De facto. Беларуская навука
1.53K subscribers
1.22K photos
1 video
3 files
712 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Могілкі XVI ст. у Гродне сталі чацвёртым унікальным аб'ектам у Беларусі

На вуліцы Малой Траецкай у Гродне працягваюцца раскопкі старажытных могілак сярэдзіны XVI ст., знойдзеных пры будаўнічых работах. Ужо выяўлена больш за 100 пахаванняў, з іх 74 – цэлыя, паведаміла тэлерадыёкампанія «Гродна».

Па знойдзеных прадметах (дзве манеты былі адчаканеныя ў 1550-х) змаглі дакладна ўстанавіць узрост могілак – сярядзіна XVI ст. Пры гэтым у некропалі зафіксаваны два ярусы пахаванняў: паверх больш ранніх у XVII ст. былі зроблены новыя.

Знойдзеныя могілкі з-за значнай плошчы сталі чацвёртым падобным аб'ектам у Беларусі – пасля вялікіх старажытных могілак у Полацку, Белынічах, вёсцы Каматава Гродзенскага раёна, паведаміў прадстаўнік Інстытута гісторыі НАН Аляксандр Вашанаў. Цяпер навукоўцы змогуць вывучыць дэмаграфічныя працэсы ў Гродна XVI - XVII стст.
🔥30👍23🙏633
Цімох Хведашчэня — атаман беларускага руху

Юры Грыбоўскі і Ніна Стужынская ў Białoruskie Zeszyty Historyczne (58) пішуць пра лёс Цімоха Хведашчэні. Ён нарадзіўся ў 1893 г. ці то ў Лунінецкім павеце, ці то ў Баранавічах. Падчас Першай сусветнай пад Крэвам і Смаргонню атрымаў раненне, быў узнагароджаны. У 1919 г. удзельнічаў у паўстанні ў Міры, трапіў у рукі бальшавікоў, але з надыходам палякаў далучыўся ў Барысаўскім павеце да дыверсійнага аддзела.

У 1920-м апынуўся ў шэрагах балахоўцаў, быў прызначаны атаманам «беларускага партызанскага атрада». Яго батальён удзельнічаў у баях з Чырвонай Арміяй у раёне Мазыра і Калінкавіч. Затым кіраваў партызанскім аддзелам, быў прыхільнікам пабудовы незалежнай беларускай дзяржавы. У 1944-м трапіў у Войска Польскае, але ў 1947-м арыштаваны. Вызвалены ў 1954-м, памёр у Варшаве ў 1977-м.

У адрозненні ад некаторых сваіх таварышаў па зброі Хведашчэня не згубіў свайго нацыянальнага аблічча пад ціскам жыццёвых абставін. Ён быў адным з нямногіх, каму ўдалося дажыць да старасці.
❤‍🔥30👍11👏6🔥2🙏2🍓1🫡1
Выйшаў зборнік народных казак у літаратурнай апрацоўцы

Пабачыла свет кніга «Ішоў Бай па сцяне…: беларускія народныя казкі ў літаратурнай апрацоўцы Юрыя Пацюпы». Зборнік казак пра жывёл, птушак і чароўных істот падрыхтаваны на аснове фальклорнага матэрыялу з фондаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Літаратурная апрацоўка народных твораў робіць іх даступнымі для ўспрымання сучаснай чытацкай аўдыторыяй. У выданні 87 старонак.

Нагадаем, што нядаўна Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры стварыў унікальную старонку з архіўнымі аўдыёзапісамі казак.
36👍18❤‍🔥2👏2🎉1🙏1
Крычаўская справа 1527 года. Чаму Жыгімонт Стары стаў на бок гараджан супраць князя Жылінскага

Пра гэта Аляксандр Груша піша ў апошнім нумары Rocznik Lituanistyczny. У 1527 г. гараджане і сяляне Крычава заявілі вялікаму князю літоўскаму пра свой намер адклікаць прысягу вернасці і пераехаць з жонкамі і дзецьмі ў іншае месца. Яны скардзіліся Жыгімонту Старому на арандатара – князя Васіля Жылінскага, які ўвёў высокія пошліны і павіннасці.

Жыгімонт Стары вымушаны быў рэагаваць, паслаўшы ў Крычаў свайго прадстаўніка, якому Жылінскі павінен быў перадаць кіраўніцтва на час разбіральніцтва. Чым дакладна скончылася гісторыя – невядома, па некаторых звестках Жылінскі памёр у 1529 г.

Выпадак цікавым тым, што для жыхароў прысяга азначала, што вялікі князь браў на сябе абавязацельствы перад падданымі. Крычаў як памежны раён быў на асаблівым становішчы. У скарзе яго жыхары фактычна намякалі на магчымасць змены прысягі на карысць маскоўскага вялікага князя. На ілюстрацыі – Жыгімонт Стары і Крычаў на карце 1539 г.
🔥32🤔6👍52🤡2🤷‍♂1
У Беларусі град выпадае часцей, чым у Германіі і Вялікабрытаніі

Іспанскія даследнікі ў адным з апошніх нумароў часопіса Atmospheric Research падзяліліся аналізам частаты выпадзення граду ў Еўропе ў 2014 - 2024 г.г. на аснове дадзеных з ападкавых радараў і алгарытмаў. Асноўным эпіцэнтрам граду з'яўляюцца Альпы. Значныя зоны таксама над Балканамі і Апенінамі. Такім чынам дамінуючы ўплыў мае фактар араграфіі (навука, якая апісвае рэльеф) і заканамернасцяў цыркуляцыі атмасферы.

Аналіз таксама выявіў выразную сезонную эвалюцыю. Градавая актыўнасць пачынаецца ў красавіку з раскіданых ачагоў, а затым у маі зрушваецца ў бок паўднёва-ўсходняй Еўропы, а ў верасні – у раён Міжземнага мора.

У маі адна з самых прыкметных зон выпадзення граду знаходзіцца ў Беларусі і Украіне. У гэты час раёны нізкай і ўмеранай частаты фіксуюцца на картах Пірэнейскага паўвострава, усходняй Францыі, паўднёвай часткі Вялікабрытаніі і Германіі. Увогуле Усходняя Еўропа вылучаецца як адзін з рэгіёнаў высокай частаты выпадзення граду.
🤔20👍721🔥1
Якімі былі гібрыдныя тэксты на славянскіх мовах у ВКЛ

Пра гэта пішуць Alla Kozhinowa і Alena Rudenka у апошнім нумары Studia z Filologii Polskiej i Słowiańskiej. Гібрыдныя – гэта тэксты, створаныя пад уплывам адной або некалькіх іншых моў. Вылучаны наступныя найбольш распаўсюджаныя тыпы гібрыдных тэкстаў на славянскіх мовах ў ВКЛ.

Татары пісалі на беларускай і польскай мовах, але арабскім алфавітам. Польскія армяне з XVI ст. пісалі па-польску, але армянскім алфавітам. Караімы, якія практыкавалі адну з форм іўдаізму, пісалі на іўрыце, але некаторыя тэксты запісвалі на лацінцы ці кірыліцы.

Цікавым было ўзаемадзеянне розных славянскіх моў. На раннім этапе была ўзаемасувязь паміж царкоўнаславянскай і «простай мовай» (старабеларускай), афіцыйнай «простай мовай» і дыялектамі, украінскімі і беларускімі дыялектамі. Напрыклад, пераклады Францыска Скарыны (на ілюстрацыі) ўяўляюць сабой гібрыд царкоўнаславянскай мовы і «простай мовы» (старабеларускай) з многімі багемскімі і германскімі элементамі.
🤔2610👍7🔥2😁1
Выйшаў трэці том «Гісторыі рознічнага гандлю ў Беларусі»

У ім даследуецца рознічны гандаль у савецкім і постсавецкім грамадствах Беларусі – ад 1921 г. да канца XX ст. За выданнем стаіць калектыў аўтараў, навуковая рэдакцыя – Захара Шыбекі.

Рознічны гандаль у Беларусі даследуецца паводле пяці асноўных кірункаў: аналіз гістарыяграфіі і крыніц, агляд спажывецкага рынку, умовы з боку ўлад, дзейнасць і майстэрства гандляроў, роля спажыўца.

Першы том – пра рознічны гандаль у даіндустрыяльнай Беларусі – пабачыў свет у 2023 годзе і ахапляе перыяд ад сярэдзіны ХІІІ ст. да 1861 г. Другі том – пра рознічны гандаль у раннеіндустрыяльным беларускім грамадстве – выйшаў у 2024-м і ахапляе перыяд ад 1861 да 1939 году.
🔥22👍157
Пра што сведчыла бітва 1266 г. каля вострава Гойдаў на Дзвіне

Пра гэта піша Васіль Варонін у апошнім нумары «Беларускага гістарычныга агляду». Даўмонт пасля забойства Міндоўга ў 1263 г. вымушаны быў пакінуць радзіму, у Пскове ён хрысціўся (на ілюстрацыі) і стаў князем. У 1266-м сабраў войска ў 300 чалавек і здзейсніў паход на сваю радзіму – Нальшчаны.

Князь Гердзень, які адсутнічаў у гэты момант, кінуўся ў пагоню. Даўмонт нечакана разграміў яе, калі ўжо адаслаў асноўныя сілы ў Пскоў. Ён удала абраў момант атакі: толькі частка войска праціўніка перайшла Дзвіну, а астатнія былі на пераправе. Частка літоўцаў патанула: 70 трупаў рака вынесла на востраў Гойдаў.

Нейтралітэт палачан у гэты момант сведчыць пра тое, што некалі магутны горад ужо не быў здольны кантраляваць усю сваю тэрыторыю. Полацкія князі імкнуліся захаваць еднасць Полацка і Віцебска і знайшлі саюзніка ў постаці Ноўгарада, але гэта не абараніла ад экспансіі Літвы, князі якой у 50–60-я г. XIII ст. здолелі ўсталяваць сваю ўладу ў горадзе.
🔥16🤔12🤡7👍1
Пра беларускі стыль у рэлігійнай архітэктуры ў Заходняй Беларусі 1918 - 1939 гг.

Сяргей Харэўскі піша ў апошнім нумары Białorutenistyka Białostocka: міжваенны час быў эпохаю інтэнсіўнага міжкультурнага абмену з іншымі рэгіёнамі тагачаснае Польшчы, запазычвання розных формаў культуры і стварэння ўласных новых. Сімптаматычным стала стварэнне беларускага стылю архітэктарам Лявонам Вітанам-Дубейкаўскім.

Па яго праекце ў 1929 г. быў пабудаваны касцёл у Дрысвятах, на гарадзішчы над возерам (на ілюстрацыі – злева). Вітан -Дубейкаўскі пісаў: «Прапорцыi асобных часьцiнаў, якiя ствараюць монумэнтальную форму, прыпамiнаючы наш Беларускi стыль». Былі ўжыты прыёмы старасвецкага дойлідства Беларусі.

У развіццё беларускай школы архітэктуры зрабіў уклад і вядомы польскі архітэктар Юліюш Клос, які спраектаваў вялікі драўляны касцёл Маці Божай Анёльскай у Мяжанах (Браслаўскі р-н). У ім ён выкарыстаў рысы народнага драўлянага дойлідства, уласцівыя рэгіёну. На жаль, гэты касцёл (на ілюстрацыі – справа) згарэў у 1985-м.
33❤‍🔥9👍3💔2🙏1
Як насамрэч функцыянавала Кіеўская Русь?

Гэтым пытаннем задаецца іспанская даследніца Susana Torres Prieto у апошнім нумары ўкраінскага часопіса Ruthenica. Яна піша, што ўяўленне пра Кіеўскую Русь як пра сукупнасць асобных княстваў з акрэсленымі межамі не знаходзіць дастатковага пацвярджэння ў пісьмовых і прававых крыніцах. Землі Русі не мелі стабільных межаў.

Галоўнай адзінкай улады, верагодна, быў горад, а не «княства». «Землі» Русі былі хутчэй спадчыннымі ўладаннямі кіруючай дынастыі, чым дзяржавамі. Канфлікты паміж князямі былі звязаныя перадусім з размеркаваннем спадчыны і пасадаў унутры дынастыі, а не саперніцтвам незалежных княстваў.

Паміж 980 і 1240 гадамі межы княстваў змяняліся каля сарака разоў. Як адзначае аўтарка, у гэты перыяд найважнейшымі гарадамі былі: Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Чарнігаў, Смаленск, Уладзімір (на Валыні), Пераяслаў, Галіч, Старая Разань, Уладзімір-Залескі і Гродна. Апошні быў пасля інтэграваны ў Полацкую зямлю.
👍29🤔202👏1
За што крытыкавалі валасныя суды ў пачатку ХХ ст.

Ганна Страленя ў «Весцях Гомельскага дзяржуніверсітэта» піша: пасля адмены прыгоннага права важнае месца ў сістэме самакіравання займалі валасныя суды. Але што выяўлялі рэвізіі?

Сяляне скардзіліся на факты хабарніцтва з боку валасных суддзяў. Фіксавалася адсутнасць кантролю за выкананнем прысудаў. Пры рэвізіі Цімкавіцкага валаснога суда Слуцкага павета выявілі: за 1905 г. не прыведзены ў выкананне 11 прысудаў па крымінальных справах, за 1906 г. – 16. Быў і такі выпадак: пры канфлікце ў Быстрыцкім валасным праўленні сям'ю Чэрнік пасадзілі пад арышт, але яна адразу знікла. Валасны суддзя адпусціў іх дадому павячэраць, чаго не меў права рабіць.

Валасныя суддзі адначасова вялі гаспадарку. Пры рэвізіі Кіявіцкага суда выявілі: з 51 справы 23 не былі разгледжаны «ввиду рабочей поры». У цэлым у пач. XX ст. з ростам пісьменнасці значна вырасла колькасць скаргаў з боку сялян. За 1906 г. у Койданаўскі валасны суд паступіла 434 крымінальных спраў і 621 грамадзянскіх.
👍15🔥13🤡3😱21
Выходзіць кніга пра «маскоўскага намесніка ў Літве і Беларусі» Адольфа Іофэ

У маі пабачыць свет кніга «Маскоўскі намеснік у Літве і Беларусі: Адольф Іофэ і нацыянальнае самавызначэнне па-бальшавіцкаму шляху». Гісторык Jerzy Borzecki грунтуецца на раней невядомых архіўных матэрыялах і прасочвае місію Адольфа Іофэ ад імя Цэнтральнага камітэта бальшавікоў у пачатку 1919 года ў Літве і Беларусі.

Іофэ (1883 - 1927) выступаў у якасці фактычнага намесніка Масквы ў Літве і Беларусі, а таксама кіраваў іх знешнімі, унутранымі і ваеннымі справамі. Тым не менш, місія Іофэ практычна невядомая гісторыкам.

У апісанні выдання гаворыцца: «Кніга імкнецца вырашыць тры пытанні, якія дагэтуль бянтэжылі гісторыкаў. Па-першае, чаму Ленін перадумаў і вырашыў стварыць Савецкую Беларусь? Па-другое, чаму Савецкая Расія анексавала ўсходнюю Савецкую Беларусь? І па-трэцяе, чаму была створана ўнітарная Літоўска-Беларуская Савецкая рэспубліка (ЛітБел)?»
🔥14👌5👍42
Як Радзівілы кантралявалі дапамогу касцёлу ў Чарнаўчыцах

Łukasz Gołaszewski у зборніку The Woman at the Source of History (2024) прааналізаваў сем дакументаў і лістоў Мікалая Крыштафа Радзівіла «Сіроткі» і Альбрэхта Уладзіслава Радзівіла (1578, 1589, 1633 гг.) адносна матэрыяльнага забеспячэння касцёла ў Чарнаўчыцах (цяпер аграгарадок у Брэсцкім раёне, здымак pinskdiocese. by). Лісты былі адрасаваны святарам і землеўладальнікам.

Радзівілы выступалі пасрэднікамі ў спрэчках, вызначалі парадак выплаты дзесяціны, змянялі яе форму ў выпадку цяжкасцяў. Напрыклад, у 1578-м Радзівіл «Сіротка» распарадзіўся замест звычайнай дзесяціны з фальваркаў у Чарнаўчыцах і Покрах выдаваць мясцоваму плябану штогод 30 бочак жыта, 20 бочак ячменю і 20 бочак аўса, бо землі фальваркаў былі пераразмеркаваны паміж сялянамі і звычайную дзесяціну збіраць стала немагчыма.

У 1633-м Альбрэхт Уладзіслаў Радзівіл пацвердзіў права плябана задарма браць дровы з мясцовых лясоў. Дадамо, што ў Чарнаўчыцах знаходзіўся і палац Радзівілаў.
26👍11
Новыя дадзеныя пра Казанскі кітаб, помнік рукапіснай спадчыны татараў ВКЛ

Сваім даследаваннем Міхаіл Тарэлка дзеліцца ў расійскім часопісе «Залатаардынскі агляд». Так званы «Казанскі кітаб» захоўваецца ў бібліятэцы Казанскага ўніверсітэта. Ранейшае сцвярджэнне, што абедзве часткі рукапісу (цюркскі і беларускі) напісаны на аднолькавай паперы, цяпер не выглядае пераканаўчым. Верагодна, цюркская частка магла ўзнікнуць за мяжой (альбо скапіяваная з замежнага рукапісу), а беларуская частка была напісана на тэрыторыі Беларусі.

Таксама варта разглядаць пазаначаную дату як «не раней чым»: Казанскі кітаб быў напісаны не ў 1645 г., а не раней чым у 1645 г., быць можа ў канцы XVII ці нават у пачатку XVIII ст. Пра гэта сведчыць наяўнасць у беларускіх тэкстах больш за 150 выпадкаў абазначэння галоснага [o] асаблівым знакам, характэрным для беларускататарскіх рукапісаў з канца XVIII ст.

Што тычыцца ўладальніцкіх запісаў, то цяпер відавочна, што лёс Казанскага кітаба быў значна больш складаны, чым меркавалася раней.
27🤔14👍9
Новая гіпотэза пра родапачынальніка князёў Кобрынскіх і яго братоў

Станіслаў Келембет у навуковым зборніку «Украіна ў геапрасторы сярэднявечнай і раннемадэрнай цывілізацый» (2025) рэканструюе лёс нашчадкаў Фёдара Альгердавіча, якія прыходзіліся ўнукамі Альгерду. Гісторык пасля аналізу розных крыніц робіць выснову: Фёдару, князю Ратненскаму і Кобрынскаму, старэйшымі сынамі, верагодна, прыходзіліся Аляксандр (Осцей), Жэдзівід і Раман.

Верагодна, Кобрын быў сталіцаю Фёдара Альгердавіча ў 1377 г., калі ён прызнаў сабе васалам польскага караля Людовіка. Потым Фёдар перабраўся да атрыманага «in Polonia» Ратна (сучасная Украіна), пакінуўшы ў Кобрыні сына Рамана. Той з'яўляецца ў дакументах як кобрынскі князь у 1388 г. На яго пячатцы – выява «Пагоні» з пазнакай «de cobrin» (на ілюстрацыі).

Калі Осцей і Жэдзівід служылі Маскве, то Раман Фёдаравіч стаў родапачынальнікам князёў Кобрынскіх. У іншых крыніцах пазначана, што ў 1393 г. Раман узначальваў войска наўгародцаў у паходах на ўладанні князя маскоўскага Васіля I.
🤔18🔥9👍54🤷‍♂1
Выйшла кніга «100 раслін і грыбоў Беларусі»

Над выданнем працавалі навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча. Для кожнага з 100 відаў раслін і грыбоў складзены нарыс – з самымі характэрнымі прыкметамі, якія дазваляюць пазнаць від у палявых умовах, адрозніць яго ад падобных.

Кніга багата ілюстравана каляровымі аўтарскімі здымкамі і картамі распаўсюджвання. У выданні таксама апісана магчымасць выкарыстання раслін і грыбоў у прамысловасці, афіцыйнай і народнай медыцыне. У кнізе 207 старонак.
19👍15🎃4🍌1
Як Чэхаславакія ў 1920-я стала буйным цэнтрам беларускіх студэнтаў

Пра гэта піша Андрэй Буча ў апошнім нумары расійскага «Часопіса францірных даследаванняў». Дзякуючы намаганням беларускай грамады ў Празе на чале з Мікалаем Вяршыніным у рамках дапамогі эмігрантам з былой Расійскай імперыі былі выдзелены стыпендыі і для беларусаў.

Масавы прыток перш за ўсё ўраджэнцаў Заходняй Беларусі ў Прагу прыпаў на 1921 - 1925 гг. Большасць з іх склалі выпускнікі Віленскай і Навагрудскай беларускіх гімназій (на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала толькі адна ВНУ — Віленская, дзе доля беларусаў з-за абмежаванняў уладаў вагалася ад 0,75% да 2,82%). У чэхаславацкіх універсітэтах па стыпендыях вучылася некалькі соцень беларусаў.

Чэхаславакія ператварылася ў найбуйнейшы беларускі акадэмічны цэнтр за межамі этнічнага пражывання беларускага народа ў 1920-я гг. Там былі падрыхтаваны кадры інтэлігенцыі, неабходныя найперш для аказання супраціву асіміляцыйнай палітыцы польскіх уладаў у Заходняй Беларусі.
26👍5🤝5❤‍🔥3🙏1
Што пісалі пра дзейнасць народнікаў расійскаму імператару з беларускіх зямляў

Надзея Маторава ў апошнім нумары «Весніка Магілёўскага дзяржуніверсітэта» адзначае: у справаздачах за 1878 - 1884 гг. дзейнасці народнікаў надавалі ўвагу губернатары Віленскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. У іх справаздачах не называліся арганізацыі «Зямля і воля», «Народная воля», маштаб «шкодных дзеянняў» у цэлым ацэньваўся як невялікі, канкрэтныя прапановы па барацьбе з народніцкай прапагандай адсутнічалі.

Магілёўскі губернатар А. Дамбавецкі пісаў, што найбольш народнікаў падтрымлівала моладзь, якая вучылася і недавучылася, у тым ліку выхаванкі прыватнага жаночага пансіёна. Дзеці бедных чыноўнікаў і непрывілеяваных сацыяльных груп адлічваліся з-за адсутнасці грошай. У Магілёўскай мужчынскай гімназіі гэты паказчык дасягаў трэці. Такія маладыя людзі фармавалі «элемент браджэння».

Да сярэдзіны 1880-х гг. згадкі аб народніках зніклі. Пасля забойства Аляксандра II актыўныя члены «Народнай волі» былі пакараныя смерцю.
🤔14👍8
Пра асаблівасці структуры рачных партоў і гаваняў ВКЛ у XVI - XVIII ст.

Rimantas Bedulskis у Kwartalnik Historii Kultury Materialnej (2025) піша: у крыніцах відаць падзел у ВКЛ на «парты» і «гавані»: першыя знаходзіліся ў гарадах і былі добра абсталяваныя (мелі прычалы, склады, верфі), другія – абапіраліся на прыродныя месцы для швартоўкі суднаў.

Асновай гандлю былі рачныя сістэмы Нёмана, Дзвіны і Віслы. Праз іх тавары ішлі ў Кёнігсберг, Рыгу і Гданьск. Нягледзячы на ​​выгаднае становішча Дняпра, развіццё гандлю там стрымлівалася палітычнымі прычынамі: ніжнюю плынь кантралявала Асманская імперыя, таму купцы ВКЛ не мелі ўласнага выхаду да Чорнага мора. З-за гэтага тавары на беларускіх землях часта везлі сухапутна да Нёмана ці Дзвіны.

Аднак Дняпро быў важным для ўнутранага злучэння. Асаблівую ролю ў рачным гандлі адыгрывалі наступныя пункты: Полацк, Віцебск, Магілёў, Орша, Шклоў, Бешанковічы, Рэчыца, Пінск, Гродна. Беларускія землі ВКЛ былі глыбока ўключаны ў міжнародны рачны гандаль ранняга Новага часу.
2👍1🔥1