MovaMed
150 subscribers
24 photos
5 files
26 links
Ініцыятыва для пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў медыцыне.
Пішыце ў бот: @MovaMedBot
Download Telegram
Мікалай Яўсеевіч Саўчанка (1922-2001) - беларускі уролаг, акадэмік НАНБ, доктар медычных навук, лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР і БССР, прафесар. Міністр аховы здароўя БССР (1966-1986).

Сялянскі сын, ураджэнец Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. 15-гадовым хлопцам паступіў у Мінскі медычны інстытут, а ў 1941, будучы студэнтам 3-га курса, пайшоў на фронт санінструктарам.

Пасля вучобы ў ад'юнктуры кафедры уралогіі Ленінградскай ваенна-медычнай акадэміі (1951-1954) і абароны кандыдацкай дысертацыі спецыялізаваўся ў галіне уралогіі.

Мікалай Яўсеевіч стаў ініцыятарам стварэння і кіраўніком Беларускага цэнтра нефралогіі і трансплантацыі нырак, дзе ў 1970 годзе была выканана першая ў Беларусі перасадка ныркі. Укараніў у практыку і ўдасканаліў асобныя хірургічныя прыёмы перасадкі нырак. Упершыню ў СССР распрацаваў хірургічныя метады карэкцыі пола пры гермафрадытызме.

Аўтарытэт беларускай уралогіі і асабіста Саўчанкі быў у тыя гады настолькі высокі, што штогадовыя ўсесаюзныя канферэнцыі уролагаў збіраліся менавіта ў Мінску. Кафедра ўралогіі і нефралогіі Мінскага медінстытута стала галаўной установай у СССР па лячэнні прыроджаных анамалій мочапалавых органаў.


За 20 гадоў працы на пасадзе міністра аховы здароўя рэспубліка выйшла на перадавыя пазіцыі ў СССР па развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, падрыхтоўцы і укамплектаванню медыцынскімі кадрамі, паказчыках здароўя насельніцтва і дзейнасці лячэбна-прафілактычных устаноў. Належнае развіццё атрымала медычная навука - адкрыты шэраг новых навукова-даследчых інстытутаў.

Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 11 манаграфій і 9 вынаходстваў.

4-ы Мінскі клінічны шпіталь носіць імя Мікалая Яўсеевіча Саўчанкі, заснавальніка беларускай уралогіі.
Якуб Атонавіч Наркевіч-Ёдка (1848-1905) – адзін з самых яркіх прадстаўнікоў беларускай навуковай думкі другой паловы XIX - пачатку XX ст., чые даследаванні апярэдзілі свой час. Доктар медыцыны, прафесар, член-карэспандэнт Рускага геаграфічнага таварыства. Яго навуковыя інтарэсы ахоплівалі галіны медыцыны і прыродазнаўства. Іх асаблівасцю быў універсалізм. Усебаковы знаўца таемнасцей электрычнасці, ён зрабіў шэраг выдатных адкрыццяў. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму электрамагнітных хваляў на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка, 1891), але не запатэнтаваў вынаходніцтва. Існуе дакумент, які пацвярджае прыярытэт Я. Наркевіча-Ёдкі ў гэтым вынаходніцтве - пратакол паседжання Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы (1898).
Апроч таго, зрабіў значныя адкрыцці ў галіне метэаралогіі, за што ўзнагароджаны сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Нарадзіўся ў Менскай губерніі, паходзіў са старажытнага шляхецкага роду Наркевічаў-Ёдкаў гербу "Ліс". Нашчадак у тым ліку роду Касцюшкаў па матчынай лініі. Скончыў Менскую гімназію (1865), працягваў навучанне ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене. Асноўная навуковая дзейнасць вучонага праходзіла ў яго радавым маёнтку Наднёман. Тут была створана метэаралагічная станцыя, якая ўваходзіла ў склад Галоўнай фізічнай абсерваторыі Расіі.

Якуб Атонавіч быў таксама выдатным урачом. Ён даказаў, што з дапамогай электраграфіі можна вызначыць псіха- і фізіялагічны стан чалавека і ўдала выкарыстоўваў яе для дыягностыкі хвароб і лячэння захворванняў. За гэта адкрыццё ў 1900 г. магнетычная секцыя Міжнароднага кангрэса ў Парыжы абрала Я. Наркевіча-Ёдку сваім прэзідэнтам, і яму было прысвоена званне прафесара электраграфіі і магнетызму.

У 1892 годзе ён адкрыў у Наднёмане аднайменны санаторый. Тут практыкаваліся самыя перадавыя метады аздараўлення: лячэбныя ванны, спецыяльная гімнастыка, мінеральныя воды, дыетычнае харчаванне. А галоўнае - электратэрапія і электрамасаж, распрацаваныя і запатэнтаваныя самім Наркевічам-Ёдкам, якія выкарыстоўваліся для спаралізаваных і нервова-хворых.

У 1896 годзе ў санаторыі адкрылася кумыса-лячэбная ўстанова, дзе пад кіраўніцтвам лекара памочнікі з Башкірыі гатавалі для пацыентаў карысны для здароўя кумыс.

У тыя часы на тэрыторыі сучаснай Беларусі лютавалі сухоты, лячэнне якіх стала адным з асноўных кірункаў медычных пошукаў навукоўца. У санаторый "Наднёман" з'язджаліся хворыя на сухоты забяспечаныя людзі з усёй Еўропы. Яны жылі ў асобных будынках, кожны - на аднаго пацыента, у светлым сасновым лесе. Паблізу былі адкрыты крыніцы мінеральнай вады, цяпер побач з імі месціцца санаторый Пад'ельнікі.

Пасля рэвалюцыі 1917 г. у маёнтку у Наднёмане размяшчалася школа механізатараў, частку пабудоў разабралі на будаўнічы матэрыял. Навуковае абсталяванне вывезлі. Да 1941 г. тут мясціўся дзіцячы санаторый. Падчас вайны партызаны ўзарвалі палац. А ў 1995 г. рухнула вежа, дзе знаходзілася метэралагічная станцыя.

Рэшткі сядзібы і санаторыя знаходзяцца ў вёсцы Наднёман, Уздзенскі раён, Менская вобласць, 84 км ад Менску.
Мікалай Мікалаевіч Аляксандраў (1917-1981) - доктар медычных навук, прафесар, член-карэспандэнт АМН СССР. Заснавальнік анкалагічнай службы ў Беларусі.

Нарадзіўся ў Бранску. Скончыў Ваенна-медычную Акадэмію ў Ленінградзе, дзе і працаваў да дэмабілізацыі. У якасці ваеннага лекара ўдзельнічаў у савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнах. Прайшоў шлях ад хірурга да начальніка гарнізоннага шпіталя. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I ступені, свабоды і незалежнасці КНДР.

Днём народзінаў Беларускага НДІ АМР лічыцца 3 верасня 1960 г., калі быў падпісаны першы загад па Інстытуту яго першым дырэктарам. Заснавальнік Інстытута М.М. Аляксандраў узначальваў яго цягам 21 года, зрабіўшы адным з перадавых анкалагічных інстытутаў як у краіне, гэтак і далёка за яе межамі. За гэтыя гады была створана ўнікальная навуковая школа, зроблены шматлікія вынаходствы, дасягнуты неаспрэчныя поспехі ў развязку праблем, пастаўленых перад НДІ АМР – будаванне інстытута, арганізацыя спецыялізаванай анкалагічнай дапамогі насельніцтву рэспублікі, распрацоўка мэтавага праграмнага планавання навуковых даследаванняў, стварэнне новых, высокаэфектыўных метадаў дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых.

Пад яго кіраўніцтвам былі пабудаваны карпусы НДІ АМР у Бараўлянах, вакол якіх вырас пасёлак для медыкаў.
Аляксандраў быў таленавітым арганізатарам, педагогам, а таксама практыкуючым хірургам. Узначальваў кафедру анкалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Пад яго кіраўніцтвам укаранёны мноства метадаў дыягностыкі і лячэнні злаякасных пухлін. Імем М.М. Аляксандрава названы НДІ АМР (цяпер РНПЦ АМР), а таксама вуліца ў Бараўлянах.
Станіслаў Тэадоравіч Нарбут (1853-1926) - лекар, які праславіўся станаўленнем медыцыны і будаўніцтвам шпіталю на Браслаўшчыне. Быў мецэнатам, вядомым грамадскім дзеячам.

Ураджэнец Лідскага раёна Віленскай губерні, ён скончыў два універсітэты (у Мюнхене і Тарту). У 1879 г. вытрымаў выпрабаванні на ступень доктара медыцыны. Тут жа ён абараніў доктарскую дысертацыю. Першыя гады лячэбнай практыкі прайшлі за мяжой. Пасля Германіі меў прыватную практыку ў Друі, Браславе.

Потым С. Нарбут стаў сельскім лекарам у Браславе. За ўласныя грошы пабудаваў шпіталь ў Браславе, куды было закуплена абсталяванне і запрошаны кваліфікаваныя медыкі. Адметна тое, што і будынак шпіталю быў вельмі прагрэсіўным для свайго часу: быў вадаправод, эркер з вокнамі, размешчанымі па коле дазваляў павялічыць асвятленне ў аперацыйнай. Амаль 90 гадоў выконвала свае функцыі лячэбніца. Узведзеную за 1,5 гады і адкрытую ў 1906 г. бальніцу з чырвонай цэглы і цяпер яшчэ называюць нарбутаўскай лячэбніцай. (Зараз там размешчаны Свята-Панцеляймонаўскі жаночы манастыр)

Нарбут удзельнічаў у грамадскім жыцці горада і ўзначальваў пажарную дружыну Браслава, браў удзел у працы страхавой касы, стварыў таварыства цвярозасці і народны тэатр, дзе быў таксама рэжысёрам і акторам, выдаваў газету "Дух Браслаўца". Пад наглядам павятовага лекара знаходзіліся аптэкі, прадпрыемствы харчавання, лазні, школы.

Падчас Першай сусветнай вайны кіраваў ваенным лазарэтам на Паўночна-Заходнім фронце, дзе быў цяжка паранены, і яму была ампутаваная нага.
У 1919 г. вярнуўся да лекарскай практыкі. Землякі адзначалі выключную дабрыню доктара. Ён бясплатна лекаваў бедных, прымаў пацыентаў у сябе дома і ехаў у любую вёску, калі чалавек не мог дабрацца сам. Адметна тое, што са сваімі пацыентамі доктар размаўляў на іх мове: з беларусамі на беларускай, з расейцемі на расейскай, з палякамі на польскай, з габрэямі на ідышы.

У адзін з візітаў да хворага доктар праваліўся пад лёд, захварэў і памёр ад запалення лёгкіх.
Станіслаў Нарбут пахаваны на Замкавай гары ў Браславе, на сваім улюбеным месцы, адкуль ён глядзеў на наваколле горада. Грошы на помнік сабралі ўсе ўдзячныя жыхары павета. Помнік лекару ёсць высокім маяком, наверсе каторага ўключаўся моцны ліхтар, каб рыбакі і спадарожнікі цёмнай ноччу маглі дабрацца да горада. Гэта вельмі сымбалічна, бо сымбалізуе самаадданасць лекара - Aliis inserviendo consumor.
Францішак Скарына (1490 - 1551) быў не толькі беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром, асветнікам-гуманістам, грамадскім дзеячам, пісьменнікам, перакладчыкам і выдаўцом першых кніг на нашай мове. Ён быў таксама прафесійным лекарам, доктарам медыцыны.

Гады жыцця і творчасці Ф. Скарыны прыпалі на самы змрочны перыяд за ўсю гісторыю еўрапейскай цывілізацыі - эпоху Сярэднявечча, час поўнага заняпаду навукі, культуры, адукацыі, права, грамадскага і гаспадарчага жыцця.

У 1088 г. быў заснаваны першы еўрапейскі ўніверсітэт - Балонскі. Восенню 1504 г. у Кракаўскім універсітэце 14-гадовым хлапчуком пачаў вучыцца Францішак Скарына.Там ён атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў, а затым - ступень магістра і медычную адукацыю.

Ступень доктара медыцыны Францішак Скарына атрымаў у Падуанскім універсітэце ў 1512 г. Дактароў медыцыны ў той час было няшмат, яны працавалі на кафедрах універсітэтаў, узначальвалі шпіталі, працавалі пры дварах каралёў і магнатаў.

Пасля Францішак Скарына займаўся лекарскай практыкай і рыхтаваўся да сваёй далейшай кнігавыдавецкай дзейнасці. А ў апошнія гады свайго жыцця Скарына зноў вярнуўся да сваёй першай прафесіі, працуючы ў якасці садоўніка і лекара пры двары караля Чэхіі і Вугоршчыны Фердынанда.

Тагачасная медыцына знаходзілася ў бездапаможным стане. Навуковым вышукам і адкрыццям вучоных, як і ўвогуле навуцы, ставіла шчыльную заслону Царква. Тое нямногае, што было дапушчана ёю ў якасці кананічных медыцынскіх і багаслоўскіх поглядаў на чалавека і яго хваробы, не магло пераглядацца ў святле новых дадзеных; адступленне ад канонаў лічылася ерассю і жорстка каралася інквізіцыяй. Якраз пры жыцці Францішка Скарыны за такія «правіны» пайшоў на вогнішча Джардана Бруна, прынялі пакутніцкую смерць многія іншыя даследчыкі прыроды, ад сваіх поглядаў адмовіўся Галілеа Галілей...

Нават веды пра будову чалавечага цела былі далёкімі ад сапраўднасці і не маглі выпраўляцца, бо анатаміраванне целаў нябожчыкаў (за рэдкімі выключэннямі) забаранялася пад пагрозай смерці. Панавала тэорыя паходжання хваробаў як пакарання за грахі. Тэрапія зводзілася да малітваў, замоваў, амулетаў і рэлігійных пастоў. Шырока ўжываліся толькі клізмы і кровапусканні, а з лекаў — адвары, настоі, прысыпкі і мазі са шматлікіх зёлак, некаторыя мінералы і рэчывы жывёльнага паходжання. Раны прыпальвалі жалезам або залівалі кіпячым алеем ці смалою. Не было ніякага ўяўлення пра мікробы і інфекцыі. Любое сур’ёзнае захворванне ці раненне звычайна заканчвалася смерцю.

Да станаўлення прафесійнай медыцыны, што з’явіцца пры Адраджэнні, заставалася яшчэ каля стагоддзя, але, як і айцец медыцыны Гіпакрат у свой час, так і доктар Скарына ў гады Сярэднявечча годна займаўся сваёю высакароднаю справаю.
🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠
Паважанае спадарства! Прапануем абмеркаваць вельмі актуальнае цяпер пытанне прафілактыкі вянознага тромбаэмбалізму ў хворых на ковід

🦠 У РБ лячэнне хворых на ковід-19 рэгламентуецца загадам № 900 МАЗ ад 21.07.21. Згодна з гэтым дакументам вылучаюцца:

Бессімптомная форма
Скаргаў няма.
Лёгкая форма
Цячэ па тыпу вострага рэспіраторнага захворвання (ВРЗ) з няваразнай слабасцю і тэмпературай меней 38,5.
Сярэднецяжкая форма
а) па тыпу ВРЗ , але з выразнай слабасцю і ліхаманкай больш за 38,5
б) нецяжкая пнеўманія (лейкацытоз 4-20, ЧД да 22, АЦ больш за 90 , ЧСС 55-110, SpО2 не менш за 95%.
Цяжкая форма
а) цяжкая пнеўманія
б) востры рэспіраторны дістрэс-сіндром, ўскладненныя формы ковід: септычны шок, інфаркт міакарду, ТЭЛА і інш.

Антыкаагулянтная тэрапія залежыць ад узроўню цяжкасці захворвання і наяўнасці фактараў рызыкі.
Наконт антыкаагулянтаў нам рэкамендуюць:

Для амбулаторных (легкі, сярэднецяжкі ковід):
- тым хворым, якія раней не прымалі антыкаагулянтаў і не маюць фактараў рызыкі - аспірын 75 мг\суткі.
- тым хворым, якія прымалі антыкаагулянты да ковіду – працягваць далей у той жа дозе.
- калі ёсць сярэдне-цяжкая форма ковід + высокая рызыка трамбоза (малая рухомасць, ТГВ\ТЭЛА у анамнезе, тромбафіліі, ўзрост больш 70, анкалогія і г.д) і сярэдне-цяжкая форма ковід + нізкая рызыка кравацеку, рэкамендуюць прызначаць: рывараксабан 10 мг 1 раз за суткі; апіксабан 2,5 мг 2 разы за суткі; дабігатрана этэксілат 110 мг 2 разы за суткі.
Працягласць прымянення антыкаагулянтаў пры амбулаторным лечэнні COVID-19 – да 30 сутак у залежнасці ад дынамікі клінічнага стану і тэрміну аднаўлення яго рухальнай актыўнасці.

Для шпіталізаваных:
фармакалагічная тромбапрафілактыка павінна праводзіцца ўсім шпіталізаваным з пнеўманіяй пры адсутнасці супрацьпаказанняў (актыўны крывацёк, узровень трамбацытаў ≤ 25×109 /л).
Цікава, што рэкамендацыі па лячэнню раздзяляюць не па ступенях цяжкасці захворвання, а па крытэру амбулаторны – стацыянарны. Напэўна, гэта звязана з магчымасцю кантроля за ўскладненнямі лячэння (кравацекі, напрыклад).

🦠 На старонцы сусветнай арганізацыі аховы здароўя 25.01.21 рэкамендацыі даюць у залежнасці ад цяжкасці хваробы:

1. У выпадку лёгкага цячэння згадак пра тромбапрафілактыку няма.
2. У выпадку сярэднецяжкога цячэння (наяўнасць пнеўманіі) таксама згадак няма. Пры чым дапускаецца і амбулаторнае лячэнне, і шпіталізацыя пры наяўнасці фактараў рызыкі.
3. Рэкамендацыі аб тромбапрафілактыцы тычацца толькі шпіталізаваных.
Адзначаецца, што рэкамендацыі маюць нізкі ўзровень упэўненасці, так званыя ўмоўныя(слабыя) рэкамендацыі па прычыне адсутнасці магутных даследванняў.
Рэкамендуюць прафілактычныя дозы антыкаагулянтаў калі няма асноў для назначэння тэрапеўтычных. Прапануюць НМГ(нізкамалекулярныя гепарыны), ці НФГ(нефракцыяваны гепарын), ППАК (пераральныя прамыя антыкаагулянты). Трэба ўлічваць узровень трамбацытаў калі прызначаецца НФГ(магчыма развіццё гепарыніндуцыраванай трамбацытапеніі), наяўнасць ныркавай няздатнасці, вагу цела, калі прызначаецца НМГ. Працягласць тромбапрафілактыкі – да выпіскі.

🦠 На старонцы Нацыянальнага інстытута здароўя ЗША (люты 2021) рэкамендуюць наступнае:

1. Для нешпіталізаваных хворых з ковід — супрацьтрамбатычная і супрацькаагулянтная тэрапія не павінна прызначацца, калі няма іншых паказанняў (А111).
2. Шпіталізаваныя нецяжарныя хворыя на ковід павінны атрымліваць прафілактычую дозу антыкаагулянтаў (А111).
3. Наконт тромбалітыкаў і прымянення больш высокіх доз чым прафілактычныя пакуль няма даставерных данных за ці супраць.
4. Пасля шпіталізацыі — працягваюць прымаць антыкаагулянты тыя, ў каго нізкая рызыка крывацёку і высокая рызыка трамбозу, ці есць паказанні для прафілактычнай антыкаагуляцыі без ковіду (BI).
5. У цяперашні час недастаткова доказаў, каб рэкамендаваць за або супраць руціннага абследавання на трамбоз глыбокіх вен пацыентаў з COVID-19 без прыкмет або сімптомаў вянознага тромбаэмбалізму, незалежна ад стану іх маркераў каагуляцыі.
🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠🦠
Прапануем падзяліцца ў каментарах сваімі меркаваннямі наконт прызначэння антыкаагулянтаў хворым на ковід-19. Цікава даведацца, як ставіцеся да гэтай праблемы асабіста Вы і вашыя калегі. Пытанне актуальнае, таму што сёння з ковідам сутыкаюцца амаль усе лекары.

Кошт антыкаагулянтаў даволі высокі (ксарэлта 10 мг 116 рублеў на месяц). Кошт ускладненняў ад глыбокага трамбоза ці ўскладненняў ад крывацёку на фоне прыема антыкаагулянтаў нашмат вышэйшы…
Як палепшыць харчаванне ў турме?

Даследванняў і спецыяльнай медычнай літаратуры, як палепшыць харчаванне зняволеных, няма. Таму што турма — абмежаванне волі, а не фізіялагічных патрэб чалавека. Гэта не медычны тэкст, але спроба лекараў выказацца на актуальную тэму — як разнастайніць харчаванне вязняў беларускіх турмаў і СІЗА, каб зменшыць шкоду здароўю.

Запрашаем у каментарах выказвацца, дапаўняць ці выпраўляць парады, каб у рэшце атрымаць тэкст з рэкамендацыямі для практычнага выкарыстання.

https://telegra.ph/YAk-palepshyc-harchavanne-%D1%9E-turme-11-21
Анафілаксія: дыягнаставаць ды выратаваць. Анлайн-лекцыя ў гонар набліжаючагася Дня роднай мовы

🗓 Заўтра (нядзеля, 20.02) а 14:00
Лектар: Ганна Барушка, лекар-алерголаг

Аб чым пойдзе гаворка:
- чаму зараз ужываюць тэрмін “анафілаксія”, а не “анафілактычны шок”
- ад якіх фактараў узнікае
- як дыягнаставаць
- чым лячыць
- як пазбегчы

Далучайцеся і задавайце пытанні!

https://youtu.be/FEAuGhWue-k
У гэтым годзе ў дзень Волі мы працягваем змагацца за нашу свабоду разам з украінскім народам.

«Расія выкарыстоўвае сваю мову і культуру як элемент гібрыднай вайны супраць сваіх суседзяў. Робіць гэта сістэматычна і пры ўсіх рэжымах. Не мы гэту вайну пачалі, але ў нашых сілах пакласці ёй канец»
Гэта ўрывак тэксту ўкраінскага аўтара, які быў напісаны ў 2017 годзе. 24 лютага 2022 года Расія распачала сапраўдную вайну супраць Украіны.

Размаўляць на сваёй мове - гэта тое, што можа рабіць кожны для перамогі.

«FAQ для російськомовного патріота України»
Мы пераклалі на беларускую і прапануем вам. Калі словы "Украіна, украінская" замяніць на "Беларусь, беларуская" атрымаецца тэкст для расейскамоўных патрыётаў Беларусі.

https://telegra.ph/FAQ-dlya-ros%D1%96jskomovnogo-patr%D1%96ota-Ukraini-03-25