбо перашкоды палітычнай альбо іншай грамадзкай дзейнасьці». Пакараньне — аж да сьмяротнага. А ўзбудзілі за... перавышэньне службовых паўнамоцтваў і хуліганства. Але нават па такіх абвінавачваньнях сьледчаму па асабліва важных справах генпракуратуры Язэпу Бролішсу (менавіта ён у свой час вёў справу па Курапатах) не далі давесьці да канца, а генпракурор Шаладонаў быў адпраўлены ў адстаўку.

Безумоўна, Вярхоўны Савет у красавіку 1995-га павінен быў абвясьціць Лукашэнку імпічмэнт і аддаць пад суд яго і выканаўцаў злачыннага загаду. Гэтага зроблена не было.

Не здымаючы адказнасьці са старшыні Вярхоўнага Савета Мечыслава Грыба, дэпутацкай большасьці і кіраўніцтва генпракуратуры, мушу, аднак, сказаць: шмат што, калі ня ўсё, залежала ад грамадзтва.

Кіраўніцтва парлямэнту дзейнічала б зусім інакш, калі б нараніцу перад Домам ураду стаялі дзясяткі тысяч людзей (як гэта было падчас Сэсіі Незалежнасьці ў жніўні 91-га).

Але народ — маўчаў.

Ня ўсе змаўчалі, канешне. Раніцай 12 красавіка да будынку Вярхоўнага Савета падтрымаць нас прыйшлі толькі сто, можа быць, паўтары сотні чалавек, былі і журналісты недзяржаўных СМІ. Я буду ўдзячны ім да скону свайго жыцьця.

Пра начныя падзеі ў Авальнай залі я адразу распавёў Васілю Быкаву, і ён прароцкі канстатаваў, што «краінай закіруе прэзыдэнцкая хунта». Думаю, пра гэтыя словы Быкава даведаліся сотні тысяч людзей. Увогуле, вестка пра зьбіцьцё дэпутатаў, нягледзячы на ўжо поўны кантроль Лукашэнкі над дзяржаўнай прэсай, краіну абляцела імгненна. Але амаль двухмільённы Менск — маўчаў. Маўчалі і людзі ў рэгіёнах.

Іх дзеці і ўнукі сёньня расплачваюцца на Акрэсьціна ды ў эміграцыі за тое маўчаньне, бо хунта краінай кіруе і па сёньня.
Трамп назваў абстрэл Сумаў Пуціным — «памылкай». Усяго толькі. Памылка — гэта галасаваньне амэрыканцаў летась у лістападзе, калі ў Белы дом быў прапушчаны чалавек, якога ўжо сёньня сьмела можна назваць найгоршым прэзыдэнтам за ўсю гісторыю ЗША. Ніякай эмпатыі, ніякай чалавечнасьці, нічога — акрамя грошай і неўтаймаванага імкненьня задаволіць уласнае ego, за якім — інтэлектуальная і духоўная пустэча.

Трамп і ягоная фэнамэнальна некампэтэнтная адміністрацыя — фактар небясьпекі ня толькі для ЗША. Палітычны і эканамічны хаос — гэта мінімум, што ўжо практычна гарантавана чалавецтву прэзыдэнцтвам Трампа; дай Бог, каб не былі задзейнічаныя ядзерныя боегалоўкі.

Што датычна Беларусі, паўтараю: Трамп здасьць Беларусь Пуціну за сэкунду, калі толькі гэта яму будзе выгодна ў рамках чарговай «зьдзелкі».

Важна, каб у ЗША не паўтарылася беларуская сытуацыя, калі народ пазбавілі магчымасьці выправіць трагічную памылку 1994-га. Бо Трамп ужо пачаў зьнішчаць канстытуцыялізм (ягоныя прызначэнцы не выконваюць рашэньні судоў) і марыць пра трэці тэрмін.

Насамрэч, у інтарэсах амэрыканскага народа — пазбыцца Трампа ў Белым доме як мага хутчэй. Нават Вэнс, пры ўсіх ягоных мінусах, будзе лепшы, хаця б з наяўнасьці хоць нейкага элемэнту адэкватнасьці і прадказальнасьці, якія цалкам адсутнічаюць ў ягонага боса.

Я не галасаваў ні за Трампа (з прычыны абсалютнай чалавечай антыпатыі), ні за Харыс (з прычыны нэгатыўнага стаўленьня да палітыкі Байдэна, які ня даў Украіне перамагчы). Галасаваў бы за Нікі Хэйлі, але яна, на вялікі жаль, прайграла Трампу праймэрыз.

Але на выбарах у Кангрэс у 2026 як амэрыканскі грамадзянін я прагаласую за любога (рэспубліканца, дэмакрата, за чорта лысага), калі ў яго праграме першым пунктам будзе — імпічмэнт Трампу.
Нью-ёрскі дэвэлапер і па сумяшчальніцтву трампаўскі спэцпасланьнік Уіткаф, у якога аж вочы на лоб лезуць ад заманлівых камэрцыйных прапаноў Крамля, удакладніў зьмест сваіх размоў з Пуціным. Сярод іншага, ён сказаў, што Кіеў (на якогую думку) мог бы пагадзіцца аддаць рэгіёны, дзе людзі размаўляюць на расейскай мове.

Яшчэ летась Трам выказаўся ў тым сэнсе, што тэма захопленых Крамлём тэрыторый не такая адназначная, бо насельніцтва там рускамоўнае. Але тады гэтаму не надалі асаблівай увагі, ці мала што можа сказаць Трамп, сёньня — адно, заўтра — другое, пасьлязаўтра — заявіць, што не казаў ні першага, ні другога.

Але заява Ўіткафа выглядае сур’ёзна, бо мяркуючы па ўсім, ён не выдае нават ускосныя зьвесткі пра абсалютна закрытыя перамовы з Пуціным, не параіўшыся з Трампам ці, ва ўсякім разе, не адчуўшы падтрымку з ягонага боку.

Такое надзвычай прымітыўнае, я б сказаў нават вульгарнае ўспрыманьне тэмы сувэрэннасьці былых тэрыторый Расейскай імпэрыі (і яе рэінкарнацыі ў форме СССР) — яшчэ і выразны сыгнал для беларусаў.

І сыгнал вельмі трывожны. Асабліва для тых, хто ўсё яшчэ знаходзіцца ў нейкім (для мяне — невытлумачальным з пункту гледжаньня нават лёгікі) спадзяваньні на адміністрацыю Трампа менавіта ў кантэксьце захаваньня беларускай Незалежнасьці і нават бачыць у ёй, як цяпер модна казаць, «вакно магчымасьцяў».

Пры абгрунтаваньні Пуціным жаданьня пакінуць кантроль за Беларусьсю (ці нават анэксаваць яе) яму будзе дастаткова спаслацца на т.зв. рэфэрэндум 1995 году (які быў праведзены Лукашэнкам у інтарэсах Масквы). Публіка, якая цяпер атабарылася ў Белым доме, ня будзе замарочвацца прававым аналізам таго антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму, ня кажучы ўжо — гісторыяй больш як двухсотгадовай акупацыі Беларусі з прымусовай русыфікацыяй ды няспынным фізычным зьнішчэньнем нацыянальнай эліты.

Мы, беларусы, мусім зразумець: да ўлады ў ЗША прыйшлі людзі, для якіх паняцьці нацыянальных каштоўнасьцяў, нацыянальнай гісторыі, нацыянальнай годнасьці — пусты гук. Прычым я маю на ўвазе ня толькі фармальных гаспадароў Белага дому, але і тых, хто стаіць за імі — пакаленьне маладых мільярдэраў-тэхнакратаў, якія мараць пра новую форму дыктатуры («тэхнафашызм» — магчыма, ня самае дакладнае яе вызначэньне, але лепшага яшчэ не прыдумалі).

І пакуль гэтыя людзі знаходзяцца на чале самай магутнай краіны — беларусам сьвеціць не «вакно магчымасьцяў», а вузкае вакенца для пайкі ў камэры імпэрскай турмы.