BelarusDocs
62 subscribers
87 photos
2 videos
81 links
Навіны беларускага дакументальнага кіно.
Канал кінафестывалю BelarusDocs.
Наш сайт - belarusdocs.com.
Download Telegram
⚡️У анлайн-фестывалю BelarusDocs-2020, у дадатак да глядацкага, будзе і экспертнае журы! А менавіта:

Іна Дзямежка | Расія. Дырэктар праграм Адкрытага фестывалю дакументальнага кіно “Расія”.

Майкл Рынаў (Michael Renov) | ЗША. Кіраўнік праектаў праграмы “American Film Showcase”. Даследчык тэорыі дакументальнага кіно. Быў сябрам журы такіх фестываляў як “Sundance”, “Silverdocs”.

Антон Сідарэнка | Беларусь. Кінакрытык, сцэнарыст, журналіст, аглядальнік у сферы кіно. Былы галоўны рэдактар кінастудыі "Беларусьфільм".

Сяргей Харэўскі | Беларусь. Гісторык і тэарэтык выяўленчых мастацтваў, мастацтвазнаўца-крытык.

Крысцін Экам (Christine Acham) | ЗША. Доктар Школы кінематаграфічных мастацтваў Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі. Рэдактар і рэжысёр дакументальнага кіно, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Film Quarterly”.

За запрашэнне амерыканскіх экспертаў у журы і за інфармаванне пра наш фестываль мы сардэчна дзякуем Амбасадзе ЗША ў Беларусі!
Даем мапу распаўсюду BelarusDocs-2020 на планеце.

Першыя два фільмы праграмы – “Трэнер” Вольгі Абрамчык і “Дэбют” Настассі Мірашнічэнкі глядзелі ў 31 краіне свету.

Усяго ў “Трэнера” за 24 гадзіны трансляцыі было 965 праглядаў. 770 – з Беларусі, з ЗША – 43, з Польшчы – 42, з Ўкраіны – 27.

Фільм “Дэбют” меў 885 праглядаў з Беларусі, з Польшчы – 94, з ЗША – 61, з Германія – 58. Усяго фільм паглядзелі 1281 раз. І гэта – другі вынік за ўсю чатырохгадовую гісторыю BelarusDocs.
Сёння, 10 красавіка, на belarusdocs.com – фільм Евы-Кацярыны Махавай “Перазімаваць”
https://belarusdocs.com/movie/overwinter/

Беларусь, Вілейскі раён Мінскай вобласці. Самотныя старыя вяскоўцы ад’яжджаюць на зіму ў дом сезоннага пражывання. Кожны з іх мае свой уклад, свой жыццёвы вопыт, але зімаваць трэба разам…

Фільм дэманстраваўся на кінафестывалі “Артдокфэст” (Масква), быў адным з галоўных прэтэндэнтаў на прэстыжную на постсавецкай прасторы прэмію “Лаўр” (намінацыя “арт-кіно”). А ў 2018 аўтары фільма знялі яго з конкурсу кінафестываля “Лістапад” у знак пратэсту супраць умяшальніцтва Міністэрства культуры ў фармаванне Нацыянальнай праграмы фестываля. Да гонару “Лістападу” – фільм паказалі ў нацконкурсе ў 2019 годзе.
А зараз яго можна ўбачыць ў анлайне!

Пасля прагляду фільма прапануем ацаніць карціну, пакінуць водгук або задаць пытанне рэжысёру ў адмысловай форме – https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSeU2r_26s5TKfW2CzQCn_cKuHRSUKWFGk3aF4uLDury6fWbYQ/viewform?usp=sf_link
Дар'я Амяльковіч (газета "Культура") пра BelarusDocs-2020:

"...Што ж у сёлетняй праграме? Як і навінкі дакументальнага кіно, так і фільмы-удзельнікі фестываляў: “Docudays UA” (Кіеў), “Артдокфэст” (Масква), “Лістапад” (Мінск), IDFA (Амстэрдам), Кракаўскага кінафестывалю, “Golden Beggar” (Кошыцэ), ды нават прэтэндэнт на “Оскар-2019” ад Беларусі.

Пачну з таго, што згадаю самую правакацыйную і свежую карціну студыі “Летапіс” — “Фальклор і жыццё” Юрыя Цімафеева. Напачатку года яна была прэзентаваная на адмысловым прэс-паказе на кінастудыі “Беларусьфільм”, — на BelarusDocs адбудзецца, лічы, нацыянальная прэм’ера гэтай дасціпнай і пазнавальнай стужкі пра эратычныя абрады беларусаў. “Гэта найперш паэтычнае выказванне, схільнае не да катэгарызацыі і раскладання па дэфінітыўных палічках, а, наадварот, да інтуітыўнага пошуку цэласнасці, універсуму. Менавіта туга па ім абуджае цягу да традыцыйнай культуры ў спакутаваных праз свае ўнутраныя падзелы жыхароў мегаполіса”, — напісаў у рэцэнзіі да фільма, апублікаванай у “К”, аглядальнік Ілья Свірын. Юрый Цімафееў змешвае ў сваёй стужцы абрадавую аўтэнтыку і аўтарскі погляд на традыцыйную культуру. Ацаніць гэты ход арганізатары фестывалю даюць магчымасць гледачу 12 красавіка.

Урэшце, тое, што дакументальнае кіно можа мець самыя розныя жанравыя фарматы, праграма BelarusDocs-2020 пацвярджае напоўніцу. Тут вам і вясковае драмадзі (драматычная камедыя) — пра жыццё маладога відэаблогера Сямёна на сяле — “Цар гары” Андрэя Куцілы (11 красавіка). Калі ласка, праблемная карэспандэнцыя аб працы хуткай дапамогі ў Светлагорску — “Лебедзі” Галіны Адамовіч (9 красавіка). Лёгкі, але не без пастаноўкі пытанняў пра магчымасці для невідушчых, тэленарыс “Трэнер” Вольгі Абрамчык (7 красавіка). Ці вось, да прыкладу, амаль музычны фільм Вольгі Дашук — “Полацкі вальс” (13 красавіка) — пра работніка культуры Полаччыны Васіля Граноўскага, гэткага бонвівана, які кіруе мясцовым вясковым хорам. Падчас прагляду крыху іранічнае стаўленне да героя змяняецца на спачувальнае ды нават лагоднае. Фільм Вольгі Дашук — гэта гумарыстычны партрэт на фоне сучаснага вясковага жыцця, дзе бавяць свой век адзінокія жанчыны ды каларытныя персанажы. І кампазітар Васіль у гэтым асяродку аказваецца персанажам не такім адназначным — ён не саступае ні навакольнай энтрапіі, ні ўласнай хандры. Яго характар аказваецца тым самым “рухавіком”, што дапамагае гуртаваць вакол сябе людзей.

Цяжкая артылерыя падцягваецца ў выглядзе стужак “Перазімаваць” Евы- Кацярыны Махавай і фільма-прэтэндэнта на “Оскар” ад Беларусі ў 2019 годзе адразу ў дзвюх намінацыях — “Лепшы дакументальны фільм” і “Лепшы фільм на замежнай мове” — “Дэбют” Настассі Мірашнічэнка.

Стужка Евы-Кацярыны “Перазімаваць” (10 красавіка), знятая метадам назірання за пажылымі людзі падчас зімовага пражывання ў адмысловым сацыльным Доме, — гэта роздум пра стары век і адзіноту. “Паўсядзённасць Дома сезоннага пражывання даволі аднастайная — сняданак, прагляд “Давай ажэнімся”… — дазволю сабе працытаваць радкі ўласнага матэрыялу пра фільм. — Да жанчын прыходзіць урач, без якога ўжо ніяк, але звычайная руціна пастаяльцаў — гэта такі доўгі расцягнуты час, калі нічога не адбываецца, а хвіліны цягнуцца і цягнуцца бы тая гума. Ды адольваюць думкі пра тое, што будзе, калі… І добра яшчэ, што жывы, што ёсць дах над галавой і ежа на стале. Стан, які складана патлумачыць, але доўгія планы маўчання старых, іх такіх “непадзейных” будняў і кажуць пра тое, што ўжо даўно сіл няма тыя падзеі ствараць. Абы “перазімаваць”.

У “Дэбюце” Настассі Мірашнічэнка гаворка ідзе пра жанчын папраўчай калоніі ў Гомелі, што іграюць у турэмным тэатры. Тэма з няпростых, але важных і вартых увагі. І каб зразумець, чаму стужку варта глядзець, я працытую радкі рэцэнзіі кінакрытыка Ірэны Кацяловіч: “Карціна “Дэбют” — сапраўдны дак-арт, гэта значыць відавочна “вырабленая” ў фільме рэальнасць дзеля цэласнага і шматслойнага выказвання, без прыземленых катэгорый, без маралізатарства і крывадушша…”
Дзякуем усіх гледачам, якія публікуюць свае водгукі і пакідаюць пытанні да рэжысёраў! Усе вашы допісы мы дасылаем адрасатам, а водгукі на наступны дзень публікуем на сайце belarusdocs.com на старонках фільмаў.

Сёння Вашай увазе адказы на пытанні гледачоў ад рэжысёркі фільма "Трэнер" Вольгі Абрамчык.
https://www.youtube.com/watch?v=u1-nzy0gMLQ

Калі жадаеце не прапусціць адказы на свае пытанні – падпісвайцеся на наш youtube-канал!
Сёння, 11 красавіка, на belarusdocs.com фільм выходнага дня – “Цар гары” Андрэя Куцілы. https://belarusdocs.com/movie/king/
Гэта камедыйная драма – вельмі рэдкі жанр у дакументальным кіно.
Беларускі відэаблогер і малады селянін Сямён, праваслаўны вернік, заўсёды меў філасофскія думкі пра жыццё, захапляўся матухнай-прыродай ды дзяліўся гэтым з усім светам. Ужо пяць гадоў ён з жонкаю і двума сынамі жыве ў вёсцы, гадуе авечак. Здавалася б, радаснаму, гарманічнаму існаванню ў глушы нічога не можа перашкодзіць…
Сёння Андрэй Куціла – напэўна самы тытулаваны беларускі дакументаліст. І ўсё дзякуючы яго двум апошнім фільмам – “Сума” і “Стрыптыз і вайна”, якія аб’ехалі тузін самых важных дакументальных фестываляў свету. “Цар гары” – гэта фільм, які папярэднічаў гэтаму поспеху.
Пасля прагляду фільма прапануем ацаніць карціну, пакінуць водгук або задаць пытанне рэжысёру ў адмысловай форме – https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLScyS9f_wM06VbKAsG5VSKr1nENupNznALnHVeetsmtJKwwdWw/viewform?usp=sf_link
Сёння на belarusdocs.com нацыянальная прэм’ера і напэўна самы чаканы фільм праграмы – “Фальклор і жыццё” (2020) Юрыя Цімафеева.
https://belarusdocs.com/movie/folklore/

Гэта дасціпная аўтарская спроба распавесці пра эратычны пачатак у беларускай народнай абраднасці на прыкладзе традыцыйных рытуалаў з самых розных куткоў Беларусі.

Пасля прагляду фільма прапануем ацаніць карціну, пакінуць водгук або задаць пытанне рэжысёру ў адмысловай форме – https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSex28Ey6O47tPCcjJ4vifzTcyztXMs3sySlxaEv8kVpsVU8IQ/viewform?usp=sf_link
Сёння, 13 красавіка, у віртуальнай кіназалі belarusdocs.com – інтэрнэт-прэм’ера фільма “Полацкі вальс” Вольгі Дашук.
https://belarusdocs.com/movie/waltz/

Васілю Граноўскаму 58 год. Ён жыве ў вёсцы і кіруе мясцовым хорам, усе спевакі ў якім старыя. Гармонік Васіля таксама стары, у ім бракуе некалькіх клавіш. Васілёва машына, у якой ён звычайна возіць сваіх артыстаў, не зусім спраўная і не заўсёды заводзіцца...

Фільм пра непазбежнасць старэння, пра цану творчасці і сямейнага шчасця.

Пасля прагляду фільма прапануем ацаніць карціну, пакінуць водгук або задаць пытанне рэжысёру ў адмысловай форме – https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSf4rL7EYYyVVK7WzAWDtmFBrssVdDMFm-XfZCOu4TbYYcPknA/viewform?usp=sf_link
Абвяшчаем рашэнне экспертнага журы анлайн-фестывалю BelarusDocs!

Нагадаем, што сёлета ў складзе журы былі кіраўнік праектаў праграмы “American Film Showcase” і тэарэтык дакументальнага кіно Майкл Рынаў (Michael Renov) [ЗША], дырэктар праграм Адкрытага фестывалю дакументальнага кіно “Расія” (Екацярынбург) Іна Дзямежка [Расія], кінакрытык, сцэнарыст, журналіст і аглядальнік у сферы кіно Антон Сідарэнка [Беларусь], гісторык і тэарэтык выяўленчых мастацтваў Сяргей Харэўскі [Беларусь], доктар, выкладчык Акадэміі творчых сродкаў масавай інфармацыі Гавайскага ўніверсітэта, член рэдакцыйнай калегіі часопіса “Film Quarterly” Крысцін Экам (Christine Acham) [ЗША].

Падрабязныя высновы ад экспертаў пра праграму BelarusDocs-2020 і сам фестываль у хуткім часе з’явяцца на сайце belarusdocs.com. Пакуль жа прыводзім сярэднія балы кожнага фільма праграмы (усе фільмы ацэньваліся па 10-бальнай шкале).

1. “Дэбют” (рэж. Настасся Мірашнічэнка) – 9,0
2. “Трэнер” (рэж. Вольга Абрамчык) – 8,3
3. “Лебедзі” (рэж. Галіна Адамовіч) – 7,6
4. “Полацкі вальс” (рэж. Вольга Дашук) – 7,2
5. “Цар гары” (рэж. Андрэй Куціла) – 7,0
6. “Перазімаваць” (рэж. Ева-Кацярына Махава) – 6,8
7. “Фальклор і жыццё” (рэж. Юрый Цімафееў) – 5,1

Віншуем Настассю Мірашнічэнка і ўсіх удзельнікаў здымачнай каманды фільма “Дэбют” з чарговай фестывальнай перамогай!
Неўзабаве мы апублікуем і рашэнне глядацкага журы!
Вынікі глядацкага галасавання BelarusDocs-2020!
У гэтым годзе аўдыторыя фестывалю BelarusDocs вырасла больш чым на 40%. Фільмы праграмы паглядзелі 6424 разы ў 42 краінах свету.
Тыя аматары кіно, якія прайшлі адмысловую рэгістрацыю і паглядзелі ўсе фільмы праграмы, увайшлі ў склад глядацкага журы. Гэта 32 чалавекі з Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны, Германіі і Швейцарыі. Усе яны ацэньвалі фільмы па 10-бальнай шкале. Такім чынам, рэйтынг BelarusDocs-2020, згодна з уражаннямі самых трывалых аматараў беларускай дакументалістыкі:

1. “Дэбют” (рэж. Настасся Мірашнічэнка) – 9,0
2. “Трэнер” (рэж. Вольга Абрамчык) – 8,0
3. “Полацкі вальс” (рэж. Вольга Дашук) – 7,8
4. “Перазімаваць” (рэж. Ева-Кацярына Махава) – 7,7
5. “Лебедзі” (рэж. Галіна Адамовіч) – 7,1
6. “Цар гары” (рэж. Андрэй Куціла) – 7,0
7. “Фальклор і жыццё” (рэж. Юрый Цімафееў) – 6,1

Гледачы ў асноўным сышліся ў сваіх адзнаках з экспертамі. Але значна больш цёпла прынялі фільмы “Перазімаваць” і “Полацкі вальс”.
Сябра журы BelarusDocs, гісторык і тэарэтык выяўленчых мастацтваў, мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі пра праграму фестываля:

"Агулам усе фільмы ўражваюць прафесійнасцю выканання, высокім гуманным пафасам, апеляцый да лёсаў і пачуццяў тых герояў, якія застаюцца зазвычай па-за кадрам. А менавіта з такіх гісторыяў, менавіта такіх людзей і тчэцца жывая тканіна нашае рэчаіснасці… Бо ў ёй, нашай паўсядзённай рэчаіснасці нашае эпохі, насамрэч жывуць сотні тысячаў неабароненых людзей – старых па вёсках, зняволеных па турмах і калоніях, людзей з абмежаванымі магчымасцямі, для якіх не прадугледжана месца ў нашай публічнай прасторы, і, нават, медыцынскіх работнікаў, якія цяжка працуюць, але застаюцца недаацэненымі, незаўважанымі ў грамадстве. Гэтыя фільмы і ёсць яскравымі сведчаннямі нашага часу, жывымі дакументамі менавіта нашае эпохі. І менавіта яны, без празмернага пафасу, ствараюць унікальную карціну нашае краіны, сапраўдную, рэчаісную.

«Дэбют» (Анастасія Мірашнічэнка). Выключна гуманістычнае кіно, з няпростымі падтэкстамі і вобразамі. Пра людскасць у не зусім людскіх абставінах. Хоць і акалічнасці такіх лёсаў застаюцца па-за кадрам і само жыццё ва ўмовах зняволення паказана без празмернай драматызацыі. У выніку застаецца ў чысціні, сама па сабе, праблема Свабоды, абмежавання волі, ізаляцыі ад паўнавартаснага чалавечага жыцця. Не ставячы пад сумнеў справядлівасць зняволення, што застаецца па-за кадрам, стваральнікі гэтага кранальнага фільма зварачаюць нашую ўвагу, што і зняволеныя, якія адбываюць пакаранні перадусім – людзі! І, бадай, ня самыя горшыя. Такія створаныя іх вобразы! Вельмі важны і актуальны фільм, з вялікім выхаваўчым, ідэйным патэнцыялам.

«Лебедзі» (Галіна Адамовіч). Вельмі прафесійнае кіно, тэхнічна і стылістычна амаль бездакорнае. Вельмі ясныя задачы і дакладны сцэнар. Класічная кампазіцыя расповеду, з кульмінацыяй і развязкаю. Фільм атрымаўся надзвычай актуальны, своечасовы. Як гімн медыцынскім працаўнікам, якія ратуюць штодня людскія жыцці. Пры тым вельмі тонка, у мяккіх танах распаведзеная гісторыя. Акуратна абойдзены брутальныя аспекты самой спецыфічнай фактуры. Што дазволіла ўсё ж выйсці на нейкія абагульненні, узняцца да вобразаў. Гэта яшчэ адзін узор вельмі гуманнага стаўлення да адной з найбольш балючых нашых гуманітарных праблемаў – месца і ролі лекараў і іх памочнікаў у нашым грамадстве.

«Цар гары» (Андрэй Куціла). Гэта вельмі вялікая гісторыя, што здымалася доўга, працяглы час, але распаведзеная мінімальнымі сродкамі. Гісторыя ўзаемадачыненняў Дзяржавы і Асобы, распаведзеная праз прыклад канкрэтнае сям’і, у канкрэтным месцы, у наш час. І з цягам часу дакументальная вартасць гэтага кіно будзе толькі расці. Бо, свядома ўнікнуўшы дэманстрацыі ўласнага, асабістага стаўлення, аўтар узяў на сябе ролю медыума, які толькі перадае словы і пачуцці свайго галоўнага героя. Але, разам з тым, рэжысёр пазбег, у пэўнай ступені, у іншасказальным сэнсе, адказнасці за свайго героя, не ўстаўшы адназначна на ягоны бок. У выніку пафас супрацьстаяння Сістэме стаў адной прыватнай, дзіўнай гісторыяй дзівакаватага чалавека, чые дзеянні, разважанні лад жыцця неадназначныя. Фільм пакідае па сабе вельмі шмат супярэчлівых эмоцыяў. У кожным разе – «чапляе». Але пакідае і адкрытым пытанне – можа мясцовыя ўлады, у дадзеным выпадку маюць рацыю? У такім выпадку прыклад супрацьстаяння таксама атрымліваецца неадназначным і двухсэнсоўным.

«Трэнер» (Вольга Абрамчык). Таксама вельмі гуманістычны фільм, што закранае невядомыя, большасці з гледачоў, праблемы. Пра чалавека, чыя праца зазвычай застаецца па-за ўвагаю грамадства, менавіта праз сваю лакальнасць і, нібы, не першаступеннасць па важнасці, як тых жа дактароў, якія таксама прысутнічаюць, па кантрасце, у фільме. Кантраст узмацняецца і розніцай пакаленняў. Цікавы расповед пра цікавага чалавека, пра тое, як нехта, амаль незаўважна, робіць наш свет лепшым, больш гуманным. Але вобраза я так і ня ўбачыў. Гэта вялікі рэпартаж, дзе ёсць і галоўны герой і праблемы і пытанні. Ёсць усё, апроч вобразаў, абагульненняў метафараў. Вельмі добры фільм, што заслугоўвае добрых словаў і заахвочвання.
«Перазімаваць» (Ева-Кацярына Махава). Вельмі важныя тэмы закранутыя, што тычацца яшчэ вельмі вялікай колькасці людзей у нашай краіне. Героі не йграюць, а насамрэч існуюць у канкрэтных абставінах нашага клімату і нашага часу. Без гіпербалізацыі распаведзена ў цэлым скрушная гісторыя беднасці і безнадзейнасці дажывання на вёсцы. Заслухоўвае заахвочвання такая пранікнёнасць і грамадзянская пазіцыя.

«Полацкі вальс» (Вольга Дашук). Непрэтэнцыйныя гісторыя, распаведзеная нескладанымі сродкамі, дзякуючы чаму створана давяральная інтанацыя, пачуццё сімпатыі да галоўнага героя. Гэта якасна зроблены дакумент, тонка лірычна аблямаваны. Аднак падобныя фільмы, што краналі менавіта гэтыя праблемы, з амаль такімі самымі, інтэлігентнымі, таленавітымі героямі, ужо былі. І такога кшталту гісторыі распавядаліся ўжо… І бывалі больш балючымі і драматычнымі.

«Фальклор і жыццё» (Юры Цімафееў). Праца праведзеная вялікая, ахоплены здымкамі некалькі рэгіёнаў, прыцягнутыя да здымкаў багата людзей. Ёсць адсылкі да археалагічнае і этнаграфічнае спадчыны, але навуковых грунтоўных каментароў няма. Тым часам, напрыклад, беларускі эратычны фальклор выдатна вывучаны і даўно апублікаваны! Герояў апранулі ў сцэнічныя строі, у якіх яны выконваюць пэўныя ролі. Але гэта не аўтэнтычныя іх строі і ня частка іхнага рэальнага жыцця. Але, у выніку, гэта і не навуковы фільм і не гульнявы. І, урэшце, далёкі ад аўтэнтычнага музычнага меласу і ад жывой народнай культуры… Хоць зварот да праблемаў нацыянальнае ідэнтычнасці, высілкі па арганізацыі і па тэрытарыяльнаму маштабу заслугоўваюць пашаны."

Водгукі іншых сябраў журы, выбітных кіназнаўцаў, пра BelarusDocs-2020 можна прачытаць на нашым сайце:

Майкл Рынаў | ЗША - https://belarusdocs.com/jury/renov/
Іна Дзямежка | Расія - https://belarusdocs.com/jury/demezhko/
Крысцін Экам | ЗША - https://belarusdocs.com/jury/acham/
Антон Сідарэнка | Беларусь - https://belarusdocs.com/jury/sidorenko/
Для тых, хто паспеў засумаваць без выбітнай беларускай дакументалістыкі, за гэтыя 4 дні па завяршэнні BelarusDocs, – у нас з’явілася выдатная навіна!

Фільм “Невядомы рай” (2020) Дар’і Юркевіч, зняты на студыі “Летапіс”, можна паглядзець анлайн у межах міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Visions du Réel (Ньён, Швейцарыя).
Фільм удзельнічае ў конкурсе каротка- і сярэднеметражнага кіно.
https://online.visionsdureel.ch/film/invisible-paradise/

Фільм будзе даступны да 24 красавіка. Для прагляду варта прайсці рэгістрацыю, прагляд фільму – бясплатны.

Юля, Алеся і Воля – тры сястры. Жывуць у поўнай гармоніі са сваім асяроддзем, вучацца ў школе і дапамагаюць маці ў вясковых клопатах. Асяроддзе наўкола падаецца райскім. Але гэты “рай” мяжуе з Чарнобыльскай зонай адчужэння.

Трэйлер фільма тут – https://www.youtube.com/watch?v=-S3Vs16ayis
Хрыстос Уваскрос!

У Вялікдзень прапануем да прагляду і развагаў фільм-удзельнік праграмы BelarusDocs-2016 – “Пасха Хрыстова” Дар’і Юркевіч – https://www.youtube.com/watch?v=dfZLT6Lnfl4

Кожны год, на Вялікдзень, Царква звыкла сустракае невычэрпную плынь вернікаў, многія з якіх прыходзяць сюды толькі адзін раз на год у гэты дзень. Што чакаюць яны ад гэтага свята? На што спадзяюцца? Што шукаюць?
#stayhome
І нарэшце самыя выніковыя лічбы і геаграфія BelarusDocs-2020.

Фільмы фестывалю паглядзелі 6424 разы, што на 43% болей у параўнанні з папярэднім фестывалем (у 2018 годзе). Значны рост быў дасягнуты за кошт павелічэння замежнай аўдыторыі і гледачоў з рэгіёнаў Беларусі.
BelarusDocs-2020 глядзелі ў 42 краінах свету. Найбольш актыўна, калі не лічыць Беларусі, у Польшчы, Украіне, ЗША, Расіі і Германіі. Прагляды з замежжа з мінулага фестывалю выраслі амаль у 2,9 разы і склалі 24,7% ад агульнай лічбы (1587 праглядаў).
Прагляды з рэгіёнаў Беларусі (не-Мінск) выраслі ў 2 разы (1482 прагляды – 23,1% ад агульнай колькасці).
Прагляды з Мінску выраслі на 5% (3355 праглядаў – 52,2% ад агульнай колькасці). Цікава, што ў 2018 г. прагляды з Мінску складалі 71% ад агульнай колькасці.

Фільм “Лебедзі” (рэж. Галіна Адамовіч) стаў самым папулярным фільмам за ўсю гісторыю правядзення фестываляў BelarusDocs – 1556 праглядаў. Наступнымі ідуць “Фанат” (рэж. Андрэй Кудзіненка; BelarusDocs-2018) – 1451, “Дэбют” (рэж. Настасся Мірашнічэнка) – 1283, “Скрыжаванне” (рэж. Настасся Мірашнічэнка; BelarusDocs-2016) – 1060, “Алмаз” – 965 (рэж. Віктар Аслюк; BelarusDocs-2016).

Тройка самых найлепшых фільмаў BelarusDocs-2020 па версіі экспертнага журы:
1. “Дэбют” – 9,0 балаў з 10
2. “Трэнер” – 8,3
3. “Лебедзі” – 7,6
Тройка самых найлепшых фільмаў па версіі глядацкага журы (32 чалавекі, якія паглядзелі ўсе фільмы):
1. “Дэбют” – 9,0 балаў з 10
2. “Трэнер” – 8,0
3. “Полацкі вальс” – 7,8
Тройка самых найлепшых фільмаў па версіі ўсіх гледачоў:
1. “Дэбют” – 8,9 балаў з 10
2. “Трэнер” – 8,7
3. “Лебедзі” – 8,4

Усяго сайт BelarusDocs падчас фестывалю наведала 5 295 ўнікальных карыстальнікаў:
1. Беларусь – 3 808 (72 %)
2. Польшча – 372 (7 %)
3. ЗША – 261 (5 %)
4. Расія – 174
5. Украіна – 161
6. Германія – 97
7. Бразілія – 56
8. Чэхія – 39
9. Латвія – 31
10. Вялікабрытанія – 25

Найбольш унікальных карыстальнікаў было з наступных гарадоў:
1. Мінск – 2 402 (44 %)
2. Гомель – 398 (7,3 %)
3. Віцебск – 335 (6,2 %)
4. Барысаў – 267
5. Гродна – 201
6. Брэст – 165
7. Варшава – 153
8. Магілёў – 106
9. Кіеў – 86
10. Масква – 83

Дзякуй за тое, што былі з намі!
Запрашаем заўтра, 22 красавіка а 19:00, ўсіх аматараў дакументальнага кіно далучыцца да анлайн-сустрэчы з выбітным амерыканскім кіназнаўцам, сябрам журы BelarusDocs-2020 Майклам Рынаў.

Анлайн-сустрэча пройдзе на платформе Zoom у фармаце адказаў спікера на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Мова падзеi: англійская (з перакладам на рускую). Асноўнай тэма: “Сучасныя тэндэнцыі ў дакументальным кіно”. Рэгістрацыя на анлайн-сустрэчу (дэдлайн – 22 красавіка 17:30)– https://bit.ly/2XTMbc2

Майкл Рынаў /Michael Renov:
Кіраўнік праектаў праграмы American Film Showcase, прафесар Школы кінематаграфічных мастацтваў Універсітэта Паўднёвай Каліфорніі, даследчык тэорыі дакументальнага кіно, чалец журы самых значных фестываляў дакументальнага і незалежнага кіно Заходняга паўшар’я (у тым ліку Sundance і Silverdocs).

З відэааглядам фестывальных фільмаў BelarusDocs-2020 Майкла Рынаў можна пазнаёміцца тут – https://youtu.be/2dd2tSLATKg
А з тэкставым аглядам тут – https://belarusdocs.com/jury/renov/
Далучайцеся да анлайн-сустрэчы!
Як змянілася дакументальнае кіно за апошнія гады? У чым адрозненне паміж аўтарскім кіно ў Беларусі і ЗША? Што будзе з кінаіндустрыяй у эпоху каранавіруса?

Далучайцеся сёння, 23 красавіка а 20:00, да анлайн-сустрэчы з Крысцін Экам, амерыканскім крытыкам і рэжысёркай, сябрам журы BelarusDocs-2020, каб пачуць адказы на гэтыя пытанні і задаць свае.
Рэгістрацыя на анлайн-сустрэчу (дэдлайн – 23.04 18:30) –
https://press-club.by/events/autarskae-dakumentalnae-kino-anlayn-sustrecha-z-amerykanskim-kinakrytykam-kryscin-ekam
Кожны, хто зарэгіструецца, атрымае магчымаць бачыць спікераў сустрэчы і задаваць пытанні ў чат.

Апроч Крысцін Экам удзельнічаць у дыскусіі будуць:
Вольга Абрамчык, рэжысёрка фільма “Трэнер”
Вольга Дашук, рэжысёрка фільма “Полацкі вальс”
Андрэй Сідарэнка, сябра журы BelarusDocs-2020
Іна Дзямежка, сябра журы BelarusDocs-2020
Алесь Лапо, куратар BelarusDocs-2020

Мова падзеi: англійская (з перакладам на рускую).
Тэма: Аўтарскае дакументальнае кіно.
У студыі радыё “Культура” падвялі вынікі BelarusDocs-2020, пагаварылі пра тое, якое дакументальнае кіно чакаюць беларускія гледачы і дзе можна пабачыць фільмы праграмы тым, хто не паспеў (у прыватнасці дзе можна паглядзець фільм “Перазімаваць”). https://www.youtube.com/watch?v=bsmkb13Ybk0