Новы свет 🌞
676 subscribers
650 photos
12 videos
2 files
542 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

У срэбным сьвятле промняў цемры вечнай
Далёка на белай халоднай поўначы
Паўстаў горад страты і шчырай роспачы.
Вялізны. І неяк натхняльна велічны.

Сыходзячы параю на марозе,
Гарачай крывёю цячэ рачулка.
Дарога зьвініць незвычайна гулка.
Нікога ня мае на той дарозе.

Дарога ідзе да палярнай зоркі,
Дзе зь белых сьнягоў ды ільдоў бязьмежных
У неба глядзяць паўпразрыстыя вежы,
Нібыта вартуючы гэты горад.

Тут цэгла нагадвае бляск рубінаў,
На бронзавых дрэвах смарагды-кроны.
Сьвяточна мігцяць крышталёвыя вокны
Будынкаў пустых і бясконца дзіўных.

У горадзе веры і зьніклых страхаў
Ня мае руінаў у пэўным сэнсе:
Калі апынесься на самым версе,
Пабачыш, паветра трымае дахі

Высока над белай раўнінай сьнегу.
Ў паветры застылі, замерзлі нібы,
Асобныя часткі муроў будынкаў,
Штогод павялічваючы памеры.

А збоку ўжо непрабачальна цэлыя,
З падмуркаў каменных да чарапіцы
Паўсталі разбураныя капліцы.
Паўсталі забытыя богам цэрквы.

А далей, на Пляцы Забытых Ведаў
Кнігарня ўзьнімаецца чорнай вежаю,
І шпілі пранізваюць неба сьнежнае,
На некалькі соцень умоўных мэтраў.

Там творы усіх, хто пазьбегнуў памяці,
Там вершы, узятые проста з розуму
Застрэляных, зьбітых, але няскораных,
Што могуць спакойна і годна спаці.

Там слоўнік даўно пазабытых слоў.
Там кнігі на згубленых мовах, зьнішчаных.
Над імі прывіднымі абліччамі
Карціны, якія ня ўбачаць зноў.

Я ведаю пэўна, прыйдзе аднойчы,
Той час, калі зьнікне усё навокал.
Я веру, схавана ад хцівых вокаў,
Зазьзяе яно на раўнінах поўначы.
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

Дзесь на ўсходзе, на захадзе,
Ці на поўдні, на поўначы
Ад усіх вас. Мо ў цэнтры
Бязьмежнай зямлі?
Ціхі казачны край, дзе
Не халодна, ня горача,
Не бясьпечна, ня роспачна,
Ні забавы, ні горычы,
Ды цьмяны агні.

На балотавых выспах
Стаяць хаткі драўляныя.
Стаіць кожная з краю,
І болей нідзе.
Гэта ўсё не наўмысна.
Проста зручна ды звыкла.
Проста багна зьбірае
Сваё па чарзе.

А там сьпяць у калысках.
На падлозе ці ложку,
Беспрасыпна ці трошкі
І ў дзень, і ў начы.
Гэта ўсё не наўмысна,
А спакойна. Карысна.
Проста скрозь сон ня чутна
Крыкаў, як не крычы.

Але як выпадкова
Хто прачнецца ад нечага,
То ўжо потым ніколі
Ня можа заснуць.
Ён сядзіць абяздолены,
Паліць сьвечку за сьвечкаю
Ды глядзіць, што за вокнамі.
Чакае зіму.

Каб завея сьцюдзёная
Адчыніла вароты.
Каб закула болоты
Ільдзяным дываном.
Невядома, урэшце,
Ім чакаць колькі дзён яшчэ,
Невядома, канечне,
Ці ня ёсьць гэта сном.

Яны мараць, што нехта
Лёгкім ўпэўненым крокам
Завітае калісьці,
І сядуць яны.
Будуць цешыцца гукам
Чалавечага голасу,
Так чаруюча блізкім
І такім незямным.

А зімы ўсё ня мае.
Ды з кожным сьвітаньнем,
Ды з кожным заходам,
Ды на працяг дня
Хаты зьнікаюць.
Вера зьнікае.
Край занядбаны.
А людзі ўсё сьпяць.
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

Мой боль надыходзіць звонку.
Трапляе ў аорты сэрца.
Напружвае кожны нерв, і
Мой голас сыходзіць ў крык.
І часам баліць так моцна,
Што мне насамрэч здаецца:
Няма больш крыві і венаў.
Цячэ толькі боль ўнутры.

І я прымушаю цела
Спыніць тэрмінова рухі.
Каб сэрца каменным стала,
І боль зачыніўся ў ім.
Тады я змагу зноў дыхаць,
І больш не адчуюць рукі,
Як скуру дзярэ аб сьцены.
А я не адчую дым.

Я звыкну да гэтых жахаў.
Забуду аб вечнай крыўдзе.
Я буду рабіць што трэба
І страху не адчуваць.
Але мне адно ўсё ж страшна:
А што, калі боль адыдзе,
І ўсё ва ўсіх стане добра,
Я больш не змагу кахаць?
#Zhubleny_Lichtaryk
#госць
#верш

Калісьці я марыў стаць птушкай зь вялікімі доўгімі крыламі колеру ночы.
Я б лётаў над лесам, над дахамі гораду, роўнай прасторай маёй Беларусі.
Глядзелі бы ўніз на пяшчоту жыцьця і блішчэлі наіўна дзіцячыя вочы.
Вакол бы луналі аблокі павольна і зоркі мігцелі б наперад па курсе.

Вось час надышоў, і ўздужалае пер'е нарэшце узьняла мяне у паветра,
Каб зьверху пабачыў руіны дамоў, дым атрутны над лесам, зламаныя лёсы.
Я доўга кружэў і адчайна шукаў некранутае, я спадзяваўся і верыў,
Маліўся, прасіў, заклікаў на ратунак, але адказалі маўчаньнем нябёсы.

Цяпер маёй марай стаць птушкаю з моцнаю, востраю дзюбай, каб твары зьнявечыць
Усім, хто адказны за гэтыя справы і тым, хто праходзіць маўкліва і міма.
Каб моцна крычаць, заклікаць за сабою, сьпяваць песьні аб недасяжным і вечным.
Каб рваць ланцугі, дыхаць поўнымі грудзямі, не заўважаць ні смуроду, ні дыму.

І я спадзяюся, на рэшце ўсіх рэштаў, забыцца на дзюбы выродлівы выступ,
Што зьнікне яна, і што дзецям даведзецца марыць аб крылах, ніколі аб іншым.
І чорныя пер'і за ўласнай сьпіною - адзіная памяць, адзіная выспа
Сярод каляровасьці Новага Сьвету.
На месцы пажарышч квітнець будуць вішні.
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

калі
кроў напаўняе нетры зямлі,
роднай, радзімай зямлі,
яна не расчыніцца ў чорнай вадзе,
а сягне крыніцы, ракою пайдзе.
подых апошні буранам падзьме.
паўстане зямля ў сваёй барацьбе.

закрытыя вочы ня бачаць нічога.
бога няма. але ёсьць падлога
ўтульная, мяккая, нібы пярына.
вітаю цябе. цяпер адпачынак.
чакай яшчэ трошкі.
ты не апошні.
нетры вялікія ў нашай зямлі.
яшчэ. бракуе. крыві.

але
час настане, праступіць сярод палей
чырвонымі ружамі боль людзей
нідзе
не схавацца чужацкім зграям.
вас падманулі. ня будзе рая.
калі хто спадзяецца на дараваньне,
то ведайце, каты:
аднойчы прыйдзе расплата.
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

Заснуць, не зважаючы на сьвітанак.
Прачнуцца, калі сонца ўжо пайшло.
Празрыстая лёгкасьць маіх фіранак
Надзейна захільвае шчыльны змрок.

За ёй не відаць ні імжы, ні сьцюжы,
Узоры вычварныя вабяць зрок.
За ёй не чуваць ні імшы, ні службы.
І мне так утульна. Па гэты бок.

Мне часам здаецца, навокал космас,
А я на прасторавым караблі
Лячу ў невядомасьць, лячу да зорак.
Далей ад людзей і усёй Зямлі.

Я бачу тады рэчаіснасьць нечым,
Падобным на казкі мінулых год.
Ніхто не штурхае цябе у плечы.
Ніхто не марудзіць твой шпаркі ход.

Ня ведаю, можа калі так будзе,
Што я абуджуся - а там сьвятло,
Паветра сьвежае ў поўных грудзях,
І па-над горадам сьпеў званоў.

Але неістотна ўсё насамрэч.
Бо покуль надзея яшчэ жыве,
Мы вольныя самі запальваць сьвечы,
Мы вольныя самі сьпяваць сабе.
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

Здараецца часам, ў бязлюдным, амаль што, вагоне
Прыхілішся да прахалоднага бруднага шкла.
І марыш аб вечным, і вецер твой розум адносіць,
Нібыта аблокі, кудысьці за межы акна.

І вось ты глядзіш на свой пункт прызначэння, наперад.
Ты мроіш, як там адшукаеш сабе новы дом.
Звычайная, звыклая мроя, як сотні дагэтуль,
Што ноччу гараць і дашчэнту знішчаюцца днём.

А потым ўсе думкі займаюць былыя падзеі,
І скаргі, што знікла ўсё гэтае ўжо назаўжды.
Сярод безвыходнай самоты - ніводнай надзеі.
А потым праходзіць і гэта - і зноў ты сядзіш

У полупустым ледзь асвечаным старым вагоне.
Прыхіліўся да прахалоднага бруднага шкла.
І лічыш слупы, што цябе адлучаюць ад дома.
І лічыш, бясконцасць - яшчэ не зашмат.

2019
#верш #пераклад
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

Пераклад
Marcin Przybyłowicz - Lullaby of Woe

У лесе ваўкі сьняць дзіўны сон.
Іх не турбуе ціхі стогн.
І толькі адна ты чамусь ня сьпіш
Ды водзіш вачыма з акенка на крыж.

Глядзі, твая лялька ўжо заснула,
Не пакідай яе тут адну,

Каб ня скраў яе страшны стары вядзьмар,
Ня трэба глядзець яму ў твар.
Ён прыдзе ноччу,
Зірне у вочы,
І вып'е зь іх жыцьцё.
Вып'е жыцьцё.

Птушкі замоўклі, як зьнікла сьвятло.
Кожны, хто мог, вярнуўся дамоў.
І толькі адна ты чамусь ня сьпіш
Ды водзіш вачыма з акенка на крыж.

Калі ласка, хутчэй заплюшчы вочы,
Будзь ціхай, слухмянай, бо прыдзе аднойчы

Да прыгожай цябе жахлівы вядзьмар,
Ня трэба глядзець яму ў твар.
Ён каб сагрэцца
Зьясі тваё сэрца,
І пойдзе далей.
Пойдзе далей.
#верш
#госць
#Zhubleny_Lichtaryk

Засынай, дзень мінуў, і ўжо неўзабаве
Прыйдзе новы. Ці чуеш ты стрэлак рух?
Можа быць, ён нарэсьце цябе пазбавіць
Невыноснага болю сумленьня мук.

Засынай, пастарайся ачысьціць розум
Ад усіх невясёлых былых падзей.
Засынай, павярніся зручнейшай позай,
Ды ня думай пра тое, хто як і дзе.

Ды ня думай, як потым глядзець у вочы
Самым лепшым і самым яскравым з нас.
Гэта ўсё - не пытаньні апошняй ночы.
Гэта толькі набор рытарычных фраз.

Засынай, заўтра з раніцы трэба будзе
Зноў змагацца, каб думаць і жыць самім.
Можа быць, гэта ўсё не патрэбна людзям.
Можа быць, і ня людзі яны зусім,

А істоты без твараў і без імёнаў,
Што бязвольна прымаюць свой сумны лёс.
Я ня чуў іхны сьмех. І ня чуў праклёнаў.
І ня чуў іхных скаргаў на гэта ўсё.

Яны толькі маўчаць, і у тым маўчаньні
Не пачуць нашых крыкаў, ня варта сіл.
Засынай, там у мроях цябе спаткаюць
Усе тыя, каго паважаў, любіў.

Не скажу, што над намі згусьцілася цемра:
Тут ніколі яшчэ не было сьвятла.
Але ўсё ж засынай. І аднойчы, пэўна,
Ты прачнесься ў краіне з уласных мар.

2021, 25 сакавіка