"Вясна" назірае
720 subscribers
589 photos
19 videos
331 links
Праваабарончы цэнтр “Вясна” з дапамогай назіральніц і назіральнікаў з Валанцёрскай службы ажыццяўляе маніторынг судовых працэсаў па адміністрацыйных справах.

👀У гэтым канале мы будзем дзяліцца цікавымі кейсамі з судоў.

Наш бот: @viasna_bot
Download Telegram
⚡️Амаль 100 сутак за кратамі: мужа і жонку сёмы раз асудзілі за «экстрэмізм» у прыватнай перапісцы

Сёння ў судзе Ленінскага раёна разглядзелі чарговую адміністрацыйную справу супраць 27-гадовай Анастасіі Крупеніч-Кандрацьевай. Гэта ўжо сёмы пратакол запар, які на дзяўчыну і яе мужа Сяргея Крупеніча ў Ленінскім РУУСе складаюць па арт. 19.11 КаАП за перасыл паведамленняў адзін адному ў прыватнай перапісцы з «экстрэмісцкіх» тэлеграм каналаў.

⚖️На сваім сёмым судзе дзяўчына прасіла прабачэнне ў следчага Каўрыжкі і звярталася да суддзі, каб тая не адпраўляла яе зноў на «суткі», а дала штраф. Але суддзя Юлія Інчына ўсё роўна арыштавала дзяўчыну на 14 сутак.

Сяргея Крупеніча асудзілі да 15 сутак некалькі дзён таму.

«Вясна» распавядае ўсё, што вядома пра пераслед сям'і, пра сённяшні суд, дзе Анастасія прасіла прабачэнне ў следчага Каўрыжкі, і пра ўмовы ўтрымання дзяўчыны ў ЦІП на Акрэсціна.
❗️Затрыманы за налепку на прыпынку мінчук агулам правядзе на «сутках» 43 дні. На Акрэсціна яму споўнілася 46 гады

9 верасня ў Мінску за налепку на прыпынку быў затрыманы Аляксандр Барбікаў. У Фрунзенскім РУУС яго збілі. На наступны дзень суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна арыштавала Аляксандра па ч.1 арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне) на 15 сутак. Але з «сутак» ён не выйшаў да гэтага часу.

Калі скончыўся яго арышт, 24 верасня яго перазатрымалі супрацоўнікі Фрунзенскага РУУСа. На яго склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (мелкае хуліганства). Барбікава абвінавацілі ў тым, што ён нібыта на прафілактычнай гутарцы з міліцыянтамі некарэктна і агрэсіўна паводзіў сябе. 27 верасня яго асудзілі на 13 сутак.

7 кастрычніка ён мусіў быў выйсці на волю, але быў перазатрыманы ў трэці раз. На яго зноў склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП па надуманных прычынах і асудзілі на 15 сутак арышту.

Вядома, што ў Аляксандра Барбікава дома правялі два ператрусы. Як распавядаюць былыя сукамернікі, у мужчыны праблемы са здароўем: высокі ціск, дыябет 2-ой ступені і ацякаюць ногі. Перадачы ў ЦІП на Акрэсціна цяпер не прымаюць, але Аляксандру атрымалася перадаць лекі. Учора яму споўнілася 46 гадоў.

🎂«Упэўнены, што святкавалі ўсёй камерай. Магчыма, зляпілі яму маленькі торт з хлеба», — кажа былы сукамернік Аляксандра.
❗️Мінчанку арыштавалі на 30 сутак за БЧБ-сцяг, які на акно павесілі міліцыянты

48-гадовую Іну Драніцу затрымалі днём 4 кастрычніка, калі яна выязджала на машыне са двара. Да яе падыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і заявілі, што прыехалі да яе праводзіць ператрус. Дома ў Іны канфіскавалі тэхніку. Акрамя гэтага, у кватэры знайшлі БЧБ-сцяг, які пры панятых унеслі ў пратакол. Але потым, па словах Драніцы, сілавікі адпусцілі панятых, разгарнулі сцяг і самастойна павесілі на акно, прыляпіўшы яго скотчам. Сцяг адразу сфатаграфавалі для пратакола па адміністрацыйнай справе. У Фрунзенскім РУУСе, куды жанчыну прывезлі толькі пасля допыту ў ГУБАЗіКу, склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП за «несанкцыянаванае пікетаванне».

Іна на судзе адзначыла, што яе суседзі могуць пацвердзіць, што сцяг на акне ніколі не вісеў. Але суддзя Фрунзенскага раёна Таццяна Полулех адхіліла хадайніцтва адвакаткі аб выкліку суседзей на суд. Сведка-міліцыянт на судзе распавёў, што панятыя прыйшлі толькі пасля таго, як міліцыянты знялі БЧБ-сцяг з акна. На пытанне адвакаткі, чаму яны не знялі пры панятых, міліцыянт адказаў: «Я не разумею, чым бы гэта дапамагло». Ён нават не ведаў, што Іну адразу павезлі ў ГУБАЗіК, а не ў РУУС.

Суддзю здзівілі паказанні Драніцы наконт вывешанага міліцыянтамі сцяга, таму Полулех запыталася, для чаго гэта спатрэбілася ГУБАЗіКу.
«Каб пакарать мяне за нязгодлівасць», — адказала Іна Драніца.

⚖️Вынікам суда стаў 30-сутачны арышт.
⚡️16-гадовага хлопца аштрафавалі на 290 рублёў за рэпосты з «экстрэмісцкіх» каналаў

У сярэдзіне лета дадому да 16-гадовага студэнта каледжа прыйшлі з ператрусам, пасля якога ў хлопца канфіскавалі тэлефон. У яго прыватных перапісках міліцыянты знайшлі рэпосты з некалькіх «экстрэмісцкіх» каналаў: «BYPOL», «Беларусь головного мозга», «МотолькоПомоги», «Luxta». За гэта ў Маскоўскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

На судзе студэнт прызнаў сваю віну і растлумачыў, што не ведаў пра тое, што ўсе гэтыя каналы прызнаныя «экстрэмісцкімі», таму проста дзяліўся з сябрамі навінамі. У выніку, суддзя Маскоўскага раёна Сяргей Кацар пакараў 16-гадовага хлопца штрафам у памеры 290 рублёў (10 базавых).
‼️Мінчука арыштавалі перад пачаткам хакейнага матчу за вокладку пашпарта з «Пагоняй»

23-гадовы Уладзіслаў Фёдараў 14 кастрычніка прыйшоў у «Мінск-Арэну» на хакейны матч «Дынама-Мінск» — «Спартак». Падчас агляду рэчаў у хлопца знайшлі пашпарт з вокладкай, на якой быў намалёваны герб Пагоня. Фёдарава адразу затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў Цэнтральны РУУС. Згодна з пратаколам, менавіта на тэрыторыі РУУСа хлопец «аказаў непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», за што на яго склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП.

Сёння справу Уладзіслава разглядзела суддзя Цэнтральнага раёна Вікторыя Шабуня. Віну сваю Фёдараў прызнаў, але сцвярджае, што непадпарадкаванне не аказваў. Міліцыянт на судзе распавёў, што Фёдарава затрымалі па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Вынік — 15 сутак.

📌Гэта ўжо не першае затрыманне пасля агляду рэчаў перад пачаткам хакейнага матчу. У верасні на суткі адправілі 20-гадовага студэнта БНТУ Максіма Лычкоўскага, якога затрымалі пры такіх жа абставінах.
❗️«Такія ізалятары ў Новай Беларусі дакладна не будуць патрэбныя». Былы арыштант распавёў пра ўмовы ўтрымання на Акрэсціна ў верасні

За мінулы месяц беларускія суддзі арыштавалі мінімум 64 чалавекі па адміністрацыйных «пратэсных» артыкулах. Былы арыштант распавёў пра ўмовы на Акрэсціна ў верасні.

🔻«Неяк раз падчас "праверкі" знікла вялікая частка лекаў, якія літаральна за пяць хвілін да гэтага выдала мясцовы фельчар. Учынак, безумоўна, годны "афіцэра"»

🔻«З перадач даходзілі толькі лекі, і тыя – паштучна праз фельчара. <...> Тым не менш, сваякам ёсць сэнс перадаваць перадачу хоць бы адзін раз з неабходным адзеннем, невялікай колькасцю печыва, сухафруктаў і вады, сродкамі гігіены і наборам лекаў, бо калі чалавека павязуць афармляць на паўторны тэрмін, то ў яго будзе магчымасць пераапрануцца і паесці»

🔻«Нягледзячы на суровыя ўмовы і цяжкасці побыту, зняволеныя не падаюць духам і падтрымліваюць адзін аднаго. Па "палітычных" справах цяпер сядзіць колер нацыі. Без перабольшання»

Падрабязнасці 👉 bit.ly/3j4zIw4
⁉️Чаму важна перадаваць перадачы на Акрэсціна для затрыманых па адміністрацыйных справах?

На працягу года адміністрацыя ІЧУ і ЦІПа на Акрэсціна робіць усё магчымае, каб пагоршыць умовы ўтрымання для «палітычных». Арыштантам не выдаюць ні матрацаў, ні бялізны, іх не водзяць на шпацыр і ў душ. Перадачы і лісты таксама забароненыя. Камеры на Акрэсціна перапоўненыя: у чатырохмесных камерах звычайна знаходзяцца адразу 15-20 чалавек. І гэта негледзячы на тое, што большасць з арыштантаў па выхадзе з ізалятара хварэе на COVID-19. Акрамя гэтага, ужо вядома пра трох загінулых ад каранавіруса, якія заразіліся ім пакуль адбывалі «суткі». «Вясна назірае» тлумачыць, што неабходна перадаваць на Акрэсціна і ў якіх выпадках прымаюць перадачы.

🔹Кожны дзень у ЦІПе на Акрэсціна можна перадаваць лекі для затрыманых. Як кажуць, былыя арыштанты, «прымуць іх ці не — залежыць ад настрою дзяжурных». Але спрабаваць трэба. Лекавая передача, як і звычайная, перадаецца праз заяву, на якім у графе «назва» трэба пазначыць «лекі». Калі ў чалавека ёсць нейкае захворванне, якое патрабуе піць лекі па рацэпту, то гэты рацэпт або яго копію абавязкова трэба передаць з перадачай. Звычайныя лекі распакоўваць не трэба і лепш перадаваць з інструкцыяй. Іх трэба пакласці ў празрысты пакет і абавязкова дадаць запіску з прозвішчам, імем, імем па бацьку і датай народзінаў затрыманага. Лекі адразу да арыштантаў не трапляюць — іх выдае фельчар Акрэсціна. Калі арыштанту трэба перадаць акуляры, лінзы і раствор да іх, то лепш мець пры сабе выпіску з медыцынскай карткі ці прызначэнне лекара на выпадак, калі папросяць даказаць патрэбу. З таблетак перадаваць можна аспірын, парацэтамол, антыбіётыкі, ібупрафен, лекі ад горла і кашлю, а таксама ад ціску і г.д. Варта памятаць, што ў камерах сядзяць шмат людзей, якім таксама могуць спатрэбіцца лекі, таму перадавайце як мага больш.

🔹Цяпер перадачу магчыма атрымаць, калі на затрыманага складаюць новы пратакол. Пасля «вызвалення» некаторых вязуць у РУУС, каб скласці новы пратакол і зноў адправіць на «суткі». На гэты час ім аддаюць усе рэчы і нават перадачы. Таму ў чалавека ёсць магчымасць трапіць у камеру з цёплымі рэчамі, ежай і сродкамі гігіены на «другі заезд». Вось як гэта апісвае былы арыштант:

«Тым не менш, сваякам ёсць сэнс перадаваць перадачу хоць бы адзін раз з неабходным адзеннем, невялікай колькасцю печыва, сухафруктаў і вады, сродкамі гігіены і наборам лекаў, бо калі чалавека павязуць афармляць на паўторны тэрмін, то ў яго будзе магчымасць пераапрануцца і паесці (у РУУС ніхто нікога карміць не будзе), а бутэльку з вадой можна будзе ўзяць з сабой – гэта досыць каштоўны прадмет, як бы смешна гэта не гучала».

🔹Акрамя гэтага, неабходна перадаваць цёплыя рэчы, якія «можна выкарыстоўваць у якасці матрацаў ці падушак», бо нары складаюцца з металічных рэек, размешчаных уздоўж і папярок, якія ўтвараюць дзіркі памерам 10*25 сантыметраў прыблізна. Таму ні сядзець, ні ляжаць на іх немагчыма, а на целе ад іх застаюцца сінякі.
‼️Актывіста руху “За Свабоду” арыштавалі на 7 сутак за рэпост з Бе*сата

Праваабаронцам стала вядома, што сёння ў судзе Полацкага раёна прайшоў суд над 43-гадовым актывістам руху “За Свабоду” Аляксеям Панамаровым. Пратакол на яго склалі па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

⚖️Згодна с пратаколам, Аляксей на сваёй старонцы «Вконтакте» зрабіў рэпост са старонцы канала Бе*сат, які быў прызнаны «экстрэмісцкім». Суд прызнаў Панамарова вінаватым і пакараў яго 7-сутачным арыштам.
⚡️⚡️Палітзняволеных мужа і жонку восьмы раз запар пакаралі суткамі. Суддзя падчас суда парушыла прэзумпцыю невінаватасці і сама шукала доказы віны

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч павінны былі выйсці на волю 22 і 23 кастрычніка пасля амаль 100 сутак на Акрэсціна. Сёння над імі прайшлі чарговыя суды па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). У Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адзін адному навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

21 кастрычніка справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Таццяна Шоцік. Не ўлічыўшы ўсе памылкі ў матэрыялах справы, суддзя зноў арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 сутак кожнага. Муж і жонка агулам правядуць на Акрэсціна 112 і 111 сутак адпаведна. Негледзячы на тое, што яны амаль чатыры месяц будуць за кратамі ў нечалавечых умовах, ім прыйдзецца сплаціць вялізарныя грошы за харчаванне ў ЦІПе. Калі адзін дзень на Акрэсціна каштуе 14 рублёў і 50 капеек, то кожны з іх мусіць выплаціць больш за 1 600 рублёў.

🔺Як суддзя парушыла прэзумпцыю невінаватасці і якія памылкі былі ў матэрыялах справы чытайце па спасылцы.
❗️Былую студэнтку БДУ другі раз запар пакаралі суткамі. Яе затрымалі пасля спробы патрапіць на абскарджванне па «справе студэнтаў»

20-гадовую Соф’ю Маргунову затрымалі яшчэ 5 кастрычніка пасля спробы патрапіць на разгляд апеляцыйнай скаргі па «справе студэнтаў» у Мінгарсудзе. На суд яе не пусцілі, а праз некаторы час Соф’я перастала выходзіць на сувязь. На наступны дзень суддзя Фрунзенскага раёна Марыя Ярохіна арыштавала дзяўчыну па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак. Учора Маргунова на волю так і не выйшла — на яе склалі новы пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

21 кастрычніка справу Соф’і разглядзела суддзя Таццяна Полулех. Дзяўчыну абвінавацілі ў тым, што падчас «прафілактычнай гутаркі» каля 11:00 у «машыне па дорозе ў Фрунзенскі РУУС паводзіла сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычала, нецэнзурна лаялася, на заўвагі не рэагавала, выбіла з рук Загора тэчку з дакументамі». Згодна з паказаннямі міліцыянта, Маргунову сустрэлі раніцай на выхадзе з ЦІПа, каб правесці гутарку наконт удзела дзяўчыны ў несанкцыянаваных мерапрыемствах. Але віну сваю дзяўчына адмаўляе. Па яе словах, з моманту, калі яе павінны былі вызваліць пасля арышту і да 20:00 яна знаходзілася ў ЦІПе на Акрэсціна, таму фізічна не магла «хуліганіць» раніцай у машыне. Гэта маглі пацвердзіць відэакамеры на Акрэсціна, але суддзя Полулех адхіліла хадайніцтва Соф’і. Акрамя гэтага Маргунова паведаміла, што ў РУУСе ў пратаколе апытання яна прызнала віну, бо ёй «сказалі так напісаць». Вынікам стаў чарговы 15-сутачны арышт. Агулам Маргунова правядзе на Акрэсціна 30 сутак.

📍Раней дзяўчыну затрымлівалі ў сакавіку на канферэнцыі незалежных студэнцкіх прафсаюзаў, які прайшоў у бізнэс-клубе «Імагуру». Тады Соф’я адбыла 15-сутачны арышт на Акрэсціна.
❗️За пікет з плакатам «Остановите нелегальную миграцию» мужчыну арыштавалі на 15 сутак

20 кастрычніка 35-гадовага Віктара Яныша затрымалі за адзіночны пікет з плакатам «Остановите нелегальную миграцию/Stop illegal migration» насупраць Міністра замежных спраў Беларусі. Міліцыянты гэта расцанілі як «несанкцыянаванае пікетаванне з мэтай выказвання свайго пратэсту па факце нязгоды з міграцыйнай палітыкай Беларусі, падчас якога знаходзіўся па адрасе вуліца Леніна, 28 і трымаў у руках ліст з надпісам “Остановите нелегальную миграцию“».

Віктар пагадзіўся, што парушыў Закон аб масавых мерапрыемствах, але ўдакладніў, што гэта не было звязана з міграцыйнай палітыкай краіны. На судзе ён растлумачыў, што стаў сведкай таго, як мігрант збіраўся нелегальна перасекчы мяжу, на што органы ўлады пасля скаргі Віктара ніяк не адрэагавалі. Гэта абурыла мужчыну, таму ён вырашыў выйсці з пікетам.

⚖️22 кастрычніка суддзя Ленінскага раёна Юлія Шут асудзіла Яныша па арт. 24.23 КаАП на 15 сутак арышту.
❗️«Машына лічыцца ва ўгоне». Мінчука спынілі супрацоўнікі ДАІ, але асудзілі за пікетаванне БЧБ-налепкай

У судзе Кастрычніцкага раёна 22 кастрычніка разглядзелі справу 30-гадовага Андрэя Фалюка. Днём раней машыну мінчука спынілі супрацоўнікі ДАІ на падставе таго, што нібыта яго «машына лічыцца ва ўгоне». Андрэю прапанавалі праехаць з імі, каб гэта праверыць. Але ў РУУСе мужчыне сказалі, што затрымліваюць яго за БЧБ-налепку з гербам Пагоня на шкле машыны. За «несанкцыянаванае пікетаванне» на Андрэя склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.

⚖️Па словах Фалюка, налепку ён размясціў яшчэ ў 2018 годзе і зараз яна не звязана з яго палітычнымі поглядамі. У выніку, суддзя Алена Жывіца прызнала Андрэя вінаватым і пакарала 15-сутачным арыштам.
‼️45 сутак запар: былога інжынера «Атланта», якога звольнілі адразу пасля затрымання, ужо тройчы асудзілі за «непадпарадкаванне міліцыянтам»

44-гадовы інжынер-канструктар Дзяніс Гараймовіч да свайго затрымання працаваў на заводзе «Атлант». 23 верасня, па словах Дзяніса, «падчас працы служба бяспекі завода наўпрост перадала яго супрацоўнікам КДБ». Дома ў мужчыны праводзілі ператрус каля двух гадзін. Звольнілі яго ў той жа дзень.

Першы суд на Дзянісам прайшоў 24 верасня ў судзе Цэнтральнага раёна. Яго абвінавацілі ў «непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі на тэрыторыі Цэнтральнага РУУСа», за што склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП. Згодна з паказаннямі сведкі, затрымалі мужчыну «па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых мерапрыемствах», але Дзяніс нібыта адмовіўся выйсці з машыны, упіраўся, чапляўся за адзенне. Гараймовіч не прызнаў віну і сцвярджаў, што ў РУУС заходзіў з супрацоўнікам КГБ, які праводзіў допыт. Суддзя Дзмітрый Карсюк адхіліў хадайніцтва Дзяніса аб выкліку сведак і праглядзе відэа з камер назірання ў РУУСе. Вынікам тады стаў 15-сутачны арышт, пасля якога мужчына на волю так і не выйшаў — на яго зноў склалі пратакол па арт. 24.3 КаАП. Суддзя Карсюк зноў прызнаў Гараймовіча вінаватым і арыштаваў на чарговыя 15 сутак.

25 кастрычніка ў Цэнтральным судзе прайшоў трэці суд над інжынерам. На гэты раз справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Па словах міліцыянта на судзе, Дзмітрыя з ЦІПа на Акрэсціна павезлі зноў у РУУС, бо яго «падазравалі ў захоўванні экстрэмісцкіх матэрыялаў». На тэрыторыі ўпраўлення ён ужо трэці раз аказаў непадпарадкаванне міліцыянтам, адмовіўшыся прасці ў будынак. Сам Дзяніс кажа, што калі яго вывелі з камеры на Акрэсціна, яго сустрэлі невядомыя мужчына і жанчына, каб адвезці ў РУУС. Яму надзелі кайданкі і пасадзілі ў прыватны аўтамабіль. Па прыбыцці ў РУУС яму нават дазволілі папаліць і знялі кайданкі. Таму Дзяніс адмаўляе сваю віну, бо ён добраахвотна прайшоў за міліцыянтамі. У выніку, судзя Шабуня зноў пакарала Гараймовіча 15-сутачным арыштам.

⚖️Агулам Дзяніс правядзе за кратамі 45 сутак.
⚡️Арыштаваных гамельчукоў пачалі судзіць яшчэ ўчора. Суд на студэнткай ГДУ працягваўся 3 хвіліны

У Гомелі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек. Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць) нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.

Праваабаронцам стала вядома, што судзіць затрыманых пачалі яшчэ ўчора. Праз чатыры гадзіны пасля затрымання ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Змітровіч. Дзяўчына — дачка светлагорскіх актывістаў Вячаслава і Зоі Змітровічаў. Каля 11:30 25 кастрычніка Яніну затрымалі каля школы, дзе яна працуе. Яніну ў машыне каля ўвахода чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу і АМАПу. Яны падыйшлі да яе і прапанавалі праехаць з імі, как даць паказанні ў якасці сведкі. Але дзяўчына папрасіла даслаць ёй позву. Пасля гэтага дзяўчыну схапілі і заштурхалі ў машыну, адабралі тэлефон і запатрабавалі пароль. Пад пагрозамі гвалту Яніна была вымушана яго даць. У выніку, Змітровіч адвезлі ў апорны пункт Навабеліцкага раёна.

⚖️У 14:07 бацькам прыйшло паведамленне з невядомага нумару: «Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе навабеліцкага раёна». Толькі ў судзе бацькам ўдалося пабачыць дачку. Там яны даведаліся, што затрымалі яе за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. На судовае паседжанне бацькоў не пусцілі. Суддзя Аляксандр Зінчук, па словах бацькоў, разглядзеў справу Яніны за тры хвіліны. Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай і арыштаваў яе на 15 сутак. Пасля суда Яніну адвялі ў апорны пункт, а праз дзве гадзіны адвезлі ў АУС навабеліцкага раёна. Свой арышт дзяўчына будзе адбываць ў гомельскім ІЧУ.
‼️«Пікетаваў БЧБ-бранзалетамі ў кафэ “Культура“». Мінчука затрымалі ў кавярні, а потым арыштавалі на 15 сутак

У судзе Першамайскага раёна 28 кастрычніка разглядзелі справу 27-гадовага Арцемія Нікіценкі. Справу вяла суддзя Анастасія Кулік. Згодна з пратаколам па арт. 24.23 КаАП, Нікіценка «27 кастрычніка каля 13:35 у кафэ «Культура» з мэтай выказвання свайго негатыўнага стаўлення да дзейнай улады правёў пікетаванне, прадэманстраваўшы БЧБ-бранзалеты на руках з надпісам “Жыве Беларусь“».

У сваіх паказаннях Арцемій распавёў, што а 12 сустрэўся з сяброўкай на каву. На левай руцэ ў хлопца былі два бранзалета, а на правай — адзін. Па яго словах, намеру пікетаваць не было, а бранзалет вылез з-пад адзення, калі ён выцягнуў руку. Гэта заўважыў нехта з прысутных у кафэ і выклікаў міліцыю. На месца "правапарушэння" прыехалі тры супрацоўнікі міліцыі ў бронекамізэльках. Хлопец адзначыў, што БЧБ-бранзалеты набыў яшчэ падчас прадвыбарчай кампаніі ў Беларусі. Ён быў здзіўлены, што міліцыянты могуць забраць чалавека наўпрост за бранзалеты, нават калі ён не выкрыкваў ніякіх лозунгаў і не быў на маршы.

Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што яны з калегам зайшлі ў кавярню, дзе асабіста заўважылі «пікетаванне». Міліцыянт сцвярджаў, што «бранзалеты былі выстаўленыя на ўсеагульны агляд», таму яны затрымалі Арцемія, адвезлі ў РУУС і склалі пратакол. Ён сцвярджаў, што затрымлівалі Нікіценку ўдваіх, а колькі людзей было ў кавярні не памятае. Але справа ў тым, што ў «Культуры» стаіць толькі тры сталы, але міліцыянт гэта ўспомніць не змог.

⚖️У выніку, суддзя Кулік палічыла віну Арцемія даказанай і арыштавала яго на 15 сутак.
🚗Мінчука асудзілі да 15 сутак за БЧБ-стужку на люстэрку ў машыне

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска да 15 сутак па ч. 1 арт. 24.23 КаАП асудзілі 45-гадовага індывідуальнага прадпрымальніка Вадзіма Сарафанава.

Мужчыну затрымалі ўчора днём на вуліцы Адзінцова. Згодна з пратаколам, Сарафанаў, «у неўстаноўлены перыяд часу з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў правёў несанкцыянаванае пікетаванне шляхам размяшчэння на люстэрку задняга віду ў аўтамабілі Land Rover стужачкі бел-чырвона-белай расфарбоўкі».

Па матэрыялах справы, супрацоўнікі міліцыі выявілі стужачкі ў машыне яшчэ 19 кастрычніка, але затрымалі мужчыну толькі праз дзевяць дзён.

На судзе Вадзім Сарафанаў растлумачыў, што стужку павесіў у сваёй машыне яшчэ ў 2011 годзе, адразу пасля таго, як набыў аўтамабіль. Стужачку яму падарыла ягоная бабуля разам з абразамі. Па словах мужчыны, «БЧБ-стужка – гэта больш хрысціянскі знак, чым палітычны» і «думак палітычна яе выкарыстоўваць» у яго не было.

«Усе нашы святары носяць на расе такія ж адрозненні. І вісела яна ў мяне ў машыне разам з двума старымі абразамі, якія падарыла бабуля».

⚖️Але для суддзі Марыі Ярохінай гэтыя довады апынуліся непераканаўчымі: яна расцаніла стужкі ў машыне як несанкцыянаванае пікетаванне і арыштавала мінчука на 15 сутак.
🌳Мінчанку арыштавалі на 13 сутак за БЧБ-стужачкі на дрэвах

Учора ў судзе Заводскага раёна да 13 сутак арышту па ч. 1 арт. 24.23 КаАП асудзілі 51-гадовую Таццяну Аляшкевіч. Яе абвінавацілі ў пікетаванні «шляхам размяшчэння бел-чырвона-белых стужках на дрэвах» па вуліцы Герасіменкі 21А ў Мінску.

Віну жанчына не прызнала. На судзе яна распавяла, што 27 кастрычніка выйшла на шпацыр, сустрэла сваю сяброўку. Падчас шпацыру яны знайшлі заплечнік, у якім былі БЧБ-стужачкі. З цікаўнасці Таццяна закінула стужачку на дрэва і з сяброўкай пайшлі далей, вырашаючы, куды падзець заплечнік. Па словах жанчыны, у гэты час іх спыніў хлопец, які прадставіўся супрацоўнікам і выклікаў міліцыю. Таццяну з сяброўкай затрымалі і даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

На судзе супрацоўнік міліцыі, які выступаў як сведка, блытаўся ў паказаннях: спачатку казаў, што стужачкі закідвалі па вуліцы Байкальскай, пасля абеду сказаў, што ўсё ж такі — па вуліцы Герасіменкі.

⚖️Нягледзячы на супярэчлівыя паказанні сведкі, суддзя Алена Някрасава асудзіла Таццяну Аляшкевіч да 13 сутак арышту.
Справу берасцейскай актывісткі Алены Гнаўк зноў адправілі на дапрацоўку

На Алену Гнаўк яшчэ 26 красавіка міліцыянты скалі пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Як сама распавядала Алена, справа тычылася дэманстрацыі экстрэмісцкай літаратуры на судовым працэсе па «справе карагодаў» у Брэсце, на якім Гнаўк сама выступала абвінавачанай і была асуджана да двух гадоў "хатняй хіміі". 20 жніўня суд ужо вяртаў пратакол на дапрацоўку.

26 кастрычніка справа вярнулася ў суд. Але суддзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Куроўскі (які раней асудзіў Гнаўк да трох гадоў "хатняй хіміі" за абразу прэзідэнта) зноў адправіў адміністрацыйны пратакол на дапрацоўку. Адна з прычынаў — "у пратаколе не пазначана мэта захоўвання экстрэмісцкай літаратуры".
👩🏻‍⚖️ За непадпарадкаванне міліцыі хлопца асудзілі да штрафу (!) у 50 базавых велічынь

У судзе Цэнтральнага раёна 1 лістапада адбыўся суд над Раманам Сербантовічам. Яго вінавацілі ў непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі па арт. 23.4 КаАП.

Міліцыянты “забіралі” хлопца ўвечары 29 кастрычніка з вул. Рэвалюцыйнай, 3 (там знаходзіцца ГУБАЗіК) і абвінавацілі ў тым, што Раман адмовіўся прайсці ў РУУС Цэнтральнага раёна, упіраўся, хапаўся за форменую вопратку супрацоўнікаў.

Сербатовіч віну прызнаў.

Сведка Александровіч у судзе сказаў, што Сербантовіч быў затрыманы па ўказаным адрасе нібыта па падазрэнні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, быў дастаўлены ў РУУС, дзе адмовіўся прайсці для разбіральніцтва, пачаў упірацца.

⚖️ У выніку, суддзя Вікторыя Шабуня пастанавіла аштрафаваць Рамана Сербатовіча на 50 базавых велічынь (1450 рублёў) і вызваліць яго з-пад варты.
⚡️Аляксандра Лойку арыштавалі на 15 сутак

Сёння ў судзе Першамайскага раёна па ч. 2 арт. 19.11 КаАП судзяць прадстаўніцу «Белсата» Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку. Мужчыну абвінавацілі ў рэпостах (захоўванні) на старонках у Facebook трох артыкулаў з «Белсата» 2017, 2018, 2019 гады, матэрыялы якога цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Аляксандр Лойка распавёў падчас, што іх з жонкай затрымалі 30 кастрычніка на пашпартным кантролі ў 3:15, закавалі ў кайданкі і нават не далі забраць багаж. Да суда ён быў у камеры на Акрэсціна ў двухмеснай камеры, дзе агулам знаходзіцца 10 чалавек. Вядома, спальных месцаў не хапае, таму яму даводзіцца спаць на падлозе. Аляксандр распавёў на працэсе, што яго прасілі запісаць "пакаяльнае відэа".

Суддзя Максім Трусевіч арыштаваў мужчыну на 15 сутак.

Цяпер чакаецца суд над Ірынай Слаўнікавай.
"Вясна" назірае
⚡️Аляксандра Лойку арыштавалі на 15 сутак Сёння ў судзе Першамайскага раёна па ч. 2 арт. 19.11 КаАП судзяць прадстаўніцу «Белсата» Ірыну Слаўнікаву і яе мужа Аляксандра Лойку. Мужчыну абвінавацілі ў рэпостах (захоўванні) на старонках у Facebook трох артыкулаў…
⚡️Ірыну Слаўнікаву таксама асудзілі да 15 сутак.

На працэсе Ірыны стала вядома, што затрымлівалі іх супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Яе абвінавацілі ў захоўванні эсктрэмісцкіх матэрыялаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: артыкулы "Белсат" і "Люстэркі". Усе матэрыялы былі размешчаны да прызнання матэрыялаў экстрэмісцкімі. Арыштаваў прадстаўніцу "Белсата" ў Беларусі таксама суддзя Трусевіч.