De facto. Беларуская навука
1.53K subscribers
1.23K photos
1 video
3 files
713 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Як насамрэч функцыянавала Кіеўская Русь?

Гэтым пытаннем задаецца іспанская даследніца Susana Torres Prieto у апошнім нумары ўкраінскага часопіса Ruthenica. Яна піша, што ўяўленне пра Кіеўскую Русь як пра сукупнасць асобных княстваў з акрэсленымі межамі не знаходзіць дастатковага пацвярджэння ў пісьмовых і прававых крыніцах. Землі Русі не мелі стабільных межаў.

Галоўнай адзінкай улады, верагодна, быў горад, а не «княства». «Землі» Русі былі хутчэй спадчыннымі ўладаннямі кіруючай дынастыі, чым дзяржавамі. Канфлікты паміж князямі былі звязаныя перадусім з размеркаваннем спадчыны і пасадаў унутры дынастыі, а не саперніцтвам незалежных княстваў.

Паміж 980 і 1240 гадамі межы княстваў змяняліся каля сарака разоў. Як адзначае аўтарка, у гэты перыяд найважнейшымі гарадамі былі: Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Чарнігаў, Смаленск, Уладзімір (на Валыні), Пераяслаў, Галіч, Старая Разань, Уладзімір-Залескі і Гродна. Апошні быў пасля інтэграваны ў Полацкую зямлю.
👍30🤔202👏1
За што крытыкавалі валасныя суды ў пачатку ХХ ст.

Ганна Страленя ў «Весцях Гомельскага дзяржуніверсітэта» піша: пасля адмены прыгоннага права важнае месца ў сістэме самакіравання займалі валасныя суды. Але што выяўлялі рэвізіі?

Сяляне скардзіліся на факты хабарніцтва з боку валасных суддзяў. Фіксавалася адсутнасць кантролю за выкананнем прысудаў. Пры рэвізіі Цімкавіцкага валаснога суда Слуцкага павета выявілі: за 1905 г. не прыведзены ў выкананне 11 прысудаў па крымінальных справах, за 1906 г. – 16. Быў і такі выпадак: пры канфлікце ў Быстрыцкім валасным праўленні сям'ю Чэрнік пасадзілі пад арышт, але яна адразу знікла. Валасны суддзя адпусціў іх дадому павячэраць, чаго не меў права рабіць.

Валасныя суддзі адначасова вялі гаспадарку. Пры рэвізіі Кіявіцкага суда выявілі: з 51 справы 23 не былі разгледжаны «ввиду рабочей поры». У цэлым у пач. XX ст. з ростам пісьменнасці значна вырасла колькасць скаргаў з боку сялян. За 1906 г. у Койданаўскі валасны суд паступіла 434 крымінальных спраў і 621 грамадзянскіх.
👍16🔥13🤡3😱21
Выходзіць кніга пра «маскоўскага намесніка ў Літве і Беларусі» Адольфа Іофэ

У маі пабачыць свет кніга «Маскоўскі намеснік у Літве і Беларусі: Адольф Іофэ і нацыянальнае самавызначэнне па-бальшавіцкаму шляху». Гісторык Jerzy Borzecki грунтуецца на раней невядомых архіўных матэрыялах і прасочвае місію Адольфа Іофэ ад імя Цэнтральнага камітэта бальшавікоў у пачатку 1919 года ў Літве і Беларусі.

Іофэ (1883 - 1927) выступаў у якасці фактычнага намесніка Масквы ў Літве і Беларусі, а таксама кіраваў іх знешнімі, унутранымі і ваеннымі справамі. Тым не менш, місія Іофэ практычна невядомая гісторыкам.

У апісанні выдання гаворыцца: «Кніга імкнецца вырашыць тры пытанні, якія дагэтуль бянтэжылі гісторыкаў. Па-першае, чаму Ленін перадумаў і вырашыў стварыць Савецкую Беларусь? Па-другое, чаму Савецкая Расія анексавала ўсходнюю Савецкую Беларусь? І па-трэцяе, чаму была створана ўнітарная Літоўска-Беларуская Савецкая рэспубліка (ЛітБел)?»
🔥15👌5👍42
Як Радзівілы кантралявалі дапамогу касцёлу ў Чарнаўчыцах

Łukasz Gołaszewski у зборніку The Woman at the Source of History (2024) прааналізаваў сем дакументаў і лістоў Мікалая Крыштафа Радзівіла «Сіроткі» і Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла (1578, 1589, 1633 гг.) адносна матэрыяльнага забеспячэння касцёла ў Чарнаўчыцах (цяпер аграгарадок у Брэсцкім раёне, здымак pinskdiocese. by). Лісты былі адрасаваны святарам і землеўладальнікам.

Радзівілы выступалі пасрэднікамі ў спрэчках, вызначалі парадак выплаты дзесяціны, змянялі яе форму ў выпадку цяжкасцяў. Напрыклад, у 1578-м Радзівіл «Сіротка» распарадзіўся замест звычайнай дзесяціны з фальваркаў у Чарнаўчыцах і Покрах выдаваць мясцоваму плябану штогод 30 бочак жыта, 20 бочак ячменю і 20 бочак аўса, бо землі фальваркаў былі пераразмеркаваны паміж сялянамі і звычайную дзесяціну збіраць стала немагчыма.

У 1633-м Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл пацвердзіў права плябана задарма браць дровы з мясцовых лясоў. Дадамо, што ў Чарнаўчыцах знаходзіўся і палац Радзівілаў.
27👍11
Новыя дадзеныя пра Казанскі кітаб, помнік рукапіснай спадчыны татараў ВКЛ

Сваім даследаваннем Міхаіл Тарэлка дзеліцца ў расійскім часопісе «Залатаардынскі агляд». Так званы «Казанскі кітаб» захоўваецца ў бібліятэцы Казанскага ўніверсітэта. Ранейшае сцвярджэнне, што абедзве часткі рукапісу (цюркскі і беларускі) напісаны на аднолькавай паперы, цяпер не выглядае пераканаўчым. Верагодна, цюркская частка магла ўзнікнуць за мяжой (альбо скапіяваная з замежнага рукапісу), а беларуская частка была напісана на тэрыторыі Беларусі.

Таксама варта разглядаць пазаначаную дату як «не раней чым»: Казанскі кітаб быў напісаны не ў 1645 г., а не раней чым у 1645 г., быць можа ў канцы XVII ці нават у пачатку XVIII ст. Пра гэта сведчыць наяўнасць у беларускіх тэкстах больш за 150 выпадкаў абазначэння галоснага [o] асаблівым знакам, характэрным для беларускататарскіх рукапісаў з канца XVIII ст.

Што тычыцца ўладальніцкіх запісаў, то цяпер відавочна, што лёс Казанскага кітаба быў значна больш складаны, чым меркавалася раней.
29🤔14👍9
Новая гіпотэза пра родапачынальніка князёў Кобрынскіх і яго братоў

Станіслаў Келембет у навуковым зборніку «Украіна ў геапрасторы сярэднявечнай і раннемадэрнай цывілізацый» (2025) рэканструюе лёс нашчадкаў Фёдара Альгердавіча, якія прыходзіліся ўнукамі Альгерду. Гісторык пасля аналізу розных крыніц робіць выснову: Фёдару, князю Ратненскаму і Кобрынскаму, старэйшымі сынамі, верагодна, прыходзіліся Аляксандр (Осцей), Жэдзівід і Раман.

Верагодна, Кобрын быў сталіцаю Фёдара Альгердавіча ў 1377 г., калі ён прызнаў сабе васалам польскага караля Людовіка. Потым Фёдар перабраўся да атрыманага «in Polonia» Ратна (сучасная Украіна), пакінуўшы ў Кобрыні сына Рамана. Той з'яўляецца ў дакументах як кобрынскі князь у 1388 г. На яго пячатцы – выява «Пагоні» з пазнакай «de cobrin» (на ілюстрацыі).

Калі Осцей і Жэдзівід служылі Маскве, то Раман Фёдаравіч стаў родапачынальнікам князёў Кобрынскіх. У іншых крыніцах пазначана, што ў 1393 г. Раман узначальваў войска наўгародцаў у паходах на ўладанні князя маскоўскага Васіля I.
🤔20🔥9👍54🤷‍♂1
Выйшла кніга «100 раслін і грыбоў Беларусі»

Над выданнем працавалі навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча. Для кожнага з 100 відаў раслін і грыбоў складзены нарыс – з самымі характэрнымі прыкметамі, якія дазваляюць пазнаць від у палявых умовах, адрозніць яго ад падобных.

Кніга багата ілюстравана каляровымі аўтарскімі здымкамі і картамі распаўсюджвання. У выданні таксама апісана магчымасць выкарыстання раслін і грыбоў у прамысловасці, афіцыйнай і народнай медыцыне. У кнізе 207 старонак.
19👍18🎃4🍌1
Як Чэхаславакія ў 1920-я стала буйным цэнтрам беларускіх студэнтаў

Пра гэта піша Андрэй Буча ў апошнім нумары расійскага «Часопіса францірных даследаванняў». Дзякуючы намаганням беларускай грамады ў Празе на чале з Мікалаем Вяршыніным у рамках дапамогі эмігрантам з былой Расійскай імперыі былі выдзелены стыпендыі і для беларусаў.

Масавы прыток перш за ўсё ўраджэнцаў Заходняй Беларусі ў Прагу прыпаў на 1921 - 1925 гг. Большасць з іх склалі выпускнікі Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназій (на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала толькі адна ВНУ — Віленская, дзе доля беларусаў з-за абмежаванняў уладаў вагалася ад 0,75% да 2,82%). У чэхаславацкіх універсітэтах па стыпендыях вучылася некалькі соцень беларусаў.

Чэхаславакія ператварылася ў найбуйнейшы беларускі акадэмічны цэнтр за межамі этнічнага пражывання беларускага народа ў 1920-я гг. Там былі падрыхтаваны кадры інтэлігенцыі, неабходныя найперш для аказання супраціву асіміляцыйнай палітыцы польскіх уладаў у Заходняй Беларусі.
30🤝6👍5❤‍🔥4🙏1
Што пісалі пра дзейнасць народнікаў расійскаму імператару з беларускіх зямляў

Надзея Маторава ў апошнім нумары «Весніка Магілёўскага дзяржуніверсітэта» адзначае: у справаздачах за 1878 - 1884 гг. дзейнасці народнікаў надавалі ўвагу губернатары Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. У іх справаздачах не называліся арганізацыі «Зямля і воля», «Народная воля», маштаб «шкодных дзеянняў» у цэлым ацэньваўся як невялікі, канкрэтныя прапановы па барацьбе з народніцкай прапагандай адсутнічалі.

Магілёўскі губернатар А. Дамбавецкі пісаў, што найбольш народнікаў падтрымлівала моладзь, якая вучылася і недавучылася, у тым ліку выхаванкі прыватнага жаночага пансіёна. Дзеці бедных чыноўнікаў і непрывілеяваных сацыяльных груп адлічваліся з-за адсутнасці грошай. У Магілёўскай мужчынскай гімназіі гэты паказчык дасягаў трэці. Такія маладыя людзі фармавалі «элемент браджэння».

Да сярэдзіны 1880-х гг. згадкі аб народніках зніклі. Пасля забойства Аляксандра II актыўныя члены «Народнай волі» былі пакараныя смерцю.
🤔16👍9
Пра асаблівасці структуры рачных партоў і гаваняў ВКЛ у XVI - XVIII ст.

Rimantas Bedulskis у Kwartalnik Historii Kultury Materialnej (2025) піша: у крыніцах відаць падзел у ВКЛ на «парты» і «гавані»: першыя знаходзіліся ў гарадах і былі добра абсталяваныя (мелі прычалы, склады, верфі), другія – абапіраліся на прыродныя месцы для швартоўкі суднаў.

Асновай гандлю былі рачныя сістэмы Нёмана, Дзвіны і Віслы. Праз іх тавары ішлі ў Кёнігсберг, Рыгу і Гданьск. Нягледзячы на ​​выгаднае становішча Дняпра, развіццё гандлю там стрымлівалася палітычнымі прычынамі: ніжнюю плынь кантралявала Асманская імперыя, таму купцы ВКЛ не мелі ўласнага выхаду да Чорнага мора. З-за гэтага тавары на беларускіх землях часта везлі сухапутна да Нёмана ці Дзвіны.

Аднак Дняпро быў важным для ўнутранага злучэння. Асаблівую ролю ў рачным гандлі адыгрывалі наступныя пункты: Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Шклоў, Бешанковічы, Рэчыца, Пінск, Гродна. Беларускія землі ВКЛ былі глыбока ўключаны ў міжнародны рачны гандаль ранняга Новага часу.
27👍13🔥4👏1💯1
Навукоўцы: сарокі масава выбіраюць толькі адзін горад Беларусі

Віталь Сахвон і Карына Федарынчык у свежым нумары часопіса Contemporary Problems of Ecology пішуць: вынікі іх даследавання паказваюць, што размеркаванне сарокі звычайнай па Беларусі вельмі нераўнамернае — больш за 80% птушак жывуць у Мінску.

Аналіз грунтуецца на дадзеных, сабраных у 2024 - 2025 гадах у 19 буйных і 12 малых гарадах Беларусі. Каля 5,0 - 5,4 тысячы гарадскіх пар з усіх ацэначных 6,0 - 6,3 тыс. сканцэнтравана ў Мінску. У Баранавічах, якія займаюць другое месца па колькасці гняздуючых пар, гарадская папуляцыя не перавышае 130 пар.

У 13 найбуйнейшых гарадах сарокі гняздуюцца толькі асобнымі парамі (да дзесяці пар) або зусім адсутнічаюць. Гэтыя вынікі сведчаць аб тым, што папуляцыі сарокі ў розных рэгіёнах сфарміраваліся незалежна. У Мінску сярэдняя шчыльнасць размнажэння складае 27 пар/км2, а памер папуляцыі павялічыўся ў параўнанні з 2015 - 2016 гадамі. У цэлым найвышэйшая шчыльнасць гнездавання назіраецца ў малапавярховых раёнах.
🤔308😁5👍4
Выйшла кніга «Стараверы Беларускага Паазер'я: гісторыя і культура»

Калектыўная манаграфія расказвае пра рускіх старавераў, расселеных на тэрыторыі паўночна-заходняй Беларусі. Прааналізаваны фарміраванне і развіццё стараверскай супольнасці ў рэгіёне (другая палова XVII – пачатак ХХІ ст.), а таксама асаблівасці гаспадарчай дзейнасці, традыцыйнай абраднасці, культавага дойлідства, іканапісу, кніжнай культуры.

Упершыню ўводзіцца ў навуковы ўжытак вялікі блок матэрыялаў палявых даследаванняў, архіўных крыніц. У выданні ад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры 495 старонак.
👍2115👏1
Апублікавана цікавае даследаванне пра беларускіх студэнтаў за мяжой

Даследаванне падрабязна разглядае адукацыйную міграцыю з Беларусі з 2013 па 2025 гады ў 37 краін – Еўропу, Расію і Турцыю. Цяпер за мяжой навучаецца каля 30 тысяч грамадзян Беларусі. З іх каля 20 тысяч у Еўрапейскім саюзе.

Кірункі міграцыі кардынальна змяніліся з Расіі на карысць Еўропы. Даследаванне фіксуе не толькі важныя тэндэнцыі размеркавання беларускіх студэнтаў па краінах, але і іх прычыны. Таксама зроблены прагнозы. Поўны тэкст даследавання даступны па спасылцы па-беларуску і па-англійску.
👍27🔥12😢21
Адкуль былі ўзяты вобразы для малюнкаў у Радзівілаўскім летапісе

Пра гэта піша Аляксей Талочка ў украінскім часопісе Ruthenica (2025). У Радзівілаўскім летапісе (помнік XIII ст., які захаваўся ў двух спісах XV ст. – адзін з іх належаў Радзівілам, захоўваўся ў Нясвіжы, адсюль і назва) прысутнічаюць відавочна «заходнія» элементы: гатычная архітэктура, заходнееўрапейскія даспехі і інш.

У серыі малюнкаў, якія ілюструюць падарожжа Аскольда і Дзіра у Візантыю, вылучаюцца два (пра прыбыццё варагаў у Кіеў і іх напад на Канстанцінопаль) – кідаецца ў вочы фігура чалавека ў заходніх даспехах (з «рондэлямі» – круглымі металічнымі кавалкамі і з «bevor» — абаронай падбародка і шыі, якая закрывае палову твару). І хоць чалавек у даспехах намаляваны ў розных сітуацыях, яго пастава аднолькавая – трохі адкінутая назад.

Верагодна, аўтар малюнкаў скапіяваў мадэль. І, верагодна, з кнігі нямецкага майстра фехтавання Hans Talhoffer: адзін з яго дапаможнікаў выйшаў у 1459 г., піша Талочка. На ілюстрацыі – параўнанне малюнкаў.
16👍12🔥2🤔2🤷‍♂1
Якімі былі міжнацыянальныя адносіны ў Драгічынскім павеце ў 1921 - 1939 гг.

Пра гэта піша Віталь Гарматны ў «Весніку Магілёўскага дзяржуніверсітэта». Згодна першаму ўсепольскага перапісу 1921 г. у Драгічынскім павеце жыло беларусаў – 18,4 тыс., «тутэйшых» (не маглі вызначыць уласную нацыянальнасць) – 25,4, палякаў – 9,1, яўрэяў – 6, украінцаў – 3,7.

Беларусы як сяляне былі на самым нізе сацыяльнай лесвіцы. Улады праводзілі дыскрымінацыйную палітыку, забаранялася беларуская мова. Станоўча ацэньвалася ідэнтыфікацыя сябе ў якасці «палешукоў» – як пераходны этап да прызнання сябе палякамі.

Палякі былі самай прывелеяванай часткай: займалі высокія пасады ў адміністрацыі і паліцыі. Заахвочвалася перасяленне асаднікаў, якім для стварэння гаспадарак выдавалі льготныя банкаўскія крэдыты. Беларусы разглядалі палякаў як прыгнятальнікаў. Яўрэі былі найбольш заможнай часткай насельніцтва, займаліся гандлем і рамяством. Частка з іх атрымлівала ад сваякоў з ЗША пераводы. Стаўленне да яўрэяў у цэлым было нейтральным.
👍13😢6🤡3💯21