Новы свет 🌞
675 subscribers
650 photos
12 videos
2 files
544 links
Інфа: https://t.me/masvet_by/7

Мы суполка людзей, што ствараюць будучыню мастацтва роднай зямлі.

Мы пісьменнікі, паэты, перакладнікі, мастакі, музыкі, спевакі, рамеснікі. І мы любім беларускае мастацтва!

Падтрымка & публікацыя: @masvet_by_bot
Download Telegram
#верш
#Хросная

І дзякуй богу, што іх не было
Спатканняў, пацалункаў і прызнанняў
Бо ў сэрцы хутка дагараць дазвання
І дзякуй богу, што іх не было.

І дзякуй богу, што яно прайшло
Каханне. быццам страшная хвароба
Што сэрца жрэ і разарве вантробы
І дзякуй богу, што іх не было.

Спатканняў,
         пацалункаў
                 і прызнанняў...
#верш
#Хросная

На
адным
слупе
людзі
змайстравалі
металічную аснову
для буслянкі.

А буслы
прылятаюць
вясной
І майструюць гнёзды
ужо
на іншых слупах
быццам бы металічная аснова
увап'ецца ў
жывое цела
буслянкі
і высмакча
кроў.


Ці проста буслы
хочуць быць
вольнымі
нават
у гэтым.
#верш
#Хросная
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
І болей не гляджу ўжо самотна
Калі вясна ахутвае зямлю
І сэрца б'ецца нібыта палётна
І мроі апускаюцца ў раллю
Калі вясна ахутвае зямлю
Сабе я падаюся бессмяротнай
#верш
#Хросная

Страшны век нам трушчыць косці
Божа, барані!
Як жа думаць, ягамосці
аб наступным дні?
Страшны век - згуляе хеўрай
Сон то ці не сон
Не спявае песень крэўных
калакольны звон
Песні - птушкі, ззяе сонца
як у кожны час
Можа, будзе й нам аконца
як было да нас?
Хай жа ўецца завіруха
доўга ёй не быць
І за шчасцем, і за скрухай
жылі й будзем жыць
За зімой прыйдзе адліга
так было заўжды
Так расказвалі нам кнігі
доўгія гады
І тады, тады растаюць
чорныя снягі
Песня, думка акрыяе
згубіць берагі
Хай не з золата і срэбра
Ды жыве ж, жыве
І застанецца ў рэбрах
нават у дрыгве
Паляціць яна далёка
ды ў вольны свет
Не пашкодзяць ёй аблокі
плётак і прыкмет
Яна ўзнімаецца высока
На сівы прастор
І ўсюды, кінеш вокам
будзе ёй узор
Хай жа танчыць завіруха
доўга ёй не быць
І за шчасцем, і за скрухай
жылі й будзем жыць
#верш
#Хросная

Што такое дом?
Будаўнічая канструкцыя?
Разумовая абстракцыя?

Аперацыйна-белы вакуум
Які трэба называць домам
па факце прапіскі

"ириски и риски"
...

Сцены інтэрнацкага пакоя
Абрастаюць мохам
малюнкаў і постэраў
каб быць звёрнутымі
і складзенымі ў торбы
з прозвішчам. і няправільна
напісаным нумарам пакоя
у якім я жыла два гады

Ён ужо таксама
выглядае
аперацыйным
пасля ўборкі

Новы пакой. У які ўрываешся
як у бурбалку. і сутыкаешся
з тым, што цябе адкідвае назад
сілай абарончага поля
наладжанага быта
тутэйшых гаспадынь
іх занятых паліц і размоў
пра адносіны
з супрацьлеглым
полам.
(супрацьлеглым у сэнсе
раён на раён
сценка на сценку)

((гетэра сапраўды
трэба забараніць))

Цябе быццам зносіць назад
вузказцю міжложкавай
прасторы,
замураванымі ў сценах
шафамі
і сталом над ложкам

І ты са сваім наборам
рэчаў і звычак
проста чакаеш
Калі цябе змые
прыліўной хваляй
адсутнасці ўключэння
ў дадзены хранатоп



Пералічваеш ва ўспамінах
Сувой розных пакояў
і думаеш
Што такое дом?
#верш
#Хросная

У палацы светлым, залатым
Памірала гожая багіня
Дні яе сыходзілі, як дым
У палацы светлым, залатым
Тонкія абрысы ціхіх ліній
І сляза бурштынамі застыне
Быццам бы лілея на карціне
У палацы светлым, залатым
Памірала гожая багіня.

У палацы светлым, залатым
Там царква з'ядала яе сілу
Дні яе сыходзілі як дым
У палацы светлым, залатым
Самы час для вогнішча і вілаў
Косы ёй абрэзалі і крылы
Дабрынёю выцягнулі жылы
У палацы светлым, залатым

Быццам бы лілея на карціне
У палацы светлым, залатым
Памірала гожая багіня
#верш
#Хросная

Калі шмат думаць
- можна дадумацца
Дваіцца
Траіцца
Чацвярыцца
Жрыца ці Жніца?
Пераварыцца
Перасварыцца з сабою

Тое, што ў галаве
Падзялі на дзве
сябе

Ножанькі-ножкі
Абыйшлі дарожкі
Прыдумалі словы
Ды ілжывай мовы

Калі шмат думаць
Можна дадумацца
Дадыміцца

Вадзіца-сястрыца
Дай мне напіцца
Каб бачыць уночы
Каб бачыць уранку
з'ядаці маланку
ў галаве

Тое, што ў галаве
Падзялі на дзве
сябе
#верш
#Хросная

Мне імя - жанчына
Сплецена з туманоў
Мне імя - жанчына
Быццам апантана
Мне імя - жанчына
- Чорныя разоры
Мне імя - жанчына
Чырванню ўзораў
Мне імя - жанчына
Раненая й раню
Мне імя - жанчына
Але сонца ўстане
Мне імя - жанчына
Мохам і балотам
"Мне імя - жанчына" -
Палыном, чаротам...
Мне імя - жанчына
Моц зубоў - жалеза
Мне імя - жанчына
Вершамі прарэжу
"Мне імя - жанчына"
Воцатам і срэбрам
"Мне імя - жанчына"
- Раз'ядае рэбры
#верш
#Хросная
(верш для яшчэ не дапісанай п'есы)

Жанчына:
А з сабою я удавачку 
Панясу 
На маю, ой на дзявочую 
На красу 

Панясу яе праз поле
І сад
А каханак мой не гляне
Назад 

Будзе мая шыйка
балець 
Аж пакуль не стане моцы 
Цярпець 

Падарыў ён мне ўдавачку 
Падарыў 
А сам з міленькай гуляе 
У двары 

Чорны бровы, сіні вочы
У яе
Толькі ёй маёй удавачкі
Не стае 

Распляце яе касу 
Як і мне 
Свае слёзы прынясу 
Ува сне 

Буду доўга-доўга з ёй 
Гаварыць 
І скажу я ёй нажа
Навастрыць 

А дзяўчына не пачуе
Ой, мяне 
І падлюку, і зладзея 
Не кране 

Будзе яе шыйка
балець 
Аж пакуль не стане моцы
Цярпець 

І падарыць ён удавачку 
Ой, і ёй
Узрасце яе магілачка 
Ля маёй