cybulinka
1.53K subscribers
1.56K photos
82 videos
7 files
1.63K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Этыёпскія шакалы пачаставаліся нэктарам

Дасьледнікі з праграмы захаваньня ваўкоў у Этыёпіі зафіксавалі незвычайныя паводзіны мясцовых шакалаў (Canіs sіmensіs): яны зьбіралі нэктар з кветак Knіphofіa folіosa. Некаторыя шакалы наведвалі да 30 кветак за адзін раз, і такія паводзіны назіраліся ў прадстаўнікоў розных зграяў. Маладыя шакалы, хутчэй за ўсё, вучацца гэтай практыцы, назіраючы за дарослымі.

Пакрываючы пысы пылком, шакалы могуць спрыяць апыленьню расьлін. Гэтае ўзаемадзеяньне можа быць унікальным прыкладам удзелу буйнога драпежніка ў апыленьні й упершыню дэманструе выкарыстаньне нэктару ў рацыёне мясаеднага жывёлы.

Адмыслоўцы, якія наважыліся пакаштаваць нэктар K. folіosa, кажуць, што ён мае прыемны, салодкі смак.
30👍9
Кагнітыўныя здольнасьці астранаўтаў зьнізіліся на нізкай калязямной арбіце

NASA зладзіла дасьледаваньне з удзелам 25 астранаўтаў, якіх папарасілі зрабіць адмысловыя тэсты перад палётам на МКС, падчас місыі ў космасе, і пасьля яе. У выніку аказалася, што працяглае знаходжаньне ў космасе запавольвае хуткасьць выкананьня задач, зьвязаных з рабочай памяцьцю, увагай і апрацоўваньнем інфармацыі. Пры гэтым дакладнасьць выкананьня задач заставалася нязьменнай, а пасьля вяртаньня на Зямлю кагнітыўныя паказьнікі нармалізаваліся празь некаторы час.

Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на кагнітыўныя функцыі, зьяўляюцца стрэсавыя ўмовы космасу, такія як радыяцыя, мікрагравітацыя й фізычныя нагрузкі падчас місыяў. Хоць зьмены кагнітыўных здольнасьцяў носяць часовы характар, касьмічнае асяродзьдзе аказвае значны ўплыў на арґанізм у цэлым, выклікаючы такія праблемы, як страта шчыльнасьці касьцей, атрафія цягліц і зьмены ў мазґах, уключаючы абʼём шэрай матэрыі й сьпіннамазґавой вадкасьці.

З улікам падрыхтоўкі NASA да місыяў на Месяц і Марс у рамках праґрамы Artemіs, важна працягваць дасьледаваньні ўплыву космасу на здароўе й распрацоўваць меры для абароны астранаўтаў у працяглых экспэдыцыях.
👍175🤔5
У галаве кітайца знайшлі начную Эйфелеву вежу

50-гадовы мужчына зьвярнуўся па дапамогу лекараў, бо цягам году ў яго быў моцны галаўны боль і ваніты. Прытым сымптомы паступова ўзмацняліся. Мэдыкі таксама выявілі моцную напружанасьць шыйных цягліц і праблемы з каардынацыяй: пацыент ня мог зь першай спробы дакрануцца пальцам носа.

Наступны аналіз выявіў прыкметы запаленьня ў агарнізьме. У пацыента быў падвышаны ровень імунаглабулінаў і бялку, а ціск сьпіннамазґавой вадкасьці быў значна вышэй за норму.

Уласна выявіць асяродак запалень дапамагла тамаграфія. На здымках лекары пабачылі “прыкмету начной Эйфелевай вежы”. Гэта характэрная карціна на МРТ-здымках, якая назіраецца пры разьмеркаваным запаленьні цьвёрдай мазґавой абалонкі. Звычайна такі сымптом выклікаюць інфэкцыі, аўтаімунныя захворваньні, пухліны й праблемы з судзінамі.

Пацыенту выпісалі курс процізапаленчых прэпаратаў, і праз 2 месяцы ягоны стан значна палепшыўся.
👀18😱9👍4
Пяціхвілінкі ў экстрэмальным холадзе палепшылі якасьць сну

Канадзкія й францускія навукоўцы выявілі, што кароткія сэансы пры экстрэмальна нізкіх тэмпэратурах могуць пазытыўна ўплываць на якасьць сну. Дасьледаваньне, праведзенае з удзелам 9 жанчын і 11 мужчын, паказала, што штодзённыя працэдуры ў крыякамэры (-90°C, па 5 хвілін у дзень) спрыялі паляпшэньню сну, асабліва яго глыбокіх фаз.

Найбольшыя зьмены назіраліся на пяты дзень экспэрымэнту: у сярэднім працягласьць глыбокага сну павялічылася на 7,3 хвіліны. Людзі таксама субʼектыўна адзначалі паляпшэньне якасьці сну, прычым эфэкт быў больш выразны ў жанчын.

Дасьледнікі мяркуюць, што крыястымуляцыя можа стаць пэрспэктыўным мэтадам барацьбы з парушэньнямі сну, калі вынікі спраўдзяцца на большых выбарках.
👍2510😁7
Спажываньне кавы можа паспрыяць здароўю кішэчніка

Міжнародная група навукоўцаў выявіла, што ў людзей, якія рэгулярна ўжываюць каву, значна больш бактэрый Lawsonibacter asaccharolyticus у кішэчнай мікрафлоры. Гэта адкрыцьцё зроблена на аснове аналізу дадзеных больш за 77 000 чалавек з розных краін. З папярэдніх работ было вядома, што некаторыя прадукты й напоі зьмяняюць мікрабіём. Але якія прадукты спрыяюць здароваму мікрабіёму, а якія шкодзяць, дагэтуль незразумела.

У сваім дасьледаваньні аўтары сканцэтраваліся на каве, бо яна даволі папулярная, і можна сабраць вялікую выбарку аматараў гэтага напою, і тых, хто яго не спажывае. У выніку высьветлілася, што ў аматараў кавы ўзровень згаданых бактэрый быў у восем разоў вышэй, чым у тых, хто каву не ўжывае, і гэтая розьніца назіралася ў ґлябальным маштабе.

Аўтары працы падкрэсьліваюць, што пакуль незразумела, які ўплыў павышаны ўзровень L. asaccharolyticus аказвае на здароўе але ўжо вельмі цікава. Аднак яны мяркуюць, што гэта можа быць зьвязана з пазытыўнымі эфэктамі, якія прыпісваюць каве. Дасьледаваньне пацьвярджае важнасьць асобных прадуктаў у фармаваньні мікрабіёму кішэчніка, што адкрывае пэрспэктывы для далейшага вывучэньня ўплыву харчаваньня на здароўе чалавека.
👍267😁4🤷‍♂2
Даматурства пагоршыла людзям памяць

Паганыя навіны для даматураў аматараў канапы й сэрыялаў: аказваецца, спорт карысны ня толькі для прэса, але й для мазґоў. Фінскія дасьледнікі, натхнёныя барацьбой зь лянотай чалавецтва, вывучылі сувязь паміж фізычнай актыўнасьцю й працоўнай памяцьцю. Яны прыйшлі да высновы, што спартоўцы лепш выконвалі некаторыя задачы, чым тыя, хто меў мала фізычнай актыўнасьці. Асабліва сумна выглядаюць аматары сядзячага ладу жыцьця — іх памяць, здаецца, адпачывае разам зь імі.

Каб зрабіць такія высновы, навукоўцы прааналізавалі аж 21 дасьледаваньне з удзелам 1455 чалавек. Большая часта людзей з выбаркі прафэсыйна займалася баскетболам, бэйсболам і фэхтаваньнем. Таму, калі вы гуляеце ў шахматы на канапе, гэты «навуковы прарыў» можа прайсьці міма вас.

Вядома, сувязь паміж спортам і мозгам — гэта толькі карэляцыя, а не прамы доказ. Але хто мы такія, каб спрачацца з дасьледаваньнем, апублікаваным у салідным часопісе Memory. Аўтары сьцьвярджаюць, што іхняя праца пацьвярджае: спорт паляпшае кагнітыўныя здольнасьці. Прычым ня толькі ў маладых і бадзёрых, але й у тых, хто ўжо не памятае, дзе пакінуў акуляры.
👍19😢12😁53💯2
Навукоўцы знайшлі пэрспэктыўны мэханізм барацьбы з пухлінамі. Дапамог covіd-19

Амэрыканскія навукоўцы выявілі дзіўную сувязь паміж COVІD-19 і рэгрэсіяй раку. Аказалася, што вірус SARS-CoV-2 можа стымуляваць зьяўленьне ўнікальных імунных вузаў, здольных атакаваць пухліны. Гэтыя «індуцыбельныя неклясычныя монацыты» (І-NCMs), якія актывуюцца пры цяжкім COVІD-19, ня толькі пранікаюць у пухліны, але й прыцягваюць туды натуральных кілераў, якія зьніжаюць абʼём новаўтварэньня.

Агулам адкрыцьцё пачалося з актывацыі віруснай РНК, якая пераўтварае звычайныя белыя крывяныя цельцы ў іх «супэрвэрсію». А потым яны з дапамогай спэцыфічнага рэцэптару CCR2 і пранікаць у пухліны, куды раней імунным вузам было немагчыма дабрацца.

Дасьледаваньне знаходзіцца на пачатковым этапе, і пакуль вынікі назіраліся толькі на жывёльных мадэлях. Аднак навукоўцы ўжо натхніліся пэрспэктывай фармакалягічнага стварэньня новага тыпу вызаў для лячэньня агрэсыўных альбо ўстойлівых да тэрапіі тыпаў раку. Наперадзе клінічныя выпрабаваньні й вялікая праца, але адкрыцьцё абяцае стаць пераломным момантам для пацыентаў, якія вычарпалі традыцыйныя мэтады лячэньня.
👍29🤔12👏1😁1👀1
Дасьледнікі прапануюць ладзіць вакцынацыю ад малярыі камарамі

Навукоўцы распрацавалі незвычайную стратэгію вакцынацыі ад малярыі — з дапамогай укусаў камароў, якія нясуць генэтычна мадыфікаванага паразыта Plasmodіum falcіparum. Новы мэтад прадэманстраваў зьніжэньне ўспрымальнасьці да хваробы ў людзей і, магчыма, прывядзе да стварэньня больш эфэктыўнай вакцыны супраць захворваньня, якое штогод паражае каля 250 мільёнаў чалавек.

Падчас выпрабаваньняў удзельнікаў "вакцынавалі" праз укусы малярыйных камароў, якія несьлі ў сабе мадыфікаваных паразытаў. Гэтыя паразыты былі запраграмаваныя такім чынам, каб іхняе разьвіцьцё спынялася на раньніх стадыях, не даючы малярыі разьвівацца. У выніку амаль 90% людзей, укушаных камарамі з мадыфікааным паразытам (GA2), пазьбеглі заражэньня. Раней падобныя спробы мадыфікацыі мелі эфэктыўнасьць толькі ў 13%.

Цяпер існуюць дзьве вакцыны супраць малярыі, але іх эфэктыўнасьць абмежаваная 75%, а для падтрыманьня імунітэту патрабуецца паўторная вакцынацыя. Генэтычна мадыфікаваныя паразыты, такія як GA2, прапануюць пэрспэктыўны альтэрнатыўны падыход, здольны забясьпечыць больш доўгатэрміновую абарону.

Пабочныя эфэкты выпрабаваньняў былі мінімальнымі, за выключэньнем чаканага сьвербу ад укусаў ”вакцынатараў”. дасьледнікі плянуюць спраўдзіць свае вынікі на большай выбарцы, каб вывучыць магчымасьць прымяненьня гэтага мэтаду ў маштабах, неабходных для барацьбы з глябальнай эпідэміяй.
👍20😱72👏1
Высокі ўзровень тэстастэрону не павысіў сэксуальную цягу ў мужчын

Амэрыканскія псыхолягі сумесна з польскімі калегамі зладзілі дасьледаваньне, якое абвяргае папулярны стэрэатып аб сувязі ўзроўню тэстастэрону з сэксуальным поцягам ў мужчын.

Навукоўцы папрасілі 41 мужчыну цягам месяца здаваць узоры сьліны для кантролю ўзроўню тэстастэрону, а таксама весьці адмысловы дзёньнік, дзе трэба было фіксаваць узровень поцягу й думкі ра рамантычныя альбо сэксуальныя стасункі.

У выніку аўтары не знайшлі аніякай прамой залежнасьці паміж штодзённымі ваганьнямі ўзроўню тэстастэрону й сэксуальнай цягай.

Аднак дзеяньне гармона праявілася ў іншай сфэры. Так, у адзінокіх мужчын высокі ровень тэстастэрону супадаў з днямі, калі яны былі найбольш актыўнымі ў заляцаньнях і пошуках партнэра. То бок, гармон хутчэў уплываў на імкненьне прыцягнуць увагу патэнцыйнага партнэра, чым на сам поцяг.
👍20🤔11😁9🔥4🤷‍♂1
У рацыёне вэгетарыянцаў знайшлося шмат нездаровых прадуктаў

Дасьледчыкі з Імпэрскага каледжа Лёндану, Унівэрсытэта Сан-Паўлу й Міжнароднага агенцтва па дасьледваньні раку выявілі, што брытанскія вэгетарыянцы й веганы спажываюць больш ультраапрацаваных прадуктаў, чым іхнія мясаедныя суайчыньнікі.

Аналіз зьвестак 200 тысяч чалавек з праекта UK Biobank паказаў, што, нягледзячы на адмову ад мяса, расьлінная дыета часта ўключае штучнае мяса, локшыну, сухія сьняданкі й іншыя рафінаваныя прадукты, багатыя хімічнымі дабаўкамі й кансэрвантамі.

Хоць вэгетарыянства асацыюецца з ладам жыцьця, багатым на садавіну й гародніну, на практыцы гэта часта ператвараецца ў "сьвята" пакетаванай ежы. Іронія сытуацыі ў тым, што карысьць для здароўя, зьвязаная з адмовай ад мяса, можа быць зьведзеная на нішто шкодай ад такіх прадуктаў. Тым часам мяса ў сваім натуральным выглядзе часьцяком апрацоўваецца значна менш, чым соевы бургер, бо яно мае большую візуальную прывабнасьць.

Такім чынам, пераход да вэгетарыянства не заўсёды настолькі карысны, як хацелася б, асабліва калі гародніна ў мэню замяняецца абы чым.
👍26😁17💯4🌚2
Вызначыць пол ката на фота можа быць даволі простай задачай: дастаткова зірнуць на колер ягонай поўсьці. Вядома, што большасьць рудых катоў — самцы. Гэты эфэкт зьявязаны з асаблівасьцямі кацінай ґенэтыкі, якія таксама тлумачаць, чаму толькі коткі могуць пахваліцца трохколернай афарбоўкай.

Навукоўцы ўжо больш за 60 гадоў спрабуюць вызначыць, які ґен адказвае за руды колер поўсьці. Цяпер дзьве незалежныя групы дасьледнікаў, відаць, знайшлі адказ на гэтае пытаньне.
🤔21👍106👏1
Загадка колеру кацінай поўсьці, падаецца, разгаданая

Каб зразумець такія ґендэрныя асаблівасьці афарбоўкі катоў і котак, трэба ўспомніць насьледаваньне X-храмасом, бо менавіта там і хаваюцца важныя для афарбоўкі ґены. Так, у самак 2 X-храмасомы: адну яны атрымліваюць ад маці, а другую — ад бацькі. А вось у самцоў толькі адна такая храмасома, якую аны атрымалі ад маці, а другая — Y ад бацькі. Таму кот на здымку, няйначай, сваю афарбоўку атрымаў у спадчыну ад маці.

Але дзьве Х-храмасомы патрэбныя не заўсёды. Напрыклад, вузам дастаткова адной, таму падчас эмбрыяґенэзу ў кожнай зь іх "выключаецца" адна з X-храмасом. У выніку на скуры самкі праяўляюцца плямы поўсьці рознага колеру, у залежнасьці ад таго, якая з X-храмасом выключылася. Але у справу можа ўключыцца іншы ґен, які часткова блякуе сынтэз пігменту, тады поўсьць застаецца белай.

Бальшыня сысуноў, у тым ліку й людзі, атрымліваюць руды колер праз мутацыі ў бялку Mc1r, які рэгулюе тое, які пігмэнт і ў якой колькасьці будзе сынтэзавацца ў вузах скуры. Але ў катоў гэты ґен такога ўплыву ня мае. Mc1r не знаходзіцца на X-храмасоме, і ў рудых катоў ён без мутацыяў.

Каб знайсьці сапраўдную прычыну загадкавасьці афарбоўкі катоў, навукоўцы сабралі ўзоры скуры жывёлак з рудой і чорнай поўсьцю, а потым паглядзелі, якія ґены актыўныя ў адказных за пігмэнт мэлянацытах. Аказалася, што ў рудых катоў адзін з ґенаў (Arhgap36) меў у 13 разоў большую актыўнасьць, чым ў жывёл іншага колеру. Таксама гэты ґен знаходіцца на X-храмасоме, што прыцягнула ўвагу навукоўцаў.

Аднак на ДНК у адпаведным Arhgap36 участку мутацый аніякіх не было. Затое побач знайшоўся адсутны кавалачак, які рэгулюе колькасьць згаданага бялку. Наступнае дасьледаваньне выявіла няўнасьць такой мутацыі ва ўсіх рудых і трохкаляровых катоў.

Іншае дасьледаваньне навукоўцаў зь Японіі выявіла тую ж мутацыю ў дзясяткаў катоў са сваёй краіны й па ўсім сьвеце. Таксама выявілася, што ў плямах рудой поўсьці актыўнасьць ґену Arhgap36 была значна вышэйшай, чымся ў плямах іншага колеру.
👍288🤔4🤷‍♂1
У хрыбетных знайшлося шмат нагодаў паесьці гаўна

Зоолягі высьветлілі, што больш за 150 відаў пазваночных, уключаючы рыб, амфібій, птушак і сысуноў, пэрыядычна спажываюць экскрэменты дзеля атрыманьня пажыўных рэчываў. Такія паводзіны (капрафагія) дапамагаюць палепшыць страваваньне, перадаць маладняку сімбіятычныя бактэрыі або кампэнсаваць дэфіцыт энэргіі й вады. Асабліва актуальная капрафагія ў экалягічных сыстэмах, бедных на рэсурсы. Аўтары нават вылучылі сем катэгорый капрафагіі, заснаваных на крыніцах экскрэментаў, стадыі разьвіцьця жывёлы й даступнасьці альтэрнатыўнай ежы.

Напрыклад, траваедныя сысуны й галавастыкі ядуць уласны памёт для павышэньня эфэктыўнасьці страўленьня ежы. Маладняк каал і сланоў есьць фекаліі бацькоў, каб атрымаць карысныя бактэрыі. Многія птушкі й чорныя мядзьведзі, наадварот, ядуць памёт сваіх дзіцянят, папаўняючы дэфіцыт вады й энэргіі. Жыхары пячор, такія як сьляпыя тэтры й саламандры, харчуюцца фекаліямі кажаноў, бо гэта адна зь нешматлікіх даступных крыніц ежы.

Таксама капрафагія распаўсюджана ў багатых на рэсурсы экалягічных сыстэмах, дзе некаторыя жывёлы, уключаючы чарапах і аленяў, спажываюць гаўно дзеля рэшткаў насеньня й пажыўных рэчываў. Дасьледнікі не выявілі відаў, якія цалкам залежаць ад капарафагіі, але даказалі, што яна грае важную ролю ў харчаваньні й экалёгіі многіх жывёл.
🌚36😁8👍6🐳4🤣2🍌2🤷‍♂1
Мужчыны, якія імкнуцца адпавядаць традыцыйным ґендэрным ролям, маюць вышэйшую рызыку самагубстваў

Мужчыны значна часьцей за жанчын зьдзяйсьняюць самагубствы, асабліва тыя, хто імкнецца адпавядаць традыцыйным уяўленьням пра мужнасьць, такім як незалежнасьць і кантроль над эмоцыямі. Дасьледаваньне, зладжанае Цюрыскім унівэрсытэтам, паказала, што падобныя ўстаноўкі могуць павышаць рызыку самагубства, асабліва сярод маладых мужчын.

Дасьледчыкі прааналізавалі зьвесткі амаль 500 мужчын* зь нямецкамоўных краін і падзялілі іх на тры групы: эгалітарысты (60%), якія мала залежаць ад традыцыйных ідэалогій; гульцоў (15%), для якіх важны статус і сэксуальны посьпех; і стоікаў (25%), якія падкрэсьліваюць незалежнасьць, падаўляюць эмоцыі й схільныя да рызыкі. Менавіта апошнія аказаліся найбольш уразьлівымі, дэманструючы рызыку суіцыдальных спроб амаль ў тры разы вышэйшую, чым у эгалітарыстаў. Падыход да крызісаў у такіх мужчын часта зводзіцца да перакананьня «разьвязаць праблемы самастойна», што ў спалучэньні са схільнасьцю да рызыкі можа прывесьці да самагубства як да «адзінага выйсьця».

Стоікамі, як правіла, зьяўляюцца маладыя мужчыны, бо яны часьцей зьвяртаюцца да традыцыйных мужчынскіх ідэалогій у пошуках сваёй ідэнтычнасьці. Дасьледнікі рэкамэндуюць адаптаваць прафіляктычныя меры для гэтай групы. Напрыклад, спэцыялістам варта больш уважліва ставіцца да «схаваных» праяваў дэпрэсіі ў мужчын, такіх як саматычныя скаргі або агрэсіўныя паводзіны. Таксама важна распрацоўваць псыхатэрапеўтычныя мэтады, якія дапамагаюць зьнізіць уплыў стэрэатыпных ґендэрных роляў.

*13% удзельнікаў ужо мелі спробы самагубства, чвэрць мела дыягнаставаную дэпрэсію, а пятая частка праходзіла псыхатэрапію.
😢25💯11👍10😁3🤷‍♂2👏2😐1
Амэрыканец адчуў на сабе эфэкт баршчэўніка пасьля кантакту з сокам лайма

40-гадовы мужчына зьвярнуўся ў амэрыканскую клініку з апёкамі й раздражненьнем скуры на абедзьвюх далонях. Сымптомы зьявіліся два дні таму, акурат пасьля таго, як мужчына выціснуў сок 12 лаймаў голымі рукамі, а пасьля пайшоў на футбольны матч пад сонцам.

Мэдыкі пры аглядзе выявілі пачырваненьне скуры, якое ахоплівала вялікія пальцы рук, невялікі пухір і лёгкую прыпухласьць. Пад пярсьцёнкам на безыменным пальцы скура ня мела аніякіх пашкоджаньняў.

У выніку ў пацыента дыягнаставалі фітафотадэрматыт. Гэта рэакцыя скуры, выкліканая фуракумарынамі з расьлін і ультрафіялетам. Фуракумарыны вядомыя сваёй здольнасьцю зьмяншаць натуральную абарону скуры ад сонца. Такія злучэньні сустракаюцца ў лаймах, салеры, пятрушцы, баршчэўніку й некаторых іншых расьлінах.

Лекары прызначылі пацыенту гарманальны крэм і зьмякчальныя сродкі. Аднак праз чатыры дні пасьля кантакту з сокам лайма ў яго зьявіўся яшчэ адзін пухір на правым вялікім пальцы. Праз два тыдні скура ў пашкоджаных месцах пацямнела й пачала лупіцца, а поўнае аднаўленьне заняло некалькі месяцаў.
😱26👍5🤷‍♂31
Самая старая дзікая птушка зноўку чакае птушаня

Самка гавайскага альбатроса Phoebastria immutabilis Ўіздам, якой празь некалькі месяцаў споўніцца 74 гады, зноў пачала размнажацца. Ўіздам лічыцца самай старой дзікай птушкай у сьвеце. Сёлета яна вярнулася на атол Мідуэй, дзе жыве шмат марскіх птушак, і адклала яйка ўпершыню за чатыры гады.

Раней, у 2021 годзе, зьнік ейны сталы партнэр Акеакамаі, зь якім Ўіздам гнездавалася больш за дзесяць гадоў. Пасьля гэтага яна не размнажалася, хоць яе бачылі падчас шлюбных танцаў зь іншымі самцамі.

Ўіздам была адзначана ў 1956 годзе арнітолягам Чэндлерам Робінсам, які даў птушцы як мінімум пяць гадоў, і пазначыў яе нумарам Z333. Другая сустрэча адбылася ў 2002 годзе, і тады Робінсан пастанавіў даць птушцы імя, якое б адпавядала "шаноўнаму веку" (wisdom — мудрасьць).

24 лістапада самку заўважылі на родным атоле разам з новым партнэрам. Празь некаторы час у гнязьдзе зьявілася яйка, якое пара цяпер актыўна даглядае. Арнітолягі даволі высока ацэньваюць шанец на вылепленьне.
46👍4👏2
Тут дасьледнікі паказалі сувязь паміж частатой выкарыстаньня эмодзі, узроўнем эмацыйнага інтэлекту й стылем прывязанасьці.

Так, людзі з больш высокім эмацыйным інтэлектам і бясьпечным стылем прывязанасьці часьцей выкарыстоўваюць эмодзі, асабліва ў зносінах зь сябрамі й партнэрамі. Тыя ж, хто пазьбягае любога тыпу прывязанасьці (адчужаная прывязанасьць), карысталіся эмодзі вельмі рэдка, асабліва ў рамантычных стасунках.

Агулам, жанчыны часьцей адпраўляюць эмодзі, асабліва пры зносінах зь сябрамі й сваякамі. Узровень адчужанай прывязанасьці ў жанчын зьніжае частату выкарыстаньня эмодзі пры зносінах зь сябрамі й партнэрамі, у той час як у мужчын гэтая сувязь характэрная толькі для ўзаемадзеяньня з партнэрамі.
👍27🤔5😐21😎1
Карыстальнікі звычайных і электронных цыгарэт радзей кідаюць паліць

Дасьледаваньне, апублікаванае ў Эўрапейскім рэсьпіраторным часопісе, паказвае, што людзі, якія адначасова выкарыстоўваюць электронныя й звычайныя цыгарэты, радзей кідаюць паліць. У асноўным такія «двайныя карыстальнікі» зь цягам часу вяртаюцца да курэньня звычайных цыгарэт.

Аўтары дасьледаваньня прааналізавалі існуючыя публікацыі пра двайных карыстальнікаў, абагульніўшы зьвесткі 9337 чалавек, зь якіх 2432 былі двайнымі карыстальнікамі. Вынікі паказваюць, што двайное выкарыстаньне можа быць нават больш шкодным, чым традыцыйнае курэньне, і перашкаджае адмове ад нікатыну.

Вынікі сьведчаць, што за пэрыяд ад 4 да 48 месяцаў доля двайных карыстальнікаў, якія цалкам адмовіліся ад курэньня, ніжэйшая, чым у тых, хто выкарыстоўвае толькі адзін сродак. Акрамя таго, значная частка двайных карыстальнікаў пераходзіць на курэньне звычайных цыгарэт.
👍14🤔6
Дасьледнікі знайшлі ў дэльфінаў сьляды наркотыкаў

У нядаўнім дасьледаваньні 89 узораў падскурнага тлушчу афалінаў з Мэксыканскай затокі было выяўлена значнае забруджаньне фармацэўтычнымі прэпаратамі (30 з 89), у тым ліку фэнтанілам — магутным апёідам, які выкарыстоўваецца ў якасьці болепатольнага сродку й можа назапашвацца ў тлушчавай тканцы.

Дасьледаваньне падкрэсьлівае ролю дэльфінаў як біяіндыкатараў здароўя марской экасыстэмы, мяркуючы, што фармацэўтычныя забруджвальнікі могуць уплываць і на іншыя арганізмы Мэксыканскай затокі. Сьляды наркатычных прэпаратаў былі выяўлены таксама ў гістарычных узорах, узятых у 2013 годзе, што сьведчыць пра існаваньне праблемы ўжо больш 10 гадоў.
🐳16😱8🔥7😢4
Сабакі спараўды карыстаюцца гукавымі клявішамі для камунікацыі зь людзьмі

Навукоўцы зь лябараторыі параўнальнага пазнаньня Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Сан-Дыега зладзілі невялікае дасьледаваньне з у дзелам сабак, якія актыўна карыстаюцца гукавымі панэлямі. Аказалася, што гадаванцы могуць камбінаваць словы, каб выразіць свае патрэбы.

За два гады назіраньняў, аўтары сабралі зьвесткі пра 1522 сабак, якія разам зрабілі больш за 260 000 націсканьняў на клявішы. Спачатку навукоўцы зрабілі адмысловую кампутэрную маджль, каб вызначыць разьмеркаваньне выпадковых націсканьняў, а потым ўжо прааналізавалі рэальныя зьвесткі. Такім чынам выявілася, што сабакі часьцей за ўсё абіралі клявішы з канкрэтнымі гукавымі запытамі: вуліца, ласунак, гульня, туалет. Цікава, што камбінацыі з двух словаў зьяўляліся значна часьцей, чым прадказвала мадэль. То бок, гэта былі ня выпадковыя супадзеньні, а гадаванцы сапраўды намагаліся перадаць свой асэнсаваны запыт.

Таксама дасьледнікі паведамілі, што ўвесь гэты працэс карыстаньня гукавымі панэлямі ня быў падобны на простае перайманьне сабакамі сваіх гаспадароў. Напрыклад, клявішу "я люблю цябе" людзі націскалі значна часьцей за сваіх гадаванцаў. Відаць, сабакі крыху іначай паказваюць свае пачуцьці.

Аўтары мяркуюць, што падобныя панэлі сапраўды могуць стаць добрай прыладай для гадаванца пасьля невялікага навучаньня.
27👍8