Полк Каліноўскага
31.6K subscribers
1.28K photos
480 videos
606 links
Афіцыйны канал Палка імя Кастуся Каліноўскага – беларускага падраздзялення ЗСУ, якое вызваляе Беларусь праз вызваленне Украіны.
Афіцыйная старонка: https://bel.army/
СМІ: https://t.me/PressBelWar
Download Telegram
Дзённік Каліноўца. Да каго піша трусік?🐰

Цяжкія баі на Паўднёвым напрамку. Капаю сабе «магілку». Не палохайцеся: сваё пахаванне я пакуль не запланаваў. Гэта я так акоп называю. Капаць пад абстрэламі – такое сабе, а тут яшчэ нейкі корань, відавочна, жалезнага дрэва папаўся. Лапатка яго не бярэ. Іду з праклятым коранем у рукапашны. Як вы разумееце, не з крыкамі «Ура!» і «Слава Украіне!» І ведаеце – дапамагае. Калі кожны ўдар па ворагу суправаджаць вядомым выразам, за якое баняць у сацсетках, гэта +100 да небяспекі.
У суседняй «магілцы» ляжыць партугалец. Нічога дзіўнага: мы ж байцы Інтэрнацыянальнага легіёна Украіны. Прыкол у тым, што партугалец разумее, натуральна, партугальскую і крыху ангельскую. З намі, беларусамі, партугальскі добраахвотнік камунікуе праз свайго камандзіра. Цяпер у партугальца проста выбухае мозг: ужо на працягу паўгадзіны ён чуе з майго акопа адну і тую ж фразу, якую я прамаўляю з асаблівым пачуццём. Нарэшце, партугалец не вытрымлівае:
- Камандзір! Што гэта? Які трусік? Што ён напісаў? Чаму гэты хлопец ужо гадзіну крычыць: Your Bunny wrote? З хлопцам сапраўды ўсё нармальна?
- Твой трусік Бані напісаў? Ё Бані роўт? – збянтэжана перапытвае камандзір, а потым пачынае рагатаць і скрозь смех прамаўляе англамоўную версію майго эмацыйнага выказвання.
З партугальскай «магілкі» высоўваецца рука ў тактычнай пальчатцы з паднятым уверх вялікім пальцам: – Your Bunny wrote! Nice!

#дзённік_каліноўца
Дзённік каліноўца. Негеройскае кіно

Бывае, калі ўсё ідзе ня так. На баявую задачу ў той раз мы высоўваліся ўначы. Непрыемнасці пачаліся літаральна з першых хвілін: я страціў ліхтарык. Кажаце: дробязь? Вы ўвогуле не ўяўляеце, наколькі на вайне выбіваюць з каляіны менавіта дробязі. А калі такія дробныя непрыемнасці пачынаюць сыпацца як з дзіравага мяшка - гэта нейкае пекла!
Месца ў пікапе мне, натуральна, дасталася ўвогуле ні пра што. А з маімі больш, чым вялікімі габарытамі - гэта сур'ёзны пракол. У дадатак да ўсяго яшчэ і падняўся пранізлівы вецер. Карацей, на месца я прыбыў у афігіцельнай форме: змерзлы да костак і з анямелымі рукамі-нагамі.
Ландшафт, як і варта было чакаць, таксама быў прама ў гэты радок: цалкам адкрытая прастора, якая праглядалася са ўсіх бакоў. Перасоўваліся спачатку па "зялёнцы", якая час ад часу прастрэльвалася. Пад раніцу схаваліся ў жалезабетоннай меліярацыйнай трубе сярод чыстага поля. Не - мы не ідыёты. Проста альтэрнатывы не было ад слова зусім.
Настала раніца. Вайна вайной, але фізіялогіі ніхто не адмяняў. Кажу: "Хлопцы, як хочаце, але я пайшоў у далёкі канец трубы!" Калі да гэтага я думаў, што дзень не задаўся, то я памыляўся. Варта мне было расшпіліць парткі і прысесці - як нас накрылі "Грады". Пракляты "арлан" нас убачыў - і пайшла музыка. "Грады" б'юць без перапынку - а ў галаве адна думка: "Толькі б паспець парткі нацягнуць! Памерці пасярод поля, у бетоннай трубе і з голай дупай - не, да такога я не рыхтаваўся!" Карацей - справы я зрабіць паспеў, а вось штаны нацягваў ужо лежачы на ​​жываце. Навошта я ўсё гэта расказваю? Ды наогул да таго, што вайна - гэта не геройскае кіно.

#дзённік_каліноўца
Мёд ад франтавых хвароб. 🍯

Аднаго дня захварэў мой пабрацім з пазыўным «Дзяцюк». Надвор'е тыдзень ужо як сапсавалася: вецер прабіраў да костак, дождж ішоў штодня, сырасць у акопах пастаянная, ну дзе тут не захварэеш? Мокрыя ногі – мастхэв тых тыдняў.
Але ж злёг ён амаль перад самым нашым выхадам на задачу, таму «Дзяцюк» спытаў у мяне з хлопцамі, ці не маем мы мёду. Ён разумеў, што на некаторы час застанецца адзін і хацеў падлячыцца, каб наступны раз пайсці разам з намі. Мёду не было, але я паабяцаў знайсці баначку і прывезці яму крыху пазней, бо ведаў як ён да мёду адносіцца. «Дзяцюк» заўжды казаў, што мёд – лечыць амаль усе франтавыя балячкі. Мы яшчэ з хлопцамі жартавалі, што калі не дай бог кагосьці з нас параняць, ён нават не думаў мазаць рану мёдам, а наклаў турнікет.
Апусціўшы некаторыя дэталі нашай задачы ў мэтах захавання ваеннай таямніцы, скажу што пасля яе выканання мёд я ўсё такі знайшоў.
Вязу гэты мёд ужо на пазіцыі і тут як засвішча з усіх бакоў! Разумею – абстрэл! Як трымаў той слоік у руках, так і вылецеў з машыны, прыціснуўся разам з ёй да зямлі.
Калі абстрэл крыху сціх, я сабраўся да кучы і зразумеў, што атрымаў не слабую кантузію. Не ведаю як, але слоік мёду захаваўся цэлым.
Не памятаю цалкам, як апынуўся на месцы, але памятаю, як «Дзяцюк» узяў з маіх рук мёд, абняў мяне… Потым лячылі ўжо мяне, але ж і слоік мёду пабраціму дапамог.

#дзённік_каліноўца
Страляць у спіну?

Я браў удзел у штурме вёскі на поўдні Украіны. Аперацыя прайшла паспяхова, вёска вярнулася пад кантроль Украіны, акупантаў выгналі.

Калі баі ўціхлі, а рускія, пакінуўшы нам вялікую колькасць свайго БК, уцяклі ў бок «парэбрыка» мы аглядалі вёску на прадмет расцяжак і замініраваных памяшканняў. Падыходзячы да чарговай хаты, раптам я бакавым зрокам заўважыў, як з суседняга хлява выскачыў рускі салдат у адной бялізне і з аўтаматам у руках. Ён з ашаломленым позіркам агледзеўся, убачыў мяне, спачатку падняў рукі, потым кінуў на зямлю аўтамат і рэзка стаў уцякаць у бок лесу. Відаць, спалохаўся казак пра фашыстаў і пабаяўся, што я яго замучу ці што там было ў яго ў галаве цяжка зразумець. Наогул цяжка зразумець, што ў іх усіх у галовах, калі яны прыйшлі на чужую зямлю.

Дык вось ён бяжыць, а я стаю крыху ашаломлены. Ну не чакаў убачыць ваяра «другога войска міру» у адных трусах. Адлегласць ад мяне была метраў сто, сто пяцьдзясят. У прынцыпе з такой адлегласці я кладу з аўтамата палову магазіна ў ліст А4. Я з лёгкасцю б яго мог застрэліць. За ўсё тое гора, якое яны прынеслі на Украінскую зямлю…
Гэта быў вельмі цяжкі выбар. Але рука не паднялася. Уцёк.

Вы там «оркі» ведайце, калі сустрэнеце такога ж як вы вырадка, толькі ў адных трусах – гэта мой. За жыццё няхай дзякуе ваяру палка Каліноўскага.

#дзённік_каліноўца
«Мая куля»

Быў цяжкі бой пад Лісічанскам.
Пасля «кантакту» з ворагам сувязь са штабам была страчана, мы панеслі страты. Пачалі адыходзіць.
Я адпаўзаў да «зялёнкі» пад шквальным агнём варожага кулямёта: кулі ляцелі літаральна над галавой, я прама чуў іх непрыемны свіст. Поўз, уціскаючыся ў зямлю, практычна ўзараўшы дзёрн.

У нейкі момант я адчуў паленне ў назе. Патрапіў гад! Я адразу зразумеў, што мяне параніла. Дзіўна, але болі я не адчуў, мабыць адрэналін згуляў сваю ролю. У поўнай экіпіроўцы я прапоўз недзе 600 метраў. Ведаеце, 600 метраў ад дома да крамы – гэта блізка, 600 метраў прабегчы за ад'язджаючым аўтобусам – гэта лёгка, 600 метраў прайсці ад бара да бара – гэта нават весела. Але з раненнем і пад агнём – гэта жудасна доўгая дыстанцыя! Мне прыйшлося кінуць усю экіпіроўку і пакінуць толькі аўтамат, рацыю і тэлефон, інакш да кропкі эвакуацыі я проста не дацягнуў бы.

Раптам я пачуў, што нехта бяжыць па дарозе. Я вырашыў не рызыкаваць і не ўдакладняць свае гэта ці не. Прыкінуўся мёртвым. Выратавала.
Я ўстаў і з апошніх сіл пайшоў да месца эвакуацыі, якое знаходзілася за тры кіламетры. Адкуль я тады браў сілы, не ведаю да гэтага часу.

Перад самай кропкай эвакуацыі мяне сустрэлі ЗСУ. Тут жа завялі да медыка. Медык мяне агледзеў, разрэзаў шнуркі і зняў берцы. З аднаго адразу ж палілася кроў і выпала куля.

- Трымай! Твая куля!
Я сціснуў кулю ў руцэ і адключыўся.У выніку ў мяне пералом ступні. Хадзіць ужо магу. Хутка вярнуся ў строй.
Трэба вярнуць кулю оркам зваротна. Пажадана не адну.

#дзённік_каліноўца
🧍‍♂"Праклятая рэчка"

Калі доўга знаходзішся на пазіцыях, звычайныя бытавыя рэчы становяцца з шэрагу фантастыкі: выспацца, паесці гарачую ежу, схадзіць у душ.
На другі тыдзень сядзення ў акопах мы з Брэстам сталі падобныя да шахцёраў, якія літаральна зараз выйшлі з пад зямлі. Дачакацца ратацыі ў такім выглядзе проста ўжо было немагчыма. Знайшлі па карце рэчку. Яна была недалёка ад нашых пазіцыяў. Вырашылі пайсці выкупацца.
Толькі мы выйшлі са сваіх пазіцый – пачаўся абстрэл. Вырашылі пацерпім.
На наступны дзень, жаданне змыць з сябе ўвесь бруд і пыл узяло верх. Высунуліся да рэчкі зноў.
Падыходзячы да самай рэчкі і ўжо прадчуваючы, як у яе акунемся, мы заўважылі два сілуэты якія ідуць паралельна з намі. Мы адразу нават не падумалі, што гэта не нашыя. Вось так сярод белага дня разгульваць вакол нашых пазіцый могуць толькі ідыёты. Але як мы ведаем оркі розумам не адрозніваюцца.
Заўважыўшы нас, яны адразу ж упалі на зямлю.
Брэст аддаў загад: «Ідзем браць!». Перадалі інфармацыю сумежнікам і пайшлі. Раптам адзін падняў галаву і спытаў: «Вы хто?». Брэст крыкнуў: «Слава Украіне!». У наш бок адкрылі агонь.
На іх абрынуўся шквальны агонь у адказ. Шанцаў выжыць у іх не было.
Калі чэргі заціхлі мы пачулі: «Здаюся!».
У выніку адзін сустрэўся з Кабзонам, другому мы аказалі дапамогу, наклалі на раненні свае! турнікеты, здалі сумежнікам.
Такога рэзкага пераабування я ў сваім жыцці яшчэ не бачыў. Мы тут жа пачулі што рускае войска лайно, як і ўсё камандаванне. Мы то з гэтым і так згодны, але злавала, што выкупацца так і не атрымалася.
Трэці дзень нашых спроб выкупацца сарвала варожая артылерыя.
Але ваяры Палка Каліноўскага хлопцы мэтанакіраваныя!
На чацвёрты дзень мы цвёрда вырашылі дайсці на гэтую праклятую рэчку. Дайшлі.
Рэчка была забалочаная. Выкупацца ў ёй азначала стаць бруднымі яшчэ больш…
Навошта я гэта? У мірны час шануйце простыя бытавыя радасці.

#дзённік_каліноўца
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
🍞"ГОЛАД"

Мы атрымалі задачу адкінуць ворага, заняць яго пазіцыі і ўтрымліваць тры дні, да заходу рэгулярных частак ЗСУ. З задачай паспяхова справіліся.
Прайшоў тыдзень, але па нейкіх прычынах ЗСУ так і не заходзілі на пазіцыі, а мы натуральна пакінуць лінію без загаду не маглі - працягвалі ўтрымліваць сваімі сіламі.
Паколькі разлік быў на тое, што аперацыя зойме тры дні, адпаведна і харчавання было на трое сутак. Паверце, што кожны лішняя бляшанке пашцету ў заплечніку, на маршбраску ператвараецца, па адчуваннях, у лішнюю цэглу за спіной. Так што разлічана ўсё было ўпрытык.
Пастаянная фізічная нагрузка абвастрыла адсутнасць ежы. Паёк разлічаны на адзін прыём ежы, расцягвалі на суткі. Станавілася, мякка кажучы, не па сабе.
На другі тыдзень, прынялі рашэнні прайсці па руінах дамоў, у надзеі знайсці хоць нешта ядомае. Надзеі было мала. Рускія ўжо даўно сцерлі з твару зямлі сяло ў якое мы накіраваліся, але голад прасіў даць калі не ежы, то хаця б надзею.
Зайшлі ў вёску і пакуль асноўная група ўтрымлівала перыметр, камандзір заўважыў бабулю! Мабыць яна з тых людзей, якія не згаджаюцца на эвакуацыю і застаюцца ў сваіх дамах да канца. Бабуля была рада нас бачыць, выслухала камандзіра, і вынесла нам кошык яек і трохлітровы слоік малака! Апісаць словамі як мы былі ўдзячныя гэтай бабулі проста немагчыма!
Пачаўся чарговы абстрэл вёскі - адзінае пра што мы думалі, як не разбіць малако і яйкі і данесці іх да пазіцый. Дзіўна, але страх за сваё жыццё пайшоў на другі план.
Пазіцыі мы ўтрымлівалі яшчэ тыдзень. Малако нам вельмі дапамагло, мы разводзілі ў ім рэшткі пратэіну. ЗСУ нас у рэшце рэшт змянілі. Лінія абароны стаіць.
Я вось думаю, хто ж атрымліваецца ўтрымаў пазіцыі. Мы з хлопцамі ці тая чуллівая бабуля?

#дзённік_каліноўца
Я жывы!

На пазіцыях шмат праблем. Пастаянныя абстрэлы, зімой холад, адсутнасць сну. Мякка скажам, некамфортна. Але ёсць яшчэ адна важная праблема. Як здабыць інтэрнэт? У зоне баявых дзеянняў гэта практычна немагчыма. Вы спытаеце навошта? Вось навошта табе тамака на вайне інтэрнэт? Мэмчыкі паглядзець? Відосікі? Ды проста напісаць блізкім - я жывы.
Цяпер свет - гэта той, які здымаецца на камеры, айфоны, рэгістратары, камеры назірання. Цяперашняя вайна як на далоні. Блізкія і родныя кожны дзень бачаць новыя кадры баёў, кадры зверстваў акупантаў, бамбардзіровак гарадоў і пакуты людзей. Кожны дзень за цябе хвалююцца.
Дык вось на пазіцыях на ўсходзе Украіны, якія мы працяглы час утрымлівалі, падлавіць інэт можна было толькі ў адной кропцы. Трэба было вяртацца на базу, і там, на даху аднаго з баракаў, ледзь прабівалася адна палосачка. Мы пісалі аднаму з пабрацімаў каму адправіць вестку, што ўсё ў парадку і ён лез наверх. Адпраўляў усім. Адказу не чакалі. Галоўнае паведаміць аб сабе, пазбавіць хоць не надоўга родных ад хвалявання.
Гэты барак разбамбіла.
На доўгі час мы засталіся без сувязі. Але знаходлівасць зрабіла сваю справу. Прама ў акопах адзін з пабрацімаў, проста дзеля жарту прывязаў тэлефон да доўгай палкі і падняў угару. Мы ўсе дружна паржалі, але калі ён шчаслівы сказаў што паведамленне адправілася на працягу дня да гэтай палкі быў прывязаны тэлефон кожнага. Нашы блізкія, дзякуючы такому першабытнаму спосабу, зноў змаглі атрымліваць шчаслівыя вестачкі.
У якім бы месцы мы не знаходзіліся, мы заўсёды шукаем магчымасць даць аб сабе ведаць.
Калі зараз вы ў бяспецы і ў коле родных - шануйце гэты час!

#Дзённік_каліноўца
Людзі

На гэтай вайне ў мяне было шмат здзіўленняў.
Вядома першае - гэта сам пачатак. Я маю на ўвазе сам факт нападу на незалежную, дэмакратычную і свабодную ва ўсіх сэнсах краіну. Напад такім варварскім спосабам. А чацвёртай раніцы. Бамбяць гарады і сталіцу, прарываюць межы… Паралель з нацысцкай Нямеччынай такая відавочная тады была для ўсіх, што нават не верылася ў першыя гадзіны, што ўсё, што адбываецца праўда.
Другім здзіўленнем, ці нават хутчэй абурэннем - была інфармацыя, якая паступала з вызваленых гарадоў і вёсак. Тое, што я бачыў на свае вочы, тое, што расказвалі пабрацімы, якія заходзілі ў іншыя месцы не ўкладвалася ў галаве. Такая першабытная жорсткасць акупанта да мясцовых жыхароў, расстрэлы ў патыліцу, брацкія магілы, згвалтаванні, пакоі для катаванняў… Трэба сказаць з кожнай такой навіной – зброю ў руках трымаеш усё мацней і мацней. Відавочна становіцца, што прыняў правільнае рашэнне, калі пайшоў бараніць Украіну ад гэтай злачыннай навалы.
Здзіўленнем для мяне былі і самі баявыя дзеянні. Гэта для мяне першая вайна і яна вельмі адрозніваецца ад кіно і сваіх асабістых уяўленняў. Выбухае не так як я ўяўляў. Прылятае не так, як я ўяўляў. Паміраюць не так, як я ўяўляў. Страшней…
Але самым галоўным здзіўленнем для мяне былі людзі на гэтай вайне. Хлопцы, якіх я сустрэў. Усе тыя, хто змагаецца разам са мной бок обак. Ні адна спартовая, патрыятычная ці інтэлектуальная арганізацыя, не канцэнтруе ў сабе такаю колькасць розных, цікавых, рашучых і ўпэўненых людзей, як вайна. Тут зараджаецца сапраўднае, моцнае, праверанае ў баях сяброўства. Тут людзі адкрываюцца. Калі ты баязлівец - гэта стане зразумела. Калі герой - таксама стане ясна.

Таму самае галоўнае здзіўленне - гэта людзі.

#дзённік_каліноўца
Лазавое. Расейская арта

Мы штурмавалі Лазавое пад кіраўніцтвам «Брэста».
Наша група мусіла пераправіцца праз рэчку, што мы ўласна і зрабілі. Перапраўляліся прама пад артылерыйскім агнём. Задавальненне не з прыемных, я вам скажу: вакол выбухае, а пакуль ты знаходзішся ў лодцы, прабачыце за каламбур, зямлі пад нагамі не адчуваеш. Адзін з нашых байцоў, відаць на стрэсе, страціў на пераправе каску. Што? Як? Чаму? Разбірацца не было часу. Але мне ўрэзалася ў памяць, як ён наступныя абстрэлы затуляў галаву ад аскепкаў звычайнай сапёрнай лапаткай… І смешна і сумна.
Далей на падыходзе да самога Лазавога пачаўся штурм акопаў акупантаў. Штурм мы правялі з цяжкімі баямі, але пасьпяхова. Адзін з нашых пабрацімаў здабыў у бліндажы і прынёс да нас під…рскую рацыю! Такую здаравенную, з велізарнай антэнай. Працоўную. Мы адразу зразумелі, што яна на варожай хвалі. У рацыю былі чутныя крыкі рускіх: «Что там? Что там в Лозовом?!!». Ён перадаў рацыю Брэсту і той не разгубіўся. Стаў ім адказваць і сам карэктаваць агонь іх жа арты, па тых частках якія стаялі перад намі!
«Что там? Что там в Лозовом?!!»
«Да пи..ец! Тут их просто дохрена! Работайте! Работайте!»
Тут жа расейская арта накрывае сваіх жа.
«Попали?»
«Да! Лупите дальше!»
Зноў недалёкія оркі, не разумеючы падставы, накрываюць сваіх жа. Мусіць, камусьці з іх і ўзнагароду якую-небудзь выдалі, за такую паспяховую працу... Па сваіх.
У выніку Лазавое мы ўзялі. Гэта быў той выпадак, калі руская арта дапамагала нам у штурме не горш за нашыя ж мінамёты. Мы потым адышлі, без страт і з адным параненым. Цяпер Лазавое зноў наша.
Цікава, колькі такіх выпадкаў па ўсёй лініі фронта? Рускім мобікам варта задумацца, калі ім прыходзіць позва. Гераічна прайсці гэтую вайну, як у савецкіх фільмах, не атрымаецца - заб'юць свае ж.

#дзённік_каліноўца
Чорны новы год

Перад святамі сабралі з пабрацімамі прадукты для людзей, што ўсё яшчэ застаюцца ў горадзе N, які днём і ноччу абстрэльваецца, а лінія фронту праходзіць за кіламетр. Горад пагружаны літаральна ў змрок: пыл ад тэхнікі, якая бясконца перасоўваецца, дым ад прылётаў, бруд і аскепкі пад нагамі, абгарэлыя будынкі. А людзі ўсё роўна там жывуць... Спрабуюць жыць...
Сабралі тое, што было на нашым складзе: крупы, рыс, кансервы, зусім няшмат цукерак. Дзеці там таксама застаюцца.
Заязджалі ў горад і мяне наведала дзіўная думка - мо мы неяк пакрыўдзім кагосьці, прапаноўваючы бясплатна прадукты? Заехаўшы туды - я зразумеў, што гэта была думка з мірнага жыцця. З жыцця, дзе ты можаш выбраць што есці, што піць, куды пайсці. З жыцця, дзе ты можаш усё набыць.
Спынілі машыну, як толькі пабачылі бабулю, якая, як ні ў чым не бывала, сядзела ля дома на лавачцы. Як быццам не стаяць пад горадам цэлыя зграі рускіх мобікаў і вязняў усіх масцяў. Як быццам яны не лезуць на яго ўскраіны, як у кіно пра зомбіапакаліпсіс. Адчыняю багажнік і пытаю, ці патрэбныя прадукты? Пакуль бабуля ішла да машыны, з дамоў сталі з’яўляцца жыхары.
Людзі практычна збягалісь. Працягваюць рукі - я аддаю. Працягваюць рукі - я аддаю. Удзячныя падлеткі, жанчыны, мужчыны. Дзіўна, але людзі здавалісь мне нейкімі чорнымі. Чорныя твары. Не ад бруду. Ад гора.
«Внучёк! Слышишь?»
«Да…»
«А конфеток нету? Так сладкого, хоть чего хочется…»
«Нету, бабушка… Отдал всё, что есть…»
Бабуля павольна сыходзіць. А ў мяне было салодкае. Невялічкая скрынка цукерак. Я заўважыў у натоўпе хлопчыка. Маленькага. Аддаў яму…

#дзённік_каліноўца
Дрон

Ні для каго не сакрэт, што на вайне выкарыстоўваюць пазыўныя. Тлумачу для тых, хто далёкі ад вайны (хаця я лічу, што ўжо такіх практычна не засталося не тое што ва Украіне, а ў свеце): пабрацімы не звяртаюцца адзін да аднаго па імёнам і прозвішчам, а выкарыстоўваюць замену. У месцах не гэтак аддаленых — гэта мянушкі, у ваенных колах — пазыўныя. Гэта неабходна для ўтойвання асабістых дадзеных падчас зносін па лініях тэхнічнай сувязі. То бок па рацыях. Ну пагадзіцеся: навошта ворагу ведаць, што насупраць яго стаіць 20-гадовы хлопец з імем Дзяніска? Хай думае, што насупраць яго стаіць "Дэман", "Воўк", "Забойца" — няхай яго псіхіка прымушае панервавацца, няхай яго псіхіка гуляе нам на руку.
Але часам ваяры, абіраючы пазыўны, здзяйсняюць неўсвядомленую памылку…
Справа была на баявым выхадзе. Мы з хлопцамі праводзілі сумесную аперацыю з сумежнікамі ЗСУ. Аперацыя планавалася доўга, небяспечнасць прамога сутыкнення з акупантам была высокая, усе былі сабраныя і напружаныя. Мы знаходзіліся на першай лініі ў акопах. Чакалі. У нейкі момант запрацавала рацыя:
“Дрон! Дрон! Як зразумелі?”
У гэтую ж секунду ўсе ляглі тварам у зямлю! Варожы дрон над тваёй галавой ні да чаго добрага не прыводзіць. Не бывае так, каб дрон расейцаў палятаў над галовамі і не пачаліся прылёты.
Праз некалькі хвілін сталі падымацца. Дрон не было чутна. Толькі ўсе прыйшлі ў сябе, рацыя запрацавала зноў:
“Дрон! Прыём! Дрон!”
Усё зноў імгненна падаюць! Чакаем. Ізноў цішыня. І, што дзіўна, прылёты не пачынаюцца.
“Дрон! Перадайце, каб ён выйшаў на сувязь!”
У выніку апынулася, што нехта з сумежнікаў выклікаў свайго пабраціма з пазыўным “Дрон”…
Мы мякка параілі змяніць пазыўны на нейкі больш нейтральны, каб не ўводзіць у зман сваіх.
Так што парада: усе, хто абірае сабе пазыўны, выключайце такія, як "Дрон", "Танк", “Град" і ўсе ім падобныя. Не прымушайце сваіх пабрацімаў іншы раз нервавацца. І так праца нервовая.

#дзённік_каліноўца
Гісторыя з-пад Лісічанска

Ішлі баі за Лісічанск. Нашаму падраздзяленню неабходна было заняць пазіцыю ля пераправы. А на вайне самая галоўная зброя - гэта што? Правільна. Не аўтамат, не кулямёт, не мінамёт, не танк, і нават не самалёт. Галоўная зброя, хлопцы, - гэта рыдлёўка. Толькі дзякуючы рыдлёўцы і майстэрскаму валоданню ёй вы можаце адчуць сябе хоць крыху ў бяспецы. Магчыма, маладым і гарачым гэта здаецца смешным, але хлопцы, якія паваявалі, думаю, са мной пагодзяцца.
Дык вось, узброіўшыся галоўнай сяброўкай і выратавальніцай байца, мы сталі капаць акоп. Хлопцы былі ўжо стомленыя і пасля нядоўгага калупання зямлі некаторыя пазасыналі. Я працягнуў капаць і сачыць за сітуацыяй. Падумаў, няхай хоць крышку адпачнуць. Такія моманты адбываюцца рэдка. Калі я акапўся - вырашыў разбудзіць каго-небудзь з пабрацімаў і ўжо адпачыць самому.
Раптам ні з таго ні з сяго ўскоквае мой сябар, хапае рыдлёўку і пачынае люта капаць. Я б нават сказаў, проста ўрывацца ў зямлю. Я здзіўлена спытаў у яго, што здарылася? Пабрацім распавядае...
Ён спіць. І раптам сніцца яму сон. Што ён гэтак жа вось спіць на гэтым жа месцы і раптам перад ім з'яўляецца Ваня «Брэст» і паказвае вялізны ФАК! Прама ў твар. Натуральны такі ФАК!
Кажа, што намёк зразумеў адразу ў сне, падарваўся і працягнуў капаць акопы.
Кажа, нават з таго свету “Брэст” сочыць за парадкам…

#дзённік_каліноўца