cybulinka
1.53K subscribers
1.56K photos
82 videos
7 files
1.63K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Згублены нуль напужаў людзей чорным кухенным начыньнем

Сёлета ў кастрычніку зьявілася дасьледаваньне, якое нарабіла шмат шуму: аўтары паведамілі, што кухеннае начыньне (чарпакі, лапаткі й г.д.) з чорнага плястыку можа быць вельмі небясьпечнымі. Што праўда, вывучаныя прылады былі вырабленыя з улікам стандартаў ЗША, але занепакоенасьць узьнікла па ўсім сьвеце.

Арыгінальнае дасьледаваньне грунтавалася на ідэі, што некаторае электроннае сьмецьце з дэкабромадыфенілавым этарам (DBDE) у складзе перапрацоўваецца ў кухеннае начыньне, зь якога падчас гатоўкі небясьпечнае рэчыва можа трапляць у ежу. Сам дэкабромбадыфенілавы этэр часта называюць імаверным канцэрагенам, які можа выклікаць праблемы зь печаньню, шчытападобнай і іншымі залозамі.

Каманда зладзіла разьлікі, у выніку якіх прыйшла да высновы, што людзі зьядаюць каля 34 700 нанаграмаў DBDE за дзень. Гэта значна больш, чым меркавалася раней, і вельмі блізка да бясьпечнага парогу ў 42 000 нанаграм для чалавека вагой 60 кг. (ЗША). Вось менавіта тут і выкрылася памылка.

Справа ў тым, што бясьпечная доза DBDE складае не 42 000 нанаграм, а 7 000 на кіляграм вагі. Калі аўтары дасьледаваньня разьлічвалі бясьпечную дозу этэра для чалавека з вагой 60 кг.: памножылі 60 на 7 000 і атрымалі 42 000, а мусілі атрымаць 420 000.

Зрэшты, асноўная выснова дасьледаваньня застаецца правільнай, а вось наступствы сталі не такімі трывожнымі.
Крабы зьелі каля 22% маленькіх зялёных чарапах

На аўстралійскім востраве Тэвэ­нард заолягі прасачылі цяжкі лёс малых зялёных чарапах Natator depressus. Высьветлілася, што галоўнымі ворагамі чарапашанят аказаліся крабы й марскія птушкі.

Навукоўцы падлічылі, што з 74,2% яек, зь якіх пасьпяхова вылупіліся чарапашаняты, 21,2% зьелі крабы роду Ocypode, а яшчэ 8,9% сталі здабычай птушак. Драпежнікі нападаюць на чарапашанят, калі тыя масава выбіраюцца з гнёздаў і імкнуцца да мора.

Трагічны лёс чарапах высьветліўся, калі вучоныя ўсталявалі відэакамэры каля 17 кладак, якія зафіксавалі 87 выпадкаў выхаду малых на паверхню. З 314 чарапашанят да вады дабраліся толькі 69,9%.

Цікава, што яйкі зялёных чарапах на Тэвэ­нардзе не пацярпелі ад разарэньня. Аўтары мяркуюць, што чарапахі адкладаюць іх у месцах, недаступных для крабаў, альбо іхняя абалонка непрывабная для гэтых драпежнікаў.

Вынікі дасьледаваньня падкрэсьліваюць, што выжываньне чарапашанят залежыць ад колькасьці групы: чым больш малых вылупляецца адначасова, тым больш у іх шанцаў пазьбегнуць драпежнікаў.
У штучнага інтэлекта знайшлі прыкметы дэменцыі

Вялікія моўныя мадэлі й генэратыўныя чат-боты са штучным інтэлектам моцна ўзбаламуцілі мэдычную супольнасьць, калі яны перасягнулі мэдыкаў-людзей у экзаменацыйных тэстах. Нэўрасеткі паказалі выдатныя здольнасьці ў кардыялёгіі, анкалёгіі й у дыягностыцы нэўралягічных захворваньняў. Аднак гэтыя самыя нэўралягічных захворваньні ніхто не шукаў у саміх нэўрасетак. Нядаўна ізраільскія дасьледнікі выправілі гэтую недарэчнасьць.

Яны пратэставалі пяць розных мадэляў ”штучнага інтэлекту”: дзьве актуальныя вэрсыі ChatGPT, дзьве вэрсыі Gemіnі ад Google і яшчэ Claude 3.5 Sonnet. Усім мадэлям прапанавалі стандартны тэст кагнітыўнай ацэнкі, якім карыстаюцца лекары для дыягностыкі дэменцыі ў людзей. Вынікі аказалі надзвычай чалавечымі.

Найбольшы бал атрымала ChatGPT-4o (26/30), аднак яна ледзь мінавала парог, які паказвае на лёгкае кангнітыўнае парушэньне. Старэйшая мадэль GPT-4 разам з Claude 3.5 набрала 25 з 30 балаў, а найгоршы вынік быў у мадэлі ад Google першай генэрацыі (Gemіnі 1.0) — трывожныя 16 балаў.

Паведамляецца, што ўсе мадэлі адчувалі цяжкасьці з заданьнямі на зрокава-прасторавыя й выканаўчыя функцыі: намаляваць гадзіньнік з пэўным часам, злучыць літары й лічбы ў пэўную пасьлядоўнасьць, нарысаваць куб і г.д. Напраклад, адна з пратэставаных нэўрасетак у заданьні з гадзіньнікам (пазначыць на гадзіньніку 10:11) выдала тыповы для чалавека з дэменцыяй малюнак.

Агулам прыкметы кагнітыўнага спаду былі ўласьцівыя ў большай ступені старым мадэлям, якія былі прэзэнтаваныя год і болей таму. То бок, спад адбываўся вельмі хутка. У выснове аўтары з гумарам адзначаюць, што чакаць віртуальных лекараў пакуль рана, хутчэй у жывых нэўролягаў зьявяцца віртуальныя пацыенты.
У зубах сучасных людзей знайшлі спадчыну нэандэртальцаў

Міжнародная каманда навукоўцаў знайшла адрозьненьні ў будове зубоў розных этнічных груп. Прытым выкрылася адна асаблівасьць, якая зьвязаая з успадкаваным ад нэандэртальцаў генам. Такое адкрыцьцё можа некалі дапамагчы ў дыягностыцы й лекаваньні генэтычыных захворваньняў зубоў.

Дасьледнікі выкарысталі гіпсавыя вылепкі зубоў 882 чалавек эўрапейскага й афрыканскага паходжаньня, а таксама карэнных народаў Амэрыкі. Потым фізычныя характарыстыкі вылепкаў адмыслоўцы параўналі з генэтычнымі данымі тых жа людзей, і знайшлі 18 участкаў генома, якія адказваюць за форму й памер зубоў. Цікава, што бальшыню зь іх ідэнтыфікавалі ўпершыню.

Аўтары мяркуцюь, што адзін з генаў паходзіць ад неандэртальцаў, зь якімі старажытыя людзі крыжаваліся падчас непрацяглага суіснаваньня на плянэце. Такі генэтычны варыянт знайшоўся толькі ў людзей эўрапейскага паходжаньня й быў зьвязаны з больш тонкімі секачамі (разцы). Адзначаецца таксама, што людзі з такім генэтычным варыянтам мелі больш дробныя зубы.

Аднак пакуль невядома, ці давалі такія адрозьненьні ў форме зубоў хоць якія эвалюцыйныя перавагі, магчыма гэта толькі пабочны эфэкт, а самі гены граюць важныя ролі ў нечым іншым.
Камэры відэаназіраньня мабілізавалі функцыю распазнаваньня твараў у людзей

Навукоўцы з Тэхналягічнага ўнівэрсытэту Сіднэя высьветлілі, што відэаназіраньне паляпшае здольнасьць людзей распазнаваць твары. У экспэрымэнце ўдзельнікам паказвалі выявы праз стэрэаскоп: аднаму воку дэманстравалі яркую абстрактную карцінку, а другому — выяву чалавечага твару. Пры гэтым кантраснасьць твару паступова павялічвалася, і ўдзельнікі мусілі як мага хутчэй вызначыць ягонае разьмяшчэньне адносна цэнтральнай кропкі. Адна група ведала, што за імі вядзецца назіраньне праз камэры (ім наўпрост паведамілі пра гэта й паказалі трансьляцыю з камэр), а другая, кантрольная група, працавала ў пакоі без камэр.

Вынікі паказалі, што людзі пад назіраньнем вызначалі твар, які глядзеў прама, за 2,87 сэкунды, а твар, які глядзеў у бок, за 3,16 сэкунды. Кантрольнай групе патрабавалася больш часу: 3,65 і 3,93 сэкунды адпаведна. У паўторным экспэрымэнце, дзе замест твараў выкарыстоўвалі нэўтральныя стымулы (фільтры Габора), адрозьненьняў паміж групамі не выявілі. Гэта сьведчыць пра тое, што камэры ўзмацнялі менавіта здольнасьць распазнаваць твары, а не агульную ўвагу. Цікава, што ўзровень трывожнасьці ўдзельнікаў да й пасьля экспэрымэнта не зьмяніўся, і ён не адрозьніваўся паміж дзьвюма групамі, што выключае тлумачэньне вынікаў павышанай трывожнасьцю.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што вера ў назіраньне актывуе бесьсьвядомыя мэханізмы ўспрыманьня, зьвязаныя з тварамі. Гэты эфэкт, імаверна, зьвязаны з натуральным жаданьнем чалавека зрабіць добрае ўражаньне, нават калі ён толькі мяркуе, што за ім назіраюць. Такія адкрыцьці могуць дапамагчы лепш зразумець, як сацыяльнае асяродзьдзе ўплывае на нашыя паводзіны й кагнітыўныя здольнасьці.
Спажываньне солі зьвязалі зь невялічкай групай нэўронаў у мазгах

Натар (Na), асноўную частку якога мы атрымліваем з солі, жыцьцёва важны для арганізму элемэнт. Ён дапамагае падтрымліваць балянс вадкасьцяў, функцыянаваньне нэрвовай сыстэмы й цягліцаў. Але важна захоўваць балянс: занадта малая колькасьць натру можа прывесьці да зьніжэньня абʼёму крыві й сурʼёзных наступстваў, а лішак павышае рызыку гіпэртаніі й сэрцава-судзінных захворваньняў. Нягледзячы на тое, што сёньня празьмернае спажываньне солі сустракаецца значна часьцей, эвалюцыя выпрацавала магутны мэханізм, які стымулюе нас шукаць соль пры недахопе натру.

Амэрыканскія навукоўцы раскрылі адну з загадак гэтага мэханізму. Яны выявілі групу нэўронаў у ствале галаўных мазгоў, якія адказваюць за спажываньне солі. Такія нэўроны (HSD2) актывуюцца гармонaм альдастэронам, які сынтэзуюецца арганізмам, калі абʼём вадкасьці зьмяншаецца, напрыклад, пры абязводжваньні або стратах крыві. Альдастэрон стымулюе арганізм утрымліваць натар, а таксама ўзмацняе жаданьне спажываць соль.

Дасьледаваньне паказала, што HSD2-нэўроны граюць ключавую ролю ў гэтым працэсе. У экспэрымэнтах на мышах азтары выявілі, што пры выдаленьні гэтых вузаў апэтыт да солі зьнікае, нягледзячы на высокі ўзровень альдастэрона. Яны таксама выявілі, што згаданыя нэўроны ёсьць і ў людзей, што падкрэсьлівае ўнівэрсальнасьць абарончага мэханізму.

Каманда таксама паведамляе, што такіх нэўронаў у мазгах няшмат: 200 у мышэй, каля 1000 у людзей. Нягледзячы на гэта, яны цалкам кантралююць пошук і спажываньне солі.
Асаблівая форма веек абараняе вочы ад вады

Кітайскія навукоўцы ў сваіх досьледах з натуральнымі й штучнымі вейкамі выявілі некаторыя асаблівасьці, зьвязаныя з адводам вады ад вачэй. Каманда высьветліла, што вада лёгка цячэ па вейках звонку, але толькі ў кірунку ад вока. Так адбываецца дзякуючы лускаватай, падобнай на дахоўку, паверхні кожнага вейка. Прытым такая будова не перашкаджае частковаму ўбіраньню вільгаці.

Аўтары таксама адзначылі, што вейкі маюць ідэальную форму — выгіб, які завецца брахістахронай. Такая крывая мінімізуе час, неабходны для таго, каб кроплі вады скаціліся пад уплывам сілы цяжару. Менавіта такая форма паказала найлепшыя вынікі ў досьледах са штучнымі валокнамі.

Разам усе згаданыя ўласьцівасьці дапамагаюць трымаць "вочы сухімі", але як на гэтай функцыі адбіваюцца касмэтычныя сродкі — пакуль невядома.
У жанчыны вырасьлі мігдаліны праз 40 гадоў пасьля выдаленьня

У дзяцінстве Кэці Гольдэн мела праблемы зь мігдалінамі, якія часта запальваліся й давалі ўскладненьні на вушы. Таму летам 1983 году лекары пастанавілі выдаліць мігдаліны. Апэрацыя прайшла добра, і дзяўчынка забылася на праблемы з вушамі.

Аднак колькі гадоў таму Кэці стала заўважаць шматкі тканак у горле падчас застуды. Жанчына спачатку не надавала пабачанаму ўвагі, але восеньню мінулага году боль у горле стаў надта моцным, што прымусіла яе зьвярнуцца да лекара.

Уласна оталярынголяг на прыёме й знайшоў новыя мігдаліны ў пацыенткі. У выніку Кэці зрабілі паўторную апэрацыю, пасьля якой яна цалкам аднавілася.

Цікава, што паўторны рост мігдалін пасьля выдаленьня адбываецца толькі ў 6% выпадкаў. Мяркуецца, што на гэта могуць паўплываць вялікая колькасьць салодкага ў рацыёне, шмат перанесеных рэсьпіраторных інфэкцый, а таксама спосаб выдаленьня (халодны/гарачы).
Audio
Новая нэўрасетка агучыць ваш тэкст на беларускай мове

Суполка Беларускі ШІ прэзэнтавала нэўрамадэль, якая робіць агучку тэкстаў на беларускай мове. Яна таксама можа кланаваць голас і эмоцыі, для гэтага патрэбны толькі ўзор аўдыё, працягласьцю больш за 7 с.

Патэставаць можна тут, а задаць пытаньні альбо далучыцца да распрацоўкі тут.
Вялікі кавалак касьмічнага сьмецьця абрынуўся на вёску ў Кеніі

Здарэньне адбылося яшчэ 30 сьнежня. Спачатку мясцовыя жыхары пачулі моцны выбух, што напалохала іх. Але потым у лесе недалёк ад вёскі знайшоўся кольцападобны мэталічны абʼект, шырыня якога складала 2.5 мэтра, а вага - 500 кг. Вакол месца здарэньня назіраліся паваленыя дрэвы й кусты.

Адмыслоўцы ідэнтыфікавалі знаходку як разьдзяляльнае кальцо ад ракеты, аднак паходжаньне пакуль высьветляецца.

Пакуль такія здарэньні фіксуюцца даволі рэдка, але нізкая каляземная арбіта ўжо перапоўненая касьмічным сьмецьцем рознага памеру, таму хутка праблема падзеньня вялікіх фрагмэнтаў стане асабліва актуальнай.
Наўпрост зараз ідзе дасьледаваньне, у якім навукоўцы вывучаюць сынхранізацыю мазгавых хваль паміж сабакамі й іхнімі гаспадарамі з выкарыстаньнем мэтадаў ЭЭГ.

Сабакі разам з гаспадарамі ўдзельнічаюць у экспэрымэнтах, скіраваных на праверку тэорыі, што іхнія мазгавыя хвалі сынхранізуюцца падчас узаемадзеяньня, як гэта адбываецца паміж людзьмі. Экспэрымэнты ўключаюць сытуацыі, калі гаспадары пераключаюць увагу паміж сабакам, іншымі абʼектамі або часова адыходзяць, каб выявіць зьмены ў мазгавой актыўнасьці.

Сынхранізацыя мазгавых хваль, калі яна ёсьць, можа сьведчыць аб сумесным успрыманьні й інтэрпрэтацыі падзей, падмацоўваючы гіпотэзу аб унікальнай сувязі паміж чалавекам і сабакам. Дасьледаваньне таксама ўлічвае паводзіны й стылі клопату гаспадароў, што дапамагае глыбей зразумець міжвідавае ўзаемадзеяньне.
Навукоўцы распрацавалі для мышэй VR-акуляры

Дасьледнікі Карнэльскага ўнівэрсытэта распрацавалі сыстэму віртуальнай рэальнасьці для мышэй MouseGoggles, і яна ўжо праявіла сябе ў экспэрымэнтах. Калі мышам надзявалі маленькія акуляры, яны актыўна рэагавалі на змадэляваныя выявы, што можа зрабіць віртуальную рэальнасьць больш эфэктыўным інструмэнтам для дасьледаваньняў на жывёлах.

Хаця «мышыны VR» можа выглядаць пацешна, у яго ёсьць і сурʼёзнае прымяненьне. Навукоўцы часта вывучаюць мышэй у кантраляваным асяродзьдзі, каб лепей зразумець іхнія паводзіны, але цяперашнія ўмовы далёкія ад ідэальных. Звычайна мышэй разьмяшчаюць на бегавых сфэрах, акружаных праекцыйнымі экранамі, якія не дазваляюць ім цалкам пагрузіцца ў віртуальнае асяродзьдзе. У выніку жывёлы часта ня могуць натуральна рэагаваць на мадэляваныя стымулы.

MouseGoggles зьмяняе сытуацыю. Замест таго каб ствараць складаную сыстэму з нуля, каманда выкарыстала невялікія й даступныя кампанэнты ад смарт-гадзіньнікаў і іншых спажывецкіх прыладаў. Мышы надзяваюць акуляры, знаходзячыся на бегавой сфэры, ім фіксуюць галовы, каб акуляры заставаліся на месцы. Дзякуючы такой устаноўцы атрымліваюцца візуальныя стымулы з высокай ступеньню пагружэньня.

Каб пратэставаць сыстэму, каманда падвяргала мышэй розным віртуальным сцэнарам, назіраючы за іхніяй мазгавой актыўнасьцю й паводзінамі. Вынікі аказаліся ўражлівымі. У адным з тэстаў дасьледнікі змадэлявалі цёмную фігуру, якая набліжаецца да мышэй, — патэнцыйнага драпежніка. Пры выкарыстаньні традыцыйных VR-установак зь вялікімі экранамі мышы не рэагавалі. Але ў акулярах MouseGoggles амаль кожная мыш пужалася й скакала пры першай сустрэчы, быццам верыла, што драпежнік сапраўды набліжаецца.
Малады культурыст спаліў прэпаратам для пахудзеньня ня толькі тлушч, але й сваё жыцьцё

Францускія дасьледнікі апісалі трагічную гісторыю 21-гадовага культурыста, які дзеля рэльефных цягліц пачаў ужываць небясьпечнае рэчыва 2,4- дынітрафэнол. Гэта цягнулася паўгады, і скончылася сьмерцьцю ад поліорганнай нястачы.

2,4-дынітрафэнол (2,4-ДНФ) — арганічнае рэчыва, якое сынтэзавалі ў пачатку 20 ст. для прамысловасьці. Аднак у 1930-х гадах высьветлілася, што гэтае рэчыва парушае сынтэз энэргіі ў вузах, чым паскарае мэтабалізм. Таму 2,4-ДНФ кароткі час выкарыстоўвалі ў якасьці сродка для пахудзеньня. Потым выявіліся жудасныя пабочныя эфэкты (гіпэртэрмія, высокае потавывядзеньне, поліорганная нястача), і рэчыва забаранілі. Але набыць яго можна й сёньня.

Да лекараў мужчына трапіў за 4 месяцы да сьмерці. Ім ён прызнаўся, што выкарыстоўваў таксычны 2,4-дынітрафэнол разам з анабалічнымі прэпаратамі ўжо некалькі месяцаў. З сыптомаў у яго былі цяжкасьці дыханьня, абільнае потавывядзеньне й высокі пульс.

Цягам наступных месяцаў стан пацыента імкліва пагаршаўся. Да ўсяго, ён хаваў ад лекараў той факт, што працягвае ўжываць 2,4-ДНФ. Гэта не дало магчымасьці скласьці эфэктыўны плян лячэньня. У выніку пацыент памёр ад поліорганнай нястачы.

Анатамаваньне й спадарожныя аналізы сьцьвердзілі факт злоўжываньня анабалічнымі прэпаратамі й 2,4-дынітрафэнолам цягам 6 месяцаў. Адмыслоўцы прыйшлі да высновы, што прычынаю такіх паводзін стала мускульная дысмарфія — паталягічны псыхічны разлад, пры якім людзям падаецца, што іхняе цела недастаткова мускулістае.
Напоі з цукрам сталі прычынаю 10% новых выпадкаў дыябэту

Міжнародная ініцыятыва Global Dietary Database апублікавала справаздачу, паводле якой у 2020 годзе салодкія напоі сталі прычынай 2.2 млн новых выпадкаў цукровага дыябэту (9.8% ад усіх новых выпадкаў) і 1.2 млн выпадкаў сэрцава-судзінных захворваньняў (3.1% усіх новых выпадкаў). Аналіз базуецца на зьвестках з 118 краін і апытаньнях амаль 3 млн дарослых людзей.

Са справаздачы вынікае, што ў сярэднім дарослы чалавек спажываў 2.6 порцыі салодкіх напояў за тыдзень. У падлік бралі ня толькі стандартныя газаваныя напоі, але й энэргетыкі, напоі з сокам і інш.

Найбольшая доля захворваньняў, зьвязаных са спажываньнем такіх напояў, зарэгістравана сярод мужчын, моладзі, гарадзкіх жыхароў з вышэйшай адукацыяй.

Каманда аўтараў падкрэсьлівае, што багатыя на калёрыі напоі з цукрам спрыяюць набору вагі й павялічваюць тым самым рызыкі кардыёмэтабалічных захворваньняў. Для зьніжэньня нэгатыўных наступстваў яны раяць уводзіь абмежаваньні продажу й спажываньня напояў.
Польскія вэтэрынары знайшлі невялікага паразыта ў сьвіным мясе. Гэта толькі чацьвёрты задакумэнтаваны выпадак

Нацыянальны інстытут вэтэрынарных дасьледаваньняў у Польшчы паведаміў пра ідэнтыфікацыю паразыта Sarcocystіs mіescherіana у свойскіх сьвіней.

S. mіescherіana — прасьцейшы паразыт, для якога дзікія й свойскія сьвіньні могуць быць прамежкавымі гаспадарамі. Мяса сьвіней з выразнымі прыкметамі саркацыстозу лічыцца няпрыдатным для спажываньня.

Аднак выяўленьне паразыта ўскладняецца тым, што сама інфэкцыя ў сьвіней можа ісьці ў лёгкай форме, а цысты (часовая форма існаваньня паразыта) у мясе няўзброеным вокам заўважыць складана.

Польскія дасьледнікі сабралі белыя, падобныя на зерне рысу паражэньні цяглічных тканак сьвіньні, і зрабілі шэраг аналізаў. Усе 10 узораў далі пазытыўны вынік на ДНК S. mіescherіana. Асобныя пашкоджаньні мелі даўжыню крыху больш за 1 см, а шырыня складала каля 3 мм.

Хоць крыніца заражэньня застаецца невядомай, генэтычны аналіз паказаў на сувязь польскіх узораў зь італьянскімі й латвійскімі. Аўтары кажуць, што паразыт можа быць значна больш пашыраны ў глябальнай папуляцыі сьвіней.
Ангельскамоўныя фільмы сталі больш жорсткімі за апошнія 50 гадоў

Новае дасьледаваньне, якое базуецца на аналізе дыялогаў гэрояў больш чым 166 000 фільмаў за апошнія 50 гадоў, выявіла заўважны рост узгадваньняў забойстваў, нават у жанрах, не зьвязаных з крыміналам.

Аўтары падлічылі частату выкарыстаньня "дзеясловаў забойства" у стужках, зьнятых з 1970 па 2020 год, і пабачылі істотны рост выкарыстаньня такіх слоў з кожным дзесяцігодзьдзем. Найбольш выразна тэндэнцыя праяўляецца ў крымінальных творах, але рост не абмінуў і іншыя жанры, што сьведчыць аб нармалізацыі абмеркаваньня гвалту ў дыялогах.

Дасьледнікі адзначаюць, што такі трэнд, імаверна, зьявіўся праз канкурэнцыю кінастудый за ўвагу гледача. У такім выпадку гвалт становіцца эфэктыўным інструмэнтам прыцягненьня аўдыторыі, аднак у пэрспэктыве людзі могуць пачаць ўспрымаць рэальнасьць больш небясьпечнай і пагрозьлівай, чым яна ёсьць насамрэч.
Фізычныя практыкаваньні пасьля сьняданьня зьнізілі апэтыт і ровень глюкозы ў жанчын

Дасьледчая каманда з Унівэрсытэта Таронта зладзіла дасьледаваньне, у якім выявіла, што ў здаровых жанчын павышэньне ровеню цукру ў крыві пасьля прыёму ежы было ніжэй, калі фізычныя практыкаваньні адбываліся пасьля сьняданку. Яны таксама заўважылі, што ўдзельніцы, якія займаліся спортам пасьля сьняданьня, мелі больш нізкі апэтыт перад і пасьля трэнаваньня, чым тыя, хто аддавалі перавагу практыкаваньням нашча.

Павелічэньне канцэнтрацыі цукру ў крыві пасьля ежы - зьява цалкам натуральная, але празьмерныя ваганьні ровеню глюкозы могуць падвышаць рызыку кардыёмэтабалічных захворваньняў, такіх як дыябэт 2 тыпу.

Звычайна падобныя дасьледаваньні ладзяцца ў лябараторных умовах на адмысловым абсталяваньні, але тут аўтары засяродзіліся на хатніх ўмовах і простых практыкаваньнях, такіх як скокі, прысяданьні, і камбінацыя іх.
Чырвонае сьвятло зьнізіла рызыку інсультаў і інфарктаў

Сьвятло аказвае прыкметны ўплыў на здароўе чалавека, які можна знайсьці ў рэгуляцыі мэтабалізму, сакрэцыі гармонаў, і рэгуляваньні кровазвароту. Уплыў сьвятла нават зьвязваюць з імавернасьцю сэрцавых спохватаў і інсультаў, якія часьцей здараюцца раніцай, чым ноччу. Цяпер навукоўцы пастанавілі дасьледаваць, ці можа сьвятло ўплываць на тромбаўтварэньне, якое ляжыць у аснове многіх небясьпечных захворваньняў, такіх як інфаркт, інсульт і тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі.

У сваіх досьледах навукоўцы апраменьвалі мышэй сьвятлом з рознай даўжынёй хвалі: чырвоным, сінім і белым. Кожная група грызуноў знаходзілася пад 12-гадзінным асьвятленьнем, якое зьмянялася 12 гадзінамі цемры некалькі разоў. Пасьля гэтага навукоўцы ацэньвалі частату ўтварэньня тромбаў. Вынікі аказаліся даволі цікавымі: у мышэй, якія знаходзіліся ў чырвоным асьвятленьні, тромбы ўтварыліся амаль у пяць разоў радзей, чым у мышэй з групы сіняга або белага сьвятла. Пры гэтым агульная актыўнасьць, вага, сон, тэмпэратура цела й прыём ежы ва ўсіх групах заставаліся нязьменнымі, што выключае ўплыў гэтых фактараў на вынікі.

Каб спраўдзіць, ці могуць гэтыя эфэкты быць актуальнымі для людзей, дасьледнікі вывучылі зьвесткі больш чым 10 000 пацыентаў, якія перанесьлі апэрацыю на вачах (выдаленьне катаракты). Некаторым зь іх усталёўвалі звычайныя лінзы, якія прапускаюць увесь бачны спэктар сьвятла, а іншым — лінзы зь сінім фільтрам, якія зьніжаюць колькасьць сіняга сьвятла прыкладна на 50%. Аналіз паказаў, што сярод анкалягічных пацыентаў, якія выкарыстоўвалі лінзы зь фільтрацыяй сіняга сьвятла, рызыка ўтварэньня тромбаў была ніжэйшай, чым у тых, каму ўсталявалі звычайныя лінзы. Гэты вынік асабліва важны, улічваючы, што людзі з анкалягічнымі хваробамі маюць у дзевяць разоў вышэйшую рызыку тромбаўтварэньня.

Калі такая гіпотэза сьцьвердзіцца ў клінічных выпрабаваньнях, то яна стане эфэктыўным інструмэнтам для прадухіленьня трамбозаў, якія зьяўляюцца адной з асноўных прычын прадухіляльных сьмерцяў па ўсім сьвеце.
Людзі, якія ня могуць уявіць сабе нешта, насамрэч уяўляюць гэта ў мазгах

Бальшыня людзей на просьбу ўявіць сабе, скажам, яблык, імгненна "бачаць" яркі вобраз фрукта, але прыблізна 1 чалавек з 100 не ўявіць сабе нічога. Гэта афантазыя.

Існуюць меркаваньні, што афантазыя можа быць зьвязанай з парушэньнямі функцый зрокавай кары мазгоў, дзе й апрацоўваюцца пабачанае намі. У такім выпадку просьба ўявіць сабе той жа яблык не выклікае тут актыўнасьць, а няма актыўнасьці — няма й мысьленных вобразаў.

Зрэшты гэтую гіпотэзу паставілі пад сумнеў аўтары новага дасьледаваньня, у якім узялі ўдзел 14 чалавек з афантазыяй і 18 нэўратыпічных асоб. Навукоўцы пад пільным маніторынгам фМРТ спачатку паказвалі простыя ўзоры з чырвоных ці зялёных палосак, а потым прасілі ўявіць нешта падобнае.

Затым каманда падключыла адмысловы альгарытм, каб ён мог на падставе актыўнасьці зрокавай кары вызначыць колер узору, калі людзі яго сабе ўяўлялі. У выніку дэкадаваньне аказалася пасьпяховым для ўсіх удзельнікаў і ўдзельніц незалежна ад наяўнасьці афантазыі. То бок, у актыўнасьці зрокавай кары не было аніякіх адрозьненьняў.

Аднак у наступных досьледах, дзе навукоўцы прасілі абедзьве групы ўявіць відарыс зьлева ці справа, адрозьненьні знайшліся. У людзей з афантазыяй мазгавая актыўнасьць зьяўлялася акурат з таго ж боку, дзе быў уяўны відарыс, а ў нэўратыповых людзей актыўнасьць назіралася з супрацьлеглага боку.
Выпадак цеплавога ўдару ў жанчыны зь Вялікай Брытаніі нагадаў пра схаваную небясьпеку саўны

Паход у саўну можа быць расслабляльным, але грэбаваньне гідратацыяй можа прывесьці да сурʼёзных наступстваў, як паказаў рэдкі выпадак цеплавога ўдару, зарэгістраваны ў Вялікабрытаніі.

Жанчына ў веку 70 гадоў, якая мела значны досьвед наведваньня саўнаў, была знойдзена там без прытомнасьці пасьля 45 хвілін лёгкіх фізычных практыкаваньняў у залі. Яе тэрмінова даставілі ў больніцу зь небясьпечна высокай тэмпэратурай цела, дзе ёй зрабілі працэдуры ахалоджваньня й увялі вадкасьці ўнутрывенна. Нягледзячы на тое, што ў жанчыны адбыўся сэрцавы спохват і пашкоджаньне органаў, ейны стан значна палепшыўся праз колькі дзён, і праз 12 дзён яе выпісалі. Празь месяц пасьля інцыдэнту яна амаль цалкам аднавілася, за выключэньнем лёгкай стомленасьці й пашкоджаньня печані.

Жанчына, якая пакутуе на дыябэт 1-га тыпу й гіпатэрыёз, але ў астатнім актыўная й здаровая, растлумачыла, што прычынай здарэньня стала абязводжваньне.

Цеплавы ўдар ад наведваньня сауны сустракаецца вельмі рэдка — у мэдыцынскай літаратуры зарэгістравана ўсяго дзевяць падобных выпадкаў. Гэты выпадак падкрэсьлівае важнасьць належнай гідратацыі й своечасовага ўмяшаньня, паколькі хуткае ахалоджваньне на працягу 30 хвілін можа зьмякчыць пашкоджаньні органаў.