Лінейная (аг | рэг) рэсія
1.29K subscribers
85 photos
3 files
140 links
Пра даныя і як іх прыстасаваць да штодзённасці

Мяне можна знайсці

У твітары: https://twitter.com/aliaksandr_k
Англ: https://twitter.com/unfriendlydata
Ці ў тг: @shurackapalieski
Download Telegram
Спадабалася, шмат цікавага. Напрыклад:

- "Свядомых" заўважна больш (14%), чым "русіфікаваных" (4%)
- Але заўважна менш, чым "савецкіх" (29%)
- Важнасць беларускай мовы для самавызначэння нізкая, але пакрыху расце - з 19% да 25% за 2020-2022 год
- Аматараў "братского тріедінства" шмат, але робіцца менш - з 61% да 49% за апошнія 2 гады
- І маё любімае: свядомых, якія вераць у астралогію - 19%, русіфікаваных - 41%
Кароткая пятнічная гісторыя

Ёсць група акадэмікаў, якія вывучаюць экзістэнцыяльныя рызыкі, звязаныя са штучным інтэлектам. Пераедуць ці нас тэслы на дарогах, парабацяць ці нас нашыя галасавыя памочнікі, ці здабудуць свядомасць матрычныя перамнажэнні і г.д.

Ім надавалі столькі грошаў, што яны не ведаюць, што з імі рабіць і перажываюць. На днях яны набылі сабе палац, каб у ім тусавацца. Дакладней, цэлае абацтва - Wytham Abbey.

Не перажываю цяпер за будучыню чалавецтва. Расчараваны, што яны не набылі San Francisco Armory, але як ёсць

Зычу вам такіх ж праблем у жыцці і добрай пятніцы
Паразмаўляем пра медытацыю і яе доказную базу.

Як чалавеку, які вырас на баевіках 90-ых, мне падабалася ідэя, што можна крыху пасядзець з перакрыжаванымі нагамі, а потым раскідаць ворагаў ва двары вяртухамі. Цяпер мяне больш цікавіць той факт, што такая эзатэрычная тэма мае салідную навуковую базу. Прынамсі, эксперыментаў правялі сотні.

Некалькі прыкладаў:

Медытацыя і сон. Мета-аналіз 18 эксперыментаў. Высновы - медытацыя мае пазітыўны, доўгатэрміновы, слаба-сярэдні эфект на сон, параўнальны з больш класічнымі інтэрвенцыямі, напрыклад іншымі тэхнікамі супакаення. Важным нюансам ёсць адсутнасць карэляцыі паміж працягласцю сесій і эфектам - што 20 хвілін, што 2 гадзіны, эфект аднолькавы

Медытацыя і ўвага. Мета-аналіз 13 эксперыментаў пра тое, што па-англійску называецца executive functions ці executive control - розныя формы ўвагі, працоўную памяць, здольнасць супрацьстаяць парывам і раздражняльнікам і г.д. Выснова - слаба-сярэдні пазітыўны эфект. У суседнім мета-аналізе высновы аналагічныя.

Медытацыя і трывожнасць, дэпрэсія. Мета-аналіз 23 эксперыментаў, слаба-сярэдні пазітыўны эфект, нізкая якасць эксперыментаў, моцнае падзенне эфектыўнасці медытацыі ў параўнанні з актыўным кантролем (актыўнае плацэба, іншыя тэхнікі дапамогі і г.д.). Яшчэ адзін мета-аналіз 34 эксперыментаў прыйшоў да падобных выснаваў - слаба-сярэдні эфект, крыху большы для стрэсу і трывожнасці, чым для дэпрэсіі

Медытацыя і картызол. Мета-аналіз 10 эксперыментаў з замерамі праз кроў паказваюць сярэдні пазітыўны эфект. Аднак размова ідзе пра групы рызыкаў - людзей, якія жывуць у моцным стрэсе. Калі мераць картызол праз сліну, 21 эксперымент, эфекту няма агулам, але ёсць, зноў, для людзей у моцным стрэсе.

Як для сябе я інтэрпрэтую гэтыя вынікі. Эфекты не вельмі моцныя, але інтэрвенцыя танная, без пабочак. Калі мне падаецца, што я разгублены на працы, думкі перад сном мяне атакуюць крыху больш, чым звычайна і г.д., я магу арганізаваць сабе тыдзень штодзённай медытацыі. Без фанатызму і гвалту, пераважна таму, што сама практыка мне падабаецца. Калі мне робіцца лянота, я перастаю. Гэта дапамагае мне назапасіць энтузіязм да наступнага разу праз пару месяцаў.

Крыху карысных відэа:

Падкаст Губермана на 2.5 гадзіны пра тое, як гэта можа працаваць на фізіялагічных узроўні, працытавана шмат цікавых даследванняў, прыведзеныя прыклады некаторых практык
• Пра нейрафізіялогію медытацыі за 13 хвілін
• Не настолькі інфарматыўны, але лёгкі і ненапружны google talk на гадзіну
Медытацыі па-беларуску
Не чакаў, што мой утульны канал для знаёмых і сяброў набярэ за год 1.1к удзельнікаў, але вось мы тут. Вырашыў сабраць для вас 20 пастоў за год, якія мне падаюцца цікавымі. Дзякуй за вашую ўвагу, падтрымку беларускай мовы, жадаю вам добрых Калядаў і каб 2023 нарэшце пачаў нас радаваць. Ура 🎄

1. Вітамін D: што такое норма і колькі прымаць
2. Ягадзічныя мышцы і прысяданні
3. Пры Кірыла Рудага, які не ведае элементарнай статыстыкі
4. Як з дапамогай статыстыкі шукалі самага расісцкага суддзю і выйшлі на чорнага
5. Як людзі губляюць грошы на форэксах і іншых біржах
6. Вядомыя факты з псіхалогіі, якія былі абвергнутыя
7. Што значыць "навукоўцы даказалі" і "статыстычная значнасць"
8. Як "правільна" займацца ў трэнажорцы
9. Пра "статыстычную значнасць" у беларускіх апытаннях
10. Чалы, Шрайбман, "раскол" і непрадказальнасць беларусаў
11. Пераломы, узрост і прыганне з мастоў праз каханне
12. Пра менструальныя цыклы і паліталогію
13. Мадэль прадказання распаду пуцінскай расіі
14. Расцяжка не зніжае верагоднасць траўмы
15. Чаму беларусы былі рэкардсменамі па колькасць шэнгенаў
16. Порназорка і яе сацыялагічныя даследаванні пра сексуальныя фантазіі
17. Чаму я не давяраю Вардамацкаму
18. Навукоўцы прызнаюцца, як яны нам хлусяць
19. Як даказаць любую гіпотэзу з дапамогай статыстыкі
20. Пра эфектыўнасць плацэба ў лячэнні дэпрэсіі
Студзень - час актывізацыі пралескаў у трэнажорках, тобок нас з вамі. Таму, паразмаўляем пра бялкі і як іх есці, каб раслі мышцы. Вакол тэмы шмат міфаў і гарадскіх легенд, будзем разбірацца разам.

Самы вялікі мета-аналіз, які я знайшоў, сцвярджае, што ўплыў спажывання бялку на павелічэнне мышачнай масы памяншаецца пасля таго, як спажыванне перавышае 1.3 г/кг масы цела/суткі. Карысць усё роўна ёсць, проста не такая моцная. Самы вялікі эфект людзі назіраюць пры пераходзе з ~0.5 г/кг на 1 г/кг.

У гэтым аглядзе сцвярджаецца, што асаблівай розніцы, калі пхаць у сябе бялок, няма - перад трэніроўкай, гадзіну пасля, ці дзве гадзіны пасля. Прынамсі, калі мы глядзім на рост мышцаў на дыстанцыі, скажам у 10 тыдняў (адно з даследаванняў у аглядзе).

Як дадатковы аргумент можна спаслацца на гэтае даследаванне. Адна група спажывала бялок роўнымі порцыямі ўвесь дзень, другая - 66% з яго за вячэрай. У ім усяго 14 чалавек, я стараюся такія даследаванні ў канал не цягаць. Але яны набралі выбарку падобных людзей, сачылі за імі 8 тыдняў і не знайшлі розніцы. Можам сысціся на тым, што ў даследаванні на 14 чалавек розніцу разглядзець не атрымалася. Агулам, у суседніх даследаваннях вынікі падобныя.

Высновы я зрабіў наступныя. Варта імкнуцца да ~1.3 г/кг бялку. Не атрымалася - нічога страшнага. Аблівацца пратэінавым шэйкам прама ў распранальні трэнажоркі не варта. Агулам, якасная, збалансаваная дыета і задавальненне ад жыцця - больш важна, чым дакладны таймінгі ці грамы. Калі толькі вы не прафесійны атлет, ці 40-гадовы мужык, які спрабуе сваёй новай фітнэс-ідэнтычнасцю закрыць экзістэнцыяльную дзірку ў сэрцы.
Пабачыў цікавы твітэр-трэд. Ён пра даследаванне 186 амерыканскіх блізнятак і тое, наколькі старымі яны выглядаюць па ацэнках іншых людзей. Раз блізняты аднаяйкавыя, генетычныя фактары выключаныя - застаецца толькі лайфстайл: кураць ці яны, як моцна п’юць, ці чытаюць беларускія навіны і іншыя рэчы, якія могуць састарыць чалавека.

Мяне зацікавіла курэнне. Атрымліваецца, што 10 год актыўнага курэння дакідваюць +2.5 гады. Не выглядае, як шмат. Але гэта самы моцны, самы статыстычна значны чыннік. Астатнія чыннік - колькасць сонца, алкаголь, індэкс масы цела - паўплываюць яшчэ менш.

Я пачаў шукаць падобныя даследаванні. Але ва ўсіх, што знайшоў, гісторыя распавядаецца такая ж: як толькі мы кантралюем генетычныя фактары, фактары паводзінаў не драматычна паўплываюць на тое, як мы выглядаем.

Паглядзім на падобнае даследаванне на блізнятах з Даніі. Нас цікавіць максімальная розніца ў ацэнках узросту паміж 52 парамі аднаяйкавых блізнятаў. Максімальная розніца была 5 год: адна жанчына 68 год выглядала на 63, як блізнятка - роўна на свае 68. Агулам аўтары сцвярджаюць, што тое, наколькі вы выглядаеце, на 61% абумоўлена генетыкай.

У наступным даследаванні людзі спрабавалі адгадаць узрост 173 белых жанчын. Рэальны сярэдні ўзрост быў 45.9, адгаданы - 44.9. Жанчыны выглядалі ў сярэднім на год маладзейшымі, тобок. Самая вялікая розніца паміж рэальным і адгаданым сярэднім узростам, якую я тут знайшоў - каля 10-12 год. У ацэнках людзей да 35 памыляюцца ў сярэднім на 5 год, у ацэнках людзей 35-50 год - на 6.6, за 50 - на 6.8 год.

Высновы: калі давяраць гэтым даным, то ў сярэднім у ацэнцы вашага ўзросту пасля 50 будуць памыляцца на 6.8 год - у 55 могуць даць 48, могуць - 62. Пры гэтым, 61% гэтай памылкі абумоўлены вашай генетыкай. Калі б вы жылі ў Даніі і ў вас была б аднаяйкавая блізнятка, у вас было б вельмі мала шанцаў ва ўзросце 68 год выглядаць на >5 год маладзейшай за яе.
Раз мы на хвалі хайпу да нейронак, GPT-3, ChatGPT і г.д., давайце распавяду пра нашага суайчынніка, без якога ўся гэтая гісторыя не здарылася б.

Завуць яго Дзмітрый Багданаў, ён з Гомеля і прыдумаў механізм “attention” альбо “увагі”. Вось ягоны артыкул, які працытаваны 27.000 разоў, вось ягонае інтэрв’ю.

Паспрабую проста патлумачыць, што канкрэтна ён прыдумаў. Пабудаваць нейронку, якая будзе генерыраваць тэкст, не складана: даем ёй уводныя даныя з N сімвалаў і просім прадказаць N+1 сімвал. Вось як выглядае тэкст, згенерыраваны такой нейронкай, навучанай на тэкстах Караткевіча:

"а майка цяліцыга не было можа таком да выкрывага да стаў на ног, сяброў у такой стале па думкі і далёкага на караской адразу пад яго да стаялола страшны адна з нашкат.”

Нешта ёсць, але слабенька. Можна лепш – скарміць ёй больш тэкстаў, даўжэй яе трэніраваць – але інтуітыўна зразумела, што вучыцца прадказваць наступны сімвал – гэта занадта нізкі ўзровень абстракцыі і таму неэфектыўны.

Далей народ спрабаваў прадказваць цэлыя словы. Працавала лепш, але не ідэальна. Праблема тут у тым, што сэнс пэўнага слова можа залежыць не ад папярэдняга слова, а ад слова напачатку сказа ці ўвогуле ў іншым сказе. А вучацца яны ўсё роўна крок за крокам, слова за словам.

Дзмітрый прыдумаў, як гэта абыйсці і даць магчымасць нейронкам вывучваць складныя сэнсавыя залежнасць у тэкстах. Назваў ён гэта “механізмам увагі” - кажучы проста, гэта матэматычны апарат, які дазваляе нейронцы аналізаваць словы ў камбінацыі з іншымі словамі ў тэксце, групамі. Звяртаць увагу на кантэкст і ігнараваць тыя часткі тэксту, якія для кантэксту няважныя.

Уявіце пераклад сказу:

Ты мая рыбка, ты мая пцічка, раньшэ работала в школе цехничкай

Пры перакладзе слова “рыбка”, на слова “работала” такая нейронка зверне больш увагі, а слова “раньшэ” праігнаруе, бо слова “работала” дае дадатковы кантэкст - размова пра асобу жаночага роду.

Бонус такога падыходу яшчэ і ў тым, што нейронку не трэба вучыць крок за крокам, можна гэта рабіць у паралелі, што і дазволіла скарміць тэрабайты тэкстаў у GPT-3, пра які мы чуем з кожнага праса апошнія месяцы
Апошні тыдзень шмат хто абмяркоўвае гэты графік: залежнасць заробку ад кагнітыўных здольнасцяў. Вось артыкул, вось абмеркаванне ў твітэры.

Гэта даныя са Швецыі. Даныя для шведскіх мужчын, якія праходзілі абавязковую службу ў арміі. Перад пачаткам службы шведы здаюць тэст на кагнітыўныя здольнасці, падобны на тэст IQ. Далей, з дапамогай шведскай падатковай, былі ўзятыя даныя па заробку гэтых мужчын, калі ім было ўжо 35-45 год. За гэты 11-гадовы перыяд браўся сярэдні заробак. Выбарка атрымалася ў 59.387 чалавек. Далей, канкрэтна на гэтым графіку ўсіх разбілі на працэнты. У адпаведнасці, у кожным перцэнтылі каля 540 чалавек - выбарка салідная.

Першы факт, які кідаецца ў вочы, гэта тое, наколькі залежнасць манатонная ад ніжніх ~20% да верхніх 10% па заробку. Папросту, чым лепей ты здаў кагнітыўны тэст у 18-19 год, тым больш у цябе заробак цягам 35-45 год.

Другі факт, які кідаецца ў вочы, гэта тое, што пасля верхніх 10% па заробку, гэта ў раёне 60.000 еўра гадавых, кагнітыўныя здольнасці перастаюць гуляць ролю: бачна пэўнае плато і нават падзенне ў апошніх перцэнтылях. Але ўсё адно, гэтае плато знаходзіцца высока на шкале кагнітыўных здольнасцяў.
Бег працуе ў два разы лепш, чым антыдэпрэсанты (мабыць)

Такую выснову можна зрабіць, прачытаўшы новы мета-аналіз пра фізічныя нагрузкі і дэпрэсію. Але не ўсё настолькі проста. Давайце разбірацца.

Нагадаю, мета-аналіз – гэта калі бяруць розныя эксперыменты на адну тэму і спрабуюць іх падсумаваць. Пра антыдэпрэсанты мета-аналізаў таксама хапае, таму можна іх параўнаць з фізічнымі нагрузкамі.

Пра антыдэпрэсанты я ўжо распавядаў тут. Калі ў вас, напрыклад, 25 з 52 балаў па шкале дэпрэсіі Гамільтана, антыдэпрэсанты ў сярэднім дапамогуць вам на 12 балаў - тобок апусціцца з 25 да 13. А плацэба - на 10 балаў. Карацей кажучы, антыдэпрэсанты працуюць на 2-3 балы лепш, чым плацэба. А вось у фізічных практыкаванняў перавага над кантрольнай групай у 4.7 балы. Лепш, чым у антыдэпрэсантаў.

Праблема ў тым, што ў эксперыментах пра антыдэпрэсанты банальна больш людзей. У 10 разоў, у сярэднім, чым у эксперыментах пра фізічныя нагрузкі. Да таго ж, як правіла ў эксперыментах з антыдэпрэсантамі кантрольнай групе даюць плацэба. А вось з фізічнымі нагрузкамі плацэба асабліва не прыдумаеш. У некаторых з гэтых эксперыментаў кантрольная група нічога ўвогуле не рабіла - сядзела дома. Таму, эксперыменты пра антыдэпрэсанты лепшай якасці.

Што мы маем па выніку: калі глядзець на голыя лічбы, фізічныя практыкаванні працуюць у 2 разы “лепш”, чым антыдэпрэсанты. Але гэта даследаванні горшай якасці, чым пра антыдэпрэсанты.

Яшчэ парачку цікавых фактаў:

— Групавыя трэніроўкі зніжаюць дэпрэсію больш, чым індывідуальныя
— З трэнерам - больш, чым самастойныя
— Бег - больш, чым сілавыя
Заробак амерыканцаў у залежнасці ад паходжання продкаў. Звярніце ўвагу на самае верхняе значэнне

Як спявалі РСП: "Еду я на ровары, а ў кармане долары"
Пакуль мы гуляемся з ChatGPT, рабяты вучаць нейрасетку чытаць думкі.

Ідэя, калі тлумачыць проста: бяром парачку чалавек, паказваем ім 10.000 карцінак, даныя мазгавой актыўнасці збіраем праз фМРТ. Далей на ўваход нейронкі падаем даныя фМРТ, а ў якасці значэнняў, якія трэба прадказаць - карцінкі і вывучваем сувязі.

Пасля таго, як мадэль навучылі, удзельнікам эксперыменту паказваем 982 карцінкі, а мадэллю карыстаемся ў якасці “дэкодара” даных з фМРТ. Прыклады на скрыншоце: першая калонка - арыгінальныя карцінкі, усе наступныя - рэканструкцыя з фМРТ для чатырох удзельнікаў даследавання.

Да паперы пакуль ёсць пэўныя метадалагічныя пытанні, але выглядае забаўна.
А як вы карыстаецеся нейрасеткамі?

Апроч тэхнічнай часткі мяне цікавіць практычны бок пытання: як б прыстасаваць навамодныя нейронкі да народнай гаспадаркі маіх штодзённых патрэбаў. Падзялюся прыкладамі

Я вучу Midjourney генерыраваць мне дызайны інтэр'ераў. Ідэя ў тым, каб перад рамонтам накляпаць 10-15 канцэпт-артаў на пакой і паказаць іх спецыялістам, замест таго, каб тлумачыць словамі, чаго я хачу. На карцінках два прыклады. Першы промпт: “прасторная сталовая ў стылі Праванс у блакітных колерах”. Другі: “спальня, хайтэк, мінімалізм, чорна-бела-шэрыя колеры”

Таксама спрабую навучыць яе маляваць татуіроўкі. Атрымліваецца слабей, чым з дызайнам інтэр’ераў, прыклады паказваць не буду, каб зберагчы вашую псіхіку.

Карыстаюся ChatGPT для таго, каб правіць свае тэксты англійскай. Часам, калі пішу вялікі, але нецікавы мне тэкст, пішу зусім абы-як і прашу перапісаць у прыгожым стылі. Перажываю, што аблянуюся і развучуся пісаць, але такая цана прагрэсу.

Ведаю, што мае сябры карыстаюцца генератарамі карцінак для таго, каб ствараць лагатыпы, ці ілюстрацыі да навін і іншыя падобныя рэчы. Выглядае зручна.

Падзяліцца ў каментах, якую вы карысць знаходзіце ў нейронках, а я пабег глядзець новую Жыццё-Маліна з Акудовічам.
Гуляўся ўвесь вечар з GPT-4:

1. Усё яшчэ блытае крыху з украінскай, блытае склоны і стварае англіцызмы.
2. Але агулам разумее беларускую куды лепш, чым GPT-3.
3. Лічыць беларусаў непахіснымі аптымістамі.
Не паспеў выйсці GPT-4, як выйшла 5 версія Midjourney. Ну штош:

1. Канстанцін Астрожскі
2. Стэфан Баторый
3. Эмілія Плятэр
4. Бона Сфорца

(Усё з партрэтаў, даступных у гугле)
Забаўны аналіз эфекту латарэй. Выйграць можна розныя сумы, аналіз прывязаны да ~140.000$ для зручнасці. Даныя са Швецыі.

Мужчыны, якім пашчасціла ў латарэю: для нежанатых, на 30% павышаецца шанец жаніцца, для жанатых – на 40% падае рызыка разводу, і на 13.5% павялічваецца колькасць дзяцей.

Для жанчын: нічога не мяняецца, апроч росту верагоднасці разводу цягам наступных 2 год – у 2 разы. Але на разводы цягам 10 год эфекту няма. Гіпотэза аўтараў: вялікая сума дапамагае раней выйсці са шлюбаў, якія і так развальваліся.
Не паспеў на першамай, але ўсё роўна: задаволенасць працай, заробкам і эканамічнай сітуацыяй у розных частках свету (лінк).

Больш за ўсё задаволеныя сваім заробкам у Азіі, потым у Афрыцы і менш за ўсё ў Еўропе. Эканамічнай сітуацыяй таксама больш за ўсё задаволеныя ў Азіі і ў Афрыцы.

Не дай бог вам жыць і працаваць у Еўропе, карацей.
Даследчыкі навучыліся з дапамогай LLM (ваш ChatGPT) атрымліваць 95% карэляцыю з этычнымі ацэнкамі, якія ў сярэднім дае чалавек. Шкала наступная: -4 — вельмі неэтычна, 4 — вельмі этычна.

Адказы на пытанні, якія вас даўно хвалявалі, па версіі GPT4:

1. Чалавек спрабуе адчыніць вокны ў маршрутцы бо яму спякотна і не хапае паветра
2. Чалавек спрабуе зачыніць вокны ў маршрутцы каб яго не прадула

0.12 vs -0.12

3. Хлопец прапанаваў заплаціць за каву пасля спаткання з дзяўчынай
4. Хлопец прапанаваў падзяліць рахунак за каву пасля спаткання з дзяўчынай

1.12 vs 0.12

5. Падчас пратэстаў супраць рэпрэсій, людзі залазілі на лавачку ў абутку
6. Падчас пратэстаў супраць рэпрэсій, людзі здымалі абутак перад тым, як залезці на лавачку

-0.76 vs 1.84

7. Чалавек шануе лакальную мову, але размаўляе на мове суседняй імперыялістычнай краіны
8. Чалавек шануе лакальную мову і перайшоў на яе з мовы суседняй імперыялістычнай краіны

0.12 vs 1.52

На выказванні "Чалавек — агентура, але не маргінэз" GPT4 паламаўся і не здолеў даць ацэнку