Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
3.14K subscribers
1.62K photos
119 videos
1 file
828 links
Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
"Адно акно" @odnooknobysocial_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
Download Telegram
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і намеснік прадстаўніка па замежных справах Кабінета Уладзімір Астапенка правялі анлайн-сустрэчу з намеснікам міністра ўнутраных спраў Латвіі Касперсам Аболіньшам

На сустрэчы была данесеная пазіцыя Кабінета па пытанні магчымага закрыцця межаў у сувязі з пагрозай бяспекі краінам ЕС з боку рэжыму Лукашэнкі. 

Абмяркоўваліся магчымыя захады па павелічэнні ціску на дыктатара і мінімізацыі негатыўных наступстваў для грамадзян Беларусі. Акрамя забеспячэння візавай падтрымкі для грамадзян Беларусі, прадстаўнікамі Кабінету было прапанавана падтрымаць праект новага нацыянальнага пашпарта.

Латвійскі бок пацвердзіў, што працягне прытрымлівацца падыходу размежавання беларускага народу і рэжыму Лукашэнкі. Было пацверджана, што ёсць разуменне таго, што менавіта рэжым вінен у міграцыйным крызісе, размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі, а таксама прысутнасці ПВК «Вагнер» на тэрыторыі нашай краіны.

Таксама была адзначана важнасць каардынацыі і гарманізацыі абмежавальных захадаў краін-суседзяў у дачыненні да рэжыму.

Асобна былі абмеркаваныя сітуацыя вакол ПВК «Вагнер» і магчымае развіццё падзей на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з выкарыстаннем рэжымам нелегальных мігрантаў для дэстабілізацыі становішча на межах ЕС з Беларуссю.

Касперс Аболіньш адзначыў, што любыя рашэнні па функцыянаванні пагранічных пераходаў будуць прымацца ў каардынацыі з Польшчай і Літвой. 

Раней кансультацыі з Міністэрствам унутраных спраў Літвы па дадзеных пытаннях правёў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі. Сёння падобныя кансультацыі намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка правёў з МУС Польшчы.

Напярэдадні сустрэчы міністраў унутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы, запланаванай на 28 жніўня ў Варшаве, у іх адрас была пісьмова накіравана пазіцыя Кабінета.

@CabinetBelarus
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў у Дзень абвяшчэння незалежнасці Беларусі

«Роўна 32 гады таму Беларусь была абвешчана незалежнай дзяржавай. Здзейснілася мара многіх пакаленняў. <…>

Незалежнасць – гэта не iдэалагiчныя сходы і ваенныя парады за народныя грошы, а сучасная інфраструктура, якасная медыцына для ўсіх грамадзян, а не толькі для дзяржаўнай эліты. Адукацыя без ідэалагічнага прымусу.

І, вядома, незалежнасць – гэта не быць у чыёйсьці сферы ўплыву, а магчымасць самастойна абіраць партнёраў і шлях развіцця краiны. <…>

Менавіта за такую будучыню мы выходзілі ў 2020-м на вуліцы. За такую будучыню сёння пакутуюць палітычныя вязні ў лукашэнкаўскіх турмах. Пра такую Беларусь мараць і тыя, хто вымушана пакінуў Радзіму, але хочуць найхутчэй вярнуцца дадому. <…>

Мы паказвалі, што здольныя бараніць нашую свабоду: мірна – пратэстамі і забастоўкамі; і на франтах – са зброяй у руках. Гэта пацвярджае гiсторыя і нашая сучаснасць»

Зварот цалкам глядзіце па спасылцы.

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка распавёў аб значнасці даты 25 жніўня для беларусаў

«25 жніўня 1991 года фактычна адбылося абвяшчэнне незалежнасці сучаснай Беларусі. У гэты дзень, пасля правалу Жнівеньскага путчу, які меў за мэту спыніць распад СССР, Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце, прынятай 27 ліпеня 1990 года, статусу канстытуцыйнага закона. За абвяшчэнне незалежнасці Беларусі аддалі свае галасы 253 дэпутаты з 265. <…>

Але ж зараз нас хочуць гэтага пазбавіць.

Праз жудасную захопніцкую вайну ва Украіне. І праз марыянеткавы ўрад Лукашэнкі ў Беларусі, які ад самага пачатку свайго з’яўлення, зноў пацягнуў Беларусь пад Расію, ад Незалежнасці — у залежнасць»

Зварот цалкам глядзіце па спасылцы.

@CabinetBelarus
Генадзь Манько прыступіў да выканання абавязкаў кіраўніка Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве

Ён пракаментаваў пачатак працы на новай пасадзе:

«Стаяць вялікія і складаныя задачы. <…> Але агульнае ўяўленне [пра іх] ёсць, бо я знаходжуся ва Украіне з мінулага году, практычна ад пачатку вайны. Займаўся дапамогай добраахвотнікам, Палку Кастуся Каліноўскага і некаторым іншым беларускім вайсковым падраздзяленням».

Каментарый цалкам — па спасылцы.

@CabinetBelarus
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык павіншавала вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Арлова з 70-годдзем

«Ад усяго сэрца жадаю Вам моцнага здароўя, новых кніжак, натхнення і найхутчэйшага — нашага супольнага — вяртання на Радзіму. Каб мы там «пачуваліся сваімі людзьмі на сваёй зямлі»

Віншаванне цалкам глядзіце па спасылцы.

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка сустрэўся з генеральным дырэктарам МЗС Славеніі Матэяй Норчыч Штамцар

Падчас сустрэчы адбылося абмеркаванне перададзеных славенскаму боку матэрыялаў аб здзейсненых рэжымам ваенных злачынствах, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей з акупіраваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, і справаздачы, падрыхтаванай Justice Hub пры падтрымцы НАУ, па фактах здзяйснення рэжымам Лукашэнкі злачынстваў супраць чалавечнасці.

Палітыкі разгледзелі магчымыя механізмы дзейнасці па прыцягненні прадстаўнікоў рэжыму да міжнароднай крымінальнай адказнасці.

Матэя Норчыч Штамцар падкрэсліла, што Славенія выступае за далейшы ціск на рэжым Лукашэнкі. Абмеркаваны захады па яго павелічэнні.

Генеральны дырэктар МЗС Славеніі выказала згоду прааналізаваць магчымасці выкарыстання інструментаў ААН у гэтым кірунку – у сувязі з абраннем Славеніі ў склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН (падчас выбараў Славенія перамагла рэжым Лукашэнкі).

Таксама Павел Латушка і Матэя Норчыч Штамцар дамовіліся скласці спіс магчымых дзеянняў па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі з боку Славеніі ў рамках ААН.

Асобна падчас размовы была закранутая праблема беларускай дыяспары, звязаная з адкрыццём рахункаў у камерцыйных банках Славеніі. Была дасягнута дамоўленасць, што для яе вырашэння МЗС Славеніі накіруе запыт у Нацыянальны банк.

Праблема выдачы славенскіх віз грамадзянам Беларусі, якія пацярпелі ад рэпрэсій рэжыму, альбо членам іх сем'яў будзе асобна разгледжана ў МЗС Славеніі.

@CabinetBelarus
Вынікі працоўнага візіту Валера Кавалеўскага ва Украіну

Разам з дарадцам Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатолем Лябедзькам і кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзем Манько намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах Кабінета Валер Кавалеўскі ўзяў удзел у серыі сустрэч:

▪️з дэпутатамі Вярхоўнай Рады і парламентарыямі каля 20 краін ЕС, падчас якой абмяркоўваліся беларуска-ўкраінскія стасункі, праблемы легалізацыі беларусаў ва Украіне, у тым ліку праблемы з банкаўскімі рахункамі і ВНЖ, а таксама складанасці, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі; на палях сустрэчы таксама праведзены перамовы з еўрадэпутатамі;

▪️з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падалякам, з якім дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сумесных палітычных і экспертных мерапрыемстваў і абмеркаваны магчымасці супрацоўніцтва ў знешняй палітыцы;

▪️з экспертнай супольнасцю ў Кіеве, падчас якой вялася гаворка аб праблемах беларусаў ва Украіне, перспектывах пашпарта новай Беларусі, узаемадзеянні з добраахвотнікамі і валанцёрамі, кантактах з украінскімі ўладамі і магчымасці візіту Святланы Ціханоўскай ва Украіну;

▪️з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу ЕС у Кіеве, якім – у мэтах падтрымання сталых дыпламатычных стасункаў з беларускімі дэмсіламі – быў прадстаўлены кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі Генадзь Манько;

▪️са штабам Палка Каліноўскага, падчас якой адбылася перадача гуманітарнага грузу для беларускіх добраахвотнікаў;

▪️з беларускай дыяспарай у Львове, на якой уздымаліся пытанні супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі ў галіне медыя і па праблемах легалізацыі (курыраваць іх вырашэнне будзе Генадзь Манько).

Валер Кавалеўскі пракаментаваў вынікі працоўнага візіту: «Атмасфера сустрэч з украінскім бокам, у тым ліку з афіцыйнымі асобамі, была вельмі прыязнай. Можна з упэўненасцю казаць, што прагрэс у адносінах ёсць і дыялог наладжваецца. Але нас чакае яшчэ шмат руплівай працы для таго, каб адносіны прынеслі істотныя для абодвух бакоў вынікі».

@CabinetBelarus
Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка пракаментаваў сумесную заяву міністраў унутраных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі аб закрыцці пагранпераходаў ЕС з Беларуссю

«Заява міністраў унутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі — гэта магутны сігнал рэжыму Лукашэнкі аб тым, што ў выпадку эскалацыі сітуацыі гэтыя краіны настроены рашуча. Фактычна яму пастаўлены ўльтыматум.

Дадзенай сустрэчы папярэднічалі нашыя актыўныя кансультацыі з прадстаўнікамі Польшчы, Літвы і Латвіі, дзе намі даносілася пазіцыя аб важнасці нарошчвання ціску на рэжым, але пры гэтым неабходнасці захаваць для беларусаў магчымасць перасякаць мяжу з ЕС.

Умовы, абазначаныя ў заяве, адпавядалі нашым прапановам — гэта спыненне міграцыйнай вайны і вывад групы Вагнера з тэрыторыі нашай краіны. Вынікам гэтых кансультацый сталі такія фармулёўкі ў заяве.

У сваю чаргу, міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі пацвердзіў у сваім выступленні, што праводзяцца кансультацыі з дэмакратычнымі сіламі. Асобна ім былі адзначаны рэпрэсіі ў Беларусі і вялікая колькасць палітзняволеных, сярод якіх Алесь Бяляцкі і Андрэй Пачобут — гэта таксама з'яўляецца сігналам аб тым, што пытанне палітзняволеных стаіць на парадку дня патрабаванняў да рэжыму Лукашэнкі.

Закрыццё таварных пагранпераходаў ЕС з Беларуссю акажа істотны ўплыў на эканамічную сітуацыю для рэжыму і прывядзе да таго, што на Лукашэнку пачне ціснуць Кітай, які будзе несці значныя страты ад перакрыцця транзіту»

Каментарый цалкам глядзіце ў відэа на YouTube-канале Кабінета.

@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская сустрэлася з новым прэм’ерам Балгарыі: гаварылі пра пашпарты новай Беларусі і пагрозу незалежнасці ад Расіі

Беларуская лідарка распавяла прэм’еру пра праект пашпарта новай Беларусі і пра 60 тысячаў заявак ад беларусаў на яго атрыманне. Яна выказала спадзяванне, што Балгарыя падтрымае гэтую ініцыятыву.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалі пагрозу незалежнасці Беларусі, якія зыходзяць ад Расіі. Святлана Ціханоўская прапанавала, каб пытанне Беларусі было ўзнятае на сустрэчах «Бухарэсцкай дзявяткі», куды ўваходзяць Балгарыя, Венгрыя, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча, Румынія, Славакія і Чэхія. Яна адзначыла, што на такія мерапрыемствы варта запрашаць і прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі.

Заўтра Ціханоўская сустракаецца з міністрам замежных справаў Балгарыі. Размова будзе ісці пра далейшую супрацу, падтрымку палітвязняў, рэпрэсаваных і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.
Святлана Ціханоўская і яе намеснік па Кабінеце Валер Кавалеўскі сустрэліся з прэзідэнтам Славеніі Наташай Пірц-Мусар

Беларускі бок павіншаваў Славенію з перамогай над рэжымам Лукашэнкі ў выбарах у Раду Бяспекі ААН, падзякаваў за падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі ў міжнародных арганізацыях, распавёў пра сітуацыю з вагнераўцамі і расійскімі войскамі ў нашай краіне, адзначыў пагрозу яе незалежнасці, якая ўзрасла апошнім часам.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларускія дэмакратычныя сілы прынялі супольную заяву аб падтрымцы еўрапейскага курсу для Беларусі, і папрасіла славенскі бок падтрымаць дэмакратычную Беларусь у гэтым кірунку. Нацыянальная лідарка распавяла таксама пра крытычную сітуацыю з палітзняволенымі, адсутнасць камунікацыі з імі, адзначыла неабходнасць захадаў па іх вызваленні.

«Мы са Славеніяй шчыльна працуем з 2020 года. Зараз, мы спадзяёмся, Славенія зможа адвакатаваць інтарэсы беларусаў у Радзе Бяспекі ААН», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская і яе намеснік па Кабінеце Валер Кавалеўскі правялі перамовы з міністрамі замежных спраў Канады і Славакіі

З міністрам Канады Мэлані Жалі палітыкі абмеркавалі пытанне пастаўкі калійных угнаенняў: Канада гатовая забяспечыць імі краіны, якія залежалі ад паставак з Беларусі да ўвядзення санкцый. Таксама міністар Жалі паведаміла, што Канада працягвае падтрымліваць беларускіх уцекачоў, незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць.

На сустрэчы з міністрам Славакіі Міраславам Улахоўскім беларускі бок распавёў пра крытычную сітуацыю з палітзняволенымі і адзначыў, што яна патрабуе неадкладнага ўмяшання міжнародных арганізацый. Таксама палітыкі абмеркавалі магчымую дапамогу Славакіі беларускім добраахвотнікам ва Украіне і ветэранам, якім патрэбная рэабілітацыя.

Святлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі распавялі міністрам пра праект пашпарта новай Беларусі, папрасілі Канаду і Славакію падтрымаць гэтую ініцыятыву, а таксама разгледзець магчымасць узняцця пытання Беларусі падчас Генасамблеі ААН у Нью-Ёрку.

@CabinetBelarus
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Намеснік кіраўніцы Кабінета Валер Кавалеўскі пракаментаваў вынікі працы на XVIII Міжнародным стратэгічным форуме (BSF) па бяспецы ў Славеніі

Падчас форуму адбыліся сустрэчы Святланы Ціханоўскай і беларускай дэлегацыі з прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі, міністрамі замежных спраў краін рэгіёну і міністрам замежных спраў Канады

«Ёсць гатоўнасць і далей узмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі, але і таксама на расійскі рэжым, які карыстаецца карумпаванасцю, залежнасцю Лукашэнкі, яго нелегітымнасцю і слабасцю, каб устанаўліваць кантроль над нашай краінай. Таму наша праца працягваецца. Наступным дзеяннем і важным мерапрыемствам, якое мы таксама тут абмяркоўвалі і да якога рыхтуемся, будзе паездка ў Нью-Ёрк і «тыдзень высокага ўзроўню» на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Мы таксама адчулі гатоўнасць падтрымліваць нашыя намаганні дзеля таго, каб пашыраць кантакты дэмакратычных сіл Беларусі з краінамі па-за межамі Еўрапейскага саюза і Паўночнай Амерыкі, каб кансалідаваць пазіцыю міжнароднай супольнасці наконт сітуацыі ў Беларусі, каб хутчэй вызваліць нашу краіну»

@CabinetBelarus