BelarusDocs
62 subscribers
87 photos
2 videos
81 links
Навіны беларускага дакументальнага кіно.
Канал кінафестывалю BelarusDocs.
Наш сайт - belarusdocs.com.
Download Telegram
Кароткі гайд па каналам і чатам, прысвечаным беларускаму кіно.

@holybelawood – канал пра беларускае кіно і ўсё, што з ім звязана

@makethebelawood – канал для тых, хто працуе ў кіно (вучоба, праца, майстар-класы, конкурсы)

@belarusdocs – канал пра ўсё самае важнае, што адбываецца ў беларускім дакументальным кіно

@rkinoby – чат для тых, хто працуе ў беларускім кіно

@animator_by – чат для тых, хто працуе ў беларускай анімацыі

@belarusdocs_industry – чат для тых, хто працуе ў беларускім дакументальным кіно
Засумавалі па жывым кінапаказам?

У Менску працягваецца кінафестываль "Нефільтраванае кіно". Сёння ў 19:00 у арт-прасторы Lo-Fi Social Club (вул. Кастрычніцкая, 16/3) пакажуць беларускую праграму. Сярод конкурсных фільмаў дзве дакументальныя работы - "Межы" Юліі Шатун і "Некалькі словаў пра сваю маці і яе сабаку" Таццяны Свірэпы.
Поўная праграма - https://shortmovie.club/programmes/2021-7/belarus/

Прыходзьце!
Уваход: free donation.
Фестываль "Нефільтраванае кіно" падвёў вынікі.

У беларускай праграме пераможцам стаў дакументальны фільм-эсэ Юліі Шатун "Межы".

Ідэя і гісторыя фільма пачынаюцца ў цягніку: запіс паведамлення на мабільным тэлефоне раптам спыняецца пасля перасячэння дзяржаўнай мяжы. Рэальная сітуацыя пераходзіць у мастацтва: кароткае паведамленне становіцца дакументальным лістом, паэтычнай медытацыяй рэжысёркі на тэму важнасці і паўсюднасці межаў — у геаграфіі, гісторыі і кінематаграфіі. З пастаянным гулам на фоне мы сочым за аўтаркай у яе экзістэнцыянальным падарожжы па чатырох гарадах, у якое таксама ўвайшлi кадры, зробленыя бацькам рэжысёркi 25 гадоў таму. Гэтыя кадры заўсёды прыводзяць нас да нейкіх бачных ці нябачных межаў.

Другі беларускі дакументальны фільм у праграме - "Некалькі словаў пра сваю маці і яе сабаку" Таццяны Свірэпы таксама быў адзначаны ўзнагародай - Адмысловым узгадваннем журы.
Беларускае дакументальнае кіно працягвае скараць буйнейшыя фестывалі ў свеце дакументальнага кіно.

На гэты раз чарга дайшла да амерыканскага кантыненту.
Фільм Аляксея Палуяна “Смеласць” (“Courage”), прэм’ера якога адбылася на Берлінскім кінафестывалі, трапіў у праграму найбуйнейшага ў Паўночнай Амерыцы фестываля дакументальнага кіно Hot Docs Canadian International Documentary Festival, а дэбютны кароткаметражны фільм Волі Чайкоўскай “Агульная мова” – у праграму прэстыжнага Cleveland International Film Festival!

На фота - кадр з фільму Волі Чайкоўскай.
Навіны з кінафестываляў.

Фільм Максіма Шведа "Чыстае мастацтва" перамог на міжнародным кінафестывалі BEAST у Порту (Партугалія) у намінацыі "Лепшы дакументальны фільм".

Фільм "Смеласць" Аляксея Палуяна трапіў у асноўны конкурс прэстыжнага Visions du Réel (Ньён, Швейцарыя). Нагадаем, што ў мінулым годзе на гэтым фестывалі адбылася прэм'ера фільма Дар'і Юркевіч "Невядомы рай".
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
BelarusDocs-2021 рыхтуе праграму з сямі яскравых і важных дакументальных фільмаў, якія дазволяць лепей зразумець нашу краіну і яе жыхароў. Традыцыйна кінафестываль пройде ў анлайн-фармаце – фільмы можна будзе глядзець у любой кропцы свету.

5 красавіка мы апублікуем праграму. А пакуль абвяшчаем даты правядзення анлайн-фестывалю (13 – 19 красавіка), і распачынаем фармаванне Глядацкага журы. Стаць сябрам журы можа кожны! Дастаткова запоўніць наступную анкету - https://docs.google.com/forms/d/e/1FAIpQLSebOBW5MEK5iAntmVK74lJhljMALp0Cj5ZnAVPP_ydEg_KNmw/viewform

Далучайцеся! Будзе цікава!
Напярэдадні аб’яўлення праграмы BelarusDocs-2021 мы зрабілі спіс з ТОП-7 фільмаў-удзельнікаў папярэдніх выпускаў кінафестывалю, якія зараз ёсць у адкрытым доступе.

«Алмаз» (2013; рэжысёр — Віктар Аслюк)
https://www.youtube.com/watch?v=UHPNZO7Bk0I

«Вялікдзень» (2015; рэжысёр — Дар’я Юркевіч)
https://www.youtube.com/watch?v=dfZLT6Lnfl4

«Фанат» (2017; рэжысёр — Андрэй Кудзіненка)
https://www.youtube.com/watch?v=ijUOnVMKbZ8

«Агмень» (2017; рэжысёр — Юрый Цімафееў)
https://www.youtube.com/watch?v=bEWntQ2tSlc

«Перазімаваць» (2017; рэжысёр — Ева-Кацярына Махава)
https://artdoc.media/ru/movie/perezimovat__2017_95/watch/

«Лебедзі» (2018; рэжысёр — Галіна Адамовіч)
https://www.youtube.com/watch?v=gqLPV_3jo7Y

«Трэнер» (2019; рэжысёр — Вольга Абрамчык)
https://www.youtube.com/watch?v=bWKhjjJdcbs

Прыемнага прыгляду!
Пачынаем раскрываць праграму BelarusDocs-2021. Гледачы фестывалю будуць першымі ў Беларусі, хто ўбачыць кароткаметражны фільм Веранікі Ніканавай “Пакаленне 328”.

Група маці кідае выклік беларускай палітычнай сістэме, змагаючыся за вызваленне сваіх дзяцей, асуджаных да вялікіх тэрмінаў па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ("незаконны абарот наркатычных сродкаў")…

Прэм'ера фільма адбылася на адным з самых ўплывовым фестываляў дакументальнага кіно ў Злучаных Штатах – DOC NYC у Нью-Ёрку. Фільм таксама трапіў у праграмы Anchorage Film Festival (Анкорыдж, ЗША), Ghent Viewpoint Documentary Film Festival (Гент, Бельгія), Артдокфэст (Расія) і працягвае свой фестывальны лёс.

На вялікі жаль, аўтарка фільму, выбітная акторка, рэжысёрка і аператарка Вераніка Ніканава трагічна загінула ва ўзросце 24 гадоў у 2019 годзе пры спробе перасекчы раку Тэкланіка ў Алясцы. У апошнія месяцы свайго жыцця яна працавала над фільмам “Пакаленне 328”…
Анлайн-кінафестываль BelarusDocs-2021 абвяшчае праграму!

Сёлета акцэнт у праграме фестывалю зроблены на разнастайнасці формаў дакументальнага кіно, а тэматычна – на пытаннях правоў чалавека. У прыватнасці гледачы змогуць убачыць фільмы, прысвечаныя праблеме хатняга гвалту (“Добрых дзяўчынак не б’юць”), зняволення за “незаконны абарот наркатычных сродкаў” (“Пакаленне 328”), прэзідэнцкім выбарам-2020 у Беларусі (“Маршрут перабудаваны”). Таксама ў праграме – фільм пра жыццё шматдзетнай сям’і на тэрыторыі, забруджанай Чарнобылем (“Невядомы рай”), антрапалагічнае кіно “Новае неба над новай краінай” пра святкаванне Купалля, арганізаванае мастаком Алесем Пушкіным, філасофскі фільм-эсэ “Межы” і дакументальная love-story у здавалася б непрыдатнах для высокіх пачуццяў дэкарацыях – “Месца кахання”.

BelarusDocs-2021 пройдзе з 13 па 19 красавіка. Кожны з фільмаў праграмы будзе даступны для анлайн-прагляду з англійскімі субцітрамі ў любой кропцы свету на сайце belarusdocs.com.

@belarusdocs
З вялікім жалем паведамляем, што каманда BelarusDocs з тэхнічных прычынаў і неспрыяльнай сітуацыі для правядзення фестываля вымушана перанесці даты яго правядзення на нявызначаны час. Пра новыя даты паведамім на сайце і ў сацсетках фестывалю. Дзякуй, што застаецеся з намі!
Сярэднеметражны дэбют Івана Куракевіча на "Беларусьфільме" - "Дарога, якая не скончыцца" - стаў даступны на youtube.
https://www.youtube.com/watch?v=dLtbo8JtAKU

Фільм прысвечаны Юрыю Жыгамонту, якога добра ведаюць у Беларусі як аўтара і вядучага тэлеперадачы "Падарожжа з дылетантам". Вось ужо 20 гадоў ён падарожнічае па беларускіх вёсках і мястэчках і распавядае аб іх гісторыі і выдатных людзях, якія тут нарадзіліся.

Іван Куракевіч - выпуснік Акадэміі мастацтваў (рэжысура дакументальнага кіно; куратар - Міхаіл Жданоўскі) і курсу DOC PRO Школы Вайды.
14 траўня таленавітай рэжысёрцы дакументальнага кіно Любові Зямцовай споўнілася б 30 год. І гэта добрая нагода ўбачыць яе лепшыя фільмы.

З 13 па 15 траўня праект BelarusDocs зладзіць анлайн-рэтраспектыву фільмаў Любові Зямцовай, у межах якой гледачы змогуць убачыць сем фільмаў рэжысёркі.

Пачынаючы са свайго першага фільму, знятага ў 2009 годзе ва ўзросце 17 гадоў, Любоў працавала над развіццём уласнага вобразу і філасофіі. У канцы 2010-х яна ўжо — сфармаваны аўтар з адметным стылем: з жывой камерай, з выключна шчырым, але тактоўным набліжэннем да герояў, з жаданнем ставіць вечныя пытанні і з тэмай любові, якая лейтматывам праходзіць праз усю яе творчасць.

Праграма рэтраспектывы тут - https://belarusdocs.com/retro/zemtsova/
Фільмы анлайн-рэтраспектывы Любові Зямцовай ужо даступныя да прагляду на сайце belarusdocs.com. Праграму можна будзе ўбачыць на працягу трох дзён, з 13 па 15 траўня.

З Днём народзінаў, Люба!
13 чэрвеня адышоў у вечнасць выбітны беларускі аператар і рэжысёр дакументальнага кіно, дырэктар кінафестывалю Magnificat Юрый Гарулёў.

Пахавальная імша за спачылага Юрыя Гарулёва адбудзецца сёння, 16 чэрвеня, у 10.30 у мінскім катэдральным касцёле (пл. Свабоды, 9).

Развітанне пройдзе ў 13.00 у мінскім крэматорыі.
Кінафестываль “Паўночнае ззянне”, які пройдзе ў анлайн-фармаце з 20 па 30 верасня, абвесціў сваю праграму. Як і летась, у межах фестывалю, які прэзентуе найперш актуальнае кіно Паўночных і Балтыйскіх краін, будзе паказана і беларуская праграма, якая будзе складацца з 5 прэм’ерных паказаў. Сярод іх тры дакументальныя работы: кароткаметражны дэбют стваральніцы фестываля Волі Чайкоўскай “Агульная мова” (2019), дакументальная анімацыя Марыі Якімовіч “Тата” (2020) і фільм Уладзіміра Казлова “Кунашыр” (2021). Падрабязней пра фільмы можна прачытаць на сайце.

Квіткі на фільмы можна набыць на сайце. Пакет з пяці беларускіх фільмаў каштуе 25 рублёў. Пакет на міжнародную дакументальную праграму з 10 фільмаў каштуе 30 рублёў (пасля 10 верасня кошты вырастуць). Фільмы будуць даступныя для прагляду ў Беларусі і для беларусаў замежжа.
Сёння на “Паўночным ззянні” распачалася прэзентацыя беларускай праграмы. У яе межах да канца дня можна пабачыць у анлайне дэбютны фільм заснавальніцы кінафестываля, прадусаркі Волі Чайкоўскай “Агульная мова”. Гэты дакументальны фільм - шчыры аповед пра ўзаемаадносіны аўтаркі з самымі блізкімі людзьмі.

Астатнія беларускія дакументальныя фільмы “Паўночнага ззяння” можна будзе ўбачыць у апошні дзень кінафестывалю – 30 верасня. Тады стануць даступныя “Кунашыр” Уладзіміра Казлова і “Тата” Марыі Якімовіч.
“Кунашыр” фестываль пазыцыянуе як іранічную дакументальную камедыю пра жыхароў вострава на краі свету, а “Тату” – як кранальную дакументальную анімацыю пра нялёгкую любоў дачкі і бацькі.

Апроч таго ў праграме фестывалю самыя важныя фільмы (як дакументальныя, так і гульнявыя) паўночных і балтыйскіх краін апошніх двух гадоў. Каб не прапусціць цікавыя для вас - падпісвайцеся на тэлеграм фестывалю!
Музей гісторыі беларускага кіно анансаваў рэтраспектыву Віктара Аслюка, прымеркаваную да 60-годдзя дакументаліста.

Праграма рэтраспектывы будзе складаецца з дзвюх частак.
Першая частка (5 фільмаў) будзе паказана 7, 14 і 21 снежня
ў 15-00 і 18-30; другая частка (яшчэ 5 фільмаў) - 9, 17 і 23 снежня ў 15-00 і 18-30. Праграма пакуль не раскрываецца.

Віктар Аслюк - выпускнік БДУ і Беларускай акадэміі мастацтваў (майстэрня Віктара Дашука). З 1995 года працуе на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». З 2003 года — сябра Еўрапейскай кінаакадэміі. Рэжысёр больш чым 40 дакументальных фільмаў. Лаўрэат фестываляў дакументальнага і кароткаметражнага кіно «Cinema du Reel» (Францыя), «DOKLeipzig» (Германія), Tampere International Short Film Festival (Фінляндыя), «Послание к человеку» (Расія), Prix Europa (Германія). У 2003 годзе фільм Віктара Аслюка «Мы жывем на краі» быў намінаваны на Еўрапейскую кінапрэмію ў намінацыі «Лепшы кароткаметражны фільм».
Сёння, 7 снежня, у Музеі гісторыі беларускага кіно распачынаецца рэтраспектыва фільмаў Віктара Аслюка, прымеркаваная да 60-годдзя дакументаліста.

У праграме фільмы, на якіх рэжысёр сфармаваў свой непаўторны стыль дакументальнага назірання і метафарычнага выказвання, фільмы, напоўненыя любові да Беларусі і беларусаў. Сярод іх, без сумневу - найбольш важныя беларускія дакументальныя фільмы "нулявых" ("Мы жывем на краі" і "Кола").

"Андрэевы камяні" (1999)
"Грахі нашы цяжкія, сабака" (2000)
"Мы жывем на краі" (2001)
"Кола" (2002)
"Марыя" (2006)

Сеансы:
7 снежня | 15:00 і 18:30
14 снежня | 15:00 і 18:30
21 снежня | 15:00 і 18:30

Падрабязней пра фільмы - https://afisha.me/film/kinasvet-viktara-aslyuka/
The owner of this channel has been inactive for the last 11 months. If they remain inactive for the next 28 days, they may lose their account and admin rights in this channel. The contents of the channel will remain accessible for all users.
The owner of this channel has been inactive for the last 11 months. If they remain inactive for the next 18 days, they may lose their account and admin rights in this channel. The contents of the channel will remain accessible for all users.