Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
3.12K subscribers
2.04K photos
139 videos
1 file
961 links
Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
Download Telegram
Пасяджэнне Кабінета ў пашыраным складзе: фотахроніка

На пасяджэнні прысутнічалі: кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, яе намеснік, прадстаўнік па транзіце ўлады Павел Латушка, прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, намесніца прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Лізавета Кохман, намеснікі прадстаўніка па транзіце ўлады Юрый Губарэвіч, Арцём Праскаловіч і Міхаіл Залеўскі, намеснік прадстаўніка па замежных справах Уладзімір Астапенка, намеснік прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, кіраўнік апарата Кабінета Валерый Мацкевіч.

Былі зацверджаныя 7 прыярытэтаў для дэмакратычных сіл Беларусі. Прынятыя прыярытэты Святлана Ціханоўская агучыла ў выступленні перад дэлегатамі Каардынацыйнай Рады.

@CabinetBelarus
Вынікі паездкі Валера Кавалеўскага ў Вашынгтон

Намеснік кіраўніцы Кабінета Беларусі Валер Кавалеўскі разам з экспертамі iSANS у Вашынгтоне правёў шэраг сустрэч з кіраўніцтвам профільных напрамкаў у Дзярждэпартаменце, з прадстаўнікамі абедзвюх палат Кангрэса, прадстаўніком Рады нацыянальнай бяспекі пры Белым Доме, у Пентагоне.

Уздымаліся пытанні пагрозы для незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці нашай краіны, якую ўсё болей нясе Расія і дыктатарскі рэжым. Адбылася асобная закрытая стратэгічная сесія па гэтай праблеме.

Абмяркоўваліся захады, якімі ЗША могуць дапамагчы абараніць незалежнасць Беларусі. Шмат увагі было нададзена праву беларусаў на геапалітычны выбар на карысць далучэння да Еўразвязу, і, адпаведна, да Транзатлантычнай супольнасці.

Разглядзелі далейшае ўзаемадзеянне ў галіне знешняй палітыкі, у тым ліку, у міжнародных арганізацыях, перадусім – у ААН. Амерыканскі бок адзначыў актыўную і паспяховую працу Святланы Ціханоўскай на тыдні высокага ўзроўню на Генасамблеі ААН.

Падчас візіту закраналіся і практычныя, надзённыя пытанні беларусаў, у тым ліку міграцыйная праблематыка, якую беларуская дыяспара ўзняла падчас сустрэчы са Святланай Ціханоўскай ў Нью-Ёрку. Абмеркавалі вызваленне палітычных зняволеных, дапамогу для грамадзянскай супольнасці, медыя і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, падрыхтоўку спецыялістаў.

Адметна, што гэтае пытанне беларусаў было пастаўленае ў Вашынгтоне ўжо праз некалькі дзён на сустрэчах у Кангрэсе і Дзярждэпартаменце, і паразуменне аб неабходнасці спрашчэння міграцыйных правіл для беларусаў было знойдзена.

У гэтым жа кантэксце абмяркоўваўся праект нацыянальнага пашпарта Беларусі, які быў пазітыўна ўспрыняты заходнімі партнёрамі – будзе вывучаная магчымасць дапамогі тэхнічнай экспертызай з боку адпаведных урадавых устаноў ЗША.

Рыхтуецца першая сустрэча Стратэгічнага дыялогу Беларусі і ЗША ў снежні, якая стане пастаянным беспрэцэдэнтным механізмам для вырашэння гэтых і іншых праблем. Зараз выпрацоўваецца пакет рашэнняў для прыняцця падчас сустрэчы.

Не абышлі ўвагаю і тэмы санкцый супраць рэжыму, а таксама падрыхтоўку новай, ужо пятай версіі «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі, суверэнітэце і правах чалавека» з мэтаю актуалізацыі інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі і новых рашэнняў аб палітыцы ЗША па Беларусі.

На фота: Валер Кавалеўскі і намеснік памочніка сакратара бюро па справах Еўропы І Еўразіі Дзярждэпартамента ЗША Крыстафер У. Сміт.

@CabinetBelarus
«Мы толькі пашырым дапамогу»

Вольга Гарбунова пракаментавала завядзенне рэжымам крымінальнай справы ў дачыненні да арганізатараў і спікераў марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно»:

«Хачу яшчэ раз нагадаць кожнаму і кожнай, хто падтрымаў марафон, прыняць меры бяспекі, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі альбо збіраецеся туды ехаць.

Супраць каманды арганізатараў марафону завялі «крымінальную справу» за фінансаванне «экстрэмісцкай дзейнасці». У чарговы раз крымінальны закон выкарыстоўваецца як інструмент рэпрэсій у дачыненні да людзей, якім не ўсё адно, якія дбаюць пра лёсы, здароўе і блізкіх палітзняволеных у Беларусі.

У Беларусі пасля 2020 года знішчаныя амаль усе ініцыятывы па сацыяльнай дапамозе, а заканадаўства ў гэтай сферы становіцца ўсё больш жорсткім. Дабрыню і салідарнасць называюць экстрэмізмам. Гэта шлях унікуды.

Рэжым баіцца, калі дэмакратычныя сілы і народ у адзіным парыве аб’ядноўваюцца. Крымінальная справа — гэта прызнанне яго слабасці і адначасова сведчанне моцы нашай салідарнасці.

Уявіце, чаго б дамагліся беларусы, каб не рэпрэсіі, рызыка «крыміналкі» і пераслед з боку рэжыму.

Мы працягнем сваю працу. Зробім усё, каб сабраныя сродкі дайшлі да адрасатаў. Не спынімся і пасля таго, як грошы, сабраныя на марафоне, будуць перададзеныя. Мы толькі пашырым дапамогу».

@CabinetBelarus
«Рэжым спрабуе легалізаваць ваенныя злачынствы»

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка пракаментаваў планы рэжыму па арганізацыі сустрэчы замежных дыпламатаў з незаконна вывезенымі ў Беларусь украінскімі дзецьмі:

«Паводле звестак МЗС Украіны, сустрэчу замежных дыпламатаў з дзецьмі з Лісічанска і Севераданецка плануюць правесці 4 кастрычніка ў так званых «месцах пражывання, навучання і аздараўлення».

Перад гэтым прапагандысцкім «мерапрыемствам» хачу нагадаць, што незаконнае перамяшчэнне дзяцей з часова акупіраваных тэрыторый Украіны ў Беларусь – ваеннае злачынства, матэрыялы па якім сабраныя і перададзеныя камандай НАУ ў Міжнародны крымінальны суд.

Міжнародная супольнасць, у тым ліку краіны ЕС, асуджае незаконную дэпартацыю, роля рэжыму ў гэтым ваенным злачынстве актыўна асвятляецца сусветнымі СМІ, а МКС ужо займаецца ацэнкай доказаў па гэтай справе.

Такімі сустрэчамі рэжым спрабуе легалізаваць ваенныя злачынствы, працягвае паказушную гульню ў інфапрасторы.

Хачу задаць пытанні дыпламатам Лукашэнкі: «На якіх падставах сіроты прыязджаюць у Беларусь? Ці давалі ўкраінскія кампетэнтныя органы згоду на іх вываз з радзімы? Як медыцынскай рэабілітацыі дзяцей ад вайны садзейнічаюць сустрэчы з беларускімі ваеннымі арганізацыямі?»

Мы працягваем працу па прыцягненні памагатых рэжыму і самога дыктатара да адказнасці».

@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і Вольга Гарбунова выступілі на мерапрыемстве АБСЕ па Беларусі

Мерапрыемства «Садзейнічанне прыцягненню да адказнасці ў Беларусі: роля АБСЕ і міжнароднай супольнасці» адбылося ў Варшаве

У сваім выступленні кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская дала крытычную ацэнку працы структур АБСЕ па сітуацыі ў нашай краіне:

«Я павінна адзначыць, што выканаўчыя структуры АБСЕ мала што зрабілі ў пытанні крызісу ў Беларусі. Я хачу заклікаць БДІПЧ і Сакратарыят да выканання ўжо наяўных у іх мандатаў. Ім не трэба запытваць у краін-удзельніц ніякіх дадатковых дазволаў альбо ўзгадненняў. Яны маюць свае мандаты і павінны іх выконваць».

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка падкрэсліў: «Лукашэнка ўчыніў тры з чатырох найбольш цяжкіх міжнародных злачынстваў: злачынствы супраць чалавечнасці, саўдзел у ваеннай агрэсіі, ваенныя злачынствы (у тым ліку незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей) — з гэтага спісу мы не называем толькі генацыд. За ўчыненыя злачынствы павінна наступіць адказнасць».

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Гарбунова звярнула ўвагу, што сітуацыя з палітзняволенымі ў Беларусі пагаршаецца, падкрэсліла, што сотням з іх небяспечна знаходзіцца ў месцах зняволення па гуманітарных падставах, заклікала АБСЕ накіраваць канкрэтныя намаганні на дапамогу рэпрэсіраваным.

На мерапрыемстве было абвешчана аб стварэнні групы «Сяброў дэмакратычнай Беларусі» з краін-удзельніц АБСЕ, якая зможа спрыяць абароне інтарэсаў беларускага народа на міжнароднай арэне.

@CabinetBelarus
Павел Латушка пракаментаваў заклік Міжнароднай Федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца звольніць Дзмітрыя Шаўцова з паста генсакратара Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа

«Дзмітрый Шаўцоў парушыў галоўныя прынцыпы Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа: нейтральнасць, бесстароннасць і незалежнасць. Парушыў правілы выкарыстання эмблемы Чырвонага Крыжа, а таксама палітыку добрасумленнасці федэрацыі.

Кіраўнік Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа адкрыта падтрымаў агрэсію Расіі супраць Украіны, выступіў у падтрымку ваенных злачынстваў, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей, у тым ліку ўчыненых рэжымам Лукашэнкі.

Рэжыму Лукашэнкі пастаўлены ўльтыматум, невыкананне якога дэ-факта зробіць БТЧК ізгоем, пазбавіць арганізацыю фінансавання ў межах федэрацыі і тым самым падарве яе працу.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і далей будзе аказваць інфармацыйную падтрымку арганізацыям, якія ўваходзяць у Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, аб дзейнасці Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа»

@CabinetBelarus
«Каб Еўропа стала цэльнай, у яе павінен уваходзіць народ Беларусі»

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык выступілі на панэльнай дыскусіі па сітуацыі ў Беларусі падчас Варшаўскага форуму па бяспецы

Панэльная дыскусія па Беларусі прыцягнула больш за 100 удзельнікаў, сярод якіх ад Аб’яднанага Пераходнага Кабінета былі: прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык, кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве Генадзь Манько, каардынатар па плане «Перамога» Аляксандр Азараў, кіраўнік апарата Валерый Мацкевіч.

У сваім выступленні Святлана Ціханоўская адзначыла:

«Мы працягваем працаваць у некалькіх ключавых кірунках: ціск на рэжым з дапамогай санкцый, прыцягненне яго паплечнікаў да адказнасці, барацьба з прапагандай, падтрымка беларускага грамадства і палітзняволеных, пабудова ўстойлівага дэмакратычнага руху, умацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, падрыхтоўка да пераходу ўлады, стварэнне функцыянальнай альтэрнатывы цяперашняй нядзейснай сістэме.

Мы робім усё магчымае, каб наблізіць нас да гэтай мэты: будучай еўрапейскай Беларусі. І калі Еўрасаюз і дэмакратычныя краіны падтрымаюць нас на гэтым шляху, я ўпэўненая, мы дойдзем да мэты. Давайце працаваць разам, каб наблізіць гэты момант.

Гэта не толькі ў нашых інтарэсах. Я лічу, што дэмакратычная Беларусь можа шмат прапанаваць Еўропе, гэтак жа як мы на працягу стагоддзяў уносілі ўклад у развіццё еўрапейскай цывілізацыі. Каб мець мір і бяспеку, свету патрэбная свабодная Беларусь гэтак жа, як патрэбная перамога Украіны».

Акрамя кіраўніцы і прадстаўніцы Кабінета, з дакладам выступіў член парламента Вялікабрытаніі, міністр ад апазіцыі па справах Еўропы Стывен Даўці. Мадэрыраваў дыскусію пасол ЗША ў АБСЕ Майкл Карпентэр.

Варшаўскі форум па бяспецы — адна з вядучых еўрапейскіх канферэнцый па бяспецы, прысвечаная трансатлантычнаму супрацоўніцтву з акцэнтам на бяспеку Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

@CabinetBelarus
Павел Латушка прадставіў еўрадэпутатам доказы міжнародных злачынстваў Лукашэнкі

У сустрэчы еўрадэпутатаў браў удзел амбудсмен Украіны Дзмітрый Лубінец

Намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ, які далучыўся да сустрэчы анлайн, адзначыў, што Лукашэнка і вышэйшае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва яго рэжыму здзяйсняюць злачынствы супраць Украіны і яе грамадзян. У прыватнасці члены яго сям’і і блізкія да яго людзі арганізавалі сістэму незаконнага перамяшчэння дзяцей з часова акупіраваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь.

Павел Латушка заўважыў: «Асноўная мэта адпраўкі гэтых дзяцей у Беларусь — іх ідэалагічная апрацоўка ў адпаведнасці з наратывамі «рускага міру». Украінскія дзеці падвяргаюцца рэлігійнай, ваеннай, палітычнай пераадукацыі. Праграма іх знаходжання ў Беларусі не прадугледжвае якога-небудзь значнага медыцынскага аспекту.

Народнае антыкрызіснае ўпраўленне прадставіла ў Міжнародны крымінальны суд доказы таго, што перамяшчэнне гэтых дзяцей не падпадае пад дазволеныя выключэнні па міжнародным гуманітарным праве. Такім чынам, усе такія дзеці з'яўляюцца ахвярамі ваеннага злачынства і адначасова злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе гвалтоўнага перамяшчэння грамадзянскага насельніцтва».

Выступленне цалкам глядзіце ў відэа на YouTube-канале Кабінета:

https://youtu.be/aQOtOXd2Sfw?si=nih-omyv8evTCCo6

@CabinetBelarus
«ГУБАЗіКу прыйдзецца паднапружыцца: на марафон данацілі з 86 краін свету»

Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Кабінета Вольга Гарбунова распавяла цікавыя факты аб марафоне салідарнасці з палітзняволенымі «Нам не ўсё адно»

▪️Усяго было зроблена 14 655 ахвяраванняў ад 11 428 донараў.

▪️Краіны-лідары па колькасці ахвяраванняў: Польшча (6383), Літва (1463), ЗША (1333), Германія (1008).

▪️Топ-5 краін па суме ахвяраванняў: Польша (200 563 еўра), ЗША (89 740 еўра), Літва (55 130 еўра), Германія (39 131 еўра), Вялікабрытанія (25  790 еўра).

Вольга Гарбунова: «Я была здзіўленая шырынёй геаграфіі данатаў. Для нас было нечаканасцю ўбачыць некаторыя краіны ў спісе тых, з якіх рабіліся плацяжы. Ахвяраванні прыходзілі з усіх кантынентаў, з самых розных куткоў свету, з аддаленых выспаў… Усё гэта паказвае моц салідарнасці, але мы не будзем пералічваць усе мясціны ў мэтах бяспекі тых, хто данаціў. Так што ГУБАЗіКу прыйдзецца паднапружыцца: на марафон данацілі з 86 краін».

@CabinetBelarus
Украіна і Еўропа ніколі не будуць ў бяспецы, пакуль Беларусь застаецца ў кіпцюрах Расіі

Святлана Ціханоўская выступіла на Варшаўскім форуме па бяспецы са зваротам да міжнароднай супольнасці:

«Свет павінен перастаць думаць пра Беларусь як пра частку Расіі. Мы былі часткай Еўропы за шмат стагоддзяў да таго, як у Беларусь прыйшла Расія. Павага і абарона беларускага еўрапейскага выбару – вось што павінна быць неад’емнай часткай палітыкі Захаду.

Беларусы выступаюць супраць расійскай вайны ва Украіне, таму я заўсёды кажу: трэба адрозніваць людзей і рэжым. З аднаго боку, трэба замарозіць актывы рэжыму за мяжой і выдаць ордар на арышт Лукашэнкі за ўвесь спіс здзейсненых злачынстваў. З іншага боку, трэба дапамагаць людзям, якія бягуць ад рэпрэсій. Прызнайце пашпарт новай Беларусі, каб сотні тысяч беларусаў не засталіся без грамадзянства.

Часам гавораць, што Беларусь ужо прайграна Расіі. Але Украіна – а фактычна і ўся Еўропа – ніколі не будзе ў бяспецы, калі Беларусь застанецца ў кіпцюрах Расіі. Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху, але людзям патрэбная надзея. Мы хочам пачуць ад вас, што дзверы Еўропы адчыненыя для беларусаў і наша краіна не будзе аддадзена Пуціну ў якасці суцяшальнага прыза».
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета здзейсніла візіт у Гранаду

Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у мерапрыемствах Саміта еўрапейскай палітычнай супольнасці па запрашэнні прэм'ер-міністра Іспаніі

На палях саміта нацыянальная лідарка сустрэлася з:

▪️кіраўніком еўрапейскай дыпламатыі Жазэпам Барэлем, з якім правяла перамовы пра наступную сесію Кансультатыўнай групы «ЕС — Беларусь» у Бруселі, запланаваную на снежань. Таксама Барэль запрасіў Ціханоўскую выступіць перад міністрамі замежных спраў краін ЕС на тэму стратэгіі ЕС па Беларусі;

▪️прэм’ер-міністрам Іспаніі Педра Санчасам, якому выказала падзяку за працяг выдачы віз беларусам (мінімум 7000 за апошні год), а таксама за падтрымку сямей палітвязняволеных. Прэм’ер падкрэсліў, што зараз выпрацоўваецца рашэнне, якое дазволіць беларусам ў выгнанні заставацца ў краінах знаходжання, не рызыкуючы трапіць пад дэпартацыю;

▪️прэм’ер-міністрам Латвіі Эвікай Сіліня, падчас размовы з якой звярнула ўвагу, што закон аб абмежаваннях на аўтамабілі з беларускімі нумарамі, які абмяркоўваецца ў Латвіі, можа ўскладніць жыццё беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі;

▪️прэм’ер-міністрам Чэхіі Петрам Фіяла, падзякавала Чэхіі за дапамогу ў адкрыцці Офіса дэмакратычнай Беларусі ў Празе і заклікала прэм’ера падтрымаць еўрапейскую перспектыву для нашай краіны;

▪️прэм’ер-міністрам Нарвегіі Ёнасам Гарам Сцёрэ, з якім гаварылі пра падтрымку рэпрэсіраваных, палітзняволеных, грамадзянскай супольнасці і медыя, а таксама абмеркавалі супольныя дзеянні ў міжнародных арганізацыях;

▪️прэм’ер-міністрам Балгарыі Мікалаем Дэнкавым, з якім вялася размова аб палітыцы санкцый у дачыненні да рэжыму і яго памагатых, намерах Расіі паглынуць Беларусь, ваенна-палітычнай сітуацыі ў нашай краіне;

▪️прэм’ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, якому выказала спачуванні ў сувязі з сітуацыяй у Нагорным Карабаху і перадала словы падтрымкі армянскаму народу ад імя беларусаў.

@CabinetBelarus
Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета здзейсніла візіт у Гранаду Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у мерапрыемствах Саміта еўрапейскай палітычнай супольнасці па запрашэнні прэм'ер-міністра Іспаніі На палях саміта нацыянальная лідарка сустрэлася з: …
Візіт кіраўніцы Кабінета ў Гранаду: вітанні караля і прэм’ера Іспаніі, сустрэчы ў кулуарах

https://youtu.be/isI_tW1EaG8?si=RzztF2ecHX_S9us0

Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у 3-ім Саміце еўрапейскай палітычнай супольнасці, які сабраў у іспанскай Гранадзе лідараў 47 дзяржаў і Еўрасаюза. Вечарам 5 кастрычніка іспанскія кароль Філіп VI і каралева Летыцыя віталі ўдзельнікаў саміта ў Альгамбры — вядомым палацы, які ў сярэднявеччы служыў палітычнай рэзідэнцыяй для мясцовых валадароў.

Падчас сустрэчы і вячэры Ціханоўская мела кароткія размовы з прэзідэнтам Малдовы, прэм’ерам Італіі, прэзідэнтам Францыі, прэм’ерам Нідэрландаў, прэм’ерам Эстоніі, прэм’ерам Польшчы, прэзідэнтам Літвы, прэм’ерам Мальты, прэм’ерам Люксембургу, кіраўніцай Еўрапарламента і іншымі палітычнымі лідарамі.

Відэаагляд сустрэч і ўрачыстых прыёмаў глядзіце на YouTube-канале Кабінета.

@CabinetBelarus
Аліна Коўшык заклікала беларусаў карыстацца новай інтэрактыўнай картай беларускіх гісторыка-культурных мясцін у свеце

«Праект карты-сайта kultmapka.me быў рэалізаваны камандай распрацоўшчыкаў у супрацоўніцтве з прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Кабінета і Беларускім інстытутам публічнай гісторыі. Наша каманда хоча, каб пра беларускія кропкі на карце свету ведала як мага больш людзей.

Беларускі свет вялікі. Стагоддзямі мы жылі і стваралі ў розных краінах. Некаторыя выхадцы з нашых мясцін нават сталі іх нацыянальнымі героямі. Мы адчуваем гонар за нашых продкаў — і ўжо зараз сабралі больш за 200 знакавых лакацый, але верым, што іх нашмат болей.

Сэрвіс і апісанні кропак прадстаўленыя на беларускай і рускай мовах. Для зручнасці пошуку большасць артэфактаў мае дакладныя даныя геалакацыі. У перспектыве мы плануем распрацаваць дадатковую опцыю, якая дапаможа карыстальнікам пракласці найкарацейшы маршрут да пэўнага беларускага месца.

Для мяне асаблівае значэнне мае месца нараджэння Кастуся Каліноўскага Мастаўляны — вёска, што ўваходзіць цяпер у склад Беластоцкага павета Падляскага ваяводства. У гэтым месцы я адчуваю, што Радзіма зусім блізка, але пакуль такая недасяжная для мяне.

Упэўненая, што, зазірнуўшы на нашу новую карту, вы зможаце зрабіць для сябе шмат цікавых адкрыццяў»

@CabinetBelarus