Дзікая прырода побач
2.88K subscribers
2.43K photos
185 videos
1 file
1.23K links
ТАА "Дзікая прырода" 🌳🐺🐤

🌿 Навіны дзікай прыроды і птушкавання
🦡 Барсук Ясь запрашае цябе ў "Дзікі клуб"
🤲 Наш прыбытак ідзе на ахову дзікай прыроды Беларусі

Людзі - для дзікай прыроды, дзікая прырода - для людзей!
Download Telegram
💚 Яшчэ ў адной дзікай тэрыторыі (#7 з 17) ёсць добры шанс на лепшае захаванне.

Гэта будучы заказнік рэспубліканскага ўзроўню “Габы” плошчай каля 5530 га. Ён будзе створаны на базе двух заказнікаў мясцовага значэння – “Габы” (Мядзельскі раён Мінскай вобласці) і “Віржы” (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці).

🌿💧 Гэта каштоўны лесабалотны комплекс, які мае статус аб’екта смарагдавай сеткі Савета Еўропы. Тут шмат адкрытых хмызнякова-падвейна-сфагнавых балот. Сустракаюцца і дыстрофныя азёры. Па перыферыі верхавыя балоты змяняюцца пераходнымі травяна-сфагнавымі балотамі і забалочанымі сасновымі і бярозавымі лясамі. Плошча ахоўных біятопаў тут перавышае 60% тэрыторыі.

На гэтай тэрыторыі ёсць “чырванакніжныя” віды раслін і птушак – марошка, журавіны дробнаплодныя, вярба чарнічная, арол-вужаед (змееяд), шэры журавель, жоўтагаловы дзяцел (трёхпалый дятел).

🤲 Забяспечыць лепшую ахову гэтай тэрыторыі стала магчыма дзякуючы працы экспертаў ТАА “Дзікая прырода” і НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Будучы заказнік ужо ўзгоднены з мясцовымі ўладамі і землекарыстальнікамі.

Пра другія каштоўныя тэрыторыі, у якіх з’явіўся шанс на павышэнне свайго прыродаахоўнага статусу, раскажам у наступных допісах.

🦡 Хочаш падтрымаць ахову дзікай прыроды Беларусі? Далучайся да “Дзікага клуба”. Увесь прыбытак мы накіроўваем на прыродаахоўныя мэты.

Аб нашай прыродаахоўнай працы чытай па хэштэгу #ДзікіяЭкспедыцыі.

📷 На фота: жоўтагаловы дзяцел, аўтар Валер Пясецкі; арол-вужаед, аўтар Аксана Суботка; марошка, аўтар Arnstein Rønning, CC BY-SA 4.0, Wikimedia Commons; балота ў заказніку Габы, з сайта Мінпрыроды.

На малюнку: схема будучага заказніка.
🐦 Сёння – Сусветны дзень пералётных птушак.

Пералётныя птушкі двойчы на год пераадольваюць тысячы кіламетраў падчас міграцыі да месцаў зімоўкі і назад да месцаў гнездавання. Такія вандроўкі нялёгкія і энергазатратныя.

Мноства штучных і натуральных выпрабаванняў падсцерагае птушак падчас міграцыі:

🔹Мільёны птушак гінуць ад сутыкнення з шыбамі будынкаў.

🔹Многія птушкі страчваюць месцы адпачынку і харчавання, бо гэтыя тэрыторыі асушаюць, забудоўваюць або забруджваюць.

🔹Мільёны птушак становяцца ахвярамі паляўнічых ці браканьераў.

🔹Бадзяжныя каты і каты на самавыгуле штогод забіваюць мільёны птушак.

🔹Птушкі гінуць ад драпежнікаў і інфекцыйных хвароб, такіх як птушыны грып.

🔹Разгул стыхіі можа забіваць птушак, а светлавое забруджванне збівае іх з маршруту.

🔹Птушкі гінуць падчас пералёту Сахары, Міжземнага і Чорнага мора.

Еўрапейскія вучоныя выявілі, што 54 адсоткі са 121 віду птушак далёкіх мігрантаў скарацілі папуляцыі ці нават вымерлі з 1970 года.

🤲 Каб захаваць для нашчадкаў птушак, трэба выяўляць і ахоўваць важныя для іх тэрыторыі, памяншаць антрапагенны ціск і дапамагаць ім спраўляцца з натуральнымі праблемамі.

📷 На фота змешаная чарада дзікіх гусей падчас міграцыі, аўтар Іна Субоціна, @ptushkafota
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Як там справы ў брэсцкіх сокалаў-пустэльг?

🐣 У першым гняздзе вылупілася 6 птушанят. Яны пакуль яшчэ "пухавічкі", але хутка растуць і ўжо не змяшчаюцца пад матуляй. Тата спраўна носіць мышэй, каб пракарміць сваю вялікую сям’ю і дапамагае дзяліць корм паміж птушанятамі.

🥚 У другім гняздзе самачка ўсё яшчэ сядзіць на яйках. Птушаняты павінны пачаць вылупляцца са дня на дзень. І ты можаш паназіраць за гэтым чароўным працэсам у прамым эфіры!

👉 Назірай за сямейным жыццём гэтых прыгожых "чырванакніжных" птушак анлайн.

🎥 На відэа моманты кармлення птушанят у першым гняздзе.
Заўтра, 15 траўня, у Беларусі выйходзяць новыя маркі з зубром! 😍

Гэты велічны волат – сімвал Беларусі. Від уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу.

📍 Заўтра на галоўным паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне аднадзённым штэмпелем з зубром. Для карэспандэнцыі можна выкарыстоўваць адмысловыя канверты "Першага дня" і паштовыя карткі.

Калі на карткі ў гэты дзень наклеіць маркі з боку малюнка і пагасіць адмысловым штэмпелем першага дня – атрымаецца калекцыйны картмаксімум.

Прыходзь набыць маркі ў сваю калекцыю ці адправіць з імі прыгожую картку сябрам! 🤗

💌 Маркі выпусціла Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Над імі працавалі мастак і арнітолаг Аляксандр Міцянін і дызайнерка Марына Віткоўская.
Хочаш паслухаць салаўёў у кампаніі арнітолага? Прыходзь на салаўіны вечар у Мінску!

📆 У гэтую нядзелю, 19 траўня, пойдзем слухаць салаўёў і назіраць за дзікай прыродай. Падчас прагулкі арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі раскажа шмат цікавостак пра птушак. Ты зможаш задаць яму і свае пытанні.

Бяры з сабой бінокль і добры настрой. Будзем рады развіртуаліцца і правесці з табой час на прыродзе! 🤗

Каб трапіць на прагулку, далучайся да “Дзікага клуба”.

Увесь прыбытак мы накіроўваем на ахову дзікай прыроды Беларусі. ❤️

📷 Дзякуем за фота салаўя Denis Denisov, Тэлеграм-чат "Птушкі з фотастужкі".
Чаму вароны атакуюць?

🐦 З сярэдзіны траўня на працягу месяца птушаняты шэрых варон пакідаюць гнёзды. Подлеткі хаваюцца ў траве, а бацькі іх могуць бараніць і паводзіцца агрэсіўна.

Але ты не перажывай. Гэты перыяд у кожнай сям’і цягнецца звычайна некалькі дзён. Як толькі малыя навучацца лётаць, вароны пакінуць гнездавую тэрыторыю. А пакуль лепш за ўсё абыходзіць гэты ўчастак – так будзе спакайней і табе, і Птушцы года.

☝️ Калі няма магчымасці абысці гэты ўчастак, старайся ісці толькі па сцежцы, не заходзячы на траву.

☝️ Калі ты бачыш вараняня, якое яшчэ не лятае, каля самай сцежкі, лепш асцярожна перанясі яго крыху далей на траву. Але май на ўвазе, што яго бацькі могуць накінуцца на цябе. Для бяспекі накінь капюшон або трымай над галавой раскрыты парасон. Адпудзіць варону, якая нападае, можна крыкам. Ні ў якім разе не лаві птушанят, якія ўцякаюць.

Каб людзі не турбавалі варон, якія зараз на стрэсе, і не трапілі пад іх дзюбу, мы падрыхтавалі макеты таблічак. Раздрукуй і павесь іх вакол участка з агрэсіўнымі птушкамі, каб людзі абыходзілі яго, пакуль подлеткі не стануць на крыло. Так робяць у Аўстраліі, дзе птушанят у гарадах агрэсіўна бароняць аўстралійскія сарокі.

Спампаваць макеты можаш на нашым сайце або ў Тэлеграм-чаце “Птушка года” @ptushkahoda

Дарэчы, аднаму з удзельнікаў чату пашанцавала з акна на працы назіраць, як вароны гадуюць птушанят у гняздзе, і ён дзеліцца здымкамі і відэа ў чаце. Залятай паглядзець! 🙂

📷 На фота подлетак шэрай вароны, аўтар Іна Шкурко.

#птушка2024года
This media is not supported in your browser
VIEW IN TELEGRAM
Навіны з дзікіх экспедыцый на поўдні Беларусі! 🤗

Летась нашы спецыялісты шукалі невядомыя месцы з чырванакніжнікамі, якія патрэбна аддаць пад ахову дзяржаве. Але сэнс аддаваць усё новыя і новыя месцы пад ахову ёсць толькі тады, калі ахова эфектыўная. Каб даведацца пра стан ахоўных участкаў з чырванакніжнікамі ў гэтым годзе мы падключыліся да маніторынгу такіх участкаў. Ёсць від – добра, няма – знайсці прычыну і вінаватых і дабіцца пакарання.

У канцы красавіка наш спецыяліст Юрый Янкевіч зрабіў вялікую экспедыцыю ў Іванаўскі, Ганцавіцкі і Пінскі раёны. Амаль 10 дзён ён правёў у лясах і на балотах, правяраючы ахоўныя месцы з чырванакніжнікамі.

🌿 Амаль усе месцы вырастання чырванакніжных раслін, якія правяраў Юрый, пацвердзіліся. Не пацвердзіліся толькі адзінкавыя ўчасткі, якія перадаваліся пад ахову яшчэ ў 1990-х: за гэты час умовы асяроддзя змяніліся і відавы склад раслін таксама.

А вось з жывёламі сітуацыя адваротная: у большасці правераных месцаў тых чырванакніжных відаў, якія некалі там пражывалі, цяпер не было.

Але прырода засталася некранутай, і ў многіх такіх месцах Юрый знайшоў іншыя чырванакніжныя віды. 💚

Частка правераных месцаў знаходзіцца ў межах заказнікаў “Ярута”, “Завіш’е”, “Ізін” у Пінскім раёне, “Обрава” ў Іванаўскім, “Падвялікі мох” у Ганцавіцкім. Для ўсіх іх Юрый знайшоў і новыя ўчасткі з чырванакніжнікамі.

👉 У выніку для некаторых участкаў рэжым аховы павысіцца.

Усяго Юрый праверыў 71 ахоўны участак і выявіў 49 новых месцаў з чырванакніжнікамі.

Мы ўжо расказвалі раней, што цікавага Юрый знайшоў у Іванаўскім раёне. А ў Ганцавіцкім раёне наш спецыяліст знайшоў новую вялікую папуляцую медуніцы вузкалістай са ста раслін. А яшчэ – вялікія ўстойлівыя папуляцыі лілеі кучаравай на астравах шыракалісцевых лясоў. Бачыў на Ганцавіччыне і барадатую кугакаўку, але, на жаль, гнязда знайсці не атрымалася.

Працяг 👇
💧На нізінных балотах Пінскага раёна з самага цікавага – вярба лапландская. У цэлым гэтыя балоты вельмі парадавалі – яны схаваныя глыбока ў лесе і добра захаваліся.

А зараз ён зноў збіраецца ў экспедыцыю. Будзе абследаваць Драгічынскі раён. Большая частка месцаў, якія трэба праверыць – на знакамітым балоце Званцы, яшчэ частка – на Спораўскім. Там ёсць месцы пражывання вяртлявай чаротаўкі, дубальта, расце шмат чырванакніжных раслін. Можа знойдзе і штосьці новае.

🤲 Хочаш падтрымаць важную і нялёгкую справу? Далучайся да “Дзікага клуба” – увесь прыбытак ад яго ідзе на ахову прыроды Беларусі ❤️

#ДзікіяЭкспедыцыі

📷Фота і відэа эксперта Юрыя Янкевіча.
Навінкі ад “Дзікай прыроды” – размалёўкі з птушкамі ад арнітолагаў!

У кожнай размалёўцы – 11 відаў птушак з цікавымі фактамі пра іх на рускай і беларускай мовах, а таксама сакрэт з падказкай на задняй вокладцы. Кожны від займае разварот А3, палова з якога размалявана для прыкладу. Старонкі А4 фармату.

Усе малюнкі натуралістычныя і правераныя арнітолагамі. Ніякага кічу! У невялічкім подпісе да кожнага віду цікавы факт для дзяцей, таксама падабраны арнітолагамі.

🐦 Птушкі ля кармушкі
🐦 Хто ўладарыць у небе?
🐦 Хто жыве на вадзе?

Набывай свой камплект размалёвак проста зараз!

Увесь прыбытак ад іх ідзе на ахову прыроды Беларусі. ❤️

Размалёўкі выйшлі ў серыі “Дзікая прырода побач”. Над імі працавалі мастачка Кацярына Марціновіч, арнітолаг Аляксандр Вінчэўскі і арнітолаг-аматар Сяргей Рэзаў.

☝️ Першы наклад не такі ўжо вялікі, таму не прапусці магчымасць набыць размалёўкі.

👛 Кошт – 30 рублёў за 3 размалёўкі. Кошт паштовай дастаўкі па Беларусі ўключаны. Для ўдзельнікаў “Дзікага клуба” – зніжка.
Незвычайная пара буслоў склалася сёлета ў Беларусі. 😯

Аб змешанай пары чорнага і белага буслоў выпадкова даведаўся нясвіжскі заолаг Сяргей Шакала.

Сяргей назіраў белага бусла на гняздзе, а чорнага – на суседнім слупу. Чорны бусел адлятаў пахарчавацца на бліжэйшае поле сярод тэхнікі і іншых птушак. А калі вярнуўся, прывітаўся з птушкай на гняздзе сіплым голасам, а самачка ў адказ паклекатала дзюбай.

Сяргей Шакала адзначае, што на гэты момант мае толькі здагадкі наконт таго, ці пара гэта. Але чорны бусел трымаецца менавіта каля гэтага гнязда, і са слоў мясцовых нават біўся з белымі бусламі за гэтую бусліху.

🐦 Чорныя і белыя буслы рэдка перасякаюцца ў прыродзе. Чорны бусел вядзе скрытны лад жыцця ў лясах, а белы бусел трымаецца бліжэй да людзей. І змешанае гнездаванне гэтых відаў – рэдкая з’ява, якая здараецца звычайна ў заапарках, дзе няма выбару партнёраў.

Аднак у мінулым годзе адбыліся два выпадкі гнездавання змешаных пар у Германіі і Чэхіі. Цікава будзе даведацца аб выніках гнездавання гэтай пары ў Беларусі. 🙂

📷 Дзякуем за фота Сяргею Шакала.
А ты ведаў_ла, колькі ў Беларусі крумкачовых птушак?

Птушка года: факт № 15 з 15.

🦆 Акрамя шэрай вароны ў Беларусі гняздуюцца іншыя крумкачовыя птушкі: крумкач (ворон), грак, сарока, каўка (галка), сойка, арэхаўка (кедровка).

#дзікіфакт: Крумкач – гэта іншы від птушак, ён не можа стварыць пару з шэрай варонай.

Шукай цікавыя факты пра шэрую варону па хэштэгу #птушка2024года

Далучайся да Тэлеграм-чату "Птушка года". Там зараз адзін з удзельнікаў кожны дзень дзеліцца новымі відэа з гнязда вароны з птушанятамі. Гэта амаль што стрым! Паспей паназіраць за іх сямейным жыццём, пакуль вараняняты не пакінулі гняздо @ptushkahoda

Вызначыш, хто з птушак на якім фота?

📷 Дзякуем за фота Віталю Некрашэвічу, Аляксею Вайцянкову, Іне Шкурко, Валеру Пясецкаму, Аксане Суботка.
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM
Please open Telegram to view this post
VIEW IN TELEGRAM