Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі
3.12K subscribers
2.04K photos
139 videos
1 file
961 links
Афіцыйны канал Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі – часовага выканаўчага органа, створанага нацыянальнай лідаркай Святланай Ціханоўскай.
Пытанні і прапановы @belcabinet_bot
Кантакт для СМІ press@belaruscabinet.org
Download Telegram
Сацыяльныя праблемы беларусаў — у павестцы дня рабочай паездкі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў ЗША

Прадстаўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па сацыяльных пытаннях Вольга Гарбунова сустрэлася з прадстаўніцамі Бюро па пытаннях дэмакратыі, правоў чалавека і працоўных адносін Дзярждэпартамента ЗША Эрыкай Веберытэ і Аляксандрай Кантонэ.

Гарбунова распавяла пра ўмовы, у якіх утрымліваюцца ў беларускіх турмах палітзняволеныя і абмеркавала з амерыканскім бокам аказанне падтрымкі палітвязням і іх сем’ям.

Тэму палітзняволеных прадстаўніца па сацыяльных пытаннях узняла таксама на сустрэчы з сенатарам ЗША Джын Шэйхін.

Правы беларускіх рабочых, прымусовую працу ў беларускіх калоніях і дапамогу палітзняволеным абмеркавалі Святлана Ціханоўская, Аліна Коўшык і Валер Кавалеўскі на сустрэчы з кіраўніцай Бюро па міжнародных пытаннях працы Дзярждэпартамента ЗША Ціяй Лі, якая раней ужо выступала з заявай у абарону правоў беларускіх рабочых.

@CabinetBelarus
У Дзень Волі Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі віншуе беларусаў са святам і заклікае міжнародную супольнасць падтрымаць народ Беларусі ў яго барацьбе за незалежнасць і суверэнітэт

«Аб’яднаны Пераходны Кабінет віншуе ўсіх беларусаў з іх святам нацыянальнай годнасці - Днём Волі.

Нягледзячы на складаны лёс першай беларускай дзяржавы, які не даў замацавацца яе прынцыпам на тэрыторыі Беларусі, імпульс да нацыянальнага самавызначэння і нацыянальна-культурнага развіцця, закладзены ў тых драматычных падзеях пачатку 1918 г., аказаўся дастатковым для таго, каб назаўсёды запэўніць будучыню беларускага народа як незалежнай еўрапейскай нацыі.

Сёння Беларусь, як і сто гадоў таму, пражывае новы трагічны этап сваёй гісторыі. Падкрэслена антынацыянальная палітыка, якую дэманструе сённяшні акупацыйны рэжым, паказвае яго чужасць інтарэсам беларускай дзяржавы і нацыянальна-культурным памкненням саміх беларусаў.

Рашуча асуджаючы ваенную агрэсію супраць Украіны і звяртаючы ўвагу на неабходнасць захавання норм міжнароднага права, Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі звяртаецца да сусветнай супольнасці з заклікам усімі спосабамі падтрымаць дзеянні па абароне незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці беларускай дзяржавы»

Поўны тэкст заявы чытайце па спасылцы:

https://telegra.ph/Zayava-z-nagody-105-goddzya-zasnavannya-Belaruskaj-Narodnaj-Rehspubl%D1%96k%D1%96-03-24

@CabinetBelarus
План Маршала, стыпендыі для беларусаў і прыцягненне рэжыму да адказнасці. Як прайшоў візіт Ціханоўскай у Бостан?

Учора Святлана Ціханоўская і дэлегацыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета наведала Бостан. Там яны былі ў Гарвардскім універсітэце, удзельнічалі ў адкрыцці еўрапейскай канферэнцыі, сустрэліся з прэзідэнткай Еўрапейскага парламента, удзельнічалі ва ўрачыстай цырымоніі ўзняцця беларускага сцяга і сустрэліся з беларусамі.

Асноўныя тэмы, якія ўздымаліся падчас сустрэчаў і выступаў:

Стварэнне беларускай праграмы ў Гарвардзе, а таксама стыпендыі для беларускіх студэнтаў і даследчыкаў. Ціханоўская прапанавала, каб адна з гэтых стыпендый мела імя Алеся Бяляцкага.

План Маршала. Падчас выступу на канферэнцыі Ціханоўская ўзгадала, што План Маршала быў прыдуманы і распрацаваны ў тым ліку ў сценах Гарвардскага ўніверсітэта. І зараз новы План Маршала неабходны для Беларусі.

Прыцягненне рэжыму да адказнасці. Падчас двухбаковай сустрэчы з Рабертай Метсолай абмеркавалі рэалізацыю рэзалюцыі Еўрапарламента, прыцягненне рэжыму да адказнасці праз міжнародны крымінальны суд і ўніверсальную юрысдыкцыю.

Супрацоўніцтва з тэхналагічнымі кампаніямі. Ціханоўская адзначыла, што неабходна, каб яны блакавалі рэжымную прапаганду, дапамагалі незалежным медыям і супрацоўнічалі з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Беларусь адраджаецца з герояў

Павел Латушка прыняў удзел у масавым маршы беларусаў у Варшаве, прысвечаным Дню Волі, і выступіў на мітынг-канцэрце.

https://youtu.be/2nUKTjbUmto

Мы павінны выканаць свой гістарычны абавязак. Цяпер наш час вырашаць лёс Беларусі. Мы павінны захаваць краіну. І мы вернемся, абавязкова вернемся ў вольную, незалежную Беларусь.

Краіна адраджаецца з герояў. Сёння нашымі героямі з'яўляюцца тыя, хто праліваюць кровь на ўкраінскай землі - беларускія хлопцы і дзяўчаты. Нашымі героямі з'яўляюцца беларускія партызаны, якія змагаюцца ўнутры Беларусі. Нашымі героямі з'яўляюцца тыя, хто ў турмах пакутуюць за нас з вамі.

Калі ў нацыі ёсць героі, значыць, у нацыі ёсць будучыня. У Беларусі ёсць свае героі.

Я мару. Я веру. Я ўпэўнены, што мы зробім сваю справу і нашая Беларусь будзе жыць вечна!

Жыве Беларусь!

Са святам Дня Волі, беларусы!
«Мы павінны ўлічыць гістарычны досвед нашага мінулага. Мы не маем права на памылку зараз»

Прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Аляксандр Азараў выступіў з прамовай на мітынгу да Дня Волі ў Варшаве:

«105 гадоў таму была прынята 3-я статутная грамата Беларускай Народнай Рэспублікі. У ёй гаварылася аб нашай незалежнасці, скіданні ярма, якое гвалтам усклаў на наш вольны край расійскі царызм, аб правах і вольнасцях грамадзян Беларусі.

Больш за стагоддзе прайшло, а ўсе гэтыя праблемы актуальныя і цяпер. Наш народ пазбаўлены асноўных правоў і свабод. Беларуссю кіруе таталітарны акупацыйны рэжым, які імкнецца знішчыць апошнія рэшткі нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Расійскі правіцель не толькі ўцягнуў Беларусь у крывавую агрэсію супраць брацкай Украіны, але і мае намер знішчыць нашую дзяржаўнасць.

Мы павінны ўлічыць гістарычны досвед нашага мінулага. Мы не маем права на памылку зараз.

На злачынны гвалт беларусы спрабавалі адказваць мірнымі акцыямі непадпарадкавання.

Аднак, на жаль, гэта не змагло прывесці да вызвалення Беларусі.

Ад імя прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, арганізацыі сілавікоў «BYPOL», заклікаю ўсе дэмакратычныя сілы і грамадзян аб’яднацца і быць гатовымі ў любы момант выступіць адзіным фронтам да ўсімі чаканай Перамогі»

Поўны запіс выступу — па спасылцы:

https://youtu.be/ayfJw4XScuE

@CabinetBelarus
Святлана Ціханоўская: «Лукашэнка і Пуцін зрабілі з Беларусі цэль для ўдару»

«Лукашэнка парушыў Канстытуцыю, калі ў 1990-х фактычна знішчыў падзел уладаў і зрабіў сябе аднаасобным кіраўніком. Ён парушыў Канстытуцыю, калі абʼявіў вайну грамадзянскай супольнасці, зачысціў партыі, адняў свабоду слова ў тэлебачання, а потым знішчыў незалежныя медыя. Ён парушыў Канстытуцыю, калі сфальсіфікаваў выбары і дазволіў Пуціну весці варварскую вайну супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі.

Ён парушаў Канстытуцыю кожны раз, калі ішоў супраць волі народа і саджаў людзей у турму па палітычных прычынах. Год таму ён у чарговы раз пайшоў супраць фундаментальнага патрабавання народа і парушыў Канстытуцыю, пазбавіўшы Беларусь нейтральнага і бязʼядзернага статусу. І зараз мы бачым, для чаго – каб дагадзіць Пуціну і ягоным планам размяшчэння ядзернай зброі.

Лукашэнка і да гэтага ўцягваў Беларусь у вайну крок за крокам. Цяпер праз яго ў Беларусі будзе не проста стратэгічны ваенны абʼект чужой краіны. Цяпер Лукашэнка і Пуцін зрабілі з Беларусі цэль для ўдару. Гэта прамая пагроза жыццю і бяспецы больш за 9 мільёнаў чалавек. Прыкрываючыся мірам і сяброўствам, Лукашэнка стварае небяспеку для ўсяго народа Беларусі.

Прапаганда можа як заўгодна тлумачыць тое, што адбываецца. Але сутнасць простая: 27 гадоў у Беларусі не было ядзернай зброі, а зараз яна вернецца. Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, адкідаюць нас на тры дзесяцігоддзі назад. Якая яшчэ нагода патрэбная, каб будаваць новую сістэму бяспекі рэгіёну?»
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
«Мы ўсе - ваяры старадаўняй Літоўскай Пагоні»

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Валерый Сахашчык выступіў з прамовай на мітынгу да Дня Волі ў Варшаве:

«Мы ўсе з вамі з’яўляемся нашчадкамі вялікай нацыі, якая мае слаўную, яскравую гісторыю.

Чаго нам не хапае? Нам не хапае таго, каб кожны з нас адчуваў і быў упэўнены, што самае каштоўнае, што ў нас ёсць - гэта воля!

Нам не хапае таго, каб мы ўсе разам адчувалі, што мы ўсе - ваяры старадаўняй Літоўскай Пагоні, якую не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

І тады баязлівыя пацукі, якія абслугоўваюць рэжым сёння, адчуюць, што яны калабаранты і здраднікі сваёй Радзімы, а гаспадары сваёй зямлі - гэта мы з вамі.

Я ўпэўнены, што неўзабаве мы будзем адзначаць гэтае свята на роднай зямлі, будзем гаспадарамі сваёй Радзімы.
Жыве Беларусь!»

Поўны запіс прамовы глядзіце ў відэа.

@CabinetBelarus
«Адносіны Беларусі з варожай Расіяй мусяць змяніцца». Выступ Святланы Ціханоўскай на слуханнях у Кангрэсе ЗША

«Расія адмаўляе і Беларусі, і Украіне ў іх фундаментальным праве на суверэнную дзяржаву. Аднак гэтыя дзве краіны – не канчатковая мэта расійскіх амбіцыяў, а крок на шляху да дэмантажу трансатлантычнага партнёрства. Таму я заклікаю ЗША і краіны-аднадумцы працягваць падтрымліваць Украіну, у тым ліку самай перадавой ваеннай тэхнікай, у яе мужнай барацьбе за права быць сабой і самастойна вызначаць сваю будучыню.

Вайна дала зразумець беларусам, што адносіны з варожай Расіяй мусяць змяніцца. Аб'яднаны Пераходны Кабінет распрацаваў падыход да перагляду адносінаў з Расіяй, які ўключае ў сябе выхад з ваеннага саюза з Расіяй і дамовы аб Саюзнай дзяржаве. Замест гэтага мы пачалі працаваць над еўрапейскай перспектывай для Беларусі, што будзе ўключаць далучэнне да рэгіянальных ініцыятываў і шырокага партнёрства з суседнімі дзяржавамі. Я заклікаю Кангрэс ЗША падтрымаць гэтую стратэгічную змену для Беларусі.

Рэжым замешаны ў мностве злачынстваў і павінен несці адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці і за саўдзел у ваенных злачынствах ва Украіне. Лукашэнка зрабіў магчымай вайну супраць Украіны. Напад на Кіеў і Бучу быў здзейснены з Беларусі. Ён застаецца адзіным саюзнікам Расіі, выконваючы ўсе просьбы Пуціна і жорстка заціскаючы любыя формы пратэсту беларусаў супраць вайны. Лукашэнка заслугоўвае таго, каб сядзець побач з Пуціным перад трыбуналам за здзейсненыя злачынствы».

Увесь выступ – па спасылцы.
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Пачатак стратэгічнага ўзаемадзеяння ЗША з беларускімі дэмсіламі і падрыхтоўка новага закона аб дэмакратыі ў Беларусі, які ў большай меры адлюструе ўдзел Лукашэнкі ў вайне

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі распавядае пра ключавыя сустрэчы кіраўніцы і прадстаўнікоў Кабінета ў рамках іх сумеснага рабочага візіту ў ЗША і падсумоўвае вынікі ўсёй паездкі:

«Злучаныя Штаты запусцілі стратэгічны дыялог з дэмакратычнымі сіламі, гэта дазволіць нам распрацаваць той механізм, які будзе дазваляць узаемадзейнічаць на пастаяннай аснове, рабіць больш практычнай дзейнасць Злучаных Штатаў на карысць Беларусі.

У Кангрэсе вядзецца падрыхтоўка новага закона аб дэмакратыі, суверэнітэце і правах чалавека ў Беларусі, які будзе ў большай ступені адлюстроўваць ролю Лукашэнкі ў вайне і тыя негатыўныя наступствы, якія гэта нясе для ўсяго свету. Вядома ж, будуць распрацаваны новыя палітычныя рэкамендацыі для ўрада Злучаных Штатаў»

Глядзіце поўны каментар аб паездцы глядзіце ў відэа.

@CabinetBelarus
«Праблемы беларускай культуры былі ўзнятыя на ўсіх сустрэчах высокага ўзроўню»

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык — аб выніках рабочай паездкі ў ЗША ў складзе дэлегацыі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:

«Нягледзячы на ўсе нашыя сустрэчы высокага ўзроўню і вельмі станоўчае стаўленне на гэтых сустрэчах да нас, як да прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў, усё ж самая вялікая пазітыўная эмоцыя ў мяне засталася ад сустрэчаў з беларусамі ЗША. Кожны раз я пераконваюся, што мы — адно цэлае, адзін народ, дзе б мы ні жылі. Мы мусім умацоўваць нашую ідэнтычнасць і быць разам, каб перамагчы ў барацьбе за нашую радзіму і мець магчымасць сустрэцца там усім разам.

Што да вынікаў афіцыйных сустрэч, то я лічу поспехам, што праблемы беларускай культуры былі ўзнятыя на ўсіх сустрэчах высокага ўзроўню, у тым ліку на слуханнях у Сенаце і на сустрэчы са спікерам Сената Кевінам Макарці. І ёсць першыя дамоўленасці на супрацоўніцтва: напрыклад, у Бібліятэцы Кангрэса ЗША, якая лічыцца самай буйной у свеце, мне ўдалося дамовіцца на павелічэнне беларускага фонду ў ёй, закупку беларускіх кніг, а таксама на шэраг культурніцкіх падзей з удзелам нашых літаратараў.

Асобна хачу адзначыць сустрэчу ў Цэнтры міжнароднага супрацоўніцтва (Global Engagement Center), з прадстаўнікамі якога я абмеркавала магчымасць выкарыстання беларускай мовы ў IT-прадуктах буйных карпарацый і супрацоўніцтва Цэнтра з беларускімі экспертамі і профільнымі арганізацыямі ў справе супрацьстаяння лукашэнкаўскай і расійскай прапагандзе»

@CabinetBelarus
«У гэтай барацьбе мы мелі і будзем мець падтрымку»

Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вольга Гарбунова дзеліцца ўражаннем ад рабочай паездкі дэлегацыі Кабінета ў ЗША, распавядае пра яе вынік і магчымыя накірункі працы па вызваленні палітзняволеных:

«На кожнай сустрэчы мы ўздымалі пытанні палітычных зняволеных і іх родных, прыводзілі прыклады асабістых гісторый, навіны пра катаванні і маштабы рэпрэсій, пра давядзенне людзей да самагубства і прымусовую працу, распавядалі пра складанасці дапамогі і неабходнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці.

Сустрэчы ў Дзярждэпе, з недзяржаўнымі арганізацыямі, у якіх ёсць досвед перамоў з аўтарытарнымі краінамі, з буйнымі фондамі, беларускімі ініцыятывамі ў ЗША, — падказвалі шляхі, якімі можна вырашаць пытанні палітзняволеных. Складаная, амаль кругласутачная, праца дэлегацыі Кабінета, і як вынік — зацікаўленасць другога боку. Гэта пераканала мяне, што мы ў гэтай барацьбе мелі і будзем мець падтрымку.

Галоўная выснова для мяне — ніхто не зробіць за нас нашу працу. Гэта абавязак беларусак і беларусаў паклапаціцца пра тых, хто зараз у зняволенні, гэта наш абавязак памятаць пра іх і дзейнічаць.

Тое, што дапамагло іншым краінам вызваліць сваіх палітвязняў — гэта вялізарная салідарнасць і штодзённая праца. Нікарагуа, Венесуэла, Іран, Турцыя, Куба, Афганістан. Мы ідзем шляхам, якім ідуць многія краіны, і дзе важны ўнёсак кожнай і кожнага. Праца са СМІ, дапамога рэпрэсаваным, новыя санкцыі і візавыя абмежаванні, моцныя інфакампаніі па прыцягненні ўвагі да праблемаў вязняў сумлення, пошук палітыкаў, рэлігійных дзеячаў, бізнэсоўцаў, знакамітасцяў і іншых людзей, якія гатовыя далучыцца і дапамагаць.

Нічога новага? Але ж гэта працуе, калі палітзняволеныя — галоўны прыярытэт, нават калі рэжым выкарыстоўвае іх як закладнікаў для захавання ўлады»

@CabinetBelarus
Што ў Вашынгтоне думаюць пра Беларусь, рэжым і ядзерную пагрозу? Ціханоўская – пра візіт у ЗША

– Падчас візіту Злучаныя Штаты аб’явілі аб запуску стратэгічнага дыялогу з дэмакратычнай Беларуссю. Гэта значыць, што ўжо напрыканцы гэтага году дэмсілы фармалізуюць супрацу з урадам ЗША. Да дыялогу запросяць прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Дэмсілы выпрацуюць стратэгію беларуска-амерыканскіх адносінаў, і адновяць усе кантакты, якія былі разбураныя Лукашэнкам.

– У бліжэйшыя некалькі месяцаў ЗША прызначаць спецпасланніка для супрацы з дэмакратычнымі сіламі. Ён будзе галоўнай кантактнай асобай паміж дэмакратычнай Беларуссю і Вашынгтонам.

– ЗША не падтрымліваюць змякчэнне санкцыяў на транзіт калійных угнаенняў праз краіны ЕС, над чым актыўна працуюць лабісты рэжыму.

– Нас запэўнілі, што ЗША захаваюць памер дапамогі Беларусі ў аб’ёме 30 мільёнаў долараў. Гэтыя грошы пойдуць на падтрымку незалежных СМІ, праваабаронцаў, НДА і рэпрэсаваных.

– У Кангрэсе пачалася праца над новым законам аб дэмакратыі, суверэнітэце і правах чалавека ў Беларусі. Гэты закон дапаможа зрабіць падтрымку ЗША больш сістэмнай і паслядоўнай.

Як прайшоў візіт Святланы Ціханоўскай і Аб'яднанага пераходнага кабінета – глядзіце ў відэа: https://youtu.be/_B58IlySy_M
«Беларусь – не ядзерная сметніца Расіі». Ціханоўская – пра «дзень яднання з Расіяй»

Беларусь – не ядзерная сметніца Расіі. Не палігон, не губерня і не кавалачак зямлі. Беларусь – гэта суверэнная дзяржава і свабодны беларускі народ. Нам не блізкія імперскія ідэі. Беларусам не патрэбная ні Саюзная дзяржава, ні АДКБ, якія прыводзяць да размяшчэння ядзернай зброі ў нашай краіне. Свабодная Беларусь адкрые для сябе супрацу з Еўропай. Беларусь будзе далучацца і ствараць такія саюзы, якія абараняюць жыцці, бяспеку і дабрабыт беларусаў, а не ставяць пад пагрозу будучыню нашых дзяцей.

https://youtu.be/-w6IOZV-KZ4
«Каля 40% удзельнікаў нашай адукацыйнай праграмы — гэта людзі, якія застаюцца ўнутры Беларусі, у тым ліку дзейныя чыноўнікі»

Намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юрый Губарэвіч — аб запуску пілотнай адукацыйнай праграмы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі»:

«Мы стартавалі 3 красавіка са 170 удзельнікамі пілотнай праграмы. А да гэтага мы атрымалі ўсяго 300 заяў на ўдзел у праграме. І мы прыемна ўражаныя смеласцю беларусаў, бо каля 40% удзельнікаў нашай адукацыйнай праграмы — гэта людзі, якія застаюцца ўнутры Беларусі, у тым ліку дзейныя чыноўнікі.

Гэта значыць, што людзі вераць у будучыню, калі ў час шалёных рэпрэсій, татальнага кантролю і чыстак у дзяржапараце — усё адно ідуць да нас, хочуць вучыцца і павышаць свой прафесійны ўзровень у галіне кіравання.

Так, мы робім для бяспекі ўдзельнікаў усё, што ад нас залежыць — прадугледзілі ананімнасць удзелу ў анлайн-сустрэчах, шыфруем дадзеныя і абмяжоўваем да іх доступ нават арганізатарам праграмы.

Але разам з тым мы не забяспечваем навучэнцаў стыпендыямі, і на дадзеным этапе не даем гарантыі працаўладкавання — хіба толькі стажыроўку ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце запрапануем пасля — карацей, для гэтых людзей гэта сапраўды ўчынак веры і прага ведаў.

Я перакананы, што з такімі людзьмі мы зможам адбудаваць новую Беларусь»

@CabinetBelarus
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык — аб вывядзенні беларускай лацінкі з афіцыйнага ўжытку

«За тысячу гадоў гісторыі нашага пісьменства мы здабылі для нашай мовы кірыліцу, лацінку, і нават арабскую вязь. Беларусы — майстры ствараць, узбагачваць і развіваць.

Але гэты рэжым — толькі нішчыць нашыя здабыткі, выкарчоўвае нашыя традыцыі і нявечыць нашую культуру. Пазбаўляе нас усяго, што назапасілі для нас папярэднія пакаленні.

Аднак ёсць і станоўчы момант: мы пачынаем добра разумець канцавую мэту нашага ворага. І мы можам яднацца вакол нашых сімвалаў, нашых каштоўнасцяў, нашых святыняў. Мы можам выступаць адзіным фронтам супраць цемрашальства і вандалаў.

Я заклікаю ўсіх да еднасці, да абароны беларушчыны, адукацыі і ведаў, да ўжывання беларускай мовы штодня.

Калі рэжым вывеў беларускую лацінку з афіцыйнага ўжытку — то давайце самі будзем ужываць яе там, дзе гэта дарэчна»

@CabinetBelarus
Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі заяўляе аб недапушчальнасці размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі і заклікае міжнародную супольнасць да неадкладнага супрацьдзеяння рэжымам Лукашэнкі і Пуціна з мэтай недапушчэння міжнароднай катастрофы

Поўны тэкст заявы Кабінета «Аб супрацьстаянні пагрозам, звязаным з магчымым размяшчэннем расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі» чытайце па спасылцы:

https://telegra.ph/Ab-supracstayann%D1%96-pagrozam-zvyazanym-z-razmyashchehnnem-ras%D1%96jskaj-yadzernaj-zbro%D1%96-na-tehrytory%D1%96-Belarus%D1%96-04-04

@CabinetBelarus
Змякчэнне абмежавальных мераў для беларусаў у новым законапраекце, рабочая група прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і МУС Літвы, гуманітарны ВНЖ на даўжэйшы тэрмін
— Святлана Ціханоўская і Валер Кавалеўскі правялі сустрэчу з Міністрам унутраных спраў Літвы Агне Білатайце

Беларускі бок падзякаваў Міністру за прынятыя прапановы па змякчэнні абмежавальных мераў у дачыненні да грамадзян Беларусі, адлюстраваных у законапраекце «Аб увядзенні абмежавальных мераў у дачыненні да ваеннай агрэсіі супраць Украіны».

На сустрэчы бакі дамовіліся стварыць рабочую групу, якая будзе ўключаць прадстаўнікоў Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай і МУС Літвы для вырашэння ў тым ліку міграцыйных пытанняў беларусаў — падобная рабочая група ў Польшчы ўжо паказала сваю эфектыўнасць. Дамовіліся таксама арганізаваць у рамках групы інфармацыйны абмен па пытаннях грамадскай бяспекі.

На сустрэчы абмяркоўвалася магчымасць спрасціць патрабаванні для беларусаў пры падачы на ВНЖ, у прыватнасці, магчымасць не прадастаўляць даведку аб несудзімасці або апастыль для грамадзян Беларусі, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь.

У бліжэйшы час Дэпартамент міграцыі плануе выпусціць падрабязную інструкцыю, якая тлумачыць дэталі адносна працэдур па легалізацыі беларусаў у Літве.

Была дасягнута дамоўленасць разгледзець магчымасць выдачы на даўжэйшы перыяд ВНЖ па гуманітарных падставах. Акрамя таго, паводле інфармацыі літоўскага бока, да сярэдзіны 2023 года затрымка ў разглядзе заяў ад беларусаў на атрыманне статуса ўцекачоў будзе ліквідаваная, і надалей заявы будуць разглядацца ў вызначаны законам тэрмін.

@CabinetBelarus
«Можа прывесці да аднаўлення ядзернай гонкі ва ўсім свеце»

Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі патлумачыў, чаму размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі можа мець незваротныя наступствы як для самой краіны, так і ўсяго свету:

«Найперш гэта руйнуе падмуркі нашай Канстытуцыі з яе палажэннямі аб нейтралітэце і без’ядзерным статусе — я тут кажу не пра лукашэнкаўскую канстытуцыю, прынятую незаконна, а пра Канстытуцыю 1994 г.

Гэта пярэчыць волі народа аб без’ядзерным статусе нашай краіны, якая адлюстравана і ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Атрымліваецца, Лукашэнка ў сваім разбуральным уладалюбным вар’яцтве дабраўся да падмуркаў, на якіх будавалася незалежная Беларусь.

Але гэта яшчэ не ўсё: размяшчэнне ядзернай зброі разломіць крохкі купал міжнароднай бяспекі, які будаваўся дзесяцігоддзямі.

Найперш гэта будзе знявагай Будапешцкага мемарандума, аб чым Кабінет гаворыць у сваёй заяве. Бо перадумовай яго дзеяння з'яўляецца вывад ядзернай зброі з Беларусі. І гэта зноў-такі ўдарыць па інтарэсах Беларусі, бо калі Беларусь вяртае ядзерную зброю, то ЗША, Вялікабрытанія і Расія больш не будуць мець абавязацельстваў гарантый бяспекі перад намі.

Агулам, гэта моцна ўдарыць і па міжнародным аўтарытэце Беларусі, бо тое, што мы добраахвотна адмовіліся ад ядзернай зброі — а гэта адбылося яшчэ да Лукашэнкі — было моцным аргументам для нашага міжнароднага аўтарытэту. Беларусь падпісала Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (ДНЯЗ), а зараз гатовая яго парушыць.

Наступствы будуць адчувальныя для ўсяго свету, усе стануць на крок бліжэй да бездані, якую гарантавана абяцае любы ядзерны канфлікт. Бо краіны, якія ў свой час адмовіліся ад сваіх ядзерных праграм — Бразілія, краіны Паўднёвай Афрыкі — будуць незадаволеныя і адчуюць сябе падманутымі, бо ядзерныя дзяржавы заўсёды пераконвалі, што распаўсюду ядзернай зброі не будзе. У выніку гэта значна паслабіць значэнне ДНЯЗ і хутчэй за ўсё прывядзе да аднаўлення ядзернай гонкі.

Варта дадаць, што Кітай таксама крытычна паставіўся да рашэння аб размяшчэнні ядзернай зброі ў нашай краіне, бо ён паслядоўна выступае супраць яе распаўсюджання ў іншых краінах. Гэта будзе яшчэ адным выклікам для Беларусі»

@CabinetBelarus
«Бункераў на ўсіх не хопіць»

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка тлумачыць, што стаіць за намерам РФ размясціць ядзерную зброю ў Беларусі і распавядае пра звязаныя з гэтым пагрозы:

«Калі раней Лукашэнка спрабаваў атрымаць эканамічныя выгады для сябе, то зараз Расія перастала даваць яму грошы. Эканоміка коціцца ўніз без пастаянных датацый, але замест чарговага крэдыту, які рэжым праеў бы - Пуцін прапанаваў тое, ад чаго любы дыктатар не змог бы адмовіцца - ядзерную зброю»

«Менавіта Пуціну найбольш выгадна размясціць ядзерную зброю ў Беларусі. Бо ў выпадку прымянення ядзернай зброі - удар у адказ будзе нанесены па аб'ектах адкуль яна можа быць зноў запушчана. Гэта значыць беларускія аэрадромы, вайсковыя часці, якія знаходзяцца побач з нашымі гарадамі»

«Лукашэнка сваёй згодай размясціць ядзерную зброю ў Беларусі стварыў небывалую пагрозу нашай краіне і нам беларусам, якая можна параўнаць па маштабах з Чарнобыльскай катастрофай»

«Так званае трыадзінства народаў, насамрэч, шырма для шалёных дыктатараў, для якіх людзі - толькі рэсурс. Ніякіх брацкіх народаў няма. Ёсць амбіцыі старых, якія будуць глядзець з глыбокіх бетонных бункераў як беларусы будуць гінуць ад удараў у адказ»

Поўны каментар глядзіце ў відэа:

https://youtu.be/2IM7AtliWWE

@CabinetBelarus