Полк Каліноўскага
31.1K subscribers
1.28K photos
480 videos
607 links
Афіцыйны канал Палка імя Кастуся Каліноўскага – беларускага падраздзялення ЗСУ, якое вызваляе Беларусь праз вызваленне Украіны.
Афіцыйная старонка: https://bel.army/
СМІ: https://t.me/PressBelWar
Download Telegram
Страляць у спіну?

Я браў удзел у штурме вёскі на поўдні Украіны. Аперацыя прайшла паспяхова, вёска вярнулася пад кантроль Украіны, акупантаў выгналі.

Калі баі ўціхлі, а рускія, пакінуўшы нам вялікую колькасць свайго БК, уцяклі ў бок «парэбрыка» мы аглядалі вёску на прадмет расцяжак і замініраваных памяшканняў. Падыходзячы да чарговай хаты, раптам я бакавым зрокам заўважыў, як з суседняга хлява выскачыў рускі салдат у адной бялізне і з аўтаматам у руках. Ён з ашаломленым позіркам агледзеўся, убачыў мяне, спачатку падняў рукі, потым кінуў на зямлю аўтамат і рэзка стаў уцякаць у бок лесу. Відаць, спалохаўся казак пра фашыстаў і пабаяўся, што я яго замучу ці што там было ў яго ў галаве цяжка зразумець. Наогул цяжка зразумець, што ў іх усіх у галовах, калі яны прыйшлі на чужую зямлю.

Дык вось ён бяжыць, а я стаю крыху ашаломлены. Ну не чакаў убачыць ваяра «другога войска міру» у адных трусах. Адлегласць ад мяне была метраў сто, сто пяцьдзясят. У прынцыпе з такой адлегласці я кладу з аўтамата палову магазіна ў ліст А4. Я з лёгкасцю б яго мог застрэліць. За ўсё тое гора, якое яны прынеслі на Украінскую зямлю…
Гэта быў вельмі цяжкі выбар. Але рука не паднялася. Уцёк.

Вы там «оркі» ведайце, калі сустрэнеце такога ж як вы вырадка, толькі ў адных трусах – гэта мой. За жыццё няхай дзякуе ваяру палка Каліноўскага.

#дзённік_каліноўца
«Мая куля»

Быў цяжкі бой пад Лісічанскам.
Пасля «кантакту» з ворагам сувязь са штабам была страчана, мы панеслі страты. Пачалі адыходзіць.
Я адпаўзаў да «зялёнкі» пад шквальным агнём варожага кулямёта: кулі ляцелі літаральна над галавой, я прама чуў іх непрыемны свіст. Поўз, уціскаючыся ў зямлю, практычна ўзараўшы дзёрн.

У нейкі момант я адчуў паленне ў назе. Патрапіў гад! Я адразу зразумеў, што мяне параніла. Дзіўна, але болі я не адчуў, мабыць адрэналін згуляў сваю ролю. У поўнай экіпіроўцы я прапоўз недзе 600 метраў. Ведаеце, 600 метраў ад дома да крамы – гэта блізка, 600 метраў прабегчы за ад'язджаючым аўтобусам – гэта лёгка, 600 метраў прайсці ад бара да бара – гэта нават весела. Але з раненнем і пад агнём – гэта жудасна доўгая дыстанцыя! Мне прыйшлося кінуць усю экіпіроўку і пакінуць толькі аўтамат, рацыю і тэлефон, інакш да кропкі эвакуацыі я проста не дацягнуў бы.

Раптам я пачуў, што нехта бяжыць па дарозе. Я вырашыў не рызыкаваць і не ўдакладняць свае гэта ці не. Прыкінуўся мёртвым. Выратавала.
Я ўстаў і з апошніх сіл пайшоў да месца эвакуацыі, якое знаходзілася за тры кіламетры. Адкуль я тады браў сілы, не ведаю да гэтага часу.

Перад самай кропкай эвакуацыі мяне сустрэлі ЗСУ. Тут жа завялі да медыка. Медык мяне агледзеў, разрэзаў шнуркі і зняў берцы. З аднаго адразу ж палілася кроў і выпала куля.

- Трымай! Твая куля!
Я сціснуў кулю ў руцэ і адключыўся.У выніку ў мяне пералом ступні. Хадзіць ужо магу. Хутка вярнуся ў строй.
Трэба вярнуць кулю оркам зваротна. Пажадана не адну.

#дзённік_каліноўца
🧍‍♂"Праклятая рэчка"

Калі доўга знаходзішся на пазіцыях, звычайныя бытавыя рэчы становяцца з шэрагу фантастыкі: выспацца, паесці гарачую ежу, схадзіць у душ.
На другі тыдзень сядзення ў акопах мы з Брэстам сталі падобныя да шахцёраў, якія літаральна зараз выйшлі з пад зямлі. Дачакацца ратацыі ў такім выглядзе проста ўжо было немагчыма. Знайшлі па карце рэчку. Яна была недалёка ад нашых пазіцыяў. Вырашылі пайсці выкупацца.
Толькі мы выйшлі са сваіх пазіцый – пачаўся абстрэл. Вырашылі пацерпім.
На наступны дзень, жаданне змыць з сябе ўвесь бруд і пыл узяло верх. Высунуліся да рэчкі зноў.
Падыходзячы да самай рэчкі і ўжо прадчуваючы, як у яе акунемся, мы заўважылі два сілуэты якія ідуць паралельна з намі. Мы адразу нават не падумалі, што гэта не нашыя. Вось так сярод белага дня разгульваць вакол нашых пазіцый могуць толькі ідыёты. Але як мы ведаем оркі розумам не адрозніваюцца.
Заўважыўшы нас, яны адразу ж упалі на зямлю.
Брэст аддаў загад: «Ідзем браць!». Перадалі інфармацыю сумежнікам і пайшлі. Раптам адзін падняў галаву і спытаў: «Вы хто?». Брэст крыкнуў: «Слава Украіне!». У наш бок адкрылі агонь.
На іх абрынуўся шквальны агонь у адказ. Шанцаў выжыць у іх не было.
Калі чэргі заціхлі мы пачулі: «Здаюся!».
У выніку адзін сустрэўся з Кабзонам, другому мы аказалі дапамогу, наклалі на раненні свае! турнікеты, здалі сумежнікам.
Такога рэзкага пераабування я ў сваім жыцці яшчэ не бачыў. Мы тут жа пачулі што рускае войска лайно, як і ўсё камандаванне. Мы то з гэтым і так згодны, але злавала, што выкупацца так і не атрымалася.
Трэці дзень нашых спроб выкупацца сарвала варожая артылерыя.
Але ваяры Палка Каліноўскага хлопцы мэтанакіраваныя!
На чацвёрты дзень мы цвёрда вырашылі дайсці на гэтую праклятую рэчку. Дайшлі.
Рэчка была забалочаная. Выкупацца ў ёй азначала стаць бруднымі яшчэ больш…
Навошта я гэта? У мірны час шануйце простыя бытавыя радасці.

#дзённік_каліноўца
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
🍞"ГОЛАД"

Мы атрымалі задачу адкінуць ворага, заняць яго пазіцыі і ўтрымліваць тры дні, да заходу рэгулярных частак ЗСУ. З задачай паспяхова справіліся.
Прайшоў тыдзень, але па нейкіх прычынах ЗСУ так і не заходзілі на пазіцыі, а мы натуральна пакінуць лінію без загаду не маглі - працягвалі ўтрымліваць сваімі сіламі.
Паколькі разлік быў на тое, што аперацыя зойме тры дні, адпаведна і харчавання было на трое сутак. Паверце, што кожны лішняя бляшанке пашцету ў заплечніку, на маршбраску ператвараецца, па адчуваннях, у лішнюю цэглу за спіной. Так што разлічана ўсё было ўпрытык.
Пастаянная фізічная нагрузка абвастрыла адсутнасць ежы. Паёк разлічаны на адзін прыём ежы, расцягвалі на суткі. Станавілася, мякка кажучы, не па сабе.
На другі тыдзень, прынялі рашэнні прайсці па руінах дамоў, у надзеі знайсці хоць нешта ядомае. Надзеі было мала. Рускія ўжо даўно сцерлі з твару зямлі сяло ў якое мы накіраваліся, але голад прасіў даць калі не ежы, то хаця б надзею.
Зайшлі ў вёску і пакуль асноўная група ўтрымлівала перыметр, камандзір заўважыў бабулю! Мабыць яна з тых людзей, якія не згаджаюцца на эвакуацыю і застаюцца ў сваіх дамах да канца. Бабуля была рада нас бачыць, выслухала камандзіра, і вынесла нам кошык яек і трохлітровы слоік малака! Апісаць словамі як мы былі ўдзячныя гэтай бабулі проста немагчыма!
Пачаўся чарговы абстрэл вёскі - адзінае пра што мы думалі, як не разбіць малако і яйкі і данесці іх да пазіцый. Дзіўна, але страх за сваё жыццё пайшоў на другі план.
Пазіцыі мы ўтрымлівалі яшчэ тыдзень. Малако нам вельмі дапамагло, мы разводзілі ў ім рэшткі пратэіну. ЗСУ нас у рэшце рэшт змянілі. Лінія абароны стаіць.
Я вось думаю, хто ж атрымліваецца ўтрымаў пазіцыі. Мы з хлопцамі ці тая чуллівая бабуля?

#дзённік_каліноўца
Я жывы!

На пазіцыях шмат праблем. Пастаянныя абстрэлы, зімой холад, адсутнасць сну. Мякка скажам, некамфортна. Але ёсць яшчэ адна важная праблема. Як здабыць інтэрнэт? У зоне баявых дзеянняў гэта практычна немагчыма. Вы спытаеце навошта? Вось навошта табе тамака на вайне інтэрнэт? Мэмчыкі паглядзець? Відосікі? Ды проста напісаць блізкім - я жывы.
Цяпер свет - гэта той, які здымаецца на камеры, айфоны, рэгістратары, камеры назірання. Цяперашняя вайна як на далоні. Блізкія і родныя кожны дзень бачаць новыя кадры баёў, кадры зверстваў акупантаў, бамбардзіровак гарадоў і пакуты людзей. Кожны дзень за цябе хвалююцца.
Дык вось на пазіцыях на ўсходзе Украіны, якія мы працяглы час утрымлівалі, падлавіць інэт можна было толькі ў адной кропцы. Трэба было вяртацца на базу, і там, на даху аднаго з баракаў, ледзь прабівалася адна палосачка. Мы пісалі аднаму з пабрацімаў каму адправіць вестку, што ўсё ў парадку і ён лез наверх. Адпраўляў усім. Адказу не чакалі. Галоўнае паведаміць аб сабе, пазбавіць хоць не надоўга родных ад хвалявання.
Гэты барак разбамбіла.
На доўгі час мы засталіся без сувязі. Але знаходлівасць зрабіла сваю справу. Прама ў акопах адзін з пабрацімаў, проста дзеля жарту прывязаў тэлефон да доўгай палкі і падняў угару. Мы ўсе дружна паржалі, але калі ён шчаслівы сказаў што паведамленне адправілася на працягу дня да гэтай палкі быў прывязаны тэлефон кожнага. Нашы блізкія, дзякуючы такому першабытнаму спосабу, зноў змаглі атрымліваць шчаслівыя вестачкі.
У якім бы месцы мы не знаходзіліся, мы заўсёды шукаем магчымасць даць аб сабе ведаць.
Калі зараз вы ў бяспецы і ў коле родных - шануйце гэты час!

#Дзённік_каліноўца
Людзі

На гэтай вайне ў мяне было шмат здзіўленняў.
Вядома першае - гэта сам пачатак. Я маю на ўвазе сам факт нападу на незалежную, дэмакратычную і свабодную ва ўсіх сэнсах краіну. Напад такім варварскім спосабам. А чацвёртай раніцы. Бамбяць гарады і сталіцу, прарываюць межы… Паралель з нацысцкай Нямеччынай такая відавочная тады была для ўсіх, што нават не верылася ў першыя гадзіны, што ўсё, што адбываецца праўда.
Другім здзіўленнем, ці нават хутчэй абурэннем - была інфармацыя, якая паступала з вызваленых гарадоў і вёсак. Тое, што я бачыў на свае вочы, тое, што расказвалі пабрацімы, якія заходзілі ў іншыя месцы не ўкладвалася ў галаве. Такая першабытная жорсткасць акупанта да мясцовых жыхароў, расстрэлы ў патыліцу, брацкія магілы, згвалтаванні, пакоі для катаванняў… Трэба сказаць з кожнай такой навіной – зброю ў руках трымаеш усё мацней і мацней. Відавочна становіцца, што прыняў правільнае рашэнне, калі пайшоў бараніць Украіну ад гэтай злачыннай навалы.
Здзіўленнем для мяне былі і самі баявыя дзеянні. Гэта для мяне першая вайна і яна вельмі адрозніваецца ад кіно і сваіх асабістых уяўленняў. Выбухае не так як я ўяўляў. Прылятае не так, як я ўяўляў. Паміраюць не так, як я ўяўляў. Страшней…
Але самым галоўным здзіўленнем для мяне былі людзі на гэтай вайне. Хлопцы, якіх я сустрэў. Усе тыя, хто змагаецца разам са мной бок обак. Ні адна спартовая, патрыятычная ці інтэлектуальная арганізацыя, не канцэнтруе ў сабе такаю колькасць розных, цікавых, рашучых і ўпэўненых людзей, як вайна. Тут зараджаецца сапраўднае, моцнае, праверанае ў баях сяброўства. Тут людзі адкрываюцца. Калі ты баязлівец - гэта стане зразумела. Калі герой - таксама стане ясна.

Таму самае галоўнае здзіўленне - гэта людзі.

#дзённік_каліноўца
Лазавое. Расейская арта

Мы штурмавалі Лазавое пад кіраўніцтвам «Брэста».
Наша група мусіла пераправіцца праз рэчку, што мы ўласна і зрабілі. Перапраўляліся прама пад артылерыйскім агнём. Задавальненне не з прыемных, я вам скажу: вакол выбухае, а пакуль ты знаходзішся ў лодцы, прабачыце за каламбур, зямлі пад нагамі не адчуваеш. Адзін з нашых байцоў, відаць на стрэсе, страціў на пераправе каску. Што? Як? Чаму? Разбірацца не было часу. Але мне ўрэзалася ў памяць, як ён наступныя абстрэлы затуляў галаву ад аскепкаў звычайнай сапёрнай лапаткай… І смешна і сумна.
Далей на падыходзе да самога Лазавога пачаўся штурм акопаў акупантаў. Штурм мы правялі з цяжкімі баямі, але пасьпяхова. Адзін з нашых пабрацімаў здабыў у бліндажы і прынёс да нас під…рскую рацыю! Такую здаравенную, з велізарнай антэнай. Працоўную. Мы адразу зразумелі, што яна на варожай хвалі. У рацыю былі чутныя крыкі рускіх: «Что там? Что там в Лозовом?!!». Ён перадаў рацыю Брэсту і той не разгубіўся. Стаў ім адказваць і сам карэктаваць агонь іх жа арты, па тых частках якія стаялі перад намі!
«Что там? Что там в Лозовом?!!»
«Да пи..ец! Тут их просто дохрена! Работайте! Работайте!»
Тут жа расейская арта накрывае сваіх жа.
«Попали?»
«Да! Лупите дальше!»
Зноў недалёкія оркі, не разумеючы падставы, накрываюць сваіх жа. Мусіць, камусьці з іх і ўзнагароду якую-небудзь выдалі, за такую паспяховую працу... Па сваіх.
У выніку Лазавое мы ўзялі. Гэта быў той выпадак, калі руская арта дапамагала нам у штурме не горш за нашыя ж мінамёты. Мы потым адышлі, без страт і з адным параненым. Цяпер Лазавое зноў наша.
Цікава, колькі такіх выпадкаў па ўсёй лініі фронта? Рускім мобікам варта задумацца, калі ім прыходзіць позва. Гераічна прайсці гэтую вайну, як у савецкіх фільмах, не атрымаецца - заб'юць свае ж.

#дзённік_каліноўца
Чорны новы год

Перад святамі сабралі з пабрацімамі прадукты для людзей, што ўсё яшчэ застаюцца ў горадзе N, які днём і ноччу абстрэльваецца, а лінія фронту праходзіць за кіламетр. Горад пагружаны літаральна ў змрок: пыл ад тэхнікі, якая бясконца перасоўваецца, дым ад прылётаў, бруд і аскепкі пад нагамі, абгарэлыя будынкі. А людзі ўсё роўна там жывуць... Спрабуюць жыць...
Сабралі тое, што было на нашым складзе: крупы, рыс, кансервы, зусім няшмат цукерак. Дзеці там таксама застаюцца.
Заязджалі ў горад і мяне наведала дзіўная думка - мо мы неяк пакрыўдзім кагосьці, прапаноўваючы бясплатна прадукты? Заехаўшы туды - я зразумеў, што гэта была думка з мірнага жыцця. З жыцця, дзе ты можаш выбраць што есці, што піць, куды пайсці. З жыцця, дзе ты можаш усё набыць.
Спынілі машыну, як толькі пабачылі бабулю, якая, як ні ў чым не бывала, сядзела ля дома на лавачцы. Як быццам не стаяць пад горадам цэлыя зграі рускіх мобікаў і вязняў усіх масцяў. Як быццам яны не лезуць на яго ўскраіны, як у кіно пра зомбіапакаліпсіс. Адчыняю багажнік і пытаю, ці патрэбныя прадукты? Пакуль бабуля ішла да машыны, з дамоў сталі з’яўляцца жыхары.
Людзі практычна збягалісь. Працягваюць рукі - я аддаю. Працягваюць рукі - я аддаю. Удзячныя падлеткі, жанчыны, мужчыны. Дзіўна, але людзі здавалісь мне нейкімі чорнымі. Чорныя твары. Не ад бруду. Ад гора.
«Внучёк! Слышишь?»
«Да…»
«А конфеток нету? Так сладкого, хоть чего хочется…»
«Нету, бабушка… Отдал всё, что есть…»
Бабуля павольна сыходзіць. А ў мяне было салодкае. Невялічкая скрынка цукерак. Я заўважыў у натоўпе хлопчыка. Маленькага. Аддаў яму…

#дзённік_каліноўца
Дрон

Ні для каго не сакрэт, што на вайне выкарыстоўваюць пазыўныя. Тлумачу для тых, хто далёкі ад вайны (хаця я лічу, што ўжо такіх практычна не засталося не тое што ва Украіне, а ў свеце): пабрацімы не звяртаюцца адзін да аднаго па імёнам і прозвішчам, а выкарыстоўваюць замену. У месцах не гэтак аддаленых — гэта мянушкі, у ваенных колах — пазыўныя. Гэта неабходна для ўтойвання асабістых дадзеных падчас зносін па лініях тэхнічнай сувязі. То бок па рацыях. Ну пагадзіцеся: навошта ворагу ведаць, што насупраць яго стаіць 20-гадовы хлопец з імем Дзяніска? Хай думае, што насупраць яго стаіць "Дэман", "Воўк", "Забойца" — няхай яго псіхіка прымушае панервавацца, няхай яго псіхіка гуляе нам на руку.
Але часам ваяры, абіраючы пазыўны, здзяйсняюць неўсвядомленую памылку…
Справа была на баявым выхадзе. Мы з хлопцамі праводзілі сумесную аперацыю з сумежнікамі ЗСУ. Аперацыя планавалася доўга, небяспечнасць прамога сутыкнення з акупантам была высокая, усе былі сабраныя і напружаныя. Мы знаходзіліся на першай лініі ў акопах. Чакалі. У нейкі момант запрацавала рацыя:
“Дрон! Дрон! Як зразумелі?”
У гэтую ж секунду ўсе ляглі тварам у зямлю! Варожы дрон над тваёй галавой ні да чаго добрага не прыводзіць. Не бывае так, каб дрон расейцаў палятаў над галовамі і не пачаліся прылёты.
Праз некалькі хвілін сталі падымацца. Дрон не было чутна. Толькі ўсе прыйшлі ў сябе, рацыя запрацавала зноў:
“Дрон! Прыём! Дрон!”
Усё зноў імгненна падаюць! Чакаем. Ізноў цішыня. І, што дзіўна, прылёты не пачынаюцца.
“Дрон! Перадайце, каб ён выйшаў на сувязь!”
У выніку апынулася, што нехта з сумежнікаў выклікаў свайго пабраціма з пазыўным “Дрон”…
Мы мякка параілі змяніць пазыўны на нейкі больш нейтральны, каб не ўводзіць у зман сваіх.
Так што парада: усе, хто абірае сабе пазыўны, выключайце такія, як "Дрон", "Танк", “Град" і ўсе ім падобныя. Не прымушайце сваіх пабрацімаў іншы раз нервавацца. І так праца нервовая.

#дзённік_каліноўца
Гісторыя з-пад Лісічанска

Ішлі баі за Лісічанск. Нашаму падраздзяленню неабходна было заняць пазіцыю ля пераправы. А на вайне самая галоўная зброя - гэта што? Правільна. Не аўтамат, не кулямёт, не мінамёт, не танк, і нават не самалёт. Галоўная зброя, хлопцы, - гэта рыдлёўка. Толькі дзякуючы рыдлёўцы і майстэрскаму валоданню ёй вы можаце адчуць сябе хоць крыху ў бяспецы. Магчыма, маладым і гарачым гэта здаецца смешным, але хлопцы, якія паваявалі, думаю, са мной пагодзяцца.
Дык вось, узброіўшыся галоўнай сяброўкай і выратавальніцай байца, мы сталі капаць акоп. Хлопцы былі ўжо стомленыя і пасля нядоўгага калупання зямлі некаторыя пазасыналі. Я працягнуў капаць і сачыць за сітуацыяй. Падумаў, няхай хоць крышку адпачнуць. Такія моманты адбываюцца рэдка. Калі я акапўся - вырашыў разбудзіць каго-небудзь з пабрацімаў і ўжо адпачыць самому.
Раптам ні з таго ні з сяго ўскоквае мой сябар, хапае рыдлёўку і пачынае люта капаць. Я б нават сказаў, проста ўрывацца ў зямлю. Я здзіўлена спытаў у яго, што здарылася? Пабрацім распавядае...
Ён спіць. І раптам сніцца яму сон. Што ён гэтак жа вось спіць на гэтым жа месцы і раптам перад ім з'яўляецца Ваня «Брэст» і паказвае вялізны ФАК! Прама ў твар. Натуральны такі ФАК!
Кажа, што намёк зразумеў адразу ў сне, падарваўся і працягнуў капаць акопы.
Кажа, нават з таго свету “Брэст” сочыць за парадкам…

#дзённік_каліноўца
Кантузія

Едзем па Бахмуту. ДамЫ разбітыя, чорныя. Вокны выбітыя і праз іх бачна, як спынялася жыццё. Вось нехта развесіў бялізну сушыцца - зняць ужо не паспеў. Хтосьці глядзеў тэлевізар - даглядзець любімую праграму ўжо не паспеў. Хтосьці не паспеў прачнуцца. Праязджаем варонкі ад прылётаў. Яны вялізныя, залітыя вадой, і здаецца, што гэта маленькія азёры... Разбітыя кафэ, банкі, гандлёвыя цэнтры. А людзі жывуць. Чаму не з'язджаюць? Чаму не вывозяць дзяцей? Няма куды? Баяцца пакінуць дом? Ці кагосьці чакаюць?.. Адказаў на гэтыя пытанні ў мяне няма.
Спыняемся. Я адчыняю вакно машыны, каб крыху падыхаць свежым паветрам, хоць яно і аддае пылам і гарам. Раптам - БАХ!
Зазвінела ў вушах. Усё неяк замарудзілася. Прыкладна праз хвіліну ў скроні сталі ўразацца татуіравальныя машынкі. Взззззз. Першы раз такое адчуваю. Да машыны падбягаюць мае пабрацімы.
- Як ты?
- Нармальна…
- Зможаш ехаць?
- Так…
Вззззз. Цела крыху ватнае, як быццам цябе званітавала. Едзем на базу. Хлопцы размаўляюць у машыне, я іх чую, але неяк дзіўна, з рэхам нейкім… Вззззз. Імкнуся кантраляваць машыну, усю канцэнтрацыю аддаю на дарогу.
Прыехалі. Выйшаў з машыны. Выдыхнуў. Паварочваю галаву налева – карцінка даплывае са спазненнем. Паварочваю галаву направа - зноў разумею, што карцінка не паспявае за галавой. Взззз. Іду да свайго месца. Заходжу ў цёмнае памяшканне і разумею, што не арыентуюся. Вось жа я ўжо сто разоў хадзіў па ім, а зараз не магу зрабіць крок. Вззззз. Раблю крок назад да святла. Прашу хлопцаў дапамагчы дайсці…
Вззззз…
Са мной усё добра. Мяне на месцы ж агледзелі, далі выпіць лекі, паклаўся спаць. Калі прачнуўся, карцінка стала на месца, татуіравальныя машынкі ў скронях зніклі. У параўнанні з кантузіямі і параненнямі, якія атрымліваюць нашыя хлопцы - гэта быў проста лёгкі спалох. Але я запамятаю яго на ўсё жыццё.

#дзённік_каліноўца
Самому сабе

Хачу звярнуцца да ўсіх, хто зараз у мірным жыцці і да самога сябе тагачаснага, які не ведаў стомленасці вайны.
Усе тыя, хто вечарамі не можа доўга заснуць: выбірае серыял, пад які лепей пайсці ва ўладу Марфея; па сто разоў праветрывае пакой, таму што душна, потна, ліпка; вось-вось "дазаліпае" ў сацыяльныя сеткі і так да самай раніцы; усе, хто варочаецца, круціцца, верціцца і проста доўга глядзіць у столь - у мяне для вас "лайфхак"!
Сорак кіламетраў за дзень! Бягом, крокам, паўзком, лежачы, часам седзячы, але не доўга. Сорак! Дзесьці ўжо пасля дзясятага кіламетра адчуванне, што ЎСЁ! Але не... Трэба далей. Зброя больш не нясе пагрозы ворагу, а толькі табе, бо здаецца, што рукі адарвуцца. Шалом шаруе і ўвесь час спаўзае. Адзенне - мокрае і цяжкае. Абутак - непад'емны. Мазалі - усюды. Калені - баляць. Ды ўсё баліць!
Але калі ты разумееш, што задача выканана - засынаеш імгненна. Абстрэлы, налёты, выбухі - нічога не можа цябе выдраць з абдымкаў сну.
Так што вы гэта... карыстайцеся на здароўе!
А лепш карыстайцеся мірным жыццём. Не губляйце час. Можаце спаць - спіце. Можаце кахаць - кахайце. Можаце… Ды што можаце, тое і рабіце на сваё задавальненне, толькі не марнуйце час! І не забывайце, што ёсць тыя, у каго няма ні часу, ні такой магчымасці.

#дзённік_каліноўца
Бравада

Я - камандзір медэвака. Для тых, хто не ведае, што такое медэвак, і думае, што медыкі на вайне - гэта ранку ёдзікам прамыў і таблетачку даў выпіць - не. Мы не проста медыкі. Мы заўжды знаходзімся непасрэдна ў зоне баявых дзеянняў, і наша задача тут і зараз, калі вакол ідзе бой і пастаянныя абстрэлы - выратаваць параненага. А параненні бываюць рознай ступені і цяжкасці ў гэтай вайне... Паверце, я ўжо наглядзелася як ні хто іншы…
Як вы зразумелі, мы з медыкамі жывём з ваярамі, зносіны ў нас сяброўскія, блізкія, хлопцы часта жартуюць паміж сабой і з намі. Мне часта кажуць: "Вось, калі мяне моцна параніць - не ратуй, пайду як воін, гэта лепш, чым застануся калекай!", ці "Калі што, падарву сябе гранатай", ці яшчэ цікавей “Адна куля заўсёды для мяне, на такі выпадак”. Ды шмат чаго яшчэ, што чуць непадрыхтаванаму чытачу не пажадана. У асноўным гэта хлопцы, якіх яшчэ толькі чакаюць сур'ёзныя баі… Мне здаецца, гэта такая, свайго роду, бравада. І няма нічога ў гэтым дрэннага. Кожны настройвае сябе на бой сам. Хочацца здавацца бясстрашным і непераможным - калі ласка. Як правіла гэта бравада ДА параненняў…
Справа была ў Гуляйполе. Наш медэвак выязджае і эвакуіруе не толькі сваіх, каліноўцаў, мы эвакуіруем і ўкраінскіх воінаў таксама. Мне прыйшлося вывозіць хлопца з "Альфы". Узарваўся пластыд... Адарвала дзве рукі... Ногі ўсе ў апёках... Раздрабніла зубы... Разарвала напалову нос. Трасецца… У крыві была ўся машына і я...
Дык вось адзінае, што ён мне паўтараў, пакуль быў у прытомнасці - "Хачу жыць!".
Вось так…

#дзённік_каліноўца
SPA НА ФРОНЦЕ

Баявы выезд. Бахмут. Мінамётны разлік.
Каб вы разумелі, зараз у Бахмуце ў прынцыпе праблема з вадой. Няма ні водаправоднай вады, ні святла, ні, як мы даўно зразумелі, нават зародкаў чалавечнасці ў акупантаў, якія пазбавілі ўсяго гэтага жыхароў горада.
На чацвёртыя содні мы даведаліся, што недалёка ад нашых пазіцый у прыватным сектары ёсць лазня. Праўда і акупанты там за кіламетр таксама ёсць. Але і лазня...
Рызыкнулі. Лазня была ў падвале, растапілі яе дровамі, добра растапілі, лепшыя спа комплексы маглі б павучыцца. І сталі па два чалавекі спускацца парыцца. Двое заставаліся наверсе сачыць за рацыямі. Венікаў мы не знайшлі, таму парыліся маленькімі дошчачкамі. Оооў! Гэта нешта было неверагоднае! Міны свішчуць. А мы парымся. Рэлакс. Нешта падобнае я адчуваў яшчэ да вайны. Калі ў новы год з сябрамі ў лазні, а за вакном выбухаюць салюты. Вось і тут выбухае. Толькі не салюты...
На момант гэтай працэдуры мы забыліся, што вакол ідзе вайна, як быццам у гэты самы момант мы знаходзіліся пад нейкім ахоўным купалам. А як жа цудоўна было пасля лазні пакласціся на свежавыпаўшы снег, няхай і на паўхвіліны.
Адзінае за што хваляваўся наш пабрацім, каб вось так галышом не памерці.
Гэта была найлепшая лазня ў маім жыцці.

#дзённік_каліноўца
Камендатура

Зіма. Цёмная ноч.
Вёска сярод паўднёва-ўкраінскіх стэпаў.
На цэнтральнай плошчы стаіць зламаны аўтобус.
У аўтобусе сядзіць ваяр-кіроўца (ВК) і сумна чакае рамонтнікаў.
ВК звяртае ўвагу на цьмяна-асветлены адміністрацыйны будынак і, вырашыўшы, што гэты кінатэатр, накіроўваецца да яго.
Перад будынкам ВК бачыць чалавека ў форме. Падыходзіць да яго і пытаецца:
- А дзе тут туалет?
Чалавек у форме ўважліва глядзіць на ВК, на яго летнюю форму ЗСУ і спакойна адказвае, акідваючы поглядам навакольную непраглядную ноч:
- Усюды... - паўза. Выпраўляецца і хутка кажа: - У полі...
- Дзякуй. - І сыходзіць у цемру за будынкам.
Праз дваццаць хвілін па шляху з поля да аўтобуса ВК праходзіць недалёка ад чалавека ў форме і чуе:
- Хлопец, а ты хто такі?
- Вайсковы.
- Я бачу, што вайсковы. Ты адкуль?
- З Беларусі!
- Адкуль?!!!
- З Беларусі...
- А дакументы ёсць?
Ваяр працягвае паперу А4 з наклееным фота, пячаткай і некалькімі радкамі тэкста.
Служачы камендатуры (як выявілася) уважліва разглядае прад'яўлены дакумент. Потым пільна глядзіць на шчасліва ўсмешлівага падаўца гэтага "дакумента".
- Гэта што?
- Ваеннік)))
- Што??
- Ваенны білет... - крыху няўпэўнена кажа - Нам толькі такія выдаюць...
СК робіць паўкроку назад, цягнецца да пісталета і адначасова здзіўлена-лісліва кажа:
- Ого, тут і аўтамат упісаны... - далей запытальным ціхім голасам - Аўтамат дзе?
- Ай, не стаў з сабой браць.
Правяраючы ўжо спакойна:
- Гэта добра. А як цябе выпусцілі з Беларусі?
- Вось так і выпусцілі.
СК стэлефаноўваецца з в/ч пазначанай у дакуменце.
СК у тэлефоннай трубцы чуе голас, вядомы па тэлетрансляцыях. Увесь падбіраецца. Нешта невыразна адказвае тэлефоннаму суразмоўцу, кладзе трубку і хавае тэлефон запазуху.
Уважліва аглядае з галавы да ног ужо сінеючага ад холаду ВК.
- Інтрэрнацыянальны легіён?
- Інтэрнацыянальны легіён.
Моўчкі працягвае ВК вайсковы білет. Нешта спрабуе сказаць. Замаўкае. Працягвае руку. І з поціскам рукі кажа:
- Беражыце сябе...
Паварочваецца і сыходзіць у будынак клуба.

#дзённік_каліноўца
Акупант Шродынгера

Штурмавая аперацыя разам з сумежнікамі. Жорсткі чатырохгадзінны бой. Мы выйшлі з яго без страт і параненняў. Узялі палонных. Ім пашанцавала - засталіся жывыя. Дарэчы сказаць, камандзір тых хто "сваіх не кідае" збег, як толькі ўсвядоміў, што даручаныя яму пазіцыі штурмуюць. Цікава, як ён потым будзе распавядаць недзе ў тылу, як з боем прарываўся да сваіх?
Палонным мы аказалі ўсю неабходную дапамогу: зрабілі тампанаванне параненняў і паставілі кропельніцы ад моцнага абязводжвання. Пачалі размаўляць.
- Кім да вайны быў?
- Слесар...
- Навошта сюды прыйшоў?
- Позва...
- Разумееш, што ты акупант?
- Ну... Так... Напэўна... Але ж мы не хацелі... Мы...
Вы не ўяўляеце, як цяжка стрымацца! Як цяжка з імі размаўляць. З тымі, хто толькі што страляў у цябе. Але мы разумеем, што шанец вярнуць нашых хлопцаў з палону - гэта папаўняць абменны фонд. І вось праз гадзіну мыканняў, раскайванняў, слёз і асуджэння ўсіх акрамя самога сябе, даходзім да галоўнага пытання.
- Забіваў?
- Не! Вы што?! Я ўвогуле кіроўца!
Вось як так атрымліваецца? Была Буча з расстрэламі мірных, былі знойдзены пакоі для катаванняў пасля вызвалення херсоншчыны, былі выяўлены пахаванні параўнальныя з пахаваннямі 30-х гадоў сталінскіх рэпрэсій, былі зафіксаваныя на відэакамеры забойства ў спіну, былі згвалтаванні жанчын і нават дзяцей... А каго ў палон не возьмем - дык гэта не я! Я не забіваў! Я проста кіроўца... Літаральна святыя людзі!

#дзённік_каліноўца
СПЫНЕНАЕ ЖЫЦЦЁ

Заходжу ў вёску. Цішыня. Нібыта спакой. Але ў гэтым спакоі няма нічога жывога. Вуліцы, на якіх ад хат засталіся толькі руіны. Руіны жыцця сотняў людзей.
Гляджу на наследкі “освобожденной” вёскі, а ўнутры нястрымная злосць і пустата.
Першая хата. З чатырох сцен адна цэлая, каля якой стаіць шафа з рэчамі. Паліто, сукенка, у якіх нехта радаваўся, кахаў, жыў.
Суседняя хата, у якой, відавочна, жылі дзеці. Гэта кідаецца ў вочы па дзіцячым цацкам, якія віднеюцца з пад завалаў. На ложку фотаальбом з фотаздымкамі дзяцей, сям’і, шчасця людзей. Дзе яны цяпер? Хто ведае.
Далей зусім іншая хата. Хата з дзяцінства кожнага з нас. Хата бабулі. Хусткі, якія яна захоўвала “на свята” і набор для гарбаты. Кубкі, у якія кожнаму ўнуку бабуля налівала смачную гарбатку летам, калі прыязджалі да яе на канікулы.
Але ж што адметнае ў кожнай хаце, дык гэта іконы. Тое, што так важна для шматлікіх людзей - вера, яна тут знішчана. “Освободители” і гэта браліся “освободить”. Малітвенныя куткі проста ляжаць у руінах дахаў і сцен. Здаецца, што і лікі на іконах ужо не застаўляюць шанца рускім на ратаванне. Нічога светлага ў іх ужо даўно няма.
Напрыканцы, хата, на якой фарбай напісана “Украіна”. Каго яны намагаюцца перамагчы? Незламныя людзі, незламная краіна.

#дзённік_каліноўца
ПРАТЭСТЫ 2020

Ты пачынаеш дарогу адзін. Ты ведаеш, што ты больш не можаш жыць у краіне, якая не прагрэсуе, якая топчацца на месцы, у краіне, якая большая, лепшая і таленавітая, чым адзін прыстарэлы дыктатар. Чым далей ты ідзеш, тым больш вакол цябе людзей, якія становяцца побач з табой. Плячом да пляча. Ты бачыш народ, які жадае сказаць сваё слова. Ты бачыш народ, які ГАТОВЫ сказаць сваё слова! Ты бачыш беларусаў. У гэты момант ты зусім не баішся. Ты ідзеш да Стэллы... Ты бачыш народ, які думае што гэтага дастаткова...
Азіраешся і разумееш, што вакол цябе не толькі пешаходы: машыны сігналяць, байкеры, аўтобусы - неверагоднае яднанне!
Няміга, Белая Вежа, Пушкінская, Плошча "Перамен", Новая Баравая, Каменная Горка, Уручча, Карона, Парк Горкага...
Беларусь паўстала! Беларусь кіпіць! Беларусь поўная надзеі!
Мінск, Гомель, Пінск, Жабенка, Магілёў, Віцебск, Гродна, Брэст...
Тарайкоўскі, Віхор, Будніцкі, Крыўцоў, Парукоў, Шутаў, Шышмакоў, Кузняцоў, Бандарэнка...
Беларусь душаць.
Мы, ваяры Палка Каліноўскага, пачалі гэтую дарогу - мы ўзялі зброю ў рукі! Мы ведаем, што пачынаем гэтую дарогу адны, але да нас далучацца тысячы! Мы ведаем, што пройдзем па родных гарадах краіны і больш нікому не дазволім нас збіваць палкамі, бо мы дамо адпор! Мы ведаем, што пераможам.
Чакайце сігналу!

#дзённік_каліноўца
ПРЫСТУПКА ІМПЕРЫІ

Трупны пах — гэта адно з самых непрыемных, калі так можна казаць, уражанняў на гэтай вайне. Калі заходзіш на пазіцыі, дзе раней стаялі рускія акупанты, і за гэтае месца ішлі разлютаваныя баі, то ванітны саладкавы пах проста ўгрызаецца ў твай мозг. Тыя, хто «своих не бросает», пакідаюць сваіх загінуўшых, як правіла, на разарванне сабакам і прыродным стыхіям сотнямі. Але! Як ні дзіўна — і да гэтага паху досыць хутка абвыкаеш, а потым проста не заўважаеш.
Мы выехалі на баявую задачу якраз у такое месца. Аблюбавалі сабе бліндаж, у які сталі пераносіць боекамплект, і пачалі абжывацца. Каб зайсці ў гэты бліндаж, трэба было прыгнуцца і прайсці па прыступцы. У каго крок шырэй — пераступалі, хто такога росту, як я — кожны раз наступаў. У нейкі момант мне стала здавацца, што пах смерці данёс свой лёгкі водар растваральніка проста ў наш бліндаж. Я агледзеўся і вырашыў, што мне здалося. Я прыгнуўся, ступіў на прыступку, каб выйсці на паветра і замёр...
Прама з прыступкі паказалася чалавечая рука.
Аказалася, што «підары», а інакш я іх назваць не магу, умацавалі ўваход у бліндаж целам свайго ж загінуўшага. Проста перад маімі вачыма адкрылася чарговае жудаснае пацвярджэнне таго, наколькі нікчэмнае для акупантаў жыццё не толькі мірнага насельніцтва Украіны, але і сваіх жа ўласных таварышаў па службе. Вось сёння ты з чалавекам разам: ясі, спіш, ваюеш, а заўтра укладваеш яго ў падмурак уваходу ў сваё ж часовае жыллё.
Калі вяртаўся на базу, я думаў, колькі ж такіх людзей па ўсёй лініі фронту ляжаць літаральна ператварыўшыся ў прыступку крывавага плана імперыі па заняволенні цэлага народа? З іншага боку — звычайная ганебная смерць акупанта.

#дзённік_каліноўца
Пачатак студзеня 2023-га. Бахмут.

Я з прэс-службай Палка прагульваюсь па Бахмуту з мэтай паказаць горад падчас вядзення баявых дзеянняў. Прыехалі ў цэнтр. Здымаемся каля надпісу "Смерць русне". Побач з намі спыняюцца два ЗСУ-шніка і кажуць, што метрах у 300-ах наперад прылётам расейскай міны забіла бабку. Вырашылі пад'ехаць: мо не забіла, мо паранена і патрэбна дапамога. Пад'ехалі. Уперадзе, метрах у 70-ці, ляжыць цела. Побач з намі ля дарогі стаіць жанчына гадоў 35-ці з вялікім сабакам. Махае рукамі, просіць дапамогі. Сабака сеў і сядзіць. Нікуды не хоча ісці. Мы адразу не зразумелі, што справа ў сабацы. Думалі, мо каго параніла і жанчына нас падзывае. Спыніліся ля яе і пачулі:
— Дапамажыце завесці сабаку ва ўніверсітэт — ісці не хоча!
Зразумеўшы, што справа ў сабацы, я пайшоў да цела, што ляжала на зямлі.Гэта была бабуля гадоў каля 80-ці. Яна ляжала тварам уверх. Рукі былі складзены на жываце. Бачна было, што бабка ў маладосці была вельмі прыгожая. Акуратна апранутая, з памадай на губах, яна ляжала на асфальце, не падаваючы прыкметаў жыцця. Грудзі не ўздымаліся ад дыхання, пальцы рук былі пажаўцелыя.
Тая жанчына з сабакам сказала нам, што бабку забіла яшчэ раніцай. Я вярнуўся да машыны. Сталі разварочвацца. І ў гэты момант жанчына з сабакам спыніла тры машыны ЗСУ, што праязджалі міма. Тыя спыніліся, утварыўшы пробку на дарозе, якая перыядычна абстрэльвалася. Жанчына ўсіх прасіла падвезці сабаку ў будынак і паскардзілася на нас, што мы ёй адмовілі. Мы фактычна застралі, стаўшы поперак дарогі. Тады я выйшаў з машыны, падышоў да жанчыны і на эмоцыях сказаў:
— Зараз я застрэлю вашага сабаку, каб вы менш за яго клапаціліся!
Жанчына трохі супакоілася. Аўто раз'ехаліся і мы, нарэшце, змаглі развярнуцца і паехалі далей. Дзіўнае ўражанне ў мяне выклікаў гэты кантраст: забітая бабка і алкагалічка, якая ў 70 метрах ад цела спрабавала зрушыць з месца непаслухмянага сабаку. Людзі прывыкаюць да смерці на вайне. Адносяцца да яе па-іншаму, не так, як у мірным жыцці. Смерць становіцца нечым звычайным.

#дзённік_каліноўца