Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
3.12K subscribers
2.04K photos
139 videos
1 file
961 links
Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
Download Telegram
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык павіншавала вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова з 70-годдзем

«Ад усяго сэрца жадаю Вам моцнага здароўя, новых кніжак, натхнення і найхутчэйшага — нашага супольнага — вяртання на Радзіму. Каб мы там «пачуваліся сваімі людзьмі на сваёй зямлі»

Віншаванне цалкам глядзіце па спасылцы.

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка сустрэўся з генеральным дырэктарам МЗС Славеніі Матэяй Норчыч Штамцар

Падчас сустрэчы адбылося абмеркаванне перададзеных славенскаму боку матэрыялаў аб здзейсненых рэжымам ваенных злачынствах, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупіраваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, і справаздачы, падрыхтаванай Justice Hub пры падтрымцы НАУ, па фактах здзяйснення рэжымам Лукашэнкі злачынстваў супраць чалавечнасці.

Палітыкі разгледзелі магчымыя механізмы дзейнасці па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да міжнароднай крымінальнай адказнасці.

Матэя Норчыч Штамцар падкрэсліла, што Славенія выступае за далейшы ціск на рэжым Лукашэнкі. Абмеркаваны захады па яго павелічэнні.

Генеральны дырэктар МЗС Славеніі выказала згоду прааналізаваць магчымасці выкарыстання інструментаў ААН у гэтым кірунку – у сувязі з абраннем Славеніі ў склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН (падчас выбараў Славенія перамагла рэжым Лукашэнкі).

Таксама Павел Латушка і Матэя Норчыч Штамцар дамовіліся скласці спіс магчымых дзеянняў па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі з боку Славеніі ў рамках ААН.

Асобна падчас размовы была закранутая праблема беларускай дыяспары, звязаная з адкрыццём рахункаў у камерцыйных банках Славеніі. Была дасягнута дамоўленасць, што для яе вырашэння МЗС Славеніі накіруе запыт у Нацыянальны банк.

Праблема выдачы славенскіх віз грамадзянам Беларусі, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму, альбо членам іх сем'яў будзе асобна разгледжана ў МЗС Славеніі.

@CabinetBelarus
Вынікі працоўнага візіту Валера Кавалеўскага ва Украіну

Разам з дарадцам Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам і кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзем Манько намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі ўзяў удзел у серыі сустрэч:

▪️з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і парламентарыямі каля 20 краін ЕС, падчас якой абмяркоўваліся беларуска-ўкраінскія стасункі, праблемы легалізацыі беларусаў ва Украіне, у тым ліку праблемы з банкаўскімі рахункамі і ВНЖ, а таксама складанасці, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі; на палях сустрэчы таксама праведзены перамовы з еўрадэпутатамі;

▪️з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падалякам, з якім дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сумесных палітычных і экспертных мерапрыемстваў і абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва ў знешняй палітыцы;

▪️з экспертнай супольнасцю ў Кіеве, падчас якой вялася гаворка аб праблемах беларусаў ва Украіне, перспектывах пашпарта новай Беларусі, узаемадзеянні з добраахвотнікамі і валанцёрамі, кантактах з украінскімі ўладамі і магчымасці візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну;

▪️з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу ЕС у Кіеве, якім – у мэтах падтрымання сталых дыпламатычных стасункаў з беларускімі дэмсіламі – быў прадстаўлены кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі Генадзь Манько;

▪️са штабам Палка Каліноўскага, падчас якой адбылася перадача гуманітарнага грузу для беларускіх добраахвотнікаў;

▪️з беларускай дыяспарай у Львове, на якой уздымаліся пытанні супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі ў галіне медыя і па праблемах легалізацыі (курыраваць іх вырашэнне будзе Генадзь Манько).

Валер Кавалеўскі пракаментаваў вынікі працоўнага візіту: «Атмасфера сустрэч з украінскім бокам, у тым ліку з афіцыйнымі асобамі, была вельмі прыязнай. Можна з упэўненасцю казаць, што прагрэс у адносінах ёсць і дыялог наладжваецца. Але нас чакае яшчэ шмат руплівай працы для таго, каб адносіны прынеслі істотныя для абодвух бакоў вынікі».

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка пракаментаваў сумесную заяву міністраў унутраных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі аб закрыцці пагранпераходаў ЕС з Беларуссю

«Заява міністраў унутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі — гэта магутны сігнал рэжыму Лукашэнкі аб тым, што ў выпадку эскалацыі сітуацыі гэтыя краіны настроены рашуча. Фактычна яму пастаўлены ўльтыматум.

Дадзенай сустрэчы папярэднічалі нашыя актыўныя кансультацыі з прадстаўнікамі Польшчы, Літвы і Латвіі, дзе намі даносілася пазіцыя аб важнасці нарошчвання ціску на рэжым, але пры гэтым неабходнасці захаваць для беларусаў магчымасць перасякаць мяжу з ЕС.

Умовы, абазначаныя ў заяве, адпавядалі нашым прапановам — гэта спыненне міграцыйнай вайны і вывад групы Вагнера з тэрыторыі нашай краіны. Вынікам гэтых кансультацый сталі такія фармулёўкі ў заяве.

У сваю чаргу, міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі пацвердзіў у сваім выступленні, што праводзяцца кансультацыі з дэмакратычнымі сіламі. Асобна ім былі адзначаны рэпрэсіі ў Беларусі і вялікая колькасць палітзняволеных, сярод якіх Алесь Бяляцкі і Андрэй Пачобут — гэта таксама з'яўляецца сігналам аб тым, што пытанне палітзняволеных стаіць на парадку дня патрабаванняў да рэжыму Лукашэнкі.

Закрыццё таварных пагранпераходаў ЕС з Беларуссю акажа істотны ўплыў на эканамічную сітуацыю для рэжыму і прывядзе да таго, што на Лукашэнку пачне ціснуць Кітай, які будзе несці значныя страты ад перакрыцця транзіту»

Каментарый цалкам глядзіце ў відэа на YouTube-канале Кабінета.

@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская сустрэлася з новым прэм’ерам Балгарыі: гаварылі пра пашпарты новай Беларусі і пагрозу незалежнасці ад Расіі

Беларуская лідарка распавяла прэм’еру пра праект пашпарта новай Беларусі і пра 60 тысячаў заявак ад беларусаў на яго атрыманне. Яна выказала спадзяванне, што Балгарыя падтрымае гэтую ініцыятыву.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалі пагрозу незалежнасці Беларусі, якія зыходзяць ад Расіі. Святлана Ціханоўская прапанавала, каб пытанне Беларусі было ўзнятае на сустрэчах «Бухарэсцкай дзявяткі», куды ўваходзяць Балгарыя, Венгрыя, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча, Румынія, Славакія і Чэхія. Яна адзначыла, што на такія мерапрыемствы варта запрашаць і прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі.

Заўтра Ціханоўская сустракаецца з міністрам замежных справаў Балгарыі. Размова будзе ісці пра далейшую супрацу, падтрымку палітвязняў, рэпрэсаваных і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Святлана Ціханоўская і яе намеснік па Кабінеце Валер Кавалеўскі сустрэліся з прэзідэнтам Славеніі Наташай Пірц-Мусар

Беларускі бок павіншаваў Славенію з перамогай над рэжымам Лукашэнкі ў выбарах у Раду Бяспекі ААН, падзякаваў за падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі ў міжнародных арганізацыях, распавёў пра сітуацыю з вагнераўцамі і расійскімі войскамі ў нашай краіне, адзначыў пагрозу яе незалежнасці, якая ўзрасла апошнім часам.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларускія дэмакратычныя сілы прынялі супольную заяву аб падтрымцы еўрапейскага курсу для Беларусі, і папрасіла славенскі бок падтрымаць дэмакратычную Беларусь у гэтым кірунку. Нацыянальная лідарка распавяла таксама пра крытычную сітуацыю з палітзняволенымі, адсутнасць камунікацыі з імі, адзначыла неабходнасць захадаў па іх вызваленні.

«Мы са Славеніяй шчыльна працуем з 2020 года. Зараз, мы спадзяёмся, Славенія зможа адвакатаваць інтарэсы беларусаў у Радзе Бяспекі ААН», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская і яе намеснік па Кабінеце Валер Кавалеўскі правялі перамовы з міністрамі замежных спраў Канады і Славакіі

З міністрам Канады Мэлані Жалі палітыкі абмеркавалі пытанне пастаўкі калійных угнаенняў: Канада гатовая забяспечыць імі краіны, якія залежалі ад паставак з Беларусі да ўвядзення санкцый. Таксама міністар Жалі паведаміла, што Канада працягвае падтрымліваць беларускіх уцекачоў, незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць.

На сустрэчы з міністрам Славакіі Міраславам Улахоўскім беларускі бок распавёў пра крытычную сітуацыю з палітзняволенымі і адзначыў, што яна патрабуе неадкладнага ўмяшання міжнародных арганізацый. Таксама палітыкі абмеркавалі магчымую дапамогу Славакіі беларускім добраахвотнікам ва Украіне і ветэранам, якім патрэбная рэабілітацыя.

Святлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі распавялі міністрам пра праект пашпарта новай Беларусі, папрасілі Канаду і Славакію падтрымаць гэтую ініцыятыву, а таксама разгледзець магчымасць узняцця пытання Беларусі падчас Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.

@CabinetBelarus
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Намеснік кіраўніцы Кабінета Валер Кавалеўскі пракаментаваў вынікі працы на XVIII Міжнародным стратэгічным форуме (BSF) па бяспецы ў Славеніі

Падчас форуму адбыліся сустрэчы Святланы Ціханоўскай і беларускай дэлегацыі з прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі, міністрамі замежных спраў краін рэгіёну і міністрам замежных спраў Канады

«Ёсць гатоўнасць і далей узмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі, але і таксама на расійскі рэжым, які карыстаецца карумпаванасцю, залежнасцю Лукашэнкі, яго нелегітымнасцю і слабасцю, каб устанаўліваць кантроль над нашай краінай. Таму наша праца працягваецца. Наступным дзеяннем і важным мерапрыемствам, якое мы таксама тут абмяркоўвалі і да якога рыхтуемся, будзе паездка ў Нью-Ёрк і «тыдзень высокага ўзроўню» на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Мы таксама адчулі гатоўнасць падтрымліваць нашыя намаганні дзеля таго, каб пашыраць кантакты дэмакратычных сіл Беларусі з краінамі па-за межамі Еўрапейскага саюза і Паўночнай Амерыкі, каб кансалідаваць пазіцыю міжнароднай супольнасці наконт сітуацыі ў Беларусі, каб хутчэй вызваліць нашу краіну»

@CabinetBelarus
Галоўныя падзеі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ў жніўні

▪️Адбыліся круглы стол дэмакратычных сіл і канферэнцыя «Новая Беларусь 2023», суарганізатарамі і ўдзельнікамі якіх выступілі кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета. Па выніках мерапрыемстваў былі апублікаваныя чатыры стратэгічныя дакументы для дэмакратычнага руху Беларусі.

▪️Намеснік кіраўніцы Кабінета Валер Кавалеўскі прэзентаваў праект новага нацыянальнага пашпарта Беларусі. Паводле апытання на платформе «Голас», ужо на бягучым этапе беларусы выказалі запыт атрымаць больш за 57 000 пашпартоў.

▪️Прадстаўнікі Кабінета справаздачыліся перад Каардынацыйнай Радай. Яе чальцы рэкамендавалі падоўжыць мандат пяці з шасці прадстаўнікоў.

▪️Рашэннем кіраўніцы Кабінета Аляксандр Азараў быў вызвалены ад пасады прадстаўніка па аднаўленні законнасці і правапарадку Кабінета і прызначаны каардынатарам па плане «Перамога» і падпольным руху пры Кабінеце.

▪️Кабінет далучыўся да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю. Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла ў Вільні, а яе намеснік Павел Латушка выступіў у Варшаве на мітынгах у гадавіну пратэстаў 9 жніўня.

▪️Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка здзейсніў працоўны візіт ва Украіну, падчас якога перадаў прадстаўніку Офіса амбудсмэна Украіны Аляксандру Кананенку доказы ўдзелу Лукашэнкі ў ваенных злачынствах і сустрэўся з кіраўніцтвам Палка Каліноўскага (Святлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі далучыліся да размовы анлайн).

▪️Генадзь Манько быў прызначаны кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Разам з Валерам Кавалеўскім і Анатолем Лябедзькам ён сустрэўся з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падалякам, штабам Палка Каліноўскага, дэпутатамі Вярхоўнай Рады і парламентарыямі каля 20 краін ЕС, быў прадстаўлены дыпкорпусу ЕС у Кіеве.

▪️Святлана Ціханоўская і яе намеснік па Кабінеце Валер Кавалеўскі прынялі ўдзел у Міжнародным стратэгічным форуме па бяспецы ў Славеніі, падчас якога правялі сустрэчы з прэзідэнтам Славеніі, прэм’ерам Балгарыі, міністрамі замежных спраў Канады і Славакіі і іншымі палітыкамі. Тэматыкай сустрэч стала рознабаковая падтрымка беларусаў у барацьбе з рэжымам.

▪️Беларуская асобная дэсантна-штурмавая рота, фарміраваннем якой займаецца Валерый Сахашчык, аб’явіла набор прафесіяналаў ваенных спецыяльнасцей. Падраздзяленне рэкрутуе байцоў, аператараў беспілотнікаў, ІТ-спецыялістаў і іншых супрацоўнікаў.

▪️Па выніках пасяджэння Назіральнай Рады, грашовыя сродкі, сабраныя падчас марафону салідарнасці з палітзняволенымі, былі пераведзены на рахунак дабрачыннага фонду падтрымкі «21 траўня», а з арганізацыямі, якія будуць аказваць дапамогу, пачалі заключаць першыя дамовы.

@CabinetBelarus
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык віншуе беларусаў з Днём ведаў

«Сёння ўсе дарогі вядуць у школы, ліцэі, каледжы, універсітэты – і беларусы ідуць па іх з надзеяй.

Першакласнік марыць аб добрай настаўніцы, вучні выпускных класаў – аб справядлівых адзнаках у атэстаце і нармальна палічаных выніках ЦЭ, педагогі – аб спакойнай працы ў сваё задавальненне.

Гэта простыя, усім зразумелыя, «чалавечыя» спадзяванні. Яны не пра «дабравольна-прымусовы» збор грошай на рамонт школьнага даху. Не пра перавыкананне планаў па прыёме ў «патрыятычныя» моладзевыя арганізацыі. Не пра ўрокі па зборцы кулямётаў. Не пра школьныя канцэрты з паказальнымі выступленнямі людзей у балаклавах, што разбіваюць цагліны аб галовы. Не пра адбыванне ўрокаў матэматыкі на хакейным матчы.

Дарагія бацькі і іх дзеці, шаноўныя настаўнікі! Віншую вас з Днём ведаў і дзякую кожнаму, хто вучыць і вучыцца сумленна, нягледзячы на створаныя сістэмай умовы, бо самае бяскрыўднае супрацьстаянне рэжымным парадкам і ідэалогіі стала небяспечным выклікам.

Я веру, што Дзень ведаў рана ці позна верне сваё добрае значэнне, напоўніцца новымі сэнсамі – і нам не трэба будзе нанова даказваць аксіёмы. Што ў Беларусі на ўроках мусіць гучаць беларуская мова. Што навучальныя ўстановы павінны насіць імёны нацыянальных герояў, вучоных, асветнікаў і паэтаў. Што палітыцы, прапагандзе, выкрывальніцтву нябачных ворагаў і апраўданню вайны – не месца ні ў школьных класах, ні ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях.

І гэтую будучыню варта набліжаць. Карыстаючыся незалежнымі адукацыйнымі магчымасцямі анлайн. Шукаючы магчымасці для навучання студэнтаў у дэмакратычных краінах (для гэтага карысна зазірнуць у дайджэст «Асвета»). Яднаючыся вакол дваровых ініцыятыў – напрыклад, заняткаў выходнага дня па беларускай гісторыі і літаратуры.

Дарагія беларусы замежжа! Гэты час і для вас прынёс выклік. Упэўненая, вы шмат думаеце і непакоіцеся аб тым, як захаваць нацыянальную ідэнтычнасць, беларускасць сваіх дзяцей у краінах, дзе вашыя сем’і знайшлі палітычны прытулак.

Мы хочам вам у гэтым дапамагчы – ствараем сетку беларускіх школ у Польшчы і імкнёмся пашырыць яе на іншыя краіны. Як маці я ведаю, як гэта зручна – у суботу аддаць дзіцёнка на некалькі гадзін для цікавых заняткаў з высокакваліфікаванымі настаўнікамі. Перакананая, беларусы, якія з’ехалі вымушана, вернуцца дадому – а цяпер нам вельмі важна захоўваць моцны нацыянальны дух.

Бо Беларусі наканавана будучыня развітай, адукаванай, высокатэхналагічай краіны, якая памятае сваіх продкаў, гісторыю, нацыянальныя карані»

@CabinetBelarus
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі pinned «Галоўныя падзеі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета ў жніўні ▪️Адбыліся круглы стол дэмакратычных сіл і канферэнцыя «Новая Беларусь 2023», суарганізатарамі і ўдзельнікамі якіх выступілі кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета. Па выніках мерапрыемстваў былі апублікаваныя…»
Павел Латушка і Аліна Коўшык выступілі на цырымоніі адкрыцця Беларускай школы ў Варшаве

На заняткі ў школе запісаліся каля 400 дзяцей

Павел Латушка: «Я, напэўна, любіў толькі два дні ў школе. Гэта апошні дзень навучальнага году, калі пачыналіся канікулы. Але і 1 верасня таксама, бо сустрэцца з сябрамі было прыемна і вельмі натхняльна. <…> Вялікі паклон, вялікая падзяка спадару Алесю — дырэктару, усім беларускім настаўнікам. І вялікая падзяка бацькам. На вас вялікая адказнасць. Сёння ў Беларусі нас хочуць ідэалагічна змяніць, зрабіць з нас «рускамірскіх» людзей, змяніць нашую ментальнасць. І вельмі шмат залежыць ад бацькоў. І тут, па-за межамі Беларусі, таксама. Калі вы будзеце свой час аддаваць адукацыі вашых дзетак, мы захаваем тут беларускасць. І пазней разам з нашай беларускасцю разам вернемся ў Беларусь».

Аліна Коўшык: «Так цудоўна, што зараз, дзякуючы велізарнай працы вашых настаўнікаў, вы можаце быць разам, марыць разам, ствараць разам. Маеце месца, дзе можаце шукаць сяброў. <…> Жадаю вам лёгкага і прыемнага навучання. Жадаю быць смелымі, адважнымі. Жадаю вам марыць пра вялікае. Бо калі вы марыце па адным, то вы проста марыце. Калі вы марыце разам, то ствараеце рэчаіснасць».

Беларуская школа ў Варшаве існуе з верасня 2022 года і прапануе дадатковыя заняткі па прадметах, якіх няма ў замежных школах: беларуская мова і літаратура, гісторыя і мастацтва Беларусі. Анлайн навучаюцца дзеці з 24 краін свету, афлайн-заняткі адбываюцца ў Варшаве, Кракаве, Беластоку і Гданьску.

@CabinetBelarus