Суполка беларускіх пісьменнікаў
949 subscribers
4.2K photos
3 videos
1 file
1.44K links
Навіны і гісторыя, тэксты, цікавосткі, кніжныя навінкі, крытыка.
Download Telegram
⭐️ “Вялікае княства паэзіі”

У Сэйнах і Краснагрудзе (Польшча) 28—30 чэрвеня пройдзе паэтычны фестываль “Вялікае княства паэзіі”. Мерапрыемства пройдзе з удзелам творцаў і даследчыкаў з Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны.👍

Беларусь прадставяць Андрэй Хадановіч і Сяргей Шупа. 🔥🔥🔥

👉 Поўны расклад імпрэзаў фестывалю тут

#анонс
⭐️ Саша Філіпенка атрымаў швейцарскую прэмію

Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка стаў уладальнікам галоўнага прыза Прэміі швейцарскага таварыства абароны аўтарскіх правоў ProLitteris, якая ўручаецца штогод за дасягненні ў літаратуры і мастацтве. 👍

Журы (у склад якога ўвайшлі французскі пісьменнік і перакладчык Валянцін Дэкап, паэтка і пісьменніца Марына Скалава і швейцарскі літаратар Пітэр Стам) у сваім абгрунтаванні падкрэсліла ўменне беларускага пісьменніка ў творах «пераплавіць гнятлівыя абставіны ў моцныя метафары, каб зрабіць адчувальнай абсурднасць палітычных і экзістэнцыяльных сітуацый». 🧐

#навіны
📅 90 гадоў з дня нараджэння Віктара Карамазава

Пісьменнік Віктар Карамазаў нарадзіўся 27 чэрвеня 1934, Чэрыкаў, Магілёўская вобласць — памёр 16 жніўня 2023 г.
📌 Нарадзіўся ў Чэрыкаве Магілёўская вобл. у сям’і настаўніка.
📌 В. Карамазаў — прадстаўнік «філалагічнага пакалення» ў беларускай літаратуры. Пасля заканчэння ў 1958 г. аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта працаваў журналістам раённых газет. З 1964 г. літсупрацоўнік у газеце «Звязда» — пазней - загадчык аддзелаў у “ЛіМе”, “Полымі”.
📌 Дэбютаваў у 1958 г. Аўтар кніг прозы: «Падранак» (1968), «Па талым снезе» (1973), «Спіраль» (1974), «Дзень Барыса і Глеба» (1981), «Дзяльба кабанчыка» (1988) і інш.
📌 Аўтар кніг прысвечаных жыццю і творчасці беларускіх і расійскіх мастакоў В. К. Бялыніцкага-Бірулі, С. Ю. Жукоўскага, Г. Х. Вашчанка, А. С. Бархаткова, М. В. Неўрава.

#угэтыдзень
📅 115 гадоў таму нарадзіўся Сяргей Знаёмы

Пісьменік Сяргей Знаёмы (сапр. Сяргей Дзмітрыевіч Клопаў) нарадзіўся 27 чэрвеня 1909, в. Звонь, Лепельскі павет, Віцебская губерня — памёр пасля 20 студзеня 1944.
📌 Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Падлеткам працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы «Чырвоная Бярэзіна» ў Нова-Барысаве.
📌 З 1930 вучыўся ў БДУ, працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе ў Барысаве. Скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута.
📌 Арыштаваны НКУС у 1936 г., апынуўся ў калымскіх лагерах, дакладны лёс невядомы.
📌 Дэбютаваў у друку вершам «Мая вясна» у 1929 г. Як пісьменнік найбольш сцвердзіў сябе ў жанры публіцыстыкі і прозы. Аўтар кнігі падарожных нататак «Відагоршчы» (1930), зборнікаў нарысаў «Дом № 31» (1930), «За дамбаю» (1931), «Лес гарыць» (1932), аповесцяў «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1935).

#угэтыдзень
⭐️ Творчыя рэзідэнцыі для перакладчыкаў і пісьменнікаў

Да ўвагі літаратараў, што працуюць над перакладамі з літоўскай і над кнігамі для дзяцей - Vilnius UNESCO City of Literature разам з Эстонскім цэнтрам дзіцячай літаратуры запрашаюць у свае творчыя рэзідэнцыі.

Арганізатары прапануюць удзельнікам пражыванне і стыпендыі.👍

❗️Дэдлайны ужо хутка - спяшайцеся падаць заяку!

👉 Дэталі, тэрміны і небходныя формы падачы заявак тут

#навіны
⭐️ Выдавецтва “Янушкевіч” плануе заняцца выданнем перакладаў Борхеса

На старонцы выдавецтва ў сацсетках з’явілася паведамленне пра тое, што “Янушкевіч” атрымаў правы на выданне па-беларуску чатырох найважнейных зборнікаў твораў Борхеса:
FICCIONES (Фікцыі), EL ALEPH (Алеф), EL INFORME DE BRODIE (Паведамленне Броўдзі), EL LIBRO DE ARENA (Кніга пяску).👍

Калі планы спраўдзяцца, то 2025 год у выдавецтва пройдзе пад знакам Хорхе Луіса Борхеса - вялікага аргенцінскага пісьменніка, майстра інтэлектуальнай літаратуры XX стагоддзя.🔥

Перакладчыкам выступіць Сяргей Шупа, лаўрэат Прэміі Карласа Шэрмана.👍

#навіны
📙 «Гульні Цырцэі» - новая кніга Змітра Дзядзенкі

Падзеі дэтэктыўнай аповесці адбываюцца ў Оршы 1920-ых гг. дзе калейдаскапічна змяняюцца ўлады і падзеі: немцы, паўстанне левых эсэраў, дзейнасць ЧК, атрады зялёных і дэзерціраў… У дзяцей — свой, паралельны свет. Тут узнікае асобная дзіцячая дзяржава. І гэта не проста каралеўства, а імперыя з калоніямі. Тут ладзяць кірмашы і плоцяць заробкі. Гэтая дзяржава вядзе войны з сумежнымі тэрыторыямі і часам заваёўвае іх… 🔥

❗️Кніга выйдзе неўзабаве ў бібліятэчцы “Камуніката”.

Даведка:
Зміцер Дзядзенка нарадзіўся ў Оршы ў 1972 г. Скончыў філалагічны факультэт БДУ, працаваў рэдактарам на БТ і журналістам у "НН". Піша вершы і прозу. Аўтар кніг: «Гісторыі ў прыцемках», «Вялікая пралетарская сэксуальная рэвалюцыя», гістарычны дэтэктыў «Ордэн Прамяністых».

#анонс
Яшчарка

Бы хтосьці заўзята
пацягнуў за нябачную нітку
вераценца рудое:

перабегла дарожку
і знікла ў атаўцы
неспадзяваная яшчарка!

І хоць бы познак які там
пра жывую прысутнасць яе,
хоць бы зеллейкавы ўскалых!

Тут была – тут няма…

…Як па адлёце душа:
ненаяўная толькі таму,
што няўгледная..

Ніна Мацяш

#раптамверш
⭐️ Васілёва дарога

Працягваем знаёміць вас з матэрыяламі, што выйшлі да 100-годдзя з дня нараджэння Васіля Быкава. 👍

На гэты раз прапануем да чытання ўспаміны сястры пісьменніка Валянціны Быкавай пра сям’ю і брата са старонак “Літаратурнай Беларусі”:

“З чацвёртага класа Васіль вёў дзённік, запісваў усё. Неяк, калі брата не было дома, я знайшла тыя запісы (была надта цікаўная), і мы з сяброўкай пачалі чытаць. Мы знайшлі запіс пра тое, як Васілю спадабалася адна дзяўчынка-аднакласніца. Мы вылічылі па літарах — К. Н. Пазней прызналіся Васілю, і ён нас не лаяў, а толькі паглядзеў так сурова, што мы спужаліся і схаваліся на печы…”

👉 чытаць цалкам

#лонгрыд
⭐️ Вызначэнне невызначальнага. Валянцін Акудовіч думае Беларусь.

Прапануем вам тэкст Валянціна Акудовіча, што нядаўна быў апублікаваны на пляцоўцы “Літрадыё”:

“Адна з маіх ранейшых кніг мае назву “Прачнуцца ранкам у сваёй краіне”. Пачынаецца яна з наступных словаў:
“Прачнуцца ранкам у сваёй краіне і ўсцешана падумаць, што у цябе ёсць свая краіна”.
Я меў ужо амаль сорак год, калі здарылася Беларусь. І толькі пасля таго, як яна здарылася, зразумеў, што да гэтага, па сутнасці, жыў нідзе і, калі заўгодна, жыў як ніхто.”
👍

👉 цалкам тэкст

#лонгрыд
⭐️ Вастрыня адзіноты

Эсэ літаратурнага крытыка Ціхана Чарнякевіча пра творчасць Васіля Быкава.

“Адзінота — гэта заўсёды спадзяванне, чаканне на добрую вестку.
У Быкава рэтраспектыўнасць, унутраныя маналогі персанажаў падкрэсліваюць іх адзіноту, нязлітнасць адно з адным, разасобленасць — навідавоку індывідуальнасць кожнага героя, не спалучаная і неспалучальная з чужым досведам…”


👉 цалкам тут

#лонгрыд
***
Вы без мяне ляцiце, самалёты.
Вы без мяне iмчыце, цягнiкi.
...Любоў мая, ты песня, i маркота,
I спелы бор, i вольны гон ракi.
Балючы век. Надвор'я перамена:
Яшчэ лiсток не ўпаў – а снегапад.
Ды скрыпачка з дзесятага калена
Пяе ў душы на блаславёны лад.
Усё вастрэй – раднi маёй прагалы,
Агеньчык дрогкi з мамiных акон.
Ды зазвiняць вясельныя цымбалы
I жаркiм вокам гляне у сэрца конь.
Пяе вiхор, пяе лiсток апалы,
Пяе зямля курганняў i удоў.
Любоў мая, ты скрыпка i цымбалы,
I шаргункi – над грывамi гадоў.


Яўгенія Янішчыц


#раптамверш
Прыказка на кожны дзень

Багаты Хадот: сабака ды кот.😊

#прыказка
📙 "Reportaż poetycki” - новая кніга Дзмітрыя Строцава

Выдавецтва KEW (Kolegium Europy Wschodniej) выдала зборнік вершаў паэта Дзмітрыя Строцава з назвай “Reportaż poetycki” (Паэтычны рэпартаж). 🔥

Тэксты ў кнізе пададзеныя паралельна: арыгіналы па-расейску і пераклады на польскую мову.👍

#палічка
📘 “Скрадальнік лекаў” Гагар Янай - па-беларуску

Выдавецтва “Логвінаў” пры падтрымцы амбасады Ізраіля выпусціла кнігу фэнтэзі пісьменніцы Гагар Янай “Скрадальнік лекаў” - першую кнігу з серыі “Левіятан з Вавілоніі”. 🔥

Пераклаў твор на беларускую мову Павал Касцюкевіч. 👍

👉 Водгук на кнігу тут

#палічка
***
Кожны з маленства злучаны выракам,
А потым крывёю аплочвае чыншы.
На Беларусі зрабіцца лірыкам
Куды лягчэй, як чым-небудзь іншым.

Вагон прарываецца рыбай праз нерат,
Бярозы галлём быццам б'юцца а шыбы,
І так мая лірыка рвецца наперад,
Як гэтая самая ў нераце рыба.

...З маленства з нас кожны злучаны выракам
І плоціць за вырак багатыя чыншы...
Гавораць, што жыць лірыкам,
Магчыма, цяжэй, як іншым.

Юлі Таўбін

#раптамверш
⭐️ “Час знешняй адсутнасці”

Працягваем знаёміць вас з водгукамі і рэзэнзіямі на кніжныя навінкі, што акумулюе партал “Новыя беларускія кнігі”.🔥

Сёння гэта водгукі адразу некалькіх аўтраў на кнігу паэткі і перакладчыцы Аксаны Данільчык “Час знешняй адсутнасці”.👍

👉 чытаць тут

#лонгрыд
Па дарозе ў Ялізава

Бярэзіна зірне, мільгне дуброва,
І праплывуць сасновыя бары.
Кассё прыхлыне пахам чабаровым,
антонаўкамі стрэнуць Сталяры.
Усе гады я вам была аданай,
настаўнікі мае – лясы, палі!
Прасветленай рамонкавай палянай
лікуй, душа мая, душа мая, балі…
І не надыхацца мне тут, не надзівіцца, —
займае дых пяшчотаю бяроз,
спляліся над марудлівай крыніцай
арэшына і сціплы вербалоз.
Тут рэха слоў, якім вучыла маці,
гучыць у назвах, спеве збажыны.
І радасці дзіцячай не стрымаць мне –
вартуюць луг рабыя бацяны.


Людміла Паўлікава


#вершдня
💡У беларускай мове ёсць процьма цікавых слоўцаў, якія да ўсяго, з'яўляюцца безэквівалентнымі.
Бярыце іх на ўзбраенне, і вашая мова стане багацейшай! 🔥

❗️Флянс (флянц)
❗️

Гэтак называецца адзінка расады ці саджанец. 🧐

1. Чаму у флянсах у васпана сляды быдлячыя? - (дзядзька) пытае, а сам так скрыва паглядае, насупіў твар і зрушыў бровы. Я. Колас

2. Раслося флянцам і парасткам. Р. Барадулін

#гаворка
📙 “Сабака Мані” - кніга пра грошы для дзяцей

Самая вядомая ў свеце дзіцячая кніга пра грошы вышла па-беларуску. Пераклад на беларускую мову Ігар Крэбс. Дызайн вокладкі - Святлана Міхалап.

Сабака Мані і Кіра раскажуць, як: правільна размяркоўваць грошы, як пазбавіцца ад даўгоў, як дасягнуць дабрабыту, нават калі цяпер з грашыма пакуль не ўсё добра і пра многае іншае.🔥

👉 У кнігарні «Параграф 45» (Мінск, вул. Леаніда Бяды, 45) да 8 ліпеня можна набыць кнігу са зніжкай 15% за 19,70 byn.👍

👉 дэталі тут

#палічка