De facto. Беларуская навука
1.49K subscribers
1.16K photos
1 video
3 files
707 links
Інфармацыя пра ўсе значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны.

Перадрукі і цытаванні дапускаюцца – з абавязковай гіперспасылкай на канал.
Download Telegram
Чаму сярод кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў БССР беларусаў была толькі палова

Пра гэта піша Ігар Пушкін у зборніку «Этнос и общество в контесте межнациональных отношений», які выйшаў месяц таму па выніках навуковай канферэнцыі ў Кубанскім дзяржуніверсітэце РФ. Ён канстатуе, што доля нацыянальных меншасцей сярод кіраўніцтва эканомікі БССР перавышала іх долю ў агульнай колькасці насельніцтва (згодна перапісу 1989-га беларусы складалі 77,9%).

Сярод кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў і аб’яднанняў беларусаў было: 1984 г. — 48,2%, 1985 г. — 51,2%, 1986 г. — 54,5%, 1987 г. — 56,4%. Многія кіруючыя кадры накіроўваліся з РСФСР, а таксама з УССР. «Палітычны недавер і падвышаная падазронасць» мела месца быць у дачыненні да выхадцаў з Цэнтральнай і Заходняй Беларусі. Прысутнічалі адміністрацыйныя перашкоды для габрэяў і палякаў.

Прыезджыя спецыялісты паступова замяшчаліся беларусамі. Аднак у 1985-м сярод кіраўнікоў прамысловых прадпрыемстваў БССР рускіх было 32,7%, украінцаў — 11,7%.
🤔20🤬14👀8👍2😁2🤷‍♂1👎1😨1
У Беларусі знайшлі новы від жукоў

Пра гэта беларускія навукоўцы (Прышчэпчык, Александровіч, Сінчук) паведамілі ў расійскім часопісе Far Eastern Entomologist. Новы для фаўны Беларусі від Troglops albicans знайшлі падчас даследавання ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» ў 2025 годзе – ён знаходзіўся пад карой сухога паваленага дуба. Самец жука мае даўжыню цела 3 міліметры (на здымку).

Troglops albicans распаўсюджаны ў асноўным у Цэнтральнай Еўропе, але таксама сустракаецца ў Паўднёвай і Усходняй, на Каўказе і Блізкім Усходзе. Такім чынам Беларусь можа ўяўляць сабой бягучую паўночную мяжу распаўсюджвання віду.
🎉18👍15🤔8👾54🔥1
Падзел на «заходнікаў» і «ўсходнікаў»: чаму пасля вайны замацаваўся стэрэатып

Пра гэта ў апошнім нумары Ethnologia Polona піша Уладзімір Лобач, які ў 2000 - 2020 гг. правёў палявыя даследаванні ў Віцебскай вобласці. Падчас савецка-польскай мяжы ў 1921 - 1939 гг. узаемныя ўяўленні пра «заходнікаў» і «ўсходнікаў» мелі расплывісты характар.

Падрабязнае напаўненне вобразаў «заходнікаў» і «ўсходнікаў» характарыстыкамі адбылося пасля фізічнай (1939 г.) і фактычнай (1944 г.) ліквідацыі савецка-польскай мяжы. У пасляваенныя гады камунікацыя паміж жыхарамі Заходняй і Усходняй Беларусі стала інтэнсіўнай. Сказалася і масавая працоўная міграцыя, а таксама патокі жабракоў з разбураных раёнаў у адносна квітнеючы заходні рэгіён.

Асновай ідэй стала супрацьпастаўленне «дабрабыт — беднасць», а таксама набор звязаных з ім канатацый: «аднаасобнік — калгаснік», «працавіты — гультай», «вернік — атэіст», «паліцэйскі — партызан», «скрытны — камунікатыўны». Гэтыя стэрэатыпы характэрныя для старэйшага пакалення.
👍22🔥8👀6🤷‍♂33💩1
Злачынствы супраць жанчын у ВКЛ: якімі былі пакаранні

Пра гэта піша П. Сянько ў зборніку «Пічэтаўскія чытанні – 2025». Асноўная частка законаў (Статуты ВКЛ 1566 і 1588 гг.) распаўсюджвалася на падданых незалежна ад гендару: больш істотную ролю гралі саслоўны і рэлігійны фактары. Як рэгламентавалася пакаранне за забойства?

Галаўшчызна (грашовы штраф) за забойства шляхціца складала 100 коп літоўскіх грошай. Галаўшчызна за забойства шляхцянкі выплочвалася ў падвойным памеры — у 200 коп. За забойства цяглага селяніна прысуджалася 25 коп грошай. Забойства цяглай сялянкі, жонкі селяніна, каралася штрафам у 50 коп. Традыцыйна жанчына ўспрымалася фізічна слабейшай за мужчыну, да таго ж агрэсія супраць жанчыны ўспрымалася як агрэсія супраць яе мужа, замах на яго сферу адказнасці і інтарэсаў.

Пры гэтым галаўшчызна за забойства непрывілеяванай жанчыны, якая ніколі не знаходзілася ў шлюбе, складала толькі 20 коп грошай – такі памер штрафу ўсталёўваўся, напрыклад, за забойства нявольнага чалядніка або палоннага.
👀24👍17🤔10🙈8🤷‍♂2❤‍🔥1
Выйшла кніга «Насельніцтва Беларусі. Альбом у тварах – погляд у мінулае»

Калектыўная манаграфія падрыхтавана навукоўцамі беларускага Інстытута гісторыі і расійскага Інстытута этналогіі і антрапалогіі ім. Міклуха-Маклая. У фокусе ўвагі – насельніцтва гарадоў і сельскіх паселішчаў Беларусі Сярэдніх стагоддзяў і Новага часу.

Археолагі вывучылі некропалі ў населеных пунктах, антраполагі дэталёва даследавалі касцяныя астанкі і ў шэрагу выпадкаў генетыкі змаглі ўстанавіць фенатыпічныя прыкметы (колер вачэй, валасоў і інш.) для асобнага індывіда. Значнае месца ў кнізе займаюць антрапалагічныя рэканструкцыі асобы па чэрапе, якія дэманструюць прыжыццёвую знешнасць чалавека з некропаля.

Сучасныя метады фізічнай антрапалогіі, генетыкі, археалогіі і сумежных дысцыплін дазваляюць атрымаць больш дадзеных аб ладзе жыцця, дэмаграфічнай сітуацыі, палеадыеце, хваробах і паталогіях людзей, якія жылі некалькі стагоддзяў таму.
👍29🤔124👏4🥴2😁1🎉1🙏1
У Інданезіі знайшлі найстаражытнейшы наскальны малюнак

Намаляваны контур чалавечай рукі, знойдзены ў пячоры на невялікай інданезійскай выспе Муна, хутчэй за ўсё, з'яўляецца самай старажытнай наскальнай выявай у свеце, лічаць навукоўцы, піша BBC. Яна была створана як мінімум 67 800 гадоў таму ў вапняковай пячоры.

Малюнак з часам выцвіў і сёння ледзь адрозны на сцяне пячоры (на ілюстрацыі – апрацаваны здымак). Выява, як і іншыя падобныя малюнкі, была створана шляхам распылення пігменту над рукою, прыціснутай да сцяны.

67 800 гадоў – гэта прыкладна на 1 100 гадоў старэй за іншы малюнак рукі, знойдзены ў Іспаніі, які да гэтага часу лічыўся самым старажытным і які прыпісваюць неандэртальцам. Людзі, якія стварылі малюнак у скале ў Інданезіі, належалі да папуляцыі, якая прасоўвалася з мацерыковай Азіі на інданезійскія выспы, а пазней, магчыма, працягнула шлях у Аўстралію.
👍229🔥7❤‍🔥1🤔1💩1
Дзве праграмы стыпендый для даследнікаў

Louvre Abu Dhabi прапануе стыпендыі для даследнікаў і музейных прафесіяналаў, якія працуюць з гісторыяй мастацтва, музеямі, калекцыямі і матэрыяльнымі даследаваннямі. Падтрымка разлічана на розныя перыяды: 3 і 9 месяцаў. Дэдлайн падачы заявак – 7 лютага. Усе падрабязнасці тут.

NIAS (Нідэрланды) прапануе стыпендыі навукоўцам, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі. Рэзідэнцыі прапануюцца на пяць месяцаў. Дэдлайн падачы заявак – 31 сакавіка. Усе падрабязнасці тут.
👍152👎1🤔1
Пра мікратапанімію вёсак, якія былі створаны ў выніку каланізацыі з прускай зямлі

Польскае даследніца Jadwiga Kozłowska-Doda піша ў свежым выпуску Acta Baltico-Slavica пра мікратапанімію вёсак Вайкунцы і Складанцы ў Воранаўскім р-не Беларусі – матэрыялы былі сабраныя на мяжы XXI ст. Вёскі ўтварыліся ў выніку каланізацыі заходнебалцкім насельніцтвам у XIV ст. з прускай зямлі Барця, іх жыхароў раней называлі барцякамі.

Да сёння спіс мікратапонімаў уключае шматлікія літуізмы. Напрыклад: Гі́ра і Гуéль (назвы лясоў), Кýдра (назва забалочанага месца), Зýсаль (назва поля). Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што мясцовыя назвы ландшафту перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Мужчына 1955 года нараджэння адзначыў: «Ліха іх ведае. Гэта ўсё па-просту, ані па-польску, ані па-літоўску. Які ест, ту ўсё па-просту. Бацькі таксама так гаварылі, як і мы гаворым, якія кусты, якія лясы... Як Солы, то Солы і бацькі казалі. Ажарэйці, ту Ажарэйці і бацькі... Скрэндзішкі, і бацькі Скрэндзішкі... Этак. І бацькі, па бацькох і мы сталі».
40👍10👏1🙏1
Выйшла манаграфія з лінгвістычным аналізам легенды пра Мухамада, запісанай для беларускіх татар

Летась пабачыла свет манаграфія мовазнаўцы Віктара Несцяровіча «”Мірадж-намэ” з Кітаба Абрагіма Хасяневіча (1832)». Кіта́бы — кнігі, напісаныя арабскім пісьмом на мове, падобнай да беларускай. Легенда аб начным узнясенні прарока Мухамада («Мірадж») уключана ў кітаб, які стварыў перапісчык Абрагім Хасяневіч у 1832 г. у мястэчку Смілавічы.

У манаграфіі прыводзіцца транслітарацыя тэксту з арабскага алфавіту на кірыліцу, пераклад на сучасную беларускую мову, а таксама найпадрабязнейшы лінгвістычны каментар.

Аўтар надаў адмысловую ўвагу такім тэмам, як сувязь мовы помніка з беларускімі народнымі гаворкамі, графічныя і арфаграфічныя асаблівасці тэксту, асаблівасці фанетыкі, марфалогіі, лексікі, фразеалогіі, сінтаксісу.
👍41🔥128🤔3🎉1🕊1
Як у 1928-м у Беларусі стварылі кітайскі калгас – адзіны ў гісторыі

Пра гэта піша М. Дзмітрук у зборніку «Пічэтаўскія чытанні - 2025». У 1928-м тры кітайскія сям'і на чале з Джан Ванфу, эміграваўшы з Кітая, арганізавалі калгас каля вёсак Маркавічы і Баранава Віцебскага раёна. Першапачаткова ў склад калгаса з ухілам на агародніцтва ўвайшло 17 га землі. Гаспадарку назвалі «Кантонская камуна» – у гонар камуністычнага Кантонскага паўстання 1927 г. супраць Гаміньдана (яно пацярпела паразу).

Калгас рос і атрымаў інтэрнацыянальны статус: у яго ішлі беларусы, латышы, габрэі. У 1931 г. агракамбінат быў падзелены на два калгасы: кітайскі («Перамога») і беларускі («Маркавічы»).

Да сярэдзіны 1930-х гг. кітайскі калгас стаў адной з перадавых гаспадарак Віцебскага раёна, ён перайшоў на вырошчванне лёну. Падчас вайны без вестак зніклі Джан Ванфу, Сін Дзудзі і Сю Даболь, а ацалелыя сваякі і астатнія калгаснікі або загінулі, або былі вымушаны эміграваць. Адзіны ў беларускай гісторыі кітайскі калгас перастаў існаваць.
🔥18👀186👍6🤷‍♂1😐1🤝1
Пра ўдзел грамадзян ВКЛ у акупацыі Масквы

Віктар Якубаў піша ў Studia Interkulturowe Europy Środkowo-Wschodniej (том 18) пра найбольшыя поспехі Рэчы Паспалітай у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы ў 1609 - 1613 гг.: (захоп Смаленска, бітва пад Клушынам, утрыманне Масквы).

Восенню 1610 г. Семібаяршчына ўпусціла ў Маскву войскі Рэчы Паспалітай (у аснове – Польскай Кароны): сын Жыгімонта Вазы быў абвешчаны царом. Але затым улада і адказнасць за гарнізон у Крамлі ляглі на плечы прадстаўнікоў ВКЛ (А. Гасеўскі, Я. П. Сапега, Я. К. Хадкевіч, А. Лісоўскі і інш.). У кастрычніку 1612 сітуацыя абложаных стала катастрафічнай: іх даканаў голад, а апалчэнцы Мініна і Пажарскага падвязлі артылерыю. Абаронцы адбілі шэраг штурмаў, але былі вымушаны капітуляваць (кароль з войскам не паспелі на дапамогу). З 1500 ваяроў гарнізона апошняй ратацыі дадому вярнулася 286 чалавек.

Смаленскае ваяводства стала часткай ВКЛ, аднак Княства вымушана было ўвесці надзвычай высокія падаткі для аплаты велізарных рахункаў уласнай арміі.
25👍8🤷‍♂5🔥5🙏1😭1🫡1
Белыя мядзведзі на Шпіцбергене сталі таўсцейшымі і здаравейшымі, нягледзячы на знікненне лёду

Насуперак чаканням навукоўцаў і нягледзячы на тое, што плошча ледзянога покрыва ў Арктыцы стабільна скарачаецца з-за змены клімату, белыя мядзведзі на нарвежскім архіпелагу Шпіцберген сталі таўсцейшымі і здаравейшымі, чым былі ў пачатку 1990-х гадоў. Пра гэта паведамляе BBC.

У перыяд з 1992 па 2019 год навукоўцы ўзважылі і вымералі 770 дарослых мядзведзяў на Шпіцбергене (на здымку) і выявілі, што яны сталі значна таўсцейшымі. Як мяркуецца, мядзведзі прыстасаваліся да новых умоў, пачаўшы больш паляваць на сухапутных жывёл, напрыклад, аленяў, а таксама на маржоў. Асноўнай крыніцай тлустай ежы застаюцца цюлені.

Праўда, стан арганізма – толькі частка карціны. Іншае нядаўняе даследаванне паказала, што павелічэнне колькасці дзён без лёду скараціла працэнт выжывальнасці сярод медзведзянят, мядзведзяў-падлеткаў і старых самак.
1111😱6😭6🐳3🤔2
Пра смерць вялікага князя Канстанціна Паўлавіча ў Віцебску падчас эпідэміі халеры

Пра гэта піша Iwona Janicka у новым XIII томе навуковага выдання «Życie prywatne Polaków w XIX wieku». Брат расійскага імператара Аляксандра I быў намеснікам Царства Польскага. Пасля пачатку Лістападаўскага паўстання вялікі князь Канстанцін Паўлавіч з жонкай вымушаныя былі пакінуць Варшаву і накіраваліся ў Віцебск, дзе з 5 чэрвеня 1831 года лютавала эпідэмія халеры.

Вялікі князь прабыў у горадзе ўсяго дванаццаць дзён (з 15 чэрвеня), і менавіта тут, хутчэй за ўсё, заразіўся хваробай. Яго раптоўная смерць выклікала чуткі пра нібыта атручэнне графам Аляксеем Фёдаравічам Арловым і нават сумневы ў тым, ці сапраўды ён памёр.

З вялікім князем развітваліся двойчы — у чэрвені ў Віцебску, а потым у жніўні ў Пецярбургу. У Віцебску ў пахавальнай працэсіі ўдзельнічалі прадстаўнікі княжацкага двара, вайскоўцы, духавенства розных канфесій (забаранілі толькі габрэям), а таксама прадстаўнікі гарадскіх улад, школ і іншых устаноў.
👍23👏9🤔5🤷‍♂31👌1
Выйшла кніга пра беларускія народныя каляндарныя песні

«Ой, пушчу стралу па ўсяму сялу: беларускія народныя каляндарныя песні з пераказам на рускую і англійскую мовы» – гэта зборнік яркіх узораў каляндарна-абрадавай паэзіі, якая адлюстроўвае светапогляд беларусаў і вылучаецца глыбокім гуманізмам і мастацкай дасканаласцю.

Аўдыядадатак будзе падарункам для аматараў народных спеваў. Тэксты ілюстраваныя здымкамі і адметным відам беларускага народнага мастацтва – выцінанкамі, створанымі Наталляй Бярнадскай і Вольгай Налівайка. У выданні 231 старонка. Укладальнік – Сяргей Лісіца, прадмова – Таццяны Валодзінай.
35👍17🔥4🙏2👏1
Колькасць белых буслоў у Беларусі вырасла на 12%

У НПЦ па біярэсурсах падвялі вынікі нацыянальнага ўліку белага бусла, які праводзіўся ў 2024 - 2025 гг. у рамках VIII Міжнароднага ўліку. Колькасць птушак вырасла за апошнія дзесяць гадоў на 12% і склала 25,5-26 тыс. гняздуючых пар, паведамляе газета «Навука». У Беларусі жыве каля 8% сусветнай папуляцыі.

Улік вялі двума метадамі: шырокамаштабным анкетаваннем і ўлікам на кантрольных пляцоўках. На 27 участках (8% тэрыторыі краіны) назіральнікі абышлі кожную вёску. Найбольшая шчыльнасць гнездавання зафіксавана на паўднёвым захадзе краіны ў пойме Прыпяці. Абсалютным лідарам стала вёска Малешаў у Жыткавіцкім раёне, дзе ўлічана 61 жылое гняздо. У аграгарадку Дзівін Кобрынскага раёна знайшлі 40 гнёздаў, у вёсцы Лядзец Столінскага раёна – 38. У Камянецкім і Мінскім раёнах сустрэліся рэдкія кодлы з 6 птушанят.

Буслы працягваюць «перасяленне» на слупы ліній электраперадачы (63% птушак): гэта спрыяе росту колькасці, але разам з тым вядзе да гібелі ад электратраўм.
❤‍🔥36👍15🎉6🍾41
Як у БССР прымалі дзяцей з галадаючых губерняў Расіі

Пра гэта піша Ілля Цяльпук у зборніку «Пічэтаўскія чытанні - 2025». У верасні 1922 г. у Мінску налічвалася 28 дзіцячых дамоў. Нягледзячы на ​​вельмі абмежаваныя рэсурсы (востры дэфіцыт адзення, абутку), у 1922 г. БССР прыняла 2 257 дзяцей з галадаючых губерняў Расіі (Паволжа), што павялічыла агульную колькасць дзяцей у дзіцячых дамах да 5 843.

Гэта яшчэ больш пагоршыла сітуацыю з забеспячэннем. У Нацыянальным архіве РБ захоўваюцца дакументы, якія сведчаць пра маштабную дапамогу з боку Амерыканскай адміністрацыі дапамогі (АРА) і Амерыканскага таварыства квакераў.

Яны перадалі дзіцячым дамам БССР тысячы адзінак забеспячэння, пайкоў, медыкаментаў. Напрыклад, у кастрычніку 1922-га дзіцячым дамам Мінска ад APA перадалі 898 коўдраў, 168 прасцінаў, 224 ручнікоў, 2075 фунтаў мыла, 74 кг какавы, 270 кг цукру, 1 595 кг мукі, 1 300 літраў малака. Да 1938 г. у БССР ужо было каля 100 дзіцячых дамоў розных тыпаў, іх матэрыяльнае забеспячэнне істотна палепшылася.
21👍11👀8
Пра асаблівасці мытні ВКЛ у другой палове XVIII ст.

Юрый Гардзееў апублікаваў у часопісе Miscellanea Historico-Iuridica (том 24) водгук на манаграфію Ірыны Кітуркі «Дзяржаўная мытная служба ВКЛ у другой палове XVIII ст. (1764-1795 гады)», якая выйшла ў Гродна ў 2023-м.

Сярод іншага ў кнізе расказваецца, што ў 1767 г. у буйнейшых гарадах, напрыклад, у Магілёве, Гродне і Мінску, было ліквідавана некалькі ўнутраных мытняў. Прыводзіцца інцыдэнт у Жлобіне ў студзені 1765 г., які дэманструе негатыўнае стаўленне землеўладальнікаў да ўведзенай агульнай мытнай пошліны. Паводле высноў, пасля рэформы, паміж 1766 і 1773 мытныя даходы склалі 30% даходаў казны.

Разам з шматлікімі станоўчымі бакамі манаграфіі Гардзееў адзначыў і некаторыя недахопы. Для лепшага разумення рэформаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага варта акрэсліць гістарычны кантэкст: Рэч Паспалітая вылучалася дэцэнтралізацыяй і нізкай эфектыўнасцю падатковай сістэмы, тады як у Еўропе развіваліся моцныя дзяржавы з фіксаванымі падаткамі для ўтрымыння войскаў.
22👍15🔥3🎉1
Як выглядае беларуская навука вачыма Белстата

Белстат апублікаваў агляд, прымеркаваны да нядаўняга Дня беларускай навукі. У ім прыводзяцца дадзеныя за 2024 год. Параўнаем іх з дадзенымі за 2023-ты.

Белстат налічыў у некалькіх сотнях арганізацый 17,7 тыс даследчыкаў (у 2023-м было 17,2 тыс.). У структурах Акадэміі навук іх 4,7 тыс. (было 4,8 тыс.). Для параўнання: пасля распаду СССР колькасць даследчыкаў у Беларусі знізілася з 59,4 тысяч у 1990 годзе да 19,3 тыс. у 2012-м і 16,9 тыс. у 2016-м.

Партрэт сярэднестатыстычнага даследчыка такі: мужчына (61,1%) старэйшы за 30 гадоў (78,3%), які выконвае даследаванні ў галіне тэхнічных навук (62,3%). Сітуацыя ў параўнанні з 2023-м практычна не змянілася. У гуманітарных навуках занята толькі 3,8% ад усіх даследчыкаў (было 3,6%).

Не змянілася і колькасць аспірантаў – 4,4 тысячы чалавек. Колькасць дактарантаў у 2024-м у параўнанні з мінулым годам знізілася з 640 да 594.
🤔16👍4😢4🤡3😁2🤷‍♂1🤮1🥴1💋1
Караліна Кавальская – муза Адамa Міцкевіча, якая засталася ў ценю Марылі Верашчакі

Пра гісторыю іх кахання піша Вячаслаў Швед у апошнім нумары Studia Białorutenistyczne. Пасля Віленскага ўніверсітэта Адам Міцкевіч у 1819-м выехаў у Коўна, каб адпрацаваць урадавую стыпендыю. Маладому настаўніку, які адарваўся ад сяброў-філаматаў, сустрэлася прыгожая замужняя жанчына, маці 4-х дзяцей Караліна Кавальская — ёй было 24-26 гадоў. Яе старэйшы сын вучыўся ў Міцкевіча.

Кавальская стала апякункай, а пазней і каханкай паэта, слава якога пашыралася. Караліна была музай Міцкевіча, дзякуючы якой былі напісаны вершы, балады і паэмы, дзе яна згадваецца. Муж Караліны, Юзаф Кавальскі, адносіўся да Міцкевіча тактычна.

Караліна, а не Марыля Верашчака была да апошняй хвіліны побач з Міцкевічам падчас арышту, пасля яго і пры адпраўцы ў расійскую ссылку. Яна не думала пра славу, гонар, памяць – проста кахала і рабіла ўсё, каб любімы чалавек быў шчаслівы. І ён ім быў, адзначалі ў сваіх лістах сябры-філаматы.
32💘8👏4🕊4
Пра лёс цыганоў на беларускіх землях

Пра гэта піша Людміла Мікалаева ў зборніку «Этнос и общество» па выніках канферэнцыі ў Кубанскім універсітэце РФ. Цыганы з'явіліся на беларускіх землях у сяр. XV ст., перасяліўшыся з Польшчы і Германіі. У ВКЛ яны мелі права свабодна падарожнічаць, займацца рамёствамі і разводзіць коней. З XVII ст. у Рэчы Паспалітай спрабавалі прывучыць цыганоў да аселага жыцця і кантраляваць іх: з'явіліся «цыганскія каралі» з неабмежаванай уладай.

У 1927 г. у Міхалова Віцебскай вобласці быў створаны першы ў СССР цыганскі калгас. Аднак цыганскія гаспадаркі аказаліся недаўгавечнымі. У гады вайны шмат цыганоў было знішчана. У 1950-я большасць цыганоў прымусілі да аселага ладу жыцця.

Колькасць цыганоў у Беларусі зніжаецца: у 1999 г. іх было 9 927 чалавек, у 2019-м – 6 848 (або 0,07% ад усяго насельніцтва). Усё часцей яны выкарыстоўваюць саманазву «беларуска рома». Да каталікоў і праваслаўных з сярэдзіны 90-х гг. дадаліся мусульмане – прадстаўнікі сярэднеазіяцкіх цыганоў.
🔥119👍6🤔3🤷‍♂2🤡2🎉1
«Атлас млекакормячых Беларусі» — першае комплекснае выданне пра 82 віды

Кніга, падрыхтаваная калектывам аўтараў з НПЦ па біярэсурсах, — першае комплекснае выданне, якое сістэматызуе сучасныя дадзеныя пра распаўсюд 82 відаў млекакормячых, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Кожны від прадстаўлены індывідуальным нарысам з актуальнай інфармацыяй аб колькасці і з картай арэала.

Картаграмы і графікі, якія змяшчаюцца ў Атласе, візуалізуюць дынаміку змяненняў у размеркаванні відаў, выяўляючы трэнды, звязаныя з антрапагенным уздзеяннем, кліматам і захаваннем асяроддзя пасялення.

Паведамляецца, што 165-старонкавы Атлас будзе незаменным даведнікам для біёлагаў – даследчыкаў, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама ўсіх, хто зацікаўлены ў вывучэнні і захаванні тэрыяфаўны Беларусі.
👍22🐳11🔥65🥰1🤔1