Дзікая прырода побач
2.85K subscribers
2.53K photos
195 videos
2 files
1.26K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
Download Telegram
Media is too big
VIEW IN TELEGRAM
Травень – час салаўіных канцэртаў.

🐦 Салаўя складана ўбачыць, затое лёгка пачуць. Птушка знешне “шэранькая”, зусім непрыкметная, да таго ж хаваецца сярод густой лістоты. А вось спевы яго гучныя і вельмі прыгожыя.

Салавей лічыцца найлепшым спеваком сярод нашых птушак. Яго песня складаецца з серыі флейтавых, шчаўчкоў і траскучых гукаў.

🎶 Пачуць салаўя можна з пачатку траўня і да сярэдзіны чэрвеня. Ён спявае вечарам і ноччу. Зараз у траўні ягоныя спевы можна пачуць і днём.

Каб паслухаць салаўя, адпраўляйся ў бліжэйшы парк, сквер, пажадана, каб побач быў вадаём. Шукай вільготныя месцы з густымі зараснікамі. 🌿

А ты ўжо чуў_ла сёлета пошчак салаўя?

🎥 Дзякуем за відэа Уладзіміру Бондару.

#галасыптушак
🐣 Хтосьці з нашых птушак можа адкласці 26 яек, а хтосьці толькі адно.

Як жа выглядаюць яйкі дзікіх птушак? Якіх незвычайных форм і колераў яны бываюць? Ад чаго залежыць колер шкарлупіны? У каго з птушак самыя вялікія яйкі, а ў каго самыя маленькія?

👉 Пра асаблівасці яек дзікіх беларускіх птушак расказвае Аляксандр Вінчэўскі для нашага са @Smartpress праекта "Дзікая прырода Беларусі".

Глядзі інтэрв'ю тут!

📷 Дзякуем за фота Ірыне Любчык, @ptushkafota
Цікавішся дзікай прыродай і хочаш дапамагчы прыродаахоўнікам?

📆 Ужо 8-га траўня стартуе платны адукацыйны курс “Грамадская навука” ад праекта Крылы.by.

Шмат людзей без спецыяльнай адукацыі цікавяцца дзікай прыродай і добра разбіраюцца ў відах жывёл і раслін. І гэтыя веды могуць дапамагчы захаваць дзікую прыроду.

Такую дапамогу грамадства навуцы назвалі сitizen science - народная навука, або яшчэ - грамадзянская/грамадская навука.

Ты таксама можаш стаць навуковым валанцёрам. Народнай навукай можна займацца самастойна, а можна далучацца да розных праектаў ці даследаванняў. А як гэта зрабіць, ты даведаешся з курса “Грамадская навука”.

На курсе 8 заняткаў, і вось што там будзе:

🔹 Прыклады актыўнага ўдзелу навуковых валанцёраў з розных краін свету.
🔹 Актуальныя напрамкі па вывучэнні жывёл ці раслін і як выбраць адпаведны.
🔹 Пра даследаванні, у якіх ты зможаш узяць удзел ужо сёлета.
🔹 Кантакты навукоўцаў Беларусі, з якімі ты можаш пракансультавацца па цікавай табе тэме.
🔹 Карысныя інтэрнэт-рэсурсы і мабільныя праграмы для навуковых валанцёраў.

🐦 А яшчэ з курса ты даведаешся пра методыкі ўлікаў розных груп птушак.

👉 Запісвайся! Усе падрабязнасці па спасылцы https://kryly.by/metodika

📷 Фота: Ляткоўскі Мацвей, @ptushkafota.
🐥 Пачаўся сезон подлеткаў.

Маленькія птушаняты вучацца лётаць – не забірай іх дадому! 🙅‍♀️

🙌 Захавай сабе памятку, зрабі рэпост, раскажы сябрам, каб як мага больш людзей ведалі, што рабіць і чаго не трэба рабіць, калі знайшлі птушаня.

📷 На фота подлетак дразда-спявуна, аўтар Іна Шкурко.
⚡️ Адразу некалькі крутых птушыных рэгістрацый на мінулым тыдні. Усе тры віды адносяцца да выпадкова залётных.

🐦 Беларусь наведала каравайка. Гэтага невялікага каштанавага колеру ібіса сфатаграфаваў 30 красавіка арнітолаг Віктар Натыканец у заказніку “Тураўскі луг” у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці.

Каравайкі залятаюць у Беларусь раз у 5-10 гадоў. Найбліжэйшыя месцы гнездавання знаходзяцца ў Паўднёвай Украіне.

🐦 Горную гусь заўважылі птушкары Дзмітрый і Кацярына Гушча 4 траўня на Вілейскім вадасховішчы. Вялікая гусіная чарада адпачывала амаль на сярэдзіне штучнага возера і птушкары нарабілі сотні здымкаў. Разгледзець яе на вялікай адлегласці яшчэ і сярод іншых гусей было цяжка і знайшлі яе на фатаграфіях ужо ў хаце.

Горная гусь – высакагорны від, распаўсюджаны ў Цэнтральнай Азіі, а ў Еўропу гэты від інтрадуцыраваны чалавекам. Так як птушкі зараз добра размнажаюцца ў Еўропе, то від унесены ў спіс фаўны Еўропы. Для Беларусі гэта другая рэгістрацыя, першая была ў 2014 годзе.

🐦 Яшчэ адзін горны від – горную пліску – адзначыла Вера Ігнацюк 5 траўня ў Брэсцкім раёне каля а/г Медна. Від гняздуецца ў горах Еўропы. Цікава, што горная пліска была адзначана ў гэтым самым месцы два гады назад.

А ты часта выбіраешся на прыроду паназіраць за птушкамі? Уважліва прыглядайся вакол, бо можна заўважыць сапраўдную рэдкасць. 😉

📷 На фота: каравайка ў заказніку “Тураўскі луг”, аўтар Віктар Натыканец; горная гусь на Вілейскім вадасховішчы (паспрабуй знайсці яе на фота!), аўтары Дзмітрый і Кацярына Гушча; горная гусь (ілюстрацыйнае), аўтар Imran Shah, CC BY-SA 2.0, Wikimedia Commons; горная пліска каля а/г Медна, аўтар Яўген Місіюк.
А ты можаш кантраляваць свае жаданні? Вось варона можа!

Птушка года: факт № 14 з 15.

#Дзікіфакт: Вароны ўмеюць кантраляваць свае жаданні. Эксперымент паказаў, што ручныя вароны чакалі і не з'ядалі атрыманы пачастунак, калі ім было абяцана ў абмен нешта смачнейшае пазней.

👉 Больш цікавых фактаў пра шэрую варону чытай па хэштэгу #птушка2024года.

Дзяліся сваімі назіраннямі цікавых паводзінаў шэрых варон у Тэлеграм-чаце “Птушка года” @ptushkahoda

📷 Дзякуем за фота Таццяне Алешка 🙌
💚 Яшчэ ў адной дзікай тэрыторыі (#7 з 17) ёсць добры шанс на лепшае захаванне.

Гэта будучы заказнік рэспубліканскага ўзроўню “Габы” плошчай каля 5530 га. Ён будзе створаны на базе двух заказнікаў мясцовага значэння – “Габы” (Мядзельскі раён Мінскай вобласці) і “Віржы” (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці).

🌿💧 Гэта каштоўны лесабалотны комплекс, які мае статус аб’екта смарагдавай сеткі Савета Еўропы. Тут шмат адкрытых хмызнякова-падвейна-сфагнавых балот. Сустракаюцца і дыстрофныя азёры. Па перыферыі верхавыя балоты змяняюцца пераходнымі травяна-сфагнавымі балотамі і забалочанымі сасновымі і бярозавымі лясамі. Плошча ахоўных біятопаў тут перавышае 60% тэрыторыі.

На гэтай тэрыторыі ёсць “чырванакніжныя” віды раслін і птушак – марошка, журавіны дробнаплодныя, вярба чарнічная, арол-вужаед (змееяд), шэры журавель, жоўтагаловы дзяцел (трёхпалый дятел).

🤲 Забяспечыць лепшую ахову гэтай тэрыторыі стала магчыма дзякуючы працы экспертаў ТАА “Дзікая прырода” і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Будучы заказнік ужо ўзгоднены з мясцовымі ўладамі і землекарыстальнікамі.

Пра другія каштоўныя тэрыторыі, у якіх з’явіўся шанс на павышэнне свайго прыродаахоўнага статусу, раскажам у наступных допісах.

🦡 Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды Беларусі? Далучайся да “Дзікага клуба”. Увесь прыбытак мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

Аб нашай прыродаахоўнай працы чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі.

📷 На фота: жоўтагаловы дзяцел, аўтар Валер Пясецкі; арол-вужаед, аўтар Аксана Суботка; марошка, аўтар Arnstein Rønning, CC BY-SA 4.0, Wikimedia Commons; балота ў заказніку Габы, з сайта Мінпрыроды.

На малюнку: схема будучага заказніка.
🐦 Сёння – Сусветны дзень пералётных птушак.

Пералётныя птушкі двойчы на год пераадольваюць тысячы кіламетраў падчас міграцыі да месцаў зімоўкі і назад да месцаў гнездавання. Такія вандроўкі нялёгкія і энергазатратныя.

Мноства штучных і натуральных выпрабаванняў падсцерагае птушак падчас міграцыі:

🔹Мільёны птушак гінуць ад сутыкнення з шыбамі будынкаў.

🔹Многія птушкі страчваюць месцы адпачынку і харчавання, бо гэтыя тэрыторыі асушаюць, забудоўваюць або забруджваюць.

🔹Мільёны птушак становяцца ахвярамі паляўнічых ці браканьераў.

🔹Бадзяжныя каты і каты на самавыгуле штогод забіваюць мільёны птушак.

🔹Птушкі гінуць ад драпежнікаў і інфекцыйных хвароб, такіх як птушыны грып.

🔹Разгул стыхіі можа забіваць птушак, а светлавое забруджванне збівае іх з маршруту.

🔹Птушкі гінуць падчас пералёту Сахары, Міжземнага і Чорнага мора.

Еўрапейскія вучоныя выявілі, што 54 адсоткі са 121 віду птушак далёкіх мігрантаў скарацілі папуляцыі ці нават вымерлі з 1970 года.

🤲 Каб захаваць для нашчадкаў птушак, трэба выяўляць і ахоўваць важныя для іх тэрыторыі, памяншаць антрапагенны ціск і дапамагаць ім спраўляцца з натуральнымі праблемамі.

📷 На фота змешаная чарада дзікіх гусей падчас міграцыі, аўтар Іна Субоціна, @ptushkafota