De facto. Беларуская навука
1.52K subscribers
1.21K photos
1 video
3 files
712 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Выйшла кніга «Замкі Беларусі. Таямніцы мінулых стагоддзяў»

Багата ілюстраванае выданне расказвае пра 12 жамчужын беларускай абарончай архітэктуры: ад шырока вядомых рэстаўрыраваных Нясвіжскага і Мірскага замкаў да руін Быхаўскага і Смальянскага. Расказваецца пра Навагрудскі, Крэўскі, Гальшанскі і Любчанскі замкі, Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў, Шчучынскі палац Друцкіх-Любецкіх, Навагрудскую Барысаглебскую царкву, Заслаўскі кафедральны сабор.

Акрамя цікавых звестак пра гісторыю іх узнікнення, асаблівасці знешняга выгляду і найбольш папулярныя легенды, у кнізе ад выдавецтва «Беларусь» даецца інфармацыя, як зручней дабірацца да прыведзеных архітэктурных аб'ектаў і якія яшчэ славутасці знаходзяцца побач.

Кніга з вялікай колькасцю здымкаў зроблена на беларускай, рускай, англійскай і кітайскай мовах.
👍30🔥194👏3
Пад Віцебскам знайшлі крыж XVII ст.: каму ён быў пастаўлены?

30 сакавіка ў вёсцы Кароўка знайшлі каменны крыж. Гісторык Дзяніс Лісейчыкаў піша: «Асноўны тэкст чытаецца ўпэўнена: «[Сеи?] крыжъ стоить [за] небощыкомъ славное памети Гарасимомъ Игнатовичомъ Ушаковичомъ Коровчинскимъ року 1639»…

Ушаковічы-Кароўчынскія – род панцырных баяр, які фіксуюць крыніцы 16-17 ст. Пад 1630 г. маецца цікавы дакумент – ліст суражскага падстаросты Яна Стахоўскага «бояромъ Коровчаномъ» аб размежаванні іх земляў з землямі лемніцкіх сялян... Продак Ушаковічаў Іван Ушак атрымаў тут зямлю ад віцебскага ваяводы (1555 - 1564) Стэфана Збаражскага. У Івана Ушака былі сыны Васька, Ігнат, Іван, Андрэй і Юрка, якія і валодалі навакольнымі землямі. У Ігната Ушаковіча быў сын Гарасім. Гарасіма Ігнатавіча таксама можна сустрэць у дакументах Віцебскага земскага суда з 1618 па канец 1630-х гг.

У канцы 1630-х гэты заслужаны чалавек памёр і ягоныя сыны Антон і Зміцер паставілі па ім гэты цудоўны каменны помнік, які захаваўся да нашага часу».
🔥4015👍10👏1😱1🙏1🕊1
Гэта быў самы вялікі айсберг у свеце. Цяпер ён дажывае апошнія тыдні

A23a — айсберг у Антарктыцы, які лічыўся самым вялікім у свеце. У 1986 годзе ад ледавіка Фільхнера адкалоўся айсберг плошчай каля 4000 км² і сеў на мель у моры Уэдэла. У сярэдзіне 2023 года айсберг ізноў пачаў рух да Паўднёвага акіяна.

Айсберг, які ў чатыры разы большы за Берлін, за апошні год заплыў у цёплыя воды, падтаў, пакрыўся расколінамі і велічна разваліўся на часткі. Цёплы акіян працягвае падточваць тое, што засталося ад A23a. Смерць блізкая. Яму засталося не больш за некалькі тыдняў, паведамляе BBC.

Усе айсбергі ў рэшце рэшт растаюць. Але за разбурэннем A23a навукоўцы сачылі асабліва ўважліва, імкнучыся зразумець, што яго лёс кажа аб тым, як Антарктыка рэагуе на змену клімату. У гісторыі Зямлі напэўна бывалі айсбергі, якія жылі больш доўга, але ў наш час A23a лічыцца доўгажыхаром-рэкардсменам – ва ўсякім разе, сярод тых айсбергаў, за якімі сачылі навукоўцы.
😭25🐳16💔113😱3🤷‍♂1👍1🤔1🤬1
Пра становішча беларускай меншасці ў Латвіі ў 1940 і 1941 г.г.

Юрый Грыбоўскі ў апошнім нумары Studia Białorutenistyczne піша: пасля ўвядзення ў Латвіі ў 1934 г. аўтарытарнага кіравання беларуская культурна-асветная аўтаномія ў Латгаліі была ліквідавана. У 1940 і 1941 г.г. прадстаўнікі беларускага аб'яднання накіравалі два мемарандумы – савецкім і нямецкім органам улады наконт вяртання аўтаноміі.

Аднаўленне беларускай аўтаноміі не адпавядала інтарэсам савецкіх уладаў: у Латгаліі ў 1940 г. яны адкрылі рускамоўныя школы – з беларускай мовай як дадатковым прадметам.

У дэкрэце ад 27 ліпеня 1942 г. камісара рэйха на ўсходзе адносна нацыянальнай палітыкі ў Эстоніі, Латвіі і Літве гаворыцца, што «беларусы з краін Балтыі будуць пераселены ва ўласную Беларусь». Разам з тым, для кантроля за акупаванымі тэрыторыямі немцы былі гатовыя пайсці на пэўныя саступкі мясцовым беларусам, ствараючы процівагу латышам. З 1941 па 1945 год у Генеральнай акрузе Латвіі існавала 35 беларускіх народных школ і тры сярэднія школы.
👍16🤔105😢2
Выйшла кніга пра Чашніцкі край

Зборнік навуковых артыкулаў «Чашніцкі край: гісторыка-культурная спадчына рэгіёна» ўключае матэрыялы, якія прайшлі апрабацыю на навукова-практычнай канферэнцыі, што адбылася ў г. Чашнікі Віцебскай вобласці летась.

Сярод іншага ў выданні даследаванні пра абставіны бітвы на рацэ Уле 1564 г. паміж маскоўскімі і вялікалітоўскімі войскамі, погляды Васіля Цяпінскага, уладальнікаў Чашнікаў у XVII ст., іўдзейскія малітоўныя будынкі, сядзібы Чашніцкага раёна, зямельныя спрэчкі Чашніцкага касцёла з мясцовымі жыхарамі ў XIX ст., працу папяровай фабрыкі «Скіна», будаўніцтва Лукомльскай ГРЭС.

У зборніку ад выдавецтва «Беларуская навука» 511 старонак. Раней у серыі «Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі» выйшлі зборнікі «Крэва і акруга», «Чачэрск і Чачэрскі раён», «Бешанковіцкі край» і інш.
👍20🔥12👏3😱1🤡1🍓1
Якім бачылі нацыянальны стыль ў архітэктуры БССР 1920-х

Ілля Вярбіла ў апошнім мінулагоднім нумары часопіса «Навука і інавацыі» піша: у сяр. 1920-х намаганнямі супрацоўнікаў Інбелкульту і архітэктараў быў пабудаваны невялікі шэраг будынкаў, у якіх выкарыстоўваўся беларускі стыль. Існавалі два варыянты яго трактоўкі: гістарычны (з замкавымі матывамі) і этнаграфічны (з арнаментамі).

Найбольш маштабнае будаўніцтва ў першым напрамку было рэалізавана на чыгунцы. Планы прадугледжвалі збудаванне трох ключавых вакзалаў у беларускім стылі: галоўнага ў Мінску (на месцы былога Брэсцкага) і на памежных станцыях Негарэлае і Бігосава. Два апошнія былі рэалізаваны. На здымку – вакзал у Бігосава (Верхнядзвінскі раён), пабудаваны ў 1926 - 1927 гг.

З пачатку 1930-х працы па стварэнні беларускага стылю ў архітэктуры былі згорнуты. Асобныя спробы рэалізацыі захаваліся ў этнаграфічным падыходзе – з выкарыстаннем народнага геаметрычнага арнаменту ў аздабленні асобных збудаванняў, спалучэннем яго з савецкай неакласікай.
👍3215🔥2💯1🍓1
Ці даказала місія «Артэміда-2», што высадка на Месяц зноў магчымая?

З моманту запуску 1 красавіка місія НАСА «Артэміда-2» справілася з усімі выпрабаваннямі, піша BBC. У тым ліку, пабіты рэкорд дальнасці палёту. Калі вяртанне на Зямлю пройдзе паспяхова, то вынікі місіі будуць абнадзейваючымі. Ракета спрацавала. Касмічны апарат спрацаваў. Экіпаж прадэманстраваў прафесіяналізм у кіраванні сістэмамі.

Але галоўнае пытанне застаецца адкрытым: ці стане цяпер высадка на Месяц да 2028 года, як таго жадаюць НАСА і Трамп, сапраўды дасягальнай мэтай? Высадка менавіта да 2028 г. па-ранейшаму выглядае малаверагоднай, піша BBC. Сімяон Барбер з Open Univertsity, лічыць, што да гэтага засталося хутчэй 3 - 4 гады, і з гэтым меркаваннем цяжка не пагадзіцца.

Аднак бездакорнае выкананне місіі «Артэміда-2» ссунула гэтую верагоднасць у правільным кірунку. Пытанне ўжо не ў тым, ці можа карабель «Арыён» лётаць. Пытанне ў тым, ці змогуць паспяваць за ім пасадачныя модулі, графік работ і воля кіраўніцтва ЗША.
👍26👾116👏1🙏1
Пра захоп Кіева войскам ВКЛ у 1651 г.

Пра гэта піша Андрэй Гурбік у навуковым зборніку «Украіна ў геапрасторы сярэднявечнай і ранняй мадэрнай эпохі цывілізацый» (2025 г.) Значнымі эпізодамі паўстання Багдана Хмяльніцкага сталі падзеі 1651 г., калі войска ВКЛ пад кіраўніцтвам Януша Радзівіла здзейсніла паход ва Украіну.

Пасля перамогі ў бітве пад Лоевам у ліпені войска ВКЛ захапіла дрэнна абаронены Кіеў (на ілюстрацыі – уезд Радзівіла праз Залатыя вароты, малюнак Абрахама ван Вестэрфельда). Але прасунуцца на поўдзень казацкай Украіны не змагло і праз месяц адступіла.

Хмяльніцкі не мог вызваліць украінскія землі, а Рэч Паспалітая – разграміць казакоў, таму ў верасні быў падпісаны цяжкі для ўкраінскага боку Белацаркоўскі мір. Тэрыторыя Украінскай дзяржавы змяншалася да памераў Кіеўскага ваяводства, а колькасць казакоў скарачалася з 40 тысяч да 20. Але атрымалася дамагчыся захавання Украінскай дзяржавы, а гетманаўская стаўка з аптымізмам будавала грандыёзныя планы супраціву Рэчы Паспалітай, піша Гурбік.
👍15👀10🤔4🤷‍♂33🤯1🍓1
Не пятніца, а пяток. Якімі былі назвы дзён тыдня на пачатку XX ст.

Віктар Корбут у апошнім нумары часопіса Acta Albaruthenica супаставіў варыянты, якія існавалі ў дыялектах і на старонках «Нашай Нівы», адзінай у свеце беларускамоўнай газеты. Асаблівая ўвага надаецца першаму году яе выдання – з лістапада 1906 г.

У параўнанні з сучаснай беларускай мовай, бадай, найбольш выдзяляюцца назвы аўторка і пятніцы. Назва II дня тыдня ўжывалася без прыстаўнога «а» – уторак. Назва V дня тыдня ў 1907 г. фігуруе ў форме «пяток», якая ўжо ў 1908 г. саступіла месца «пятніцы». Першыя варыянты можна звязаць з польскім моўным уплывам (wtorek, piątek).

Увогуле можна зрабіць выснову, што ў дыялектах беларускай мовы назвы дзён тыдня не былі звязаны з рэаліямі штодзённага жыцця яе носьбітаў. Бадай, не варта шукаць іх вытокаў на ўласнабеларускай глебе, піша Корбут. Аднак розныя варыянты на беларускай глебе ўзніклі ў выніку як адаптацыі стараславянскіх, старажытнарускіх, польскіх форм, так і ў выніку працэсаў унутры гаворак.
👍27124😁4💊2🍓1💋1
Набор валанцёраў на юбілейны сезон археалагічнай экспедыцыі «Асавец»

Інстытут гісторыі НАН запрашае прыняць удзел у юбілейным сезоне раскопак унікальнага тарфянікавага паселішча неаліту і бронзавага веку. Тэрміны: 27 ліпеня - 9 жніўня 2026 года. Месца: ля вёскі Асавец Бешанковіцкага раёна. Хто можа ўдзельнічаць: усе, хто гатовы да палявых умоў і хоча дакрануцца да старажытнасці.

Заяўку можна пакінуць па e-mail: maxchar@ gmail. com. Азнаёміцца ​​з дэталямі – на сайце asaviec.by.

Археалагічная экспедыцыя пад кіраўніцтвам гісторыка Максіма Чарняўскага на Крывінскім тарфяніку мае штогадовы характар. Умовы пражывання – палатачны лагер. У праграме экспедыцыі: раскопкі паселішча «Асавец 2», мінілекцыі па археалогіі, спевы з гітарай, урачысты «прыём у археолагі», гульні ды забавы.
27👍9🙏4🫡3🔥1🤡1🍓1
Якія рэлігійныя абавязкі былі ў гарадзенскіх мяшчан XVI - XVII ст.

Наталля Сліж у апошнім нумары часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд» піша: калі на пачатку XVI ст. у Горадні дамінавалі праваслаўныя храмы, то затым пры падтрымцы манархаў і шляхты склалася перавага каталіцкай канфесіі, праваслаўных храмаў не засталося – былі толькі ўніяцкія.

Статуты рамесніцкіх цэхаў рэгулявалі і рэлігійныя пытанні. Напрыклад, статут для краўцоў і шаўцоў 1570 г. абавязваў прысутнічаць рамеснікаў з сем’ямі на набажэнствах у Фарным касцёле, не працаваць на рэлігійныя святы. Згодна са статутамі гарбарскага (1593) і рэзніцкага (1593) цэхаў, усе браты кожную пятніцу былі абавязаны наведваць каталіцкія набажэнствы, даваць мёд і воск на парафіяльны касцёл. За парушэнне нормаў статута прызначаліся грашовыя пакаранні.Для прыняцця ў цэх рамеснікі мусілі быць хрышчанымі.

Аднак не захавалася дакументаў, якія б сведчылі, як рэлігійныя наказы выконваліся. Пры гэтым захоўвалася вера ў чараўніцтва як перажытак паганства.
👍27🤔8🔥4🍓31🤷‍♂1
Як ратуюць вавёрку-палятуху, якая жыве толькі ў двух раёнах Беларусі

Палятуха – невялікі звярок, які змяшчаецца на далоні, але дзякуючы скурнай складцы паміж пярэднімі і заднімі лапамі здольная планаваць з дрэва на дрэва на адлегласць 50 м. У Польшчы, Літве і Латвіі гэты звярок больш не сустракаецца, а ў Беларусі – толькі ў Гарадоцкім і Віцебскім раёнах. Колькасць палятухі ацэньваюць у 500 - 1900 асобін.

Прадстаўнік НПЦ па біярэсурсах Дзмітрый Новікаў расказаў газеце «Навука»: «Для захавання папуляцыі... мы майструем для палятухі штучныя гняздоўі, развешваем на дзвюх нашых мадэльных тэрыторыях у Гарадоцкім раёне. Пакуль эксперыментуем з дуплянкамі тыпу сінічнікаў. Яна праяўляе да іх цікавасць: ёсць кадры фотапастак, дзе звярок поўзае паблізу такіх домікаў, наведвае іх. Выкарыстоўваюцца і іншыя віды дуплянак, якія выразаюцца з суцэльнага кавалка дрэва. Іх яна засяляе часцей».

Адна з праблем для вывучэння навукоўцамі палятухі – звярок вядзе начны лад жыцця, яго галоўны вораг — куніца.
37🥰16👍6🙏4🕊1
Могілкі XVI ст. у Гродне сталі чацвёртым унікальным аб'ектам у Беларусі

На вуліцы Малой Траецкай у Гродне працягваюцца раскопкі старажытных могілак сярэдзіны XVI ст., знойдзеных пры будаўнічых работах. Ужо выяўлена больш за 100 пахаванняў, з іх 74 – цэлыя, паведаміла тэлерадыёкампанія «Гродна».

Па знойдзеных прадметах (дзве манеты былі адчаканеныя ў 1550-х) змаглі дакладна ўстанавіць узрост могілак – сярядзіна XVI ст. Пры гэтым у некропалі зафіксаваны два ярусы пахаванняў: паверх больш ранніх у XVII ст. былі зроблены новыя.

Знойдзеныя могілкі з-за значнай плошчы сталі чацвёртым падобным аб'ектам у Беларусі – пасля вялікіх старажытных могілак у Полацку, Белынічах, вёсцы Каматава Гродзенскага раёна, паведаміў прадстаўнік Інстытута гісторыі НАН Аляксандр Вашанаў. Цяпер навукоўцы змогуць вывучыць дэмаграфічныя працэсы ў Гродна XVI - XVII стст.
🔥28👍22🙏633
Цімох Хведашчэня — атаман беларускага руху

Юры Грыбоўскі і Ніна Стужынская ў Białoruskie Zeszyty Historyczne (58) пішуць пра лёс Цімоха Хведашчэні. Ён нарадзіўся ў 1893 г. ці то ў Лунінецкім павеце, ці то ў Баранавічах. Падчас Першай сусветнай пад Крэвам і Смаргонню атрымаў раненне, быў узнагароджаны. У 1919 г. удзельнічаў у паўстанні ў Міры, трапіў у рукі бальшавікоў, але з надыходам палякаў далучыўся ў Барысаўскім павеце да дыверсійнага аддзела.

У 1920-м апынуўся ў шэрагах балахоўцаў, быў прызначаны атаманам «беларускага партызанскага атрада». Яго батальён удзельнічаў у баях з Чырвонай Арміяй у раёне Мазыра і Калінкавіч. Затым кіраваў партызанскім аддзелам, быў прыхільнікам пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы. У 1944-м трапіў у Войска Польскае, але ў 1947-м арыштаваны. Вызвалены ў 1954-м, памёр у Варшаве ў 1977-м.

У адрозненні ад некаторых сваіх таварышаў па зброі Хведашчэня не згубіў свайго нацыянальнага аблічча пад ціскам жыццёвых абставін. Ён быў адным з нямногіх, каму ўдалося дажыць да старасці.
❤‍🔥30👍10👏6🔥2🙏2🍓1🫡1
Выйшаў зборнік народных казак у літаратурнай апрацоўцы

Пабачыла свет кніга «Ішоў Бай па сцяне…: беларускія народныя казкі ў літаратурнай апрацоўцы Юрыя Пацюпы». Зборнік казак пра жывёл, птушак і чароўных істот падрыхтаваны на аснове фальклорнага матэрыялу з фондаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Літаратурная апрацоўка народных твораў робіць іх даступнымі для ўспрымання сучаснай чытацкай аўдыторыяй. У выданні 87 старонак.

Нагадаем, што нядаўна Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры стварыў унікальную старонку з архіўнымі аўдыёзапісамі казак.
35👍17👏2🎉1🙏1
Крычаўская справа 1527 года. Чаму Жыгімонт Стары стаў на бок гараджан супраць князя Жылінскага

Пра гэта Аляксандр Груша піша ў апошнім нумары Rocznik Lituanistyczny. У 1527 г. гараджане і сяляне Крычава заявілі вялікаму князю літоўскаму пра свой намер адклікаць прысягу вернасці і пераехаць з жонкамі і дзецьмі ў іншае месца. Яны скардзіліся Жыгімонту Старому на арандатара – князя Васіля Жылінскага, які ўвёў высокія пошліны і павіннасці.

Жыгімонт Стары вымушаны быў рэагаваць, паслаўшы ў Крычаў свайго прадстаўніка, якому Жылінскі павінен быў перадаць кіраўніцтва на час разбіральніцтва. Чым дакладна скончылася гісторыя – невядома, па некаторых звестках Жылінскі памёр у 1529 г.

Выпадак цікавым тым, што для жыхароў прысяга азначала, што вялікі князь браў на сябе абавязацельствы перад падданымі. Крычаў як памежны раён быў на асаблівым становішчы. У скарзе яго жыхары фактычна намякалі на магчымасць змены прысягі на карысць маскоўскага вялікага князя. На ілюстрацыі – Жыгімонт Стары і Крычаў на карце 1539 г.
🔥32👍5🤔52🤡2🤷‍♂1
У Беларусі град выпадае часцей, чым у Германіі і Вялікабрытаніі

Іспанскія даследнікі ў адным з апошніх нумароў часопіса Atmospheric Research падзяліліся аналізам частаты выпадзення граду ў Еўропе ў 2014 - 2024 г.г. на аснове дадзеных з ападкавых радараў і алгарытмаў. Асноўным эпіцэнтрам граду з'яўляюцца Альпы. Значныя зоны таксама над Балканамі і Апенінамі. Такім чынам дамінуючы ўплыў мае фактар араграфіі (навука, якая апісвае рэльеф) і заканамернасцяў цыркуляцыі атмасферы.

Аналіз таксама выявіў выразную сезонную эвалюцыю. Градавая актыўнасць пачынаецца ў красавіку з раскіданых ачагоў, а затым у маі зрушваецца ў бок паўднёва-ўсходняй Еўропы, а ў верасні – у раён Міжземнага мора.

У маі адна з самых прыкметных зон выпадзення граду знаходзіцца ў Беларусі і Украіне. У гэты час раёны нізкай і ўмеранай частаты фіксуюцца на картах Пірэнейскага паўвострава, усходняй Францыі, паўднёвай часткі Вялікабрытаніі і Германіі. Увогуле Усходняя Еўропа вылучаецца як адзін з рэгіёнаў высокай частаты выпадзення граду.
🤔19👍721🔥1
Якімі былі гібрыдныя тэксты на славянскіх мовах у ВКЛ

Пра гэта пішуць Alla Kozhinowa і Alena Rudenka у апошнім нумары Studia z Filologii Polskiej i Słowiańskiej. Гібрыдныя – гэта тэксты, створаныя пад уплывам адной або некалькіх іншых моў. Вылучаны наступныя найбольш распаўсюджаныя тыпы гібрыдных тэкстаў на славянскіх мовах ў ВКЛ.

Татары пісалі на беларускай і польскай мовах, але арабскім алфавітам. Польскія армяне з XVI ст. пісалі па-польску, але армянскім алфавітам. Караімы, якія практыкавалі адну з форм іўдаізму, пісалі на іўрыце, але некаторыя тэксты запісвалі на лацінцы ці кірыліцы.

Цікавым было ўзаемадзеянне розных славянскіх моў. На раннім этапе была ўзаемасувязь паміж царкоўнаславянскай і «простай мовай» (старабеларускай), афіцыйнай «простай мовай» і дыялектамі, украінскімі і беларускімі дыялектамі. Напрыклад, пераклады Францыска Скарыны (на ілюстрацыі) ўяўляюць сабой гібрыд царкоўнаславянскай мовы і «простай мовы» (старабеларускай) з многімі багемскімі і германскімі элементамі.
🤔2310👍6🔥2😁1
Выйшаў трэці том «Гісторыі рознічнага гандлю ў Беларусі»

У ім даследуецца рознічны гандаль у савецкім і постсавецкім грамадствах Беларусі – ад 1921 г. да канца XX ст. За выданнем стаіць калектыў аўтараў, навуковая рэдакцыя – Захара Шыбекі.

Рознічны гандаль у Беларусі даследуецца паводле пяці асноўных кірункаў: аналіз гістарыяграфіі і крыніц, агляд спажывецкага рынку, умовы з боку ўлад, дзейнасць і майстэрства гандляроў, роля спажыўца.

Першы том – пра рознічны гандаль у даіндустрыяльнай Беларусі – пабачыў свет у 2023 годзе і ахапляе перыяд ад сярэдзіны ХІІІ ст. да 1861 г. Другі том – пра рознічны гандаль у раннеіндустрыяльным беларускім грамадстве – выйшаў у 2024-м і ахапляе перыяд ад 1861 да 1939 году.
🔥22👍136
Пра што сведчыла бітва 1266 г. каля вострава Гойдаў на Дзвіне

Пра гэта піша Васіль Варонін у апошнім нумары «Беларускага гістарычныга агляду». Даўмонт пасля забойства Міндоўга ў 1263 г. вымушаны быў пакінуць радзіму, у Пскове ён хрысціўся (на ілюстрацыі) і стаў князем. У 1266-м сабраў войска ў 300 чалавек і здзейсніў паход на сваю радзіму – Нальшчаны.

Князь Гердзень, які адсутнічаў у гэты момант, кінуўся ў пагоню. Даўмонт нечакана разграміў яе, калі ўжо адаслаў асноўныя сілы ў Пскоў. Ён удала абраў момант атакі: толькі частка войска праціўніка перайшла Дзвіну, а астатнія былі на пераправе. Частка літоўцаў патанула: 70 трупаў рака вынесла на востраў Гойдаў.

Нейтралітэт палачан у гэты момант сведчыць пра тое, што некалі магутны горад ужо не быў здольны кантраляваць усю сваю тэрыторыю. Полацкія князі імкнуліся захаваць еднасць Полацка і Віцебска і знайшлі саюзніка ў постаці Ноўгарада, але гэта не абараніла ад экспансіі Літвы, князі якой у 50–60-я г. XIII ст. здолелі ўсталяваць сваю ўладу ў горадзе.
🔥8🤔5🤡5