cybulinka
1.49K subscribers
1.54K photos
82 videos
7 files
1.6K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Дасьледаваньне, апублікаванае ў Alzheimerʼa & Dementia, ахапіла больш за 1800 чалавек у веку ад 27 да 85 гадоў. Вынікі паказалі, што сон працягласьцю 9 і больш гадзін на суткі быў зьвязаны з больш нізкімі паказьнікамі памяці й выканаўчых функцый (кантроль увагі, пераключэньне паміж задачамі й г.д.) у параўнаньні з "нармальнай" працягласьцю сна.

Такая сувязь стала найбольш выразнай у тых людзей, якія мелі сымптомы дэпрэсіі, незалежна ад таго, прымалі яны антыдэпрэсанты ці не. Сярод людзей без прыкмет дэпрэсіі, але з працяглым сном, пагаршэньні таксама назіраліся, праўда, у меншай ступені. А вось кароткі сон не паказаў значнага ўплыву на кагнітыўныя функцыі.

Аўтары падкрэсьліваюць, што працяглы сон можа быць ня толькі прычынаю кагнітыўнага спаду, але й раньняй прыкметай пачатку нэўрадэгенэратыўных працэсаў альбо дэпрэсыўных разладаў. Глыбей зразумець такую ўзаемасувязь дапамогуць будучыя маштабныя й доўгатэрміновыя дасьледаваньні.
Вялікі мэтааналіз паказаў, што пасьля 20 гадоў моц лёгкіх няўхільна зьніжаецца

Дасьледаваньне, апублікаванае ў The Lancet Respiratory Medicine, ўпершыню прэзэнтавала ўсебаковы агляд функцый лёгкіх чалавека цягам усяго жыцьця. Аўтары абʼядналі й вывучылі зьвесткі больш за 30 тыс. чалавек у веку ад 4 да 80 гадоў, і прыйшлі да высновы, што прыблізна пасьля 20 гадоў функцыі лёгкіх пачынаюць няўхільна зьніжацца й аніякага "плято", якое прадказвалі папярэднія мадэлі, няма.

Навукоўцы выявілі, што рост абʼёма выдыху за першую сэкунду (FEV1) і фарсаванай ёмістасьці лёгкіх (FVC) адбываецца ў два этапы: у дзяцінстве адбываецца хуткае разьвіцьцё, якое запавольваецца ў падлеткавы пэрыяд. Пасьля назіраецца пік функцыянальнасьці лёгкіх ў 20 гадоў для жанчын і ў 23 для мужчын. Потым згаданыя паказьнікі зьніжаюцца без пэрыяду стабілізацыі.

Таксама адзначаецца, што ў людзей з дыхавіцай (астмай) і ўстойлівым курэньнем пікі адбываюцца яшчэ раней, а функцыі лёгкіх зьніжаюцца хутчэй. Гэта падкрэсьлівае важнасьць маніторынгу стану лёгкіх ужо з раньняга веку.
Жанчына памерла амаль праз 50 гадоў пасьля заражэньня сьмяротнай інфэкцыяй

У ЗША зафіксавалі адзін з самых працяглых інкубацыйных пэрыядаў сьмяротнай інфэкцыі: у 58-гадовай жанчыны разьвілася прыённая хвароба Кройцфэльда-Якаба праз 48.3 году пасьля заражэньня.

Як мяркуюць лекары, прыёны жанчына атрымала ў дзяцінстве, калі ёй прызначылі лячэньне гармонам росту, які тады атрымлівалі з гіпофізаў памерлых людзей. У 1960-1970-я гады гэта была распаўсюджаная практыка, але зь цягам часу стала вядома, што такія прэпараты нясуць павышаную рызыку заражэньня анамальнымі бялкамі (прыёнамі). Цяпер для лячэньня дзяцей з праблемамі росту выкарыстоўваюць сынтэтычны гармон.

Самі прыёны ёсьць адной з самых загадкавых і страшных формаў інфэкцыі. У адрозьненьне ад бактэрый і вірусаў, яны не нясуць генэтычнага матэрыялу, а ў арганізьме пераўтвараюць нармальныя бялкі ў анамальныя, як і яны самі. З часам прыёны назапашваюцца ў мазгах і выклікаюць там незваротныя пашкоджаньні. У пацыентаў/к зьяўляюцца праблемы з памяцьцю, разьвіваецца дэменцыя й сканчаецца ўсё сьмерцью.

У выпадку згаданай пацыенткі, першыя сымптомы зьявіліся праз 48.3 году пасьля пачатку лячэньня гармонам росту. Жанчына трапіла да лекараў з парушэньнямі раўнавагі й трымценьнем, а неўзабаве ўпала ў кому, зь якой не выйшла. Меркаваны дыягназ сьвердзіла аўтапсыя, а праз тое, што генэтычных фактараў не было выяўлена, мэдыкі назвалі найбольш імавернай крыніцай інфэкцыі менавіта гармон росту з чалавечых трупаў.

Падобныя гісторыі хоць і рэдкія, але ўжо было зафіксавана больш за 200 выпадкаў прыённых інфэкцый, атрыманых праз мэдыцынкае ўмяшальніцтва. Аданак апісаны выпадак адметны самым працяглым інкубацыйным пэрыядам.
Марскі парк закрыўся, а кіты засталіся

Напрыканцы 2021 году францускі ўрад прыняў закон, які забараняе выкарыстоўваць кітоў і дэльфінаў у забаўляльных імпрэзах. І хаця забарона пачне дзейнічаць толькі ў наступным годзе, прынамсі адзін парк закрыўся 4 месяцы таму. Аднак цяпер абаронцы жывёлаў заўважылі, што на тэрыторыі было марскога парку дагэтуль жывуць дзьве касаткі.

Раней кіраўніцтва парку, абаронцы жывёл і ўрад спрабавалі вызначыць далейшы лёс жывёл, але ў выніку разьвязаньня праблемы не было знойдзена. Сытуацыя ўскладняецца тым, што касаткі ўсё сваё жыцьцё ўтрымліваліся ў няволі й цяпер моцна залежаць ад чалавека, таму наўпрост выпусьціць іх немагчыма. Таксама не атрымалася перасяліць жывёл у марскі парк у Японіі, бо такая вандроўка стане вялікім стрэсам для іх.

У выніку самка касаткі зь дзіцём пакуль працягваюць жыць у занядбаным парку. Відэа з дронаў паказваюць, што рэзэрвуары пакрыліся водарасьцямі, а ў некаторых месцах увогуле пачалі разбурацца. Што праўда, кіраўніцтва парку кажа, што гэтыя водарасьці — сэзонная зьява, а супрацоўнікі працягваюць прыносіць ежу касаткам.

У арганізацыі TideBreakers, якая ўласна й забіла трывогу, спадзяюцца, што шырокі розґалас дапаможа разьвязаць праблему без эўтаназіі жывёл. Таксама зь нявызначаным лёсам застаюцца 12 дэльфінаў у тым жа парку.
Пінгвінаў западозрылі ва ўплыве на клімат

У Антарктыдзе, дзе пануе холад і чыстае паветра, аблокі зьяўляюцца нячаста. Але, як высьветлілася, адна неспадзяваная зьява прыходзіць на дапамогу - выпарэньні з пінгвіновага памёту.

Так, навукоўцы выявілі, што каля вялікіх калёній пінгвінаў мачавіна ўзьнімаецца ў паветра, дзе спрыяе ўтварэньню дробных часьцінак, вакол якіх пачынае кандэнсавацца вада і зьяўляюцца аблокі. Самі аблокі потым часткова адбіваюць сонечнае сьвятло і спрыяюць ахалоджваньню паверхні.

Каб спраўдзіць, ці сапраўды птушынае лайно ўплывае на клімат, дасьледнікі вымяралі колькасьць аміяку ў паветры за колькі кілямэтраў ад вялікай калёніі пінгвінаў. Калі вецер дзьмуў з боку птушынага міні-гораду, ровень аміяку значна павышаўся, што прысьпяшала ўтварэньне часьцінак серчанай кісьлі (H2SO4). Іхні памер быў ідэальны для пачатку кандэнсацыі вады з паветра і ўтварэньня аблокаў. Цікава, што эфэкт заставаўся заўважыным яшчэ тыдні пасьля таго, як калёнія перасялілася на новае месца.

Вядома, маштабы такога ўплыву ацаніць пакуль цяжка, але адмыслоўцы падазраюць, што такі "воблачны ўнёсак" могуць рабіць і іншыя марскія птушкі.
Forwarded from Бел.Read
Другі тур апытання, каб абраць твор, які б вы хацелі прачытаць на беларускай мове🎉
(можна абраць некалькі варыянтаў, працягнецца месяц - 31 дзень, перамагае варыянт з найбольшай колькасцю галасоў)
Final Results
27%
Discworld ("Плоскі Мір", цыкл)
30%
Atlas Shrugged ("Атлант расправіў плечы")
26%
The Three-Body Problem ("Задача трох цел")
30%
The Hitchhiker’s Guide to the Galaxy ("Аўтаспынам па галактыцы" - працяг)
16%
Foundation ("Заснаванне", цыкл)
24%
Jane Eyre (Джейн Эір)
Новае дасьледаваньне паказвае, што ў мазґах існуе асобная дапамінавая сыстэма, якая дапамагае фармаваць звычкі не праз узнагароду, а праз паўтарэньне дзеяньняў. Навукоўцы выявілі, што так званая "памылка прадказаньня дзеяньня" дапамагае запамінаць сам факт дзеяньня, нават калі яно не прыносіць ніякай карысьці. Гэта адкрыцьцё зьмяняе разуменьне таго, як мазґі ствараюць аўтаматызаваныя паводзіны, і можа быць важным для вывучэньня залежнасьцяў і абсэсій.

Падрабязнасьці чытайце ў першым допісе на substack:
https://cybulinka.substack.com/p/1f4
Ястраб навучыўся выкарыстоўваць сьветлафор для сваіх паляваньняў

У Нью-Джэрcі ястраб Astur cooperii прыстасаваўся да гарадзкога асяродзьдзя так хітра, што пачаў выкарыстоўваць аўтамабільныя заторы й гук сьветлафора для паляваньняў. Пра гэта паведамляецца ў Frontiers in Ethology.

Паводле аўтара артыкулу, назіраньні пачаліся на звычайным перакрыжаваньні ў Вэст-Оранджы. Калі людзі зьбіраліся пераходзіць дарогу й націскалі адпаведную кнопку, сьветлафор пачынаў выдаваць адмысловы гукавы сыгнал. Разам з тым, на дарозе часьцяком утвараўсяя невялікі затор з аўто, які даходзіў да невялікага дрэва побач. У такія моманты акурат з гэтага дрэва вылятаў на паляваньне ястраб. Ён спрытна пранікаў праз шэрах машын і лавіў птушак, якія зьбіраліся на двары суседняга дому.

З часам дасьледнік заўважыў, што драпежная птушка навучыўся ня толькі выкарыстоўваць аўто ў якасьці прыкрыцьця, але й арынтавацца па гуках сьветлафора. Так, ястраб залятаў на дрэва яшчэ да зьяўленьня машын, дзе чакаў адпаведнага "сыгналу сьветлафора". Імаверна, дапежнік запомніў, што пасьля пэўнага гукавога сыгналу ўтвараецца "шчыт" з машын, і можна ціхенька падкрасьціся да здабычы.

Такая стратэгія спраўна працавала й у наступным годзе, аднак сямʼя, якая карміла птушак хутка зьехала, а ястраб перабраўся ў іншае месца.
Электрычнае забруджваньне зьбіла з панталыку пчол

Навукоўцы з Брыстальскага ўнівэрсытэту паказалі, што нават слабое электрычнае поле, подобнае на тое, якое ўтвараецца пад лініямі электраперадач, зьмяняе паводзіны меданосных пчол падчас збору нэктару. Паводле апублікаванага ў іScіence дасьледаваньня, у штучных электрычных палях пчолы значна радзей садзіліся на кветкі, што можа ў пэрспэктыве адбіцца й на сельскай гаспадарцы.

Экспэрымэнт адбываўся на гарадзкім лузе ў Вялікай Брытаніі. Дасьледнікі пакідалі побач з кветкамі электроды, якія ўтваралі зьменнае й сталае поле. Разам з тым адсочваліся й паводзіны мясцовых пчол.

Вынікі аказаліся трывожнымі: пад уплывам зьменнага току пчолы на 71% радзей садзіліся на кветкі, а пад уплывам дадатнага (+) сталага току - на 53%. А вось пры адмоўным сталым току аніякіх зьменаў не адбывалася.

Агулам у досьледзе выкарыстоўвалі поле, падобнае па інтэнсыўнасьці на тое, якой можна выявіць у дзясятках мэтраў ад ліній электраперадач. Такім чынам, у зоне ”электрычнага забруджваньня” могуць быць мільёны гэктараў зямлі.

Цікава, што пчолы могуць успрымаць электрычныя сыгналы ад кветак як арыентыры. Натуральныя кветкі найчасьцей маюць адмоўны зарад, а пчолы падчас палёту зазапашваюць дадатны, што ўтварае своеасаблівую ”электрычную камунікацыю" паміж імі. Імаверна, штучныя электрычныя палі ўмешваюцца ў гэты працэс, і пчолам кветкі падаюцца не такімі прывабнымі.
Японскія навукоўцы знайшлі ў свойскіх катоў ген муркатлівасьці

У адрозьненьні ад большасьці іншых відаў каціных, свойскія каты праяўляюць высокую сацыялізацыю: яны спакойна ўжываюцца й камунікуюць з суродзічамі й людзьмі. Імаверна таму, мы маем працяглую гісторыю суіснаваньня з гэтымі жывёламі, але чамусьці шмат чаго пра іх не ведаем.

Часткова пазбавіцца прагалаў у ведах паспрабавалі японскія навукоўцы, якія сваім дасьледаваньнем паказалі, што здольнасьць свойскіх катоў муркатаць і гучна "размаўляць" можа залежаць ад варыянтаў аднаго гена — рэцэптара андрагенаў.

Навукоўцы зладзілі паводзінны аналіз 280 катоў з усяе Японіі, усе яны былі выключна хатнімі гадаванцамі, стэрэлізаванымі й зьмяшаных парод. Гаспадарам прапаноўвалі ацэньваць частату муркатаньня й гукавых кантактаў сваіх гадаванцаў. Таксама аўтары сабралі ўзоры ДНК кожнага ката й прааналізавалі ген андрагеннага рэцэптару, параўнаўшы яго з адпаведнікам у іншых відаў каціных.

У выніку высьветлілася, што каты з кароткім варыянтам згаданага гену агулам муркаталі й размаўлялі з гаспадарамі часьцей, чым тыя, у каго быў даўжэйшы варыянт гену. Апрача гэтага, самцы з кароткім варыянтам былі больш гаваркімі, а вось самкі з такім генам аказалі больш агрэсыўнымі да незнаёмцаў.

Яшчэ аўтары адзначылі, што даўжэйшую вэрсыю гена андрагеннага рэцэптару маюць толькі свойскія каты, а ў іншых каціных яе няма. Гэта дае падставу меркаваць, што яна зьявілася ў выніку дамэстыкацыі й сэлекцыі.
Дасьледнікі зь Ельскай мэдычнай школы стварылі першую вузавую мадэль лятэнтнай хваробы Кройцфэльда-Якаба. Яны паказалі, што інфікаваныя нэўроны могуць выглядаць здаровымі, пакуль не спыняць дзяленьне - тады яны пачынаюць выпрацоўваць інфэкцыйныя часьцінкі й запускаюць моцную імунную рэакцыю. Гэта й іншыя вынікі дасьледаваньня паказваюць на тое, што інфэкцыйным агентам у выпадках прыённай хваробы Кройцфэльда-Якаба можа быць зусім не прыён, а штосьці іншае.

https://cybulinka.substack.com/p/84e
Фізыкі растлумачылі, адкуль бярэцца гук пляскату ў далоні

Дагэтуль меркавалася, што гук воплеску ўтвараецца ад простага ўдару скуры далоней, аднак новае дасьледаваньне, апублікаванае ў Physical Review Research, паказала існую прыроду гуку. Аказалася, што сапраўднай крыніцай гуку воплескаў зьяўляецца рэзананс Гэльмгольца — зьява, якая ляжыць у аснове гука, які ўзьнікае, калі падуць у бутэлечнае рыльца.

Так, калі далоні складваюцца й сутыкаюцца, паміж імі ўтвараецца поласьць з вузкай адтулінай між адзінцом (вялікім пальцам) і паказальнікам. Падчас воплеску, сьціснутае паветра з гэтай міні-камэры вылятае праз адтуліну, утвараючы пры гэтым характэрны гук.

Каб даказаць гэта, каманда зладзіла шэраг досьледаў з удзелам людзей у веку ад 18 да 70 гадоў. Людзі білі ў ладкі рознымі спосабамі, а адмысловыя камэры, мікрафоны й чуйнікі ціску фіксавалі ўсе дробязі. Для візуалізацыі паветранага струменя, навукоўцы пасыпалі далоні ахвотнікаў дзіцячай прысыпкай. Так удалося высьветліць, што пры кожным воплеску паветра вырывалася з хуткасьцю 90 м/с, што фізыкі клясыфікуюць як турбулентны струмень.

Аднак насуперак чаканьням, ня сам струмень і не вібрацыя тканак утвараюць гук, а менавіта рэзананс, які ўзьнікае пры выхадзе паветра з "рыльца" далоннай камэры. У залежнасьці ад формы далоні, гучнасьць і танальнасьць воплеску мяняюцца. Напрыклад, шчыльна згрупаваныя далоні даюць больш нізкі гук, а пляскатыя — высокі. Дарэчы, найгучней пляскаць атрымліваецца тады, калі пальцы аднае рукі бʼюць далонь другой.
Фляваноіды разнастайнага паходжаньня падоўжылі жыцьцё людзей

Людзі, якія ядуць розныя прадукты, багатыя на фляваноіды маюць меншую рызыку сурʼёзных захворваньняў, такіх як цукровы дыябэт 2 тыпу, сэрцава-судзінныя й нэўралягічныя праблемы, а таксама рак. Да такой высновы прыйшла міжнародная каманда навукоўцаў, якая прааналізавала дадзеныя больш за 120 000 чалавек у веку ад 40 да 70 гадоў.

Фляваноіды — гэта біялягічна актыўныя злучэньні, якія прысутнічаюць у шматлікіх расьлінах. Аўтары ўпершыню паказалі, што важны ня толькі агульны абʼём гэтых злучэньняў у рацыёне, але й іхная разнастайнасьць.

Паводле вынікаў дасьледаваньня, штодзённае спадываньне 500 мг фляваноідаў (прыкладна 2 кубкі гарбаты) было зьвязанае з 16% зьніжэньнем рызыкі заўчаснай сьмерці. Аднак тыя, хто атрымліваў аналягічную колькасьць карысных злучэньняў з розных крыніц (гарбата, яблыкі, ягады), мелі яшчэ ніжэйшы адсотак рызыкі праблем са здароўем.

Тлумачыцца гэта тым, што розныя тыпы фляваноідаў па-рознаму ўплываюць на арганізм. Так адны могуць зьніжаць артэрыяльны ціск, а іншыя змагаюцца з запаленьнем.
Шымпанзэ заразіліся пазяханьнем ад робата

Новае дасьледаваньне, апублікаванае ў Scientific Reports, паказала, што шымпанзэ Pan troglodytes могуць падхапіць пазяханьне ад чалавекападобнага робата, які імітуе чалавечыя мімічныя рухі.

Экспэрымэнт ладзілі з удзелам 14 прыматаў у веку ад 10 да 33 гадоў і выкарыстаньнем гуманоіднага робата, што мог імітаваць чалавечае зьдзіўленьне, нэўтральны твар і пазяханьне. У выніку найчасьцей апошняя імітацыя выклікала найбольшую цікавасьць у шымпанзэ: яна ня толькі пераймалі позехі, але й пачыналі рыхтавацца да адпачынку, зьбіраючы посьцілку й укладваючыся на яе.

Паводле навукоўцаў, гэта першы выпадак, калі эфэкт заразнага пазяханьня праявіўся ў адказ на нежывы абʼект. Таксама зьвяртаецца ўвага на тое, што гэты таямнічы рэфлекс можа граць ролю сыгналу да адпачынку.
Новая генная тэрапія ад хваробы Альцгаймэра дапаможа захоўваць кангнітыўныя функцыі

Навукоўцы з Мэдычнай школы Ўнівэрсытэта Каліфорніі ў Сан-Дыега распрацавалі генную тэрапію, якая можа стаць прарыўным крокам у барацьбе з хваробай Альцгаймэра. У адрозьненьне ад традыцыйных прэпаратаў, дзеяньне якіх накіраванае на выдаленьне адкладаў шкодных бялкоў у мазгах, новая мэтодыка ўплывае на паводзіны саміх нэрвовых вузаў, імкнучыся спыніць разьвіцьцё хваробы.

Хвароба Альцгаймэра выклікае паступовую гібель нэўронаў і страту памяці, але ў выпрабаваньнях на мышах новая тэрапія паказала здольнасьць абараняць функцыянаваньне гіпакампу – зоны, дзе рэгулюецца памяць. Больш за тое, у досьледных жывёл узоры геннай актыўнасьці пасьля тэрапіі нагадвалі тыя, што былі ў здаровых асобін. Гэта можа сьведчыць пра магчымасьць вяртаньня некалі пашкоджаных вузаў у больш здаровы стан.

У аснове мэтаду ляжыць вірусны вэктар, які дастаўляе адказны за сынтэз бялка кавэаліна-1 (Cav-1) ген непасрэдна ў гіпакамп хворых мышэй. Празь некаторы час пасьля іньекцыі, мышы прайшлі адмысловае тэставаньне кагнітыўных функцый, дзе паказалі добрыя вынікі. Таксама адбылося павелічэньне формаў бялкоў, якія дапамагаюць вузам камунікаваць і абараняюць іх ад пашкоджаньняў. Такі эфэкт дазваляе нэўронам нармальна функцыянаваць пры хваробе.
Зьмены клімату пагоршылі смак францускага сыру

Францускія навукоўцы высьветлілі, што выкліканая глябальным пацяпленьнем зьмена кармоў для быдла, можа нэгатыўна паўплываць на пажыўныя й сэнсарныя ўласьцівасьці традыцыйнага францускага сыру канталь.

Праз усё больш частыя засухі, фэрмэры ў рэгіёне Авэрнь, дзе вырабляюць сыр Канталь, усё часьцей пераводзяць кароў на кукурузу, бо травы наўпрост не застаецца. Гэта дапамагае ня толькі падтрымліваць вытворчасьць прадуктаў, але й скараціць выкіды мэтану.

Дасьледнікі з Нацыянальнага інстытуту сельскай гаспадаркі Францыі зладзілі экспэрымэнт з удзелам 40 кароў розных парод. Аўтары змадэлявалі засуху й часткова замянілі траву ў рацыёне быдла на кукурузны корм. З атрыманага малака зрабілі сыр і зладзілі яму хэмічны аналіз.

У выніку сыр з мала кароў, якія елі пераважна кукурузу, меў ня толькі менш насычаны смак, але й зьніжаную колькасьць карысных тлустых кіслот і прабіётыкаў.
Знайшлася група з 500 нэўронаў, якія тармозяць празьмернае спажываньне алькаголю

Папярэднія дасьледаваньні ўжо выявілі, што зоны мазгоў, адказныя на кантроль празьмернага спажываньня алькаголю, такія як прэфрантальная кара, але бракавала разрознасьці, каб вызначыць пэўныя групы нэўронаў. Гэта ўдалося зрабіць навукоўцам з Унівэрсытэту Масачусетса.

У дасьледаваньні на мышах выкарыстоўваліся перадавыя мэтады, уключаючы оптагенэтыку й аналіз актыўнасьці нэўронаў у рэальным часе. Такі падыход дазволіў вызначыць ансамбль з 500 нэўронаў, які актывуецца падчас запойнага піцьця й ён жа можа стаць «выключальнікам» такіх паводзінаў.

Падаецца, вызначэньне такой пэўнай групы вузаў, зьвязанай з кантролем спажываньня алькаголю, адбылося ўпершыню. Агулам адкрыцьцё дае надзею на распрацоўваньне дакладных мэтадаў лячэньня алькагольнай залежнасьці праз узьдзеяньне на гэныя нэўроны.
Нястача жалеза ў маці падчас цяжарнасьці можа запусьціць зьмену полу эмбрыёнаў

Навукоўцы з Унівэрсытэту Осака выявілі, што дэфіцыт жалеза ў арганізьме самкі мышы можа справакаваць пераўтварэньне самцовых эмбрыёнаў у самкавыя, нават калі іхны генэтычны пол мужчынскі. Пра гэта паведамляецца ў Nature.

Паводле клясычнай мадэлі, пол у сысуноў вызначаецца на падставе храмасом. Так, у наяўнасьці гену Sry на Y-храмасоме запускаецца шэраг падзей, якія прыводзяць да фармаваньня ЯЕЧКАЎ.Ключавую ролю тут грае фэрмэнт KDM3A, які актывуе Sry, але толькі пры дастатковым узроўні жалеза, іначай ген проста не ўключаецца нармальна й могуць сфармавацца зьмешаныя палавыя залозы. Калі Y-храмасомы разам з гэтым генам няма, то разьвіваюцца яечнікі.

У досьледах японскія навукоўцы давалі цяжарным мышам прэпараты, якія блякуюць засваеньне жалеза й назіралі за разьвіцьцём эмбрыёнаў. У выніку ў часткі мужчынскіх зародкаў разьвіліся жаночыя палавая органы. Такі эфэкт быў найбольш выразным, калі эмбрыёны мелі мутацыю ў адным з генаў, зьвязаных з фэрмэнтам KDM3A.

Гэтае адкрыцьцё ставіць пад сумнеў ранейшую перакананасьць у тым, што палавое разьвіцьцё эмбрыёнаў залежыць выключна ад генэтычнай праграмы. Упершыню паказана, што на гэты працэс могуць уплываць мэтабалічныя ўмовы ў целе маці.
Рэкамендуем канал «De facto. Беларуская навука»

У De facto – свежыя даследаванні не толькі беларускіх, але і замежных навукоўцаў, калі яны датычацца нашай краіны. Таксама там навіны пра новыя кнігі і навуковыя стажыроўкі.

Сярод апошніх публікацый – беларускі навуковец датаваў архітэктурныя знаходкі ў Албаніі 5 тысячагоддзем да н.э.; у Беларусі знайшлі дзікарослыя расліны, якія лічыліся зніклымі; пылок беларускіх бяроз прымушае пакутаваць жыхароў Ісландыі.

Падпісвайцеся на De facto. Беларуская навука (https://t.me/BelarusScience).
Папулярныя прэпараты на аснове сэмаглютыду набіраюць папулярнасьць, але выкарыстаньне іх для кантролю вагі мае свае нюансы і пабочныя эфэкты. Такія прэпараты імітуюць гармон GLP-1, які выклікае працяглае пачуцьцё сытасьці, зьніжаючы спажываньне калёрый чалавекам.

Аднак існуюць натуральныя спосабы павысіць узровень GLP-1 і трымацца нармальнай вагі. Дасьледаваньні паказваюць, што ўключэньне некаторых прадуктаў, багатых на харчовыя валокны (абалоніна, цэлюлёза) і монаненасычаныя тлушчы могуць спрыяць выпрацоўваньню чароўнага гармону наетасьці. Але ці будзе такі падыход дастаткова эфэктыўным? Агулам, так, але чытайце падрабязьней у артыкуле на substack.

https://cybulinka.substack.com/p/a2a