Chrysalis Mag
529 subscribers
1.3K photos
28 videos
861 links
Навіны беларускага і сусветнага мастацтва


Наш сайт: https://chrysalismag.org
Наш Instagram: https://instagram.com/chrysalismagazine
Download Telegram
Беларуская мастачка-графік Святлана Сафія Дземідовіч стала лаўрэаткай конкурсу ілюстрацый Cheltenham Illustration Awards 2023

Ілюстратарскую прэмію ад Pittville Press беларуска атрымала за серыю «Паштоўкі мінулых часоў». Пра гэта стала вядома яшчэ ў студзені.

На Cheltenham Illustration Awards 2023 дасылаюць больш за 800 заявак кожны год з розных краінаў свету. Пераможцы прэміі атрымалі магчымасць выставіцца ў двух музеях у Вялікай Брытаніі ў сакавіку-красавіку і траўні-чэрвені.

🖼 Instagram Святланы Сафіі Дземідовіч.
У Салігорскай школе вітраж з выявай Францыска Скарыны замянілі на шклопакет

Пра выпадак у школе №2 Салігорска распавялі ў канале Belarusian Soviet Monumental Art. «Наўпрост зараз мы працягваем страчваць манументальныя працы», — канстатуюць яго аўтары.

Як распавяла незалежнаму выданню экспертка па савецкай манументальнай спадчыне, «адміністрацыя школы не стала захоўваць вітражы, бо з іх слоў сапсаваліся апорныя канструкцыі. Згодная, што з часам паячныя вітражы "развальваюцца" — шкло выпадае з апорнай канструкцыі. Але ўсё гэта можна наноў сабраць і адрэстаўраваць».

🖼 Вітраж, аб якім ідзе гаворка.
VEHA аднавілі працу сайта анлайн-архіва

Зараз сайт знаходзіцца ў працэсе напаўнення. Кожны дзень туды будуць дадавацца новыя дадзеныя, тэксты і фотаздымкі. Тым не менш, карыстацца сайтам ўжо можна па спасылцы.

Прадстаўнікі VEHA таксама нагадваюць, што кожны можа з імі звязацца, каб абнавіць подпіс да апублікованай фатаграфіі, даслаць новыя фота, ці прапанаваць для публікацыі тэкст. Для гэтага трэба пісаць ім на пошту archive.veha@gmail.com

VEHA ARCHIVE — гэта самаарганізаваная ініцыятыва, створаная з мэтай аб’яднання работнікц_аў культуры і даследчыц_каў у вывучэнні і захаванні народнай (аматарскай) архіўнай фатаграфіі. Аматарскую фатаграфію ў VEHA разглядаюць як культурную спадчыну і адзін з ключавых элементаў візуальнай гісторыі Беларусі.

🖼 Фотаздымак з архіва VEHA, калекцыя "Найлепшы бок". Каля 1950 г., Слуцкі р-н, Мінская вобл. Фота ў архіў даслаў Сяргей Лескець.
Ужо заўтра ў Вільні адчыніцца другая выстава па выніках Open Call CreateCulture Space & Chrysalis Mag

12 красавіка а 19.00, у віленскай прасторы CreateCulture Space адбудзецца адкрыццё выставы «A Little Strange» беларускага мастака Віктара Сяргея.

Выстава A Little Strange — гэта не маналітны зборнік персанажаў з кіно або фантазій, а спектр характараў і тэмпераментаў, якія неадназначным, нязручным для ўспрымання спосабам адлюстроўваюцца ў знешнім. Сюжэт і вобразы прадстаўленых работ, нібыта добрае артхаус кіно, выводзяць гледачоў у адкрыты фінал, i пакiдаюць недагаворанасць, сумненні — і след чагосьці чырвонага.

Выстава будзе цягнуцца да 1 траўня. Прыходзьце ў спэйс каб даследаваць псіхалагічныя партрэты і здзіўляцца кантрастам.
Куратарка выставы — Паліна Лябіхава

Адрас: Karmelitų gatvė 5, CreateCulture Space
«Каму мы патрэбныя, калі не сабе» — выйшаў аўдыядок пра беларускую культуру ў замежжы

Аўдыядок ад студыі Vozera даследуе феномен беларускай культуры ў выгнанні. У нынешніх умовах беларускія творцы шукаюць сябе і публіку ў Польшчы, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Бразіліі, ЗША і не толькі.

Стваральнікі аўдыядаследавання зацікавіліся, куды вядуць такія пошукі. Што цікава заходнім галерэям, ці можна ствараць сваё за мяжой і не асімілявацца, ці адгукаецца «з’ехалае» беларускае мастацтва тым, хто жыве ў Беларусі? Аўдыядок складаецца з 6-і аповедаў, якія нясуць унікальны досвед у розных культурніцкіх нішах.

Свае гісторыі распавялі мастак-акцыяніст Міхаіл Гулін, Мікіта Моніч, рэжысёрка, акторка і музыка Паліна Дабравольская, Крысціна Дробыш і іншыя. «Падаецца, за апошнія гады мы рашуча ўсвядомілі, што мы дакладна патрэбныя сабе. Што далей?», — задаюцца пытаннем стваральнікі аўдыядока.

Запіс можна паслухаць на YouTube па спасылцы (там жа ёсць спасылкі на іншыя пляцоўкі).
Беларуская мастачка ўдзельнічае ў выставе ў рамках Венецыянскай біенале

Рада Еўропы разам з эксперыментальнай абсерваторыяй мастацкіх свабодаў (Observatory on Artistic Freedom) прадстаўляе групавы праект «Other session» («іншая сэсія») у межах Венецыянскай біенале. У ім разам з 10+ аўтарамі і аўтаркамі прымае ўдзел беларуска Леся Пчолка. Яе частка выставы пагружае гледачоў у тэмы рэпрэсій, вайны, досведу ўцекачоў і іншадумства ў аўтарытарных рэжымах.

Агулам у межах «Other session» разглядаецца роля існых культурных інстытутаў для падтрымкі свабоды самавыражэння і неабходнасць стварэння альтэрнатыўных пляцовак для творчасці. Праект накіраваны на падтрымку тых, чые галасы ў свеце мастацтва звычайна замоўчваліся ці ігнараваліся.

Групавая выстава адбудзецца ўжо 20 красавіка ў Docks Cantieri Cucchini San Pietro di Castello, Venice.

Пра яшчэ адзін праект у межах Венецыянскай біенале, да якога маюць дачыненне беларусы_кі, — «Дзеці паўсюль» ад Школы архітэктурнага мыслення мы распавядалі па спасылцы.
У Беластоку з’явілася цяпліца з Гродна. Праект GREENHOUSE можна наведаць амаль да канца траўня

На выставе праекта GREENHOUSE беларускага мастака Emila Zenko прадстаўлена серыя з 22 кароткіх відэа, дзеянні якіх разгортваюцца ў адной і той жа прасторы. Месцам здымак відэа была закінутая, зарослая травой і пустазеллем цяпліца на хутары недалёка ад Гродна. Часткай праекта з’яўляецца музыка, якая прадстаўлена ў аднаіменным музычным альбоме творцы.

Выстава працуе ў Беластоку, у галерэі Slendzinskich да 19 траўня.
Куратарка — Вольга Аніска

Адрас: Białystok, ul. Legionowa 2

🖼️ Кадр аднаго з відэа. Падборку з прац праекта і фотаздымкаў выставы можна пабачыць у нашым інстаграм па спасылцы
У Музее Берлінскай сцяны адчынілася частка экспазіцыі пра беларусак

Зал складаецца з турэмных рэчаў палітзняволеных: цішоткі з вышытымі абдымкамі, рукавіцы і сукенкі з калоніі, адзенне з судоў, а таксама лісты, асабістыя дзённікі і фотаздымкі з маршаў. Усё гэта цяпер будзе знаходзіцца ў музее ў пастаянай экспазіцыі. Частка пра Беларусь ужо дасяжна да прагляду.

Музей знаходзіцца ў Берліне па адрасе Friedrichstraße 43-45, 10969 Berlin

🖼️ Музей Берлінскай сцяны
Беларусаў зноў заклікаюць стварыць муралы ў Грузіі

Беларускае стрыт-арт кам’юніці ArtYard шукае новых мастакоў і мастачак. У межах фестываля маленькіх муралаў KUTOK яны плануюць стварыць 8 маленькіх муралаў у дворыку бара 5327° у Тбілісі. Для гэтага і шукаюць новыя твары.

Заяўкі прымаюцца да 28 красавіка. Вынікі open-call — да 1 траўня.

Падрабязнасці і сама анкета па спасылцы
Два новых мурала ў гарадах Беларусі. Адзін з іх нават ачышчае паветра

У Віцебску па адрасе Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, 12/2 з'явіўся эка-мурал. На ім намаляваны вараг на беразе Заходняй Дзвіны. Перад доўгім падарожжам ён кідае манету, каб даведацца, наколькі паспяховым будзе яго шлях. Ідэя аўтараў у тым, каб прыцягнуць увагу жыхароў Віцебска да міфалогіі і гісторыі горада часоў шляху «з вараг у грэкі». Праект рэалізавалі арт-суполка Urban Myths і букмекерская кампанія Betera. Аўтаркай стала Ганна Дзюкава, распісвалі фасад Яўген Сасюра і Сяргей Рысакоў.

Чаму эка-мурал? Пры стварэнні арта выкарысталі высокатэхналагічную фарбу, якая ачышчае паветра. Раней яе ўжывалі, напрыклад, для афармлення фасада Мірскага замка.

Яшчэ адзін мурал хутка з'явіцца ў Пружанах. Там мастакі са студыі Art&Shock рыхтуюць мурал з Бонай Сфорцай да 590-годдзя горада. Каралева ў свой час валодала гэтымі землямі. Адзін з каналаў на Берасцейшчыне нават названы ў яе гонар.

🖼 1 — мурал у Віцебску, 2 — мурал у Пружанах.
У Mark Formelle новая калекцыя, натхнёная працамі сусветна вядомага мастака з Гродна

Mark Formelle выпусцілі калекцыю хатняга адзення à la Bakst з прынтамі ў стылістыцы прац мастака і дызайнера Льва Бакста, які нарадзіўся ў Гродна. «Магия персидских орнаментов с беларусским акцентом», — так апісваюць калекцыю ў краме.

У новым дропе можна знайсці піжамы, а таксама халаты-кашулі з віскозы. Калекцыя ўжо даступна на сайце, кошты — ад 60 да 90 BYN.

Выхадзец з Гродна Леў Бакст займаўся ілюстрацыяй журналаў і кніг, станкавым жывапісам і графікай, але найбольш вядомы ён як сцэнограф і дызайнер касцюмаў. Менавіта ён выступаў у якасці дызайнера ў балетных пастаноўках рускіх артыстаў у Парыжы, якія былі папулярны ў пачатку XX стагоддзя. Даведацца яшчэ больш можна з фільма пра Бакста па спасылцы.
«Экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызналі Instagram брэнда дызайнерскага адзення Znivien

Таксама «экстрэмісцкі» статус атрымаў лагатып беларускага брэнда. Гэта рашэнне суда Лідскага раёна Гродненскай вобласці ад 15 красавіка.

Акрамя таго, «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны TikTok беларускага дызайнера і фатографа Уладзіміра Маляўка. Рашэнне набыло моц 18 красавіка.

🖼 Фота Уладзіміра Маляўка. Здымак носіць ілюстратыўны характар.
Адразу дзве выставы беларусаў прадставяць на фотафестывалі ў Капенгагене

Першая з іх — групавы праект на аснове архіва беларускай візуальнай спадчыны VEHA «На вашых магілах мы справім вяселле». Выстава адкрыецца 7 чэрвеня, у ёй прымуць удзел у тым ліку мастакі і мастачкі з Беларусі. Куратар праекта — Вера Залуцкая.

«Ідэя гуляння вяселля на магілах продкаў напоўнена надзеяй на пераемнасць жыцця, гісторыі і культуры беларусаў, а таксама верай у магчымасць падзяліцца шчасцем з роднымі, якія адышлі ў нябыт», — адзначана ў апісанні праекта.

Таксама ў межах Copenhagen Photo Festival 24 траўня адкрыюць выставу фатографа Сяргея Гапона «Раставанне гарызонтаў: падарожжа па зменлівай Скандынавіі». Куратарка праекта — Вольга Шукайла.

У экспазіцыю ўвойдуць здымкі за апошнія два гады, калі Гапон жыў у Даніі. Фота Сяргея паказваюць змены ў навакольным асяроддзі, фіксуюць уплыў змены клімату на мясцовыя супольнасці. Melting Horizons спалучае журналісцкае гледжанне з мастацкай адчувальнасцю.

🖼 Фота: Сяргей Гапон.
Зараз Марта Шматава знаходзіцца ў шпіталі. З-за абвастрэння хваробы яна ў коме. Падрымаць яе можна набыўшы твор у мастацкай галерэі БелАрт у Мінску. На сайце дасяжны чатыры працы мастачкі.

Марта Шматава нарадзілася ў Мінску, у сям’і вучонага, мастака, доктара мастацтвазнаўства Віктара Шматава. У Беларускім Тэатральна-мастацкім інстытуце (зараз — Акадэмія мастацтваў) скончыла факультэт станковай графікі. Мастачка працуе ў тэхніцы алейнага жывапісу. Выяўленчая мова Марты Шматавай утрымлівае элементы сымбалізму і сюррэалізму. Галоўнай фігурай твораў з’яўляецца абагульнены вобраз Чалавека (найчасцей — жанчыны), а тэмай — ягоныя філасофскія разважанні і пачуцці. Мастачка змяшчае свае персанажы ва ўмоўную і сімбалічную прастору, якая нагадвае тэатральныя дэкарацыі. Гуманізм і экзэстанцыялізм — тая філасофія, якую мастачка жадае данесці да аўдыторыі.
У пятым эпізодзе падкаста ОМ даследуем ролю музеяў і культурніцкіх інстытуцый у падтрымцы мастакоў ды мастачак з досведам міграцыі

Гасцямі выпуску сталі міждысцыплінарная мастачка Надзя Саяпіна, а таксама куратарка Марыя Бебурыя і працаўнік культуры, перформер Тарас Гэмбік – сузаснавальнікі SDK Słonecznik і калектыва Близькисть у Варшаве. Разам мы абмеркавалі выклікі, што паўстаюць перад творцамі падчас адаптацыі ў новых культурных кантэкстах, і як падтрымліваць адно аднаго ў эміграцыі ды працягваць захоўваць сувязь з радзімай на адлегласці.

Таксама ў эпізоде прынялі ўдзел куратарка і арт-менеджарка Вольга Мжэльская і візуальны мастак Глеб Бурнашэў.

🎧 Выпуск даступны на платформах Spotify, Yandex Music, Apple Podcasts, Google Podcasts и Castbox па спасылцы
Запрашаем на трэцюю выставу па выніках OPEN CALL CreateCulture Space & Chrysalis Mag. Адкрыццё «in-between» беларускага мастака sierafimus адбудзецца ўжо 3 траўня.

«in-between» — творчая асіміляцыя вобразаў і аб’ектаў з жыцця мастака, выражаная ў серыі аўтапартрэтаў. У чалавечай свядомасці ўрыўкі думак змяняюць адно аднаго, упіраюцца ў хаатычныя ўспаміны пра людзей, месцы і падзеі. Мы ўзгадваем цеплыню сяброўскай сустрэчы, форму ўлюбёнага кубка, водар выхаджаных вуліц, але ўсё адно памятаем: час і памяць — ненадзейныя вымярэнні. Іх складана зафіксаваць і зрабіць дотыкавымі, і зрэдку ў каго атрымліваецца архіваваць тое, што адбылося, з дакладнымі метрыкамі. Кожны раз мы застаемся з адчуваннем, што важнае заўсёды адбываецца «in-between».
Куратарка: Паліна Лябіхава

Адрас: Karmelitų gatvė 5, CreateCulture Space
Выходзіць кніга бэкстэйджаў праекта GREENHOUSE беларускага мастака Эміля Зенько. Гэта той самы відэа-праект з цяпліцы ў Гродна

Зараз выдавецкі дом Snap Collective выпускае кнігу пад назвай "Backstage". У ёй сабраны гісторыі, якія адбываліся за межамі кадра праектаў, усё тое, што яшчэ не бачылі гледачы.

У адабранай калекцыі Эміль кідае выклік агульнапрынятым уяўленням аб мастацкасці і запрашае кожнага і кожную даследаваць нелінейнагае апавяданнне, зазірнуць за кулісы.

Цягам 6 дзён, кнігу можна набыць за €79, потым кошт падвысіцца на 10€. Знайсці яе можна па спасылцы.
Хутка пачнецца біенале Matter of Art. Сярод яе ўдзельнікаў і куратараў ёсць беларусы

13 чэрвеня ў Чэхіі адкрыецца біенале Matter of Art Prague. Куратары праекта — Каталін Эрдодзі і Аляксей Барысёнак. Разам яны факусуюцца на сацыяльных зменах у сельскай мясцовасці і будучыні рабочых рухаў, каб распавесці гісторыі супраціву і ўстойлівасці.

«Як мы можам прывіць салідарнасць у кантэкстах сельскай і гарадской мясцовасці, якія пастаянна змяняюцца? Як мы можам ствараць саюзы і станавіцца мацней разам замест таго, каб дазволіць нашым адрозненням падзяляць нас?» — задаюцца пытаннямі куратары.

У біенале ўдзельнічаюць больш за 30 артыст_ак з Вугоршчыны, Чэхіі, Украіны і не толькі. Сярод іх і беларусы: Уладзімір Грамовіч, Вольга Сасноўская і група eeefff (Дзіна Жук і Мікалай Спесіўцаў).

На 2 дзень адкрыцця можна будзе ўбачыць перформанс Сасноўскай, які яна ладзіць разам з Эльске Розэнфельд. А агулам наведаць біенале можна да 29 верасня 2024 года, уваход вольны.

Лакацыі: Нацыянальная галерэя ў Празе і Lidice Gallery
Беларускія маста_чкі прымуць удзел у Berlin Affordable Art Market (BAAM)

Арганізатары Berlin Affordable Art Market (выстава-продаж даступнага мастацтва) аб'явілі рэзультаты адкрытага конкурсу для BAAM 7th Edition. У спіс удзельнікаў і ўдзельніц трапілі 225 чалавек з Берліна, Гамбурга, Мадрыда, Уроцлава і не толькі. Сярод іх ёсць і беларусы: Міхаіл Гулін, Антаніна Слабодчыкава і Віктар Сяргей.

Выстава-продаж пройдзе з 7 па 9 чэрвеня ў будынку былой фабрыкі Monopol у Берліне па адрасе Provinzstr. 40-44, 13409 Berlin.

«Мы хацелі б падзякаваць усім мастакам і мастачкам, якія давяраюць нам і паўдзельнічалі ў нашым конкурсе. Гэта мерапрыемства было створана, каб паспрыяць больш шырокаму дасягу публікі да мастацтва і аблегчыць продаж прац мясцовых творцаў», — пішуць арганізатары праекта.