Новы свет 🌞
679 subscribers
650 photos
12 videos
2 files
542 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#проза
#госць
#паў_радзімічанка

Цітусу Далеўскаму

Праз чатыры гады, як атрымаю бакалаўра, мне будзе ўсяго толькі на год менш.

Пускацца ў сентыментальныя думкі найлепш было б дзесьці там, на Лукішках, але ж хіба нябожчыкам падабаюцца мясціны, абмытыя іхняй жа крывёй? Ці не вяртаюцца чалавечыя душы пад родныя стрэхі, разбураныя цяжарам стагоддзяў, каб там, седзячы на парэштках фундамента, сумна круціць з тытуню самакруткі: чым яшчэ займаюцца маладыя пасля смерці?

Ці баліць пасля смерці ў грудзёх? Напэўна, па той бок сябрукі з рогатам ляпаюць далонямі па спіне, каб з рэбраў павыляталі кулі. Потым іх можна закапаць у зямлю і, мабыць, нават вырасце штось вартае: чалавечая кроў раз’ядае нават самы жорсткі метал і дае парасткі, зялёныя і нясмела-гнуткія, з якіх потым вырастаюць цудоўныя дубы і хвоі.

На Лукішках цяпер — нябачная каплічка ля нябачных могілак, дзе ніколі не пахне па-царкоўнаму, але дзе заўсёды спяваюць. Пэўна, сто з чымсьці гадоў таму ссівелы ад гора могілкавы Чаргавы дужа ўжо панаплакаўся: бачыце, не ўпільнаваў. А ён жа такі мілы дзядок: ссохлы ўвесь, як прыдарожная сасна, з учэпістымі кашчавымі рукамі, пабітымі раматусам нагамі. Учэпістыя рукі — каб гнаць смерць. Раматусныя ногі — каб даваць смерці па карку, калі яна, нахабніца, будзе лезці надта ўжо бессаромна.

Панаплакаўся сівенькі Чаргавы: збіраючы рассыпаныя, бы пацеркі, кулі, з хрустам у спіне згінаючыся, каб узняць шматок матузка ці эшафоцкую шчэпку — плакаў і плакаў, выціраючы слёзы поламі шэрай апранахі, выстаўляючы на ўвесь свет свае скручаныя горам і раматусам ногі.

Цяклі слёзы з доўгіх сівых вусаў:

"Панна Марыя, Езус Хрыстус! А палеглі, галубочкі, як той скошаны аер! А не ўпільнаваў! А Божа ж літасцівы!"

Скошаны аер — а мо і заўчасна сарваныя кветкі.

Пасля смерці не баліць у грудзёх.
Пасля смерці маладыя нябожчыкі могуць сядзець на фундаменце роднай хаты і павольна паліць самакруткі, з невымоўнай тугой пазіраючы на ліпу, якую калісьці садзіў пад вокнамі бацька.

Гэтая ліпа — непражытае жыццё, якое буяе і квітнее там, дзе ўжо нікога няма.

У кішэні старамодных нагавіцаў  зазвіняць скрываўленыя кулі: такая ўжо завялася традыцыя — пакідаць па адной кулі, каб абмяняцца на які час з тым ці іншым сябрам. На знак таго, што калісь вы добра падурылі галаву ды папсавалі кроў вусатым чыноўнікам з брыдзенькім маскоўскім вымаўленнем.

У іншай кішэні намацаецца сам сабою шматочак пянькі, які таксама адзін сябар пакінуў на памяць нават назаўсёды. Гэты хлопец быў самы шчодры: усе разам пад агульны рогат дзялілі ягоную матузку, пужаючы недалікатнымі жартамі ўсялякіх істотаў, аблепленых гожымі пёрамі і здзіўленымі вачамі. І  кожны з былых сяброў атрымаў па кавалачку.

І зямля атрымала кавалачак: прарасцілі нават нейкі пахучы куст півоняў, якія весела было кідаць прама з неба пад ногі самым розным красуням.

Самакрутка дакурваецца. Журботныя ўздыхі патроху сканчаюцца, бо за сто з гакам гадоў ужо няма як уздыхаць: праз дзіркі ў грудзях і так зашмат паветра сыходзіць, куды яшчэ марнаваць. Усё па строгім рэгламенце.

Нябожчык уздымаецца, паволі размінаючы рукі і ногі: спяшацца ўжо няма куды. Наспяшаўся.

Пакруціць галавой, выглядаючы кагосьці ўдалечыні. Там, у узнятым чыёйсьці таксоўкай дарожным пыле, неўзабаве з'явіцца далёкая і цьмяная постаць немаладой жанчыны з маленечкім пісклявым скруткам, пяшчотна прыгорнутым да грудзей. Жанчына прыветна махне рукой:

"Доўга сядзець будзеш, браце? Гарбата прастыне..."

І апошні раз празвіняць кулі ў кішэні старамодных нагавіц.
#верш
#вікця_жытнік

гэта ноч
гэта сакавік
гэта месяц ва ўсім вінаваты
ты да вуснаў маіх прынік
так прагна
і так упарта
я не бачу тваіх вачэй
а ты бачыш мае
трывожныя?
я прыкрыю іх
так лягчэй
ноч
нашто ж ты мяне
растрыножыла
#верш
#Nichto_Absalutna

Патокі

Горад зьнікае ў промнях заходу,
Званы чыстай сталі сьціхаюць раптам.
Над зямлёю імглой зацьмянела сутоньне.
Паўзмрок разьліваецца хвалямі шатаў.


Артэрыі вуліц ўжо поўняцца кроўю,
Заліта сьвятлом і аорта праспэкту,
А вецер па небе бязьлітасна гоніць
Ашмоцьце аблокаў з бэтоннага сэрца.

Мірготкая зьнічка нагадвае кроплю,
Што крэсьліць дарогу на мглістым шкле неба,
Завоканьне вабіць красою далёкай,
Уражае сьляпой пастаяннасьцю зьменаў.

Няспыннасьць патокаў у адзінае плыні.
Заўжды і ўва ўсім: і ў бегу аблокаў,
І ў шуме дажджу, і ў фарах машынаў...
І кожны шукае свой шлях ад вытоку.

А горад вуркоча, мігціць ліхтарамі
І голасам дыктараў з соцень экранаў,
Халодным агнём скрозь гады асьляпляе,
Ствараючы культ паўпрытомнага стану.

Бо лёгка з пакорай зірнуць у вочы лёсу,
Прыняць чужаўладзьдзе і жыць у мінулым,
І многія душы ўжо ў стане нэкрозу,
Ім трэба ня волі, а з крыкам пад кулі.

Сьмерць душ значна горай за сьмерць нашых целаў.
Бо ў выніку безьліч жывых мерцьвякоў,
Шукае прытулку ў пустым сьвеце шэрым
І спальвае кнігі, каб грэлася кроў.

І час, ён таксама спрадвечны паток,
Цурчыць ён павольна: сэкунда, хвіліна,
Гадзіна, стагодзьдзе... Яго мерны крок
Палохае тых, хто сам хваліцца сілай.

І я гэтаксама, бы кропля ў патоку,
Паціху іду па жыцьцёвым шляху.
Патонуць аднойчы ў бязгуччы натоўпу,
Усе кнігі, што я пра яго напішу.

Бо ўсё ў гэтым сьвеце ўзаемазалежна,
І кожны глядзіць не ў сябе, а навокал,
Шукае адказы, знаходзіць праблемы,
Захоплена слухае бездані рокат...

Радок за радком - і на выхадзе верш,
Што, мабыць, нікому ня будзе патрэбны.
І ўласнае неба, вядома, найперш,
Але чаму ўсе мы глядзім на паверхню?

Шукаем аскепкі разьбітага люстра,
Што дораць надзею пабачыць сябе.
У ім срэбным патокам зьліваюцца душы,
Скідаючы вязьніцы змораных цел.
#верш
#вікця_жытнік
16+

вашыя вабныя смочкі
мяне спакушаюць бясконца
я прагну дотыкаў
мяккіх
і вельмі ласкавых
бо з вамі -
толькі пяшчотна
уяўляю ваша дыханне
і ціхія стогны
і шэпт
і вільгаць
пах жарсці
што поўніць паветра
і вусны
на вабных смочках
што мяне спакушаюць
бясконца
#birdcherry #малюнак

малюнак для пераможцы (@rasplyvajezza) латарэі

тг канал: t.me/birdcherrybliiiiiiiiiin
інст: birdcherryblin
тт: _birdcherry
ціўтар: birdcherrybl
#верш
#Хросная


Я б хацела
Узяць
Свой твар
Выцягнуць яго з сябе
Разрэзаць яго
На тысячы
Кавалкаў
Сцягнуць кавалкі
Чырвонаю
Стужкай
Памыць іх
У
Святой вадзе
І
Зляпіць іх
У маску
Ці
Хоць
У
Цень
Прышыць
Наноў
Лепшы
Свой
Іншы
Свой

Твар
#верш
#Хросная



Ты прабач мяне, мой краю
што іду я па зямлі
Напалову
І так да краю
Па пустэчы, гадзіннай раллі
Ты прабач ужо мяне, мой краю
што іду па тваёй зямлі
Напалову відушчая:
Адным вокам
Гляджу

Гавару
Паловай языка

Напалову глухая:
Адным вухам
Чую

Іду
Адной нагой

Крычу
Таксама
напалову.

Ты прабач мяне, мой краю
Што не нясу
сваё цела
У імя
тваё.

Ты прабач мяне, мой краю
Што я - палова
Кавалак цэлага
Адарваны і не злучаны
Ты прабач мяне, мой краю
Што я
Не з кардону і не з полымя
Не з гурту і не адзінокая
Што я
Напалову
Хаджу
Гляджу
Гавару
Ты прабач мяне, мой краю
Я гару, ды не згараю
Ты прабач мяне
мой
краю.
#верш
#вікця_жытнік

мне сорамна нават думаць
ты нібы паветра
патрэбен
прызнацца б табе
адкрыцца
мая мара -
хаця б абдымкі
і твой голас
ласкавы
з усмешкай
мне хочацца цябе чуць
і адчуць
пекнату і вільгаць
на сабе твой погляд
а за ім і рукі
пяшчота
я думаю
ты мой наркотык
мне цябе не хапае
мабыць
гэта каханне
мабыць
любоў жывая
мне цябе не хапае
мне цябе не хапае
#ADM

А нас ужо 300 ~~~

Дзякуем вам за тое, што вы выбралі менавіта нас, як праваднікоў мастацтва ў вашыя душы і вашыя сэрцы!
вернем аву, калі будзе 301 чалавек 😌
#скатазаўра #проза

Сум

Сум хаваўся ў паху адыходзячага лета.

Сум было відаць у змарнелых кветках.

Сум напаўняў скошаныя палі з вялікімі снапамі, якія ўсё яшчэ ляжалі пасярэдзіне.

Сум быў у непазбежнасці і няспыннасці часу.

Сум быў у сталенні і неразуменні будучыні.

Сум, хаця і радасць таксама, быў ў зменах.

Сум то перамешваўся з нудой і засмучэннем, то змяняўся смехам і радасцю, але ўсё яшчэ сядзеў дзесьці ўнутры.

Сум быў у тысячах слоў, тэкстах, карцінах, пейзажах, зрэшты - ва ўсім, што было вакол.

Сум пах жухлай травой і мокрым асфальтам.

Сум пах восенню. Або апошнім жнівеньскім днём.

Сум скрываўся паўсюль: ува мне, у табе, у кожным з нас.

Сум не быў побач заўсёды, сум прыходзіў і сыходзіў, але заўсёды ведаў, калі яму вярнуцца.

Гэта быў сум. Вечны спадарожнік чалавецтва.
Channel photo removed
Channel photo updated
#ADM

Добра, добра, вернем! 😅
#выраб
#журавіна

Спадарства, я зрабіла маленькія драўляныя домікі!!!
Бацька ўсё намагаўся іх выраўнаваць, але мне падабаюцца мае вырадкі ☺️
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

Дзесь на ўсходзе, на захадзе,
Ці на поўдні, на поўначы
Ад усіх вас. Мо ў цэнтры
Бязьмежнай зямлі?
Ціхі казачны край, дзе
Не халодна, ня горача,
Не бясьпечна, ня роспачна,
Ні забавы, ні горычы,
Ды цьмяны агні.

На балотавых выспах
Стаяць хаткі драўляныя.
Стаіць кожная з краю,
І болей нідзе.
Гэта ўсё не наўмысна.
Проста зручна ды звыкла.
Проста багна зьбірае
Сваё па чарзе.

А там сьпяць у калысках.
На падлозе ці ложку,
Беспрасыпна ці трошкі
І ў дзень, і ў начы.
Гэта ўсё не наўмысна,
А спакойна. Карысна.
Проста скрозь сон ня чутна
Крыкаў, як не крычы.

Але як выпадкова
Хто прачнецца ад нечага,
То ўжо потым ніколі
Ня можа заснуць.
Ён сядзіць абяздолены,
Паліць сьвечку за сьвечкаю
Ды глядзіць, што за вокнамі.
Чакае зіму.

Каб завея сьцюдзёная
Адчыніла вароты.
Каб закула болоты
Ільдзяным дываном.
Невядома, урэшце,
Ім чакаць колькі дзён яшчэ,
Невядома, канечне,
Ці ня ёсьць гэта сном.

Яны мараць, што нехта
Лёгкім ўпэўненым крокам
Завітае калісьці,
І сядуць яны.
Будуць цешыцца гукам
Чалавечага голасу,
Так чаруюча блізкім
І такім незямным.

А зімы ўсё ня мае.
Ды з кожным сьвітаньнем,
Ды з кожным заходам,
Ды на працяг дня
Хаты зьнікаюць.
Вера зьнікае.
Край занядбаны.
А людзі ўсё сьпяць.