cybulinka
1.48K subscribers
1.54K photos
82 videos
7 files
1.6K links
самыя важныя навіны й гісторыі з розных сфэраў навукі

супрацоўніцтва: @sabaczka
Download Telegram
Дасьледнікі вызначылі новы стыль цікаўнасьці пры чытаньні вікіпэдыі

Уявім сабе сытуацыю: вы зайшлі пачытаць артыкул на вікіпэдыі, у тэксьце пстрыкнулі на спасылку, потым яшчэ раз, і вось вы ўжо з імпэтам чытаеце артыкул, які зусім не зьвязаны з тэмай вашага першапачатковага пошуку. Імаверна, у вас такое было й ня раз. Такі стыль атрыманьня інфармацыі мае назву "пляткар/ пляткарка" (busybody).

Аднак ёсьць і іншы патэрн, калі людзі мэтанакіравана шукаюць патрэбную зараз інфармацыю. Такі стыль навукоўцы называюць "паляўнічы" (hunter). Цяпер высьветлілася, што тое, якому стылю пошуку інфармацыі людзі аддаюць перавагу, можа шмат сказаць пра культуру, у якой яны гадаваліся.

Дасьледчая каманда з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту вывучыла звычкі 482 760 карыстальнікаў і карыстальніц вікіпэдыі з 50 краін сьвету, і знайшлі некаторыя адрозьненьні ў патэрнах узаемадзеяньня з сайтам. Так, у краінах зь нізкім узроўнем адукацыі й ґендэрнай роўнасьці, людзі часьцей прытрымліваліся стылю "паляўнічы", і шукалі толькі цесна зьвязаную з запытам інфармацыю. А ў краінах з большай роўнасьцю й даступнасьцю адукацыі вікіпэдыю праглядалі больш шырока, з большай разнастайнасьцю тэмаў.

Аўтары мяркуюць, што такія вынікі паказваюць на значны ўплыў культуры на цікаўнасьць і пазнаньне. Што праўда, дакладна вызначыць, з чым менавіта зьвязаная розьніца ў стылях пошуку пакуль складана, але ёсьць гіпотэзы*.

Аднак самае цікавае ў гэтым дасьледаваньні тое, што аўтары сьцьвердзілі наяўнасьць трэцяга стылю пошуку інфармацыі: "танцор/ танцорка" (dancer). У гэтым выпадку чалавек таксама скача з тэмы на тэму, але робіць гэта не наздагад, а так, каб яны выбудоўваліся ў цэльную карціну. Такі стыль сьведчыць пра творчы падыход і наяўнасьць міждысцыплінарнага мысьленьня, што дапамагае пабачыць сувязі там, дзе іншыя іх ня бачаць.
Бургеры зь ялавічыны лепш за соевыя аналягі нарасьцілі цяглічную масу

Амэрыканскія дасьледнікі параўналі, як арганізм перапрацоўвае бялкі з традыцыйных мясных катлет і веганскіх. Для гэтага паклікалі 24 чалавек ў веку ад 18 да 40 гадоў, разьмеркавалі іх выпадковым чынам на тры групы, і папрасілі зьесьці катлеты. Потым аўтары адсочвалі эфэктыўнасьць сынтэзу бялкоў.

У выніку аказалася, што катлеты зь ялавічыны найбольш эфэктыўна засвойваліся арганізмам, але ёсьць нюанс.

Калі паглядзець на дэмаграфічныя зьвесткі людзей, якія бралі ўдзел ў дасьледаваньні, то выявіцца, што ў групу "мясной катлеты" трапілі маладзейшыя людзі. Фактычна аўтары параўновалі 30 гадовых з 40 гадовымі. І гэта крытычны недахоп, бо сынтэз бялкоў моцна залежыць ад узросту.

Таксама паведамляецца, што гэтае дасьледаваньне фінансавалася Нацынальнай асацыяцыяй жывёлаводаў.🤦🏻‍♂️
Канкурэнт Neuralink паведаміў пра першыя пасьпяховыя выпрабаваньні імплянту, які вярнуў людзям востры зрок

Распрацаваны Science Corporation вочны імплянт дапамог людзям, якія часткова страцілі зрок, чытаць, гуляць у карты й распазнаваць твары.

Імплянт Prima складаецца з 2-мілімэтровага чыпу, які хірургічна разьмяшчаюць пад сеткавіцай вока. Працэдура заўмае каля 80 хвілінаў. Аднак для таго, каб чып запрацаваў, потрэбныя адмысловы акуляры з камэрай, якая фіксуе візуальную інфармацыю й перадае яе на чып. У сваю чаргу чып, засілкаваны ад акуляраў, пераўтварае атрыманую інфармацыю ў электрычныя імпульсы, якія адпраўляюцца ў мазґі, дзе й адбываецца "стварэньне пабачанага", як і пры звычайным зроку. Аднак тое, што карыстальнікі бачаць, крыху адрозьніваецца ад нармальнага зроку: гэта манахромная выява з жаўтлявым адценьнем.

У выпрабаваньнях бралі ўдзел 32 чалавекі ў веку ад 60 гадоў, зь вельмі нізкай вастрынёй зроку (у ЗША в.з. 20/20 лічыцца нармальнай, а тут была 20/450). Праз год пасьля імплянтацыі, бальшыня людзей мела значна лепшы зрок: вастрыня паднялася да паказьніку 20/160, яны маглі чытаць пяць радкоў табліцы (23 літары). З ўсяе выбаркі толькі пяцёра не пабачылі аніякай карысьці ад імплянту.
Меншая колькасьць цукру ў дзяцінстве палепшыла здароўе празь дзесяцігодзьдзі

Новае дасьледаваньне паказвае, што абмежаваньне спажываньня цукру ў раньнім веку можа прынесьці доўгатэрміновую карысьць для здароўя, зьніжаючы рызыку разьвіцьця цукровага дыябэту 2-га тыпу й гіпэртаніі. Навукоўцы высьветлілі, што залішняя колькасьць цукру, асабліва калі ён трапляе ў арганізм у раньнім дзяцінстве або нават падчас эмбрыянальнага разьвіцьця, нэґатыўна ўплывае на мэтабалічнае здароўе.

Вынікі грунтуюцца на аналізе зьвестак UK Biobank, якія ахопліваюць шматгадовыя назіраньні за здароўем брытанцаў. Дасьледнікі параўналі здароўе людзей, зачатых у пэрыяд нармаваньня прадуктаў у Вялікабрытаніі (1940–1954), з тымі, хто зьявіўся на сьвет пасьля адмены талонаў. Было выяўлена, што тыя, хто нарадзіўся пры абмежаваным спажываньні цукру, мелі на 20 % меншую рызыку разьвіцьця гіпэртаніі й на 35 % — дыябэту, а таксама на два й чатыры гады пазьней сутыкаліся з гэтымі захворваньнямі.

Асаблівая карысьць назіралася ад скарачэньня цукру ў пэрыяд эбрынальнага разьвіцьця й да шасьці месяцаў пасьля нараджэньня. Аднак сучасныя рэаліі ўскладняюць абмежаваньне цукру ў рацыёне дзяцей, бо цукар часта дадаюць у прадукты харчаваньня, у тым ліку дзіцячыя, а маркетынг ласункаў нярэдка арыентаваны на маленькіх спажыўцоў.

Што праўда, дасьледаваньне трохі пакрытыкавалі некаторыя навукоўцы. Напрыклад, зьвяртаецца ўвага на тое, што сучасныя ўмовы харчаваньня адрозьніваюцца ад умоваў у 50-х гадах, як і лад жыцьця.
Кот прынёс свайму мікрабіёлягу мыш зь сюрпрызам

Яшчэ ў траўні 2021 годзе кот Пэпэр прынёс свайму свайму гаспадару мыш. Такое здаралася й раней, але гэтым разам мікрабіёляг Джон Ледніцкі пастанавіў вывучыць падарунак, бо яго цікавіла, ці не пераносяць грызуны вірус воспы аленяў.

У выніку навукоўцы знайшлі ў целе мышы новы вірус зь сямейства Параміксавірусаў, куды ўваходзяць узбуджальнікі адру й сьвінкі. Наступныя лябараторныя тэсты паказалі, што знойдзены вірус можа пранікаць у вузы чалавека й іншых сысуноў, што робіць яго патэнцыйна небясьпечным.

Аўтары кажуць, што вірус выклікае лёгкія інфэкцыі, а такое не надта шчыльна вывучаюць. Зрэшты, цяпер сытуацыя можа зьмяніцца.

З катом усё добра, але яго не ўпісалі ў пералік аўтараў артыкулу.
Спажываньне алькаголю ў жывёльным сьвеце можа быць даволі моцна пашыраным

Аўтары новага артыкулу прыйшлі да высновы, што ўжываньне алькаголю ў жывёльным сьвеце распаўсюджана значна шырэй, чым лічылася раней. Мяркуецца, што жывёлы сутыкаюцца з этылявым сьпіртам ужо каля 100 мільёнаў гадоў, паколькі фэрмэнтацыя садавіны й нэктараў існуе ў прыродзе яшчэ з крэйдавага пэрыяду. Некаторыя жывёлы, уключаючы шымпанзэ й птушак, эвалюцыянавалі такім чынам, што могуць лепш засвойваць алькаголь дзякуючы фэрмэнтатыўным зьменам. Да ўсяго яшчэ высьветлілася, што ўсходнія шэршні Vespa orіentalіs могуць выпіваць шмат алькаголю бяз шкоды арганізму.

Тым ня менш застаецца незразумелым, ці сьвядома жывёлы ўжываюць алькаголь для атрыманьня «эўфарыі», ці проста выбіраюць фэрмэнтаваныя садавіна выпадкова. Далейшыя дасьледаваньні будуць сканцэнтраваныя на тым, як алькаголь можа ўплываць на паводзіны й сацыяльныя сувязі прыматаў, а таксама на мэтабалічныя рэакцыі іншых жывёлаў.
Цюлені мілыя й стрытэгічныя

Цюлені Ўэдэла (Leptonychotes weddellii) лічацца самымі паўднёвымі сысунамі ў сьеце. Яны жывуць у Антарктыцы й амаль увесь час знаходзяцца пад вадою ў пошуках ежы. Гэтыя мілыя сысуны могуць апускацца на глыбіню да 900 м. на 90 хв., што перавышае іхні аэробны парог. Праўда, пасьля такіх экстрэмальных заплываў ім патрабуецца шмат часу на адпачынак.

Аўтары новай публікацыі высьветлілі, што цюлені прытрымліваюцца пэўнай стратэгіі, калі справа даходзіць да такіх зьнясільвальных вандровак.

Навукоўцы прычапілі на 59 дарослых цюленяў адмысловыя прылады для адсочваньня апусканьняў, і зьбіралі зьвесткі цягкам 8913 дзён. Першапачаткова меркавалася, што жывёлы будуць апускацца на вялікую глыбіню бліжэй да поўдня, бо сонечныя прамяні ў гэты час трапляюць далей у тоўшчы вады, але аказалася, што гэта ня так.

Цюлені даюць нырца раніцай, калі сонца яшчэ нізка, а ў поўдзень яны палююць каля паверхні вады, дзе шмат здабычы грэецца на сонцы. Такая стратэгія дазваляе апытмізаваць выдаткі энэргіі, неабходнай для пошуку ежы.
Вузы сысуноў навучылі фотасынтэзу

Японскія навукоўцы зрабілі нешта незвычайнае — яны перасадзілі хляраплясты чырвонай водарасьці ў вузы сысуноў і назіралі іх працу цягам двух дзён.

Фотасынтэз зьявіўся на Зямлі каля 3,4 мільярда гадоў таму, а сьведчаньні яго існаваньня ў выглядзе структур цыанабактэрый датуюцца прыблізна 1,8 мільярда гадоў. Прыблізна 1,2–1,6 мільярда гадоў таму эукарыёты "пасябравалі" з цыанабактэрыямі, ператварыўшы іх у хляраплясты. Яшчэ ў сярэдзіне XX стагодзьдзя навукоўцы зразумелі, што ізаляваныя хляраплясты могуць нейкі час зьдзяйсьняць фотасынтэз, але мэханізмы гэтага працэсу заставаліся загадкай. Дасьледнікі спрабавалі "перасяліць" гэтыя арганэлы ў чужыя вузы, але безвынікова.

Цяпер навукоўцы выбралі для эксьперыменту ўстойлівыя хляраплясты чырвонай водарасьці Cyanidioschyzon merolae якая жыве ў гарачых, кіслых водах. Хляраплясты затым культываваліся з вузамі яечніка хамяка. У выніку на першы дзень каля 20% вузаў паглынулі ад 1 да 3 хляраплястаў, а каля 1% — да 45 штук. На другі дзень вузы з хляраплястамі пачалі расьці хутчэй за кантрольную групу. Праз два й чатыры дні колькасьць хляраплястаў у клетках зьнізілася, хутчэй за ўсё, празь ператраўленьне або выпадковага разьмеркаваньня пры вузавым дзяленьні.

Паведамляецца, што хляраплясты знаходзіліся ў спэцыяльных пухірах побач зь ядром і былі акружаныя мітахондрыямі, а праз 2 дні іхняя структура зьмнялася так, як пры неспряльных умовах. На чацьвёрты дзень мембраны хляраплястаў пачалі разбурацца. Акурат да гэтага часу хляраплясты захоўвалі актыўнасьць на звычайным узрозьні.
Благі сон прысьпяшыў старэньне мазґоў

Праблемы са сном у людзей сярэдняга веку могуць сыгналізаваць аб заўчасным старэньні мазґоў, як выявілі навукоўцы Амэрыканскай акадэміі нэўралёгіі. Дасьледаваньне, праведзенае з удзелам 589 чалавек зь сярэднім векам 40 гадоў, паказала, што хранічныя парушэньні сну, такія як цяжкасьці з засынаньнем і раньнія абуджэньні, паскараюць старэньне мазґоў. Такім чынам, людзі зь некалькімі парушэньнямі сну мелі мазґі на 1,6–2,6 году старэйшыя за фактычны ўзрост.

Агулам назіраньне працягвалася 15 гадоў, падчас якіх удзельнікі й удзельніцы запаўнялі апытанкі й праходзілі сканаваньне мазґоў, а асноўнай прыкметай старэньня лічылася памяншэньне аб’ёму галаўных мазґоў.
Мэтааналіз сьціпла зьвязаў час прыёму ежы са стратай вагі

Аўстралійскія навукоўцы высьветлілі, што такія стратэгіі харчаваньня, як абмежаваньне часу прыёму ежы, скарачэньне частаты прыёмаў ежы й спажываньне калёрыяў раніцай, могуць прывесьці да стрыманай страты вагі цягам 12 тыдняў.

Праблема атлусьценьня закранае кожнага восьмага чалавека на плянэце й вядзе да павышанай рзыкі разьвіцьця дыябэту 2 тыпу, сэрцава-судзінных захворваньняў і некаторых відаў раку, што робіць яго адной з асноўных прычын заўчаснай сьмерці.

Звычайна, каб схуднець, людзям раяць скараціць спажываньне калёрыяў і зьмяніць свой рацыён. Але стратэгіі плянаваньня часу прыёму ежы могуць быць больш простым спосабам кіраваньня вагой, паколькі яны сынхранізуюць харчаваньне з натуральнымі біярытмамі, паляпшаюць абмен рэчываў, рэгулююць апетыт і зьніжаюць цягу да перакусаў увечары.

Дасьледнікі пастанавілі даведацца, наколькі эфэктыўныя такія падыходы, і прааналізавалі вынікі 29 рандамізаваных дасьледаваньняў з удзелам 2485 чалавек, сярод якіх 69% складалі жанчыны зь сярэднім векам 44 гады й залішняй вагой. Методыкі ўключалі абмежаваньне часу прыёму ежы (у 17 дасьледаваньнях), скарачэньне частаты прыёмаў ежы (у 8) і перанос большай часткі дзённых калёрый на сьняданьне (у 4).

Высьветлілася, што абмежаваньне часу прыёму ежы дапамагло схуднець у сярэднім на 1,37 кг у параўнаньні з кантрольнымі групамі, скарачэньне частаты прыёмаў ежы — на 1,85 кг, а перанос калёрый на раніцу — на 1,75 кг. Вывучаныя стратэгіі таксама былі зьвязаныя з паляпшэньнем некаторых мэтабалічных паказьнікаў, такіх як зьніжэньне ўзроўню глюкозы й глікаванага ґемаглабіну, што тэарэтычна зьніжае рызыку дыябэту. Аднак эфэкт быў нязначным, і яго трэба вывучаць дадаткова.

Аўтары мэтааналізу заўважылі, што бальшыня вывучаных артыкулаў мелі вялікую імавернасьць памылак і нізкую абʼектыўнасьць (66-76%), таму патрэбныя больш маштабныя дасьледаваньні.
Навукоўцы згубілі сувязь паміж выкарыстаньнем сацсетак і кепскім псыхічным станам

Дасьледнікі з Унівэрсытэту Джона Кёртына (Аўстралія) вывучылі, колькі часу людзі праводзяць у сацыяльных сетках і як гэта адбіваецца на іхнім псыхічным стане. Насуперак распаўсюджанаму меркаваньню, вынікі паказалі, што колькасьць часу ў сацсетках амаль не ўплывае на дэпрэсію, трывожнасьць або стрэс.

У досьледзе ўзялі ўдзел больш за 400 чалавек (17-53 гады). У адрозьненьне ад папярэдніх дасьледаваньняў, дзе ўдзельнікі самастойна ацэньвалі час, праведзены ў сацыяльных сетках, гэтым разам навукоўцы выкарыстоўвалі зьвесткі зь іх мабільных тэлефонаў, каб дакладна зафіксаваць, колькі хвілін яны правялі ў анлайн-прасторы. Затым гэтыя зьвесткі параўналі з узроўнямі трывожнасьці, дэпрэсіі й кантролю ўвагі.

Асноўны вынік аказаўся нечаканым: час у сацсетках амаль не ўплывае на псыхічнае здароўе. Напрыклад, дасьледнікі знайшлі слабую сувязь паміж карыстаньнем сацсеткамі й трывожнасьцю, але сувязі з дэпрэсіяй і стрэсам не выявілі. Больш за тое, аказалася, што людзі, якія больш актыўна карыстаюцца сацсеткамі, маюць крыху лепш разьвітыя навыкі ўвагі, хоць гэты эфэкт быў нязначным.

Хлоя Джонс, кіраўніца дасьледаваньня, мяркуе, што вынікі працы не азначаюць, што сацсеткі бясьпечныя для псыхікі, і важным зьяўляецца тое, як мы імі карыстаемся, а ня колькі часу на гэта марнуем. Сацыяльныя сеткі могуць быць як падтрымкай, так і фактарам рызыкі. Напрыклад, для чалавека, які жыве адзін, удзел у анлайн-супольнасьці можа быць сапраўдным выратаваньнем, а вось працяглы прагляд стужкі знакамітасьцяў можа толькі ўзмацніць незадаволенасьць сабой.

Яшчэ адзін цікавы аспэкт дасьледаваньня — уплыў розных плятформаў. Высьветлілася, што, напрыклад, TikTok крыху паляпшаў увагу, а Facebook быў зьвязаны зь невялікім павышэньнем узроўню стрэсу, нават калі аўтары ўлічвалі век карыстальнікаў.
Натуральныя валокны ў глебе нанесьлі чарвякам больш шкоды, чымся сынтэтычныя

Вільготныя сурвэткі з натуральных валокнаў, такіх як віскоза й ліfцэл, часта ўспрымаюцца як экалягічная альтэрнатыва сынтэтыцы, але новыя дасьледаваньні паказваюць, што іхні ўплыў на навакольнае асяродзьдзе можа быць нэгатыўным.

Навукоўцы зь Вялікабрытаніі высьветлілі, што згаданыя матэрыялы, трапляючы ў глебу празь сьцёкавыя воды й угнаеньні, аказваюць таксічны ўплыў на дажджавых чарвякоў, нават у большай ступені, чым поліэстэр.

Эксьперымент паказаў, што высокія канцэнтрацыі віскозы й ліацэла выдуць да гібелі большасьці чарвякоў (адпаведна 80% і 60% за 72 гадзіны), а іх нізкія канцэнтрацыі зьніжаюць рэпрадуктыўнасьць. У той жа час высокія канцэнтрацыі паліэстэру ў глебе прывялі да гібелі толькі 30% чарвякоў.

Дасьледнікі адзначаюць, што хаця біялягічныя валокны маюць перавагі на этапе вытворчасьці, яны не аказваюць станоўчага ўплыву на экасыстэмы пры раскладаньні.
Спадарства, хачу параіць вам беларускі канал “Усё пра ўсё”, дзе публікуюцца апошнія навіны тэхналёгіяў, гаджэтаў і гульняў. Агулам толькі самае цікавае і актуальнае!

Далучайцеся, каб заўсёды быць у трэндзе!

https://t.me/allabouttexnologys
https://t.me/allabouttexnologys
https://t.me/allabouttexnologys
Кланаваная самка амэрыканскага тхара дала першае патомства

Амэрыканскім заолягам ўпершыню ўдалося атрымаць патомства ад кланаванага амэрыканскага тхара, рэдкага віду драпежнікаў, якія ўжо колькі часу знаходзяцца на мяжы зьнікненьня. Праз тое, што ўсе сучасныя амэрыканскія тхары паодзіць ад сямі асобінаў, якім нейкім цудам удалося выжыць, іхняя папуляцыя цяпер мае сьціплую генэтычную разнастайнасьць. А калі ў папуляцыі мала генэтычных варыянтаў, то павялічваецца рызыка імбрыдынгу й разнастайных генэтычных захворваньняў, што набліжае від да выміраньня.

Каб дапамагчы тхарам, навукоўцы паспрабавалі кланаваць самку Ўілу, якая памерла ў 1988 годзе, пакінуўшы замарожаныя ўзоры тканак. Ўіла не пакінула нашчадкаў, але яе геном значна больш разнастайны, чым у тхароў, якія жывуць сёньня. У 2020 годзе ўдалося стварыць яе першы клон — самку Элізабэт Эн. Нягледзячы на спадзевы навукоўцаў, што яна ўнясе новыя гены ў папуляцыю, Элізабэт Эн не праяўляла цікавасьці да размнажэньня й мела праблемы з разьвіцьцём маткі.

У 2023 годзе адмыслоўцы стварылі яшчэ два клона Ўілы — самак Антонію й Норын. Першая аказалася больш жвавай: яна пасьпяхова спарвалася й прынесла трох малых. Двое зь іх, самец і самка, выжылі й зараз здаровыя. Гэтыя малыя сталі першым патомствам, атрыманым ад кланаванай тхарыцы, і, калі яны самі будуць размнажацца ў будучыні, гэта дапаможа значна павялічыць генафонд віду.
Каляровы зрок, імаверна, разьвіўся задоўга да зьяўленьня яркіх пладоў і кветак

Амэрыканскія дасьледнікі прыйшлі да высновы, што здольнасьць бачыць колеры ў жывёл зьявілася каля 500 мільёнаў гадоў таму — значна раней, чым зьявіліся яркія плады й кветкі, якія прыцягваюць увагу сучасных жывёл (200–350 мільёнаў гадоў таму). Колеры, такія як чырвоны, аранжавы, жоўты, сіні й фіялетавы, аказаліся больш «заўважнымі», і навукоўцы мяркуюць, што яны адыгралі важную ролю ў фармаваньні зрокавых пераваг у жывёл. Цікава, што менавіта гэтыя колеры часта выбіраюць для маляваньня дзеці.

Прыблізна 150 мільёнаў гадоў таму жывёлы пачалі выкарыстоўваць афарбоўку як сыгнал для папярэджаньня — каб даць іншым зразумець, што яны небясьпечныя або атрутныя. Гэта было выгадна ў сьвеце, дзе каляровы зрок ужо разьвіваўся й дазваляў успрымаць такія сыгналы. Каля 100 мільёнаў гадоў таму адбыўся «ўсплёск» у эвалюцыі яркай афарбоўкі: многія віды пачалі актыўна выкарыстоўваць колеры як для абароны, так і для прыцягненьня партнэраў.
Штодзённае спажываньне малака павысіла рызыку праблем з сэрцам у жанчын

Швэдзкія навукоўцы з Упсальскага ўнівэрсытэту высьветлілі, што спажываньне больш за 1,5 шклянкі цэльнага малака на дзень можа павышаць рызыку ішэмічнай хваробы сэрца й інфаркту ў жанчын. Паводле дасьледаваньня, дзьве шклянкі малака штодзень павялічвалі рызыку ІХС на 5%, а чатыры шклянкі — на 21%. Аднак у мужчын такой сувязі не знайшлі.

А вось кісламалочныя прадукты, такія як ёгурт і кефір, не ўплывалі на рызыку сэрцава-судзінных захворваньняў і нават, наадварот, маглі зьлёгку яе зьніжаць пры замене імі часткі малака.

Аўтары мяркуюць, што прычына павелічэньня рызыкі можа быць зьвязана з уплывам малака на фэрмэнты, датычныя да нармальнага функцыянаваньня сэрцава-судзіннай сыстэмы. Агулам вынікі дасьледаваньня могуць дапамагчы ў распрацоўваньні дыет для людзей з высокай рызыкай згаданых захворваньняў.
Навукоўцы высьветлілі, чаму трасуцца мокрыя сабакі

Энэргічнае трасеньне целам, якое мы назіраем у сабак і іншых сысуноў пасьля купаньня, — гэта ня проста мілая або раздражняльная зьява, а важны «праграмаваны» мэханізм. Як высьветлілі дасьледнікі, гэты рэфлекс актывуюць сэнсорныя нэўроны на шыі, вядомыя як нізкапарогавыя мэханарэцэптары C-валокнаў (C-LTMRs). Такія нэўроны рэагуюць на лёгкія дотыкі й адпраўляюць сыгналы ў вобласьць ствала мозгу, якая апрацоўвае боль і сьверб.

Навукоўцы выявілі, што нават кроплі алею на патыліцы дастаткова, каб выклікаць «трасяніну мокрай сабакі» ў мышэй. Такія паводзіны характэрныя для ўсіх сысуноў — ад мядзьведзяў да дробных грызуноў. Аднак застаецца загадкай, чаму тыя ж нэўроны, якія адказваюць за рэакцыю на прыемнае пагладжваньне, таксама запускаюць магутны патрэсвальны рэфлекс.
Шымпанзэ паказалі лепшыя вынікі ў тэстах, калі ў лябараторыі былі гледачы

Ціск з боку гледачоў можа аказваць як станоўчы, так і адмоўны эфэкт на чалавека. Цяпер высьветлілася, што гэта актуальна й для шымпанзэ.

Адмыслоўцы зь Японіі зладзілі тэставаньне 6 шымпанзэ Pan troglodyte трыма тыпамі задач. У самых простых задачах прыматам трэба было даткнуцца лічбаў на экране ў адпаведным парадку (ад 1 да 5), а вось у самых складаных тэстах ім трэба было яшчэ й запомніць пасьлядоўнасьць, бо лічбы хаваліся пасьля дотыку.

За 6 гадоў шымпанзэ выканалі заданьні тысячы разоў, прытым ў лябараторыі заўсёды знаходзіліся гледачы: знаёмыя й незнаёмыя людзі. Калі аўтары прааналізавалі назапашаныя зьвесткі, то заўважылі, што шымпанзэ горш давалі рады з простымі задачамі ў прысутнасьць вялікай колькасьці гледачоў. Аднак у выпадку з задачамі больш складанымі эфэкт быў супрацьлеглым.

Прычыны й мэханізмы такога эфэкту навукоўцы толькі зьбіраюцца вывучыць.
Тэхналёгія геннага рэдагаваньня разьвязала праблему салодкасьці памідораў

У выніку сэлекцыі буйныя таматы цяпер зьмяшчаюць менш цукру, чым дробныя. А павышэньне салодкасьці — задача не зь лёгкіх, бо гэта можа зьнізіць ураджайнасьць. Каб знайсьці спосаб палепшыць смак буйных таматаў, дасьледнікі вывучылі розныя гатункі й выявілі два гены-рэгулятары сынтэзу цукроў. У буйных гатунках гэтыя гены актыўна зьніжаюць узровень цукру ў пладоў.

Каманда навукоўцаў паспрабавала адключыць гэтыя гены з дапамогай тэхналёгіі CRІSPR у адным з буйных гатункаў памідораў, Moneymaker. Вынік перасягнуў чаканьні: узровень цукроў, асабліва глюкозы й фруктозы, павялічыўся на 30%. Плады сталі значна саладзейшымі, пры гэтым ураджайнасьць засталася на ранейшым узроўні. Адзіным пабочным эфэктам стала тое, што ў памідорах паменеле насеньня, што, магчыма, нават спадабаецца пакупнікам.

Цяпер дасьледчыкі супрацоўнічаюць зь некалькімі кампаніямі, каб зрабіць такія таматы даступнымі для продажу, але праца яшчэ толькі пачалася. Салодкія буйныя таматы могуць быць карысныя ня толькі тым, хто любіць салодкія гародніны. Напрыклад, у вытворчасьці таматнага кетчупа патрэбная салодкасьць будзе дасягацца меншай колькасьцю пладоў, што зробіць працэс больш танным.

Салодкасьць адрэдагаваных Moneymaker пакуль яшчэ не дацягвае да ўзроўню салодкіх чэрры, але навукоўцы мяркуюць, што могуць павысіць яе яшчэ больш. Яны плянуюць шукаць іншыя гены, якія таксама ўплываюць на ўзровень цукру.

Калі новы гатунак урэшце выйдзе на рынак, прадавацца ён будзе, хутчэй за ўсё, толькі ў краінах з прасьцейшымі працэдурамі для ГМ-прадуктаў, дзе яны ўжо прадаюцца. Напрыклад, у Японіі даступныя памідоры з падвышаным утрыманьнем карыснай для здароўя гама амінамасьлянай кіслаты. Гэта першы прадукт, створаны з выкарыстаньнем CRІSPR, які прадаецца як у выглядзе пладоў, так і ў выглядзе саджанцаў.
Згенераваныя штучным інтэлектам выявы сталі пагрозай для навукі

У навуковай сфэры ўжо працяглы час існуюць праблемы з фальсыфікацыяй даных. Звычайна гэта падробка выяваў і масавая вытворчасьць падробленых артыкулаў (папяровыя фабрыкі). Са зьяўленьнем генэратыўнага ШІ, які можа ствараць тэксты, выявы й даныя, барацьба з такімі парушэньнямі становіцца ўсё больш складанай. Гэта прыводзіць да «гонкі ўзбраеньняў» з удзелам спэцыялістаў па захаваньні цэласнасьці навуковых ведаў, выдаўцоў і тэхналягічных кампаніяў, якія распрацоўваюць інструмэнты для выяўленьня падробак.

Выкарыстаньне ШІ для стварэньня падробленых малюнкаў у навуковых артыкулах асабліва складана выкрыць, бо такія выявы цяжка адрозьніць ад рэальных. Некаторыя кампаніі ўжо распрацоўваюць альгарытмы для аўтаматычнага выяўленьня штучнаінтэлектуальных малюнкаў з высокай дакладнасьцю, але такія інструмэнты пакуль не ідэальныя й патрабуюць дадатковай праверкі экспэртамі.

Некаторыя выдаўцы, напрыклад, PLoS, ужо выявілі выпадкі выкарыстаньня ШІ у апублікаваных артыкулах. Нягледзячы на гэта, многія навуковыя часопісы дазваляюць выкарыстаньне ШІ для стварэньня тэкстаў пры пэўных умовах, аднак прымяненьне нэўрасетак для стварэньня даных і малюнкаў застаецца пад вялікім пытаньнем.

Пакуль тэхналёгіі для выяўленьня падробак яшчэ разьвіваюцца, а спэцыялісты спадзяюцца, што ў будучыні яны змогуць больш эфэктыўна распазнаваць ШІ-генэраваныя даныя. Магчыма, яшчэ знойдуць і адказ на пытаньне, навошта людзі робяць навуковыя падробкі.

Крыніца
Падобна на тое, што памяць не абмяжоўваецца толькі нашымі мазґамі

Нэўрабіёлягі зь Нію-Ёрскага ўнівэрсытэту ў сваім дасьледаваньні паказалі, што памяць і здольнасьць вучыцца не абмяжоўваецца мазгамі. Аўтары высьветлілі, што нават вузы, якія не адносяцца да цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, могуць фармаваць "успаміны" у выніку шматразовага ўзьдзеяньня хімічных сыгналаў.

У досьледах на немазгавых нэрвовых і ныркавых вузах навукоўцы паказалі, што шматразовыя "імпульсы" задзейнічаных у сыгнальных шляхах памяці пратэінкіназ A і C запускалі актыўнасьць ґенаў, зьвязаных з памяцьцю. І тут ключавую ролю адыграла паўтарэньне. Напрыклад, сэрыя з 4 імпульсаў актывавала ґены памяці значна мацней, чымся адзінкавы імпульс. Такі эфэкт у выніку захоўваўся цягам колькіх дзён.

Таксама вузы рэагавалі на хімічныя стымулы з улікам інтэрвалаў паміж імі, што нагадвае працэс фармаваньня доўгатэрміновай памяці ў мазах, калі інтэрвалы паміж цыкламі навучаньня спрыяюць умацаваньню ўспамінаў.