Суполка беларускіх пісьменнікаў
949 subscribers
4.2K photos
3 videos
1 file
1.44K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
***
Кожны з маленства злучаны выракам,
А потым крывёю аплочвае чыншы.
На Беларусі зрабіцца лірыкам
Куды лягчэй, як чым-небудзь іншым.

Вагон прарываецца рыбай праз нерат,
Бярозы галлём быццам б'юцца а шыбы,
І так мая лірыка рвецца наперад,
Як гэтая самая ў нераце рыба.

...З маленства з нас кожны злучаны выракам
І плоціць за вырак багатыя чыншы...
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй, як іншым.

Юлі Таўбін

#раптамверш
⭐️ “Час знешняй адсутнасці”

Працягваем знаёміць вас з водгукамі і рэзэнзіямі на кніжныя навінкі, што акумулюе партал “Новыя беларускія кнігі”.🔥

Сёння гэта водгукі адразу некалькіх аўтраў на кнігу паэткі і перакладчыцы Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці”.👍

👉 чытаць тут

#лонгрыд
Па дарозе ў Ялізава

Бярэзіна зірне, мільгне дуброва,
І праплывуць сасновыя бары.
Кассё прыхлыне пахам чабаровым,
антонаўкамі стрэнуць Сталяры.
Усе гады я вам была аданай,
настаўнікі мае – лясы, палі!
Прасветленай рамонкавай палянай
лікуй, душа мая, душа мая, балі…
І не надыхацца мне тут, не надзівіцца, —
займае дых пяшчотаю бяроз,
спляліся над марудлівай крыніцай
арэшына і сціплы вербалоз.
Тут рэха слоў, якім вучыла маці,
гучыць у назвах, спеве збажыны.
І радасці дзіцячай не стрымаць мне –
вартуюць луг рабыя бацяны.


Людміла Паўлікава


#вершдня
💡У беларускай мове ёсць процьма цікавых слоўцаў, якія да ўсяго, з'яўляюцца безэквівалентнымі.
Бярыце іх на ўзбраенне, і вашая мова стане багацейшай! 🔥

❗️Флянс (флянц)
❗️

Гэтак называецца адзінка расады ці саджанец. 🧐

1. Чаму у флянсах у васпана сляды быдлячыя? - (дзядзька) пытае, а сам так скрыва паглядае, насупіў твар і зрушыў бровы. Я. Колас

2. Раслося флянцам і парасткам. Р. Барадулін

#гаворка
📙 “Сабака Мані” - кніга пра грошы для дзяцей

Самая вядомая ў свеце дзіцячая кніга пра грошы вышла па-беларуску. Пераклад на беларускую мову Ігар Крэбс. Дызайн вокладкі - Святлана Міхалап.

Сабака Мані і Кіра раскажуць, як: правільна размяркоўваць грошы, як пазбавіцца ад даўгоў, як дасягнуць дабрабыту, нават калі цяпер з грашыма пакуль не ўсё добра і пра многае іншае.🔥

👉 У кнігарні «Параграф 45» (Мінск, вул. Леаніда Бяды, 45) да 8 ліпеня можна набыць кнігу са зніжкай 15% за 19,70 byn.👍

👉 дэталі тут

#палічка
📚 Кнігі Арлова, Кучмель і Янкуты - навіны выдавецтваў

Негледзячы на летнія вакацыі, беларускія выдавецкія ініцыятывы працягваюць працу над новымі праектамі.👍

Так фонд “Камунікат” днямі паведамў аб працы над новым аўдыёпраектам разам з Уладзімерам Арловым, які агучвае ўласную кнігу “Незалежнасць - гэта…”. Кніга выбраных эсэ пісьменніка ў аўтарскім выканнні мае выйсці ў пачатку восені.🔥

Яшчэ адной навіной з чытачамі падзялілася выдавецтва “Пфляўмбаўм”, што спецыялізуецца на выданні кніг пісьменніц-жанчын. У друк пайшла новая кніга вершаў паэткі Наталлі Кучмель, якой сёлета споўнілася 60 гадоў.👍

Таксама выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад у канцы ліпеня працягу дзіцячай гісторыі пра ката Шпрота ад Ганны Янкуты.👍

#навіны
📅 Купалле

35 гадоў таму 6 ліпеня 1989 г. грамадскае аб’яднанне “Талака” зладзіла ў Заслаўі першае святкаванне страдаўняга народнага свята Купалле, што было “адмененае” і не праводзілася ў савецкі час.


***
Летняя ночка купальная
Яснай растаяла знiчкаю.
Падаюць зоры свiтальныя
Ў чыстыя воды крынiчныя.
Ой ты, дзяўчыначка мiлая,
Як жа ты свет упрыгожыла.
Ластаўка ты, сiзакрылая
Лёгкi мой сон растрывожыла.

Ты мне вясною прыснiлася
Неразгаданымi чарамi,
Сэрца парыўна забiлася
Лёгкiмi крыламi-марамi.
Пэўна цябе, ненаглядная,
Стрэў я часiнаю ўдалаю.
Ты ж мая доля спагадная
I не шкадую нямала я.


Міхась Шушкевіч

#угэтыдзень
⭐️Макс Шчур. Гудбай, Belle epoque

Лонгрыд ад “Літрадыё” - урывак з новага раману Макса Шчура.

Даведка:
Макс Шчур — паэт, перакладчык, празаік. Нарадзіўся 5 снежня 1977 г. у Берасці. Выдаў сем кніг вершаў і шэсць кніг прозы, за адну з якіх — раман “Завяршыць гештальт” (2015) — атрымаў Прэмію Гедройца. Пераклаў на беларускую мову “Алесіны прыгоды ў Цудазем’і” і “На тым баку Люстра” Льюіса Кэрала (2016) і іншыя творы сусветнай літаратуры, пераважна паэзіі.

👉 чытаць тут

#лонгрыд
Лясы наддзвінскія


Лясы наддзвінскія, лясы!
Не знаю большае красы,

Як ваш убор і гонкі стан,
Як ваш зялёны акіян!

Шуміць, шуміць чароўны спеў
Зялёным верхавіннем дрэў...

Яшчэ калі ў калысцы быў,
Ваш гул таемны палюбіў.

Пад сіні бляск далёкіх зор
Спяваў мне калыханкі бор.

Я помню мой далёкі час,
Як гадаваўся сярод вас!

Лясы наддзвінскія, лясы!
Прайшлі дзіцячыя часы —

І над маёю галавой
Прамчаў гадоў крылаты рой

І скроні выбеліў мае,
Як снег вяршаліны твае.

Хоць многа часу перайшло,—
Здаецца, ўчора ўсё было.


(урывак)

Пятрусь Броўка

#раптамверш
⭐️ «Дарагой маёй жонцы, сонейку майму яснаму...» - пра каханне Уладзіміра Караткевіча

Прапануем да чытання артыкул пра гісторыю кахання і цёплыя адносіны Уладзіміра Караткевіча з жонкай Валянцінай Нікіцінай:
“…яна ўпершыню сустрэлася з Караткевічам у цягніку Масква — Брэст, дзе яны апынуліся ў адным купэ. Валянціна чытала дэтэктыў на польскай мове, і гэта зацікавіла Уладзіміра. Так распачалася гаворка, у тым ліку і пра аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» як адзін з цікавых для яе твораў беларускай літаратуры. Гэта было 2 лістапада 1967 года, а Караткевіч ехаў у Брэсцкі педагагічны інстытут на арганізаваную Уладзімірам Калеснікам студэнцкую канферэнцыю…”

👉 цалкам тут

#лонгрыд
Прыказка на кожны дзень

Абыйдзецца без марцыпанаў цыганскае вясельле.😊
(гэтак іранічна гавораць пра таго (тое), хто не заслугоўвае асаблівай пашаны ці ласкі).

#прыказка
⭐️ “Літаратура павінна праявіць крыштальную праўдзівасць і шчырасць” - гутарка з Быкавым

Працягваем знаёміць вас з матэрыяламі да 100-годдзя Васіля Быкава. І на гэты раз прапануем артыкул з “Літаратурнай Беларусі” - гэта гутарка з серыі «Рабочы стол пісьменніка», што адбылася 60 гадоў таму. Гутарка празаіка Васіля БЫКАВА перад самым зенітам ягонай творчай славы — і паэта, загадчыка літаддзела штотыднёвіка «Літаратура і Мастацтва» Анатоля ВЯРЦІНСКАГА. Гутарка на той час ужо сяброў у творчасці і жыцці.👍

👉 чытаць тут

#лонгрыд
* * *

Гэты пакойчык анёл нам распіша
фарбамі нейкага яснага дня...
Ты чуеш, якая нябесная ціша,
якая, нязнаная людству, плыве цішыня.

І мы забываем пра тлум і знямогу
ў палоне дасюль невядомага нам пачуцця,
нібы дзесь высока расказваем Богу
урыўкі з яшчэ недапісанай кнігі Быцця.


Раіса Баравікова

#раптамверш
⭐️ Літаратурная сустрэча з Настай Кудасавай і Дар'яй Бялькевіч

9-13 ліпеня ў Любёнжы каля Уроцлава адбудзецца фестываль Slot Art Festival.

На фестывалі пройдуць дзясяткі імпрэз, прадстаўляючы розныя сферы мастацтва і сацыяльнага жыцця — тэатр, музыку, кіно, псіхалогію, экалогію і літаратуру.🔥

Пра развіццё літаратуры і мовы ў Беларусі і па-за яе межамі паразважаюць Наста Кудасава і Дар'я Бялькевіч. 👍

❗️12 ліпеня (пятніца), 13.00, літаратурная сцэна (Solarpunk / Ecopoetics). Уваход на фэст па квітках.

#анонс
📙 "Без Айчыны"

Новая кніга паэзіі Уладзіміра Някляева з такой назвай выйшла ў 78-ы дзень ягоных народзінаў. 🔥

У кнігу ўвайшлі творы апошніх гадоў.👍

Віншуем аўтара з днём нараджэння, а чытачоў з добрай кнігай!💐💐💐

САНЭТ


Жывеш скрозь болі, роспачы, знямогі,
Каб прачытаць урэшце ў кнізе вед:
“Убогі свет, калі народ убогі,
Народ убогі, калі ўбогі свет”.

І не змяніць закон спрадвечна строгі,
Як не змяніць рух зорак і планет,
І хоць на небе абівай парогі –
Такі ж закон і той жа запавет.

І калі ўжо нідзе няма збавення,
Калі, як смецце, свет цябе грабе,
Са свету выйдзі – і ўвайдзі ў сябе,
Як у адзіны дом твой на зямлі,
І пасялі ў ім гонар і сумленне,
Якія, як бяздомныя, жылі.

#навіны
⭐️ РАКУЦЁЎСКАЕ ЛЕТА

"Фальварак Ракуцёўшчына" (Мінская вобласць, Маладзечанскі раён, в.Ракуцёўшчына) запрашае 27 ліпеня а 16-ай на літаратурнае свята.👍

Ракуцёўшчына, невялічкая вёсачка каля Маладзечна стала месцам натхнення для Максіма Багдановіча. Творчым наробкам сталіся два цыклы вершаў і паэмы, што сталі падмуркам для зборніка вершаў “Вянок”.🔥

У праграме свята:
☀️прывітальная імпрэза каля памятных камянёў з ускладаннем кветак;
☀️сустрэчы з беларускімі літаратарамі, музыкамі, мастакамі;
☀️экскурсіі і квэсты;
☀️гульні, майстар-класы, разыгранкі і шмат іншых цікавостак.

❗️Уваход вольны.

👉 Даведкі: + 375 17 363 07 61, + 375 17 355 22 95.

#анонс
📙 "Паліяна" па-беларуску ўжо ў продажы

Пераклад дзіцячага бестсэлера Элінор Х. Потэр “Паліяна” на тыдні з'явіўся ў кніжных крамах.👍

«Паліяна» – адна з самых вядомых сучасных дзіцячых кніг у свеце. Гэта гісторыя пра маленькую дзяўчынку, якая ўмее знаходзіць, чаму парадавацца ў любых абставінах. Пасля смерці бацькоў адзінаццацігадовую Паліяну з пачуцця абавязку бярэ да сябе яе цётка. Паліяна вучыць усіх навокал “гуляць у радасць” так, што ўвесь горад перамяняецца і нават самыя зласлівыя і няшчасныя людзі пачынаюць зноў радавацца жыццю.🔥

Пераклад Францішак Корзун, малюнкі - Дар'я Заяц.👍

👉 Купіць навінку ўжо цяпер можна ў сталічнай “Акадэмкнізе” і “Параграф 45”.

#палічка
Памерла чэшская беларусістка Францішка Сокалава

На 86-ым годзе жыцця ў Празе памерла дачка чэскага дысідэнта Яна Патачкі даследчыца старадрукаў Францішка Сокалава.

Беларусь абавязаная ёй многімі адкрыццямі звязанымі з дзейнасцю Францішка Скарыны і Пятра Мсціслаўца, якія яна зрабіла працуючы ў Славянскай бібліятэцы ў Празе.

Таксама зацікавіўшыся беларушчынай яна пераклала на чэшскую мову асобныя творы Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова, Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава.

#навіны
Кніга Алексіевіч трапіла ў Toп–100 кніг XXI ст. па версіі The New York Times

У рэйтынгу найбольш важных кніг эпохі апынулася і кніга беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». 👍

Твор у класічным для аўтаркі жанры нон-фікшн выйшаў у 2013 г. і расказвае пра феномен савецкага «чырвонага чалавека» як прадукта СССР.

У 2019 г. кніга «Час сэканд-хэнд» заняла трэцяе месца ў топ-100 найлепшых твораў XXI ст., складзеным брытанскім выданнем The Guardian.🔥

#навіны