cybulinka
1.6K subscribers
1.68K photos
82 videos
7 files
1.75K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Адна доза прэпарату для пахудзеньня справакавала цяжкую хваробу цягліц у пажылой амэрыканкі

Амэрыканскія лекары апісалі ў BMJ Case Reports рэдкі выпадак цяжкага паражэньня цягліц у пацыенткі, якая аднаразова прымяніла сэмаглютыд – прэпарат з групы аганістаў рэцэптара глюкагонпадобнага пэптыду-1. На працягу наступных чатырох месяцаў у жанчыны зьявілася моцная слабасьць, а таксама праблемы з голасам і глытаньнем. 

Пацыентцы было каля 60 гадоў. Яна мела атлусьценьне, тлушчавую хваробу печані, павышаны артэрыяльны ціск і гіпатэрыёз. Праз праблемы зь печаньню жанчыне прызначылі сэмаглютыд і яна атрымала падскурную іньекцыю 0.25 мг прэпарату. Цягам колькіх гадзін пасьля ўколу ў пацыенткі разьвілася моцная млоснасьць і ваніты, а празь яшчэ два дні яе шпіталізавалі з задышкай, нырковай нястачай і парушэньнямі абмену рэчываў. 

Спачатку прыкмет сурʼёзнага пашкоджаньня цягліц не заўважылі, таму пацыентку хутка выпісалі. Аднак у наступныя месяцы ейны стан паступова пагаршаўся. У выніку жанчына не магла самастойна стаяць або сядзець, а таксама пачала зь цяжкасьцю глытаць ежу і ваду. Паўторнае дасьледаваньне выявіла ў крыві рэзкае павышэньне рэчываў, якія сьведчаць пра разбурэньне мускульных тканак. 

Дадатковыя аналізы і біяпсія цягліцы сьцягна паказалі, што ў арганізьме разьвілася рэдкая аўтаімунная хвароба, пры якой імунная сыстэма пачынае атакаваць уласныя цягліцы. Лекары выключылі іншыя магчымыя прычыны і зьвязалі разьвіцьцё хваробы з іньекцыяй сэмаглтыду. 

Пацыентку лячылі гармонамі і імуннымі прэпаратамі. Нягледзячы на ўскладненьні падчас тэрапіі, ейны стан паступова палепшыўся, а паказьнікі крыві вярнуліся да нормы. Аўтары адзначаюць, што гэта адзінкавы выпадак, але ён паказвае на неабходнасьць уважліва сачыць за магчымымі рэдкімі пабочнымі эфэктамі падобных прэпаратаў.
😱21👾5🌭42🤷‍♂2🔥2🤪2
Прызямляцца на лапы катам дапамагае грудны аддзел хрыбетніцы

Навукоўцы выявілі, што сакрэт знакамітай здольнасьці катоў прызямляцца на лапы зьвязаны зь незвычайнай гнуткасьцю часткі іхняй хрыбетніцы. Дасьледаваньне паказала, што грудны аддзел хрыбетніцы катоў можа круціцца значна мацней, чым ніжні, што дапамагае жывёлам хутка павярнуць цела ў палёце.

Каты даўно вядомыя сваёй здольнасьцю перакручвацца ў падзеньні так, каб прызямліцца на лапы. Трук займае літаральна долі сэкунды, але ягоны мэханізм навукоўцы ня могуць разгадаць ужо каля 100 гадоў. Але ёсьць некалькі гіпотэз.

Паводле першай, арыентавацца лапамі да зямлі катам дапамагае хвост: яны актыўна круцяць ім у адзін бок, а цела пачынае рухацца ў супрацьлеглы. Аднак такое тлумачэньне не цалкам пераканаўчае, бо нават бясхвостыя каты прызямляюцца на лапы. Іншая гіпотэза зьвязвае каціную супэрздольнасьць з асаблівасьцю рухаў усяго цела ката, калі пярэдняя і задняя частка выгінаюцца ў розныя бакі (як у вужа або вусеня). Яшчэ адна гіпотэза мяркуе, што каты спачатку намагаюцца найхутчэй арыентаваць да зямлі пярэднія лапы, а заднія падцягваюцца па інэрцыі.

Каб зразумець, які мэханізм працуе насамрэч, група японскіх дасьледнікаў правяла два экспэрымэнты. Спачатку яны вывучылі хрыбетніцы пяці памерлых катоў і спраўдзілі, наколькі моцна можна скручваць іхныя часткі. Высьветлілася, што грудны аддзел меў у тры разы большы дыяпазон кручэньня, чым паясьнічны.

У другім досьледзе навукоўцы зьнялі на высокахуткасную камэру двух дарослых катоў, якіх акуратна адпускалі з вышыні каля мэтра. Аналіз відэа паказаў, што пярэдняя частка цела заканчвае паварот на дзясяткі мілісэкунд раней за заднюю.

Гэтыя вынікі сьведчаць на карысьць апошняй гіпотэзы, аднак аўтары прызнаюць, што ў рэальнасьці жывёлы, імаверна, карыстаюцца адразу некалькімі мэханізмамі. Каціныя рухі падчас падзеньня занадта складаныя, каб апісаць іх адной простай мадэльлю.

Падчас экспэрымэнтаў навукоўцы заўважылі яшчэ адну цікавую асаблівасьць: абодва каты часьцей пераварочваліся ў паветры ў правы бок. Пакуль незразумела, чаму ўзьнікае такая тэндэнцыя. Магчыма, на гэта ўплывае асымэтрычнае разьмяшчэньне ўнутраных органаў, якое робіць паварот у адзін бок крыху прасьцейшым.
30👍5🤔4🤣2🍓2
Штодзённы прыём полівітамінных дадаткаў крыху запаволіў старэньне

Ці могуць звычайныя полівітамінныя дадаткі запавольваць старэньне – пытаньне, якое ўжо даўно выклікае гарачыя спрэчкі сярод навукоўцаў. Аднак у новым рандамізаваным дасьледаваньні, аўтары знайшлі прыкметы таго, што штодзённы прыём полівітамінна-мінэральнага комплексу можа крыху запаволіць біялягічнае старэньне арганізму.

Навукоўцы прааналізавалі зьвесткі амаль тысячы чалавек сярэднім века каля 70 гадоў. На працягу двух гадоў частка зь іх штодзённа прымала полівітамінныя дадаткі, а частка – плацэба. Ацэнку старэньня ладзілі з дапамогай эпігенэтычных гадзіньнікаў – гэта такія мадэлі, якія па зьменах у ДНК крыві ацэньваюць тэмпы біялягічнага старэньня.

Аказалася, што ў тых, хто прымаў вітаміны, старэньне адбывалася крыху павольней: за год «гадзіньнік» адставаў на 0.11 – 0.21 году (умоўна +50 дзён да працягласьці жыцьця). Паводле ацэнак, такія зьмены могуць адпавядаць 3-7% зьніжэньню рызыкі разьвіцьця рака цягам наступных 10 гадоў. Таксама дасьледнікі адзначылі невялікія паляпшэньні ў паказьніках запаленьня й кагнітыўных функцый.

Аўтары назвалі такія вынікі «абнадзейлівымі», але падкрэсьлілі, што яны пакуль не азначаюць рэальнага падаўжэньня ці паляпшэньня якасьці жыцьця, або выразнага зьніжэньня рызыкі захворваньняў. Дасьледаваньне ахапіла адносна невялікую групу людзей і працягвалася толькі два гады. Да таго ж, «эпігэнэтычныя гадзіньнікі» ёсьць прагнастычнай мадэльлю, заснаванай на статыстычных сувязях у ДНК, а не прамым вымярэньне старэньня.
25👏53🍓2👍1🔥1🙏1
У трывожных і агрэсіўных сабак знайшліся агульныя з чалавекам гены паводзінаў

Навукоўцы з Кэмбрыдзкага ўнівэрсытэту выявілі генэтычныя фактары, якія могуць тлумачыць, чаму адны сабакі больш трывожныя, энэргічныя або агрэсіўныя за іншых. У новым дасьледаваньні, апублікаваным у Proceedings of the National Academy of Sciences, яны паказалі, што частка генаў, зьвязаных з паводзінамі залатых рэтрывэраў, таксама ўплывае на эмоцыі і псыхалягічныя рысы ў людзей.

Аўтары прааналізавалі ДНК каля 1300 залатых рэтрывэраў і супаставілі генэтычныя зьвесткі з апісаньнямі паводзінаў сабак, якія іхныя ўладальнікі падрабязна апісалі ў анкетах. У выніку ўдалося выявіць некалькі генэтычных участкаў, зьвязаных з такімі рысамі, як навучальнасьць, узровень актыўнасьці, страх перад незнаёмымі людзьмі і агрэсія ў бок іншых сабак. Калі гэтыя гены параўналі з чалавечымі, высьветлілася, што 12 зь іх таксама зьвязаныя з эмацыйнымі і паводзіннымі асаблівасьцямі чалавека.

Найбольшую ўвагу прыцягнуў ген PTPN1. У сабак ён быў зьвязаны з агрэсіяй да іншых сабак, а ў людзей – з інтэлектуальнымі здольнасьцямі і схільнасьцю да дэпрэсіі. Іншы генэтычны варыянт, які сустракаўся ў рэтрывэраў, схільных баяцца незнаёмцаў, у людзей уплываў на схільнасьць зацыклівацца на непрыемных перажываньнях і жаданьні дасягнуць посьпехаў у адукацыі. Гэта, паводле аўтараў, сьведчыць пра агульныя біялягічныя мэханізмы, якія рэгулююць эмоцыі і паводзіны ў розных відаў.
15👍9🤔3👻2😁1🙏1💯1🍓1
У Грэцыі жанчына заразілася лярвамі мухі і вычхнула іх

Апісаны ў часопісе Emerging Infectious Diseases клінічны выпадак можа сьведчыць як пра выключнае супадзеньне акалічнасьцяў, так і пра пачатак эвалюцыйнай адаптацыі авечага гізу да чалавека ў якасьці гаспадара.

58-гадовая жанчына працавала на прыродзе паблізу авечага выгану ў верасьні мінулага году, калі заўважыла мух, якія кружылі вакол яе. Прыкладна праз тыдзень пасьля гэтага жанчына адчула боль у вобласьці верхняй сківіцы, а яшчэ праз 2-3 тыдні дадаўся і кашаль. Што праўда, па дапамогу жанчына зьвярнулася толькі пасьля таго, як вычхнула некалькі лярваў невядомага віду. Аглядзеўшы пацыентку, лярынголяг выцягнуў з пазухі яшчэ 10 лярваў на розных стадыях разьвіцьця й адзін капшучок (стадыя, зь якой фармуецца дарослая асобіна). Як потым высьветлілася, лярвы належалі да віду Oestrus ovis (авечы гіз).

Звычайна гэты від вусякоў адкладае лярваў у ноздры авечак, дзе яны паступова мігруюць у блізкія пазухі й разьвіваюцца да трэцяй стадыі, пасьля чаго вяртаюцца ў ноздры й чакаюць, пакуль жывёла іх вычхне. Выпадкі заражэньня людзей вядомыя, аднак лярвы звычайна гінуць на першай стадыі разьвіцьця, бо ў носе чалавека ўмовы неспрыяльныя. Аднак у людзей з аслабленым імунітэтам разьвіцьцё лярваў можа дайсьці й да трэцяй стадыі. А вось капшучок знайшлі ўпершыню, раней такое ўважалася біялягічна немагчымым сцэнарам.

Аўтары мяркуюць, што ключавую ролю ў апісаным выпадку маглі адыграць скрыўленьне насавой перагародкі ў пацыенткі, інтэнсіўнасьць заражэньня й іншыя невядомыя фактары. Аднак яны не выключаюць і альтэрнатыўнага тлумачэньня: выпадак можа сьведчыць пра раньні этап эвалюцыйнай адаптацыі O. ovis да завяршэньня жыцьцёвага цыклю ў чалавечым арганізьме.
😱47🤮13😨9🌚42🍓21
Дзесяць гадоў у глебе. Навукоўцы вывучылі лёс цыгарэтных недакуркаў у прыродзе

Недакуркі ёсьць найбольш распаўсюджаным відам сьмецьця ў сьвеце, аднак іх доўгатэрміновы лёс у навакольным асяродзьдзі да апошняга часу заставаўся недасьледаваным. Цяпер італьянскія навукоўцы запоўнілі гэты прагал, прасачыўшы лёс тысяч недакуркаў на працягу дзесяці гадоў.

Фільтры для цыгарэт вырабляюцца пераважна з ацэтату цэлюлёзы – плястыкавага палімэру, устойлівага да раскладаньня. Аўтары разьмясьцілі недакуркі ў сеткавых ворках на гарадзкіх паверхнях, у пяшчаных і багатых арганікай глебах. Узоры адбіраліся ў некалькі этапаў цягам усяго дзесяцігодзьдзя.

Вынікі аказаліся далёка не аптымістычнымі. Нават пры найспрыяльнейшых умовах, у глебах з высокай мікрабіялягічнай актыўнасьцю, максымальная страта масы складала каля 84%. Гэта значыць, што істотная частка матэрыялу засталася ў глебе. У гарадзкіх умовах недакуркі расклаліся толькі на 52%, пакінуўшы амаль палову фільтра. Мікраарганізмы, хоць і граюць важную ролю ў трансфармацыі матэрыялу, ня здольныя цалкам раскласьці яго.

Аўтары таксама зафіксавалі, што пад уплывам часу і зьнешніх фактараў, ацэтатныя валокны губляюць сваю структуру й пераўтвараюцца ў кампактныя мікраскапічныя сукупнасьці мікраплястыку, рэшткаў мікраарганізмаў і мінэральных часьцінак. Менавіта ў такім выглядзе колішнія недакуркі застаюцца ў глебе і захоўваюць сваю таксычнасьць.
😢31😱93🤮3💯2😨2
Шэсьць абуджэньняў за ноч, якіх вы нават не памятаеце

Сумесны сон партнэраў абʼектыўна горшы па якасьці, чым сон паасобку, нягледзячы на тое, што субʼектыўна людзі ацэньваюць яго вышэй. Да такой высновы прыйшлі аўтары сыстэматычнага агляду дасьледаваньняў па гэтай тэме.

Усе прааналізаваныя дасьледаваньні зафіксавалі ўзаемныя перашкоды партнэраў падчас сну: ад 30 да 46% рухаў аднаго чалавека выклікалі рэакцыю ў другога. У лябараторных умовах у людзей, якія спалі разам, фіксавалася ў сярэднім 62 рухі нагамі супраць 51 пры адзіночным сьне, што адпавядала двум дадатковым абуджэньням за ноч. Паводле іншага дасьледаваньня, у якім людзі насілі смарт-гадзіньнікі ў хатніх умовах, партнэры будзілі адно аднаго ў сярэднім 6 разоў за ноч, але на наступны дзень гэтыя абуджэньні амаль не згадваліся. Гэта сьведчыць пра тое, што большасьць начных перарываньняў сну носіць мімалётны характар і не адбіваецца на агульнай якасьці адпачынку.

Сытуацыя кардынальна мяняецца, калі адзін з партнэраў пакутуе на храп або бессань. У такіх выпадках колькасьць і інтэнсыўнасьць узаемных перашкод істотна ўзрастае. Некаторыя пары разьвязваюць гэтую праблему сном у асобных ложках, адмыслоўцы не ўважаюць гэта аптымальным выйсьцем. Калі ідзецца пра бессань, то найбольш эфэктыўным спосабам вярнуць якасьць сну будзе парная кагнітыўна-паводзінная тэрапія. Паводле назіраньняў гэта дае даволі хуткія вынікі і якасьць сну абодвух партнэраў паляпшаецца. Храп таксама паддаецца лячэньню.

Таксама адзначаецца, што прычынай нізкай якасьці сумеснага сну могуць стаць «дзяльба коўдры» і розныя патрабаваньні да тэмпэратуры. У такіх выпадках разьвязаньнем можа стаць сумесны сон пад асобнымі коўдрамі.
😴2111👍101😁1🤔1💯1🍓1😭1
Мэтааналіз пахіснуў эфэктыўнасьць псыхадэлікаў у лячэньні дэпрэсіі

Значная частка станоўчых эфэктаў псыхадэлікаў у лячэньні дэпрэсіі можа тлумачыцца пляцэба-эфэктам. Да такой высновы прыйшлі аўтары мэтааналізу 24 клінічных дасьледаваньняў, апублікаванага ў JAMA Psychiatry.

Галоўная мэтадалягічная праблема клінічных выпрабаваньняў псыхадэлікаў – немагчымасьць асьляпленьня. Зь відавочных прычын, удзельнікі заўсёды ведаюць, ці атрымалі яны актыўны прэпарат. Гэта аўтаматычна ўзмацняе пляцэба-кампанэнт у параўнаньні з традыцыйнымі антыдэпрэсантамі, дзе стратэгіі асьляпленьня добра адпрацаваныя. Каб ураўняць умовы параўнаньня, аўтары абралі для аналізу толькі адкрытыя публікацыі па традыцыйных антыдэпрэсантах, то бок, толькі тыя, дзе ўдзельнікі таксама ведалі, якія прэпараты яны прымаюць. З амаль 600 разгледжаных публікацый у фінальную выбарку трапілі толькі 16 дасьледаваньняў традыцыйных антыдэпрэсантаў (7921 пацыент) і 8 дасьледаваньняў псыхадэлікаў (249 пацыентаў).

У выніку абедзьве групы прэпаратаў паказалі параўнальную эфэктыўнасьць. Традыцыйныя антыдэпрэсанты апярэдзілі псыхадэлікі ўсяго толькі на 0.3 бала па шкале дэпрэсіі Гамільтана. Такая розьніца не дасягае ні статыстычнай, ні клінічнай значнасьці. Для параўнаньня, у дасьледаваньня з кантрольнай групай, якая атрымлівала неактыўнае пляцэба, псыхадэлікі апярэджвалі пляцэба на 7.3 бала, а традыцыйныя антыдэпрэсанты – на 2.4.

Аўтары падкрэсьліваюць, што вынікі, якія яны атрымалі, не абвяргаюць эфэктыўнасьць псыхадэлікаў у лячэньні дэпрэсіі. Вядзецца толькі пра тое, што псыхадэлічныя прэпараты, імаверна, ня лепей за традыцыйныя антыдэпрэсанты.
16👍65🤔3🍓2🎉1👌1
У камароў знайшлі адказны за рэгуляваньне апэтыту орган. Ён ня там, дзе чакалася

Спэцыялізаваныя вузы ў простай кішцы самак камароў адказваюць за пачуцьцё наетасьці і блякуюць цягу да ўкусаў пасьля паўнавартаснага кармленьня. Адкрыцьцё, апублікаванае ў Current Biology, можа пакласьці шлях да прынцыпова новых сродкаў абароны ад крывасмокаў.

Самкі камароў пʼюць кроў, каб забясьпечыць яйкі бялком і пажыўнымі рэчывамі перад адкладкай. Даўно было вядома, што пасьля кармленьня самкі амаль цалкам губляюць цікавасьць да чалавека і іншых ахвяр. Галоўную ролю тут грае нэўрапэптыд Y (NPY), які сустракаецца ў іншых жывёл і таксама рэгулюе апэтыт. Аднак дзе менавіта ў целе камара знаходзіцца адпаведны рэцэптар і якім чынам ён функцыянуе – заставалася невядомым. Таму каманда навукоўцаў з Калюмбійскага ўнівэрсытэту зладзіла генэтычны аналіз розных аддзелаў цела камароў Aedes aegypti (пераносяць ліхаманку Дэнге) і выявіла, што NPY-падобны ген экспрэсуецца выключна ў самым канцы кішэчніка крывасмока.

З дапамогай генэтычных мэтадаў аўтары пазначылі гэтыя вузы флюарэсцэнтным бялком і высьветлілі, што рэцэптары засяродзіліся ў падушачках простай кішкі камара. Пасьля кармленьня блізкія да іх нэрвовыя вузы вылучаюць злучэньне RYamide, якое ўзаемадзейнічае з рэктальнымі рэцэптарамі, а ў тых у адказ узрастае канцэнтрацыя вапну (Ca) і вызваляюцца рэчывы, характэрныя для нэрвовай сыгналізацыі. Мяркуецца, што гэтыя вузы функцыянальна падобныя да нэўронаў: яны прымаюць сыгналы пра напаўненьне кішэчніка й перадаюць іх у мазгі.

Практычнае значэньне адкрыцьця палягае ў магчымасьці хімічна імітаваць стан наетасьці яшчэ да таго, як камар укусіць. Дзякуючы таму, што тканкі з рэцэптарамі знаходзіцца ў простай кішцы, узьдзейнічаць прэпаратамі на іх прасьцей, чым калі б яны знаходзіліся ў мазгах.
👍15👀62🍓2
Заплюшчылі вочы, каб лепей сканцэнтравацца на гуках? Гэта можа не спрацаваць

Заплюшчваньне вачэй у шумным асяродзьдзі не паляпшае, а пагаршае здольнасьць распазнаваць гукі. Да такой высновы прыйшлі аўтары дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе JASA.

Каманда кітайскіх навукоўцаў прапанавала ўдзельнікам экспэрымэнту праз навушнікі выяўляць ледзь чутныя гукі на фоне шуму. Заданьне выконвалася ў чатырох умовах: з заплюшчанымі вачыма, з расплюшчанымі вачыма перад пустым экранам, падчас прагляду нерухомай выявы, якая адпавядала крыніцы гуку, і падчас прагляду адпаведнага відэа. Падчас гэтага ў людзей з дапамогай ЭЭГ фіксавалася мазгавая актыўнасьць.

Вынікі аказаліся адваротнымі агульнапрынятым уяўленьнем. Заплюшчаныя вочы пераводзілі мазгі ў стан, вядомы як нэўральная крытычнасьць. Гэта ўзмацняе фільтрацыю ўваходнай інфармацыі так моцна, што прыгнятаецца ня толькі фонавы шум, але і мэтавы гук, які трэба пачуць. А вось прагляд відэа, якое адпавядала гуку, істотна паляпшаў вынікі досьледу. Мяркуецца, што візуальная інфармацыя дапамагае слыхавой сыстэме сканцэнтравацца менавіта на крыніцы гуку.

Аўтары дадаюць, што эфэкты спэцыфічны для шумных умоваў, а ў ціхімі асяродзьдзі заплюшчваньне вачэй можа даваць пэўную перавагу, але гэта трэба яшчэ спраўдзіць у наступных досьледах.
🤔195🫡5👍3🤷‍♂2💯1🍓1
Для вялікай аўдыторыі пчолы танчаць з большым імпэтам і дакладнасьцю

Выведніцы мядовых пчол перадаюць інфармацыю пра крыніцы ежы зь меншай дакладнасьцю, калі колькасьць назіральніц у вульлю зьмяншаецца. Такія вынікі атрымалі аўтары нядаўняга дасьледаваньня, апублікаванага ў Proceedings of the National Academy of Sciences.

Танец пчол ёсьць адной з найскладанейшых формаў камунікацыі ў сьвеце вусякоў. Вяртаючыся з вулей, пчала-выведніца выконвае паўтаральную пасьлядоўнасьць рухаў. Яна рухаецца наперад, хістае брушкам, робіць кругі й паўтарае некалькі разоў. Кірунак руху адносна сонца пазначае, куды трэба ляцець, а працягласьць – адлегласьць да ежы. Аднак, як паказалі навукоўцы, дакладнасьць гэтага паведамленьня не зьяўляецца фіксаванай.

У сэрыі кантраляваных экспэрымэнтаў аўтары мянялі колькасьць і склад назіральніц на танцавальнай пляцоўцы вульля. Часам у гледачы запісвалі маладых працоўных пчол, якія звычайна не назіраюць танцы. У абодвух выпадках пры меншай альбо менш зацікаўленай аўдыторыі танцорка пачынала больш перасоўвацца па пляцоўцы ў пошуках глядачак. Гэты дадатковы крок істотна зьніжаў дакладнасьць перадачы кірунку. Таксама адзначаецца, што фізычны кантакт вусікамі і целам, імаверна, дапамагае пчале-выведніцы адчуваць колькасьць і зацікаўленасьць аўдыторыі.
26👍8🤔3🍓2👏1🏆1
Папулярны замяняльнік цукру паўторна зьвязалі з пашкоджаньнем крывяносных судзінаў

Шырока ўжываны сьпірт эрытрол, які пазыцыянуецца як бясьпечная альтэрнатыва цукру, можа парушаць функцыянаваньне вузаў крывяносных судзінаў у мазгах. Вынікі дасьледаваньня апублікаваныя ў Journal of Applied Physiology.

Эрытрол (E968) пачалі шырока выкарыстоўваць у харчовай прамысловасьці на пачатку 2000-х. Ён амаль ня мае калёрыяў, дае калі 80% салодкасьці звычайнага цукру і слаба ўплывае на ўзровень інсулін, што паспрыяла пашырэньню выкарыстаньня ў дыетычных прадуктах. Аднак папярэдняе эпідэміялягічнае дасьледаваньне з удзелам 4000 чалавек выявіла сувязь паміж высокімі ўзроўнямі эрытролу ў крыві й павышанай рызыкай інфаркту й інсульту на працягу 3 гадоў.

Каб высьветліць магчымы мэханізм гэтай сувязі, навукоўцы з Калярадзкага ўнівэрсытэту апрацавалі вузы, якія высьцілаюць унутраную паверхню мазгавых судзінаў эрытролам у канцэнтрацыі, адпаведнай адной порцыі «дыетычнага» напою. Пасьля трох гадзін з замяняльнікам цукру вузы пачалі значна менш выпрацоўваць аксыды азоту, якія дапамагае судзінам расшырацца, і больш эндатэліну-1, які выклікае звужэньне. Акрамя таго, зьнізілася вытворчасьць злучэньня, якое дапамагае расшчапляць тромбы (t-PA), а таксама павысілася канцэнтрацыя актыўных формаў кіслароду, якія пашкоджваюць вузы і правакуюць запаленьне.

Аўтары падкрэсьліваюць, што дасьледаваньне ладзілася «у пробаўцы», а не на людзях, таму для пацьверджаньня вынікаў неабходныя далейшыя дасьледаваньні. Разам з тым яны раяць уважліва сачыць за складам прадуктаў і кантраляваць спажываньне эрытролу.
😭14😱7🤷‍♂3💯2😨2
Аднастайнае мэню можа дапамагчы хутчэй схуднець

Амэрыканскія навукоўцы прыйшлі да нечаканай высновы: чым менш разнастайны рацыён, тым прасьцей сыходзіць залішняя вага. У дасьледаваньні ў удзелам 112 чалавек, якія 12 тыдняў вялі харчовыя дзёньнікі, аказалася, што тыя, хто еў прыкладна адны і тыя ж прадукты з падобнай калярыйнасьцю, худнелі з крыху большай эфэктыўнасьцю. У сярэднім удзельнікі страцілі каля 5.6% масы цела, але ў аматараў «манатоннага мэню» гэты паказьнік быў вышэй (5.9%).

Аўтары мяркуюць, што аднастайная ежа спрашчае самакантроль, бо людзі адчуваюць менш спакусаў зьесьці «штосьці яшчэ». Праўда, пакуль гэта толькі карэляцыя, а не дакладнае правіла. Магчыма, дысцыплінаваныя людзі і бяз досьледаў ядуць аднолькавую ежу. Таму рабіць выснову, што каша з курыцай ёсьць сакрэтам ідэальнай формы яшчэ рана. Але выглядае на тое, што арганізму часам можа падабацца, калі яго не надта зьдзіўляюць.
16👍11💯2🤣2🤪2🥰1
Нітрылавыя пальчаткі могуць скажаць вынікі дасьледаваньняў мікраплястыку

Стэараты, мылападобныя рэчывы, якія дадаюць у нітрылавыя і лятэксныя пальчаткі, пры кантакце зь лябараторным абсталяваньнем пакідаюць часьцінкі, амаль неадрозныя ад мікраплястыку. Дасьледаваньне, апублікаванае ў RSC Analytical Methods, паказала, што нават звычайны кантакт зь фільтрам ці прадметным шклом дае ў сярэднім каля 2000 ілжывых станоўчых сыгналаў на квадратны мілімэтар.

Вядома, што праблема мікраплястыкавага забруджваньня пасьля такіх вынікаў не зьнікае, але яна можа мець трошкі меншыя маштабы, чым паказалі папярэднія дасьледаваньні.
😁11🤔10👻8👀43🤷‍♂2🤪21
Фэномэн амазонскай молі: як выжыць без самцоў 100 тысяч гадоў

Амазонская молі (Poecilia formosa) – від рыб, які складаецца выключна з самак – на працягу больш за 100 тысяч гадоў часткова пазьбягае генэтычнай дэградацыі, якую прадказвае тэорыя эвалюцыі для відаў зь бясполым размнажэньнем. Мэханізм такой устойлівасьці ўпершыню апісаны ў артыкуле, апублікаваным у Nature.

Паводле дарвінаўскай лёгікі, адсутнасьць палавога размнажэньня мусіць прыводзіць да паступовага назапашваньня шкодных мутацый і выміраньня віду. Аднак геном P. formosa рэгулярна перапісвае сябе з дапамогай мэханізму геннай канвэрсіі: невялікія кавалачкі ДНК капіююцца з адной храмасомы на другую, сьціраючы пры гэтым шкодныя мутацыі й часам замацоўваючы карысныя. То бок, віду ўдалося ня проста выжыць зь бясполым размнажэньнем, але й захоўваць карысныя генэтычныя варыянты.

Каманда амэрыканскіх навукоўцаў змагла выразна зафіксаваць гэтыя працэсы з дапамогай новых тэхналёгій поўнага сэквенаваньня ДНК, якія дазваляюць асобна аналізаваць парныя храмасомы. Менавіта гэта дало магчымасьць убачыць характэрныя «сьляды» геннай канвэрсіі й зразумець, як геном гэтай рыбы пазбаўляецца ад часткі назапашаных мутацый.

Генная канвэрсія хоць і выпраўляе генэтычныя неадпаведнасьць паміж храмасомамі, але ня ёсьць паўнавартаснай заменай палавога размнажэньня. Таму ў P. formosa назапашваньне шкодных мутацый усё адно адбываецца хутчэй, чым у відаў з палавых размнажэньнем, але прыклад паказвае, што эвалюцыйная доля падобных відаў можа быць не такой беспэрспэктыўнай, як меркавалася раней.
23👍7🤯7💅65🤷‍♂2😨2😁1
Кафэін, ужыты ўначы, можа стаць прычынай імпульсіўных учынкаў

Час спажываньня кафэіну можа мець ня меншае значэньне, чым ягоная доза. Амэрыканскія навукоўцы выявілі, што кафэін, ужыты ўначы, зьніжае здольнасьць да самакантролю й павышае імпульсіўнасьць, тады як дзённае спажываньне кафэіну такога эфэкту не давала.

Экспэрымэнты ладзіліся на пладовых мушках Drosophila melanogaster, якія ёсьць агульнапрынятай мадэльлю ў нэўрабіялягічных дасьледаваньнях, бо іхняя генэтыка й нэрвовая сыстэма маюць важнае падабенства з чалавечымі.

Мушкам давалі кафэін у розных дозах і ў розны час сутак, а потым ацэньвалі імпульсіўнасьць з дапамогай моцнага струменю паветра. У норме, калі на мух нешта дуе, яны спыняюць рух, бо струмень паветра для іх ёсьць непрыемным стымулам. Але ў досьледах дразафілы, якія атрымлівалі кафэін ноччу, пачыналі ігнараваць гэты стымул і працягвалі хаатычна лётаць. Прычым найвыразьней такі эфэкт праяўляўся ў самак, хоць дозы кафэіну былі ва ўсіх аднолькавыя. Аўтары тлумачаць гэта генэтычнымі і фізыялягічнымі фактарамі, бо звыклых для чалавека гармонаў у мушак няма.

А вось пытаньне, чаму менавіта «начны кафэін» прымушаў дразафілак паводзіць сябе рызыкоўна, – пакуль застаецца адкрытым.
😁2210🤔6😱3👍2🏆2🍓1
Дыябэт, атлусьценьне і мужчынскі пол павялічылі рызыку раньняй дэмэнцыі

Фактары ладу жыцьця, такія як дыябэт, атлусьценьне, дэпрэсія, курэньне і празьмернае спажываньне алькаголю, павышаюць рызыку разьвіцьця дэмэнцыі яшчэ да 65 гадоў. Такія вынікі атрымала дасьледчая каманда Мінэсоцкага ўнівэрсытэту.

У дасьледаваньні аналізавалі зьвесткі 544 442 чалавек, за якімі назіралі ў сярэднім 13.7 года. За гэты час у 807 зь іх разьвілася раньняя дэмэнцыя, а ў 14 253 – звычайная. Сярод фактараў рызыкі раньняй дэмэнцыі таксама былі нізкі ўзровень адукацыі, нізкая фізычная актыўнасьць і належнасьць да чорнага насельніцтва. У жанчын рызыка раньняй дэмэнцыі была ніжэйшай, чым у мужчын.

Высокі артэрыяльны ціск і халестэрын таксама суадносіліся з раньнім пачаткам дэмэнцыі, але гэтая сувязь не дасягнула статыстычнай значнасьці. Прыкметна, што большасьць выяўленых фактараў моцна карэлявала толькі з раньняй формай дэмэнцыі, аднак расавая прыналежнасьць, нізкая фізычная актыўнасьць і злоўжываньне алькагольнымі напоямі амаль аднолькава ўплывалі на абедзьве формы захворваньня.
🌚10👍4😱4😁3😨2🥴1🍓1😭1
Папуляцыі імпэратарскіх пінгвінаў і іншых антарктычных відаў імкліва скарачаюцца праз кліматычныя зьмены

Адразу некалькі важных відаў Антарктыды апынуліся пад пагрозай зьнікненьня. Паводле абноўленага Чырвонага сьпісу Міжнароднага зьвязу аховы прыроды, імпэратарскі пінгвін (Aptenodytes forsteri) і антарктычны марскі кот (Arctocephalus gazella) атрымалі статус «пад пагрозай зьнікненьня», а паўднёвы марскі слон (Mirounga leonina) – «уразьлівы». Асноўнай прычынай навукоўцы называюць кліматычныя зьмены, якія хутка мяняюць умовы існаваньня гэтых відаў.

Асаблівы крытычная сытуацыя ў імпэратарскіх пінгвінаў: за 2009-2018 гады іхняя папуляцыя скарацілася прыкладна на 10%, што складае каля 20 тыс. дарослых асобін, а да 2080-х можа зьменшыцца ўдвая. Праблема ў тым, што птушкі моцна залежаць ад прыбярэжнага лёду, на якім яны выводзяць і гадуюць птушанят. Калі лёд растае заўчасна, цэлыя калёніі могуць абваліцца ў акіян. І калі для дарослых пінгвінаў гэта не крытычна, то птушаняты, якія яшчэ не пасьпелі набыць водаадпорнае апярэньне, хутка тонуць альбо гінуць потым ад холаду. Падобныя катастрофы ўжо зафіксаваныя ў некалькіх рэгіёнах Антарктыды, дзе агулам загінулі тысячы птушанят.

Іншыя віды таксама церпяць ад зьменаў у асяродзьдзі. Папуляцыя антарктычных марскіх катоў з 1999 году скарацілася больш чым удвая (да 944 тысяч дарослых асобін), імаверна празь зьніжэньне колькасьці крылю, які ёсьць асноўная ежай для іх. У сваю чаргу, папуляцыі паўднёвых марскіх сланоў апошнімі гадамі моцна пацярпелі ад успышак птушынага грыпу. У асобных выпадках памерла да 90% дзіцянят.

Навукоўцы адзначаюць, што імпэратарскі пінгвін стаў своеасаблівым індыкатарам кліматычных зьменаў, бо ягоны лёс напрамую залежыць ад лёду, які імкліва зьнікае. Калі пацяпленьне акіянаў і раставаньне лёду прыцягнуцца, згаданыя віды могуць сутыкнуцца зь яшчэ больш рэзкім падзеньнем колькасьці ўжо ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі.
😢28😭10🤬2💔2🔥1🍓1
Атлянтычная мэрыдыянальная цыркуляцыя (AMOC) зьяўляецца ключавой сыстэмай акіянскіх плыняў, якая «абагравае» Эўропу, і яна, імаверна, слабее хутчэй, чым лічылася раней. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, прааналізаваўшы паказьнікі буйкоў у розных частках Атлянтычнага акіяну. Дасьледаваньне паказала, што паслабленьне гэтай сыстэмы адбываецца адразу на некалькіх шыротах, што лічыцца самым пераканаўчым прамым сьведчаньнем яе запаволеньня.

AMOC працуе паводле прынцыпу гіганцкай «канвэернай стужкі»: яна пераносіць цёплую салёную ваду з Мэксыканскага заліва на поўнач Атлянтыкі. Дзякуючы гэтаму клімат у Заходняй Эўропе значна мякчэйшы, чым у рэгіёнах на той жа шыраце, напрыклад у Канадзе. Астуджаная вада становіцца больш шчыльнай, апускаецца на глыбіню й вяртаецца на поўдзень уздоўж акіянскага дна. Любое парушэньне гэтага цыклу можа мець сурʼёзныя наступствы для клімату.

Доўгі час дасьледчыкі абапіраліся пераважна на мадэлі і ўскосныя зьвесткі, якія паказвалі, што зь сярэдзіны ХХ стагодзьдзя цыркуляцыя магла аслабнуць прыкладна на 15%. Аднак прамыя вымярэньні праводзяцца толькі каля двух дзесяцігодзьдзяў. Новыя паказьнікі з сыстэмы назіраньняў RAPID—MOCHA, усталяванай паміж Багамамі і Канарскімі астравамі, дазволілі больш дакладна ацаніць зьмены. Яны сьведчаць, што з 2004 па 2023 год AMOC аслабла прыкладна на 10%, а хуткасьць плыняў штогод зьніжаецца прыкладна на 90 тысяч кубічных мэтраў вады за сэкунду.

Каб паменшыць няпэўнасьць, навукоўцы таксама прааналізавалі зьмены ціску ў іншых пунктах заходняй Атлянтыкі: каля Карыбскіх астравоў, усходняга ўзьбярэжжа ЗША і Новай Шатляндыі. Усе гэтыя факты пацьвердзілі адзіную карціну: цыркуляцыя слабее адразу на некалькіх шыротах. Дасьледчыкі мяркуюць, што гэта адпавядае гіпотэзе, паводле якой прэсная вада ад таяньня ледавікоў Грэнляндыі разбаўляе салёную ваду й перашкаджае ёй апускацца на глыбіню. Гэта зьяўляецца крытычным момантам, бо менавіта такі спуск вады забясьпечвае працу AMOC.

Пакуль незразумела, ці набліжаецца сыстэма да «пункту незвароту», але зафіксаваныя тэндэнцыі выклікаюць занепакоенасьць. Рэзкае аслабленьне альбо спыненьне атлянтычных цыркуляцый можа прывесьці да значнага пахаладаньня ў Эўропе, а таксама парушыць мусонныя сыстэмы Афрыкі і Азіі. Таму навукоўцы падкрэсьліваюць неабходнасьць далейшых назіраньняў, каб высьветліць, як далёка тут крытычная мяжа.
😭173🤷‍♂2👀2🤔1🍓1