Новы свет 🌞
676 subscribers
650 photos
12 videos
2 files
542 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#госць
#Savavožyk

Затэлефаную Адэльцы
і спытаю:
- Ці ня хочаш зладзіць рэвалюцыю
заўтра перад абедам?

- Вядома,
ідэя цікавая,
але адзіная
афіцыйна дазволеная рэвалюцыя
адбылася ўжо даўно
і ня з намі.

Вядома,
мы надта малыя,
каб дацягнуцца да паліцы
з падручнікамі гісторыі.

Вядома,
ужо гострыць зубы ў чаканні ахвяраў
Калі.

Толькі і можаш адсвяткаваць
афіцыйна дазволеную рэвалюцыю
са шкваркай і чаркай
бензіну.

- Ды што нам, коткадзеўкам?
Паспеем да абеду.
Адзінае пытанне:
Ідзем разам?

- Вядома...
#верш
#госць
#Savavožyk

Твае шэрыя дні ў святле зорных начэй,
у святле былой славы са слядамі каптураў.
Усё адно з тых вітрын ня зводзіш вачэй,
з піянерскім дзяцінствам у белым мармуры.

Кожны дзень ты стаіш на туманнай мяжы,
там дзе восень вясну штогод перамагае.
Убралася зямля у карункі іржы.
Сталі ціхімі гукі ад краю да краю.

Бачыш плямы на месцах знятых карцін?
Ад бадзяння квітнее шэрань на скуры.
Знікнем разам сярод музейных вітрын,
непрыстойныя надпісы на белым мармуры.

26\09\22
#верш
#госць
#Savavožyk

Я твае песьні чуў праз сон,
праз звон
аскепкаў злых багоў.
Мяне зацягвае глыбокі плёс.
Ужо хвалі змоўклі, згінуў спеў.
І па вачах я зразумеў:
ў тваёй душы бярэцца на мароз.
Як жа салодка жылі мы
за дзесяць метраў ад вайны.
Дзіўлюся з вынікаў апошніх перамог.
Хрумсцяць аскепкі злых багоў.
Паказвацца з-пад берагоў
няхутка здолее закатаваны цмок.
#верш
#госць
#Savavožyk

Ад каго ты ўцякаеш, рысь-скідзень?
Ўспомніш ты, як сабака плакаў?
Чый застылы ў вачах абрыс?
Рысь.
Сабака.
Сабака. 
Рысь. 

Абарваны ланцуг на шыі…
Пэўна, ён зразумеў, што калісь
ты таксама насіла ашыйнік,
шчыра ў волю закаханая рысь.

Я іду, у твой сьлед патрапляю,
каб твой боль сваім болем сагрэць.

Выжла, збочвай, ня з нашай ты зграі.
У твой сьлед патрапляе сьмерць.

І на сьнезе - чырвоныя макі.
Пакуль можна табе - усьміхніся.
Вось і ўсё.

Зьбеглы з дому сабака.
У прыцэле замерлая рысь.
#верш
#Savavožyk

АБ'ЯВА НА ТРАМВАЙНЫМ ПРЫПЫНКУ

Яна крыху ніжэйшая за мяне
у вачах воблака
на вуснах
ня высах гранатавы сок

калі пабачыце
тэлефануйце
ці пішыце
адрас: 
чужаніца
сьлімак
тут
кропка
бывай.

──────≪✷≫──────

Творчы канал аўтара
#Savavožyk
#проза

https://t.me/picturesofowls

***

Ты ня можаш адвесьці позірку ад пажадлівых вачэй бездані рукі бездані патыхаюць цыгарэтамі й даўніною яе грудзі - забытае замчышча пустазельлем пяшчотным аплеценае і на вуснах шэпт што нарэсьце яна зробіць цябе табою ты ідзеш па яе зорных сьцежках(ды ня зоры гэта а вірлы) кожны ўдых табе бы чужы падарунак пякельнай сьпякоты твае рукі давеку зьвязаныя павуціньнем бязглуздае лірыкі бо ў адзін зь вечароў засьнежаных ты адчуў сябе бессьмяротным.
#верш
#Savavožyk

ВЕРШАКАЗ

Верш

Верш вышэй за звычайную пабытовую мову і чалавечае разуменне. Таму часам вершы збіраюцца ў нізкі і спускаюцца крыху ніжэй, але толькі каб можна было даскочыць, бо верш існуе толькі наверсе. На старых дахах, у гарах, на вершыні нечага шчасця ці гора. Ранкам гэта вяршкі ў тваёй каве, калі  ты выліваеш новыя творы на паперу як той напой. Удзень – верабей на высокай галіне, якога ледзь пачуеш у гармідары навокал. Вось чаму вершы пішуць, калі краіна спіць і пануе цішыня. Верыш? Вер.

─────────────────≪✷≫─────────────────
Канал аўтара
#верш #дзеньроднаймовы
#Savavožyk


О так! Я - рок-музыкант!..
Учора сын быў марнатраўны,
а сёння абраў новы лад
на старой бацькавай гітары.

Можа, ня возьму я барэ,
ды прыпаўзу у любым стане,
каб пры разбуранай турме
сьпяваці песьні пра каханьне.

─────────≪✷≫────────
Творчы канал аўтара
#Savavožyk

https://t.me/picturesofowls


Любоў калісьці хавалася на дне майго кубка кавы
з аўтазапраўкі недзе на паўдарозе з Ашмянаў
яна падпявала кожнаму паўстаньню старой Варшавы
вучыла прадбачваць росстані
прасіла прабачыць заганы

яна расла у паветры з пахам бензіну і бэзу 
ў соку скрадзеных вішняў - скарбу зьнядбанага саду
у перавязках стужак што не пасьпелі абрэзаць
казала, што калі верыць, мы ўстанем, але ня сядзем

зь месцаў расстрэлаў, з прамзоны любоў прасілася ў вырай
нашэптвала што шчасьлівымі могуць быць нават заганныя
пад намалёваным небам любоў адрошчвала крылы
каб аднаго дня ўвесну перарасьці ў каханьне.
#Savavožyk

Ці першы, хто зь неба падаў,
заступнік нашых сустрэч?...
Яна выглядае як д'ябал,
але хто яна насамрэч?
У словах яе спакуса,
і голас яе як палын
ды штосьці ў кутку гэтых вуснаў
гаіць, бы крынічная плынь. 
І я не магу паверыць 
таму, што яе карані
пачатак бяруць не на небе, 
а з чорнай, як вугаль, зямлі.

─────────≪✷≫────────
Канал аўтаркі