Новы свет 🌞
688 subscribers
614 photos
10 videos
2 files
503 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Хросная

Здаецца, што рэкі
даўно выйшлі з берагоў
І мы жывем пад вадой

Лыпаем лупатымі вачыма
Выстукваем жабрамі
жабраванне
І тупа
адкрываем рот.

Рыбы не ўмеюць гаварыць.

А можа, не хочуць?
Лічаць, што
іх вялікія
суродзічы
занадта дзіўныя
Незамаскіраваныя ў вадзе
І з вычварэннымі
плаўнікамі?

А можа гэта проста
Разлілося вялікае балота
І людзі НА балоце
Сталі
Людзьмі Ў.

──────≪✷≫──────
#верш
#Хросная

Глядзець на месяц - дрэнная прыкмета
Так у народзе чулася здаўна
Таму й, напэўна, вершамі адзета
Дзівацтвам цалавана дап'яна

Аслепла я ад промняў месяцовых
І па зямлі, як хісткая, хаджу
Ды пад нагамі цвёрдую аснову
ні ў Бога, ні ў чорта не прашу

Таму й, напэўна, збітымі каленьмі
Так цягнуць камяні мяне назад
Урэшце - словы дзікага малення
Не панясу на вогненны пасад

Таму й, напэўна, лепш пішу начамі -
Рукою водзіць месяцовы свет
Калі ж адчую раніцу вачамі -
То знікну, не пакінуўшы прыкмет

Знікаюць ранкам месячныя промні
Вадою талай - змыюцца сляды
Я пагляджу - і твары не запомню
Ісці адной - на доўгія гады...

І шлях мой ператворыцца ў staccato
Мае кругі - прыцягваюць да дна
Ды ў гэтым я сама і вінавата -
Дзівацтвам цалавана дап'яна

Аслепла я ад промняў месяцовых
І па зямлі - вар'яткаю хаджу
Ды пад нагамі цвёрдую аснову
ні ў Бога, ні ў чорта не прашу
#верш
#Хросная

Я адкрываю шуфляды
у шуфлядах зямля
Зямля на падлозе
і ў талерцы
І старонкі кніг
Асыпаюцца
чорнымі гурбамі
Я ем зямлю і зямля
робіцца мною
І я адчуваю яе боль
Адчуваю яе боль

А потым
На наступны дзень
Я ванітую зямлёю
І спрабую забыцца
На яе боль і на яе
праўду.
Таму што ведаць
гэтую праўду - невыносна.
І таму я зашываю
ўласныя вочы
баючыся
зноў убачыць
што ў шуфлядах - зямля
зямля на падлозе
І ў талерцы
І што кнігі мае
таксама зямля.
Баючыся
Адчуць
Яе
Боль.

────≪✷≫────
#верш
#дзеньроднаймовы
#Хросная

Ураборас
бясконца
з'ядае
сябе.

Так бясконца
што ўжо забыўся
ці быў калі-небудзь чымсці
акрамя фаршу

Скажы,
Ці падлічым мы
аднойчы колькасць
могілак,
якія рассыпаныя
па нашай гаротнай зямлі
так,
што здаецца -
нават цені
нашых слядоў
бясконца
трапляюць
на косткі
?

А нашыя сляды -
уціснутыя ў зямлю,
бо мы ідзем тым шляхам,
якім ішлі мільярды
да нас.

А нашыя сляды -
уціснутыя ў зямлю,
бо наш край
ніколі не
меў
часу спакою.

Ураборас
бясконца
з'ядае
сябе.
#верш
#Хросная

Падары мне не-час
Падары не-зіму
Каб агеньчык не згас
Невядома чаму

Падары мне не-век
Падары не-гады
Падары мне не-снег -
І пайшлі - не-туды

Падары мне не-цень
Падары не-спакой
Каб затлумлены дзень
Я закрыла сабой
#верш
#Хросная

І дзякуй богу, што іх не было
Спатканняў, пацалункаў і прызнанняў
Бо ў сэрцы хутка дагараць дазвання
І дзякуй богу, што іх не было.

І дзякуй богу, што яно прайшло
Каханне. быццам страшная хвароба
Што сэрца жрэ і разарве вантробы
І дзякуй богу, што іх не было.

Спатканняў,
         пацалункаў
                 і прызнанняў...
#верш
#Хросная

На
адным
слупе
людзі
змайстравалі
металічную аснову
для буслянкі.

А буслы
прылятаюць
вясной
І майструюць гнёзды
ужо
на іншых слупах
быццам бы металічная аснова
увап'ецца ў
жывое цела
буслянкі
і высмакча
кроў.


Ці проста буслы
хочуць быць
вольнымі
нават
у гэтым.
#верш
#Хросная
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
І болей не гляджу ўжо самотна
Калі вясна ахутвае зямлю
І сэрца б'ецца нібыта палётна
І мроі апускаюцца ў раллю
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
#верш
#Хросная

Страшны век нам трушчыць косці
Божа, барані!
Як жа думаць, ягамосці
аб наступным дні?
Страшны век - згуляе хеўрай
Сон то ці не сон
Не спявае песень крэўных
калакольны звон
Песні - птушкі, ззяе сонца
як у кожны час
Можа, будзе й нам аконца
як было да нас?
Хай жа ўецца завіруха
доўга ёй не быць
І за шчасцем, і за скрухай
жылі й будзем жыць
За зімой прыйдзе адліга
так было заўжды
Так расказвалі нам кнігі
доўгія гады
І тады, тады растаюць
чорныя снягі
Песня, думка акрыяе
згубіць берагі
Хай не з золата і срэбра
Ды жыве ж, жыве
І застанецца ў рэбрах
нават у дрыгве
Паляціць яна далёка
ды ў вольны свет
Не пашкодзяць ёй аблокі
плётак і прыкмет
Яна ўзнімаецца высока
На сівы прастор
І ўсюды, кінеш вокам
будзе ёй узор
Хай жа танчыць завіруха
доўга ёй не быць
І за шчасцем, і за скрухай
жылі й будзем жыць
#верш
#Хросная

Што такое дом?
Будаўнічая канструкцыя?
Разумовая абстракцыя?

Аперацыйна-белы вакуум
Які трэба называць домам
па факце прапіскі

"ириски и риски"
...

Сцены інтэрнацкага пакоя
Абрастаюць мохам
малюнкаў і постэраў
каб быць звёрнутымі
і складзенымі ў торбы
з прозвішчам. і няправільна
напісаным нумарам пакоя
у якім я жыла два гады

Ён ужо таксама
выглядае
аперацыйным
пасля ўборкі

Новы пакой. У які ўрываешся
як у бурбалку. і сутыкаешся
з тым, што цябе адкідвае назад
сілай абарончага поля
наладжанага быта
тутэйшых гаспадынь
іх занятых паліц і размоў
пра адносіны
з супрацьлеглым
полам.
(супрацьлеглым у сэнсе
раён на раён
сценка на сценку)

((гетэра сапраўды
трэба забараніць))

Цябе быццам зносіць назад
вузказцю міжложкавай
прасторы,
замураванымі ў сценах
шафамі
і сталом над ложкам

І ты са сваім наборам
рэчаў і звычак
проста чакаеш
Калі цябе змые
прыліўной хваляй
адсутнасці ўключэння
ў дадзены хранатоп



Пералічваеш ва ўспамінах
Сувой розных пакояў
і думаеш
Што такое дом?
#верш
#Хросная

У палацы светлым, залатым
Памірала гожая багіня
Дні яе сыходзілі, як дым
У палацы светлым, залатым
Тонкія абрысы ціхіх ліній
І сляза бурштынамі застыне
Быццам бы лілея на карціне
У палацы светлым, залатым
Памірала гожая багіня.

У палацы светлым, залатым
Там царква з'ядала яе сілу
Дні яе сыходзілі як дым
У палацы светлым, залатым
Самы час для вогнішча і вілаў
Косы ёй абрэзалі і крылы
Дабрынёю выцягнулі жылы
У палацы светлым, залатым

Быццам бы лілея на карціне
У палацы светлым, залатым
Памірала гожая багіня
#верш
#Хросная

Калі шмат думаць
- можна дадумацца
Дваіцца
Траіцца
Чацвярыцца
Жрыца ці Жніца?
Пераварыцца
Перасварыцца з сабою

Тое, што ў галаве
Падзялі на дзве
сябе

Ножанькі-ножкі
Абыйшлі дарожкі
Прыдумалі словы
Ды ілжывай мовы

Калі шмат думаць
Можна дадумацца
Дадыміцца

Вадзіца-сястрыца
Дай мне напіцца
Каб бачыць уночы
Каб бачыць уранку
з'ядаці маланку
ў галаве

Тое, што ў галаве
Падзялі на дзве
сябе
#верш
#Хросная

Мне імя - жанчына
Сплецена з туманоў
Мне імя - жанчына
Быццам апантана
Мне імя - жанчына
- Чорныя разоры
Мне імя - жанчына
Чырванню ўзораў
Мне імя - жанчына
Раненая й раню
Мне імя - жанчына
Але сонца ўстане
Мне імя - жанчына
Мохам і балотам
"Мне імя - жанчына" -
Палыном, чаротам...
Мне імя - жанчына
Моц зубоў - жалеза
Мне імя - жанчына
Вершамі прарэжу
"Мне імя - жанчына"
Воцатам і срэбрам
"Мне імя - жанчына"
- Раз'ядае рэбры